Агні кахання. Ці вечныя яны?” (па рамане І. Мележа “Людзі на балоце”)




Дата канвертавання30.04.2016
Памер80.32 Kb.
Сінькевіч Людміла Аляксандраўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 1 г. Барысава”
Агні кахання. Ці вечныя яны?”

(па рамане І.Мележа “Людзі на балоце”)

(Х клас, красавік)

Мэты ўрока:

  • удасканальваць навыкі характарыстыкі літаратурнага героя з прымяненнем камп’ютэрнай тэхналогіі;

  • развіваць звязную мову вучняў, уменне выказваць і аб-грунтоўваць сваю думку і разумець важнасць усіх думак;

  • выхоўваць у школьнікаў культуру інтымных пачуццяў;

Ход урока:

Эпіграф да ўрока:

. . .на свеце без кахання жыцця няма –

ёсць толькі існаванне.

А.Грачанікаў.



  1. Арганізацыйны момант.

  2. Уступнае слова настаўніка. – Мы працягваем вывучаць раман Івана Мележа “Людзі на балоце”. На сённяшнім ўроку ў цэнтры нашай увагі будзе сюжэтная лінія Васіль – Ганна – Яўхім.

  3. Матывацыя тэмы ўрока.

– Давайце праслухаем раманс М.Багдановіча “Зорка Венера”. І на гэтай лірычнай ноце падумаем над пытаннем “Што звязвае гэты раманс з тэмай нашага ўрока?” (гучыць раманс).

– Тэма кахання ва ўсе часы – тэма дамінуючая. Але ў кожнага каханне сваё. УМ.Багдановіча каханне светла-сумнае, шчырае і разам з тым – няшчаснае для лірычнага героя.

Так і для нашых герояў – Васіля і Ганны – “узышла зорка Венера”, зорка кахання, якая гасне, не прайшоўшы выпрабавання на трываласць. І таму мы паспрабуем адказаць на пытанні: 1) чаму, кахаючы адзін аднаго, людзі разыходзяцца; 2) што ўплывае на выбар у жыцці нашых герояў; 3) якія ўрокі можна вынесці для сябе з жыццёвай драмы закаханых.


  1. Праверка дамашняга задання.

    • Дома вам было прапанавана паразважаць над тэмай “Маё разуменне кахання”. Падзяліцеся думкамі з намі. (Вучні зачытваюць сачыненні-мініяцюры).

    • Давайце супаставім вашы думкі з некалькімі азначэннямі паняццяў “каханне”, “страсць”, узятымі з розных крыніц.




  1. Праца з камп’ютарам.

    • На камп’ютары вы бачыце тлумачэнні паняццяў “каханне”, “страсць”, узятыя з розных крыніц:

Слайд 1




  1. Творчая дзейнасць вучняў.

а) характарыстыка герояў

– На ўроку мы будзем назіраць за развіццём пачуццяў Васіля да Ганны і Яўхіма да Ганны. Давайце бліжэй пазнаёмімся з нашымі героямі. З дапамогай якіх прыёмаў Мележ раскрывае нам характары сваіх герояў? (Адказы вучняў: праз партрэтнае апісанне, праз няўласна-простую мову героя (яго думкі, перажыванні), праз узаемаадносіны з іншымі персанажамі.

– Прыгадайце партрэт Васіля. Што дае апісанне яго знешнасці для разумення характару Васіля? (Адказы вучняў: праз партрэт Васіля Мележ падкрэслівае засяроджанасць героя ў сабе, супярэчлівасць натуры і задаткі моцнага характару. Хлопец негаваркі. Праз думкі Васіля раскрываецца яго моцнае жаданне сцвердзіць сябе як гаспадара ).

Як раскрываецца Ганна, яе характар праз яе партрэт? (Адказы вучняў: яна прываблівае дзявочым хараством і сваімі чалавечымі якасцямі ).

– Што Мележ вылучае ў знешнасці Яўхіма? Якім падаецца вам унутраны свет маладога Глушака? (Адказы вучняў).

– Давайце падагулім нашы разважанні пра характары герояў з дапамогай табліцы, змешчанай на вашым камп’ютары.


б) праца з табліцай у камп’ютары
Слайд 2




  1. Праблемнае поле дзейнасці вучняў на ўроку.

– Здаецца выбар для Ганны верагодны – Васіль. А замуж выхо-дзіць за Яўхіма. Чаму ж? Паразважаем.

а) праца з камп’ютарам

– На маніторы камп’ютара вы бачыце імёны нашых герояў: Васіль – Ганна – Яўхім.

Слайд 3



У выніку атрымалася наступнае:
Матэрыяльнае ці духоўнае?


Васіль

Ганна

Яўхім

Матэрыяльны пачатак

Духоўны пачатак

Матэрыяльны пачатак

Жыццёвы выбар герояў:



  • ахвяраваць асабістым шчасцем дзеля дабрабыту родных, сваёй сям’і (герой: Ганна)

  • узяць любой цаной, чаго жадаю (герой: Яўхім)

  • выйсці з беднасці, мара пра лепшую зямлю (герой: Васіль)

– Такім чынам, мы бачым, што і Васіля і Яўхіма збліжае перавага матэрыяльнага пачатку. З адной толькі розніцай: Васіль да матэрыяльнага дабрабыту імкнецца, у Яўхіма матэрыяльны дабрабыт ужо ёсць.

б) праблемная гутарка

– Па якой прычыне Ганна аддае перавагу Васілю, нягледзячы на тое, што і Васіля і Яўхіма аб’ядноўвае аднолькавае стаўленне да матэрыяльнага дабрабыту?

– Як раскрыла Васіля Ганніна каханне?

– Якія падзеі азмрочылі каханне маладых?

– Чаму Ганна, даведаўшыся, што Васіль усё-такі паказаў хату Грыбка, адчула сябе няшчаснай, пяшчота да каханага нібы выветрылася?

Такім чынам, часта для разумення сапраўднасці пачуццяў людзі павінны прайсці праз жыццёвыя выпрабаванні.

– Ці сапраўднае каханне Васіля і Ганны?

– А Яўхім? Якое пачуццё кіруе ім у адносінах да Ганны? Каханне гэта ці страсць? (глядзі табліцу ў камп’ютары).

– Чаму, у рэшце рэшт, Ганна, не кахаючы Яўхіма, выходзіць замуж за яго?

– На наступным уроку мы падрабязней разгледзім тэму “Сватанне і вяселле Яўхіма і Ганны”. Паразважаем, ці быў бы іншы выхад з гэтага любоўнага трохкутніка.



  1. Дамашняе заданне: творчае заданне. Падрыхтаваць звязны аргументаваны адказ на пытанні:

        1. Чаму не пажаніліся Васіль і Ганна?

        2. Чаму Яўхім жэніцца са “зрэбнай каралеваю”, ці кахае ён Ганну?

  1. Тэставае апытанне і яго вынікі.

– Для падагульнення нашых разважанняў пра Васіля, Ганну і Яўхіма прапаную папрацаваць з тэставымі пытаннямі.

(Гл. Дадатак).


  1. Рэфлексія.

– На камп’ютары пытанні.

Слайд 4


Дадатак


Тэставыя заданні па рамане Івана Мележа

Людзі на балоце”


  1. Чысціня, непасрэднасць і шчырасць першага кахання Васіля і Ганны раскрываюцца аўтарам праз:

а) іх вясёлую і няспынную гаворку;

б) большай часткаю праз маўчанне, калі пачуцці зразумелыя без слоў;

в) праз пастаянныя спрэчкі маладых людзей.


  1. Пра каго з герояў сказана наступнае:

Усё лета… ціха грэлася на сонцы маладзенькая… рабіна. Ніхто ў Куранях, бадай, не заўважыў , калі і хто пасадзіў яе, не бачылі як трэба яе і тады, калі яна красавіцкай раніцай апранулася ў лёгкае празрыста-зялёнае плацце з кволых, рэзных лісточкаў. Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, - сціплая, непрыкметная… Інеспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак.

а) пра Ганну;

б) пра Хадоську;

в) пра Параску.




  1. Як называецца мастацкі прыём, скарыстаны аўтарам у прыведзеным урыўку?

а) алітэрацыя;

б) гратэск;

в) разгорнутае параўнанне;

г) гіпербала.




  1. Сімвалам чаго здаўна лічылася рабіна ў вуснай народнай творчасці беларусаў?

а) жаночай долі і прыгажосці;

б) неўладкаванасці і няўдач;

в) матэрыяльнага дабрабыту;

г) смеласці і адвагі.




  1. Каму з герояў рамана “Людзі на балоце” належыць наступная характарыстыка?

У такі час з хаты, недалека ад той, дзе дзяўчына брала ваду, выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цемнай чупрынай, з упартымі, невяселымі губамі…

Зялёны гэты хлопец ужо з найпершага маленства адчуў, што жыццё – не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клопатны будзень, што трэба цярпець.

а) Міканору;

б) Васілю;

в) Хоню.



  1. Ствараючы характар Васіля, аўтар звяртае ўвагу на:

а) засцярожанасць і маўклівасць;

б) эмацыянальнасць, якая выяўляецца ў жаданні падзяліцца з іншымі людзьмі сваімі думкамі;

в) эгаізм у адносінах да блізкіх людзей.


  1. Што азмрочыла шчасце Васіля і Ганны кахаць і быць каханымі?

а) нежаданне бацькоў, каб Васіль і Ганна сустракаліся далей;

б) сустрэча з бандытамі, якая паклала пачатак жыццевым выпрабаванням маладых людзей;

в) гаворкі, якія пайшлі па сяле, асуджаючы каханне Васіля і Ганны.


  1. Што з’явілася сімвалам нешчаслівага першага кахання Васіля і Ганны, якое “…выплыла, ажыло, як бы вырасла, поўнае злавеснага сэнсу”?

а) гадзюка, якая прапаўзла паміж маладымі людзьмі;

б) разбітае люстэрка, якое, паводле народнага павер’я, не прыносіць шчасця;

в) сон Васіля, які маці тлумачыла як дурны, нядобры.


  1. Чаму Ганна пасля прыходу Васіля ад маслакоўцаў рэзка змяніла свае адносіны дакахання?

а) вырашыла, што жыць з бедным – гэта значыць жыць увесь час у нястачы;

б) пагаварыла з бацькам і мачыхай і зразумела, што Васіль для яе не пара;

в) страціла свой ідэал каханага, веру, што Васіль не можа прынесці шкоды людзям.


  1. Якім пачуццём змяняецца непрыхільнасць Ганны ў адносінах да каханага паслявяртання Васіля з допыту?

а) абвостраным пачуццём справядлівасці, калі крыўдзяць незаслужана;

б) публічным шкадаваннем, якое, на думку Ганны, павышала яе аўтарытэт у вачах аднавяскоўцаў;

в) поўнай абыякавасцю.


  1. Калі Васіль апынуўся пад арыштам, якое пачуццё авалодала ім?

а) разуменне таго, што атрымаў па заслугах;

б) апатыя, калі страчана вера ў праўду і дабро;

в) жаданне дабіцца таго, каб ва ўсім справядліва разабраліся.


  1. Пра якую падзею ў жыцці Ганны ідзе размова ў прыведзеным урыўку?

Яна потым багата разоў успамінала гэты момант, успамінала з болем і шчымлівым шкадаваннем. Думала, балела душой: як багата бяды выпадае чалавеку за іншы адзін крок. І як чалавек робіць гэты крок пакорліва, нібы сляпы – не бачачы ўсяго, што будзе яму з гэтым крокам… Цвёрдасць – ці ж

у Ганны звычайна не было яе? Але якая тут цвёрдасць магла быць, калі не ведаеш, нашто яна?
а) сустрэча з маслакоўцамі;

б) сватанне Яўхіма;

в) шкадаванне аб тым, што не захацела тлумачыць Васілю нічога аб сутычцы Яўхіма у малінніку.


  1. Што цяжэй за ўсё пераадольваў Васіль, знаходячыся у турме, лічыў “самай вялікай пакутай”?

а) адсутнасць магчымасці папрацаваць;

б) расставанне са сваімі роднымі;

в) разлуку з Ганнай.


  1. У чым можна папракнуць Ганну, калі яна дала згоду стаць жонкай Яўхіма?

а) у жаданні разбагацець;

б) у няўменні і нежаданні пазмагацца за сваё шчасце;



в) у імкненні хутчэй пакінуць бацькоўскую хату.
Адказы:
1-б

2-а

3-в

4-а

5-б

6-а

7-б

8-а

9-в

10-а

11-б

12-б

13-а

14-б


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка