Адрыян талакно мясіў, наталля бліны пякла у мінулыя часы




Дата канвертавання05.05.2016
Памер28.3 Kb.
АДРЫЯН ТАЛАКНО МЯСІЎ, НАТАЛЛЯ БЛІНЫ ПЯКЛА

У мінулыя часы сяляне размяркоўвалі свае сезонныя работы не па друкаваным календары, арыентаваліся па вусным імянным, які добра ведалі на памяць. Шматлікія святы і прысвяткі суадносіліся з цыклам сельскагаспадарчых работ і падказвалі, калі што рабіць. Так, напрыклад, “Барыс і Глеб сеюць хлеб”, на Юр’я першы раз выганялі кароў на пашу, на Арыну сеялі капусту, а прысвятак Амоса (28 чэрвеня) лічыўся самым спрыяльным часам для росту аўса. А вось уборка яго звязвалася з днём пакутнікаў Адрыяна і Наталлі, які адзначаецца 26 жніўня па старым стылі, ці 8 верасня па Грыгарыянскім календары. Падчас малацьбы аўса было прынята падсілкоўвацца талакном. Пра тое, што ж гэта за дзіўная рэч, – талакно, мне расказала і дапамагла прыгатаваць яго па старадаўняй тэхналогіі жыхарка вёскі Васількі Ганна Ігнатаўна Ежаленкова.

ЖОРНЫ СА СТУПАЙ НАМ ДА СПАТРЭБЫ!

Ці ведаеце вы, шаноўныя чытачы, як вырабляецца сапраўдная талаконная мука ў хатніх умовах? Не? Тады пачытайце. Напачатку авёс запарваецца: засыпаецца ў чыгунок, заліваецца вадой і ставіцца ў цёплую печ. Затым высушваецца і нават падпражваецца ў гарачай печы, пакуль не атрымае румянае адценне. Пасля гэтага авёс таўкуць у ступе (адсюль і назва – талакно). Зярняткі пазбаўляюцца шалупіння і атрымоўваюцца крупкі. Іх правейваюць і прасейваюць праз рэшата. І, нарэшце, мелюць у жорнах і ачышчаюць ад вотруб’я.

– Раней жорны раблілі самі, – расказвае Ганна Ігнатаўна. – Памятаю, як іх рабілі мае браты: разбівалі чыгункі, клінападобныя чаранкі забівалі ў круглыя драўляныя калоды. Такія жорны былі ў кожным двары.

У выніку атрымоўваецца мука крэмавага адцення – вось гэта і ёсць талакно. Што і казаць, працаёмкі працэс. Але дзякуючы такой тэхналогіі ў талакне застаюцца ўсе фракцыі збожжа, тады як у млынавай муцэ першыя часцяком ідуць у адходы. А, значыць, захоўваецца і вялікая колькасць карысных рэчываў. Акрамя гэтага, раслінны бялок змяняе будову і ўласцівасці, мука набывала здольнасць добра набухаць у вадкасці і хутка гусцець, станавіцца больш пажыўнай і карыснай.

Сёння талакно прымяняецца ў якасці лекавага сродку, які рэкамендуецца пры захворваннях страўніка, малакроўі, нервовым ператамленні, парушэнні абмену рэчываў, праблемах лактацыі ў кормячых маці і іншых хваробах.

АД ТАЛАКНА ДА ЖУРА

Ганна Ігнатаўна расказвае, што талакно звычайна разводзілі саланаватай вадой і елі з хлебам або макалі ў яго адвараную бульбу. Такую страву называлі боўтанкай. Аўсяныя крупы дабаўлялі таксама ў суп. У “Літоўскай гаспадыні” сцвярджаецца, што з бочкі (406,54 л) самага лепшага аўса выходзіць тры з паловай асьміны круп (прыблізна 150 літраў).

Цікава, што раней людзі ласаваліся талаконнай мукой прыкладна так, як сёння ўжываюць сланечнікавыя семкі: насыпалі яе ў кішэню і падчас працы раз-пораз адпраўлялі жменю гэтай смачнай мукі ў рот. З талаконнага цеста фармавалі “каўбаскі”, ад якіх потым адкусвалі кавалачкі. Так падмацоўваліся ў дарозе.

Паступова асартымент талаконных страў, зразумела, пашыраўся. Напрыклад, пачастунак на гаспадарскім двары за апошні ўбраны з поля аўсяны сноп пачынаўся з дзежня – густога аўсянага кісялю, які замешвалі на кіслым малацэ або на вадзе з мёдам. Потым пераходзілі да аўсяных бліноў. Сучасныя бліны амаль без выключэння пшанічныя. Хто сёння ведае, што такое цадавікі, або цадоўні? Гэта бліны з аўсянай цэжы – працэжанай сумесі вады і аўсянай мукі. Каб прыгатаваць цадавікі, трэба пакінуць цэжу на 2-3 дні ўкісаць, што на цяперашні час, канечне, вельмі непрактычна. Але калісьці аўсяныя бліны былі вельмі важнай часткай традыцыйнага рацыёну сялян.

І, нарэшце, жур – адзін з самых старажытных відаў супу ў беларускай кухні, які гатуюць на аснове закіслай, пераважна, аўсянай, мукі.

Ну што, паважаныя чытачы, вы ўсё яшчэ лічыце, што харчаванне нашых продкаў было бедным і яму не хапала разнастайнасці?



Але, як аказалася, аўсяная мука прыдатная не толькі для кулінарыі, але і для іншых утылітарных спраў. Ганна Ігнатаўна добра памятае, як у час вайны яе маці мыла бялізну з аўсянай мукой. Мыла не было, а аўсяная мука, дзякуючы наяўнасці ў ёй буйнога шалупіння, добра адмывала бруд з палатнянай ільняной бялізны.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ, “Зара над Друццю”


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка