Афганская шкатулка Аповесць




старонка3/13
Дата канвертавання10.05.2016
Памер1.77 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

Час, аднак, не цярпеў. Трэба было спяшацца, пакуль ліс не адышоў далёка. Зборы былі нядоўгія. Бушлат на плечы, хлеб, соль, курыва за пазуху, лыжы на ногі, стрэльбу за плечы — і наперад!.. Лёгка кажацца, цяжка робіцца. Не менш трыццаці кіламетраў адмахаў у той дзень Крушынскі. Ліс быў стары і разумны. Відаць, адразу ж зразумеўшы, што сабака нікудышны, ён нават не спрабаваў хітрыць. Бег строга па прамой, нідзе не

зварочваючы. Ён не расходваў сілы на розныя «петлі», на «скідкі», не здвойваў следу — проста пёр сабе ўперад, і не збаўляючы ходу, і не паскараючы. Мяккі снег трымаў яго, а пад цяжкім чалавекам, хоць той і быў на лыжах, правальваўся. Гадзіны праз тры гэтага

гону Крушынскі заўважыў, што апынуўся ў такой мясціне, дзе і не бываў ніколі… Ліс знік. Да ўсяго, пачало псавацца надвор’е. Прапала ў хмарах сонца, з нізкага неба пасыпаўся дробны сухі сняжок. У лесе адразу пацямнела. Вось ўжо і вецер падзьмуў, і мяцеліца закружыла снег, на вачах замятаючы сляды… А вось ужо і сапраўдная завіруха пачынае закручваць… Так, чаго добрага, і заблудзіцца можна!

Крушынскі свіснуў сабаку. Таго нідзе не было. Крушынскі развярнуўся і хутчэй пашоргаў лыжамі па сваім ледзь прыкметным следзе назад.

Сабака сустракаў яго каля хаткі радасным брэхам. Ён, стаміўшыся, проста вярнуўся дамоў. А завіруха між тым круціла ўжо на ўсю поўніцу. І мароз мацнеў: нядобры гэта знак, да страшнай непагадзі — калі і снег ідзе, і мароз не адлягае…

— Ідзі, паляўнічы! — Крушынскі пашкадаваў сабаку і ўпусціў яго ў хату.

Сам запаліў лямпу і знясілена прысеў на табурэт. Барс, віляючы хвастом, падыйшоў і паклаў яму на калена лапу. Крушынскі раптам насцярожыўся.

— Пакажы, пакажы!…

Ён ухапіў гэтую лапу, потым другую, пільна іх агледзеў. На лапах быў жоўты жвірысты пясок; быў ён і ў адтулінах падушачак, і вакол кіпцюроў. Жоўты пясок зімою?! У такі снег? Вось табе і Барс!

— Ах ты малайчына! — пашкамутаў яго за вушы ўзрадваны Крушынскі.

Барс знайшоў нару і капаў яе. Лісу ўдалося падмануць чалавека, але сабаку ён недаацаніў. Цяпер трэба толькі вярнуцца на тое месца, дзе абарваўся

след лісавіна, і яшчэ — цяпер трэба будзе больш давяраць сабаку.

А завіруха гуляла сабе на волі! Гуло ў лесе, трашчалі, рыпелі, плакалі, скардзіліся на нешта хвоі. Сыпала снегам ў шыбінку. Прыйшла сапраўдная зіма. І падобна, што такі рэжым усталюецца цяпер надоўга. Уночы будзе сыпаць снег, бушаваць завея, а раніцай — сонца, звонкая цішыня і велічныя дрэвы ў сваіх белых, іскрыста-сляпучых футрах…

Акурат так на наступны ранак усё і было. Толькі цяпер Крушынскі вырашыў адправіцца ў паход па ліса яшчэ раней, чым учора. На цаліку за ноч з’явіліся новыя сляды. У тым ліку і зайцавы, якія не ўгадаць проста немагчыма.

Крушынскі спыніўся ў нерашучасці. Як быць? Пастаяў, падумаў… Што ліс? Нікуды ён з нары не дзенецца. Ды і ці захоча сёння сабака шукаць яе, тую нару?.. А заяц — вось ён, побач. І здабыць яго прынамсі нашмат лягчэй, чым ліса… Ах, паплыў 33

перад носам пах тушанай зайчаціны, з цыбулькаю, якой поўна ў хатцы, з моркваю, якой поўна ў каморы!.. Крушынскі аж заплюшчыўся і заўсміхаўся, да таго прывабнай была карцінка. І — плюнуў на ліса, памяняў маршрут, паслізгаў па новых слядах.

Ішоў асцярожна, што-раз нагінаўся, стараючыся разабрацца ў заечых хітраспяценнях.

А сабака гойсаў сабе па лесе.

Раздзел V

Нядоўгі зайцаў пір. — Промах. — Удача. — Ізноў завіруха. — Барс у другі раз праяўляе кемлівасць. — Нечаканы «трафей».

Вялікі, адкормлены заяц-бяляк прыпадняўся і застыў слупком. Шырокія пляскатыя ноздры яго разам з характэрнай губою варушыліся, уцягваючы ў сябе снежнае, мноствам лясных пахаў насычанае паветра.

Перад ім была чыстая, як лоб, палянка. Ніжнія лапы хвой, што акружалі яе, прагнуліся пад цяжарам снегу і ўмёрзлі ў яго. Адразу за палянкай пачыналася нізіна, дзе раслі салодкія дубцы лазы, маладога асінніку, дзе нават трапляліся дзікія яблынькі. Але,

каб там апынуцца, трэба было перасекчы адкрытую палянку.

Заяц чмыхнуў і сярдзіта забарабаніў лапамі па снезе, падымаючы белы пыл.

Вакол было ціха, калі не лічыць дакучлівага стракатання сарокі. Але сарока — птушка дурная, яна і ад таго стракатаць можа, што ўбачыла зайца, ці проста так — горла прачышчае… Словам, ніякіх падазроных пахаў і гукаў беляку не ўнюхалася і не

ўчулася. Аднак гэта быў стары, вопытны звер, загартаваны ў баях з іншымі зайцамі; паспеў ён пабываць і ў больш сур’ёзных сітуацыях. Аб гэтым сведчыла адно яго вуха, правае, якое падымалася толькі напалову. Відаць, паспытаў касы альбо

чыіхсьці зубоў, альбо паляўнічага шроту. Таму за свой нялёгкі, поўны небяспекі век заяц прывучыўся верыць не так органам пачуццяў, як інстынкту. Горкі вопыт падказваў яму, што падманлівая гэтая цішыня, небяспечная… Але ж есці трэба!

Нарэшце заяц адважыўся. Падкінуўшы тоўсты, курдзюкаваты зад ён тым не менш за адзін скачок апынуўся на паляне. Адразу ж прысеў, зліўся са снегам, зрабіўся проста белай купінай, зусім непрыкметнаю. Усё было ціха. Смялей ужо, цяпер кароткімі скачкамі ён перасёк небяспечнае месца, пакуль не апынуўся-такі ў жаданай лагчынцы. Спакусліва, перад самым носам вытыркалася з-пад снегу тонкая порасля.

Заяц абнюхаў бліжэйшы дубчык. Асцярожна, пярэднімі зубамі адкусіў — і вось ужо сківіцы яго варушацца хутка-хутка, пераціраючы халодную пругкую мякаць, а касыя вочы прыплюшчваюцца ад насалоды…

У гэты самы момант і ўдарыла. Стрэл прагучаў як гром з яснага неба. Дзесяткі вострых чмяліных джалаў пранізалі беляка. Ён, нібы разагнутая спружына, распластаўшыся ў паветры, з месца зрабіў неверагодны скачок. Затым, пятляючы, знік у лесе,

як і не было яго ніколі. На паляну выкаціўся Крушынскі. На хаду ён

ўстаўляў у стрэльбу новы патрон. Пад’ехаў бліжэй…

— Міма! — ад прыкрасці нават салдацкую шапку-вушанку сарваў з галавы і з размаху кінуў пад ногі.

Потым падняў яе, абабіў снег. Ужо спакайней, ужо зміраны з няўдачай, агледзеўся больш пільна. І тут нейкае падабенства ўсмешкі рассунула яго бараду. Усё ж зачапіў! На месцы зайцавага піру засталася поўсць, некалькі карычневых шарыкаў памёту, якія яшчэ дыміліся, і, самае галоўнае, плямкі крыві.

Крушынскі кінуўся ў той бок, дзе знік заяц. Там быў круты спуск у нізіну. Крушынскага ледзь не сцягнула, у апошні момант паспеў ухапіцца за хвойку. Выбраўся, бокам ставячы лыжы, наверх.

Сабака быў тут як тут. Ён абнюхаў заячы памёт, тады адданымі вачыма ўставіўся ў гаспадара.

— Ну што, — сказаў яму Крушынскі, — дзе наш абед падзеўся? Куды паскакаў? Што мы цяпер есці будзем?

Барс толькі малаціў хвастом па снезе. З усім ён быў згодны. Крушынскі скінуў з плячэй рукзак. Дастаў адтуль паўбохана хлеба, дзве цыбуліны і запалкавы карабок з соллю. Разламаў хлеб на дзве роўныя часткі.

— На!


Атрымаўшы долю, Барс адбегся, лёг пад хвою, заціснуў лапамі мёрзлы акраец і пачаў грызці з трэскам, як костку. Свой кавалак Крушынскі пасаліў, збольшага абцёр цыбуліну і таксама прыняўся за абед. І на яго твары, і на мордзе сабакі чыталася асалода — акурат як у таго зайца, што не так даўно жаваў на гэтым самым месцы дубец… Так, так, Крушынскі! Гэта табе не мінскія валютныя рэстараны, цяпер ты ведаеш кошт гэтаму нішчымнаму мерзламу акрайцу…

Ён схрумстаў цыбуліны, даеў хлеб, укінуў у рот крошкі, выцер вусны і бараду. Сабака даўно стаяў перад ім і, зазіраючы ў вочы, прасіў дабаўкі.

— Усё! — сказаў Крушынскі.

І гэты дзень прайшоў упустую. Змяркалася.

Зноў, як і ўчора, вецярок, зноў сняжок… Крушынскі адзеў рукавіцы, ускінуў на плячо рукзак. І не было б і сёння яму ўдачы, каб не выпадак, каб шлях назад не супаў з маршрутам параненага зайца. Не паспеў ён, аб’ехаўшы кручыну, спусціцца ўніз, як сэрца яго страпянулася ад радасці. Ён убачыў след. Мала таго: на снезе была кроў, ды не кропелькамі, а суцэльнай паласой!

Шлэпаючы лыжамі, Крушынскі пабег па гэтым следзе. Кроў гусцела. Зачапіў, добра зачапіў! Між тым паводзіны параненага зайца былі зусім незразумелымі. Скаціўшыся пасля смяротнага стрэлу з кручыны, цяпер ён, відаць, з апошніх сіл караскаўся… назад, наверх. Крушынскі адкінуў лыжы і, правальваючыся ў снег, ледзьве не на

карачках таксама палез угару. Стрэльба і заплечнік толькі перашкаджалі.

Заяц ляжаў, крыху не дабраўшыся да вяршыны. Цяжкі пад’ём і рана знясілілі яго. Ён быў нежывы. У шкляных вачах адбіваліся заснежаныя хвоі, пад якімі ніколі больш не гуляць касому…

Крушынскаму, аднак, было не да рамантыкі і не да шкадавання. Дзелавіта ён схапіў беляка за заднія лапы, узважыў, затым анучкаю абцёр ад крыві і схаваў у рукзак.

Што значыць радасць здабытчыка! Зусім інакшай была дарога назад. Ноша ў заплечніку не цягнула, а наадварот, толькі надавала сілы. І ўжо не баяўся, як учора, Крушынскі заблудзіцца, хоць надвор’е было рыхтык учарашняму. Мяла завея,

пачынаў заводзіць сваю пагрозлівую песню лес… Крушынскі апусціў вушы ў шапцы. Снег мітусіўся паміж дрэў, ім забівала вочы, ён ляпіўся да каўняра бушлата і барады. Трэба было прыбаўляць ходу, бо калі пачнецца ўчарашняя замець…

Раптам, сярод свісту завірухі і стогну дрэў, Крушынскаму пачуліся дзіўныя гукі. Ён не адразу зразумеў, што гэта голас ягонага Барса. Прычым цяўкае, як сапраўдны паляўнічы сабака, што высачыў звера! Крушынскі паспяшаўся туды. Рука механічна сашморгнула з пляча стрэльбу.

Барс, прыпадаючы да снегу грудзьмі, цяўкаў настойліва і жаласна. Перад ім быў пагорачак велічынёй з мурашнік. Спачатку Крушынскі так і падумаў — гаўкае, дурны сабака, на мурашнік! Усё ж падыйшоў бліжэй. Нагнуўся… і ўскрыкнуў.

— Што такое?!

У самаробным логаве, скурчаны, увесь засыпаны снегам ляжаў чалавек. Крушынскі

разгублена азірнуўся. Вакол быў глухі лес. На міг слізганула думка — завярнуцца і ўцячы. Не ўблытвацца ні ўва што! Мала яму прыгод было на вяку! А рукі тым часам не слухаліся гэтых подленькіх довадаў мозга, а ўжо рабілі сваю работу. Ён скінуў лыжы, сцягнуў рукавіцы і хуценька абчысціў з чалавека снег. Затым прыпадняў яго.

Чалавек застагнаў. Божа мой, жывы! Ён быў жывы. Відаць, зусім нядаўна залёг тут, да таго ж знізу падаслаў хваёвых лапак, ды і апрануты быў у кажушок, а паверх шапкі абвязаны нейкім лахманом ці хусткаю… Ён быў на дзіва лёгкі і Крушынскі зразумеў, што гэта не дарослы, а падлетак, гадоў трынаццаці-чатырнаццаці.

— Уставай, малы! — патармусіў яго Крушынскі.

Аніякай рэакцыі. Трэба было хутчэй штосьці рабіць. Крушынскі прысеў, узваліў хлопчыка на спіну — рукі слаба ашчаперылі яго за шыю. Падняўся. Не такі хлопчык і цяжкі... Ззаду яго будзе падтрымліваць рукзак…

Крушынскі сціснуў зубы, на міг заплюшчыўся і падалося яму, што не лес гэта шуміць, а вухае мінамёт і трашчаць аўтаматныя чэргі, і што не снегам і хвоямі пахне, а порахам і крывёю…

Раздзел VІ

У леснічоўцы. — Лекаванне. — Сюрпрыз. — Неспакойная ноч. — Выправа ў горад.

Доўгай была Крушынскаму гэтая дарога да свайго жытла. А завея ўсё гуляла! Толькі лес, ды снег, ды ледзь не да зямлі прыгнутая постаць чалавека, які з жывой ношай за плячыма прабіраецца некуды праз завіруху…

Калі нарэшце паказалася леснічоўка, Крушынскі быў да таго змораны, што нават не адчуў радасці.

У цёмнай, выстуджанай за дзень хатцы ён зваліў сваю паклажу на тапчан. Сам апусціўся побач на халодную падлогу. Ён быў увесь мокры ад поту. Дрыжэлі намучаныя рукі і ногі. Прыхінуцца б вось так галавою да тапчана і заснуць… Хоць не надоўга — на паўгадзінкі… Нават не распранаючыся, седзячы…

— Устаць! — уголас скамандаваў сам сабе. Падхапіўся.

Намацаў пад столлю газавую лямпу (ні электрычнасці, ні радыё ў леснічоўцы не было), зняў з крука, паставіў на табурэтку, бліжэй да тапчана. Запаліў. Схіліўся над хлопчыкам. Той быў у непрытомнасці, але дыхаў даволі роўна.

Цяпер за справу. Перш за ўсё распаліць грубку, добра, што дровы прынесены загадзя… Неўзабаве пацягнула з грубкі дымам, смалістым, едкім і прыемным адначасова, потым затрашчалі, ўхапляючыся агнём, сухія дровы. Яшчэ больш асветлілася хатка. Былі ў ёй, акрамя тапчана, стол, дзве табурэткі ды шафа — усё нязграбнае,

самаробнае, з сасновых дошак.

Крушынскі прысеў перад грубкай на карачкі, ліхаманкава прадумваючы далейшую чарговасць дзеянняў. Як часта бывае, у самы адказны момант лезла яму ў галаву што заўгодна, акрамя галоўнага — што робіцца пры абмаражэннях?!

Канечне, спачатку агледзець чалавека. Потым, здаецца, расцерці… Чым? Як на зло, няма ні спірту, ні гарэлкі, ні настойкі! Нічога. Снегу затое поўна. Чыгун дастаць... Таз ацынкаваны… Таз вываліўся з рук і загрымеў на ўсю хатку. Крушынскі наступіў на яго нагою і спалохана азірнуўся на тапчан. Потым зазлаваў на сябе — чалавек жа не спіць, а ў непрытомнасці, яго ратаваць хутчэй трэба, а не спакой берагчы!

Прабіў паленам лёд у вядры, што стаяла каля парога, напоўніў вялікі чыгун. У грубку яго. Сам схапіў парожняе вядро, і на двор. Вецер ледзь не вырваў ў яго з рук дзверы. Завіруха так і мерылася ўварвацца ўсярэдзіну жытла і напракудзіць там. Стараючыся выбіраць снег мякчэйшы, без крупінак, без ільдзінак, Крушынскі нагроб яго поўнае вядро, яшчэ і ўтрамбаваў. Барс увесь час лез пад рукі, раздражняючы. Ізноў барацьба з дзвярыма… Сабака-такі заскочыў у хатку, куляю прашмыгнуў у цёмны куток за грубкаю і затаіўся там.

Усё было гатова. Цяпер можна прыступаць да лекавання. Крушынскі высыпаў снег у таз. Ну, і з чаго пачынаць? З ног, рук — ці з твару?.. Але твар не падобна каб быў абмарожаны. Шчокі ружовыя, і не больш.

Крушынскі, асцярожна падсунуўшы пад хлопчыка рукі, паклаў яго ўпоперак тапчана.

Паспрабаваў расшморгнуць маланкі на боціках — не паддаліся, замерзлыя былі, да таго ж старыя, паламаныя.

Тады ён, ціха лаючыся, проста павырываў іх «з мясам», зняў боты, сцягнуў шкарпэткі… Ногі ў хлопчыка былі халодныя, як снег, але не белыя, як бывае пры абмарожаннях, а звычайныя, бледна-ружовыя. Падобна, ён быў проста моцна знясілены, а абмарозіцца не паспеў.

Усё адно расціраць трэба! Толькі не твар. Твар пажадана змазаць салам — на ўсялякі выпадак, каб перастрахавацца. Сала ёсць, праўда, салёнае, але гэта лепш, чым не было б ніякага...

Далей што?

Успомніў — ні ў якім разе нельга абмарожанага чалавека да цяпла! Зойдзецца «ў шпар», тады ад свербу можна проста загінуць.

Галава думала, ўспамінала, а рукі рабілі.

Крушынскі расшпіліў гузікі кажушка. Пад ім аказаўся світэр, а пад світэрам яшчэ і джэмпер — як след укручаны быў чалавек. Штаны спартыўныя, тоўстыя, байкавыя… Ён намацаў гумку на поясе, сцягнуў іх, шпурлянуў у кут; туды ж адправілася і ўсё

астатняе. Разматаў хустку — у кут яе! Матузкі чорнай злямчанай трусавай шапкі завязаны былі вузлом пад самай барадой. Каб доўга з імі не валэндацца, выцягнуў з кішэні паляўнічы нож і перарэзаў іх; зняў шапку — у кут… Падцягнуў яшчэ бліжэй да тапчана табурэт з лямпаю. Трапяткое святло падала хлопчыку на твар.

Толькі цяпер Крушынскі змог як след разгледзець свайго ўратаванца. Хлопчык быў

коратка, амаль пад нуль падстрыжаны. Ад гэтага вушы і рот здаваліся ў яго завялікімі, затое нос быў маленькі і кірпаты. Доўгія пушыстыя вейкі. Поўныя вусны, паўраскрытыя ад дыхання. Белая палоска зубоў…

І чым пільней углядаўся Крушынскі, тым больш нядобрае нейкае прадчуванне ахоплівала яго.

Незвычайны быў гэты твар, нейкі аж задужа прыгожы — нежывой, гіпсавай прыгажосцю… Ці гэта непрытомнасць рабіла яго такім? Паміма волі Крушынскі перавёў вочы ўніз.

Кашулю на грудзях адтапырвалі недвухсэнсоўныя бугаркі.

Усё яшчэ не верачы сваёй здагадцы, ён пацягнуўся рукой да кашулі, каб задраць яе. У гэты момант хлопчык расплюшчыў вочы.

Гук аплявухі аглушыў Крушынскага. Адно, што паспеў ён падумаць, адскочыўшы ад тапчана і паціраючы шчаку — адкуль сілы ўзяліся?!

— Ты… што?! — ускрыкнуў ён. — Ты… дзяўчынка?!

У адказ яму толькі Барс загырчэў са свайго кутка.

Хлопчык… ды не, у тым і справа, што не хлопчык — дзяўчынка падхапілася і села на тапчане. Падабрала пад сябе ногі, стараючыся схаваць іх пад кашулю. З Крушынскага яна не спускала насцярожаных, цёмна-вішнёвых сваіх вачэй. Той таксама стаяў і не варушыўся. Выгляд у яго быў разгублены.

— Гэтага толькі не хапала!..

Потым, стараючыся гаварыць лагодна, каб не напалохаць яе, сказаў:

— Ну, галоўнае, што ажыла. Значыць, ёсць яшчэ сілы? Значыць, не так усё і кепска?

У грубцы даўно кіпеў чыгун. Вада ў ім паднялася пенаю і залівала вуголле. Крушынскі намацаў доле першае, што пад руку — здаецца, дзяўчынкавы штаны, выцягнуў чыгун. Адразу ж і бухнуў яго на падлогу. Гарачы! Добра яшчэ, што не

разліў.

Ён пакасіўся на дзяўчынку. Яму здалося, што яна ледзь стрымлівае смех.

Гэта ўзбадзёрыла яго. Чаго яму зусім не хацелася, дык гэта палохаць яе.

— Так, — сказаў ён строга. — А цяпер паслухай сюды. Мне ўсё роўна, хлопчык ты ці дзяўчынка. Але трэба ведаць, ці не абмарозілася ты. Табе трэба расцерці рукі, грудзі, спіну — чуеш? Так што здымай з сябе зараз жа ўсё.

Не паспеў ён зрабіць і кроку да тапчана, як дзяўчынка ўскрыкнула і закрыла твар рукамі.

— Ты што — во? — ён пакруціў каля скроні пальцам. — Зрэшты, рабі як хочаш! Тваё здароўе, а не маё. Мусіць, не так ты і абмарозілася, калі маеш столькі энергіі…

Яна маўчала, але рукі, праўда, ад твару адняла.

— Добра, давай тады так. Не хочаш расцірацца, дык хоць бы пераапраніся ў цёплае і сухое. Зараз усё дам.

Рашэнне было правільным. Не выганяць жа яе, раз выратаваў і прывалок сюды. Трэба роста менш думаць, а рабіць тое, што рабіў бы ў такім выпадку на яго месцы любы нармальны чалавек. Тады сумленне ў яго будзе чыстае. А ўжо як захоча

паводзіцца яна — закапрызнічае, ці паслухае яго — яе справы!

Крушынскі пакорпаўся ў сваёй самаробнай «шафе». Таксама яшчэ праблема: што выбраць? Не свае ж кальсоны, у якіх яна схаваецца да плеч… Знайшоў сарочку — здаецца, тое што трэба… Чыстая, цёплая, доўгая, можа сысці за «піжаму». Памацаў,

прыклаў яе да шчакі — халодная. Пагрэў перад грубкаю. Увесь час дзяўчынка пільна сачыла за ягонымі дзеяннямі.

— На, — Крушынскі, не рызыкуючы больш прыбліжацца, кінуў сарочку на тапчан. — сваё здымай зараз жа!

На двух табурэтках перад грубкаю, ад якой даўно ўжо хвалямі разыходзілася цяпло, сяк-так прыладкаваў свой стары кажух і яе кажушок. Выліў у таз ваду з чыгунка, пабоўтаў пальцам. Вада была гарачая.

— Яшчэ трэба снегу… Пайду набяру. А ты пакуль пераапранайся.

Свой мокры бушлат накінуў на плечы. Высунуўся на двор. Завея і не думала ўнімацца! Крушынскі адшукаў у двары зацішак. Закурыў. Ну, гісторыя! І шэнціць жа яму на такое!.. Добра — галоўнае, не нарабіць глупства. Хай пераначуе, а

раніцай пабачым.

Ён вярнуўся ў хату. Дзяўчынка ў яго сарочцы сядзела на краі тапчана, апусціўшы ногі ў таз з вадою. Сарочка абвісла ў яе на плячах, а па даўжыні даставала ніжэй каленяў. Яе кашуля валялася каля грубкі сярод іншага хлам’я.

— Вось бачыш, якая ты разумніца! — пахваліў Крушынскі. — Ну, а цяпер, можа, разбярэмся? Хто ты? Як тваё імя? Як ты апынулася ў лесе?

Ніякай рэакцыі.

— Мяне завуць Барыс, ці дзядзька Барыс, ці проста дзядзька — як хочаш, так і заві. Тут я жыву. Да гэтага жыў у горадзе. Што яшчэ табе расказаць… Можаш мяне не баяцца — людзей я і сам баюся. Таму сюды і «пераехаў».

Дзяўчынка зноў толькі моўчкі зіркнула на яго.

Аднак падалося яму, што ў яе вачах ужо няма ранейшага страху. Нааадварот — цяпер была ў іх цікавасць.

— Слухай, — спахапіўся ён, — ты ж, мусіць, галодная!

А дужа і даць няма чаго. Заяц, праўда, дык яшчэ прыгатуй таго зайца… Крушынскі кінуўся ў «камору» — маленькую прыбудову без вакон, якая служыла яму і складам, і халадзільнікам, і пограбам. Адпаласаваў кавалак мёрзлага ружовага сала… Усё? Мала ж яму, аказваецца, трэба. На гасцей яўна не разлічаны яго прыпасы.

Вярнуўся ў хатку. Кажух з табурэткі прэч — на вешалку, пачастунак на табурэт… Сала, цыбуліна, часнычына, хлеба краец… Слоік малінавага варэння, які Крушынскі адкрыў зубамі і ўставіў туды лыжку. Затым перанёс табурэт да тапчана. «Прама ў ложак, сервіс вышэйшага гатунку!» — падумаў іранічна.

Дзяўчынцы было, аднак, не да кулінарана-сэрвісных тонкасцяў. Яна адразу ж

накінулася на ежу. Крушынскі назіраў за ёй ледзь не са страхам. Усяго, здаецца, набачыўся ён у жыцці, і што такое голад, ведаў таксама. Неяк у Афганістане, патрапіўшы ў засаду (заблудзіліся па ўласнай дурасці), яны, чацвёра разведчыкаў, аказаліся адрэзанымі ад сваіх. Трое сутак яны вымушаны былі пластом ляжаць на бахчавым полі, уціскаючыся тварамі ў гэтую чужую, пыльную зямлю. Калі цямнела, яны елі дыні. З таго часу Крушынскі проста ўзненавідзеў гэты плод, нават пах…

Але такога малюнка, як быў цяпер перад ім, яму яшчэ назіраць не даводзілася.

Дзяўчынка ела прагна і без разбору. Варэнне «закусвала» салам, хрумстала часнычынай, упівалася вострымі зубкамі ў чарствы хлеб… Затым цыбуліна —

і зноў поўная лыжка варэння… Яна чвякала і прыцмоквала. На гэтыя гукі Барс не вытрымаў і вылез са свайго сховішча. Нясмела наблізіўся да тапчана, павільваючы хвастом. Дзяўчынка працягнула яму кавалак хлеба. Барс шчоўкнуў зубамі і імгненна праглынуў яго, ледзьве не разам з пальцамі.

— Ану, месца! Вечна галодны! — Крушынскі тупнуў нагою і сабака знік за грубкаю.

З такімі тэмпамі дзяўчынка, канечне, наелася вельмі хутка. Цяпер яна глядзела на Крушынскага ўдзячнымі соннымі вачыма. «Дзякуй Богу, — падумаў ён, — значыць, і праўда, не так яна не абмарозілася, як проста згаладалая была».

— Ну, а цяпер скажаш што-небудзь? Звычайна дзякуюць у такіх выпадках, — сказаў ён, прыбіраючы табурэт з недаедкамі.

Раптам ён убачыў, што дзяўчынка паказвае яму на свой рот. Ён так і застыў з табурэткаю ў руках.

— Ты што… нямая?!

Яна кіўнула галавой: так.

— Ну і ну! Час ад часу не лягчэй… Але ж ты чуеш? І ўсё разумееш?

Ківок галавою: так.

— Ужо нешта… Пачакай! У мяне ж недзе павінна быць…

Крушынскі палез у сваю «шафу», пакапаўшыся там, выцягнуў аднекуль з-пад бязлізны школьны сшытак ў клетку і агрызак хімічнага алоўка:

— Вось — я ж помню, што недзе быў! На, пішы.

Дзяўчынка толькі сумна ўсміхнулася і адвяла яго руку са сшыткам.

— Дык ты што ж… і пісаць не ўмееш?! — ад усяго гэтага Крушынскі сам ледзь не анямеў. — Колькі табе гадоў?

Яна растапырыла пальцы, спачатку дзесяць, потым тры.

— Трынаццаць? Табе трынаццаць гадоў? І ты дасюль непісьменная? Зараз я звар’яцею… Вось ужо сапраўды: не было ў бабы клопату, дык купіла

парася; не было ў цябе, Крушынскі, турбот, дык знайшоў сабе «кватарантку»…

— Ну вось што мне з табою рабіць? — спытаў, як няраз пытаў у свайго Барса, які таксама ўсё разумее, толькі сказаць не можа.

Дзяўчынка, усміхаючыся, паціскала плячыма.

Крушынскі ўбачыў, што яна ўмлела ад ежы, што ёй даўно хочацца спаць.

— Так, давай, дарагая, у ложак, — і на гэты раз яна і не падумала аслухацца. Пакорліва шмыгнула пад коўдру, выцягнулася там. Крушынскі накінуў зверху яе высахлы за гэты час, цёплы кажушок: — Пастарайся ўспацець, добра?

Дзяўчынка кіўнула, засынаючы. Ён закрыў далоняй святло лямпы, аднёс яе на стол. Затым, стараючыся не грымнуць чым-небудзь, знайшоў у «каморы» дзве пустыя бутэлькі: паўлітровую пластмасавую і звычайную, з-пад піва. Спаласнуў шкляную кіпнем, каб адышла пасля холаду. Напоўніў абедзьве вадою і падсунуў дзяўчынцы адну пад бок, другую ў ногі — замест грэлак.

Ён сам з ног валіўся ад стомы, але работы яшчэ быў непачаты край. Хоць бы той жа заяц. Бо чым яе карміць заўтра? У кутку хаткі было спецыяльнае прыстасаванне накшталт «шведскай сценкі». Падвязаўшы да адной з пярочак зайца за заднія лапы, паставіўшы ўнізе таз, Крушынскі спрытна аблупіў яго — скура злезла, як панчоха. У тазе

разабраў. Выкінуў на двор кішкі і выпусціў следам сабаку — цяпер, нябось, не замерзне, пад’еўшы. Ногі, грудзіну — у чыгун, лісту туды, перцу, морквы, хай тушацца… Разаслаў каля грубкі на падлозе кажух, зверху бушлат. Нармалёва! Закрыў юшку ў грубцы,

патушыў лямпу… Але не паспеў улегчыся, як зноў падскочыў.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка