Акадэмiя кіравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь Cicтэма адкрытага навучання




старонка6/42
Дата канвертавання23.03.2016
Памер2.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   42

Развіццё капіталізму ў прамысловасці


Пасля 1861 г. прамысловасць Беларусі пачала ўваходзіць ў трэцюю стадыю развіцця – фабрычна-заводскай вытворчасці (буйной машыннай індустрыi). Але важную ролю мелі іншыя формы вытворчасці.

Рамесная вытворчасць на Беларусi мела свае асаблівасці развіцця. Вырасла прыкладна ў тры разы колькасць прадпрыемстваў (58,1 тыс.), рабочых (110 тыс.) і сумы вытворчасці (14,1 млн. руб.); адбывалася спецыялізацыя рамяства; побач з рамеснікам дзейнічаў пасрэднік – скупшчык.

Дробнакапіталістычныя прадпрыемствы (без паравых рухавікоў і з колькасцю наёмных рабочых ад 5 да 16 чалавек) пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці; вырасла iх колькасць да 17,1 тыс.; колькасць рабочых і сума вытворчасці (44 млн. руб.) Да 90-х гг. Дробнакапiталiстычныя прадпрыемствы выраблялі палову прамысловай прадукцыі Беларусі.

Перавага дробнакапіталістычных прадпрыемстваў на Беларусі мела свае падставы. Гэта iснаванне “мяжы аседласці яўрэйскага народа”. Яўрэі не мелі права валодаць зямлёй і пражываць на вёсцы, таму асноўнае іх заняцце – рамяство і дробны гандаль. Іншыя прычыны – адсутнасць на Беларусі буйных радовішчаў сыравіны для развiцця цяжкай прамысловасці; большая мабільнасць дробных прадпрыемстваў, што працавалі па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны; суседства Беларусі з буйнымі прамысловымі раёнамі царскай Расіі: Цэнтральным, Пецярбургскім, Прыбалтыйскім, Польскім, у якіх буйная прамысловасць пераважала над сярэдняй і дробнай.



Капіталістычная мануфактура – гэта прадпрыемствы з больш чым 16 рабочымі, дакладным падзелам працы, без паравых рухавікоў. На працягу разглядаемага перыяду вырасла іх колькасць – з 140 да 760. На канец стагоддзя мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, цагельнай, ганчарнай вытворчасці. Колькасць рабочых склала 28,8 тыс.

Фабрычна-завадская прамысловасць. Трэба выдзяліць два перыяды ў развіцці фабрычна-заводскай вытворчасці. 60-70-я гг. вызначаліся павольным ростам вытворчасці, панаваннем дробнатаварнай вытворчасці. 80-90-я гг. вызначаліся прамысловым пад’ёмам, ростам колькасці фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

Прамысловы пераварот (шырокае выкарыстанне паравых рухавікоў) пачаўся на Беларусі ў дарэформенны час. На Беларусі ён пачаўся ў металаперапрацоўчай і вінакурнай прамысловасці. Крычны спосаб атрымання жалеза быў заменены пудлінгавым у домнах. Прадпрыемствы з домнамі і паравымі рухавікамі – гэта Старынкаўскі чыгуналіцейны завод, Барысаўшчынскі металургічны завод, Налібоцкі металургічны камбінат. На першых двух да 1861 г. вырабляліся паравыя машыны. Асаблівасці прамысловага перавароту на Беларусі: ён завяршыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі, толькі ў канцы 90-х гг. бо асноўная колькасць буйных прадпрыемстваў была пабудавана ў 80-90-я гг., на сродкі акцыянерных кампаніі і банкаў. У 1890 г. фабрыкі і заводы Беларусі давалі 47,8% усёй прамысловай прадукцыі з рэгіёну, але захоўваўся нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытворчасці, пераважалі малыя і сярэднія прадпрыемствы (да 50 рабочых). Прадпрыемстваў з колькасцю рабочых больш за 500 было толькі 1% (па Расіі 3,5%).



Акцыянерныя кампаніі з’явіліся як вынік канцэнтрацыі вытворчасці. На Беларусі да 1900 г. дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якія адкрывалі буйныя прадпрыемствы. У стварэнні акцыянерных кампаній актыўны ўдзел прымалі банкі, якія валодалі значнымі капіталамі. Галоўныя сферы ўкладання сродкаў для камерцыйных банкаў – гандаль, пярвічная апрацоўка лесу і льну. Найбольш уплывовыя банкі: Мінскі камерцыйны банк (1873 г.) – вядучы ў рэгіёне; Азова-Данскі камерцыйны банк (з 1871 г. філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску); Пецярбургска-Азоўскі банк у 90-я гг. меў аддзяленне ў Мінску; Дзяржаўны банк меў 5 аддзяленняў у губернскіх гарадах; Віленскі прыватна-камерцыйны банк (філіялы ў Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме); Камерцыйны банк у Беластоку.

Фабрычна-заводская прамысловасць садзейнічала росту гарадоў. Але буйныя прамысловыя цэнтры на Беларусі не сфарміраваліся. Беларуская прамысловасці спецыялізавалася на перапрацоўцы сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны, прадпрыемствы размяшчаліся пераважна ў сельскай мясцовасці.



Галоўныя галіны вытворчасці на Беларусі – гэта харчовая (пераважна вінакурная) прамысловасць; дрэваапрацоўчая (запалкавая і папярова-друкарская); тэкстыльная; металаапрацоўчая прамысловасць разам з чыгуначнымі майстэрнямі; сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная прамысловасць, выраб шкла; гарбарная; хімічная прамысловасць.

Прамысловасць Беларусі знаходзілася ў залежнасці ад сусветных эканамічных крызісаў. Пад час крызісаў 1873-1875 і 1881-1882 гг. на Беларусі найбольшыя страты панеслі дробная вытворчасць і мануфактуры, але фабрычна-заводская прамысловасць не была закранута. Крызісы з’явіліся штуршком да замены дробнай і мануфактурнай прамысловасці фабрычнай. Бурны прамысловы ўздым прыйшоўся на 90-я гг. Пад час яго сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыі склалі 8,2%. Асабліва хутка развівалася буйная прамысловасць (рост на 13,3%). З 1890 да 1900 г. узнікла 16 тыс. новых прадпрыемстваў; удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расіі склала каля 5%, колькасць рабочых 10%. У цэлым прамысловасць Беларусі ў параўнанні з іншымі раёнамі Расіі дасягнула сярэдняга ўзроўню развіцця.


Развіццё транспарту, сродкаў сувязі, гандлю. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту


Транспартная сетка на Беларусі ў гэты перыяд складалася з водных шляхоў, сухапутных шасэ, чыгунак.

Чыгуначнае будаўніцтва пачалося ў 60-я гг. Як вынiк – паскорылася развіццё прамысловасці, пашырыўся гандаль, вырасла таварнасць сельскай гаспадаркі, пашырыўся тэхнічны прагрэс, паскорылася спецыялізацыя эканомікі раёнаў, сфарміраваліся ўсерасійскі і абласныя рынкі, акрэсліўся грамадскі падзел працы, больш актыўнай стала міграцыя насельніцтва.

Пецярбургска-Варшаўская чыгунка – першая на Беларусі (прайшла праз Гродна ў 1862 г.). У 1866 г. адкрыты Дзвінска-Полацка-Віцебскі ўчастак Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 245 вёрстаў. Чыгунка склала значную канкурэнцыю суднаходству па Заходняй Дзвіне, паскорыла эканамічнае развіццё рэгіёну. Маскоўска-Брэсцкая чыгунка (70-я гг.) – важнейшая ў эканамічных і ваенных адносінах. Лібава-Роменская чыгунка (1871-1874 гг.) прайшла праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін. Мела важнае эканамічнае значэнне. Прывіслінская чыгунка (1873 г.) прайшла праз Брэст на Кіеў. Палескія чыгункі (80-я гг.) складаліся з некалькіх ліній, звязалі Пінск, Жабінку, Лунінец, Гомель, Беласток, Баранавічы, Бранск, Асіповічы, Старыя Дарогі паміж сабой і раней пабудаванымі чыгункамі. Мелі важнае эканамічнае значэнне. Пецярбургска-Адэская чыгунка (1902 г.) прайшла праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Жлобін.

У пачатку XX ст. Беларусь была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі ў Расіі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Брэст, Баранавічы.



Водныя шляхі зносін атрымалі другараднае значэнне. Тым не менш, грузапаток на іх таксама павялічваўся. Па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы плавала ў 1900 г. 310 непаравых і 23 паравыя судны. Хутка развівалася паравое суднаходства на Немане і Заходняй Дзвіне.

У гандлi на гэты час памяншацца роля кірмашоў, расце роля крамнага і магазіннага гандлю, у канцы XIX ст. склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі. Цэнтрамі абласных рынкаў становяцца найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар сувязяў паміж рынкамі вызначаўся асаблівасцю эканамічнага развіцця (спецыялізацыяй) кожнага з раёнаў. Да пачатку XX ст. Беларусь мела трывалыя гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі Расіі, стала часткай усерасійскага рынку. Для гандлю Беларусі была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў, увоз прамысловых тавараў і збожжа.

Развіццё капіталістычных адносін стымулявала сацыяльныя працэсы – фарміраванне грамадскіх класаў буржуазіі і пралетарыяту. Крыніцы фарміравання прамысловай буржуазіі – гэта: дваране (уладальнікі вінакурань, лесапільных, цукровых, крухмала-патачных, мукамольных, вінакурных, смола-шкіпідарных, суконных, металаапрацоўчых, цагельных, кафляных, шкляных і іншых прадпрыемстваў); заможныя мяшчане (гандляры-скупшчыкі), што арандавалі і выкуплялі прамысловыя прадпрыемствы; купцы; заможныя рамеснікі; сяляне (валодалі 16 мануфактурамі і фабрыкамі ў харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і сілікатнай галінах).

Згодна з перапісам 1897 г. ў пяці заходніх губернях да дробнай буржуазіі адносіліся 103 тыс. чал., сярэдняй 47 тыс., буйной 33 тыс. чал. Па нацыянальным складзе гэта яўрэі – 60%, беларусы – 17%, рускія – 10%, палякі – 10%, іншыя нацыянальнасці да 3%.

Асноўныя крыніцы фарміравання пралетарыяту – гэта: збяднелыя сяляне; члены сем’яў рабочых; рамеснікі; дробныя гандляры; рабочыя рамесных майстэрань і мануфактур.

У трох апошніх катэгорыях пераважалі прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, гэта адбілася на нацыянальным складзе пралетарыяту. Увогуле, асаблівасць беларускага пралетарыяту – яго шматнацыянальны склад (беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы, латышы, татары). Сярод рабочых чыгуначных майстэрань і дэпо, паравозных машыністаў, тэлеграфістаў пераважалі рускія. На лесапавале, будаўніцтве і рамонце чыгуначных і шашэйных дарог, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці працавалі перважна беларусы. У запалкавай, тытунёвай, гарбарна-абутковай галінах вытворчасці, у друкарнях пераважалі яўрэйскія рабочыя.

На пачатак XX ст. на Беларусі было 178,8 тыс. рабочых, занятых у прамысловасці, у тым ліку 33,6 тыс. у фабрычна-заводскай і 116,3 тыс. у рамеснай і дробна-капіталістычнай вытворчасці. Акрамя таго, у памешчыцкіх і кулацкіх гаспадарках працавала шмат батракоў. Усяго на Беларусі налічвалася прыкладна 400 тыс. пастаянных наёмных работнікаў.

Пасля сялянскай рэформы да пачатку XX ст. капіталістычны спосаб вытворчасці паступова ўсталёўваўся ва ўсіх галінах гаспадаркі Беларусі.


Кантрольныя пытанні да тэмы№10


  1. Якія мэты стаялі перад Сакрэтным камітэтам, Галоўным камітэтам па сялянскім пытанні, Рэдакцыйнымі камісіямі напярэдадні адмены прыгонніцтва?

  2. На падставе якіх дакументаў адмянялася прыгоннае права на Беларусі?

  3. Чым адрозніваюцца два “Мясцовых...” палажэння, згодна з якімі праводзілася рэформа на беларусі?

  4. У чым была сутнасць часоваабавязаннага становішча? Калі сяляне станавіліся ўладальнікамі сваёй зямлі?

  5. На якія ўступкі пайшоў урад пасля правядзення адмены прыгонніцтва і з чым гэта было звязана?

  6. Якія былі асаблівасці правядзення іншых буржуазных рэформаў на Беларусі?

  7. У чым сутнасць адработачнай сістэмы вядзення панскай с/г.

  8. Якія асноўныя мэты дзеяння Сялянскага банку.

  9. Як сусветны аграрны крызіс 80-х гг. XIX ст. адбіўся на гаспадарке Беларусі?

  10. Як адбывалася развіццё чыгункі на Беларусі.

  11. Якія існавалі крыніцы фарміравання беларускай буржуазіі і пралетарыяту?

  12. Якія наступствы для беларускай прамысловасці мелі сусветныя эканамічныя крызісы 70-80 гг. XIX ст.?
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   42


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка