Адключыць тэлефон І хваробу прыняць за спачынак




Дата канвертавання30.04.2016
Памер40.21 Kb.
* * *

Адключыць тэлефон

І хваробу прыняць за спачынак.

На канапе маёй кацянём прытулілася ноч.

Адышоў на Сянно

Твой аўтобус хадою качынай,

У валізцы ля ног – закатаныя слоікі сноў...
Як не будзе сустрэч,

Дык навошта тады развітанні?

Мне за стрэлы вастрэй

Тваіх слоў асфадэльная сталь.

Я пакіну свой сум

У кавярні па вуліцы Танка.

Я заўсёды чакаю... Цябе.

І заўсёды не там...



Размова з Максімам
Ён старэйшы на год і амаль на стагоддзе…

У ягоным паглядзе вятры карагодзяць…

І ўжо не пра смерць – пра жыццё гаварыць бы нам,

Ды ў горле трапечацца злоўленай рыбінай:

“Даруйце, Вы з Менску?” – “Не, я не з Менску.

Я з горада гэтага знікла без вестак”.

Маўчанне… І ён, успамінам атулены,

У бок пазірае, бы ўсмешку матуліну

Убачыў... І словы чаромхавай квеценню

Асыплюцца з вуснаў: пра сёння і вечнае,

Пра новыя вершы, смак першых суніцаў,

Ды толькі ні слова пра тое, што сніцца…


Той Менск, ад Нямігі да Верхняга Гораду,

Працяты яго нетутэйшаю горыччу.

Там Зоська і Зьміцер, чырвоныя з белымі,

І “Хатка” ягоная асірацелая,

І тое, што цешыць, і тое, што рупіць…

“Дык Вы не з Менску?..” – “Я з Мінска…

Даруйце…”

* * *
Пакаёвыя коткі глядзяць каляровыя сны

Познім часам, калі

я ўглядаюся ў нечыя шыбы.

Там святло, цеплыня і скрыпічная песня масніц…

І чужая пяшчота

здалёк не здаецца фальшывай.
Тут – надзея і снег працінаюць мяне навылёт,

Там – гамонка вачэй і маўчанне з вішнёвым адценнем,

Малако і гарбата, а ў сподках бурштынавы мёд,

І ручным пацуком у куточку хаваецца цемра.


Там нястрашна і добра, ды я не прашуся туды…

Спіце вы, пакаёвыя! Зычу вам крозаў салодкіх.

Я пагардліва мяўкну,

стрымаўшы зайздрослівы ўздых,

І прыйду ў вашы сны

ганарлівай

бадзяжнаю

коткай!
* * *


Было: паштоўкамі на e-mail

Ты слаў мне пароль: I love you!*

Адказ: 2 (таксама) :) (усмешка) L (Л)!

(“Кахаю цябе, мой слаўны!”)


Паверыць? Проста! Калі маніць,

То лепей на мове іншай…

Je taime!** (абы не паблытаць нік!)

(“Люблю цябе, мой увішны!”)


Дэклараваў мне: “Ich liebe dich!”***

(Не словы – клінок дамаскі!),

А я чытала па вуснах тваіх

Каханне… ды іншыя казкі.


* Я кахаю цябе! (англ.)

** Я кахаю цябе! (фр.)

*** Я кахаю цябе! (ням.)
* * *
Я старая, нібы маладосць у пяску пахаванага сфінкса, –

У мяне на вачах памірала каханне тваё.

Пацукі-абяцанні бягуць з красавіцкага Мінска,

Каб паспець на “Тытанік”, што ўжо адплывае ў Нью-Ёрк.


Незнаёмыя чоўны вяслуюць па радыёхвалях,

Дзе між намі імгненне (ці два) безнадзейна чужой цішыні…

Ты пайшоў – па навіны. Ды іх у той дзень не давалі…

І ў чарзе па чаканне ты, быццам прыдуманы, знік.


Ці Эдэмаўскі сад, ці якая другая ўстанова

Запрасіла цябе, гарантуючы вечны ваяж,

Толькі ведаеш, любы, казалі, пусцілі на дровы

Сад, дзе ўсё вырашала бязглуздая Ева твая!


Там над дрэвам апошнім спявае сякера Адама,

Там знаходзяць прытулак адны толькі чорныя дні.

Ты паверыў, што іншай ніколі цябе не аддам я?!

Значыць, я, ў рэшце рэшт, навучылася добра маніць!


Не вяртайся! Ніколі! Ні пешшу, ні ў гумавай джонцы!

Гэты горад разбураць вятры (мне сівы фараон гаварыў)!

(“Горад будзе стаяць!” – прамаўчала ягоная жонка.

Ды табе таго ведаць не варта – да пэўнай пары…)


* * *
Я дайшла да сярэдзіны небыцця.

Я палову бясконцасці крокамі змерыла.

Нада мною чакання пунсовы сцяг,

А наўкола – прышласць, зямлёю змерзлаю.
Груганы – у фортку, у дзверы – ноч.

Быццам сплю ўва сне ці ў дзіравым чоўне

Я плыву па небе... Верацяном

Усе пальцы скалола – і…

НІ-ЧО-ГА!!!

* * *
Азёры сноў пілі тваё дыханне,

У прагнасці гублялі берагі...

І гэтак пачынаўся дзень другі

Ад нараджэння нашага кахання.
Ляжаў світанак на тваіх руках

Жвірынкаю ружовага мармуру,

Глытала сонца волкую пахмурнасць

З нясцерпам згаладалага звярка.


Што застанецца? Смага і святло...

Калі завянуць чуйныя стакроткі.

Як гэты дзень, зняможана-кароткім

Хай будзе лёс нявымаўленых слоў!


О дзень – мой бацька!

Я тваё дзіця,

Знявечанае жнівеньскім спакоем.

Зламанае шаснаццацірадкоўе

Не вартае зламанага жыцця...

Хаця...


* * *
Гэтак светла – маліцца слязьмі

І ў світанак захутвацца снежны...

Гэта снежань аблокі кунежыць,

Каб у сны асыпаўся язмін.


Хай самота вясне не належыць –

Так далёка яшчэ да вясны! –



Гэтак светла – маліцца і сніць

Гэты снежань...


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка