Ахвяры жаночай эмансіпацыі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер24.54 Kb.
Ахвяры жаночай эмансіпацыі
У др. пал. ХІХ ст. сярод тых, хто ўспрыняў сацыялістычныя ідэі, было шмат жанчын; у сувязі з тагачасным палітычным status quo жанчыны-сацыялісткі сутыкнуліся з тым, што, каб стаць палітычнымі суб’ектамі, яны мусілі б спачатку дабіцца для сябе роўных з мужчынамі палітычных правоў. Здабыццё палітычных правоў для жанчын – гал. чынам пасіўнае і актыўнае выбарчае права – стала першая мэтай фэміністычнага руху.

У др. пал. ХХ ст. жанчыны Эўропы і ЗША атрымалі ня толькі выбарчае права, але і амаль цалкам юрыдычна і палітычна былі параўняныя з мужчынамі. Аднак на шляху жаночай эмансіпацыі ўзнікла новая праблема – залежнасць жанчыны ад мужчыны ў эканамічным і сацыяльным аспэктах. Праблема гэта ґрунтуецца ў традыцыйных ґендэрных ролях: мужчына – галава сям’і, які самастойна прымае важныя рашэнні, які забяспечвае і ахоўвае сям’ю; жанчына – ахоўніца хатняга парадку і сямейнага дабрабыту, выхавальніца дзяцей, яе роля – цалкам падначальвацца мужчыне. Такое традыцыйнае становішча пры ўзаемадзеянні між поламі пахіснулася, калі жанчына выйшла з хаты – раней “прыкутая” да гэтага месца сваімі экзыстэнцыйнымі абавязкамі мыць, прыбіраць, гадаваць дзяцей – і пайшла працаваць на заводы і фабрыкі, стала актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці... З цягам часу жанчына ўсё болей стала адасабляцца ад мужчыны, стала ўсё болей незалежнай ад яго.

Моцная, незалежная, волявая жанчына, бізнэс-вумэн з цвёрдым характарам, якая не баіцца самастойна прымаць рашэнні, якая не шукае апірышча звонку – вось ідэал сучаснай жанчыны!

Трэба зазначыць, што гэты вобраз “бізнэс-вумэн”, які тыражуецца “гламурнымі” часопісамі, накладае адбітак на тыя тэндэнцыі, якія віруюць ва ўсім грамадстве: ідэал – гэта прыклад, імкнуцца адпавядаць якому павінны ўсе; і існуе заганнае ўяўленне, што нежаданне мкнуцца адпавядаць ідэалу ёсць дэвіяцыя.


Змянілася ня толькі ґендэрная роля жанчыны, якая стала набываць усё больш мужчынскіх рысаў, змянілася ґендэрная роля мужчыны. Мужчына сучаснасці ня толькі фэмінізуецца: убачыўшы моцную жанчыну, ён з радасцю скінуў з сябе цяжар абавязкаў датычных жанчыны і сям’і – няхай моцная жанчына сама дбае пра сябе! Адбываецца “эмансіпацыя мужчыны” (эмансіпацыя – у сучасным сэнсе: вызваленне ад якой-небудзь залежнасці, скасаванне абмежаванняў...).

Агульнае змяненне ґендэрных роляў мужчыны і жанчыны ў агульным напрамку выглядала б ідэальна, каб жыццё не было далёкім ад ідэалу. У кожным сацыяльным працэсе ёсць свае ахвяры, і ахвяры працэсу жаночай эмансіпацыі – жанчыны, якія ня хочуць станавіцца незалежнымі і моцнымі, ня хочуць набываць мужчынскія рысы характару, знішчаючы сваю жаноцкасць, жанчыны, якія не жадаюць адмаўляцца ад традыцыйнай ґендэрнай ролі, якую жанчыны гралі спрадвеку. Але памятаючы, што мужчыны ўжо ня хочуць браць на сябе абавязкі абаронцы і забеспячэнца жанчыны, перад вышэй згаданымі жанчынамі прадстае выбар: ці стаць моцнымі, ці загінуць – яны становяцца заручнікамі сытуацыі, ахвярамі працэсу эмансіпацыі.


Гэта праблема вельмі актульная для краін былога СССР. Заўважна, што яшчэ ў 20–30 гг. ХХ ст. у грамадстве праводзіліся экспэрымэнты па эмансіпацыі жанчыны, знішчэнню сям’і ў яе традыцыйным выглядзе, але шырокімі масамі яны не былі успрынятыя. Жанчына СССР хаця і пайшла працаваць на прадпрыемствы, аднак захацела захаваць за сабой традыцыйную жаночую ролю. З другога боку – як вынік працэсу эмансіпацыі мужчыны – у СССР распаўсюдзіліся наступныя праблемы (актуальныя і зараз): алкагалізм, насілле ў сям’і, частыя разводы, ухіленне мужчын ад выплаты алімэнтаў, ухіленне ад выхавання дзяцей... Таму, мабыць, вельмі квола распаўсюдзіўся па краінах былога СССР фэміністычны рух у сучаснай яго парадыґме, якая выглядае для большасці хімэрай. І большы непакой грамадскасці выклікаюць вышэй азначаныя праблемы, а не прывіды раўнапраўя.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка