Афганская шкатулка Аповесць




старонка8/13
Дата канвертавання10.05.2016
Памер1.77 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

увесьчасным наглядам. Ведаючы, што за табою сочаць. Што вам з мяне трэба? Што вас цікавіць? Абяцаю расказаць вам усё.

Віка слухала, затаіўшы дыханне. Нарэшце! Вось ён, даўно чаканы момант!

— Але ў мяне ёсць умова, — працягваў Крушынскі. — Вы павінны маўчаць і надалей. Таму што тайна, якую пачуеце, тычыцца не аднаго мяне. Гэта… дзяржаўная тайна. Згода?

Хлопцы пераглянуліся. Вочы ў іх гарэлі.

— Згода!

— Абяцаем, клянёмся!…

— Тады спачатку я хачу паслухаць вас.

Дарэчы, заадно і пазнаёмімся. Хлопцы не паспелі адкрыць раты, як іх

апярэдзіла Віка:

— Гэта Цім, злева — Валік!

— Не паказвай на людзей пальцам, — заўважыў ёй Крушынскі. — Мяне можаце зваць дзядзька Барыс. Дык хто я такі, па-вашаму? Хто пачне?

Валік штурхнуў Ціма плячом. Той ветліва, у кулак, адкашляўся.

— Спачатку мы (зноў штуршок плячом)… ну, адзін я… думаў, што вы…

— Смялей, смялей! — падбадзёрваў Крушынскі.

— Што вы — злачынец… Што хаваецеся тут, у лесе, ад пераследу…

— Так, так, разумею. А потым?

— А потым, — цяпер Валік заспяшаўся гаварыць, — мы зразумелі, што тут нейкая тайна! Вы выконваеце важнае дзяржаўнае даручэнне!

— Словам, я — агент спецслужбаў?

— Так, — адказаў Валік.

Віка слухала разявіўшы рот. Вушам сваім не верыла. Дык вось яно што! Як яна адразу не здагадалася?!

— Можа, нават здагадваецеся, якое заданне я выконваю? — дапытваўся Крушынскі.

— Мы думаем…

— Смялей!

— Мы думаем, што вам даручана знайсці тут, у нашых ваколіцах, месца для ваеннай базы, — нерашуча сказаў Валік.

— Альбо месца для будаўніцтва шахт для запуску ядзерных ракет, — дадаў Цім.

Крушынскі аж сумеўся. Нейкі час вялікімі вачыма пазіраў на хлопчыкаў. Потым прамовіў:

— Значыць, і на нашым пакаленні гэтая мілітарысцкая брыдота не закончылася… Значыць, і вам — з такіх гадоў! — напаўняюць бедныя галовы тым жа самым… Скажыце мне, дзеля Бога! — ускінуўся ён раптам, — навошта нам, «маладой,

мірнай» краіне Беларусь ізноў спатрэбіліся ракетныя шахты?! Ваенныя сакрэтныя базы?! З кім мы сабраліся ваяваць? Каму пагражаем кулачкамі?! Калі гэта ўсё скончыцца?!

Здзіўленыя гэтым нечаканым яго маналогам, дзеці маўчалі. Ды яны і не ведалі, што казаць.

Проста яны не разумелі дарослага Крушынскага.

Раздзел ХVІ

Крушынскі расказвае пра сябе. — Афганская вайна. — Новы герой — Васіль. — Шкатулка з палаца Аміна. — Чорны жэмчуг. — Хто пра што думае.
Ды Крушынскі і сам хутка астыў. Нібы спахапіўся, што трохі не ў той стэп яго нясе, што крыху не той кантынгент слухачоў у яго, таму і пытанні ягоныя не па адрасе.

— Забудзем пра гэта! Не, хлопцы, не, Віка! Не шукаю я тут месца для ваеннай базы. І не збіраюся будаваць ракетныя шахты. Аднак я здзіўлены. Вы амаль угадалі!

У гэты момант параўнаўся з вакном і заглянуў у яго зыркі сонечны промень. У леснічоўцы зрабілася светла.

Віцы, якая сядзела збоку ад Крушынскага і магла бачыць яго ў профіль, падалося, што ў вачах у таго блукаюць хітрынкі.

— Усё трохі прасцей… Я сапраўды выконваю тут спецзаданне. Магчыма, не менш важнае за вашы ваенныя базы… І з дакументамі ў мяне ўсё ў парадку. Віка можа пацвердзіць. Канечне, я не павінен быў бы расказваць вам гэта! Але раз вы даказалі, што ўмееце трымаць язык за зубамі, і раз ужо я абяцаўся — так і быць, раскажу… Што вы ведаеце пра Афганскую вайну? — спытаў ён раптам.

— Афганскую? Усё ведаем!

— Многа чаго!

Хлопцы загаварылі наперабой.

— У нас два мужчыны ў Вялікай Паляне жывуць, якія там ваявалі!

— І яшчэ адзін загінуў!

— Помнік яму стаіць, на могілках!..

— Усё? — выслухаўшы іх, спытаў Крушынскі.

— Усё.

— Ну што ж, і гэтага нямала. Улічваючы, што вас яшчэ, мабыць, і на свеце не было. калі тая вайна пачалася. Навошта яна ўвогуле была патрэбна? — справа іншая, не пра тое пакуль гаворка. А пра тое, што нам, спецслужбе, — сказаў ён важна, робячы націск на гэтым слове, — таскама работы хапала; у шапку спаць не даводзілася. Былі сярод салдатаў незадаволеныя, былі здраднікі, былі такія, хто трапляў у палон да «душманаў» і іх завярбоўвалі там… Вось імі, у асноўным, і займаліся. А цяпер уявіце сабе вялізны ваенны шпіталь пад Масквою. У двух карпусах — цяжкапараненыя, што паступаюць сюды з Афганістана. Само сабою, яны нас больш за ўсіх астатніх і цікавілі. Да таго ж



зручна было кантраляваць іх. Усе ў адным месцы. Многія месяцамі прыкутыя да ложкаў… Бясконцыя размовы, розныя крамольныя выказванні… Словам, раздолле, растор, самае шырокае поле дзейнасці для нас, спецслужбаў (Крушынскі яўна лоўжываў

паўтарэннем гэтага слова). Дык вось. У некаторых палатах стаяла апаратура для падслухоўвання. Не ва ўсіх, канечне, і не круглыя суткі мы сядзелі з навушнікамі — такое толькі ў фільмах бывае… Але адна палата нас асабліва зацікавіла. Ляжаў у ёй паранены «афганец»… Паранены нават не тое слова. Быў ён без рук, без ног, сляпы — але ж гаварыць мог! Пры жаданні, канечне. Цікавіў ён нас найперш сваім службовым спіскам, а таксама біяграфіяй. Родам з Беларусі, безбацькавіч, з дзіцячага дому. Служыў у спецыяльным дэсантным батальёне, тым самым, які прымаў удзел у штурме палаца кіраўніка Афганістана Аміна яшчэ аж у 1979 годзе; тады ж — гэта вам для агульнага развіцця — у Кабул упершыню і ўвайшлі савецкія танкі. Пачалася вайна. Неўзабаве наш герой патрапляе ў палон да "душманаў". Уцякае адтуль пры самых загадкавых

абставінах… Калі яму верыць, з дапамогаю нейкай афганскай дзяўчынкі — акурат як Жылін у «Каўказкім палонніку»; чыталі?

— Не-а.


— Ну, гэта няважна. Неяк ён уцёк, акрамя таго вынёс на сабе хворага знясіленага таварыша… Герой, словам! Аднак і ў герояў свой лёс, і ім не заўсёды

шэнціць. Тым больш на вайне, тым больш на «афганскай». Былі ў іх там такія снайперы: падскочыць такі з-за пагорачка, стрэліць у паветры, прыцэльна стрэліць! — і падае. Усё за паўсекунды! невядома, адкуль стрэл, дзе снайпер? — а наш нежывы ўжо…

Карацей, знайшоўся і на нашага героя свой снайпер. І быў ён, герой, канечне, а не снайпер, у выглядзе абрубка дастаўлены ў падмаскоўны ваенны шпіталь. Усе дактары, ды, відаць, і сам ён, ведалі, што жыць яму ад сілы месяц.

У ваенных шпіталях свая атмасфера. Бяда, калецтва далёка не заўсёды збліжаюць людзей, часцей наадварот, раз’ядноўваюць. З нашым «афганцам» ніхто не хацеў сябраваць. Ды і нас, спецслужбы, ён наўрад ці зацікавіў бы, каб раптам не аб’явіўся ў яго прыяцель. Звалі яго… ну, скажам, Васіль. Таксама пасля службы ў Афгане паранены ў сківіцу і ў руку. Пачынае ён нашага героя даглядаць.Прыбіраць за ім, карміць з лыжачкі… Ці проста таму рабіў ён гэта, што беларус і меў добрую душу, ці…

Вось тут мы, спецслужбы, задумаліся! А можа, было ў яго штосьці на розуме? Можа, штосьці хоча ён у нашага абрубка выведаць?

— А што… ў яго можна выведаць?! — выкрыкнуў у нецярпенні Цім.

— Не перабівай! — цыкнула Віка.

— Аднойчы, — спакойна працягваў Крушынскі (як бы аповесць якую па кніжцы чытаючы), — наш чалавек выпадкова ўключаецца ў палату… І адразу налятае на сюрпрыз! Васіль з «афганцам» адны ў палаце. І «афганец» штосьці ціха расказвае яму. Не ўсё, але сёе-тое нашаму чалавеку ўдаецца запісаць…

Але якой важнасці нават гэтае «тое-сеё»! Прыкладна вось што паведаміў сябру «афганец». Пры штурме палаца Аміна — а палац, трэба заўважыць, быў проста раскошны — у адным з пакояў наш «афганец» убачыў на століку маленькую шкатулку. Дужа прыгожай яна яму падалася, каб можна было ўтрымацца ад спакусы прыхаваць яе за пазуху… Ён і прыхаваў. Тым больш, ідзе бой, страляніна, крыкі, стогны… Каму тут справа да нейкай шкатулачкі?! Калі ж са штурмам было ўсё пакончана і батальён дэсантнікаў атрымаў перадых, у цёмным кутку ён адчыніў свой трафей і…

— Золата?! — укрыкнуў, аблізваючы перасохлыя вусны Цім. Ён і да гэтага сядзеў, як іголках; усё ў ім бунтавала.

— Бяры вышэй, — пасміхнуўся Крушынскі. — Каштоўнасці! Шкатулка была з верхам набітая каштоўнымі каменьчыкамі. Алмазы, сапфіры, ізумруды, рубіны, а галоўнае — чорны жэмчуг! Які лічыцца самым каштоўным у свеце. У прыродзе сапраўднага яго вельмі мала, здабываюць яго толькі ў адным месцы — каля берагоў Паўднёвай Афрыкі.

Крушынскі змоўк, паглядваючы на дзяцей. Разумеючы, што цяпер творыцца ў іхніх душах. Шкатулка, каштоўнасьці, рэдкі жэмчуг, бераг Паўднёвай Афрыкі — а сляды вядуць у іхнюю глухамань, у Вялікую Паляну!

Віка думала: з якім цікавым чалавекам ёй пашэнціла пазнаёміцца і быць разам. Валік — што Цім не памыляўся; звязаны гэты барадач-Крушынскі з тайнай, ды яшчэ з якою!..

А Цім, у якога ніколі не было сумненняў у тым, што яго родныя мясціны самыя прыгажэйшыя, багацейшыя і загадкавыя за ўсе іншыя на зямлі, — Цім ужо працаваў фантазіяй на будучыню. Ён ужо бачыў перад сабою гэтую інкрустацыяй аграненую

шкатулку, ужо адчуваў у руках прыемную яе цяжкасць, ужо знаходзіў яе і перасыпаў у пальцах, як гарошыны, чорны жэмчуг!

Раздзел ХVІІ

Працяг маналога Крушынскага. — Узлёт і падзенне Васіля. — Цім прагне разблытаць

гісторыю. — Зарок маўчання. — Матацыкл.

— Далей!

— Калі ласка, дзядзька Барыс!

— Што сказаў Васілю «афганец»?!

— Далей, — пачаў Крушынскі, — мы расчулі наступнае. Мне ўдалося, казаў афганец Васілю, пераправіць шкатулку ў Саюз. І цяпер яна знаходзіцца ў…

— У Беларусі, у Вялікай Паляне! — уклікнуў Цім.

— Ды перастань ты круціцца!

— І перабіваць, — дадала Віка. Яна як бы ўжо нейкае права мела на Крушынскага, не давала яго ў крыўду, заступалася за яго.

— У Беларусі, у ваколіцах Вялікай Пляны. — пацвердзіў Крушынскі. — Далей «афганец» амаль шаптаў. І нам мала што ўдалося расчуць. Напрыклад — «я ўжо нежывы, я ведаю, — ціха казаў ён, — таму пра шкатулку ведаеш ты адзін… Усё

тваё… Паедзеш туды… Зробіш… Абяцай, што зробіш…» Тут у палату пачалі заходзіць іншыя хворыя, і «афганец» замоўк. І тыя апошнія яго словы было адзінае, што мы, спецслужбы, мелі. Назаўтра «афганца» забіраюць на аперацыю, потым — на

другую… Словам, ён памёр.

Што да Васіля, той, неўзабаве выпісаўшыся са шпіталя і дэмабілізаваўшыся, пачынае паводзіць сябе дзіўна. Канечне, у нас ён на заметцы. Мы сочым за ўсімі яго дзеяннямі і перамяшчэннямі. А ён першае што робіць — гэта едзе ў сяло Вялікая Паляна і

ставіць на свае грошы…

— Помнік! — Ціма не проста было суняць

— Так. Той самы, які вы згадвалі сёння. На месцы, дзе пахаваны ваш зямляк-«афганец». Пасля чаго наш Васіль нібыта забыўся пра ўсё на свеце. Ды й то, можна яго зразумець! Малады, здаровы, разумны. Прайшоў вайну. З медалямі. Ад дзяўчат няма адбою. А тут яшчэ такое пачынае заварочвацца!.. Перабудова, канец Савецкага Саюза,

вольны бізнес, лёгкія грошы, вясёлае, невядомае раней жыццё… Тут аб усім забудзеш, не тое што пра хваравітае трызненне нейкага калекі і пра нейкую міфічную шкатулку! Наперабой завуць Васіля ў розныя фірмы, абяцаюць залатыя горы. Пачаў ён з целаахоўніка, затым вырас да менеджэра, потым — камерцыйнага дырэктара… Грошы шалёныя, замежныя паездкі, рэстараны. іншамаркі…

Галава кругам у Васі! А мы з яго вачэй не спускаем. І не ўмешваемся. І дачакаліся. Вельмі хутка пайшлі ў Васіля няўдачы. Сяброў у яго не было; там дзе «круцяцца» вялікія грошы, сяброў ніколі не бывае. Сям’ёю не абзавёўся. Пасады свае пагубляў, прычым у зваротным парадку: камерцыйны дырэктар — менеджэр — целаахоўнік — проста вартаўнік, пакуль не выгналі зусім. Пачаў наш Васіль піць. Улез у даўгі, прадаў усё, што можна было…

А тут яшчэ звалілі на яго нейкую махінацыю, з камп’ютэрнай тэхнікай звязаную, «падставілі» яго, і хоць следчыя разабраліся, што ён тут ні пры чым, аднак месяцы тры давялося праваляцца на нарах…

— Вось і ўсё, — абарваў сам сябе Крушынскі. — У нас ёсць самыя дакладныя звесткі,

што неўзабаве Васіль павінен тут з’явіцца. Тады ён і выведзе нас на месца, дзе схавана шкатулка. Віка, пераглянуўшыся з хлапчукамі, нерашуча спытала:

— А ён… хіба не мог забраць яе раней?

— Не мог. У камеру да яго мы падсадзілі свайго чалавека. Аднойчы Васіль і прагаварыўся. Маўляў, так і так, вось выйду адсюль, адпачну, адляжуся… А потым махану ў адно месца, дзе мяне капітал чакае. Раней, сказаў яшчэ Васіль, грошы і без таго вадзіліся, таму не было патрэбы чапаць гэты свой «персанальны банк»… Вось цяпер і мы яго пачакаем! Каб узяць цёпленькім, а шкатулку з каштоўнасцямі вярнуць таму, каму яна па законе належыць — дзяржаве.

— Пачакайце… Вось толькі… — Валік зрабіў задуменны выгляд.

— Што толькі?

— Навошта чакаць Васіля? Няўжо нельга самім паспрабаваць адшукаць шкатулку?

— І то праўда! — падтрымаў Валіка Цім. — Мы ж тут усё чыста ведаем, кожны куточак!

— Не раю вам гэтым забіваць сабе галаву. Без Васіля шкатулку нам не знайсці ніколі. Няўжо вы думаеце, што за пятнаццаць гадоў мы б яе не адшукалі б, каб можна было?! Пра шкатулку забудзьце. Нас павінен цікавіць толькі Васіль. Цім уздыхнуў расчаравана.

— А можа, паспрабаваць усё-ткі? — спытаў з надзеяй. — Яшчэ раз? У нас у сяле жывуць два «афганцы» былыя… Можа, з імі што-небудзь звязана?

— Нічога з імі не звязана! — адказаў Крушынскі. — За каго вы нас, спецслужбы,

прымаеце? На іх мы выходзілі, і неаднойчы. Апытвалі. Глуха! Яны зусім у іншы час служылі ў Афганістане. Так што ўсе канца губляюцца, і толькі Васіль можа іх разблытаць. Зразумела?

— Зразумела…

— І чаму я вам гэта расказваю — таксама? Вы проста змусілі мяне! Бо я баяўся, што вы разнясеце розныя плёткі па ўсім сяле, і нейкім чынам Васілю пра мяне стане вядома… Тады ён яшчэ не скора тут паявіцца! Але раз ужо вы аб усім ведаеце — самі павінны разумець: цяпер мы звязаны адной вяровачкай. Цяпер вы проста вымушаны маўчаць!

Згода?


— Яшчэ б!

— Канечне!

— Мала маўчаць; раз вы ўжо ў курсе справы, дык павінны яшчэ і памагаць мне!

— Мы згодныя!

— Але як?! Чым?!

— Ну, напрыклад, вы ж разумееце, што я часта не магу бываць у сяле… А вы жывеце там. Гуляеце, лазіце паўсюль… Хлопцы вы назіральныя, сур’ёзныя, умееце трымаць язык за зубамі… Таму патрабуецца ад вас ўсяго толькі — заўважаць незнаёмых падазроных людзей. Кожны з іх можа аказацца Васілём. І тады дакладваць мне. Усё гэта не за так, не за бясплатна, — дадаў Крушынскі. — Калі вам пашэнціць, калі вы справіцеся і высачыце Васіля, вас чакае ўзнагарода. Хто з вас што б хацеў?

Пытанне дык пытанне! Тут любы задумаецца! Гэта ж яшчэ гледзячы што разумее пад «узнагародай» Крушынскі… Можа, для яго гэта — звычайная аўтаручка з блакнотам? А можа, аўта… мабіль! А можа, пуцёўкі ў кругасветнае падарожжа? Паміж аўтаручкай і аўтамабілем разбежка ой-ё-ёй, і трэба яшчэ ведаць межы гэтай будучай узнагароды!.. Дый ці не розыгрыш гэта?

Але Крушынскі быў сур’ёзны.

Віка адвярнулася і абыякава пазірала ў вакно. Каму-каму, а ёй узнагарода не свяціла.

— Ну? — падагнаў хлопцаў Крушынскі. — Ты, Цім, што хацеў бы?

— А можна… матацыкл? Хоць бы «Мінск»! — дадаў ён паспешліва і чамусьці вінавата.

— Матацыкл? А колькі табе гадоў?

— Трынаццаць…

— Дык як жа ты «на правы» здасі?

— А ён бы стаяў у мяне ў гаражы, чакаў, пакуль вырасту!

— Будзе табе матацыкл, — урачыста паабяцаў Крушынскі.

На тым і развіталіся. Быў прызначаны дзень, калі хлопцы могуць наведвацца ў леснічоўку — серада, і час — толькі раніцаю. І, само сабою, каб ні адна жывая душа не даведалася!

Калі хлопцы пайшлі, Крушынскі не хаваў радасці.

— Ну, цяпер, спадзяюся, можна жыць спакойна, — сказаў ён.

Але Віка была панурая.

Раздзел ХІХ

Прывабнасць тайны. — Цімава прага дзейнасці. — Помнік. — Два «афганцы». — Паход да Міколы Танкіста. — Валікаў сакрэт.

І так, цяпер усё стала на свае месцы. Усё было зразумела: хто такі «барадач», чаго ён тут ашываецца, што за «нявольніка», ці лепш сказаць, «нявольніцу» трымае ў сваёй леснічоўцы… Усё было проста, нават будзённа… Але вось жа дзіва! Рэальнасць і будзёнасць гэтыя аказаліся нашмат цікавейшымі за ўсе фантазіі!

Пасля знаёмства з Вікаю і з Крушынскім жыццё нашых хлопцаў набыло зусім іншы сэнс. Бо адна справа — проста жыць, як і ўсе навокал. Есці, піць, спаць, тэлевізар глядзець, урокі вучыць… У хакей гуляць, на лыжах па лесе гойсаць…

І зусім іншая — ведаць тое, чаго ніхто больш не ведае! Жыць з адчуваннем тайны. Насіць яе ў сабе. Ды яшчэ якой тайны! Дзяржаўнай, з каштоўнасцямі звязанай... Ужо адно ведаць пра гэта — амаль тое самае, што шукаць скарб, нават яшчэ цікавей!

А на двары нарэшце ўсталявалася сапраўдная зіма. Са сваімі снягамі, траскучымі маразамі, ранішнім інеем на дрэвах і вечаровымі зоркамі на небе. Вось-вось будзе любімае свята — Новы год. Школьная елка… Зімовыя канікулы… Таму няпраўдаю будзе сказаць, што Цім з Валікам так ужо «зацыкліліся» на пошуках шкатулкі з каштоўнасцямі, каб не заўважыць і не цаніць іншых радасцяў жыцця.

І ўсё ж! Недзе на трэці дзень пасля выпадку ў леснічоўцы Цім падзяліўся з сябрам сумненнямі:

— А што, калі ён проста маніў нам? Каб перасталі за ім сачыць? Потым — гэтая Віка… Чаму яна да яго ні з таго ні з сяго прыехала?

— Ну, чаму… — няпэўна адказаў Валік. — Не ведаю! Сама яна не гаворыць, а распытваць няёмка. Зрэшты, а чаго ты яшчэ хацеў? Мы і так даведаліся больш, чым трэба. І пра барадача, і пра яго «закладніка». Больш мы проста нічога не можам!

— У тым і справа…

Няўрымліваму Ціму прагнулася дзейнічаць. А прастору для дзейнасці было якраз і няшмат. Склаўшы рукі, сядзець і чакаць, пакуль аб’явіцца ўласнай персонаю Васіль? Добра. Але нават такое пасіўнае чаканне не магло быць да канца апраўдана. Ну, дапусцім, прыедзе Васіль. І што — ён будзе гуляць па ўсім сяле, галаву задраўшы? У ва ўсіх на вачах?

Хлопцам заставалася толькі паспрабаваць вызначыць тыя вельмі нямногія шляхі, якія хоць неяк, хоць ускосна, але перасякаюцца з «афганскай» гісторыяй. Можа, і намацаецца якаясь танюткая нітачка? Пацягнуўшы за якую, можна будзе паспрабаваць разблытаць увесь клубок…

Першай зачэпкай тут быў помнік загінуўшаму «афганцу». Другой — два жывыя аднасяльчаніны, што некалі ў Афганістане служылі.

— З помніка і пачнем, — вырашыў Цім.

Пайшлі на могілкі.

Цяпер, зімою, апошні прытулак «афанца» ўяўляў сабою белы сумёт. Нават агароджа па самы верх была замецена. Са снегу вытыркаўся адно помнік. На ім быў барэльеф салдата, які адной рукой абапіраецца на АКМ, а другой цягнецца да… валошкі. Барэльеф крыху нагадваў манумент «Смага», што ў Брэсцкай крэпасці. Толькі там салдат імкнецца да вады.

Нічога не прынёс агляд помніка. Пастаялі каля яго хлопцы. Паспрачаліся яшчэ: а ці бываюць у Афганістане беларускія валошкі? Сышліся на тым, што нават калі і няма, то гэта — даволі прыгожы сімвал. Вобраз чалавека, які цягнецца, як сасмяглы да вады, да сіняй кветкі далёкай Радзімы…

Затым сябры паўдня правялі ў сельскай бібліятэцы. Вывучалі кнігу свайго раёна, якая называлася «Памяць». Кніга была таўсценная і цяжкая.

Асабліва зацікавілі нашых хлопцаў тры раздзелы. Першы, пад назваю «Героі і ахвяры», пачынаўся такімі дубовымі словамі: «Па рашэнню ЦК КПСС і Савецкага ўрада ў канцы 1979 г. на тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Гісторыя дасць канчатковую ацэнку афганскай вайне, але, якой бы ні была гэтая ацэнка, ніколі не забудуцца гераічныя подзвігі нашых воінаў у далёкай краіне»…

Другі раздзел называўся — «Не вярнуліся з Афганістана». Восем чалавек з раёна загінулі; у раздзеле прыводзіліся іхнія біяграфіі, вытрымкі з пісем і фотаздымкі.

І трэці, самы кароткі — «Тут шануюць іх памяць». Канчаўся гэты раздзельчык вершам. Да таго ён лёг хлопцам на душу, што Цім папрасіў у бібліятэкаркі ручку і паперу і акуратна перапісаў яго, каб вывучыць потым напамяць.

З краіны афганскай вярнуліся ў цынку —

Не суджаны быў ім шчаслівы працяг.

Сівее матуля няўцешная: «Сынку!..»

І бацьку пячэ невыносна ў грудзях…

Хай слёзы твае нам сумленне апаляць,

Бо ці ж перад імі няма ў нас віны?

Няхай зберажэ наша горкая памяць

Абраннікаў гэтай нянашай вайны.3

Апошнія словы гэтага цудоўнага верша білі, здавалася, проста ў сэрца…

Пасля бібліятэкі вырашына было праведаць жывых «афганцаў».

Адзін, Колька Танкіст, жыў побач, на Сяле, другі, па мянушцы Кандагар, далёка — у Зарэччы. Цяжка было нават уявіць сабе двух больш розных людзей. Хаця і дзіўна гэта! Абодва ж прайшлі праз аднолькавае пекла, абодва паварыліся ў адным і тым

жа катле — і які розны вынік!

Колька Танкіст быў чалавек набожны, ціхі, калі не сказаць затурканы. Не піў, не курыў, ніхто ніколі не чуў ад яго лаянкі, ніколі не ўступаў ён у спрэчкі, з кожным, і старым, і малым, згаджаўся, ківаючы галавою; усе ведалі, што гэта ў яго нервовы цік пасля кантузіі.

Кандагар піў бязбожна, лаяўся так, што хацелася заціснуць вушы. П’яны, ганяў з сякераю жонку з дзецьмі. Абодва «афганцы», дарэчы, мелі свае сем’і і дзяцей — амаль аднагодкаў нашым Ціму з Валікам.

Калі хлопцы смела ўвайшлі ў чужы двор, Колька Танкіст калоў дровы. У дужых яго руках смачна гэкала сякера. Убачыў хлопцаў, спыніўся на паўзамаху. Паклаў сякеру на калодку. Выцер аб куфайку рукі. Нібы якія важныя начальнікі да яго прыйшлі, а не два падшыванцы. Зрэшты, так ён паводзіўся з усімі, паводле прынцыпа — раз чалавек завітаў да мяне, значыць ёсць у яго пільная патрэба; адкладвай работу і давай яму ўвагу.

Хлопцы ў першы момант нават разгубіліся ад такой ахвотнай паслужлівасці дарослага мужчыны. Цім нічога не прыдумаў, як выдаць сходу:

— Дзядзька Мікола, вы знаёмыя з такім Барысам Крушынскім? Які ў лесе жыве? Ён, як і вы, з Афганістанам неяк звязаны. Колька Танскіст заківаў галавою сцвярджальна — маўляў, так, ведаю. А адказаў адмоўна.Я забыў пра ўсё.

Сур’ёзны, поўны адказ. Якія тут яшчэ могуць быць пытанні? Аднак у Ціма знайшлося адно:

— Дзядзька Мікола, вось вы былі ў Афганістане… Скажыце. адтуль можна было

што-небудзь вывезці? Ну, золата там… Альбо каштоўнасці… І калі можна, дык якім чынам?

Можна, можна — заківаў дзядзька Мікола. А адказаў:

— Рукі-ногі з галавою. Гэта адзінае, што адтуль можна было вывезці. Даў Бог вярнуцца жывым — вось і самыя большыя каштоўнасці.

Да Кандагара няма сэнсу ісці, — панылым голасам сказаў Цім, калі хлопцы выйшлі на вуліцу.

— Канечне, — згадзіўся Валік. Тут толькі да нашых сяброў дайшло: якія ж яны ўсё-ткі наіўныя! На што тут можна было спадзявацца? Канечне, такі шлях, што яны выбралі, быў тупіковы. Не кажучы ўжо, што іхняя залішняя цікаўнасць магла толькі пашкодзіць Крушынскаму. Ён жа іх папярэджваў, каб не лезлі нікуды, маўчалі. — А можа, цяпер сходзім у леснічоўку? — прапанаваў Валік, скоса зіркнуўшы на сябра:

здагадаўся той ужо, ці не?

Не прызнавацца ж яму было, што на яго падзейнічала ўся гэтая «афганская» гісторыя з зусім іншага боку, чым на Ціма. Не так яго зацікавілі міфічная шкатулка з каштоўнасцямі і яшчэ больш міфічны Васіль, як рэчы больш празаічныя. Валіка

ўразіла судакрананне да чужога жыцця. Гэты лес, заснежаная ўтульная хатка, дзе няма ні святла, ні радыё, ні газет, ні тэлевізара… Затое ёсць адна дзяўчынка з горада Гомеля.

Наш Валік проста закахаўся. Яму падабалася тое, што Віка вельмі прыгожая. Што яна паводзіць сябе зусім не так, як смяшлівыя, несур’ёзныя, пуставатыя іх аднакласніцы — а як амаль дарослая. І ўсё адно лёгка з ёю! Якая ў яе сціплая і добрая ўсмешка, які прыемны голас!.. І загадкавая яна не менш за Крушынскага. З якой яна сям’і? Як яна вучыцца? Якія кніжкі любіць? Хто ў яе сябры?

Усё гэта было нова нашаму Валіку. І заманліва. Вось чаго яго цягнула ўвесь час у лясную хатку.

Аднак Цім, здаецца («дзякаваць Богу», падумаў Валік), ні аб чым не здагадваўся.

— Табе што было сказана? — спытаў ён. — Без патрэбы там не з’яўляцца. Толькі раз на тыдзень, і толькі ўвечары, каб ніхто не бачыў.

— Гэта я помню, — адказаў Валік, стрымаўшы ўздых.

Раздзел ХVІІІ

Цім дабіваецца свайго! — Дзве гісторыі, якія ён супастаўляе і робіць адкрыццё. — Валік зайзросціць сябру.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка