Адкуль наш род Прозвішча нашага рода Акуліч паходзіць з Лагойшчыны




Дата канвертавання03.04.2016
Памер30.78 Kb.
Адкуль наш род

Прозвішча нашага рода – Акуліч – паходзіць з Лагойшчыны.


Вёска Акулічы і маёнтак з назвай Акулічы (зніклі ў самым канцы XIX ст. і землі, на якіх яны існавалі зараз уваходзяць у склад буйной вёскі Сліжына ў Лагойскім раёне) ўзніклі ў 1560 годзе пры польскім каралі Жыгімонте ІІ і былі заснаваны Янам (Іванам) Акулічам. У ёй пражывалі падданыя Яна Акуліча. Ад таго самага Яна Акуліча і трэба выводзіць радаслоўную нашых Акулічаў і большасці астатніх Акулічаў на Лагойшчыне.
Адкуль быў родам Ян Акуліч дакладна невядома, але вядома толькі, што быў ён мясцовы і паходзіў з Вялікага Княства Літоўскага. Яго бацьку звалі Акула, бацьку Акулы – Васька, бацьку Ваські – Радзька, а бацьку Радзькі – Еўлах.  Гэта значыць, што лагойскія Акулічы, у тым ліку і мы, вядуць свой род ад пачынальніка Еўлаха, які нарадзіўся нейдзе пасля 1450 года.
Не пазней, чым ў другой палове XVIII ст. адзін з нашчадкаў Яна Акуліча набыў надзел у 20-ці кіламетрах ад сучаснага Сліжына, і стаў пачынальнікам новай веткі Акулічаў. Месца гэта захавалася і сёння, – гэта вёска Востраў Акалоўскага сельсавета Лагойскага раёна (у 7-мі кіламетрах ад гарадскога пасёлка Плешчаніцы). І сёння большая колькасць жыхароў гэтай вёскі маюць прозвішча Акуліч. На могілках гэтай вёскі калі ходзіш, то на помніках скрозь амаль адно прозвішча – Акуліч. З Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь удалося дастаць спіс жыхароў гэтай вёскі за 1816 год. Тады жыхары 7-мі з 8-мі хатніх гаспадарак насілі прозвішчы Акуліч, а ў восьмай гаспадарцы – гаспадар быў жанаты на дзяўчыне з прозвішчам Акуліч (гэта значыць прыйшоў у прымы). Першым вядомым нашым продкам у гэтай вёсцы быў Андрэй Акуліч, які нарадзіўся прыблізна ў 1772 годзе.
Згодна дадзеным Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, у гэтага Андрэя аднаго з сыноў звалі Якаў (1800-1835), у Якава – аднаго з сыноў звалі Тамаш (1826-пасля 1860). У Тамаша аднаго з сыноў звалі Осіп (1855-1920). І сёння нашу галіну Акулічаў у Востраве, а таксама ў Прусавічах – завуць “тамашукі”. Бо Тамаш – быў паважаным чалавекам, смаляром. Осіп калі вырас, то пайшоў жыць у суседнюю буйную вёску Прусавічы, і аднаго з яго сыноў звалі Еўдакім (1882-1927), а аднаго з яго сыноў – Антон (1923-1992). Сёння ў вёсцы Прусавічы Акулічаў завуць “мурашы”, бо Осіп быў кузняцом, і працаваў ад ранку да вечара, як мураш. Мой дзед Антон калі стаў дарослым, то пераехаў працаваць у Плешчаніцы, а потым у 1947 годзе пабудаваў дом у вёсцы Бурыя у 2-х кіламетрах ад Плешчаніц, дзе сёння знаходзіцца дача маіх бацькоў.
Наша прозвішча Акуліч паходзіць ад мужчынскага асабовага імя – Акула. Акула – гэта не мянушка ад драпежнай рыбы “акула”. Гэта першая асацыяцыя, якая прыходзіць на розум, на самой справе з’яўляецца памылковай. Я прысвяціў гэтаму пытанню цэлы артыкул, каб падцвердзіць, альбо аправергнуць гэтую версію. Высветлілася, што у беларускую і расійскую мову слова “акула” прыйшло (яно было запазычана з іншай мовы) не раней чым 300 гадоў таму, у той час, як першыя Акулічы былі вядомыя на тэрыторыі Беларусі значна раней.
На самой справе, імя Акула на тэрыторыі Беларусі (як дарэчы і Расіі, Польшчы, і іншых славянскіх краін) узнікла як народная інтэрпрэтацыя старажытнарымскага мужчынскага імя Акуіла (лат. Aquila). Старажытнае рымскае імя Акуіла азначала не што іншае, як “арол” (птушка арол і ўсе яе якасці). Непадалёку ад Рыма і сёння ёсць даволі буйны горад, які так і называецца Акуіла. Цікава, што ў каталіцкай традыцыі, а таксама ў народнай інтэрпрэтацыі, гэта імя перадалося як – Акула (прапала літара “і”), а вось у праваслаўнай традыцыі – яно перадалося як Акіла (прапала літара “у”). Гэта наклала істотнае непаразуменне ў раз’ясненні паходжання многіх назваў у Расіі, якія маюць у корані імя Акула (такіх назваў ёсць калі 50-ці) і паходзяць ад гэтага імя (Акуловка і г.д.), але сёння нават многія даследчыкі не памятаюць такога імя, а ведаюць толькі Акіла.
Першы чалавек з іменем Акуіла (Акνла, грэч. Akυλas, лат. aquila, что азначала – арол), які патрапіў у Біблію і ад якога гэта імя вядома як царкоўнае, быў па нацыянальнасці яўрэем. Ён быў родам з горада Понта, што размяшчаўся ў той час у так званай Малой Азіі. Нейкі час гэты Акуіла жыў у Рыме, але па загаду імператара Клаўдзія разам з усімі яўрэямі быў выгнаны адтуль. Потым са сваёй жонкай Пріксілай ён жыў у Корыне падчас пасяшчэння гэтага горада апосталам Паўлам, а затым – у Эфесе (сёння – гэты старажытнагрэчаскі горад аднаўляюць туркі і знаходзіцца ён на беразе Эгейскага мора ў Турцыі). Дом Акуілы і Пріскілы і ў Корыне, і ў Эфесе, і ў Рыме, быў хатняй царквой, у якую збіраліся веруючыя для богаслужэння. Імяніны Акуілы спраўляюць – 14 ліпеня1.



1 Гэта гісторыя апісана ў наступнай крыніцы: Полный церковно-славянский словарь. Протоирей Г. Дьяченко. Репринтное воспроизведение издания 1900 г. 1993. 1120 с. – С. 10


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка