Аднак яны бачылі многа




Дата канвертавання21.05.2016
Памер58.84 Kb.
Маці
Жнучы, яна стамлялася з кожным днём усё больш. Гарачую задуху цяжка было адмахнуць ад знямоглых грудзей нават самай вялікай, самай каласістай жменяй. А рабіць трэба было, хоць і свету не бачыш... I яна жала, нікому нічога не кажучы.

Увечары, вяртаючыся дахаты са сваім наймалодшым, у тое страшнае лета адзіным у хаце сынам, старая ледзь перастаўляла ногі, натруджаныя гадамі бязлітаснай працы. Паблеклыя вочы яе глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава.

Аднак яны бачылі многа.

Вось, нечакана спыніўшыся, маці азірнулася на свайго хлопца, які, таксама з сярпом на плячы, пачціва ішоў ззаду, запавальняючы хаду, па-пастушынаму «клюючы» салодкі жытні каласок.

— Глядзі, Васіль, як ён упяўся... Эх! Трымайся, нябога, стой!

Сын перастаў на момант «кляваць», зірнуў у той бок, куды яна паказвала. За вялізнай узорнай дзяругай цераспалосіцы, недзе далёка-далёка за ўзгоркам натухала зара, а зусім блізка ад мяжы, па якой яны ішлі, стаяў пахілы мэндлік жыта. Уранні па нівах, з гары ў даліну, прайшоўся нізам вецер і панасоўваў мэндлікам шапкі на самыя вочы. Мала таго, каторы слабей пастаўлены, дык і ўсяго яго ці нахіліў, ці нават абярнуў зусім. Той, на які паказвала маці, нахілены ўсімі снапамі ўдагон ранішняму ветру, што быў ужо на другім канцы свету, — той не хацеў упасці. I старая жняя ўсміхнулася, гледзячы на яго амаль таксама ўлюбёна ў жыццё, як у тыя гады, калі яна была парабчанкай у панскім двары і не ведала стомы, бегаючы вакол чужога шчасця.

Калі мяжа ўперлася ў гасцінец, маці з сынам павярнулі ўлева.

Па сцежцы на траве абочыны пайшлі таксама: яна — спераду, ён — ззаду.

Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы.

Прагудзе адзін, пасля ідзеш, пасля зноў стаіць ды гудзе, нібы нешта жывое, — так сумна, нават злавесна, усцішна мармычучы.

На адным слупе, ужо недалёка ад павароту на іхні хутар, старая заўважыла белую плямку паперы — на ўзроўні вачэй. Прайшла міма: няма калі думаць пра ўсё... Потым спынілася. Сказаць сыну, каб зірнуў, што гэта, — не паспела: ён ужо сам чытаў, кінуўшы каласок. Прачытаўшы, аддзёр паперку, парваў яе на кавалачкі і сыпануў імі, нібы жменяй мякіны, камусьці нябачнаму ў вочы.

— Што гэта?

— Каб не давалі есці байцам. Каб выдавалі іх паліцаям. Дадуць гарэлкі і тытуню.

— Няхай 6ы сабе вісела, сынок. Няўжо ж іх нехта паслухае?

— Будуць расстрэльваць тых, хто не паслухае. Усю сям'ю. I хату спаляць.

— На ўсё божая воля...

Яны пайшлі — зноў адно за адным і моўчкі.

Дома, у сенцах старое хаты, яшчэ пры панах выкінутай з вёскі на хутар, маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Сын зрабіў тое самае. Яна паправіла аберуч хустку, зверху ўніз з прыціскам правяла рукамі па твары, нібы здымаючы стому з вачэй, і ўжо хацела сказаць, што вось толькі падоіць карову ды будуць вячэраць.

— Я пайду ў вёску,— апярэдзіў яе Васіль.

— Зноў! — больш спалохана, чым злосна, крыкнула яна. А потым перайшла на ласку: — Не ішоў бы ты лепш. Заўтра ж рана ўставаць.

— Ну што ж, і ўстану.

— Дык павячэраў бы хоць.

— Я скора прыйду.

— Ведаю я гэтае скора... Ой, находзішся ты! Давядзе цябе гэты Азароначак! Успомніш ты маё слова!..

— Нічога, маці. Спалохалася?

— Вось тады пасмяешся! Знайшоў чым гуляць! Па твойму, я сляпая — нічога не бачу, або дурная — нічога не ведаю?

Ен падумаў, што больш не варта... Не, ён проста ўспыхнуў:

— Яшчэ чаго — будзе вучыць! I пайшоў.

Зноў дай божа цярплівасць на ўсенькую ноч!..

Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон.

Маці не спіць.

Каля гэтага хутара фронт — трагічны пачатак вайны — прайшоў, як нейкі раптоўны віхор,— і верхам, і нізам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты... Прайшоў гэты віхор і праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. Сцяпан толькі пазалетась, калі прыйшлі таварышы, вярнуўся з панскага астрога, прычакаўшы нарэшце таго, за што пакутаваў. Уладзік, самы старэйшы, гаспадар, змабілізованы панамі ўлетку трыццаць дзевятага года, толькі ў замаразкі прынёс асміну вошай з нямецкага лагера.

I вось пайшлі яе хлопцы зноў, цяпер ужо на ўсход. I не вяртаюцца, як іншыя... Не паспелі і ажаніцца, — так хутка праляцеў ён, гэты час іх доўгачаканай волі. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Сцяпан у сельсавеце сядзеў, старшынёю. А Васіль — гэты вучыўся дзве зімы ажно ў Наваградку...

Так, тых няма. Бог святы ведае, што будзе... А гэты, апошні, не хоча сядзець у хаце, шукае няшчасця. Дачакалася — нават не скажа, куды і чаго...

...Яны прыйшлі яшчэ зацямна. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Пакуль яна ўзняла з падушкі галаву, пакуль у гэтай сівой проставалосай галаве сто разоў перавярнулася думка — хто гэта? — і нават радасць —

а можа? — пакуль яна ўстала, пачуўся амаль да шэпту прыглушаны голас:

— Хозяин!.. Хозяин, открой!..

Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку і адчыніла дзверы. Стала толькі зусім ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта—яны, байцы....

Адзін з іх,— а колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця,— адзін падышоў да яе і ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:

— Мать? Ты нам хлебушка дай, родная... Ты не бойся: мы сразу же уйдем... Из лагеря бежали...

Шэры і гладкі тэлеграфны слуп са злавесным гудзеннем праплыў перад яе вачыма... 3 той самай паперкай, якую рваў яе хлопец... Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца: а ён яшчэ не вярнуўся!.. Белая пляма паперкі махнулася разам са слупам удаль і знікла. Застаўся толькі страшны няголены твар чалавека з вялікімі вачыма. Засталіся толькі яны — цяпер ужо добра відаць — учатырох.

— Заходзьце, хлопчыкі! Я вам хоць малачка... Хоць смагу прагнаць... Лямпу не будзем запальваць...

Апошняе яна сказала, пераступаючы парог.

I на гасцінцы, і ў мястэчку, на ўсім —так добра знаёмым і якім жа кароткім цяпер — шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. I ўсім было зразумела, куды і завошта.

Чатыры босыя, у вайсковых лахманах мужчыны, з рукамі, скручанымі назад калючым дротам, па двух ішлі следам за ёю. Ёй фашысты зрабілі палёгку: не звязалі рук... Што ж, яны не баяліся яе нават так, як гэтых бяззбройных, знясіленых уцекачоў. Адзін з байцоў, яшчэ зусім хлапчук, нядаўна астрыжаны пад машынку, з усіх сіл намагаўся не ўпасці і, ззаду гледзячы на таварышаў, узнімаў, як і яны, галаву.

Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна трымала мазалямі да мазалёў. Шаптала свае, зусім новыя словы малітвы. I ў ранішнім святло роднага сонца ясным быў яе твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы. Яна і тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Як добра, божа ласкавы, што ён не прыйшоў, не прыбег нават і на пажар роднай хаты!.. Відаць, далёка ўжо недзе сынок, відаць, адкапалі-такі яны з Азаронкам свае кулямёты... Дзе яны, Уладзік і Сцяпан?.. Хавай іх, божа, усіх трох ад куль, дай ім усім убачыць матчыну магілу!.. I тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля... Яна чула іх крокі — шорганне босых ног на жвіры, чула і цяжкае дыханне... Яна аддала ім усё, што магла... А тут нават не азірнешся. I яна рабіла адно — яшчэ як мама вучыла — малілася. I за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе...

Горача дыхалі клыкастыя, дурныя зяпы аўчарак. Чорнай сталлю паблісквалі ў голых да локцяў, загарэлых руках аўтаматы. Час ад часу на ўзбоччы гудзелі тэлеграфныя слупы.

Маці не ведала, хто яна. Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на іх паход сустрэчныя, — што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы і рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай...



* * *

Над зямлёй — красавіцкае неба: ахапкі белых воблакаў, халаднаватая просінь і жаўранкі.

Зямля то светла-шэрая, дзе не хадзіў яшчэ сёлета плуг, то сакавіта-цёмная — і там, дзе ўлонне яе толькі што раскрытае для новых зярнят, і там, дзе ўжо затоена грэецца безліч аўсяных парасткаў.

Сёння ўранку ўжо значна смялей, як учора, ажывае зеляніна руні. Лагодныя шэрыя ўзгоркі ўдалечыні пацягнуты смугой. Паміж вёскамі, на лугавой даліне, цячэ апетая ў сардэчнай песні рэчанька...

На шэрых коціках вербаў гаспадарліва завіхаюцца пчолы. На бярозах над стрэхамі хат ад радасці разводзяць крыламі шпакі.

За ўзгоркам з ночы грукоча трактар. Араты.



Іду на гэты гул. Па чыстай, маладзенькай пасля снегу сцежцы.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка