Агульная тэма: „Міласэрны, як Айцец” Катэгорыя а лк 15, 11-32




Дата канвертавання01.06.2016
Памер24.61 Kb.
Агульная тэма: „Міласэрны, як Айцец”
Катэгорыя А
Лк 15, 11-32.

У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшыя шаты і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца. А яго старэйшы сын быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. І разгневаўся ён, і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”.


Катэгорыя В
Лк 10, 30-37.

«Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі таксама».


Катэгорыя С
Mk 10, 46 –52.

Прыйшлі яны ў Ерыхон. І калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!» Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». І паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. І адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка