Агульнанацыянальная дыктоўка прызнанне ў любові




Дата канвертавання07.05.2016
Памер19.93 Kb.
Агульнанацыянальная дыктоўка
ПРЫЗНАННЕ Ў ЛЮБОВІ
“Ад самага рання на сядзібе панаваў святочны настрой. І не толькі таму, што нядзеля выдалася сонечнай, а каталікі з пратэстантамі адзначалі Вялікдзень...”, – такім сказам магло б пачынацца школьнае сачыненне на вольную тэму. Але сёння на сядзібе Партыі Беларускага Народнага Фронту пісалі не сачыненне, а дыктоўку. Далёка не першы дзень пісалі першую агульнанацыянальную дыктоўку па беларускай мове, прысвечаную 90-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама году роднай мовы, абвешчанаму сёлета Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Пачынаючы ад 11-й раніцы штогадзіны залу запаўнялі не толькі школьнікі, а найперш дарослыя, ахвотныя не на словах, не ў анкеце, а насамрэч прызнацца ў сваёй любові да беларускай мовы, запаўнялі людзі рознага жыццёвага веку, вопыту і ўпадабанняў.

Штораз гучаў своеасаблівы гімн дыктоўкі ў выкананні барда Сяргея Сокалава-Воюша, а потым ініцыятар правядзення дыктоўкі палітолаг Уладзімір Падгол казаў прысутным, што сваім удзелам у акцыі яны арыгінальна святкуюць Дзень Волі 25 Сакавіка і ўшаноўваюць 90-я ўгодкі БНР, урад якой надаў роднай мове дзяржаўны статус. Ён расказаў, што дыктоўка пішацца па Беларусі ўжо тыдзень, а старт быў дадзены 15 сакавіка, калі акрэдытаваныя на Беларусі замежныя амбасадары, а таксама пісьменнікі і прадстаўнікі СМІ сказ за сказам напісалі дыктоўкі ў Таварыстве беларускай мовы. На сёння напісалі яе ў самых розных рэгіёнах Беларусі і па-за яе межамі, напісалі калектывы газет і радыёстанцый, прыватныя асобы ў складзе цэлых сем’яў і ў таварыскіх сябрынах.

Гаспадар памяшкання, вядомы педагог і перакладчык Лявон Баршчэўскі абвяшчаў, што “напісанты” могуць кіравацца правіламі “наркамаўкі” ці “тарашкевіцы”, кірыліцай або лацініцай, а таксама ў праве здаваць напісанае на праверку аўтарытэтнаму журы або забіраць з сабою для сямейнага архіву. Ён жа азнаёміў прысутных і з тэкстам, прадмоваю пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча да ягонага першага паэтычнага зборніка “Дудка беларуская”. Дэманстраваў ён факсімільнае выданне “Дудкі...”, арыгінал якога выйшаў у 1891 годзе ў Кракаве, а перавазіў яго на Беларусь будучы начальнік Польскай дзяржавы Язэп Пілсудскі.

Пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, які прапанаваў абраць менавіта гэты тэкст для дыктоўкі, знаёміў прысутных з навінкамі беларускіх незалежных выдавецтваў, што атрымаюць пераможцы акцыі, а потым прыступаў да ўласна дыктавання.

Сярод тых, хто быў заўважаны ў зале, вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы Іна Кулей і Аляксандр Мілінкевіч, Віктар Івашкевіч і Мечыслаў Грыб, мастакі Аляксей Марачкін і Алесь Шатэрнік, гісторык і эканаміст Валянцін Голубеў, мовазнаўцы Зміцер Саўка і Валянціна Сіўковіч.

Найчасцей напісанае здавалася на праверку, а на заканчэнне была выказана ўпэўненасць, што дыктоўка павінна стаць яшчэ больш папулярнай, традыцыйнай, а таксама набыць чарнаморска-балтыйскі фармат, калі адначасна з беларусамі сядуць за сталы літоўцы і палякі, латышы і украінцы...



Уладзімір Булаўскі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка