Агародная // Franciszkańska, am Kloster str., Огородная Агародная №2 — Касцёл Маці Боскай Анёльскай i манастыр францысканцаў




старонка1/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.57 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23
А
Агародная // Franciszkańska, am Kloster str., Огородная
Агародная № 2 — Касцёл Маці Боскай Анёльскай i манастыр францысканцаў. Заснаваны ў 1635 г. па фундацыі Сузанны і Яўстафія Курчаў. Мураваны. Кляштарны комплекс уключае касцёл, жылы корпус і браму з агароджай (збераглася часткова), што ўтвараюць замкнёны ўнутраны двор. Складаны рэльеф вызначыў асіметрычную кампазіцыю комплексу. Помнік архітэктуры барока.

К а с ц ё л уяўляе сабой трохнефавую бязвежавую базіліку з вялікай паўцыркульнай апсідай, сакрысціямі і хорамі над уваходам. Цэнтральны неф і апсіда вырашаны адзіным аб'ёмам з агульным чарапічным дахам. Бакавыя нефы значна ніжэйшыя за цэнтральны. Галоўны фасад прарэзаны невялікім паўцыркульным уваходным праёмам, члянёны шырокімі пілястрамі і завершаны карнізным поясам, які праходзіць суцэльнай цягай. Афармленне першага яруса захавалася з XVII ст., другогі і трэці ярусы галоўнага фасада, перабудаваныя ў XVIII ст., падзелены тонкімі, блізка размешчанымі лапаткамі, аддзелены карнізам. Бакавыя фасады і апсіда прарэзаны лучковымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі, члянёны здвоенымі лапаткамі і ўвенчаны карнізнымі паясамі

Інтэр'ер касцёла мае суцэльпую дынамічную прасторавую арганізацыю. Цэнтральны неф аддзелены ад бакавых шасцью слупамі і перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Бакавыя нефы раскрываюцца ў цэнтральны невялікімі арачнымі праёмамі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. Пры ўваходзе хоры.

У інтэр'еры сем алтароў першай паловы XVIII — канца XIX ст. У цэнтральны неф выходзіць разьбяны драўляны амбон нершай паловы XVIII ст. Галоўная алтарная кампазіцыя «Ушанаванне Багародзіцы» займае трыумфальную арку чатырохкалоннага барочнага порціка. У цэнтры другогага яруса карціна «Стышатызацыя св. Францыска». Завяршае алтарнае збудаванне гарэльефная выява «Усхваленне Марыі». У касцёле падпісны абраз Іосіфа Міховіча за 1872 г. «Антоній з дзіцем», абразы ХVІІ-ХVШ ст. «Маці Божая Анёльская» ў сярэбранай шаце, ХVШ-ХІХ ст. «Маці Божая з дзіцем»; абраз «Маці Божая Чанстахоўская» ў шаце другой паловы XVIII ст..

3 в а н і ц а была прыбудавана да паўночнай сцяны касцёла і выходзіць на лінію яго галоўнага фасада. Мае квадратную ў плане трох’ярусную сіметрычную кампазіцыю. Першы ярус, які прымыкае да сцяны бакавога нефа касцёла, захаваў агульную з першым ярусам галоўнага фасада касцёла пластыку XVII ст.. Ён прарэзаны маленькімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, расчлянёны шырокімі пілястрамі і карнізнымі паясамі. Другі і трэці ярусы, перабудаваныя ў XVIII ст., вырашаны ў насычанай рэльефнай пластыцы сталага барока: выразныя буйныя чляненні, маляўнічы сілуэт. Сцены прарэзаны вялікімі паўцыркульнымі і круглымі аконнымі праёмамі, расчлянёны рэльефнымі лапаткамі і развітым карнізам. Увенчвае званіцу высокі фігурны шлем. Самы старажытны і самы малы звон францішканскага касцёла датаваны 1740 годам.

Да паўднёвай бакавой сцяны касцёла прымыкае жылы корпус. Двухпавярховы аб'ём няправільыай П-падобнай формы, разам з касцёлам утварае замкнёны дворык у форме няправільнага чатырохвугольніка, у паўночна-заходнім вуглу якога быў праход (закладзены) да пляцоўкі перад галоўным фасадам касцёла. Пластыка фасадаў стрыманая. Сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, расчлянёны пілястрамі і завершаны карнізамі. Планіроўка галерэйная. Калідор праходзіць па ўсім перыметры будынка і аб'яднаны з паўночнай сакрысціяй касцёла. Асноўны планіровачны элемент — розныя па плошчы келлі. У паўднёва-заходнім вуглу корпуса знаходзіцца вялікі ў выглядзе рызаліта аб’ём, дзе былі трапезная і бібліятэка. Першы паверх мае скляпеністыя перакрыцці, другі — плоскае.

Цагляная сцяна агароджы вышынёй два-тры метры захавалася фрагментарна ў паўночна-заходняй частцы кляштара. Частка сцяны, якая абмяжоўвае дворык перад галоўным фасадам касцёла, члянёна з унутранага боку глыбокімі паўцыркульнымі нішамі. Вонкавая сцяна гладкая. Брама размешчана перад галоўным фасадам касцёла, аформлена ў стылі барока. Мае двух’ярусную кампазіцыю. Першы ярус з арачным праходам раскрапаваны спаранымі пілястрамі, другі вырашаны ў выглядзе разарванага франтона, сярэдняя частка якога — атык з прамавугольнай нішай для скульптуры. Увенчвае атык трохвугольны франтон.

У Гродна францішкане фармальна з'явіліся пасля фундацыі Еўстахія і Сюзаны Курчы 1635 года. Кароль падцвердзіў гэтую фундацыю толькі ў 1639 г. ( дарэчы, гэты дакумент у арыгінале да 1939 г. захоўваўся ў францішканскім кляштары ). Да 1745 года афіцыйна францішканскі кляштар у Гродне не існаваў, так як кансэкрацыя касцёла і кляштара адбылася 22 лістапада 1744 г., а па іншых крыніцах - у 1761 г..

У 1753 г. пасля пажара кляштар з боку Нёмана быў моцна пашкоджаны. Пасля пажару зменена пластычнае афармленне касцёла і званіцы, перабудавана брама. Згодна з архіўнымі дакументамі, тады "... разабралі купал..., падвысілі калакольню і ўвянчалі яе шлёмам".

Францысканскаму кляштару належылі немалыя зямельныя ўладанні: частка фальварка Панямунь, вёска Кашэўнікі, маёнтак Гнівеншчызна, адзін з маёнткаў Ласосна і вёска Новікі. Праўда, у 1797 годзе Ласосна і Новікі адыйшлі да Прусіі. Расійскія ўлады даволі спрытна адабралі ад францішканаў усе іх маёнткі, замяніўшы іх на фальварак Калбасіно.

Пасля пабудовы ў 1817 годзе капліцы ў Аўгустове, а пазней капліцы на Занеманскіх могілках, абодва храмы сталі філіямі ад францішканскага касцёла. У 1830 годзе ў кляштары жыло пяць манахаў, быў драўляны шпіталь, які згарэў праз два гады. У кляштары працаваў даволі таленавіты скульптар М.Арлоўскі, які быў манахам.

На пачатак XX ст. сюды прысылалі ксяндзоў за благія паводзіны на пакуты. У 1909—1913 гг.у манастыры жылі вучні гродзенскай гімназіі — сябры Гуртка беларускай моладзі: Янка Ляўковіч, Адольф Зянюк і Баляслаў Грабінскі. Сярод святароў касцёла былі святы Максімілян Кольбе і айцец Мельхіёр Юзаф Фардон.

У 1920-я гады XX ст. пад кіраўніцтвам Ю. Ядкоўскага ў касцёле была праведзена навуковая інвентарызацыя і касметычная рэстаўрацыя. У 1980-я гады касцёл быў адным з самых галоўных цэнтраў нелегальнага навучання закону Божаму, якое праводзіў святар Кандрусевіч – пазней Гродзенскі япіскап і архіяпіскап - прадстаўнік Ватыкана на ўсе краіны СНД.

Зараз гродзенскі францішканскі касцёл - адно з месцаў звязаных з культам Св.Максіміліана Кольбе. Для большай часткі гродзенцаў францішканскі кляштар звязаны з шпіталем, які займае частку памяшканняў. Уродлівы корпус гэтага шпіталя значна прынізіў архітэктурную каштоўнасць кляштара ў гарадскім ландшафце.




Адзінаццатага ліпеня // Архиерейский переулок, Малый Садовый переулок, Александровский переулок, Szpitalny zaułek, zaułek Sw. Mikołaja, Zum Grund, Одиннадцатого июля З XVI да канца XVIII ст. тэрыторыя вуліцы адносілася да фальварка Гарадніца. На 1560 г. тут былі гумно, саладоўня, бровар i дом упраўляючага фальваркам. Сама вуліца сфармавалася ў першай палове XIX ст., але асноўная забудова адносіцца да пачатку XX ст. Гістарычная забудова тут нешматлікая, але робіць уражанне найбольш аўтэнтычнага куточка Гродна пачатку XX ст. Усе будынкі адносяцца да перыяду пасля 1885 года. Пад час «рэканструкцыі» 2007-2008 гадоў па вуліцы Адзінацдатага ліпеня было знесена чатыры будынкі.
Адзінаццатага ліпеня № 3 — Складаецца з дзвюх частак: аднапавярховая пабудавана ў 1908 г., двухпавярховая ў 1911 г. Эклектыка. У 1910 г . домам, магчыма, валодаў Гындзіч. У 1914 г. у доме была адчынена харчовая крама. У 1923 г. домам валодаў Гірш Ротфарт.

Адзінаццатага ліпеня № 18 — Дом гаспадарыні Клікс. Год пабудовы — 1898. Эклектыка. У 1886 г. на месцы дома знаходзіўся драўляны дом з сараем, якім валодаў Г. Аўгустоўскі. У 1904 г. сям’я Аўгустоўскіх домам ужо не валодала. Уладальнік дома – А. Мразоўскі. У 1923 г. домам валодала Зоф’я Клікс. Пазней яго набыў стараста Пакроўскага сабора Аляксандр Малашка. Большасць кватэр здавалася за плату. У 1939 г. быў канфіскаваны. Пасля 1944 г. тут жылі супрацоўнікі сілавых органаў i аблвыканкама. Дачка былога гаспадара — Вера Малашка, пражыла ўсё жыццё ў трохпакаёвай прыбудове побач з камяніцай. У доме ацалелі две багата аздобленыя кафляныя печы.

Ажэшкі // «Новая Вертелишская дарога», Вертелишская улица, Роскошь, Садовая, Муравьёвская, Романовская, Orzeszkowej, Adolf Hitler str., Ожешка Адна з цэнтральных вуліц горада. Звязвае Прывакзальную плошчу з плошчай Леніна. Яшчэ ў сярэднявеччы на месцы вуліцы праходзіла дарога з Гродна на Верцялішкі — родавое ўладанне гродзенскага кашталяна Давыда Гарадзенскага. У валочнай памеры 1560-1561 гг, згадваецца, як «Новая дарога да Верцялішак». У магістрацкіх актах XVII-XVIII стст. — дарога міма Гарадніцы, вуліца з Рынку да двара Яго Княжацкай Міласці, Гарадніца і інш. Сама вуліца сфармавалася ў 1760-1780 гг. як частка Гарадніцы— новага раёна го­рада, дзе размяшчаліся мануфактурныя прадпрыемствы, жылыя і грамадскія будынкі. Адзін час называлася вуліцай Раскошы па назве карчмы, што знаходзілася пры ўездзе ў горад, прычым канчалася вуліца таксама карчмой, якая мела назоў — «Галеча» («Нэндза»), што адпавядала маралізатарству эпохі Асветніцтва... У 1802 г. Гарадніца была перададзена гарадской юрысдыкцыі. Пачала інтэнсіўна забудоўвацца пасля 1862 г. як вуліца да чыгуначнай станцыі. У другой палове XIX ст. вуліца называлася Садовая, а на пачатку XX ст., у гонар былога губернатара, атрымала назву Мураўёўскай — маўляў, мясцовыя ўлады ўчынілі гэта наўмысна, каб зрабіць прыкрасць вядомай польскай пісьменніцы Элізе Ажэшцы, чый дом стаяў на гэтай вуліцы. У 1913 г. гарадскімі ўладамі Гродна з нагоды гадавіны царствавання фаміліі Раманавых было прынята рашэнне аб змене назвы вуліц Садовай (Муравьёвой) на Романавскую. Аднак, худчэй за ўсё, на практыцы гэтую змену зрэалаізаваць не паспелі. З усталяваннем польскай улады з 1920 г. вуліца стала ўласна вуліцай Э. Ажэшкі.

Значныя змены ў архітэктурным абліччы вуліцы адбыліся ў 1960-1980-я гады, калі былі разбураны помнікі apxiтэктуры — будынкі кантрольнай палаты, чыгуначнага вакзала, шэраг пабудоў часоў Тызенгаўза. Узведзеныя на іх месцы будынак аблвыканкама, шматпавярховыя жылыя дамы ўнеслі дысананс у архітэктурны ансамбль вуліцы. Адбыўшаяся вясной-летам 1966 г. пракладка водаправода ад вул. Ціміразева да вул. Леніна прывела да таго, што брукаванка 20-30-х г.г., якая даходзіла да магазіна “Охотника и рыболова”, зараз скончвалася насупраць фотаатэлье Дома афіцэраў. Пасля рэканструкцыі вул. Ажэшка ў 2008 г. брусчатка “скарацілася” да перакрыжавання Леніна-Ажэшка. Гэкім чынам было страчана больш за 100 метраў брусчатага пакрыцця вуліцы...

Працягласць каля 1 км.

Ажэшкі № 1 — «Палац князёў Масальскіх», «дом купца Фрумкіна», «дом паштовага ведамства», чыгуначны тэхнікум, рэктарат медінстытута. Пабудаваны на гэтым месцы як палац князёў Масальскіх каля 1742 года быў моцна пашкоджаны пажарам 1782 г. Каля 1795 г. перабудаваны. У архітэктуры будынка выкарыстаны элементы стыляў барока і класіцызму. Па-між 1831 і 1843 гг. выкуплены купцом I. Фрумкіным. У 1868-1903 гг. арандатарам будынка было паштова-тэлеграфнае ведамства. Першапачаткова на працу ў тэлеграфную кантору не бралі жанчын, аднак ужо ў 1875 г. — праз дзесяць год пасля адмены забароны — на гродзенскай тэлеграфнай станцыі працавалі чатыры жанчыны. Першымі тэлеграфісткамі былі Вольга Клышынская, Аўрэлія Рэймер, Паўліна Сальтус і Эма Гайдамовіч. У 1884 г. да крыла пошты з боку вуліцы Саборнай (сучасная Савецкая) быў дабудаваны будынак суда так, што пры гэтым частка былога палаца ўвайшла ў агульную кампазіцыю. Тут у канцы XIX ст. месціліся розныя казённыя ўстановы і бакалейная крама. Ужо ў міжваенны час будынак займалі аддзел па справах іпатэкі пры акружным судзе, натарыяльныя канторы Л. Бяляўскага, Я. Александровіча, С. Хельміцкага, магазін з алкаголем «Яфе і К°.» і інш. У 1947 г. у будынку размяшчаўся чугуначны тэхнікум. У 1950 г. – трохгадовая школа машыністаў ды чыгуначная санэпідэмстанцыя. У 1956 г. у полупадвальным паверсе была адчынена спецыялізаваная крама па продажу мясных і калбасных вырабаў.

Ажэшкі № 1а — Малебная школа купца Іосіфа Фрумкіна. Год пабудовы — 1910. Знаходзіцца ў двары былога палаца Масальскіх.

Ажэшкі № 2\4 Банк. Пабудаваны каля 1934 г. ( згодна некаторым з даследчыкаў – перароблены з папярэдняга будынка ). Прыклад стылю канструктьгвізма. Архітэктар невядомы, аднак І.Труса лічыць, што ён мог прыналежыць да атачэння Міхала Шчукі.

На гэтым месцы на пачатку XX ст. стаялі камяніцы Дарашкевіч, Вольфа, Эльяшэвіча і знаходзіліся прадпрыемства па вырабе ліманаду і садовай вады Шалома Ялпера і гатэль «Швейцарыя» (ён жа— гатэль «Нью-Ёрк»), у якім у красавіку-жніўні 1922 г. працавала рэдакцыя паланафільскай газеты «Беларускі шлях» на чале з Я. Міткевічам. У 1926 г. тут працавалі аптэчны склад С.Разенталя ды фотаатэлье І.Крэйцера. Летам-вясной 1928 г. тут была сядзіба гродзенскага акруговага камітэта (управы) Таварыства беларускай школы.

На кастрычнік 1944 г. – Камунальны банк, Гродзенская цэнтральная сберагацельная каса № 6416. Падвал і склад пры будынку былі перададзены аптэкуўпраўленню, якія яна займала раней – у 1940-1941 г.г.. У 1945 г. – крамы №№ 13 і 14 “Горпищепромторга”. У верасні 1964 г. тут аткрылася крама № 1 Горпрамторга “Мелодия” па продажу музычных інструментаў і целерадыяапаратуры. У 1960-70-я г.г. – крама “Мелодия”і прадуктовая крама. З чэрвеня 1965 г. – крама “Алеся”.

Ажэшкі № 3 — а) Дом віцэ-губернатара, дом Максімовіча, казённая палата, губернскае казначэйства, дом Камінскіх на Акцізнай плошчы (на 1917), Староства, выканкам абласнога Савета народных дэпутатаў. Пабудаваны ў 1803 г. для Канстанта Максімовіча (каля 1767—1831)— выпускніка Віленскага універсітэта, які за адзінаццаць год у вайсковай службе даслужыўся да маёра, пазней — экспедытар гаспадарчага аддзела Найвышэйшага ўпраўлення Расійскай імперыі, з 1802 г. — дарадца Гродзенскай ізбы скарбовай, прыдворны дарадца, у 1807-1813, 1815-1817 — выконваў абавязкі гродзенскага віцэ-губернатара, а з 1819 г. — гродзенскі віцэ-губернатар. Ягоны дом уяўляе сабою ўзор архітэктуры класіцызму ў расійскім варыянце, даволі рэдкім для Заходняй Беларусі. У канцы лета 1812 г. падчас руска-французкай вайны тут размясціўся штаб караля Вестфаліі Жэрома Банапарта — брата Напалеона, а падчас польска-савецкай вайны летам 1920 г. — Гродзенскі рэвалюцыйны камітэт. 1—2 жніўня праездам тут спыняўся Ф. Дзяржынскі (у гонар апошніх падзей у 1970 г. на доме была ўстаноўлена мемарыяльная дошка). У 1920-я гады сядзіба гродзенскага павятовага староства, міністэрства грамадскіх прац, міністэрства фінансаў. 3 1922 г. на пачатак 1930-х у будынку староства працаваў гарадскі музей. У 1926 г. тут працавала казіно для гарадскіх чыноўнікаў. У 1930 г. тут месцілася рэдакцыя «Gazetу Роlsкіеj Zіеmi Grodzieńskiej». На 1934 г. – Сберагаючая каса Гродзенскага павета. У савецкія часы — выканкам абласнога Савета народных дэпутатаў.

На вул. Ажэшка побач з высокім каменным плотам аблвыканкама да сярэдзіны 1960-х г. знаходзілася бензакалонка.

б) Гродзенскі аблвыканкам — Дзевяціпавярховы будынак, прыклад адміністрацыйных збудаванняў савецкіх часоў. Год пабудовы —- 1966, архіт. I. Міхед; рэканструкцыя — 1979 г.: архітэктары I. Еўдакімаў, У. Праабражэнскі, М. Бярэзін. Пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама ў розныя гады займалі— П. Ратайка (1944-1948), Ф. Ляхаў (1945-1951), I. Канановіч (1951-1961), Н. Малочка (1961-1972), Г. Фамічоў (1972-1978), С. Кабяк (1978-1983), Д. Арцыменя (1983-1993).

Раней на гэтым месцы знаходзілася двухпавярховая карчма „Nędza” ( «Галеча» ) пабудаваная ў 1770-я гады. На пачатку XIX ст. яна была перабудавана пад будынак Кантрольнай палаты, пазней – казённую палату. На 1911 г. прыналежыў Кузняцову ( магчыма, аднак, што з’яўляўся ўласнасцью Ратнера ). Тут працавалі таварыства ўзаемнага крэдыта, Губернскі распарадзіцельны камітэт, Губерскае падатнае прысутсвіе, Уезднае падатнае прысутствіе, Праўленне таварыства ўзаемнага крэдыта ( на 1894 г.), фотамайстэрня Краўзэля (з 1908 г.), кніжная лаўка Заморскай ( на 1915 г. ), знаходзілася кватэра прысяжнага паверанага Броўна ( на 1895 г. ). У 1920-30-х г. мясціўся адзін са склепаў таварыства “Ранак” (“Jutrzenka”). На 1928 г. працавала сталоўка ( рэстаўрацыя ) “Jar” Іоанна Зінко. Будынак быў зруйнаваны пры будаўніцтве аблвыканкама



Ажэшкі № 5 – У 1926 г у будынку знаходзілася Гродзенскае аддзяленне Варшаўскага гандлёва-прамысловага банка, Гандлёвы “Lech”, “Клуб дзяржаўных служачых”, рэстаўрацыя “Пад зоркаю”. Акрамя таго, тут працаваліў урач Сарасек – хірург, спецыяліст па ўнутранным і жаночым хвароба, цырульня А.Касацкай, кандзіцірская “Ziemianska” ( на 1935 ).

З канца 1940-х і да 1969 г. – адрасны стол УУС аблвыканкама. Па стану на 1950 г. у будынку працавалі розныя ворганы і ўстановы: упраўленне галоўнага гарадскога гарадскога архітэктара, гарадскі аддзел народнай адукацыі, аддзел соцзабеспячэння горвыканкама, горжыл упраўленне. З 1956 г. – Гродзенскі гарадскі трэст добраўпарадкавання ( “Гродненский городской трест благоустройства”). У 1960 г. адчынілася крама горпрамгандлю “Детские игрушки”.

11 чэрвеня 1968 г. гарвыканкам прыймае рашэнне пра адводзе зямельнага вучастка УКСу аблвыканкама «…для проектирования пристройки административного здания на 1000 рабочих мест к существующему корпусу облисполкома в квартале, ограниченном улицами Ожешко, Энгельса, Социалистической, Карбышева, со сносом жилых домов и общественно-торговых зданий: № 5 по улице Ожешко, №№ 3, 3а, 3/1 и 5 по улице Социалистической, №№ 8, 10, 12а по улице Эгельса». Дадзім толькі, што гэта быў знос будынкаў г.зв. “першай чаргі”, пасля завяршэння будоўлі прыбудовы былі знесены дама №№ 9, 11 (тут знаходзіліся майстэрні па рамонту тэлевізараў), 13 па вул. Сацыялістычнай, дама №№ 14, 16, 18 па вул. Энгельса і дама №№ 2, 4, 6 па вул. Карбышава. На месцы знесеных будынкаў быў разбіт сквер і стаянка для службовых аўтамабіляў...

Ажэшкі № 6 — Магчыма, дом Шевах Катоўскай. Пабудаваны ў 1924 г. На 1928 г. па адрасы вул. Ажэшка № 6 працавала цукерня Бейзы Катоўскай. У 1961 г. у будынку знаходзілася крама № 42 “Подарки”Гарадзенскага гарпрамгандлю.

Ажэшкі № 8 — Тыповы каменны жылы дом з гандлёвай лаўкай. Быў пабудаваны ў 1894 г. У 1911 г. згодна купчай перайшоў ад дваранкі А. Ротфарт да Аліны Урублеўскай. На 1911 г. у доме размяшчалася галантэрэйная лаўка, майстэрня Андрэс і фотамайстэрня Арцішэўскага.

У 1951 г. адчынілася Гродзенская фірменная крама “Главэлектросвязьсбыта”. Тут у продажы меліся радыёпрыёмнікі і радыёлы, радыялампы, грампласцінкі, дынамічычкія громкагаварыцілі, электраасвяціцелі ды аўтамабільныя лампы, электрапліткі і прасы. У 1960 г. у гэтым жа памяшканні была адкрыта крама № 3 “Электрооборудование”. У 1970 г. – крама № 3 “Огонек” па продажу электратавараў. 3 1984 г. у ім адчынены магазін «Часы». У энцыклапедычным даведніку «Гродна» за 1989 г. адзначалася, што магазін дадаткова «прымае замовы на часова адсутныя тавары, прадае тавары ў крэдыт, прымацоўвае раменьчыкі ды бранзалеты да гадзіннікаў».



Ажэшкі № 8а — Год пабудовы — 1924 ( магчыма – перароблены з папярэдняга будынка ). На месцы камяніц Ажэшка № 6, 8, 8 а на пачатак ХХ ст. знаходзіліся дамы Кобрынскага, Роттерт і Урублеўскіх. Даволі верагодна, аднак, што некаторыя з узгаданых вышэй дамоў захаваліся, а даты пабудовы сёняшніх будынкаў пададзены недакладна...

У 1926 г. па адрасу вул. Ажэшка № 10 працавала музычная школа А.Урублеўскай. На 1928 г. па адрасе Ажэшка № 10 месцілася яшчэ адна камяніца Аліны Урублеўскай, у якой працавалі сталоўка Гахінсона, цырульня Уладыслава Кеды, мясны склеп Юркевіча, спажывецкая крама Малевіча. Тады ж па адрасу Ажэшка № 16/18 узгадваюцца цукерня Зельвянскага, рэстаўрацыя Хршанецкага ды спажывецкая крама Голдберга ў доме Зыгмунта Зенько.

У 1950 г. у доме № 8а знаходзіўся Гродзенскі рыбтрэст. 30 верасня 1958 г. Гарвыканкам прыняў рашэнне пра знос жылых дамоў №№ 12, 12а, 14а и 14б пад будоўлю чатырохпавярховага жылога дома. Дом № 10 па вул. Ажэшкі - дом сям’і Урублеўскіх, згодна рашенню Гарвыканкама ад 14 студзеня 1959 г. быў перанесяны на вул. Маякоўскага. Зусім верагодна, што ён захаваўся там да гэтага часа...

У 1955 г. у доме № 12 знаходзілася механічная майстэрня арцелі “Прогресс” па рамонту маталічнага посуда, прімусаў, керасінавых лампаў, керагазаў.

У доме № 14 (познее ён стаў № 16) знаходзілася партрэтная майстэрня і фотаатэлье № 6 Горбыткамбіната. У 1956 г. адчынілася майстэрня арцелі “Прогресс” па рамонту кожгалантырэйных вырабаў. Побач з ёй у 1960 г. было пабудавана “Кафе-мороженое” на 80 посадочных месцаў, больш вядомае ў горадзе як г.зв. “Телевизор”, якое разам з атэлье знеслі ў маі 1966 г. “…в целях благоустройства улицы Ожешко”. На гэтым месцы ў ліпені-жніўне 1968 г. быў разбіт невялікі сквер “…в честь 50-летия Белорусской республики и Компартии Белоруссии” у выглядзі тэрасаў, якія спускаліся ў бок р. Гараднічанкі...

Пасля будоўлі чатарохпавярховага дома, на ягоным першым паверсе размесціліся майстэрні па рамонту радыяапаратуры, музычных інструментаў, гадзіннікаў, а так сама цырульня ды фотаатэлье № 1.



Газон на скрыжаванні вул. Ажэшкі i Сацыялістычнай — У будынку, што стаяў на гэтым месцы, у савецкі час працавала крама «Табак» і пад гэтай назваю ён і захаваўся ва ўспамінах мясцовых жыхароў. Тым ня меньш, на пачатак ХХ ст. гэта камяніца належала, худчэй за ўсё, Кузняцову. У міжваенны час тут размяшчаўся склад і крама вяндлінаў, а на 1926 г. па адрасу вул. Паштовая № 2 працавала цырульня Х.Дашуты. Уласна да крамы “Табак” з канца 1940-х тут была піўная, затым з 1959 г. ў краме № 40 былі ўсталяваны аўтаматы па продажу газаванай вады, піва ды віна, а сама ўстанова атрымала сярод насельніцтва назву “Автопоилка”. Рашэнем Гарвыканкама ў другім квартале 1964 г. продаж віна і піва быў забаронены, што сталася першым крокам да закрыцця крама. После ліквідацыі “Пиво-воды-соки” ў красавіку 1968 г. была адчынена фірменная крама Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Неман” – “Табак”.

Побач, на самім скрыжаванні, падчас баёў 20 верасня 1939 г. быў падбіты адзін з савецкіх танкаў, а ўся ягоная каманда — загінула.

На супрацьлеглым баку скрыжывання сёняшніх Ажэшкі-Сацыялістычная ў 1926 г. працавала тытунёвая крама К.Алендскага. Ужо ў 1960-80-я г.г. на гэтым самым месцы знаходзіўся галоўны рэкламны стэнд горада, выкананы з бетона...

Ажэшкі № 9 — Бровар баніфратараў, дом І.Фрумкіна, акружная лячэбніца, упраўленне гродзенскай паштова-тэлеграфнай акругі, паштова-тэлеграфная кантора, акружны суд, камера пракурора, камера таварышча пракурора, камера старэйшага натарыўса ( на 1894 г. ), акружная ўправа, “Главпочтамт”. Год пабудовы— 1795, Перабудаваны ў 1857-1859 гг. Капрамонт— 1944 г. Помнік грамадзянскай архітэктуры XIX ст. Узнікненне шпіталя ў Гродне звязана з дзейнасцю ордэна ксяндзоў Баніфратараў, які ў канцы XVIII ст. меў драўляны будынак шпіталя на вул. Баніфратарскай (гл. вул. Свярдлова). У 1808 г. імператар Аляксандар І падараваў ордэну цагляны двухпавярховы бровар па вуліцы Верцялішскай дзеля перабудовы яго пад шпіталь для бедных. Аднак яшчэ каля 1812 г. будынак выкарыстоўваўся у якасці склада. Пасля скасавання ордэна шпіталь быў перададзены Прыказу грамадскага апекавання для размяшчэння акруговай лячэбніцы. У 1857 г. пад наглядам губернскага архітэктара В. Міхаэліса будынак адрамантаваў i перабудаваў купец I. Фрумкін, які стаў яго ўладальнікам i заключыў кантракт на 30 гадоў на здачу будынка ў арэнду пад акруговы шпіталь. У кнізе Е. Радзішэўскага «Гістарычнае апісанне г. Гродна» 1860 г. згадвалася, што: «на вуліцы Раскоша з непрыгляднага, напаўразбуранага каменнага дома адбудаваны выдатны двухпавярховы будынак Акружной лячэбніцы». Iзiдор Нагумовiч (1800-1842), беларускi ўрач, ўдзельнiк падзей 1833; працаваў тут у 1839 г. - Мiкалай Беклямiшаў, выдатны гродзенскi ўрач; працаваў тут з 1882 г. У 1891 г. гродзенская гарадская ўправа зацвердзіла план чарговай перабудовы будынка. У такім выглядзе ён захаваўся да нашага часу, з тым, што ў аперацыйнай зале ў сярэдзіне будынка быў купал. У другой палове XX ст. з галоўнага фасада будынка зніклі тры чыгунныя балконы, ліквідаваны купагт, a люкарна на цэнтральным атыку да апошняга часу была закрыта абстрактнай выявай тэлефоннага дыска. Са снежня 1902 г. тут размяшчаліся акруговая ўправа i паштова-тэлеграфная кантора з кватэрамі для службоўцаў. У 1920-1930-я гг.— упраўленне пошты i тэлеграфаў. Тут таксама знаходзіўся гродзенскі філіял Таварыства аб'яднанага гандлю i прамысловасці А. Ярашэвіч, М. Маліноўскі i К°. У 1926 г. у будынку размяшчалася фотамайстэрня “Modern”, а па стану на 1928 г. па адрасу Ажэшка № 9 працавала так сама пякарня і цукерня Акстржовскай.

Моцна пацярпеў пад час Другой Сусветнай вайны. У 1946 г быў падрыхтаваны наступны праект рэстаўрацыі будынка Паштамта:”…Фасад большого двухэтажного здания украшают три симметрично расположенных портала с четырьмя пилястрами каждый. Центральный портал будет увенчан гранитным барельефом герба Белорусской республики. Под ним – красивые часы. Массивная стеклянная дверь ведет в вестибюль, в центре которого будет установлена скульптура товарища Сталина. Вдоль стен, по обеим сторонам вестибюля, устанавливаются абонентские ящики. Красиво и величественно будет выглядеть просторный операционный зал. Пять массивных колонн, пересекающих центр этого зала, будут держать на себе громадный, площадью свыше трехсот квадратных метров, плафон… На втором этаже почтамта разместятся областное управление связи, бюро контроля почтовых переводов, “Союзпечать”, клуб работников связи с большим зрительным залом”. У выніку, будынак страціў тры чугунныя гаўбца, былі ліквідаваны купалы, а люкарня цэнтральнага атыка – схавана. Апошні рамонт 2003 г. змяніў ягоны агульны выгляд у адносна лепшы бок...


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка