Адно з наступных заданняў на выбар




Дата канвертавання15.03.2016
Памер212.15 Kb.


Шаноўныя калегі! Для выканання першага задання вашай увазе падаюцца некаторыя фрагменты з старажытнарускіх крыніцаў. Большая частка тэксту ўзятая з так званага Іпацьеўскага летапісу (Іпацьеўскага зводу, Іпацьеўскага спісу). Асобныя фрагменты, якія адсутнічаюць або пашкоджаныя ў Іпацьеўскім спісе, пададзеныя паводле другога летапісу – Лаўрэнцьеўскага. Іпацьеўскі і Лаўрэнцьеўскі летапісы з’яўляюцца спісамі з аднаго пратографу (першапачатковай крыніцы, якая не захавалася), у сваім складзе абудва гэтыя летапісы ўтрымліваюць тэкст “Аповесці мінулых гадоў”. Для паўнаты звестак прысутнічаюць таксама фрагменты іншых крыніцаў: Наўгародскага першага летапісу старэйшага і малодшага зводаў, паэмы “Слова аб паходзе Ігаравым, Ігара, сына Святаславава, унука Алегава”, што пазначацца асобна.

Падчас перакладу ўсіх крыніцаў захоўвалася арыгінальная структура сказаў, многія моўныя формулы, сэнс якіх асобна расшыфроўваецца ў адпаведных зносках.

Прачытайце і прааналізуйце фрагменты крыніцаў, і выканайце адно з наступных заданняў на выбар:

1. Вызначыце якасныя змены грамадска-палітычнага ладу ІХ-ХІ стст. і пералічыце стадыі паўстання раннедзяржаўных утварэнняў на прыкладзе старажытнарускіх княстваў (павінна атрымацца прыблізна 4-6 асноўных стадыяў).

2. Вызначыце, якія формы магло мець падпарадкаванне аднаго княства іншаму ў структуры Старажытнай Русі, у чым яно праяўлялася. Пералічыце ўсе магчымыя формы залежнасці (павінна атрымацца 5 пунктаў)

Гэта аповесць мінулых гадоў, адкуль пайшла Руская зямля, хто ў Кіеве пачаў першы княжыці, і адкуль Руская зямля пачала быць.

[…]


У год 6367 (859). Маюць даніну Варагі, што прыходзяць з замор’я, на Чудзі1, на Славенах2, на Меры, на Весях, і на Крывічах, а Хазары маюць на Палянах, на Севяранах, на Вяцічах, маюць па беле і вавёрцы ад дыму.

У год 6370 (862). І выгналі Варагаў за мора, і не далі ім даніны, і пачалі самі сабе валадарыць, і не было ў іх праўды, і ўзняўся род на род, і была ўсобіца ў іх, і ваяваць самі на сябе пачалі. І сказалі: “пашукаем самі сабе князя, каб валодаў намі ды радзіў па радзе, па праве”. Пайшлі за мора да Варагаў, да Русі, - бо завуцца тыя Варагі Русь, які ёсць іншыя, што завуцца Свеі, іншыя - Ўрманы, Англяне, іншыя - Готы, - так і гэтыя. Казалі Русі Чудзь, Славене, Крывічы і Весь: “зямля нашая вялікая і заможная, а парадку ў ёй няма; ды пайдзіце княжыць ды валодаць намі”. І абраліся тры браты з родамі сваімі, і ўзялі з сабою ўсю Русь, і прыйшлі да Славенаў найперш, і зрубілі горад Ладагу, і сеў старэйшы ў Ладазе, Рурык, а другі, Сінявус – у Белавозеры, а трэці, Трувор – у Ізборгу. І ад тых варагаў празвалася Руская зямля. Па двух гадах памёрлі Сінявус і брат ягоны, Трувор, і прыняў Рурык уладу ўсю адзін; і прыйшоў да Ільменю, і зрубіў горад над Волхавам, і назваў яго Новагорад, і сеў тут княжыць, і раздаваў мужам сваім воласці, і гарады рубіці, таму – Полацак, таму – Растоў, іншаму – Белавозера. І па тых гарадах знаходзіліся Варагі; першыя насельнікі ў Ноўгарадзе – Славене, і ў Полацку – Крывічы, Растове – Мяране, на Белавозеры – Весь, у Мураме – Мурама, і тымі ўсімі валодаў Рурык. І было ў яго два мужы, не племені ягонага, Аскольд і Дзір, але баяры, і папрасіліся да Царграду з родам сваім. І пайшлі па Дняпры, ідучы міма, і ўбачылі на гары гарадок і запыталіся, мовячы: “чый то горад?” Яны (жыхары – заўв. перакл.) ж казалі: “было тры браты, Кій, Шчэк і Харыў, яны зрабілі горад гэты, і загінулі, а мы сядзім, роды іхныя, і плацім даніну Хазарам”. Аскольд жа і Дзір засталіся ў горадзе гэтым, і многа Варагаў сабралі, і пачалі валодаць Палянскаю зямлёй. Рурык жа княжыў у Ноўгарадзе.

У год 6387 (879). Памёр жа Рурык, перадаў княжанне сваё Алегу, які быў з ягонага роду, даўшы яму на рукі сына свайго Ігара, бо той быў яшчэ вельмі малы.

У год 6390 (882). Пайшоў Алег, узяўшы шмат сваіх вояў, Варагаў, Чудзі, Славенаў, Меру, Весь, Крывічоў, і прыйшоў да Смаленску з Крывічамі, і ўзяў горад Смаленск, і пасадзіў у ім свайго мужа. Адтуль пайшоў уніз, і прыйшоў і ўзяў Любеч, і пасадзіў мужа свайго. І прыйшоў да гораў Кіеўскіх, і ўбачыў Алег, як Аскольд і Дзір князююць, і схаваў ваяроў у лоддзях, а іншых ззаду пакінуўшы, а сам прыйшоў, несучы Ігара малога. І падыйшоў пад Вугорскае, схаваўшы вояў сваіх, і паслаў да Аскольда і Дзіра, мовячы: “мы ёсць гасцямі, ідзем у Грэкі ад Алега і ад Ігара-княжыча, прыйдзіце ж з родамі сваімі да нас”. Аскольд жа і Дзір прыйшлі, і выскачылі ўсе з лоддзяў, і кажа Алег Аскольду і Дзіру: “вы не князі, ня княскага роду, але я ёсць княскага роду”, і вынес Ігара: “а гэта сын Рурыкавы”. І забілі Аскольда і Дзіра, і занеслі на гару, якая сёння завецца Вугорскай, таксама сёння Олмін двор; на той магіле паставіў Олма царкву святога Міколы3; а Дзірава магіла за святою Арынаю. І сеў Алег княжыць у Кіеве, і мовіў Алег: “гэта будзе маці гарадам Рускім”4. Пачаў Алег гарады ставіць, і ўсталяваў даніны Славенам і Крывічам, і Меры, і ўсталяваў Варагам даніну даваць ад Ноўгарада 300 грыўнаў на год, міру дзеля, якую да смерці Яраслава давалі Варагам.

У год 6391 (883). Пачаў Алег ваяваць на Драўлянаў, і прымучыў5 іх, пачаў на іх даніну мець па чорнай куніцы.

У год 6392 (884). Ідзе Алег на Севяранаў, і перамог Севяранаў, і ўсклаў на іх даніну лёгкую, і не дазволіў ім Хазарам даніну даваць, мовіў: “я ім вораг, а вам – не”.

У год 6393 (885). Паслаў Алег да Радзімічаў, мовячы: “каму даніну даеце?”, яны ж кажуць: “Хазарам”. І сказаў ім Алег: “не давайце Хазарам, але мне давайце”, і далі Алегу па шэлягу6, як і Хазарам давалі. І быў уладарыў Алег Драўлянамі, Палянамі, Радзімічамі, а з Улічамі і Ціверцамі меў раць7.

[…]


У год 6424 (913). Пачаў княжыць Ігар па Алегу.

[…]


У год 6453 (945). Мовіць дружына Ігарава: “отракі Свендзельдавы8 , прыбраліся ў зброю й порты, а мы нагія; і пайдзі, княжа, з намі ў даніну, і ты здабудзеш і мы”. І паслухаў іх Ігар, пайшоў у Драўлянскую зямлю, і прымысліў да першай даніны9, і гвалтуючы іх, разам з мужамі ягонымі; і ўзяў даніну, і пайшоў у свій горад. Ідучы ж назад, перадумаў і мовіў дружыне сваёй: “ідзіце вы з данінай дадому, а я вярнуся і пахаджу яшчэ”. І пусціў дружыну сваю дадому, а сам з малою дружынай вярнуўся, жадаючы большай маёмасці. Чуючы ж Драўляне, што зноў ідзе, здумалі Драўляне з князем сваім Малам і мовяць: “як павадзіўся воўк па авечкі, то перацягае па адной увесь статак, як не заб’юць яго; так і гэты, як не заб’ем яго, то ўсіх нас пагубіць”; і паслалі да яго, мовячы: “чаму ідзеш зноў? Сабраў ужо ўсю даніну”. І не паслухаў іх Ігар, і пайшоў з гораду Іскарасценю супраць Драўлянаў, і забілі Ігара і дружыну яго: было бо іх мала.

[…]


(946). Пачатак княжання Святаславава.

[…]


У год 6454 (946). Вольга з сынам Святаславам, сабрала вояў, шматлікіх і харобрых, і ідзе на Драўлянскую зямлю. І выйшлі Драўляне супраць, і сышліся абодва войскі, кінуў дзіду Святаслаў на Драўлянаў, і дзіда, праляцеўшы конскія вушы, упала ля ног конскіх, бо быў вельмі малы (Святаслаў – заўв. перакл.)10. І кажуць Свенгельд і Асмунд: “князь ужо пачаў, працягнем, дружына, за князем!”. І перамаглі Драўлянаў, Драўляне ж пабеглі і закрыліся ў гарадах сваіх. Вольга ж рушыла з сынам сваім на Іскарасцень-горад, бо тыя (жыхары – заўв. перакл.) забілі мужа яе… […] І пабеглі людзі з гораду, і загадала Вольга людзям сваім хапаць іх у палон, і як узяла горад, і спаліла, і старэйшынаў ж гораду спаліла, і астатніх людзей іншых пабіла, а іншых рабамі параздавала мужам сваім, а рэшту пакінула плаціць даніну, і ўсклала на іх даніну цяжкую, і дзве часткі ішло Кіеву, а трэцяя – Вышгараду да Вольгі, быў бо Вышгарад Вольгаў горад. І ідзе Вольга па Драўлянскай зямлі з сынам сваім і дружынай сваёй, усталёўваючы ўставы і ўрокі, і сталі паселішчы яе і ловы яе. І прыйшла ў горад Кіеў з сынам сваім Святаславам, і была там год адзін.

У год 6455 (947) ідзе Вольга да Ноўгараду і ўсталёўвае па Мсце пагосты11 і даніну, і па Лузе пагосты і даніну і аброкі; і ловы яе сталі па ўсёй зямлі, і знакі і месты і пагосты, і па Дняпры перавесішчы і па Дзясне, і ёсць сяло яе Вольжычы і да нашых дзён. Усталяваўшы, вярнулася да сына свайго ў Кіеў і была з ім у любові12.

[…]

У год 6478 (970). Святаслаў пасадзіў Яраполка ў Кіеве, а Алега ў Драўлянскай зямлі. У той жа час прыйшлі людзі Наўгародскія, просячы князя сабе: “як ня пойдзеце да нас, то знойдзем князя сабе”. І мовіў да іх Святаслаў: “калі хто да вас пойдзе”. І адмовіліся Яраполк і Алег, і кажа Дабрыня: “прасіце Ўладзіміра”. Уладзімір бо быў ад Малушы, міласніцы13 Вольгавы, сястра была Дабрыню, бацьку ж мела Малка Любчаніна, і быў Дабрыня дзядзькам Уладзіміру. І кажуць Наўгародцы Святаславу: “дай нам Уладзіміра”. І ўзялі Наўгародцы Ўладзіміра сабе, і пайшоў Уладзімір з Дабрыням, дзядзькам сваім, да Ноўгараду, а Святаслаў да Пераяслаўцу14.



[…]

У год 6480 (972). І прйшоў Святаслаў на парогі, і напаў на яго Кура, князь печанежскі, і забіў Святаслава. І ўзяў голаву яго і з чэрапу яго зрабіў кубак, акаваўшы чэрап золатам, і п’ючы з яго. Свенгельд15 жа прыйшоў у Кіеў да Яраполка. І было ўсіх гадоў княжання Святаславава 28.

У год 6481 (973). І пачаў княжыць Яраполк.

[…]


У год 6483 (975). Ловы робячы Свенгельдзіч, імем Лот, пайшоў з Кіева, гнаў звера ў лесе; убачыў яго Алег і кажа: “хто то ёсць?” І адказваюць яму: “Свенгельдзіч”, і, наехаўшы, забіў яго, бо былі гэта ловы для Алега. І на тым была між імі нянавісць, Яраполку на Алега, і казаў заўсёды Яраполку Свенгельд: “пайдзі на брата свайго і вазьмі ўладу адзін ягоную”, жадаючы адпомсціць за сына свайго.

[…]


У год 6485 (977). Пайшоў Яраполк на Алега, брата свайго, на Драўлянскую зямлю, і выйшаў супраць яго Алег, і апалчыліся; і сышліся палкамі, і перамог Яраполк Алега. І пабег Алег з воямі сваімі ў горад, званы Уручый, і быў мост праз роў да гарадской брамы, і, штурхаючы адзін аднога, спіхнулі Алега з моста ў глыбіню, і падалі людзі многія з моста, і падавіліся і коні і людзі. І ўвайшоў Яраполк у горад Алегаў, прыняў воласць яго і паслаў шукаць брата свайго; і, шукаючы, яго не знайшлі. І мовіў адзін Драўлянін: “я бачыў учора, як спіхнуты быў з моста”. І паслаў Яраполк шукаць яго, і цягнулі трупы з рова ад раніцы да поўдня, і знайшлі знізу Алега пад трупамі, і ўнеслі, і паклалі яго на дыване. І прыйшоў Яраполк да яго, і плакаў, і казаў Свенгельду: “глядзі, бо ты гэтага жадаў”. І пахавалі Алега на месцы ля гораду Уручага, і ёсць магіла яго ля Ўручага і да гэтых дзён. І прыняў воласць ягоную Яраполк. […] Чуў жа Ўладзімір у Ноўгарадзе, што Яраполк забіў Алега, застрашыўся, збег за мора; а Яраполк пасадзіў пасадніка свайго ў Ноўгарадзе, і быў уладаром адзіным у Русі.

[…]


У год 6488 (980). Прыйшоў Уладзімір з Варагамі да Ноўгараду, і мовіў пасаднікам Яраполкавым: “ідзіце да брата майго і скажыце яму: Уладзімір ідзе на цябе, рыхтуйся супраціў (яго) біцца”. І сеў у Ноўгарадзе, і паслаў да Рагвалода, князя Полацкага, мовячы: “жадаю ўзяць дачку тваю за жонку”. Ён жа мовіць дачцы сваёй: “ці жадаеш за Ўладзіміра?”. Яна ж кажа: “не жадаю разуці Ўладзіміра, але Яраполка жадаю”. Быў бо Рагвалод прыйшоў з замор’я, меў воласць сваю ў Полацку, а Тур – у Тураве, ад яго ж і Тураўцы празваліся. І прыйшлі отракі Ўладзіміравы, і распавялі яму ўсе словы Рагнедзіны, дачкі Рагвалодавай, князя Полацкага. Уладзімір жа сабраў шмат вояў, Варагаў і Славенаў, і Чудзь, і Крывічы, і пайшоў на Рагвалода. У той жа час жадалі весці Рагнеду за Яраполка; і прыйшоў Уладзімір да Полацку, і забіў Рагвалода і сыны яго два, а дачку яго Рагнеду ўзяў за жонку, і пайшоў на Яраполка.

[…]


У год 6496 (988). […] Бо было ў яго (Уладзіміра) сыноў 12: Вышаслаў, Ізяслаў, Святаполк, і Яраслаў, Усевалад, Святаслаў, Мсціслаў, Барыс і Глеб, Станіслаў, Пазвізд, Судзіслаў. І пасадзіў Вышаслава ў Ноўгарадзе, а Ізяслава ў Полацку, а Святапока ў Тураве, Яраслава ў Растове; і памёр старэйшы Вышаслаў у Ноўгарадзе, і пасадзіў Яраслава ў Ноўгарадзе, а Барыса ў Растове, а Глеба ў Мураме, Святаслава ў Драўлянскай зямлі, Усевалада ва Ўладзіміры, Мсціслава ў Цьмутаракані.

[…]


У год 6504 (996). […] Бо любіў Уладзімір дружыну, і з імі думаў аб ладзе дзяржаўным, і аб законах дзяржаўных, і аб войнах; і быў жыў з князямі бліжнімі ў міры, з Баляславам Ляшскім, і са Стэфанам Вугорскім, і з Андронікам Чэшскім, і быў мір між імі і любоў. І жыў Уладзімір у страху Божым. І памножыліся злодзеі, і казаў епіскап Уладзіміру: “вось памножыліся злодзеі; чаму не караеш?”. Ён жа адказвае: “баюся граху”. Яны ж кажуць яму: “ты пастаўлены ёсць ад Бога на кару благім, на міласць добрым; належыць табе караць злодзея, але з дазнаннем”. Уладзімір жа адкінуў віры16, і пачаў караць злодзеяў, і вырашылі епіскапы і старцы: “раць вялікая, а калі будуць віры, то на коні і на зброю пойдуць”. І кажа Ўладзімір: “хай так будзе”. І жыў Уладзімір паводле ладу дзядоўскага і бацькоўскага.

[…]


У год 6508 (1000). […] У гэты ж год праставілася і Рагнеда, маці Яраславава.

У год 6509 (1001) Праставіўся Ізяслаў, бацька Брачыславаў, сын Уладзіміраў.

[…]

У год 6511 (1003). Праставіўся Ўсяслаў, сын Ізяславаў, унук Уладзіміраў.



[…]

У год 6529 (1021). Прыйшоў Брачыслаў, сын Ізяславаў, унук Уладзіміраў, на Ноўгарад, і заняў Ноўгарад, захапіў многіх Наўгародцаў і маёмасць іх, пайшоў да Полацку зноў; і прыйшоў ён да Судаміры-ракі, Яраслаў выйшаў з Кіева, на дзень 7 быў тут, і перамог Яраслаў Брачыслава і Наўгародцаў вярнуў да Ноўгараду, а Брачыслаў збег у Полацк.

[…]

У год 6552 (1044). […] У той жа год памёр Брачыслаў, сын Ізяславаў, унук Уладзіміаў, бацька Ўсяславаў, і Ўсяслаў, сын ягоны, сеў на стале ягоным; яго ж маці нарадзіла ад валхавання, маці ж яго, як нарадзіла яго, і была язва на галаве яго, сказалі валхвы маці яго: “гэта язва на галаве яго, завяжы яе, ды хай носіць яе (павязку – заўв. перакл.) ўсё жыццё”, і так насіў Усяслаў да смертнага дня на сабе, з той прычыны нялітасцівы на праліццё крыві.



[…]

У год 6571 (1063). […] У тым жа годзе ў Ноўгарадзе цёк Волхаў у адваротным напрамку пяць дзён, гэта знаменне ня добрае было: на чацверты год пагарэў увесь горад.



Гэты ж эпізод у Наўгародскім летапісе: У гэты ж год у Ноўгарадзе цёк Волхаў у адваротным напрамку, гэта знаменне не на дабро было: на чацверты год спаліў Усяслаў горад.

[…]


У год 6573 (1065). […] У той жа год Усяслаў раць пачаў.

У той жа час было знаменне на захадзе: зорка вялізарная, што прамень мела нібы крывавы, узыходзіла з вечара пасля заходу сонца, і была 7 дзён; гэта ж праява не на дабро. Пасля гэтага ж былі ўсобіцы многія, і нашэсці паганых на Рускую зямлю, гэта бо зорка, нібы крывавая, выяўляе крыві праліццё.



Гэты ж эпізод у Наўгародскім летапісе: Пачаў Усяслаў раць трымаці, і на захадзе з’явілася зорка вялікая.

[…]


У год 6575 (1067). Зараціўся Ўсяслаў, сын Брачылаваў, Полацкі, і заняў Ноўгарад; Яраславічы ж утрох, Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, аб’яднаўшы вояў, пайшлі на Ўсяслава зімой, што была доўгай. І прыйшлі да Менску, і меняне зачыніліся ў горадзе; гэтыя ж браты ўлялі Менск, высеклі мужчынаў, а жанчын і дзяцей узялі на шчыты17, і пайшлі да Нямігі, і Ўсяслаў пайшоў супраць. І сышліся абодва (войскі – заўв. перакл.) на Нямізе, месяца сакавіка ў трэці дзень, і быў снег вялікі, і пайшлі на праціўнікаў, і была сеча лютая, палі многія, і адужалі Ізяслаў, Святаслаў, Ўсевалад, а Ўсяслаў збег. Пасля гэтага ж, месяца чэрвеня ў 10 дзень, Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад цалавалі крыж чэсны да Ўсяслава, кажучы: “прыйдзі да нас, а ня створым табе зла”; ён жа паспадзяваўся на цалаванне крыжа, пераехаў праз Дняпро. Да Ізяслава ў шацёр прыйшоў, і так схапілі Ўсяслава на Воршы, ля Смаленску, пераступіўшы крыж. Ізяслаў жа прывёў Усяслава ў Кіеў, і пасадзіў у поруб18 з двума сынамі.

Гэты ж эпізод у Наўгародскім летапісе: У год 6574. Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад, з жанчынамі і дзецьмі, і званы зняў у святой Сафіі. О, вялікая бяда была ў часы тыя, і панекадзілы зняў.

У год 6575. Перамаглі Ўсяслава на Нямізе. У той жа год схапілі яго на Воршы.

У год 6576 (1078) Прыйшлі іншапляменныя на Рускую зямлю, Полаўцы многія, Ізяслаў жа, і Святаслаў, і Ўсевалад, пайшлі супраць іх на Лету; і як была ноч, пайшлі адзін на аднога, праз грахі нашыя навёў Бог на іх паганых, і перамаглі Полаўцы. […]

Ізяслаў жа з Усеваладам да Кіева пайшоў, а Святаслаў – да Чарнігава, і людзі Кіеўскія прыбеглі да Кіева, і стварылі веча на гандлёвай плошчы, і кажуць, паслаўшы да князя: “Полаўцы наляцелі на зямлю, дай, княжа, зброі і коняў, і яшчэ будзем біцца з імі”. Ізяслаў жа таго не паслухаў. І пачалі людзі казаць на ваяводу Касняча, і пайшлі з веча на гару, і прыйшлі на двор Каснячоў, і не знайшлі яго, ля двара стаўшы Брачыславава19 і вырашылі: “пойдзем, высадзім дружыну з пограба”. І падзяліліся на дзве часткі: і палова іх пайшла да пограбу, а палова пайшла па мосце20; гэтыя ж пайшлі на княскі двор. (Прыйшлі да) Ізяслава, які сядзеў у сенях з дружынаю сваёй, і пачалі спрачацца з князем. Стоячы ў доле, а князя праз вакно бачачы, і дружыну, што стаяла з князем, кажа Тукы, Чудзінаў брат, Ізяславу: “паглядзі, княжа, людзі ўзвылі; пайшлі, каб знайсці Ўсяслава”. І так яму кажа, што другая палова людзей прыйдзе ад пограбу, адчыніўшы пограб, і кажа дружына князю: “гэта дрэнна, пашлі да Ўсяслава, хай паклічуць яго да вакенца (турмы – заўв. перакл.) і працянуць мечам”, і не паслухаў гэтага князь. Людзі ж сабраўшыся, пайшлі да порубу Ўсяслававага, Ізяслаў жа ўсё гэта бачыў з Усеваладам з пагосту, з двару, людзі ж высяклі Ўсяслава з порубу, у 15 дзень верасня, і паставілі яго сярод двара княскага, і двор княскі разрабавалі, нялічанае мноства золата і срэбра, і куніцамі і скурай. Ізяслаў жа збег да Ляхаў. […] Усяслаў сядзеў у Кіеве месяцаў 7.

У год 6577 (1069). Ідзе Ізяслаў з Баляславам21 на Ўсяслава, Усяслаў жа пайшоў супраць; і прыйшоўшы да Белагораду Усяслаў, уначы, схаваўшыся ад Кіянаў, уцёк з Белагораду да Полацку. […] Ізяслаў […] выгнаў Усяслава з Полацку, і пасадзіў сына свайго Мсціслава ў Полацку, які неўзабаве памёр там; і пасадзіў на яго месца брата яго, Святаполка, а Ўсяслаў уцёк.



Гэтя ж падзеі ў Наўгародскім летапісе: У год 6577. Прыйшоў Ізяслаў з Ляхамі, а Ўсяслаў уцёк у Полацк; […] У той жа год, восенню, месяца кастрычніка 23, на святога Якава брата гасподняга, у пятніцу, у 6 гадзінаў дня, зноў прыйшоў Усяслаў22 да Ноўгараду, наўгародцы ж, паставілі полк супраць іх ля Звярынцу на Кземлі, і дапамог Бог Глебу-князю з наўгародцамі. О, вялікая была сеча Водзі, і пала іх незлічоная колькасць, а самога князя адпусцілі Бога дзеля.

[…]


У год 6579 (1071). […] У той жа год выгнаў Усяслаў Святаполка з Полацку.

[…]


У той жа год перамог Яраполк23 Усяслава ля Галацічску.

[…]


Урывак з “Слова аб паходзе Ігаравым, Ігара, сына Святаславава, унука Алегава”

Ужо бо Сула не цячэ срэбнымі струмянямі

Да гораду Пераяслаўлю,

І Дзвіна балотам цячэ

Тым лютым палачанам

Пад клічам паганых.

Адзін жа Ізяслаў, сын Васількаў,

Пазваніў сваімі вострымі мячамі

Аб шаломы літоўскія,

Пабіў славу дзеду свайму Ўсяславу,

А сам пад чырвонымі шчытамі,

На крывавай траве,

Пабіты быў літоўскімі мячамі

З хоціем на кроў24,

А той казаў:

“Дружыну тваю, княжа,

Птушак крылы апранулі,

А звяры кроў злізалі”.

Не было тут брата Брачыслава,

Ані іншага – Ўсевалада,

Адзін жа выраніў жамчужную душу,

Праз залатое аплечча.

Зажурыліся галасы,

Панікла весялосць,

Трубы трубяць гарадзенскія!
Яраслававы ўсе ўнукі і Ўсяслававы!

Ужо прыхіліце сцягі свае,

Укладзіце свае мячы пашкоджаныя.

Ужо бо выскачыце з дзядоўскай славы.

Вы бо сваімі наветамі

Пачалі наводзіць паганых

На зямлю Рускую,

На багацце Усяславава.

Ад таго бо настаў гвалт

Ад зямлі Палавецкай!


На сёмым стагоддзі па Траяне

Кідае Ўсяслаў жэрабя

На дзяўчыну сабе каханую.

Ты зброяй падвяжыся, сядзь на коней,

І скоч да гораду Кіева,

І дакраніся дзідаю

Залатога стала кіеўскага.

Скоч ад іх лютым зверам

Апоўначы з Белгараду,

Абярнуўшыя шэрым воблакам.

Таксама ў тры ўдары25

Адкрый браму Ноўгараду,

Разбі славу Яраслававу,

Скоч ваўком да Нямігі з Дудутак.


На Нямізе снапы сцелюць галовамі,

Малоцяць чапамі харалужнымі,

На таку жыццё кладуць,

Веюць душу ад цела.

Нямігі крывавыя берагі

Ня збожжам стаяць засеяныя –

Засеяныя касцьмі рускіх сыноў.
Усяслаў-князь людзей судзіў,

Князям гарады радзіў,

Сам уначы ваўком лётаў:

З Кіева дабягаў да першых пеўняў да Цьмутаракані,

Вялікаму Хорсу ваўком шлях перабягаў.

Яму ў Полацку пазвоняць ранішнюю рана

Ў Святой Сафіі ў званы,

А ён ў Кіеве звон чуе.

Хоць і вешчая душа ў дзёрзкім целе,

Але часта беды трываў.

Таму вешчы Баян

Першы прыпеўку дасціпную мовіў:

“Ані хітраму,

Ані дзёрзкаму,

Ані птушцы дзёрзкай,

Суда Божага не прамінуць”.


[…]

У год 6605 (1097). Сышліся Святаполк, і Ўладзімір, і Давыд Ігаравіч, і Васілька Расціславіч, і Давыд Святаславіч, і брат ягоны, Алег, і сустрэліся ў Любечы каб скласці мір, і сказалі сабе, мовячы: “навошта губім Рускую зямлю, самі якую трымаем? А Полаўцы зямлю нашую раздзіраюць, і радыя з таго, што паміж намі вайна да гэтага дня; надалей будзем у адзіным сэрцы і захаваем Рускую зямлю, кожны трымае вотчыну сваю…

[…]

У год 6609 (1101). Праставіўся Ўсяслаў, Полацкі князь, месяца красавіка ў 14 дзень, у 9 раніцы, у сераду.



[…]

У год 6636 (1127). […] У той жа год паслаў князь Мсціслаў26 братоў сваіх многіх на Крывічоў, чатырма шляхамі: Вячаслава з Турава, Андрэя – з Уладзіміра, Усевалада – з Горадні, Вячаслава Яраславіча – з Клецку, тым загадаў ісці да Ізяслаўлю, а Ўсеваладу Алегавічу загадаў ісці са сваімі братамі на Стрэжаў да Барысава, Івана Ваіцішыча паслаў з Торкамі27, і сына свайго Ізяслава з Курску з ягоным палком паслаў на Лагожаск, а іншага сына свайго28, Расціслава, паслаў з Смалянамі да Друцку, казаў ім: “у адзін дзень усім пайсці ў наступ, месяца жніўня ў адзінаццаты дзень”. Ізяслаў жа апярэдзіў на дзень братоў, захапіў людзей з гораду, яны ж, забаяўшыся, здаліся. А Ізяслаўцы пачалі біцца з Вячаславам і з Андрэем. Ізяслаў жа перачакаў два дні ля Лагожаску і пайшоў да Ізяслаўлю да дзядзькі свайго, ведучы з сабою Брачыслава29, зяця свайго: ён быў ішоў да бацькі свайго, быў пасярэдзіне дарогі і застрашыўся, бо ня мог прайсьці ані наперад, ані назад, і пайшоў шурыну свайму ў рукі; і Лагажанаў прывёў (Ізяслаў – заўв. перакл.), якіх вывеў з Лагожаску. І Ізяслаўцы, ўбачыўшы князя свайго і Лагажанаў, якіх бяз бою захапілі, і здаліся, казалі Вячаславу: “пакліч Бога (у сведкі – заўв. перакл.), што нас не дасі на шчыт”. І быў вечар, Вараціслаў, Андрэеў тысяцкі, і Іванка, Вячаславаў, выслалі отракаў сваіх у горад і раніцай убачылі ўсе воі, што захапілі іх уначы, і ледзь Мсціслаўны30 маёмасць збераглі, і тое з боем; і так вярнуліся (ваяры Андрэя і Іванкі – заўв. перакл.) з вялікім палонам. Потым жа і Наўгародцы прыйшлі з Мсціславічам з Усеваладам да Неклачу. І тады Палачане, сабраўшыся, выгналі Давыда31 з сынамі, узяўшы Рагвалода32, пайшлі да Мсціслава, просячы яго да сябе князем, і стварыў волю іх Мсціслаў, узяўшы Рагвалода, павялі яго ў Полацк.

[…]

У год 6636 (1129). Праставіўся князь Полацкі Барыс33.



[…]

Паданне аб каранях варажнечы паміж Рагвалодавічамі і Рурыкавічамі, якое ідзе ў Лаўрэнцьеўскім спісе ў паведамленні ад 1129 г.

Пра гэтых жа Ўсяславічаў распавядзем, як казалі тыя, хто ведаў раней. Як Рагвалод трымаў і валодаў і княжыў у Полацкай зямлі, а Ўладзімір - у Наўгародскай, дзіцём шчэ будучы і паганцам. І быў у яго дзядзька ягоны, Дабрыня, ваявода, і харобар34, і прыгожы муж. Ён паслаў да Рагвалода прасіць дачку яго за Ўладзіміра. Ён жа кажа дачцы сваёй: “ці жадаеш за Ўладзіміра”, яна ж кажа: “не жадаю разуці рабыніча, але Яраполка жадаю”; быў бо Рагвалод прыйшоў з замор’я, меў воласць сваю ў Полацку. Пачуўшы ж, Уладзімір разгневаўся ад тых словаў, што мовіла: “не жадаю разуці рабыніча”, паскардзіўся Дабрыню ды споўніўся ярасцю. І ўзяў вояў і пайшоў на Полацк, і перамог Рагвалода. Рагвалод жа ўцёк у горад. І прыступіў да гораду (Уладзімір), і ўзяў горад, і самога Рагвалода захапіў, і жонку ягоную, і дачку ягоную. Дабрыня, ганьбуючы яго (Рагвалода) і дачку ягоную, заручыў ёй рабыніча і загадаў Уладзіміру быць з ёй перад бацькам яе і маці. Потым бацьку яе забіў (Уладзімір), а саму ўзяў за жонку і назваў Гарыславай, і нарадзіла Ізяслава. Узяў таксама іншых жонак шмат і пачаў яе ганьбаваць. Аднойчы, як ён прыйшоў да яе і заснуў, жадала яго зарэзаць ножам, і здарылася яму прачнуцца, і схапіў яе за руку. Яна ж казала: “спакутавалася я, бо ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў, праз мяне; і зараз не кахаеш мяне і з дзіцём гэтым”. І загадаў ёй апрануцца ва ўвесь строй царскі, як у дзень вяселля яе, і сесці на ложку светлым у харомах, каб прыйшоў і забіў яе. Яна ж так зрабіла, і даўшы меч сыну свайму Ізяславу ў руку аголены, казала: “як увойдзе сюды бацька, скажы, выйшаўшы: бацька, ня думай, што ты адзін”. Уладзімір жа мовіў: “хто думаў, што ты будзеш тут?” і кінуў меч свой. І склікаў баяраў, і распавёў ім. Яны ж мовілі: “ужо не забівай, дзеля гэтага дзіцяці, але адрадзі вотчыну яе і дай ёй з сынам”. Уладзімір жа пабудаваў горад і даў ім, і назваў імя таму гораду – Ізяслаўль. З тых часоў меч узнімаюць Рагвалодавы ўнукі супраць Яраслававых унукаў.

[…]

У год 6639 (1131). […] У той жа год выслаў Мсціслаў Полацкіх князёў, з жонкамі і дзецьмі, у Грэкі, бо пераступлілі крыжацалаванне.



[…]

У год 6641 (1133). […] У тым жа годзе Яраполк перавёў Усевалада Мсціславіча з Ноўгараду і даў яму Пераяслаўль; назаўтра ж сеў у ім (Усевалад – заўв. перакл.), а з абеду выгнаў яго Юрый, дзядзька ягоны, і сядзеў у ім 8 дзён, і вывеў яго брат ягоны, Яраполк, з Пераяслаўлю пасля цалавання крыжа, і паслаў Яраполк па іншага Мсціславіча, па Ізяслава, ў Полацак, і прывёў з клятвай. Ён жа пакінуў брата Святаполка ў Полацку і прыйшоў у Пераяслаўль на Госпадаў дзень. Палачане ж сказалі: “пазбаўляешся нас”, і выгналі Святаполка, а Васільку пасадзілі Рагвалодавіча35.



[…]

У год 6648 (1140). […] У той жа час вярнуліся два княжычы з Царграду, якія высланыя былі Мсціславам, вялікім князем Кіеўскім: бо не выконвалі волю яго й ня слухалі яго, калі іх клікаў у Рускую зямлю на дапамогу, але, больш за тое, жадалі Баняку36 шалудзіваму здароўя, і праз гэта Мсціслаў разгневаўся на іх і жадаў на іх ісці, але нельга было тады ісці, бо тады наляцелі Полаўцы на Русь, і таму застаўся біцца з імі, сябе пераадольваючы. Так таму было, што Мсціслаў Вялікі спадчыну пераняў ад бацькі свайго Ўладзіміра Манамаха Вялікага. Уладзімір, пастаяўшы на Доне, шмат поту ўцёр за зямлю Рускую, а Мсціслаў мужы свае паслаў, загнаў Полаўцаў за Дон, за Волгу, за Яік37, і так пазбавіў Бог Рускую зямлю ад паганых. І як вызваліўся Мсціслаў ад раці, успомніў найперш і паслаў па Крывіцкіх князёў, па Давыда, па Расціслава і Святаслава і Рагвалодавічаў двух, і пасадзіў іх у тры ладдзі, і выслаў іх у Царград за непаслушэнства іхняе, а мужы сваі пасадзіў па гарадах іхніх.



1 Чудзь, Мера, Весь, Мурама – фіна-вугорскія плямёны, што засялялі паўночна-ўсходнія раёны сённяшняй Расейскай федэрацыі.

2 Славене – славянскае племя, што жыло ў раёне Ладажскага возера.

3 Летапіс арыентуе магілы Аскольда і Дзіра па пазней пабудаваных хрысціянскіх цэрквах, св. Міколы і св. Арыны адпаведна.

4 У еўрапескай традыцыі яшчэ з раннедзяржаўных часоў нейкая краіна, рэгіён, горад (гэта рэчы аднаго парадку, бо маецца на ўвазе не тэрыторыя як такая, а супольнасць людзей, што жыве на ёй), разумеюцца ў свядомасці праз жаночы вобраз. У Антычнасці і Сярэднявеччы розныя краіны, рэгіёны, гарады, выяўляліся праз жаночыя алегорыі (напр. у выяўленчым мастацтве, літаратуры), а працэдура уступлення сярэднявечнага манарха ва ўладанне тым ці іншым горадам ці рэгіёнам, нагадвала працэдуру шлюбу паміж “жаніхом”-манархам і “нявестай”-горадам.

5 “Прымучыў” – далучыў сілай (стар. руск.).

6 Дробная манета. Тут, хутчэй, маецца на ўвазе нейкі натуральны эквівалент грошай, верагодней за ўсё – футра.

7 “меў раць” – меў вайну (стар. руск).

8 Свендзельд (Свенгельд) - адзін са старэйшых дружыннікаў (баяраў) Ігара.

9 “прымысліў да першай даніны” – відаць, на гэты момант звычайная даніна за год была ўжо сабраная, а ў гэтым паходзе Ігар загадаў сабраць яшчэ даніны выключна па сваёй волі.

10 Маецца на ўвазе, што Святаслаў быў такі малы, што ня меў сілаў кінуць дзіду, аднак, мусіў, з’яўляючыся фармальна князем, хаця б сімвалічна “распачаць бітву” з драўлянамі.

11 Месца, куды звозілася даніна.

12 “…быў (была) з ім у любові” – сярэднявечная моўная формула, што часта ўжывалася ў выпадку мірнага сукіравання двух манархаў у адной дзяржаве (напр. Альгерд і Кейстут у ВКЛР), або манарха і рэгента (дадзены выпадак), або саюзу манархаў (Ягайла і Вітаўт).

13 Міласнікі – від залежных людзей (магчыма – рабоў) на Русі, магчыма – прыватныя слугі князёў, целаахоўнікі і г.д.

14 Горад на Дунаі (суч. Балгарыя).

15 Адзін са старэйшых дружыннікаў Святаслава.

16 Віра – грашовая плата, што ўносілася за забойства, што вызваляла забойцу ад крэўнай помсты з боку сваякоў забітага і ад смяротнай кары з боку дзяржавы.

17 “…узялі на шчыты” – узялі ў палон, разрабавалі, навярнулі ў рабства (стар. руск.).

18 Поруб – вязніца, турма.

19 Двор Брачыславаў – магчыма, полацкае гандлёвае прадстаўніцтва ў Кіеве, магчыма, калі верыць звесткам скандынаўскай крыніцы “Сага аб Эймундзе, сыне Хрыга”, аб тым, што Брачыслаў выйграў бітву на Судоме і нейкі час княжыў у Кіеве, кіеўскі двор гэтага князя.

20 Маецца на ўвазе мост праз роў, які аддзяляў пасад, дзе праходзіла веча, ад дзядзінцу, дзе знаходзіўся княскі двор.

21 Баляслаў Харобры, кароль польскі, цесць Ізяслава Яраславіча.

22 У арыгінале крыніцы прысутнічае пашкоджаны фрагмент, мяркуючы з кантэксту далейшага паведамлення, Усяслаў узначальваў дружыны фіна-вугорскага племені Водзь.

23 Яраполк Ізяславіч, сын Ізяслава Яраславіча, князя кіеўскага.

24 Гэты радок адзін з самых незразумелых у “Слове…”, ёсьць некалькі варыянтаў яго прачытання, тут падаецца па публікацыі: Слова пра паход Ігаравы. Мінск, Мастацкая літаратура, 1986.

25 Яшчэ адзін вельмі незразумелы фрагмент, які часам перакладаецца як “тройчы паспытаў удачы”.

26 Мсціслаў Вялікі, сын Уладзіміра Манамаха, князь кіеўскі ў 1125-1132 гг.

27 Торкі – стэпавае качавое племя.

28 Тут у Іпацьеўскім летапісе прысутнічае пропуск, які парушае сэнс далейшага аповеду. У цытаваным фрагменце пропуск запоўнены тэкстам з Лаўрэнцьеўскага летапісу. Кавалак, які быў дададзены пазначаны курсівам.

29 Хутчэй за ўсё – Брачыслаў, князь Заслаўскі, сын князя Лагойскага, які, даведаўшыся аб нападзе на Лагойск, пайшоў быў на дапамогу бацьку, але, сустрэўшы пасярэдзіне дарогі войска Ізяслава, якое ішло ад Лагойску да Заслаў’я, і даведаўшыя, мабыць, што пад Заслаў’ем ужо таксама стаіць вораг, быў вымушаны здацца ў палон.

30 Жонка Брачыслава, княгіня Заслаўская.

31 Давыд Усяславіч, сын Усяслава “Чарадзея” Брачыславіча.

32 Або Барыс-Рагвалод, сын Усяслава Брачыславіча, або Рагвалод Барысавіч, сын Барыса-Рагвалода, унук Усяслава Чарадзея.

33 Ёсць меркаванне, што Барыс Усяславіч памёр да паходу 1127 г., а Мсціслаў прызначыў полацкім князем яго сына Рагвалода Барысавіча.

34 Харобар – магутны, смелы вояр, волат. Больш вядомы пазнейшы аналаг – “багатыр”, які ўзнік у паслямангольскія часы (пасля сяр. ХІІІ ст.) ад цюркскага слова “батыр” – “знатны, слаўны чалавек”.

35 Сын Барыса-Рагвалода Ўсяславіча, якога палачане збераглі ад высылкі ў Візантыю.

36 Баняк – палавецкі князь, у паход супраць якога загадваў выступіць полацкім князям Мсціслаў Уладзіміравіч ў 1131. Менавіта за адмову ад удзелу ў гэтай вайне на баку Кіева яны былі высланыя ў Візантыю.

37 Яік – старажытная назва Ўралу.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка