Актыўная ацэнка ў польскіх школах




Дата канвертавання07.05.2016
Памер74.53 Kb.
Актыўная ацэнка на ўроках матэматыкі

Перад Вамі чарговы артыкул  з серыі “Актыўная ацэнка ў польскіх школах”. Гэтым разам нашай тэмай будзе спецыфіка АА пры выкладанні матэматыкі. Падчас напісання гэтага артыкула я выкарыстоўвала ўражанні і досвед настаўнікаў матэматыкі, якія бралі ўдзел у інтэрнэт-курсах па Актыўнай ацэнцы, арганізаваных Цэнтрам грамадзянскай адукацыі, і пасля мелі магчымасць праверыць назапашаныя веды на практыцы.

Перш-наперш, трэба памятаць пра мэты ўрока. Кожны настаўнік пры падрыхтоўцы да заняткаў паводле методыкі АА павінен адказаць на тры пытанні:

•       навошта мне вучыць дзяцей гэтаму матэрыялу?

•       што вучні ўжо ведаюць на гэтую тэму?

•       як прадставіць вызначаныя мэты вучням?

Выкладанне  матэматыкі – гэта складаная справа, асабліва калі трэба прадставіць вучням мэты ўрока так, каб яны змаглі іх зразумець, бо матэматыка – гэта навука, якая карыстаецца сваёй уласнай, часта незразумелай мовай. З аднаго боку, настаўнік мусіць трымацца прынятых тэрмінаў, а з іншага – умець зразумела прадставіць іх вучням, каб яны не згубілі зацікаўленасці да прадмета. Тэма: пошук значэння цэлага, калі вядомы ягоны  працэнт.

Мэта  настаўніка: вучань умее вызначыць лік  па значэнні яго працэнта. Вучань умее запісаць заданне ў выглядзе раўнання і развязаць яго.

Мэта  для вучня: пасля  гэтага ўрока вы будзеце  ўмець вызначыць значэнне цэлага, калі ў вас ёсць значэнне яго працэнта. Гэта можа спатрэбіцца пры падліку кошту тавара перад ягоным падаражаннем на, скажам, 20%, для таго, каб вылічыць канчатковы кошт тавара з падаткам на дададзеную вартасць, для падліку неабходнай колькасці прадуктаў для здаровага харчавання. Таксама вы зможаце праводзіць гэтыя разлікі ў розуме. Вы навучыцеся запісваць задачы ў выглядзе раўнанняў (па прыкладах з падручніка) і знаходзіць на іх адказы.

Міраслаў Каладзей, Гімназія №1 у Закапанэ

На гэтым  прыкладзе выразна бачна, як важна  зацікавіць вучняў тэмай урока. Настаўнік  матэматыкі мусіць асабліва звяртаць увагу на тое, каб тэма ўрока знаходзіла сваё адлюстраванне ў рэальным жыцці і была звязанай з тым, што вучні ўжо ведаюць.

Вучні таксама мусяць добра ўсведамляць, што яны вывучылі. Для гэтага варта вяртацца да мэтаў урока напрыканцы заняткаў. Чарговая  таямніца, якой варта падзяліцца з вучнямі - гэта крытэрыі ацэнкі, так званае “наштобузу” (“На што я буду звяртаць увагу?”). Трэба дакладна акрэсліць, на што мы будзем зважаць і падчас ўрока, і падчас ацэнкі. Памятаю, як у маёй школе на пытанне “што будзе на кантрольнай?” настаўнік нязменна адказваў: “Усё, што датычыцца гэтай тэмы”.

Паводле методыкі Актыўнай ацэнкі настаўнік мусіць прадстаўляць свае патрабаванні больш канкрэтна. На занятках па матэматыцы зрабіць гэта асабліва складана – мы ж не хочам даваць ім тыя заданні, якія будуць на кантрольнай рабоце. Для нас важна вызначыць, ці вучні разумеюць пэўную праблему і ці ўмеюць яе вырашыць, карыстаючыся набытымі ведамі і ўменнямі. Але мы бачым, што настаўнікі матэматыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць тэхніку “наштобузу” і гэткім чынам паляпшаюць вынікі сваіх вучняў.

Наштобузу” – гэта ўжо сталы элемент маіх урокаў. Кожная тэма мае сваё запісанае “наштобузу” і кожны можа з ім азнаёміцца. А напачатку кожна ўрока я вусна фармулюю “наштобузу” дадзенага дня. Перад кантрольнымі вучні самі вызначаюць “наштобузу”, а я толькі прадстаўляю агляд тэмы. Пасля гэтага  я выбіраю 3-4 крытэрыі, якія найбольш выразна акрэсліваюць, на што мне трэба будзе звярнуць увагу падчас выпрацоўкі заданняў і ацэнкі вучнёўскіх працаў, а насамрэч, “на што вучням трэба будзе звярнуць увагу” пры падрыхтоўцы да кантрольнай.

Бажэна Вайцехоўска, Гімназія ім. Лаўрэатаў Нобелеўскай Прэміі з Польшчы ў Скалмержыцах

“Наштобузу” – гэта дамова паміж настаўнікам  і вучнямі, якой мусяць прытрымлівацца абодва бакі. Толькі тады гэтая тэхніка дае сапраўды добрыя вынікі.

Методыка  Актыўнай ацэнкі размяжоўвае два  тыпы ацэнкі – падсумоўваючую (то бок, адзнакі) і актыўную (то бок, водгукі на працу вучня). Звычайна настаўнікі матэматыкі актыўна ацэньваюць самастойныя работы, а вось ужо за падагульняючыя кантрольныя працы па дадзеных тэмах выстаўляюць адзнакі.

Я вырашыла адмовіцца  ад выстаўлення адзнакаў за самастойныя работы. Вучні правяраюць гэтая працы паміж сабой альбо параўноўваюць з правільным адказам, пазначаным на дошцы.

Малгажата Банікоўска, настаўніца пачатковых класаў у Школе №1 у Мрагове

Часам бывае вельмі складана пераадолець патрэбу ў традыцыйных адзнаках як сярод вучняў, так і  сярод бацькоў. Бацькоў непакоіць меншая колькасць адзнакаў, а вучні, асабліва напачатку, пачынаюць ставіцца да заняткаў менш адказна. Але і тым, і другім проста патрэбны час, каб пераканацца, што насамрэч менавіта водгукі куды больш карысныя і дапамагаюць ў навучанні. Ганна  Канефаль, настаўніца пачатковых класаў у Школе ў Каменю Прусіне, падае прыклад напачатку неадназначнай рэакцыі бацькоў:



Адныя бацькі: Цудоўная ідэя. Дзякуючы водгукам я  нарэшце буду ведаць, што мой дзіцёнак робіць добра, а над  чым яшчэ мусіць папрацаваць.

Другія  бацькі: Папярэдняя методыка выстаўлення  адзнакаў была досыць дзейнай. Мы не бачым  патрэбы яе мяняць.

Трэція  бацькі: Нашае дзіцяці  матывуецца, калі бачыць адзнаку, а не там  нейкі водгук. Тым не менш, настаўнікі, якія вырашаюцца на абмежаванне  колькасці адзнакаў, адзначаюць, што  гэткі спосаб ацэнкі вельмі хутка  прыносіць плён.

Раней я выстаўляла шмат адзнакаў. Зараз у журнале адныя пустыя клеткі, але працы пры ацэнцы – процьма. Аднак я перакананая, што, нягледзячы на абмежаваную колькасць адзнак, у мяне не ўзнікне аніякіх складанасцяў пры выстаўленні адзнак за семестр (а гэта мне трэба будзе зрабіць).

Малгажата Банікоўска, настаўніца пачатковых класаў у Школе №1 у Мрагове

Ключавыя  пытанні ў матэматыцы – гэта самы складаны элемент актыўнай ацэнкі. Настаўнікі згаджаюцца, што выпрацоўка ключавых пытанняў прадстаўляе вялікую цяжкасць для кожнага прадмета, але ж для матэматыкаў гэта, бадай што, самая складаная задача. Ключавыя пытанні мусяць прадстаўляць дадзеную праблему ў больш шырокай перспектыве, а ў той жа час заахвочваць вучняў да пошукаў адказу. Возьмем, напрыклад, тэму “Алгебраічныя выразы” і паспрабуем прыдумаць па ёй ключавое пытанне для вучняў старэйшых класаў. Добра падабранае ключавое пытанне можа зацікавіць нават тых з іх, якія раней не цікавіліся матэматыкай. Мой досвед паказвае, што добрыя ключавыя пытанні ў матэматыцы звычайна звязваюць дадзеную праблему з рэальным жыццём або з прагнозам на будучыню.

Напрыклад, нашая тэма - гэта “Геаметрычная паслядоўнасць”. Мы можам запытацца: “Калі мы складзем аркуш паперы ў фармаце А4 сто разоў (не зважаючы на тое, выканальнае такое заданне ці не), якой таўшчыні складанку мы атрымаем. Зараз я падказваць Вам не буду, бо найперш нам трэба засвоіць тэму “Геаметрычная паслядоўнасць”, а пасля мая падказка і не спатрэбіцца, бо Вы самі будзеце ў стане знайсці адказ.” Вось  некалькі прыкладаў ключавых пытанняў, якія прыдумалі ўдзельнікі інтэрнэт- курса Актыўная ацэнка:

Тэма: “Геаметрычныя фігуры ў сістэме каардынат”.

Ключавое  пытанне: Мы з Вамі пацярпелі крушэнне на моры, і не маем аніякіх прыбораў. Як мы можам вызначыць сваё месцазнаходжанне. Што нам трэба для гэтага выкарыстаць?

Габрыела Яблоньска, Гімназія ва Уніславю

Тэма: “Запісванне дзесятковых дробаў”.

Ключавое  пытанне: У якіх жыццёвых сітуацыях нам  могуць спатрэбіцца дзесятковыя дробы?

Гражына Дрэўнік, Школа ў Гласкове

У методыцы Актыўнай ацэнкі мы раім настаўнікам звяртаць пільную ўвагу на тое, якія яны задаюць пытанні. Мы таксама прапануем Вам:

- падоўжыць  час чакання на адказ

- выкарыстоўваць  няправільныя адказы

- арганізоўваць  працу ў парах

- прасіць  вучняў, каб яны не падымалі  рук.

Гэтыя правілы заахвочваюць вучняў да самастойнага мыслення і спрыяюць навучанню. Давайце звернем зараз увагу на зваротную сувязь. Зваротная сувязь ажыццяўляецца ў методыцы АА пры дапамозе водгукаў на вучнёўскія працы.

Рыхтуючы гэткія водгукі, настаўнік павінен зазначыць:

•       станоўчыя моманты ў працы вучня

•       тое, што трэба змяніць

•       як гэта трэба змяніць

•       у якім кірунку вучань павінен зараз рухацца, каб далей развіваць свае матэматычныя здольнасці.

Тэхінка зваротнай сувязі адыгрывае вельмі важную ролю падчас заняткаў па матэматыцы. Вучняў трэба падбадзёрваць, але на жаль, часта здараецца так, што настаўнікі выпрацоўваюць у вучняў пачуццё перадузятасці да матэматыкі як да прадмета, які немагчыма засвоіць. Менавіта таму так важна падкрэсліць станоўчыя моманты ў вучнёўскай працы. А канкрэтныя падказкі па паляпшэнні працы са свайго боку дапамогуць вучню ў самаўдасканаленні.

Зараз я зусім інакш  звяртаюся да вучняў у сваіх каментарах. Замест сухога пералічэння  станоўчых і адмоўных момантаў, я стараюся падрыхтаваць да кожнага вучня асабісты зварот. Знойдзецца нямала вучняў, для якіх пахвала настаўніка значыць больш, чым добрая адзнака.

Роман Одой, Гімназія №1 ў Кашэціне

Бацькам таксама падабаецца, калі іх дзеці  атрымліваюць ад настаўніка водгукі  на сваю працу.



Я так Вам удзячная за тое, што Вы пішаце водгукі на работы майго сына. Ён заўжды  сам рабіў хатнія заданні, тлумачыўшы гэта тым, што заданні ён атрымлівае вельмі простыя і дапамога яму не патрэбная. Я пачала хвалявацца, калі ён стаў прыносіць дадому горшыя адзнакі. Аде ён надалей сцвярджаў, што ўсё разумее, і я нічым не магла яму дапамагчы. Зараз, калі Вы ў Вашым водгуку адзначаеце, над чым ён яшчэ мусіць папрацаваць, я ведаю, як яму дапамагчы.

Мама аднаго з вучняў з класа Ганны Канэфаль у школе ў Каменю Прусіне

Самая эфектыўная падчас урокаў матэматыкі тэхніка – гэта ўзаема- і самаацэнка. Гэтыя тэхнікі дазваляюць вучням браць на сябе адказнасць за ўласнае навучанне і вучаць саміх рыхтаваць ясныя і выразныя водгукі.



Вялікім плюсам ўзаемаацэнкі з’яўляецца тое, што вучні прасцей успрымаюць каментарыі равеснікаў. Калі працу вучня правярае аднакласнік, кожны мае час на выпраўленне ўласных памылак, і дзеці не баяцца пасля паказваць яе мне. Ды і роля настаўніка, у якую ўваходзяць вучні падчас узаемаацэнкі, мае своеасаблівы добры ўплыў – дзеці робяцца больш адказнымі і вельмі стараюцца падрыхтаваць разгорнуты водгук. Дадатковая перавага ўзаемаацэнкі ў тым, што гэтая тэхніка дазваляе адразу ж перайсці да выпраўлення памылак.

Ганна Канефал, Школа ў Каменю Прусіне

Данута  Стэрна

Настаўнік матэматыкі

Кіраўнік  Акадэміі “Школы у сталым навучанні”

Цэнтр грамадзянскай адукацыі

Школьная газета, нумар 5-6 (359-260),

6 лютага 2007 года


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка