Афганская шкатулка Аповесць




старонка5/13
Дата канвертавання10.05.2016
Памер1.77 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

— Ага.

Доктар расчыніў сакваяж, выклаў на стол навушнікі танометра, «грушу», слухавую трубку, металічны бліскучы малаточак.



— Распранайся да пояса.

Дзяўчынка кінула ўмольна-спалоханы позірк на Крушынскага.

— Рабі, што кажуць. Гэта ж доктар!

Крушынскі дэманстратыўна адвярнуўся. Прысеў перад цёплай яшчэ грубкаю. Пачаў збіраць да ладу яе ўчарашнія рэчы. Усё было ўжо сухое. Боцікі таксама высахлі ўсярэдзіне, толькі зверху пакарабаціліся, і загнуліся насы…

— Так, нос у парадку, — чулася Крушынскаму ад стала. — Язычок высалапім… Яшчэ… Дыхаць… Не дыхаць… Цяпер спіною… Выдатна! Сядзем на табурэтачку… Валёнак здымем, нага на нагу… Так… Дзяўчынка войкнула, Крушынскі ўздрыгнуў, але не павярнуўся.

— Усё! Можаш апранацца і бегчы ў ложак.

Доктар пачаў складаць у сакваяж інструменты. Дзяўчынка забралася на тапчан і зноў закрылася коўдраю да барады. Крушынскі запытальна глядзеў на доктара.

— Выйдзем на двор, — прапанаваў той. Голас у яго быў такі, нібыта яму зараз адкрылася нейкая тайна.

На двары абодва яны закурылі. Падляцеў і пачаў ласціцца да ног Крушынскага Барс.

— А добра тут! — прамовіў доктар. — Ціха, чыста… Гэта мая даўняя мара — таксама жыць аднаму, на прыродзе… Але не магу — сям’я! Жонка хоць і памерла ўжо, але дачка ёсць, зяць, унук… Усім памагаць трэба. Дзеля іх і жыву…

— Што з дзяўчынкаю? — перапыніў гэтыя недарэчныя, нецікавыя яму аўтабіяграфічныя падрабязнасці Крушынскі.

— З дзяўчынкаю? А дазвольце пацікавіцца, хто яна вам?

Пытанне было нечаканае. Аднак Крушынскі справіўся.

— Вы што, з міліцыі? — рэзка сказаў ён. — Ці вы ўсё ж доктар? У нас з вамі якая была дамова? Ні аб чым лішнім не пытаць і нічому не здзіўляцца. За гэта я вам плачу… Зрэшты, магу і адказаць! Што тут такога? Гэта мая… пляменніца. Прыехала ў госці, пайшла адна ў лес, гуляць, ну, і заблудзілася, пасля прыхварэла крыху…

— Усё, усё! Больш чым дастаткова. Пляменніца, дык пляменніца, — ахвотна згадзіўся доктар. — Дык вось, вашая пляменніца — абсалютна здаровая дзяўчынка. Як мы з вамі. Ці, лепш сказаць, як вы — я хоць і сам доктар, але здароўя даўно не маю, як той кравец, што застаўся без ботаў…

— Вы не памыляецеся? — усхвалявана перапытаў Крушынскі.

Яму раптам так радасна стала, што яна здаровая. Цяпер ён гатовы быў забыць, што доктар несімпатычны яму; Крушынскага адразу пачалі раздражняць гэтыя бегаючыя вочкі, гэтыя смяшкі, гэтае ўвесьчаснае паціранне рука аб руку…

Доктар перахапіў яго позірк.

— Мерзнуць, — патлумачыў, — пальчаткі забыў на стале. Дык вось: у яе невялічкія, зусім бяскрыўдныя хрыпы ў лёгкіх і зноў такі невялічкая прастуда — нават грыпу няма. Абмаражэння, пра якое вы кажаце, я не знайшоў і слядоў. Хіба што, відаць, праводзілася прафілактыка?

— Я расціраў яе крыху снегам.

— Ну і добра. Хоць гэта і не рэкамендуецца, але, як кажуць, не так важныя лекі — абы памаглі! Іншае… — доктар запнуўся.

— Што?


— Прабачце, я вымушаны гэта сказаць. Вы плаціце мне немалыя грошы і я хачу адпрацаваць іх шчыра… Не хацелася б умешвацца, і таму падобнае, але мне здаецца, у Іры — Іра, яе ж так завуць?

— Доктар, бліжэй да справы!

— Што ў яе звычайнае знясіленне. Яна кепска харчуецца. Ёй не хапае элементарных вітамінаў. Потым, не крыўдуйце, яна запушчаная. Ёй трэба проста ў лазню. А таксама каларыйная ежа, чыстая пасцель, святло, цяпло, свежае паветра — словам, хоць бы нейкі перыяд нармальнага жыцця.

Крушынскі думаў аб чымсьці сваім. Доктару падалося, што ён не чуе яго апошніх слоў.

— Ёй патрэбны нармальныя ўмовы жыцця, — паўтарыў ён гучней. — Такі мой ыягназ, ён жа адначасова і рэцэпт.

Гэта Крушынскі пачуў.

— Зразумела. Дзякую. Вы і праўда вельмі харошы доктар, як мне вас і рэкамендавалі.

— Ну, дык! — расплыўся той ва ўсмешцы. — Вы яшчэ не ведаеце, дзе я працаваў, якіх людзі прайшлі пра гэтыя вось рукі…

— Пачакайце. А што ў яе з голасам? Ад чаго ў яе гэта?

— А што ў яе з голасам? — вочы ў доктара смяяліся, рукі паціралі адна адну. — Гэта абсалютна нармальная, такая ж, як мы з вамі, дзяўчынка. Яна ўсё чуе, усё бачыць, усё разумее і выдатна можа гаварыць.

— Вы жартуеце?

— Малады чалавек, — тут доктар нават пакрыўдзіся, — я больш як трыццаць гадоў меў справу з арміяй, працаваў у розных ваенных шпіталях! Пятнаццаць гадоў запар быў галоўным прыёмных камісій у ваенкаматах! Таму паверце — сімулянта мне вылічыць тое самае, як вам раз плюнуць!

— Зразумела… Яшчэ раз дзякую, доктар, — Крушынскі палез у кішэню, выцягнуў пук скамечаных грошай, адлічыў дваццаць пяць даляраў.

— Вось, як і дамаўляліся…

— Прыемна мець справу з такім, як вы!

Доктар грошы пералічыў, разгладзіў, склаў акуратна і схаваў беражліва ва ўнутраную кішэню старэнькага паліто.

— Можна пытанне? Да вас асабіста? — ён, нахіліўшы набок галаву, уважліва разглядаў Крушынскага.

— Канечне.

— Я не мог вас дзесьці бачыць? Паклясціся гатовы, што мы сустракаліся!

— Свет цесны. Магчыма.

— Вы ў Афганістане не служылі?

Крушынскі ўздрыгнуў і ў сваю чаргу ўважліва пазірнуў на доктара.

— Не! — сказаў рашуча. — Я ўвогуле… не быў у арміі.

— Гм… Значыць, памыліўся. Дый то — колькі часу прайшло!

— Многа бывае падобных людзей.

— Гэта праўда…

— Нас чакаюць, — нагадаў Крушынскі. — Чалавек з машынаю.

У хатку ўвайшлі хутка і ўбачылі, што дзяўчынка стаіць каля вакна і прымярае доктаравы пальчаткі. Злоўленая "на месцы злачынства", яна густа пачырванела, сцягнула пальчаткі і асцярожна паклала на стол.

Доктар запіхнуў іх у кішэню:

— У «масквічы» цёпла, — ён узяў сакваяж. У дзвярах павярнуўся і падміргнуў дзяўчынцы:

— Ну, шчасліва! Папраўляйся і не хварэй больш.

Крушынскі пайшоў правесці яго. Стась стаяў каля машыны, задуменна, па-філасофску сузіраючы наваколле. Мабыць, і яму падабалася тут. На твары яго напісана было, што ён удзячны свайму падазронаму барадатаму пасажыру, які нечакана аб’віўся раптам ранняй раніцаю ў тлумным горадзе, выбраў менавіта яго някідкі «масквічок», развеяў яго, Стасевую, падазронасць, ды яшчэ і выцягнуў яго у гэты прыгожы, ціхі, утульны куточак, даў магчымасць супакоіцца, падумаць, падыхаць свежым паветрам — хай сабе і ненадоўга.

Крушынскі аддаў яму пяцьдзесятку.

— Дзякую.

— Гэта табе дзякуй! За тое, што… Зрэшты, сам разумееш!

Крушынскі павярнуўся, каб ісці, Стась паклікаў яго:

— Пачакай!

Нырнуў у машыну. Паказаўся зноў -- з пустым пачкам з-пад цыгарэт, на якім штось было запісана.

— Нумар майго сотавіка. Звані, калі будзеш у Мінску. Я заўсёды твой.

Крушынскі падзякаваў.

На шашу, ужо ведаючы збольшага дарогу, «масквічык» выграбся хутка.

— Дзіўны чалавек! — сказаў Стась доктару, усё яшчэ думаючы пра Крушынскага.

Доктар не абазваўся. Ён быў задуменны.

Потым прамовіў — ці то да Стася, ці то самаму сабе:

— І ўсё ж яго недзе бачыў!

А калі — цяпер ужо злева — прамільгнуў паласаты слуп указальніка, доктар аж уздрыгнуў, ледзь шыю не скруціў, на гэты слуп азіраючыся.

— У вас блакноцік — можна, калі ласка? І ручку.

Стась адчыніў бардачок, падаў. Скасіўшы вочы, ўбачыў, што доктар запісвае — «Вялікая Паляна, 4 км». Стасю здалося, што ў доктара падрыгваюць рукі.

Раздзел Х

Сімулянтка. — Гісторыя Вікі. — Недавер Крушынскага. —Разгубленасць яго. — Нядобры план.

Крушынскі, гучна ляпнуўшы за сабою дзвярыма, увайшоў у хатку. На душы ў яго адбывалася штось незразумелае. З аднаго боку ён адчуваў дзіўную палёгку, проста

гара з плеч звалілася, калі пачуў, што дзяўчынка зусім здаровая. З другога — яму было прыкра, што яго, дарослага, разумнага, вопытнага мужчыну так абвялі вакол пальца. Галоўнае, ён не разумеў, навошта дзяўчынцы гэта? Прыкрасць была і ад таго, што ён ноч не спаў, перажываў за яе, што паўдня прайшлі ў дарэмнай беганіне, клопатах, «разборках» — асабіста яму зусім непатрэбных; і што ён вымушаны быў прывесці сюды чужых людзей, якія зрабіліся міжвольнымі сведкамі

ўсяго…

Крушынскі прысеў на табурэт і моўчкі пачаў пазіраць на дзяўчынку. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што сумленне прачнецца ў ёй і яна першая пачне размову. Але яна вытрымала гэтую цяжкую паўзу.



Толькі што пазірала не на Крушынскага, а ўбок кудысьці. Рукі яе нервова церабілі коўдру, насунутую па бараду.

Крушынскаму нічога не заставалася, як пачынаць самому.

— Так, мая мілая. Ты мне дужа дорага абышлася, каб я цябе вось так проста пакінуў у спакоі, каб ты і далей магла ламаць сваю камедыю. Зараз ты мне раскажаш усё. Праўду раскажаш. Я чакаю.

— А што… сказаў доктар? — ціха спытала яна.

Гэта былі першыя яе словы. І так дзіўна было чуць іх тут, сярод гэтых сцен! Крушынскі аж уздрыгнуў. Разам з тым ён не мог не адзнычыць, што голас у яе прыемны, нейкі падманліва анёльскі; не псавала яго нават лёгкая асіпласць ад прастуды.

— Доктар сказаў, ты абсалютна здаровая. Так што я цябе ўважліва слухаю. Хто ты, адкуль, як апынулася ў лесе, чаго замярзала там? І галоўнае — што ты думаеш рабіць далей?

Адказ прыгучаў толькі на апошняе пытанне.

— Нічога. Мне няма куды йсці…

— Ну-ну! Гэта ты мне кінь адразу! Няма куды йсці… Што ты гэтым хочаш сказаць?

Яна маўчала.



  • Можа, ты сабралася тут жыць? Я правільна зразумеў? Ты думала пра гэта, прызнайся? А ты дапускаеш, што такі варыянт можа не задавальняць некага? У прыватнасці, мяне, гападара?

«Навошта я з ёю так рэзка?» Крушынскі вырашыў змяніць тактыку.

— Добра, — сказаў ён мякчэй. — Давай спачатку. Як цябе завуць?

— Віка.

— Ну вось, ужо лягчэй. Дзе ты жывеш, Віка?

— Нідзе…

— Так, пачынаецца! Добра — а дзе ты жыла раней? Жыла ж ты недзе?

— У Гомелі.

— Ну вось! Так памалу і наблізімся да ісціны.

Ужо нешта, ужо можна да нечага прывязацца. Віка з Гомеля, трынаццаць гадоў. Хто ў цябе бацькі? Ну, што ізноў не так? Чаму маўчыш? У цябе ёсць бацькі?

— Не ведаю, як сказаць…

— Кажы праўду.

— Тады — няма ў мяне нікога.

— Стоп-машына!

Крушынскі ўжо бачыў, што кожнае слова давядзецца выцягваць з яе як абцугамі. Але ён быў упарты, да таго ж верыў, што такім спосабам — задаючы ёй пытанні і хвалячы за кожны адказ, ён свайго даб’ецца.

Так і адбылося. Пакрысе дзяўчынка разгаварылася. За ўвесь час, пакуль пераказвала

невясёлую сваю гісторыю, яна ні разу не паглядзела на Крушынскага. Уставілася ў адну кропку — ў вакенца насупраць тапчана, нібы там вісеў якісьці экран, з якога яна і счытвала свой тэкст.

Спачатку Крушынскі слухаў уважліва. На кожнае слова ківаў галавою — так, так, разумею, бывае… У той жа момант ён стараўся не прапусціць ніводнае дэталі, вычэкваючы момант, калі дзяўчынка саб’ецца, заблытаецца і каб на гэтым злавіць яе.

Але яна не збівалася. Гладка, роўна, як па пісаным ліўся прыемны яе голас. І чым больш слухаў Крушынскі, тым больш аповед яе расчароўваў яго. Нейкай дужа сентыментальнай, слёзнай атрымоўвалася гісторыя, занадта ўжо біла на шкадаванне… Мноства такіх гісторый у газетах і па тэлевізары. З імі ўжо настолькі звыкліся , што

цяжкавата нават бывае ўвайсці ў страшны іх сэнс — менавіта ад таго, што так многа іх. І ўжо ўспрымаюцца яны як штосьці нармальнае, будзёнае, як прагнозы сіноптыкаў ці праграма тэлебачання.

Нарадзілася і гадавалася наша Віка (калі ёй верыць, канечне) у горадзе Гомелі. Бацькі ў яе не было, а быў айчым, які больш часу праводзіў па турмах, чым на свабодзе. Жылі ўдвух з маці ў маленькім пакойчыку камунальнай кватэры; акрамя

іх яшчэ тры сям’і. Кухня, прыбіральня, душ — усё агульнае… Маці ў рабочай сталовай мыла посуд. Словам, добра ці кепска, але жыць неяк можна было. І толькі калі на кароткія перыяды вяртаўся з турмы айчым, гэтае жыццё ператваралася ў кашмар.

Пакойчык рабіўся нейкім прытонам. Чужыя людзі — «сябры», лаянка, п’янкі, разборкі…Толькі і засталося з тых часоў у памяці, што заслона цыгарэтнага

смярдзючага дыму ды бразканне парожніх бутэлек пад сталом. Напіваючыся, айчым любіў паказаць сваю праўду і сілу — лупцаваў кожнага, хто пад руку, не глядзеў ні жонкі, ні падчаркі, ні «сябра», ні суседа…

Канчаліся гэтыя гулі заўсёды адным і тым жа. Міліцыя, пратакол, суд — і доўгая камандзіроўка ў казённы дом, які быў для айчыма бліжэй чым родны. Толькі тады нарэшце ўздыхалася ім з маці вальней. Хоць паспаць можна было, хоць урокі спакойна павучыць, хоць паесці — маці часта прыносіла са сталовай аб’едкі (так і сказала Віка Крушынскаму — аб’едкі). Тады ж наладжвалася і справы ў школе,

Віку пачыналі хваліць, ставілі добрыя адзнакі… Аднойчы іхні клас вазілі ў Мінск, у цырку там былі, гулялі па скверы Янкі Купалы, які насупраць цырка… Гэта запомнілася, як адна з нямногіх радасцей. Яшчэ неяк на Новы год раздавалі ў школе гуманітарную

дапамогу, і ёй таксама дасталіся дзве вельмі прыгожыя мяккія лялькі, прысланыя добрымі людзьмі з Галандыі.

Апошні суд «упаяў» айчыму аж чатыры гады. За гэты час можна было б і забыцца на яго; аднак ён на іх не забыўся. Патрапіў пад амністыю, ужо ўлетку выйшаў на волю. Мала таго, яшчэ і з нейкімі грашыма вярнуўся. Яны там, у турме, рабілі мэблю, вось ім і налічвалі грошы, а пры выхадзе аддавалі. Айчым не пытаў, ці ёсць у падчаркі сукенка, абутак, ці можа яна якую шакаладку хоча… Усё да капеечкі ішло на выпіўку. Адразу ж, нюхам чуючы, паспаўзаліся ўвечары такія, як сам. І назаўтра, і

напаслязаўтра… А жнівень канчаецца, у школу вось-вось — і няма ў чым ісці ў тую школу! Аднак і гэта можна было б перажыць неяк, каб не самае страшнае. Не вытрымала маці. І без таго затурканая, бязвольная, хворая, цяпер яна проста пачала

співацца разам з айчымам і яго кампаніяй.

Апусцілася, пачала лаяцца, зрабілася раздражнёнай, часценька таксама спаганяла злосць на дачцэ, нібы тая была вінаватая… Страціла працу ў сталовай, а разам і мачымасць нешта прыносіць дамоў. Жылі і «гулялі» на айчымавы грошы, і канца не

было відаць гэтаму пеклу.

Паступова дзяўчынка проста перастала з’яўляцца дадому. Бадзяжнічала, добра што верасень быў цёплы. Ні ў якую школу, вядома, не хадзіла. Начавала ў парку на лаўцы, на вакзале, ў падвалах, на паддашшах, у кінутых — пад знос — дамах, нават аднойчы ў скірдзе саломы за горадам «жыла» цэлы тыдзень. Дома яе адсутнасць нікога не трывожыла. Калі заяўлялася зрэдку, каб хоць што перахапіць паесці, бачыла там адно й тое: цыгарэтны дым, пустыя пляшкі і такія ж пустыя вочы людзей, што

сядзелі за сталом, а некаторыя і ляжалі пад ім… Ніхто не спытаў, дзе ты прападаеш, дзе начуеш, што ясі? А ёй спачатку сяброўкі-аднакласніцы насілі сякую-такую перакуску, потым перасталі, і зразумела чаму — ім, хатненькім, чысценькім, дагледжаным было сарамна важдацца з ёй, бяздомнай бадзяжкаю. Пачала хадзіць па чужых кватэрах, хлусіла, што яны з бежанцаў, або пагарэльцы. Хто даваў — грашыма, прадуктамі, хто зачыняў перад носам дзверы, некаторыя лаяліся, пагражалі выклікаць міліцыю. Адзін стары хрыч запрасіў у кватэру і хацеў пацешыцца з яе, ледзьве паспела ўцячы.

Тым часам айчым даканаў свае не такія і вялікія грошы. А піць трэба ж неяк! Хтось з кампаньёнаў прапанаваў мудрае выйсце: прадаць пакойчык, адзінае, што яшчэ можна было прадаць. Тут жа, як з-пад зямлі вырасшы, з’явіліся дабразычліўцы, ветлівыя маладыя людзі, прапанавалі свае паслугі ў афіцыйна-бюракратычным афармленні здзелкі; і праўда — уміг пакой аказаўся прыватызаваны (суседзі, шчаслівыя, што пазбавяцца нарэшце ад абрыдлай сямейкі, падпісвалі ўсе паперы, не

чытаючы), потым прададзены, а ранейшыя гаспадары, айчым з маці, атрымалі свой «барыш» — суму, за якую купілі роўна дваццаць пляшак гарэлкі! Калі Віка чарговы раз прыйшла, як яна лічыла, дамоў, высветлілася, што нават такой дамоўкі ў яе больш няма. У пакоі жылі чужыя людзі. Айчым, расказала добрая суседка, якая заўсёды любіла Віку, за тыдзень прагуляў барыш, узяўся «чысціць» чужыя дачы. Асабліва любіў ён паядаць марынаваныя гуркі з памідорамі ў слоіках. За гэтым заняткам у адной з дач міліцыя яго і заспела, а хуткі суд вярнуў яго ў родныя сцены турмы. Што да маці, дык спачатку яна ашывалася каля крамаў, збірала пляшкі, затым знікла. Бачылі яе нібыта на аўтобусным вакзале, нібыта на чыгуначным…

Канчалася восень. Пачыналася зіма, а з ёю — вятры, снягі, сцюжа…. Удзень Віка бадзялася па горадзе, заходзіла ў магазіны і ў тыя ж вакзалы пагрэцца, жабравала па кватэрах. А ўвечары ехала электрычкай за горад, у адну пустую дачу — там выцягваўся з дзвярэй прабой. Закутвалася ў лахманы і начавала на падлозе. Памятаючы горкі айчымаў вопыт, ні да якіх слоікаў з марынадамі і кампотамі нават не дакраналася, хоць часта якая брала спакуса! Усё ж вечна так цягнуцца не магло. Хтосьці высачыў яе, сказаў гаспадарам. Тыя замянілі не тое што прабой з замком, а нават і дзверы — з драўляных на металічныя. Заставаўся адзін шлях — на вакзал. Там аднойчы яны і сустрэліся, бяздомныя маці з дачкою. Віка ледзь пазнала яе. Матуля была цвярозая,

плакала, кляла айчыма, скардзілася, што зусім хворая. Але чым магла памагчы ёй дачка? Маці раптам дастала з адной са сваіх сумак, якімі вечна абчапляныя бамжы, абрывак навагодняй паштоўкі, настолькі стары, пашарпаны, што нічога, што там

напісана, амаль нельга было разабраць, толькі прозвішча. «Гэта нейкая айчымава цётка… з Сімферопаля, — праз кашаль казала маці, — найдзі яе… Можа, і прыме… Пра мяне не думай, ратуйся, дачушка, сама! Падай у ногі, прасі, малі…» — «Ды як мне яе знайці, тую цётку?!» — «Мо ў якім адрасным стале, мо ў міліцыі, мо так хто падкажа… Прозвішча ж вядома!» На развітанне Віка дала ёй грошай, што настарцавала па людзях, сабе пакінула адну драбязу — у лазню схадзіць, ды ў танную цырульню, ды купіць што ў дарогу.

За Гомелем, на Чарнігаўскай трасе яе падабраў першы ж дальнябойшчык. Узрадваная, на нават увагі не звярнула, што пасля вялізнага моста — развілкі, дзе сыходзілася, перапляталіся і разбягалася ў розныя бакі дзесятак малых і вялікіх дарог, яны паехалі не на поўдзень, а на захад — на Мінск. Калі сцямнела, дальнябойшчык пачаў прыставаць да яе. Яна ўкусіла яго за руку. Тады ён спыніўся і высадзіў яе — нават не высадзіў, а проста выкінуў з кабіны. Вакол быў лес і мяла завіруха. Усё далейшае ён,

Крушынскі, ведае. Дзяўчынка пайшла ў гэты лес, стараючыся забрацца чым глыбей, затым наламала пад ніз лапак і легла пад хвойку. Помніць яна толькі, што стала ёй добра, цёпла — і больш нічога.

— Дык ты пагэтаму нямой прыкінулася? — спытаў Крушынскі. — Быў свежы прыклад з гэтым … дальнябойшчыкам?

Яна кіўнула.

— Ясна… Ану, пакажы мне той абрывак паштоўкі, — папрасіў ён.

— Паштоўка ў сумцы засталася, а сумка ў машыне.

— Як?! — ён аж ускочыў з табурэткі. — Ты адзіны свой паратунак не пры сабе насіла, а ў нейкай сумцы?!

— Ды я помню прозвішча, — абыякава сказала яна, — а больш там не разабраць, усё расплылося.

— Ну і то добра, што хоць прозвішча запомніла… Хаця! — Крушынскі машынальна

выцягнуў цыгарэты, але схамянуўся, што ён не адзін ужо. Кінуў пачак на стол. — Хаця мала верагодна, што і там ты некаму будзеш патрэбная… Нават калі і знойдзеш тую цётку… А ўвогуле, — прыйшло яму раптам на розум, — чаму я павінен табе верыць?

Ён уважліва, як бы выпрабоўваючы, паглядзеў на яе. Яна маўчала.

— Во папаў… Во ўліп, дык ўліп… Ну, добра, не крыўдуй. Я табе веру. Кожнаму слову. І што цяпер рабіць?

Яна паціснула плячыма.

— Не магу ж я цябе тут пакінуць!

— А чаму і не? — спытала яна раптам, і далей, не даючы яму апамятацца, загаварыла хутка: — Я б да вясны толькі пажыла — і ўсё! Я памагаць вам буду, есці варыць, падмятаць…

Ашаломлены, ён моўчкі глядзеў на яе. І толькі калі ўбачыў, што ў яе вішнёвых вачах — мальба скрозь слёзы, узарваўся:

— Ты думаеш, што ты кажаш?! Падмятаць! Ды табе вучыцца трэба, за партаю ў школе сядзець, а не ў глухамані, без святла без радыё, з чужым дарослым дзядзькам… Калі б ты была хоць хлопчыкам! — вырвалася ў яго міжволі. Ён замоўк тады, зразумеўшы, якое глупства вярзе. А калі б хлопчык, дык што? Ніякіх гасцей! Ні хлопчыкаў, ні дзяўчынак!

Не для таго ён так крута мяняў сваё жыццё, каб звязваць яго з кім бы там ні было! Ды і ўвогуле — што гэта такое? Гэта нейкі абсурд, з якога боку ні глянь! Гэта ж не сабака прыбіўся, не кот — чалавек, тут нават чыста юрыдычныя могуць быць наступствы!

Трэба ж некаму паведамляць, звязвацца з уладамі, нейкімі камісіямі, міліцыямі… Не, не, ніякай гаворкі тут нават быць не павінна!

— Прабач, я крычу, злуюся, — сказаў ён, астываючы, — гэта лішняе. Давай так. Ты хочаш тут застацца? А мне што казаць людзям? Калі яны даведаюцца?

— А ніхто не даведаецца. Удзень я не буду выходзіць з хаткі, як сёння.

— Не выдумляй! — ізноў давялося яму павысіць голас. — Табе трэба са сваімі аднагодкамі быць, з маткаю, з цёткай крымскаю… не ведаю, з кім! Але не са мною! Ты ж зусім не ведаеш, хто я, што я…

— А я табе веру, — сказала яна спакойна. — І не баюся цябе.

Крушынскі да таго ўразіўся, што нават гэтага «ты» не заўважыў.

— Адкуль такая… ўпэўненасць?

— А проста бачу, які ты. Я ўмею ў людзях добра разбірацца.

Ён гмыкнуў. Смешна было чуць гэтую дзіцячую пахвальбу.

— Разбірацца… З лялькамі табе б яшчэ гуляць, а не ў людзях разбірацца. Значыць, так. Яшчэ раз прашу — выкінь усё з галавы. Ды і бачылі цябе, доктар гэты, і таксісту ён расказаў, канечне! — І зноў запнуўся Крушынскі. Ды што такое! Ён як бы сам хоча пакінуць яе тут, але ўвесь час шукае прычыны, па якіх зрабіць гэта нельга!

— Цяпер, вось зараз, выганяць я цябе, само сабою, не збіраюся. Адпачні, падлячыся… Але заўтра, чуеш? заўтра я адвязу цябе ў горад і пакіну там. Зразумей мяне, Віка. І не крыўдуй. У мяне сваіх клопатаў вышэй галавы. Усё, больш на гэтую тэму не гаворым. Справа вырашана! Крушынскаму і праўда не цярпелася хутчэй, і хоць бы як-небудзь, скончыць і непрыемную гутарку, і ўвогуле ўсю гэтую гісторыю. Ну, нічога, зўтра яна скончыцца!

Ён адчуў раптам голад; успомніў, што і дзяўчынка ж нічога не ела. А ён, сяшаючыся, і не купіў у горадзе нічога.

— У нас жа зайчаціна сохне ў грубцы!

Замітусіўся Крушынскі, пачаў даставаць гаршчок…

Наталіўшы голад зайчацінай, якая зусім не засохла, а аказалася надзіва смачнай, маўчалі. Крушынскі курыў, пускаючы дым ў лаз грубкі. Ён усё думаў аб нечым. І дяўчынка думала.

Ён спытаў:

— Дык ты праўду мне расказала? Пра сябе?

У адказ ён пачуў… хіхіканне. Ён здзіўлена ўталопіўся ў яе. І ўбачыў, што яна ляжыць тварам у падушку. Плечы яе ўздрыгвалі. Тое, што Крушынскі прыняў за смех, былі слёзы. Яна ўсхліпвала. Ён не стаў суцяшаць яе. Толькі моцна зацягнуўся апошні раз, аж да кашлю. Якія тут маглі быць суцяшэнні… Што можа ён зрабіць у гэтай дурной сітуацыі, ды і наогул у гэтым жорсткім, бязлітасным жыцці? У якім нават ён ламаўся, і ледзь выжыў — ён, здаровы, дужы мужчына, салдат! А тут — крохкае, няшчаснае дзіця…

«Як верабей за пазухай», — падумалася яму.

Раздзел ХІ

Раніца. — Зноў у горадзе. — Крушынскі едзе ў тралейбусе. — Віка затрымана. — Міліцыянер правярае дакументы. — Метамарфоза. — Вяртанне ў леснічоўку.

Звечара спаць леглі рана, і прачнуліся рана. Віка, добра ўчара пад’еўшы, выспалася. Яна выглядала зусім здаровай.

— Ты гатова? — без цырымоній спытаў Крушынскі.

Яму трэба было быць суровым, каб не даць пасяліцца ў сабе ні каліва жаласці.

— Гатова…

Папілі гарбаты з малінаю. Крушынскі нецярпяліва пазіраў на гадзіннік.

— Усё, апранайся.

Віка пакорліва выконвала ўсе яго загады. Апранулася. За гэтыя суткі адзенне высахла, яшчэ ўчора Крушынскі нават выбіў на снезе яе паліто, а потым вычысціў шчоткаю, і сяк-так падрамантаваў маланкі на боціках.

Да Мінска дабраліся лёгка і хутка. Крушынскі ўжо ведаў, што ёсць такі харошы ранішні аўтобус, які падбірае пасажыраў нават у цемры на лясной дарозе. На Усходнім вакзале ўсё было рыхтык, як учора. Шэрыя людзі, бляклыя ліхтары, сіплы голас дыспечаркі ў дынаміках… Крушынскі з Вікай стаялі на пероне.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка