Аддзел краязнаўства арганізацыя работы музеяў устаноў адукацыі




старонка1/4
Дата канвертавання30.03.2016
Памер0.74 Mb.
  1   2   3   4
УПРАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ БРЭСЦКАГА АБЛВЫКАНКАМА

ДУА “БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ЦЭНТР ТУРЫЗМУ І КРАЯЗНАЎСТВА ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ”

АДДЗЕЛ КРАЯЗНАЎСТВА

АРГАНІЗАЦЫЯ РАБОТЫ МУЗЕЯЎ УСТАНОЎ АДУКАЦЫІ
(МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ)

2014 г.



Рэкамендавана да друку метадычным саветам ДУА “Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі”
Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы музеяў устаноў адукацыі распрацаваны на аснове нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць музейную дзейнасць Рэспублікі Беларусь:

1. Закон Рэспублікі Беларусь 12 снежня 2005 г. № 70-З Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь.

2. Палажэнне аб Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь (зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 10.06.2006 № 730).

3. Інструкцыя аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўлiку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў (зацверджана Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 01.11.2007 № 44).

4. Палажэнне аб парадку прысваення музеям статусу «народны», перыядычнага пацвярджэння і пазбаўлення іх гэтага статусу (зацверджана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 10.06.2006 № 730).

Складальнік: Строкач Аляксандр Пятровіч, загадчык аддзела краязнаўства

Клімук Вадзім Ігаравіч, метадыст аддзела краязнаўства

Уводзіны


На сучасным этапе краязнаўчая дзейнасць вучняў і педагогаў займае у адукацыйным працэсе важнае месца і адыгрывае выключную ролю ў фармаванні патрыятычных грамадзянскіх якасцей навучэнскай моладзі. Заканамерным этапам краязнаўчай дзейнасці з’яўляецца стварэнне музеяў, музейных куткоў, экспазіцый на базе устаноў адукацыі. Музеі устаноў адукацыі закліканы выканаць галоўную сацыяльную функцыю духоўнага і патрыятычнага выхавання вучняў, функцыю культурна-асветніцкай дзейнасці, выхаваць такія якасці як грамадскі абавязак, адказнасць, патрыятызм.

Стварэнне музея, а таксама арганізацыя работы музея патрабуе затратаў вялікіх маральных і фізічных сіл педагогаў і навучэнцаў. Музеі устаноў адукацыі, у экспазіцыях і фондах якіх захоўваецца краязнаўчы матэрыял, прызваны не толькі аб’ектыўна адлюстроўваюць мінулае і сённяшні дзень, прапагандаваць гістарычныя веды, але і весці пасільную даследчую працу па збіранню, вывучэнню помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, якая патрабуе пэўнага вопыта і ведаў, ведання нарматыўна-прававых дакументаў, валодання методыкай музейнай справы.

Мэта рэкамендацый – паляпшэнне умоў дзейнасці музеяў у арганізацыі вучэбна-выхаваўчай работы з навучэнцаммі, дапамога кіраўнікам музеў у афармленні экспазіцый, вядзенні ўліковай дакументацыі музеяў і вырашэнне асобных пытанняў арганізацыі работы музеяў устаноў адукацыі.

Метадычныя рэкамендацыі складзены на аснове патрабавнняў дзеючага заканадаўства да дзяржаўных музеяў, а таксама метадычных рэкамендацый Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па арганізацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі і абумоўлены неабходнасцю аказання тэарэтычнай і практычнай дапамогі кіраўнікам музеяў у арганізацыі уліку і захоўвання музеных прадметаў і калекцый ва ўмовах змянення нарматыўна-прававой базы па дзейнасці музеяў устаноў адукацыі.


ЗМЕСТ:


        1. Музеі устаноў адукацыі. Правы і абавязкі кіраўніка музея ўстановы адукацыі.

        2. Стварэнне музея.

        3. Адкрыццё музея ўстановы адукацыі.

        4. Структура працы музея.

        5. Крыніцы збору матэрыялаў.

        6. Запаўненне пашпарта музея.

        7. Вызначэнне профілю музея.

        8. Вызначэнне колькасці наведвальнікаў.

        9. Парадак прысваення і перыядычнага пацвярджэння статуса “народны”.

        10. Структура фондаў музеяў устаноў адукацыі.

        11. Улік і навуковае апісанне музейнага фонду.

        12. Парадак нанясення ідэнтыфікацыйных нумароў на прадметы.

        13. Фонд і экспазіцыя.

        14. Агульныя патрабаванні да захоўвання музейных прадметаў у музеях устаноў адукацыі.

        15. Адрасы дзяржаўных музеяў, якія аказваюць метадычную дапамогу музеям устаноў адукацыі.

        16. Дзеючы музей павінен мець наступныя дакументы.

        17. Дадаткі.



  1. Музеі ўстаноў адукацыі.

Правы і абавязкі кіраўніка музея ўстановы адукацыі.
Музей установы адукацыі з’яўляецца тэматычнай сiстэматызаванай калекцыяй арыгiнальных помнiкаў нацыянальнай гiсторыi, культуры i прыроды. Работа музея цесна звязана з адукацыйным працэсам устаноў адукацыi. Музей ажыццяўляе сваю дзейнасць на аб'ектыўнай навуковай аснове, дзейнічае на падставе Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, а ў адносінах збору, уліку, захавання і выкарыстання прадметаў Музейнага фонду – Закона Рэспублікі Беларусь “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь”, па форме ўласнасці адносіцца да дзяржаўных музеяў.

Арыгiнальныя помнiкi гiсторыi, культуры i прыроды, якiя размешчаны ў фондах музеяў, з’яўляюцца агульнанароднай уласнасцю. Яны ўваходзяць у склад Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь і падлягаюць дзяржаўнаму ўлiку ва ўстаноўленым парадку.

Кіраўнік музея (захавальнік фондаў) нясе непасрэдную адказнасць за цэласнасць захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый у экспазіцыі і фондасховішчы.

У гэтых мэтах кіраўнік музея павінен забяспечыць:

- правільнае вядзенне, захоўванне ўсіх уліковых дакументаў;

- захоўванне фондаў ва ўмовах, якія гарантуюць іх захаванасць;

- прыём фондаў на матэрыяльна-адказнае захоўванне паводле адпаведных актаў з пералікам усіх прымаемых матэрыялаў і азначэннем іх стану захаванасці на момант прыёму;

Перадача фондаў музея на матэрыяльна-адказнае захоўванне ажыццяўляецца камісіяй з трох чалавек, прызначаных загадам дырэктара ўстановы адукацыі (або ад старога да новага кіраўніка), і афармляецца адпаведным актам.

У акце перадачы на матэрыяльна-адказнае захоўванне адзначаюцца прозвішчы, імёны і імёны па бацьку старога кіраўніка музея, новага кіраўніка музея, усіх членаў камісіі, прысутных, пералічваецца ўвесь фонд перадаваемых музейных прадметаў і калекцый, акт зацвярджаецца пячаткай дырэктара ўстановы адукцыі. Адзін экзэмпляр акта прыёму на матэрыяльна-адказнае захоўванне музейных прадметаў перадаецца пад распіску кіраўніку музея, другі захоўваецца ў дырэктара.


  • рэгістрацыю ўсіх паступаючых прадметаў ва ўліковых дакументах музея.

  • кантроль за станам музейнага абсталявання, а таксама станам пломб на шафах, вітрынах, якія ён пламбіруе сваёй пячаткай (пячаткай установы адукацыі).

  • захаванасць прадметаў асноўнага фонду на экспазіцыі, закрыццё музея пасля заканчэння яго працы, кантроль за выкананнем правілаў супрацьпажарнай бяспекі.

ЗАЎВАГА: У выпадку выключнай неабходнасці адкрыцця фондасховішча, або вітрыны ў адсутнасці кіраўніка музея (захавальніка фондаў) ствараецца камісія з 3-х членаў савета музея. Адкрыццё адбываецаа пры абавязковай прысутнасці адміністрацыі ўстановы адукацыі. Прычыны і вынікі адкрыцця фіксуюцца ў акце, які падпісваецца ўсімі членамі камісіі і адміністрацыяй.

    • кантроль за допускам у фондасховішча наведвальнікаў, не дапускаць у памяшканне асоб, не маючых на тое дазволу.

    • уборку фондасховішча, паводле музейных патрабаванняў.

Кіраўнік музея (захавальнік фондаў) мае права:

    • патрабаваць ад дырэктара ўстановы адукацыі стварэння адпаведных умоў для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, якія гарантуюць іх бяспеку ад пашкоджанняў і крадзяжоў, забеспячэння музейных фондасховішчаў неабходным абсталяваннем, тэхнічнымі сродкамі, упаковачнымі матэрыяламі, забеспячэння аховы працы ў фондасховішчах;

- пламбіраваць месца захоўвання фондаў сваім пламбірам, здымаць пломбы іншым асобам забараняецца.

У выпадку атрымання ад дырэктра ўстановы адукацыі распараджэння, якое супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, кіраўнік музея (галоўны захавальнік) абавязаны тэрмiнова паведамiць яму ў пiсьмовай форме аб неадпаведнасці дадзенага iм распараджэння заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Пры пацвярджэннi кіраўніком у пiсьмовай форме свайго распараджэння галоўны захавальнiк мае права не выконваць яго і абавязаны тэрмiнова паведамiць аб гэтым у вышэйстоячы орган, органы культуры ў вуснай, а затым i ў пiсьмовай форме.

Пра ўсе выпадкi крадзяжу, пашкоджанняў цi страты музейных прадметаў і музейных калекцый кіраўнік музея абавязаны тэрмінова паведамiць кіраўніцтву ўстановы адукацыі, органу культуры (у якім зарэгістраваны музей), у праваахоўныя органы.


  1. Стварэнне музея.

Шольныя экспазіцыі прынята падзяляць на музейныя куткі (пакоі, залы) і непасрэдна музеі. Розніца паміж гэтымі катэгорыямі досыць адчувальная.



Музейнымі куткамі прынята называць адзін або некалькі аформленых стэндаў або вітрын ў навучальным класе, або рэкрэацыі ці зале. Пры гэтым для кутка не прынцыпова ўтрыманне сапраўдных помнікаў гісторыі і культуры, тут можна абмежавацца толькі копіямі дакументаў, і рэкамендавана весці ўлік гэтых матэрыялаў, а стварэнне музея – вынік доўгачасовай пошукавай дзейнасці (афармлення матэрыялаў ў тэматычныя выставы, асваення шматлікіх формаў метадаў краязнаўчай працы, збору вялікай колькасці фактычнага і інфармацыйнага матэрыяла), якая дазваляе аформіць музей.

Пачынаць працу па стварэнню музея можна пры наступных умовах:



    • існуе грамадская патрэбнасць у стварэнні музея;

    • вызначана тэматыка музея, выбраны профіль гэтага музея (гл. вызначэнне профілю музея);

    • завершаны збор і пошук прадметаў музейнага значэння – будучых экспанатаў музея;

    • арганізаваны ўлік матэрыялаў (па вызначанаму ўзору музейнага ўліку і камплектавання);

    • вывучана гісторыя той падзеі, якой будзе прысвечаны музей;

    • распрацавана ўзгоджаная і зацверджаная навуковая канцэпцыя музея і тэматыка-экспазіцыйны план;

    • маецца ізаляванае памяшканне для размяшчэння экспазіцыі і фондаў;

    • наяўнасць фінансавання будучага музея, заахвочванне дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў да спонсарскай дапамогі;

    • створаны савет музея, маецца актыў (гл. структура музея) і зацікаўленныя кіраўнікі;

    • усталяваны сувязі з раённым метадыстам па турысцка-краязнаўчай работы, абласным ці гарадскім аддзеламі краязнаўства цэнтраў дзіцяча-юнацкага турызму, спецыялістамі дзяржаўных музеяў (гл. пункт №13).

Галоўнымі асаблівасцямі пры стварэнні музея ўстановы адукацыі павінна быць:

  • адраснасць (музей павінен падабацца дзецям);

  • у стварэнні музея павінны прымаць удзел дзеці;

Навуковая канцэпцыя – першы этап стварэння будучага музея. Гэта своеасаблівая доўгатэрміновая праграма дзейнасці музея ўстановы адукацыі. Пад час рэалізацыі праекта сюды можна ўносіць невялікія змены, якія не замінаюць мэтаўстаноўкам музея. Пры стварэнні музея трэба зыходзіць з рэальных магчымасцяў дадзенай установы адукацыі. Рэкамендавана для распрацоўкі канцэпцыі праводзіць на базе ўстановы адукацыі спецыяльныя пасяджэнні, конкурсы, сустрэчы, тым самым выслухаць усе меркаванні актыва.

Праца над стварэннем канцэпцыі адбываецца пачаргова:



    • Месца музея: яго назва, прыналежнасць яго да ўстановы адукацыі.

    • Мэта: вызначыць канцавую мэту музея, вылучыць катэгорыю наведвальнікаў, склад Савета музея.

    • Ідэя музея: вызначыць асноўную ідэю экспазіцыі.

    • Змест экспазіцыі: занатаваць экспазіцыю будучага музея ў аўтарскім уяўленні, зыходзячы з наяўнасці фондаў, ці пошукова-даследчай дзейнасці, раскрыць экспазіцыйныя паясы і паслядоўнасць іх дэманстрацыі, азначыць плошчу экспазіцыі, зрабіць яе характэрыстыку.

    • Прынцып пабудовы экспазіцыі: праблемны, мемарыяльны, калекцыйны, вобразно-сюжэтны.

    • Прапрацоўка тэматычнай структуры.

    • Камплектаванне фондаў музея: складанне праграмы каплектавання фондаў, арганізацыя ўліку і захавання музейных прадметаў і калекцый.

    • Выкананне мастацкага эскізнага праекта экспазіцыі: складанне плана памяшкання, абазначэнне на ім стэндаў, вітрын, подыюмаў, інтэрактыўных зон і інш.

    • Вызначэнне асноўных затратаў на экспазіцыйнае абсталяванне, тэхнічныя сродкі, мастацкае вырашэнне, далейшае функцыянаванне і падтрыманне ў належным выглядзе музея.


3. Адкрыццё музея ўстановы адукацыі.
Рашэнне аб адкрыцці музея прымае педагагічны савет установы адукацыі (афармляецца пратакол пасяджэння педагагічнага савета). Згодна “Палажэння аб музеі навучальна-выхаваўчай установы”, зацверджанага загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2002 г. №52 навучальна-выхаваўчыя арганізацыі могуць адкрыць музей пасля заключэння мясцовых органаў адукацыі і культуры аб наяўнасці ўмоў для забеспячэння дзейнасці музея. Заключэнне афармляецца пісьмова. Пасля станоўчага заключэння ўстанова адукацыі зацвярджае адкрыццё музея загадам дырэктара. Загад захоўваецца як архіўны дакумент.

Акрамя загада для адкрыцця музея неабходна вызначыць асноўныя мэты і профіль, а таксама прызначыць кіраўніка музея. Стваральнік музея павінен забяспечыць музей будынкам (памяшканнем), які адпавядае профілю музея і патрабаванням па захоўванню музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама неабходнымі фінансавымі сродкамі для арганізацыі і ажыццяўлення музейнай дзейнасці;

Музей установы адукацыі павінен быць зарэгістраваны мясцовымі ўстановамі культуры, для гэтага ўстанова адукацыі, у якой знаходзіцца музей, падае ліст аб разглядзе пытання аб рэгістрацыі дадзенага музея ў аддзел культуры (горада, раёна) с пазначэннем нумара загада аб адкрыцці, профіля і колькасці экспанатаў асноўнага фонда музея.

Адказнасць за захаванасць экспанатаў, арганізацыю ўліку і захавання матэрыялаў музея нясе дырэктар навучальна-выхаваўчай установы і кіраўнік музея.

У выпадку ліквідацыі ці рэарганізацыі музея ствараецца ліквідацыйная камісія, у склад якой уваходзяць супрацоўнікі дзяржаўных музеяў і аддзела адукацыі, складаецца акт аб перадачы найбольш каштоўных прадметаў у фонды дзяржаўнага музея.
4. Структура працы музея.
Асноўную частку працы ажыццяўляе актыў. Але ён не павінен быць замкнутым. Да працы абавязкова прыцягваюода вучні, якія не ўваходзяць у яго лік. Педагагічнае кіраўніцтва работай актыва музея ажыццяўляе настаўнік, які прызначаецца загадам дырэктара навучальна-выхаваўчай установы. Важным момантам фарміравання актыву з’яўляецца стварэнне савета будучага музея. Савет каардынуе дзейнасць вучняў па стварэнні музея, а пасля кіруе ўсёй яго працай: вырашае пытанні камплектавання фондаў, разглядае і зацвярджае перспектыўныя і каляндарныя планы работы, тэматыка-экспазіцыйныя планы работы, вядзе падрыхтоўку экскурсаводаў, лектараў і г.д.


    Савет музея не павінен быць вельмі вялікім, бо ён можа стаць цяжкакіруемым, неаператыўным. У кожнай навучальна-выхаваўчай установе гэтае пытанне вырашаецца індывідуальна, але прынамсі, незалежна ад колькасці членаў савета, у савеце музея павінны быць адказныя за асобныя накірункі дзейнасці. У выніку ствараюцца сектары, якія маюць свае абавязкі.

Сектар пошукавай працы займаецца камплектаваннем фондаў, распрацоўкай маршрутаў вандровак і экспедыцый, падрыхгоўкай спецыяльнага рыштунку, палявых дакументаў, арганізацыяй заняткаў па вывучэнні методыкі выяўлення і збору помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, іх апісання, уліку і захавання ў палявых умовах, запісу ўспамінаў, апавяданняў і г.д.

Фондавы сектар вядзе ўліковую дакументацыю, арганізуе захаванне помнікаў гісторыі, прыроды, кантроль за рэжымам захавання экспанатаў, правядзенне рэстаўрацыйных работ, выраб макетаў, пастаноўку на ўлік.

Сектар экспазіцый і выстаў распрацоўвае тэматычна-экспазіцыйныя планы, займаецца падборам экспанатаў, мантажом экспазіцыі.

Колькасць сектараў вызначаецца асноўнымі накірункамі дзейнасці. Могуць быць створаны наступныя сектары: экскурсаводаў, масавай і прапагандысцкай працы, перапіскі, бібліятэчны, тэхнічна-інфармацыйны і г.д.

Работа савета музея грунтуецца на прынцыпах самакіравання і ўдзел у яго працы з боку настаўнікаў зводзіцца да ролі інструктараў, кансультантаў.




5. Крыніцы збору матэрыялаў.

Крыніцы збору матэрыялаў могуць быць вельмі розныя, асноўныя з іх - сістэматычны збор матэрыялаў па выбранай тэматыцы, які ажьццяўляецца праз сістэму заданняў падчас вучобы, правядзення экспедыцый, вандровак, экскурсій, сустрэч, шляхам перапіскі з арганізацыямі і асобнымі людзмі. Звяртаючыся ў архівы, бібліятэкі, музеі трэба памятаваць, што кожны запыт, накіраваны ў гэтыя ўстановы, павінен быць сур'ёзна абгрунтаваны.



6. Запаўненне пашпарта музея.
Пашпарт музея – гэта юрыдычны дакумент, які пацвярджае наяўнасць музея і дае магчымасць аналізаваць яго дзейнасць.

Пашпарт музея ствараецца і зацвярджаецца ў выпадку функцыянаванння музея без пашпарта, пры змяненні профілю музея, а таксама неадпаведнасці пашпарта ўсталяванаму ўзору (пры захаваннні старога пашпарта як архіўнага дакумента), пасля выканання музеем наступных патрабаванняў:



  • Наяўнасць загада аб адкрыцці музея,

  • Асобнае памяшканне, якое гарантуе захаванасць музейных прадметаў і музейных каллекцый;

  • Наяўнасць кіраўніка музея і савета музея;

  • Наяўнасць сабранай і зарэгістраванай у інвентарнай кнізе калекцыі музейных прадметаў;

  • Наяўнасць пастаяннай экспазіцыі музея;

Пашпарт музея павінен захоўвацца ў асоб, адказных за захаванне фондаў і іншых дакументаў (дырэктар навучальна-выхаваўчай установы і кіраўнік музея).

Штогадовыя звесткі пра дзейнасць музея або дадзеныя аб змяненні яго структуры, напрыклад, новы раздзел і інш. пры ўнясенні у пашпарт ўзгадняюцца з раённай ці абласной установай дадатковай адукацыі.




7. Вызначэнне профілю музея.
Профіль музея абумоўлены прыналежнасцю музея да той ці іншай профільнай навуковай дысцыпліны.

Да гістарычных музеяў адносяцца ўсе тыпы музеяў гэтай групы (агульнагістарычныя, ваенна-гістарычныя, археалагічныя, этнаграфічныя, гісторыі рэлігіі, гістарычныя манаграфічныя (гісторыі адной падзеі), сучаснай культуры, іншыя).

Да комплексных - музеі, у дзейнасці якіх аб'ядноўваюцца розныя профільныя адгалінаванні; краязнаўчыя, архітэктуры і этнаграфіі, гісторыка-мастацкія, запаведнікі гісторыка-культурныя, іншыя.

Да прыродазнаўчых – прыродазнаўчыя шырокага профілю, геаграфічныя, (біялагічныя, заалагічныя, батанічныя, геалагічныя, мінералагічныя, антрапалагічныя, іншыя.)

Да мастацтвазнаўчых - музеі выяўленчых мастацтваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнага мастацтва, палацавага і паркавага мастацтва, мастацкія манаграфічныя, іншыя.

Да літаратурных - гісторыі літаратуры, гісторыі кнігі, літаратурныя манаграфічныя, іншыя.

Да тэхнічных – палітэхнічныя, па галінах тэхнікі і г. д.

Да галіновых - музеі, якія прысвячаюцц асобным галінам дзейнасці: сельскагаспадарчыя, медыцынскія, спорту, чыгункі, транспарту, тэатра і музыкі, іншыя.

У выпадку змянення профілю музея заводзяць новы пашпарт пры захаванні старога, каб была пераемнасць у дзейнасці ўстановы. Пашырэнне тэматыкі музея, і змяненне яго профілю магчыма толькі пры ўмовах мэтанакіраванай і ўсвядомленай працы ў гэтым накірунку.

Рашэнне аб змяненні профілю музея прымае педсавет навучальна-выхаваўчай установы. Гэта рашэнне ўзгадняецца з адпаведнымі аддзеламі адукацыі і культуры і афармляецца загадам дырэктара навучальна-выхавўчай установы.

У выпадку функцыянавання на базе адной установы адукацыі некалькіх музейных экспазіцый, профіль і асноўныя раздзелы экспазіцыі вызначаюцца па галоўнай калекцыі.


8. Вызначэнне колькасці наведвальнікаў.
Агульная колькасць наведванняў музея складаецца з агульнай колькасці наведванняў экспазіцый і выставак і колькасці наведванняў лекцый і іншых культурна-адукацыйных мерапрыемстваў.

Колькасць індывідуальных наведванняў запаўняецца на падставе ўваходных білетаў (платных ці бясплатных).

Колькасць экскурсійных наведванняў вызначаецца па журналах уліку.

9. Парадак прысваення і перыядычнага пацвярджэння статуса “народны”.
Згодна, «Палажэння аб парадку прысваення музеям статусу «народны», перыядычнага пацвярджэння і пазбаўлення іх гэтага статусу» от 10. 06. 2006 г. № 733, лепшыя музеі устаноў адукацыі могуць прэтэндаваць на прысваенне статуса “народны”.

Статус «народны» прысвойваецца музеям, якія ўваходзяць у склад юрыдычнай асобы ў якасці структурных падраздзяленняў і адпавядаюць наступным патрабаванням:



      • ажыццяўляюць сваю дзейнасць не менш за 10 гадоў;

      • маюць не менш за 600 музейных прадметаў;

      • маюць уліковую дакументацыю на ўсе музейныя прадметы;

      • маюць асобны будынак (памяшканні) пад пастаянную экспазіцыю і для размяшчэння музейных фондаў;

      • маюць пастаянную музейную экспазіцыю, створаную на аснове ўласных музейных калекцый;

      • абслугоўваюць не менш як 3000 наведвальнікаў за апошнія тры гады.

Для разгляду пытання аб прысваенні музею статусу «народны» юрыдычная асоба, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, падае ва ўпраўленне культуры хадайніцтва з прыкладзенай даведкай аб дзейнасці музея, што пацвярджае выкананне вышэй згаданых патрабаванняў.

Упраўленне культуры мае права запатрабаваць у юрыдычнай асобы, якая падала хадайніцтва, прадставіць іншыя дакументы, што пацвярджаюць высокі арганізацыйны і навуковы ўзровень працы музея.

Рашэнне аб прысваенні музею статусу «народны» прымаецца калегіяй Міністэрства культуры. Музеі, якім прысвоены статус «народны», пацвярджаюць яго адзін раз у пяць гадоў. Для гэтага юрыдычныя асобы, у склад якіх уваходзяць музеі са статусам «Народны», падаюць ва ўпраўленне культуры матэрыялы, прадугледжаныя пунктам 3 «Палажэння аб парадку прысваення музеям статусу «народны», перыядычнага пацвярджэння і пазбаўлення іх гэтага статусу» от 10. 06. 2006 г. № 733, якія пасля іх разгляду накіроўваюцца ўпраўленнем культуры ў Міністэрства культуры.

Для ажыццяўлення дзейнасці музея са статусам “народны”, па рашэнню кіраўніцтва юрыдычнай асобы, у склад якой ён уваходзіць, ў структуру музея ўводзяцца адна або больш штатных адзінак.


10. Структура фондаў музеяў устаноў адукацыі
Структура фондаў музея ўстановы адукацыі застаецца нязменнай пры любых магчымых зменах іх складу і ўключае наступныя часткі:

  • фонд музейных прадметаў;

  • фонд навукова-дапаможных матэрыялаў;

Фонд музейных прадметаў складаецца з культурных каштоўнасцей ці ўнікальных прыродных аб’ектаў, якія атрымалі статус музейных прадметаў. Ён падзяляецца на асноўны і абменны фонды музейных прадметаў.

Асноўны фонд музейных прадметаў (далей – асноўны фонд) – найбольш каштоўная частка фонду музейных прадметаў, якія адпавядаюць профілю і тыпу музея, канцэпцыі яго развіцця. Ён уключае арыгінальныя культурныя каштоўнасці розных тыпаў: рухомыя і нерухомыя музейныя прадметы, прыродныя аб’екты.



Да асноўнага фонду адносяцца:

У музеях гістарычнага і краязнаўчага профілю:

  • археалагічпыя матэрыялы, здабытыя ў выніку раскопак, а таксама выпадковыя знаходкі;

  • этнаграфічныя прадметы, у т.л. прадметы народнага побыту;

  • нумізматычныя прадметы і зборы, прадметы баністыкі, сфрагістыкі, геральдыкі;

  • навуковыя і бытавыя прылады і інструменгы;

  • узоры працы, узоры прадукцыі;

  • зброя, сцягі, абмундзіраванне;

  • прадметы побыту і адзення, музычныя інструменты;

  • творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (жывапіс, скульптура, графіка, у т.л. плакат і інш.), якія маюць дакументальнае, мемарыяльнае ці мастацкае значэнне;

  • фатаграфічныя матэрыялы, якія маюць дакументальнае, мемарыяльнае і мастацкае значэнне;

  • кнігі рукапісныя, старадрукаваныя, рэдкія выданні ХУП-ХХ ст.ст.; рукапісныя і друкаваныя дакументы; дакументальныя і мастацкія кінаматэрыялы;

  • мемарыяльныя прадметы дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў, выдатных прадстаўнікоў навукі і культуры.

У музеях (аддзелах) прыродазнаўчага профілю:

  • узоры прыроды, апрацаваныя і закансерваваныя для доўгатэрміновага захоўвання, а таксама забяспечаныя этыкеткамі, якія гарантуюць дакладнасць вызначэння;

  • унікальныя аб'екты жывой і нежывой прыроды, напрыклад, рэдкія віды жывёл і раслін, метэарыты, крышталі незвычайнай формы і інш.;

  • зборы буйнейшых прыродазнаўцаў, якія маюць навуковае ці мемарыяльнае значэнне;

  • узоры тэхнікі прэпаравання і навуковай таксідэрміі;

  • біялагічныя групоўкі і дыярамы краявідаў, якія з навуковай дакладнасцю ўзнаўляюць натуральныя абставіны вывучаных музеем прыродных куткоў і грунтуюцца на сапраўдных, навукова апрацаваных матэрыялах; сапраўдныя выяўленчыя матэрыялы, якія характарызуюць прыродныя ўмовы (картаграфічныя, фотаграфічныя і творы выяўленчага мастацгва); пісьмовыя, выяўленчыя, рэчавыя помнікі, якія адлюстроўваюць гісторыю прыродазнаўчых навук.

У музеях (аддзелах) літаратурнага, тэатральнага, музычнага профіляў:

  • творы мастацкай літаратуры, драматургіі і публіцыстыкі (рукапісы, друкаваныя выданні з выпраўленнем ці аўтографамі аўтара, рэдкія друкаваныя выданні і інш.);

  • дакументы, якія характарызуюць дзейнасць творчых калектываў, жыццё і творчасць пісьменнікаў, акцёраў, рэжысёраў, кампазітараў, музыкантаў, тэатральных мастакоў і іх асяроддзе;

  • творы выяўленчага мастацтва, фотаздымкі, якія характэрызуюць дзейнасць творчых калектываў, асобы дзеячоў літаратуры, тэатральнага і музычнага мастацтва, працэс іх творчасці, час, у якім яны жылі;

  • эскізы і макеты дэкарацый, эскізы тэатральных касцюмаў;

  • ілюстрацыі да літаратурных твораў;

  • мемарыяльныя прадметы побыту, прадметы побыту, якія характарызуюць эпоху;

  • музычныя інструменты, тэатральныя касцюмы і інш.;

  • фоназапісы і кінафільмы.

У музеях мастацкага профілю:

  • творы ўсіх відаў вытворчага мастацтва, дэкаратыўна-прыкладнога і манументальнага ў адпаведнасці з вузкім профілем кожнага канкрэтнага музея (жывапіс і графіка, скульптура і фрагменты архітэктуры, кераміка і шкло, вырабы з метала, дрэва, косці, каменя, мэбля).

У музеях мемарыяльнага профілю:

  • мемарыяльныя прадметы, якія належалі славутай асобе, ці яе бліжэйшаму асяроддзю (рэчавыя, выяўленчыя, пісьмовыя помнікі, кінафотадакументы);

  • мемарыяльныя прадметы, якія тычацца асвятляемай падзеі (рэчавыя, выяўленчыя, пісьмовыя помнікі, кінафотадакументы);

  • творы літаратуры і мастацтва, прысвечаныя славутай асобе ці з'яве.

У музеях устаноў адукацыі ўсіх профіляў захаванне прадметаў, выкананых з каштоўных металаў, або якія ўтрымліваюць каштоўныя металы (у т. л. ордэнаў і медалёў, а таксама прадметаў старажытнага мастацтва), забараняецца дзеючым заканадаўствам. Такія прадметы перадаюцца ў фонды дзяржаўных музеяў, якія маюць ліцэнзію на захоўванне гэтых прадметаў.

Забаронена захоўванне ў музеі ўстановы адукацыі наступных ордэнаў і медалёў, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы:

1. «Золотая звезда» (знак звання Героя СССР)

2. «Серп і молат» (знак звання Героя сацыялістычнай працы)

3. Ордэн «Леніна»

4. Ордэн «Айчыннай вайны» I і II ступені

5. Ордэн «За асабістую мужнасць»

6. Ордэн «Баявога чырвонага сцяга»

7. Ордэн «Чырвонай зоркі»

8. Ордэн «Аляксандра Неўскага»

9. Ордэн «Кутузава» I, II і III ступені

10. Ордэн «Суворава» I, II і III ступені

11. Ордэн «Багдана Хмяльніцкага» I, II і III ступені

12. Ордэн «Нахімава» I і II ступені

13. Ордэн «Ушакова» I і II ступені

14. Ордэн «Славы» I, II і III ступені

15. Ордэн «Перамогі»

16. Ордэн «Матчынай славы» I, II і III ступені

17. Медаль «За баявыя заслугі»

18. Медаль «Ушакова»

19. Медаль «Нахімава»

20. Медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені

21. Медаль «За адвагу»

22. Медаль «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы»

23. Медаль «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку»

24. Медаль «За адвагу на пажары»

25. Медаль «За выратаванне тапельцаў»

26. «Медаль мацярынства» I ступені

27. Юбілейны медаль «XX гадоў РККА»

Па этычных меркаваннях музеях устаноў адукацыі не рэкамендуецца прымаць на захоўванне іншыя дзяржаўныя ўзнагароды. У рамках выключэння, на захоўванне могуць быць прынятыя толькі дублікаты ордэнаў і медалёў.

Прадметы з каштоўных металаў (золата, плаціны, срэбра) захоўваць у школьных музеях не дазваляецца. Усе матэрыялы з каштоўных металаў падлягаюць перадачы ў дзяржаўны музей. Захоўванне наразной агнястрэльнай зброі любога віду, нават прыведзенага ў баявую непрыдатнасць, забараняецца.

  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка