Афганская шкатулка Аповесць




старонка2/13
Дата канвертавання10.05.2016
Памер1.77 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

Гарадскія скупляюць кінутыя хаты пад дачы, будуюць новыя — палавіну поплава ўжо занялі, да лесу падбіраюцца. Лішні чужы чалавек сярод іх навіна невялікая.

Так і сказаў Валік сябру, толькі больш лаканічна.

— Ведаю. Ён жыве ў леснічоўцы. Дык і што?

Мала ў нас тут чужакоў? Ідзеш па вуліцы, дык кожнага другога не ведаеш, што за ён.

Хлопцы зноў пайшлі памалу. Снег суха парыпваў у іх пад нагамі.

— Дай мне слова, што будзеш маўчаць, — сказаў раптам Цім. У голасе яго была загадкавасць.

— Само сабою!

— Дык вось, я і праўда з-за яго гол прапусціў.

Як убачыў, так і забыўся пра ўсё, і пра гульню таксама.

— Але чаму?

— А таму, што ён не такі просты, як нам здаецца. Чаму ён не размаўляе ні з кім у сяле? Нават не вітаецца?

— Ну, хочацца так чалавеку. Прывык адзін…

— Ды ў тым і справа, што не адзін! — вырвалася ў Цімы, але адразу ж, нібы спалохаўшыся чагосьці, ён прыкусіў язычок. — Не адзін, а з сабакам, — перавёў усё на жарт. — А калі сур’ёзна, няўжо ты не адчуваеш тут тайны? Чаму ён адзін?

Чаму усіх староніцца? Адкуль бярэ грошы? Што ён тут, у нас, увогуле робіць?

Валік паціснуў плячыма.

— Мне гэта зусім не цікава, калі шчыра, — прызнаўся ён.

— А табе не прыходзіць у галаву, што ён тут проста хаваецца? Ад некага ці ад нечага. У яго ўсе панадкі злачынцы. А лепшага месца, каб схавацца і пераседзець небяспеку, чым нашая глуш, і знайсці цяжка…

Валік, канечне, ведаў і раней, што сябра ў яго — выдумляльшчык хоць куды, і калі не стрымліваць яго, не спускаць час ад часу на зямлю, фантазіі яго могуць завесці далёка. Але цяпер нават ён быў уражаны.

— Гэта і ёсць твой сакрэт? І з-за гэтага… ты прапусціў гол?

— Ды што ты зноў са сваім голам?! — узлаваўся Цім. — Што мы, дзеці малыя?

— Канечне, канечне! Супакойся, гэта я так, проста…

Лес скончыўся і пачалася вясковая вуліца. Свяціліся вокны хат, брахалі сабакі і пахла дымам з комінаў. Цім жыў блізка, адразу ж тут, пад лесам.

— Ну, да заўтра?

— Да заўтра!

Сябры развіталіся. Цім звярнуў на прачышчаную ў снезе сцежку, а Валік бягом кінуўся

па доўгай вуліцы. Вунь яго двухпавярховы домік. Якое ўтульнае святло ў вокнах! Бацькі глядзяць тэлевізар. На кухні чакае смачная, цёплая яшчэ вячэра. Невялікі, затое ўласны пакойчык чакае, дзе сцены ў шпалерах з такімі знаёмымі, роднымі

ўзорамі, дзе драўляны ложак з чыстай пасцеллю, кніжная шафа з любімымі кнігамі, стол, на якім падручнікі і сшыткі… Усё гэта вечнае, яно было, ёсць і будзе. І якая чароўнасць у гэтым пастаянстве! Не, Валіку ніколі не зразумець сябра. Дужа яны розныя.

Адзін любіць простае, будзёнае, другі — толькі штосьці незвычайнае. Цім — гэта неба, а Валік — зямля.
Раздзел ІІІ

Урок геаграфіі. — Сценгазета. — Шыфроўка ад Цімы. — Ізноў пра барадача. — Валікаў рэалізм і Цімавы фантазіі. — Сорам. — Згода разам разгадваць таямніцу.

За вокнамі яшчэ як след не развіднела. На двары — проста снежная кругаверць! Гуляе вецер, мяцеліца намятае сумёты ўздоўж вуліц, сыпле жменямі снег ва ўсе куткі, куды можа дапасці. Снег сыплецца нават на падконнікі ад двара — палавіна

шыбаў знізу ўжо закрытыя.

А тут, у светлым, прасторным, цёплым ад батарэй класе так здорава. На падлозе каля сцяны, на шафах уверсе і на дзвюх падаконніках стаяць вазоны розных дэкаратыўных раслінаў. Нязвыкла бачыць, што яны такія зялёныя, поўныя жыцця, калі за

вакном самы разгул снежня. Цвітуць чырвоныя і белыя герані, кактус, як скручаны ў клубок зялёны вожык, таксама набрыняе зверху тоўстай пупышкаю, з якой з’явіцца адзіная вялікая кветка, фікусы развалілі свае лакіраваныя тоўстыя лісты-лапухі і ані

дбаюць пра зіму…

Сеецца са столі дзённае святло. Адна з лямпаў крыху падміргвае і гудзе манатонна, аднастайна, зліваючыся з голасам настаўніцы. Эла Іванаўна прахаджваецца між радоў і

дыктуе:

— Тэрыторыя нашай Беларусі займае плошчу,

роўную дзвесце сем і шэсць дзесятых квадратных кіламетраў…

Ад яе роўнага голасу, ад цяпла, святла, ад зеляніны вазонаў пануе ў класе нейкі сонны настрой. Адчуванне такое, што поры года змяшаліся і тут, у класе, заблукала лета… Кавалачак лета, абмежаваны чатырма сценамі І ад гэтага таксама лёгка, радасна на душы — бо і на самай справе будзе ж яно некалі, лета!

— … Для таго, каб гэтыя лічбы ўявіць, — цячэ голас настаўніцы, — прыбегнем да самага распаўсюджанага спосабу — параўнання.

Нават сценгазета, што з’явілася ў вестыбюлі перад урокамі, і тая не псуе настрою.

Акрамя ўжо згаданай «паэмы» былі там яшчэ два карыкатурныя каляровыя малюнкі. На верхнім — Валік, з даўжэзнай, як у жырафы, шыяю стаіць перад пустымі варотамі і, зноў-такі як жырафа расставіўшы ногі, не ведае, што рабіць з шайбаю. На

ніжнім — маленькі тоўсты Цім сядзіць на лёдзе і любуецца захадам сонца, у гэты момант за яго спіной забіваюць гол. Акурат пад гэтай ніжняй карыкатураю

канчалася «паэма», словамі:

Ура, мы ломім,

Гнуцца Шведы!

Асабліва, канечне, крыўдна Віцьку. Той заўсёды ганарыўся сваім рэдкім прозвішчам,

даказваў, што недзе аж у Польшчы, на Беласточчыне, жыве паэт, яго двайны цёзка, а аднойчы прынёс у школу газету «Ніва», якая выдаецца ў Польшчы на беларускай мове, і ўрачыста паказваў яе ўсім.

Сапраўды, быў надрукаваны там вершык за подпісам Віктар Швед.

— …З усіх краін Беларусь па плошчы бліжэй — да каго б вы думалі? — да Велікабрытаніі. Нашая рэспубліка меншая ўсяго на сорак квадратных

кіламетраў…— настаўніца ўжо не ходзіць, а прысела за стол і абедзьве рукі паклала на глобус.

Таксама як добра, што першы ўрок — менавіта геаграфія. Усё адно палова класа, учарашнія хлопцы-байцы, не падрыхтаваліся. А геаграфія — самы лёгкі і цікавы прадмет. І вядзе яго любімая настаўніца. У яе свой метад навучання, гэтак званы

прынцып дабраахвотнасці. Яна ніколі не выклікае да дошкі сілком. «Ну, хто сёння хоча адказваць?» — заўсёды спытае. І калі няма ахвотных, а такое здараецца рэдка, як вось сёння, тады сама пачынае расказваць штось цікавае, хай нават не заўсёды і звязанае з геаграфіяй. Ніколі яна не апускаецца да гэтых садысцкіх эксперыментаў — як робіць, скажам, настаўніца англійскай мовы. «Т-э-э-к, — пачынае тая. Унурваецца ў журнал. Марудна паўзе зверху ўніз па прозвішчах кончык ручкі, не датыкаючыся да паперы. Мёртвая, аж да звону ў вушах, цішыня ў класе. «Сёння (паўза) да дошкі (паўза) пойдзе (доўгая паўза)… Пойдзе да дошкі…» — уверх папоўз кончык асадкі. І так некалькі разоў, пакуль не спыніцца нарэшце на чарговым небараку, які калі і помніў

што, дык забыў падчас езуіцкага выпрабавання нерваў.

Таму так яны і ведаюць яе, гэтую мову. Акрамя, праўда, Ціма. Але ў яго здольнасці да моваў ад нараджэння.

Эле Іванаўне на давер адказваюць даверам. Яе прадмет любяць і вучаць. Калі ў тым годзе прыязджала камісія з Міністэрства адукацыі і праводзіліся адкрытыя ўрокі, дык геаграфію лепш за іншыя прадметы ведалі ўсе класы. Эла Іванаўна была ўрачыста прызнана лепшай настаўніцай школы, а яны, вучні, ганарыліся ёю.

— … Няма ніводнай краіны-суседкі (гэтага можаце не запісваць), якая б не ўключала ў сябе нашых этнічных тэрыторыяў. Гэта памежныя раёны Смаленшчыны і Браншчыны ў Расіі, гэта вобласць Латгаліі ў Латвіі, гэта частка Віленшчыны ў Літве,

частка Чарнігаўшчыны і Жытоміршчыны на Украіне і Беласточчына ў Польшчы…

Тут па радах прабег нейкі шумок, сярод вучняў пачаўся ледзь прыкметны рух і Валіку, які сядзеў, як самы высокі, за апошняй партай перадалі запіску ад парты пярэдняй, дзе сядзеў Ціма.

Валік прыкрыў запіску далоняю. Нейкі час з самым нявінным выглядам слухаў настаўніцу. Затым асцярожна разгарнуў трохкутнічак. Там не было ні слова, а толькі слупкі лічбаў, падобныя на табліцу множання. Валік паморшчыўся. «Канспіратар», —

незадаволена падумаў пра сябра. Справа ў тым, што, давучыўшыся да пятага класа на круглыя пяцёркі, Валік, як ні сорамна, не ведаў напамяць парадкавых нумароў размяшчэння літар у алфавіце. Лепш сказаць, не хацеў ведаць, лічачы гэта дурной тратай часу. Навошта тлуміць галаву, калі ў любы момант пры патрэбе можна заглянуць ў слоўнік?

Аднак акурат такі момант цяпер і быў. Запіска расшыфроўвалася праз алфавіт. Лічбы трэба было перавесці ў літары. Не спускаючы з Элы Іванаўны вачэй, Валік грудзьмі прылёг на парту. Доўгая рука яго шуснула ў сумку, што стаяла на падлозе.

Навобмацак, па зашмальцаваным карэньчыку ён намацаў падручнік англійскай мовы, выцягнуў. На першай старонцы надрукаваны былі побач два алфавіты. Валік узброіўся ручкай і знізу сябравага паслання, трохі памучыўшыся, запісаў нарэшце пераклад.

«Помніш учарашнюю размову? Я ўчора не сказаў табе самага галоўнага!» — было ў запісцы.

Валік толькі ўздыхнуў. Зноў некія «тайны»! Чаго яму той барадач так уеўся?

Тут празвінеў званок. Ажыў клас, затым калідор, а затым і ўся школа, усе два паверхі напоўніліся галасамі і тупатам ног. Цім чакаў Валіка ў дзвярах.

— Прачытаў?

— Прачытаў.

— І што скажаш?

— Скажу, што ты ўжо робішся падобным на Віцьку Шведа. Чуць што — на пасы, — адказаў Валік.

— Варта было цэлы пакет прысылаць, ды яшчэ кодам напісаны, калі пяць хвілін да званка!

—Гэта я так… Праверыць цябе хацеў, ці хутка расшыфруеш.

Цім азірнуўся са змоўніцкім выглядам па баках. У класе , акрамя іх дваіх, нікога ўжо не было, настаўніца таксама выйшла.

— Так і быць. Зараз я табе ўсё раскажу. Ты проста ахнеш!

— Можа, на двор выйдзем? — прапанаваў Валік.

Цім замяўся:

— Там жа газета гэтая вісіць… Убачаць нас разам, пачнуць пальцамі тыцкаць, мяяцца…

— Сапраўды... Можа, спусціцца ўніз ды сарваць яе?

— Навошта? Пасядзім тут. Ціха, пуста.

Забягаючы наперад, скажам, што пакуты нашых сяброў, як і ўсіх астатніх зарэчанцаў, скончыліся адразу ж пасля гэтага першага перапынку. Віцька Швед прылюдна газету сарваў, скамечыў і кінуў у сметніцу. Яшчэ і ўтрамбаваў — са

словамі: «Самім трэба пісаць вершы, а не чужыя здзіраць! А калі ўжо і здзіраць, дык у нашых беларускіх паэтаў, а не ў расейскіх!» І ўсё сышло Віцьку з рук. Ніхто нічога яму нават не сказаў. Адно сяльчане пабурчэлі крыху для блізіру, ды на тым і

скончылася.

Цім прынёс сваё крэсла да Валікавай парты. Прыселі сябры.

— А цяпер слухай, — таямнічым голасам пачаў Цім. — Гэты барадач жыве не адзін! Ён кагосьці хавае ў сваёй хатцы. Прычым не дарослага чалавека, а некага нашых прыкладна гадоў. Я бачыў каля хаткі сляды. А аднойчы барадач пайшоў на паляванне, я

падкраўся да леснічоўкі, а на дзвярах — замок! Уяўляеш? Ён не хоча, каб пра існаванне таго чалавека ведалі! Ну, як табе?

Цім гаварыў гарачым шэпатам. Хваляваўся. Вочы яго гарэлі. Пальцы то раскручвалі, то закручвалі шарыкавую ручку. Валік з усмешкаю назіраў за ім.

— Ніяк, — адказаў Валік. — Ну, жыве ў яго нехта. Ну, не хоча з’яўляцца на людзях, як і барадач. У чым праблема? (Валік любіў замежныя фільмы і часта карыстаўся цытатамі з іх). У чым тайна?

— Як у чым? Ды я проста упэўнены, што барадач — лідэр якойсьці злачыннай групоўкі! І трымае ў сябе чалавека, падлетка, з якім яму лягчэй спраўляцца, з мэтай выкупу! Што тут незразумела?

Валік толькі ўздыхнуў. Адабраў у Цімы ручку, пераклаў на другі бок парты.

— Добра, — здаўся ён. — Я з табою згодзен. Дапусцім, усё так. Што ты прапаноўваеш? Ну, хадзем раскажам аб гэтам дырэктару школы. Або адразу заявім у міліцыю. Згодзен? Каб пасля і нас, і гэтага барадача зацягалі ў горад па выкліках і позвах. І

ўрэшце акажацца, што ён — ні ў чым не вінаваты, што мы абгаварылі бяскрыўднага, самага звычайнага чалавека! Ты гэтага хочаш? Ты ўяўляеш, як нам пасля гэтага будзе прыйсці ў школу? Як нам увогуле тады з’яўляцца на вуліцы? Нам жа праходу не дадуць!

— Пры чым тут міліцыя з дырэктарам школы? — абарваў Цім. — Мы ж дамовіліся маўчаць! Гэта наша тайна, і больш нічыя! І мы самі павінны…

— Ды нічога мы не павінны!

— … Яе раскрыць, — не ўнімаўся Цім. — А потым, калі ўсё гэта будзе адбывацца,

падпільнаваць…

— Ды што будзе адбывацца?!

— Абмен выкрадзенага чалавека на грошы, — адказаў Цім.

Валік аж адкінуўся на спінку крэсла. Нейкі час ён здзіўлена пазіраў на сябра, нібы ўпершыню яго бачыў.

— Так. Зразумела. Ты проста наглядзеўся фільмаў і міліцэйскай хронікі па тэлевізары. Ці газет начытаўся.

— У тым і справа! Усе такія выпадкі, як абмен закладнікаў, адбываюцца аднолькава, па шаблоне. Пішацца пісьмо, ці робіцца званок: прынясіце кейс з грашыма і пакіньце ў такім і такім месцы, і не ўздумайце паведаміць у міліцыю… Прыносяць кейс,

пакідаюць — а мы тут як тут! Уяўляеш? І грошы нашыя…

Вось яно што. Во ў якім , аказваецца накірунку рухаюцца яго фантазіі, во ў якія далячыні яны сягаюць!

— Цім, паслухай. Ты ж яшчэ анічога не ведаеш. А-ні-чо-га! Які выкуп? Які кейс? Ды проста сын прыехаў да чалавека ў госці! Пляменнік, сваяк! Аб гэтым ты падумаў? Можа такое быць?

— Можа, — згадзіўся Цім, аднак неахвотна згадзіўся; відаць, цяжка было расставацца са сваёй, такой заманлівай, легендаю. — А калі не? Я ж і прапаную гэта праверыць…

— Якім чынам? Зрабіць шалаш каля яго хаткі і жыць у лесе? Каб увесь час цікаваць за ім? — насмешліва спытаў Валік.

— Навошта? Гэты барадач — паляўнічы. Мой бацька гаварыў з ім, у яго ёсць дазвол на стрэльбу. Кожны дзень ён на лыжах цягаецца па лесе, з сабакам. Часта з раніцы і аж да цямна. Бацька не раз сустракаў яго далёка ад вёскі. Дык вось — выберам момант, калі яго не будзе, залезам у хатку і пра ўсё даведаемся ад самой ахвяры…

— Э, зноў панесла цябе! Якой «ахвяры»? Чаму твая «ахвяра» сама не выбера момант і не ўцячэ?

— Кажу ж, ён замыкае дзверы. А па-другое, хутчэй за ўсё ён таго чалавека звязвае па руках і нагах. Магчыма, нават у падполле закідвае. Ведаеш, ёсць такія ў некаторых хатах? Кольца ляжыць на падлозе, да дошкі прыбітае. Пацягнеш за яго і лаз

адкрываецца — лепшай схованкі не прыдумаць.

— Добра. Згодзен, — Валік усё не губляў надзеі пераканаць гарачага сябра логікай. — Выбіраем момант, залазім у хатку. І бачым, як сядзіць за сталом хлапчук і як ні ў чым не бывала ўпісвае сала з хлебам. І пазірае на нас як на дурняў у лепшым выпадку:

чаго вам тут трэба? — а ў горшым — як на злодзеяў… Пачакай, не перабівай! Другі варыянт. Дапускаем, што твая праўда. Залазім у хатку, знаходзім кальцо на падлозе. Адкрываем тайнік. Там — звязаны, скурчаны чалавек. Вызваляем яго. Прыязджае

міліцыя, забірае барадача. Тыдзень мы ходзім героямі, потым аб’яўляюцца хаўруснікі яго і мы… проста не вяртаемся ў адзін цудоўны дзень са школы. Знікаем назаўсёды. Усё гэта вельмі проста! Так што давай забудзем, — рашуча падвёў вынік. — Выкінь з

галавы і барадача, і яго госця. Асабіста я не збіраюся ні ў ва што ўмешвацца. І табе не раю. Таксама знайшоў праблему! Ну, жыве сабе чалавек, ну, жыве ў яго нехта — на здароўе. Яны нас не чапаюць, а мы іх.

Цім памаўчаў. Затым прамовіў сумна:

— Добра. Калі ты так усё ведаеш напярод, ці проста баішся, тады я сам усё расследую.

Валік хацеў сказаць, што ёсць тысячы цікавых спраў акрамя «расследаванняў». У тым жа лесе на лыжах пакатацца, з трампліна каля кар’ера паскакаць. Хакей, шахматы, хутка камп’ютэры ў школе паставяць — новая забаўка… А то проста тэлевізар паглядзець — хутка Новы год, зімовыя канікулы, столькі розных перадач цікавых, хоць ты з ранку да вечара глядзі…

Аднак нічога сказаць не паспеў, бо якраз скончыўся кароткі перапынак, у клас ужо заходзілі.

Цім забраў крэсла і паплёўся да сваёй першай парты. Настрой, канечне, быў сапсаваны. І на сябе, і на Валіка была крыўда — ад недаказанасці, ад незразумеласці… Усё гэта лёгка можна было б паправіць, не на гэтым, дык на наступным перыпынку, не сёння, дык заўтра… Але Цім быў усяго толькі хлапчуком, да таго ж хлапчуком вясковым, а

гэта значыць сарамлівым. Тыя пачуцці і думкі, што перапаўнялі яго, здаваліся яму занадта «саладжавымі» і пафаснымі, каб дзяліцца імі нават з самым лепшым,

самым блізкім сябрам. Да таго ж калі б нават ён перамог сябе і захацеў іх выказаць, у яго наўрад ці атрымалася б гэта. Бо і пачуцці, і думкі існавалі ў ім у

выглядзе нейкага бесталковага сумбуру.

Паспрабуем мы гэта зрабіць за Ціма.

«Канечне, Валік! — мог бы сказаць Цім. — Твая праўда. Я з табою згодзен. Вядома, усё гэта несур’ёзна: нейкі «закладнік», выкуп і таму падобнае. Канечне, гэты барадач хутчэй за ўсё самы звычайны чалавек. Але ж як гэта нецікава — жыць без тайны! І

чаму яе, тайны, не можа быць у нашых мясцінах? Мы глядзім фільмы і чытаем кнігі пра скарбы, піратаў, незаселеныя астравы, розныя экзатычныя далёкія заморскія краіны, джунглі, саванны і прэрыі — але чаму не дапускаем, што незвычайнае можа быць і ў

нас пад бокам? Вось ты, Валік, вучышся на выдатна. Гэта значыць, што ў Вялікай Паляне ты пасля школы не застанешся. Усе з’язджаюць, і ты паедзеш. Але я застануся тут! Я ніколі, ні на якія залатыя горы не прамяняю ўчарашняга нашага кар’ера, нашага лесу, нашай рэчкі. Некалі я замяню бацьку і стану гаспадаром тут. Усё гэта маё. Я люблю гэтую зямлю. Яна не здаецца мне бяднейшаю за землі заморскія.

Ты спытаеш, пры чым тут барадач? А пры тым, што мне не ўсё роўна, што за чужакі тут, на маёй зямлі, селяцца. З чым яны сюды прыходзяць. Што яны тут, у маім лесе, робяць. І я разбяруся — чаго б мне гэта ні каштавала!»

Вось прыкладна які б атрымаўся маналог, калі б Цімавы сумбурныя пачуцці перакласці на «дарослую» мову.

Аднак жа вялікая гэта рэч — сяброўства! Хай не адразу, а недзе на палавіне ўрока Валіку самым неверагодным чынам перадаліся сябравы думкі. Бы нейкія электрамагнітныя хвалі дайшлі ад першай парты да апошняй. Ён успомніў, як учора не забіў гол, а Цім суцяшаў яго — адзіны з усёй каманды.

Прыгадалася, як у тым годзе ён хварэў, а Цім кожны дзень прыходзіў да яго ў адведкі, расказваў, што новенькага ў школе, увогуле ў вёсцы… І яшчэ многа рознага дабра ўспомнілася, якое сябар яму рабіў.

Ніколі ні на што не крыўдзячыся. Усё даруючы. А, ён, Валік? Разныўся тут — «засмяюць», «па міліцыях зацягаюць»… Мужчына называецца. Будучы салдат,

абаронца Беларусі, які баіцца ўвязвацца ў гісторыю; а гісторыя ж і сапраўды цікавая! Чаму б за гэтым барадачом і не прасачыць? Чаму б не разнюхаць, што за ён? Каго хавае ў леснічоўцы? Канечне, усё гэта акружана тайнай. І хутчэй за ўсё тайнай нядобраю, цёмнаю… Можа, сапраўды гэта які крымінальнік? Ці нават маньяк-забойца? Тады што — сёння хтосьці чужы ў яго ахвяраю, а заўтра нехта з аднакласнікаў?

Заўтра — Цім? Або ён, Валік?

Аж мурашкі па скуры пабеглі ад такіх малюнкаў.

Валік ціхенька, па міліметры выдраў са сшытка аркушык. Разгарнуў слоўнік з алфавітам.

Пасля доўгага старання нарэшце была ім зашыфравана і адпраўленая Ціму запіска такога зместу:

«Я згодзен на ўсё, што ты скажаш».

Зрабіўшы гэта, Валік адчуў палёгку. Нават крыху і прыемна было, што ён не прэтэндуе на ролю камандзіра, а згодзен быць падначаленым. Адказ прыйшоў імгненна. На другім, чыстым баку запіскі без усялякага шыфру напісаны былі ўсяго дзве літары — «О. К!» Яшчэ адна загадка Цімавага характару: з тройкі на чацвёрку па ўсіх

іншых прадметах пералазячы, ён выдатна ведаў мовы — і родную, і рускую, і англійскую, на здзіўленне і зайздрасць усяму класу.

Раздзел ІV

Дык хто такі барадач? — Шчаслівыя чатыры месяцы. — Першы снег. — Паляванне на ліса. — Дварняк Барс здзіўляе Крушынскага. — Што лепш: ліс ці заяц?

Аднак тут пакінем на некаторы час нашых юных сяброў, будучых нашых Холмсаў і Каломбаў. Канечне, яны яшчэ вернуцца, яшчэ прымуць у нашай гісторыі самы актыўны ўдзел.

А мы з вамі давайце зазірнем у таямнічую хатку-леснічоўку. Паглядзім, што там робіцца, і заадно пазнаёмімся з героем дарослым, які вось ужо два раздзелы нецярпліва прабіваецца на старонкі аповесці, патрабуючы і да сябе ўвагі.

Цім не памыліўся. З некаторага часу барадач жыў у сваёй «бярлозе», як называлі яго лясную хатку жыхары Вялікай Паляны, не адзін. Вось толькі клопат у яго быў крыху іншы, чым меркавалася Ціму. Барадач ламаў галаву не над тым, як абмяняць

свайго «вязня» на выкуп, а як бы хутчэй… пазбавіцца ад яго. Няпрошаны госць гэты перамяшаў усе яго планы. Перабіў той размераны ход жыцця — спакойнага, непрыкметнага, адзінокага, ціхага жыцця, якое барадаты чалавек вёў вось ужо чатыры

месяцы.


Але па-парадку.

Пачнем з таго, што назавём імя і прозвішча дзіўнага чалавека —Барыс Крушынскі. Быў ён высокі

і дужы. Веку меў гадоў трыццаці, аднак барада старыла яго. (Цім, напрыклад, сцвярджаў, што яму нават за сорак — дзецям чамусьці заўсёды ўласціва перабольшваць гады дарослых.) Упершыню аб’явіўся Крушынскі ў ваколіцах Вялікай Паляны ў верасні гэтага года. Купіў у лясніцтве закінутую маленькую хатку, сяк-так прывёў яе да ладу і пачаў жыць. Ніхто не ведаў хто ён, адкуль, чаму так упадабаў тутэйшыя мясціны, чаму пасяліўся не ў вёсцы, не на тых, пад дачы адведзеных участках, дзе сяліліся апошнімі гадамі чужакі, а ў глухім лесе… Загадка! Людзей Барыс Крушынскі ўпарта пазбягаў. Хіба што толькі ў вясковай краме, куды прыходзіў з лесу раз ці два на тыдзень, можна было пачуць ад яго пару слоў; тады ж высветлілася, што ён крышку шапялявіць. Але хіба гэта можна ставіць чалавеку ў віну? Абы жыў ціха, не чапаў нікога — ну і хай жыве сабе. Нябось зімою, калі марозы прыціснуць, хуценька ўцячэ назад у горад!

Аднак прамінулі тры доўгія дажджлівыя месяцы восені. Крушынскі нікуды ўцякаць не збіраўся. Праўда, і зіма не спяшалася ў тым годзе. Як мы казалі ўжо, толькі за тыдзень перад славутай хакейнай баталіяй выпаў першы снег, але які снег! Як ён ішоў! Спачатку сярод белага дня пацямнела, потым аднекуль прысунулася чорна-фіялетавая

хмара. Яна паўзла, пакуль не закрыла сабою ўсё неба. Затым пакрысе пачала апускацца на зямлю. Было вельмі ціха. І раптам сярод гэтай цішыні і цемнаты паваліў з хмары снег — менавіта паваліў, густымі пухнатымі камякамі… Пачаўся ён пад вечар, і йшоў

усю ноч.

Толькі пад раніцу ўсё супакоілася, улеглася. У леснічоўцы было непрывычна светла. Крушынскі ляжаў з расплюшчанымі вачыма на сваім самаробным тапчане пад цёплай коўдрай. З двара шкробся ў дзверы, радасна і нецярпяліва скуголіў Барс. Малады сабака яшчэ не разумеў, што гэта здарылася з наваколлем, чаму так змянілася ўсё, што

не пазнаць? І як гаспадар можа вылежвацца такой парою? Калі самы час перахапіць што на зуб, які кавалак хлеба — і ў лес, на прастор! Усё абгледзець, абнюхаць, пераканацца — ці паўсюль такія змены, ці гэта толькі тут, каля хаткі?

Крушынскі ляжаў і глядзеў у столь. Яму было лёгка і радасна. Ён адчуваў сябе маладым, дужым, здаровым. Які ж ён малайчына, што адважыўся кінуць ўсё, і перабраўся сюды! Што так крута павярнуў сваё жыццё. Гэтыя чатыры месяцы і праўда

былі самыя шчаслівыя за ўвесь яго хоць і не дужа вялікі, але няпросты, пакручасты век. Але досыць! Цяпер ён іншы. Цяпер усё ззаду — як дурны сон, як

былая хвароба… Ён усё пачне «з чыстага ліста». Ранейшыя памылкі больш не паўторацца, сам лад цяперашняга яго жыцця не дапусціць іх паўтарэння. Тут, у лесе, ізаляванаму ад вялікага свету, адгароджанаму дрэвамі ад людзей, нішто больш не

зможа яму пагражаць. Цяпер ён проста застрахаваны (наіўна думалася Крушынскаму) ад непрыемнасцяў і бедаў.

Больш таго — было ў ім цяпер адчуванне, што менавіта сёння павінна з ім здарыцца нешта важнае, радаснае. Нейкая ўдача чакае яго наперадзе. Падняўшыся, ён апрануўся і выйшаў на двор. Сонца, снег і марозік! Сабака танцаваў перад ім на задніх лапах. Зусім побач, каля самай леснічоўкі, на белым цаліку выразна адбіваўся ланцужок лісіных слядоў. Крушынскі нагнуўся над імі. Звер, а гэта быў лісавін, прабягаў зусім нядаўна. Сляды былі свежыя.

Барс ты Барс, — з дакорам выгаварыў сабаку Крушынскі. — Барсік ты, а не Барс! Такога ліса не пачуць за дваццаць метраў! Хоць бы голас падаў. Ну, і на што ты пасля гэтага варты?

Сабака, паскульваючы, скакаў яму на грудзі. Праўда — на паляванні толку з яго не было аніякага. Але Крушынскі прывязаўся да яго і не хацеў мяняць на выжла. Як сябар чалавеку, дык дварнякі лепшыя за пародзістых.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка