Адзінства. 2011. 16 красавіка Вітаем кніжку беларускую!




Дата канвертавання27.03.2016
Памер20.96 Kb.
Адзінства. -2011.-16 красавіка

Вітаем кніжку беларускую!
Любяць і паважаюць юныя чытачы Барысаўшчыны беларускія дзіцячыя кнігі і іх аўтараў. Штогодні Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі напрыканцы сакавіка распачаўся менавіта з удзелу бібліятэк ў рэспубліканскай акцыі “Чытаем па-беларуску разам!”, у рамках якой вырашана ў некалькіх бібліятэках раёна, на працягу тыдня, звярнуца да творчасці таго ці іншага сучаснага беларускага пісьменніка, што піша для дзяцей.

Гэтым аўтарам стала для нас сучасная беларуская казачніца, галоўны рэдактар часопіса “Бярозка” – Алена Сцяпанаўна Масла. 24 сакавіка першая прэзентацыя яе творчасці адбылася ў Вялікаухалодскай сельскай бібліятэцы. Патрэбна адзначыць, што вучні ДУА “Вялікаухалодская АСШ” старанна падрыхтаваліся да гэтага мерапрыемства: сапраўднымі героямі твораў А.Масла сталі вучань адзінаццатага класа Якубаў Юрый, сямікласнікі Кісялёў Сцяпан, Кісялёва Дар’я, Удавічэнка Карына і Кот Сняжана. Пад кіраўніцтвам бібліятэкара сельскай бібліятэкі Надзеі Уладзіміраўны Мацюшонак, дзеці з вялікім задавальненнем інсцэніравалі ўрыўкі з “ Казкі пра Караля, які страшна любіў пісаць” і казкі “Страх”. Цудоўная слайд-прэзентацыя, падрыхтаваная супрацоўніцай гэтай жа бібліятэкі Аленай Бабіцкай, дапамагла прысутным на свяце навучэнцам школы, настаўнікам і ўсім гасцям больш яскрава прадставіць шматграннасць таленту мудрай беларускай казачніцы, пазнаёміцца з яе казкамі, сюжэты якіх пісьменніца чэрпае з уласнага жыццёвага вопыту, з душэўных перажыванняў. Казкі Алены Масла - гэта цікавыя і павучальныя гісторыі, без узроставых межаў, якія прымушаюць задумацца аб сваіх учынках - «дзецям і дарослым падказкі». Калі казаць увогуле пра кнігі, напісаныя аўтарам, то першыя яе зборнікі ўбачылі свет ў 2005 годзе і называліся “Таямніца закінутай хаты” і “Рождество у крестной”. Выданні і зараз карыстаюцца вялікім попытам у юных чытачоў. У 2007 годзе з’явілася яшчэ адна кніжка - “Вандроўка з божымі кароўкамі”, якая адзначана Пасведчаннем чытацкіх сімпатый па выніках конкурсу водгукаў “Лепшая беларуская дзіцячая кніга” (Беларуская бібліятэчная асацыяцыя). 2010 год прынёс юным чытачам дзве новыя кнігі Алены Масла “Першая прыгажуня” і “Як пані чаротная ў Палангу бегала”. Дарэчы, на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі -2010” кніга “Першая прыгажуня” прызнана самым прыгожым выданнем, а яе мастак Тамара Шэлест - “Лепшым ілюстратарам года”. Неабходна адзначыць, што росту папулярнасці пісьменніцы на Барысаўшчыне, у многім паспрыяў той факт, што ў мінулым годзе Алена Сцяпанаўна двойчы пабывала ў нашым горадзе, сустрэлася з бібліятэкарамі гарадскіх і сельскіх бібліятэк, вучнямі і настаўнікамі ДУА “Старабарысаўская АСШ”, ДУА СШ №22 і вучнямі беларускамоўнай гімназіі №2. Сёння кнігі мудрай казачніцы не залежваюцца на полках бібліятэк, іх чытаюць самастойна, разам з бібліятэкарам або настаўнікам услых, урыўкі з іх інсцэніруюць. На працягу Тыдня прэзентацыі творчасці А.Масла адбудуцца ў бібліятэках в.Зембін, Забашавічы, Перасады, Хаўхоліца,ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А.Гайдара.


Людміла Захарэвіч, метадыст Цэнтральнай

бібліятэкі імя І.Х.Каладзеева


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка