Адметнасці граматычнай структуры тапонімаў




Дата канвертавання01.05.2016
Памер73.86 Kb.
Сіплівеня, Ж.С. Адметнасці граматычнай структуры тапонімаў Гродзенскага раёна / І.І.Бубновіч, Ж.С.Сіплівеня // Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння (да 95-годдзя з дня нараджэння прафесара Ф.М.Янкоўскага): зб. навук. арт. /Бел. дзярж. пед. ун-т імя Максіма Танка; рэдкал.: Г.Ф.Андарала, Д.В.Дзятко (адк. рэд.), Н.П.Лобань і інш. – Мінск: БДПУ, 2013. – С. 181-184.

АДМЕТНАСЦІ ГРАМАТЫЧНАЙ СТРУКТУРЫ ТАПОНІМАЎ

ГРОДЗЕНСКАГА РАЁНА

Граматычная сістэма мікратапаніміі Гродзенскага раёна арганічна ўпісваецца ў агульнабеларускую сістэму. Нягледзячы на значны пласт састаўных назваў, пераважную большасць тут складаюць аднаслоўныя мікратапанімічныя адзінкі ў форме адзіночнага і множнага ліку. Праўда, як сведчаць назіранні, суадносіны паміж назвамі ў форме адзіночнага і множнага ліку розныя. У гідраніміі Гродзенскага раёна большасць назваў – адзіночналікавыя назоўнікі, сярод аграонімаў, дэндронімаў і інш. працэнт найменняў у форме множнага ліку большы.

У форме адзіночнага ліку на Гродзеншчыне зафіксаваны найменні ўсіх трох родаў. Асаблівае пашырэнне маюць мікратапонімы і гідронімы ў форме жаночага роду з канчаткам -а/-я (Бароўка ‘паша’, Кажухоўшчына ‘лес’, Доўжыца ‘прыток рэчкі Спушанкі’, Затока ‘месца на рацэ’, Крывуля ‘канава ў выглядзе літары “Г”, Шыйка ‘вузкі выток, пачатак рэчкі Лазоўкі’, Пратока ‘рэчка’, Глыбіна ‘частка рэчкі Лашанкі, самае глыбокае месца’ і пад.). Рэдка сустракаюцца мікратапонімы, што афармляюцца з нулявым канчаткам: Завадзь ‘сенажаць’, Загадзь ‘частка поля’, Гаць ‘стаў на рацэ Свіслач’ і інш.

Частка разгледжаных назваў утворана семантычным спосабам ад апелятываў (Пратока, Шыйка, Гаць). Іншыя мікратапонімы ўзніклі суфіксальным спосабам ад асноў назоўнікаў-апелятываў і антрапонімаў пры дапамозе фармантаў -оўка/-аўка/-еўка (Хамутоўка ‘рэчка’ Вербалотаўка ‘рэчка, што бярэ пачатак з балота’, Лазоўка ‘рэчка’, Малеўка ‘вузенькі ручай’, Бароўка ‘паша’, Васільеўка ‘сенажаць’, Ермакоўка ‘ворная зямля’), суфікса -к(-а), што далучаецца да асноў назоўнікаў, прыметнікаў, дзеепрыметнікаў (Абрубка ‘поле’, Сцюдзёнка ‘рэчка ў вёсцы Азёры’, Рудка ‘крыніца з вадой чырвонага колеру’, Баярка ‘правы прыток Лашанкі’, Індурка ‘левы прыток Свіслачы’, Брукоўка ‘брукаваная дарога’). Зафіксаваны мікратапонімы, што маюць у структуры фарманты -анка/-янка (Жвіранка ‘месца, дзе бяруць жвір’, Гажанка ‘рэчка’, Гарнічанка ‘левы прыток Нёмана’, Пыранка ‘рэчка’, Русацянка ‘рэчка каля вёскі Русота’), -іца (Ліпніца ‘крыніца’, Багніца ‘забалочанае месца’, Грыбніца ‘месца ў Хвайне, дзе расце шмат грыбоў’, Кругліца ‘паляна круглай формы ў лесе’), -ня/-оўня (Ваўкоўня ‘месца ў лесе, дзе вадзіліся ваўкі’, Жвіроўня ‘ўзвышша, дзе некалі бралі жвір’, Кругня ‘поле’), -аўшчына/-оўшчына/-еўшчына (Марозаўшчына ‘хутары, зямля недалёка каля асфальтавага завода’, Мікулеўшчына ‘хутар’) і інш.

Радзей бачым мікратапонімы жаночага роду, утвораныя пры дапамозе прыставак (Зарэчка ‘паляна паміж мемарыяльным комплексам і лесам паблізу вёскі Азёры’, Загорніца ‘поле за рэчкай Горніца’).

У якасці патамонімаў апелятыўная лексіка ў форме мужчынскага роду замацоўваецца значна радзей: Вадапад ‘месца на рацэ каля маста’, Бягучык ‘ручай, які выцякае з Малочнага возера’. Часцей формы мужчынскага роду выкарыстоўваюцца ў мікратапаніміі: Бохан ‘узвышша’, Кар’ер ‘пясчаная гара’, Палетаклес, які расце ўздоўж ракі Котры’, Палац ‘месца, дзе стаяў панскі дом’, Барак ‘месца, дзе стаяў вялікі дом, у якім жылі панскія работнікі’, Кашэль ‘назва невялікага лесу’. Падобныя назвы могуць утварацца суфіксальным спосабам пры дапамозе фармантаў -нік (Жабнік ‘сажалка’), -ік (Касцельнік ‘поле’, Гарэлік ‘частка лесу, які часткова згарэў’), -ец (Агулец ‘частка лесу’), -ок (Жвірок ‘частка поля’) і інш. Радзей адзіночналікавыя мікратапонімы ў форме мужчынскага роду ўтвараюцца складана-суфіксальным (Двугадзічнік ‘ручай, які ўзнік параўнальна нядаўна’), прыставачна-суфіксальным (Забарок ‘хутар, які знаходзіцца за борам’), прыставачным спосабамі (Заброд ‘поле за бродам’, Загай ‘поле, якое знаходзіцца за гаем’).

Патамонімы ў форме ніякага роду адзінкавыя (Каменішча ‘камяністая частка берага ракі Нёман’). Больш такіх формаў сярод лімнонімаў (Верхняе ‘возера па правым баку вёскі Азёры’, Ніжняе ‘возера па левым баку вёскі Азёры’). Пашыраныя формы ніякага роду ў сістэме мікратапаніміі (Балота ‘поле’, Глінішча ‘поле’, Ляда ‘лес’ і інш.). Утварыліся і замацаваліся назоўнікі ў форме ніякага роду рознымі шляхамі: семантычным (Балота ‘поле’, Тарпавіско ‘балота’), суфіксальным (Грудзішча ‘луг’), прыставачна-суфіксальным (Задуб’е ‘лес’, Запагор’е ‘балота, якое знаходзіцца за пагоркам’, Подкавалле ‘поле’).

У форме ніякага роду выступаюць у мікратапаніміі назоўнікі са значэннем зборнасці: Сабор’е ‘равы ў вёсцы Азёры’.

Частка мікратапонімаў у форме адзіночнага ліку – назоўнікі, што ўтварыліся шляхам субстантывацыі прыналежных прыметнікаў. Як сцвярджае В.А.Жучкевіч [1, с.88], ва ўсходнеславянскай тапаніміі першыя геаграфічныя назвы хутчэй за ўсё былі прыметнікамі, якія затым пры адасабленні ўласных імён сталі адыгрываць ролю назоўнікаў. Напрыклад: Ялавая ‘рэчка’, Базылёва ‘крыніца’, Аброчнае ‘балота’, Воўчае ‘месца ў лесе’, Глыбокае ‘балота, на месцы якога раней было возера’, Капітанава ‘лес каля хутара’, Капітанава ‘хутар, дзе жыў былы капітан’. Як бачна з прыкладаў, звычайна субстантывуюцца і замацоўваюцца ў якасці патамоніма прыметнікі ў форме жаночага роду і надзвычай рэдка – ніякага роду, а назвамі іншых мясцін могуць быць назоўнікі ўсіх родаў. Пры гэтым граматычны род мікратапоніма залежыць ад граматычнага роду наймення геаграфічнага аб’екта.

Заўважана, што ад адной асновы пры дапамозе розных фармантаў могуць утварацца патамонімы і аграонімы ў форме мужчынскага і жаночага роду: Сцюдзёнка ‘рэчка ў вёсцы Азёры’ і Студзінец ‘крыніца недалёка ад вёскі Клінчаны’. Ваганні ў катэгорыі роду адлюстроўваць і такія варыянты назваў: Запруда (Запруд) ‘месца на рацэ, дзе была створаная бабрамі запруда’, Выжар (Выжара) ‘паша’.

У сістэме аднаслоўных мікратапонімаў Гродзеншчыны прыкметны пласт складаюць і множналікавыя назвы. Заўважым, што найменні ў форме множнага ліку вызначаюцца прадукцыйнасцю ў айканіміі Гродзенскага рэгіёну. Множналікавыя мікратапонімы і гідронімы ўтвараюць менш прадукцыйныя тыпы назваў. У пераважнай большасці выпадкаў падобныя найменні афармляюцца з канчаткам -ы (-і), тапанімізацыі якога садзейнічала якраз шырокае ўжыванне форм множнага ліку ў беларускай айканіміі. Па словах В.П. Лемцюговай, ужо ў ХVст. мадэль pluralia tantum была адной з самых прадукцыйных у працэсе ўтварэння беларускіх тапонімаў [2, с.128]. Фінальныя элементы -ы (-і) ў структуры множналікавых мікратапонімаў, з аднаго боку, актыўна ўдзельнічаюць у словаўтварэнні, а з другога – выражаюць склонавыя значэнні, таму нярэдка іх называюць тапанімічнымі субморфамі [3, с. 30].

У адных выпадках форма множнага ліку з’яўляецца паказчыкам рэальнага мноства. Напрыклад, калі назвы ўзніклі на аснове прыродна-геаграфічных тэрмінаў, адлюстроўваюць раслінны свет, асаблівасці глебы, зямельнага надзелу, забалочаную мясцовасць, прадметы побыту: Акопы ‘кустоўе’, Алешнікі ‘паша’, Арэшнікі ‘лес’, Балоты ‘луг’, Барсукі ‘лясная мясціна’, Брады ‘балота’, Востравы ‘балота’, Горы ‘сенажаць’, Дубы ‘ўрочышча’, Загоны ‘частка лесу’, Затокі ‘месца на рацэ Гожка’, Кусты ‘луг’, Лозы ‘сенажаць’, Навазы ‘поле’, Пяскі ‘поле’, Равы ‘канавы паблізу вёскі Путрышкі’, Сосны ‘лес каля вёскі Табольская Будка’, Тарфянікі ‘поле’ і інш. Як бачым, згаданыя мікратапонімы матывуюцца апелятывамі.

Апроч таго, зафіксаваны адантрапанімічныя мікратапонімы, у якіх форма множнага ліку называе калектыў па родавым прозвішчы, імені або мянушцы заснавальнікаў паселішча. Множналікавы фармант -ы(-і) у такіх формах – паказчык таго, што паселішча заснавана на калектыўных пачатках. Мікратапонімы падобнага тыпу звычайна з’яўляюцца назвамі хутароў, урочышчаў, садоў, палёў, размешчаных на месцы былых хутароў: Абуховічы ‘хутар паблізу вёскі Жытомля’, Карпачы ‘хутар каля вёскі Табала’, Вайцяхі ‘ўрочышча’, Бубны ‘хутар паблізу вёскі Стрыеўка’, Кавалі ‘ўрочышча’, Куляшы ‘хутар паблізу вёскі Гожа’, Макары ‘ўрочышча’, Маркішы ‘хутар паблізу мястэчка Парэчча’, Сямашкі ‘поле на месцы былога хутара’, Талочкі ‘хутар каля вёскі Казіміраўка’ і г.д.

У структуры разгледжаных найменняў канчатак -і(-ы) далучаецца як да невытворнай асновы (Кусты ‘пасадка каля чыгункі’, Лугі ‘паша’, Кругі ‘поле’, Тарасы ‘хутар’), так і да асноў, ускладненых суфіксамі -к-, -нік- і інш. (Вераскі ‘луг’, Бычкі ‘хутар’, Агароднікі ‘поле’, Лозкі ‘зараснік’). Аднак дадзеныя суфіксы не выяўляюць прыкметаў тапанімізацыі.

Характэрнай адметнасцю граматычнага афармлення множналікавых мікратапонімаў, што выкарыстоўваюцца ў гаворках Гродзенскага раёна, з’яўляецца ўжыванне іх з канчаткам -э (-е) у назоўным склоне: Агулэ ‘поле’, Ваўке ‘сенажаць’, Брадэ ‘паша’, Ляске ‘невялікі лес’, Марге ‘сенажаць’, Мачулэ ‘поле’, Равэ ‘канавы’, Пяске ‘поле’, Шыбке ‘хутар’ і інш. Існаванне падобных формаў абумоўлена марфалагічнымі асаблівасцямі гродзенскіх гаворак. Звычайна яны выступаюць як варыянты да формаў з канчаткам -ы (-і): Бурты – Буртэ ‘поле’, Гайкі – Гайке ‘поле паблізу вёскі Сколабава’, НавазыНавазэ ‘поле’, СпускіСпуске ‘сенажаць’ і пад. Аднак часам на Гродзеншчыне функцыянуюць толькі множналікавыя мікратапонімы з канчаткам -э (-е): Агулэ, Мачулэ і г.д.

Значная частка множналікавых мікратапонімаў кваліфікуецца як флексійныя ўтварэнні, гэта значыць флексія ў структуры падобных адзінак адыгрывае функцыю ўтварэння мікратапоніма і далучаецца непасрэдна да ўтваральнай асновы: Асокі ‘поле на ўсходзе ад вёскі Табала’, Бярозы ‘невялікі лясок’, Валокі ‘нівы ў ваколіцах вёскі Жытомля’, Вербы ‘частка вёскі Русота’, Грывы ‘сенажаць’, Карчы ‘поле паблізу вузкакалейкі’, Ямы ‘сенажаць’ і пад.

Іншыя мікратапонімы адносяцца да суфіксальна-флексійных дэрыватаў, у якіх суфіксы не ўжываюцца без флексій множнага ліку: Асіннікі ‘лясная мясціна’, Высячкі ‘поле’, Гародчыкі ‘хутар’, Кізевічы ‘ўрочышча’, Лахчынкі ‘сенажаць’, Пастэўнікі ‘поле на месцы былой пашы’, Тарфіскі ‘поле на месцы былога балота’ і інш. На сучасным этапе развіцця мовы такія суфіксы і флексіі ўспрымаюцца як непадзельныя самастойныя тапанімічныя фарманты.

Радзей на Гродзеншчыне бытуюць множналікавыя мікратапонімы, утвораныя конфіксным спосабам: Зарэчкі ‘поле’, Навознікі ‘палетак’, Паддубке ‘балота’, Падлескі ‘луг’, Падлужке ‘поле’. Прэфікс у структуры разгледжаных адзінак канкрэтызуе месца размяшчэння аб’екта ў адносінах да іншага аб’екта, названага ў тапааснове.



Такім чынам, граматычная структура мікратапонімаў Гродзенскага раёна вызначаецца заканамернасцямі, што рэгулююць нацыянальную беларускую мікратапанімію, а таксама марфалагічнымі адметнасцямі, што ўласцівы гродзенскім гаворкам.

Літаратура

  1. Жучкевіч, В.А. Чаму так названа / В.А.Жучкевіч. – Мінск : Народная асвета, 1969. – 120 с.

  2. Лемцюгова, В.П. Беларуская айканімія. Лінгвістычны аналіз назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / В.П.Лемцюгова. – Мінск: Навука і тэхніка, 1970. – 156 с.

  3. Копач, О.И. Словообразование простых гелонимов Беларуси / О.И. Копач // Словообразование и номинативная деривация в славянских языках: Материалы VIII Междунар. науч. конф., 15–16 апреля 2003 г., Гродно / Отв. ред. С.А.Емельянова и др. – Гродно: ГрГУ, 2003. – С. 29 – 33.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка