Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”




Дата канвертавання21.03.2016
Памер316.72 Kb.




АДДЗЕЛ ІДЭАЛАГІЧНАЙ РАБОТЫ БЕРАСТАВІЦКАГА РАЙВЫКАНКАМА

АДДЗЕЛ КУЛЬТУРЫ БЕРАСТАВІЦКАГА РАЙВЫКАНКАМА

РАЁННАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ТАВАРЫСТВА “ВЕДЫ”
Серыя: Іх імёнамі названы вуліцы на

Бераставіччыне

Магістр філасофіі Ігнат Анацэвіч з Малой Бераставіцы

г. п. Вялікая Бераставіца

2008 год

Вуліцы, як і людзі, маюць імёны. У Вялікай Бepacтaвiцы,

п. Пагранічны, Малой Бераставіцы і іншых населенных пунктах нашага раёна многія з іх носяць імёны славутых людзей (Пушкіна, Гогаля i г.д.), пра якіх кожны з нас ведае з дзяцінства. Некаторыя з вуліц названы ў гонар нашых землякоў (Анацэвіча, Жыжаля, Ражанскага, Леткі і інш.) ці тых людзей, якія ў час вайны здзейснілі подзвіг на нашай зямлі (Міхайліна, Цытаішвілі, Соламавай i г.д.). Пра гэтых людзей мы ведаем значна менш або i зусім нічога не ведаем. Спадзяемся, што серыя матэрыялаў “Іх імёнамі названы вуліцы на Бераставіччыне” і гэты нарыс аб жыцці і дзейнасці нашага земляка, магістра філасофіі, прафесара Віленскага універсітэта І.С. Анацэвіча, імя якога прысвоена адной з вуліц г.п. Вялікая Бераставіца, будуць цікавымі i карыснымі для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй нашай Бераставіччыны.

Рэдакцыйны савет:

Чыкун С.Я. (старшыня), Раманік А.М.

(намеснік старшыні), Болбат Я.У., Глякоўская Н.І., Ляховіч В.І., Пацэнка М.І., Хоміч А.Ц.

Аўтар нарыса: Пацэнка М.І., метадыст па захаванні

гісторыка-культурнай спадчыны раённага

метадычнага цэнтра, Лаурэат Прэміі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Навуковы кансультант:

Габрусевіч С.А., прафесар Гродзенскага

дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы

Рэдактар: Болбат Я.У.

ІГНАТ СЫМОНАВІЧ АНАЦЭВІЧ
Анацэвіч Ігнат Сымонавіч (псеўданім - Жэгота з Малой Бераставіцы; 1780, в. Малая Бераставіца Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. - 18.2.1845), гісторык, археограф, архівіст. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це (1803-05), скончыў Віленскі ун-т (1811). У 1813-17 выкладчык у Беластоцкай гімназіі, з 1818 у Віленскім ун-це, з 1827 прафесар. У 1828 абвінавачаны ва ўдзеле ў студэнцкай арганізацыі «Плямёны сарматаў», звольнены з пасады і высланы на радзіму. 3 1834 у Пецярбургу, супрацоўнік Археаграфічнай камісіі, Румянцаўскага музея. Даследаваў архівы і бібліятэкі Пецярбурга, Дэрпта, Рыгі, Кёнігсберга, Варшавы... Аўтар шматлікіх працаў па гісторыі ВКЛ, галоўная праца «Гісторыя Літвы» не надрукавана.

(Энцыклапедыя гісторыі Беларусі,

Мн., 2003г., т.6/2, стар. 341)
Аб гэтым вучоным у Беларусі да нядаўняга часу ведалі мала. Дзіўна, але ў польскай гісторыяграфіі аб ім напісана многа артыкулаў і навуковых працаў, былі салідныя публікацыі і ў дарэвалюцыйнай Расіі, толькі ў Беларусі чамусьці да нядаўняга часу яго ўпарта не заўважалі. Нават у “Беларускай Савецкай энцыклапедыі”, што выдавалася ў 12-ці тамах у Мінску ў 1969-1975 гадах, няма ніякага ўпамінку аб гэтым вучоным. Мусіць таму, што ён даследаваў гісторыю Вялікага княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі і тагачасныя беларускія землі, а беларуская савецкая гісторыяграфія ніяк не магла пагадзіцца, здавалася б, з гэтым бяспрэчным фактам.

Сапраўдным адкрыццём для беларускай навуковай грамадскасці і шырокага кола чытачоў з’явілася кніга прафесараў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Сяргея Габрусевіча і Святланы Марозавай “Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына”, якая выйшла ў 2005 годзе пры фінансавай падтрымцы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву “Малабераставіцкі элітгас” (старшыня А.П.Коханаў). А таксама навуковыя публікацыі Сяргея Марозава ў айчынным і замежным друку.

Выкарыстоўваючы розныя крыніцы і дакументы (некаторыя з іх публікуюцца ўпершыню), мы паспрабуем даць сваю інтэрпрэтацыю жыццёвага шляху Ігната Анацэвіча.
Дакументы сведчаць
7.05.1828г.
Господину Литовскому военному Губернатору
… По повелению Его Императорского Величества, Цесаревича Константина Павловича предписываю Вам выслать немедленно профессора Онацевича на родину под строгий надзор полиции и с воспрещением ему всякой отлучки из места жительства его из Малой Берестовицы.

Сенатор Новосильцев

г. Санкт-Петербург
14.05.1828г.
Совершенно секретно

Господину Гродненскому гражданскому Губернатору М.Т. Бобятинскому


Получив предписание Литовского военного Губернатора, последовавшее по повелению Его Императорского Величества, Великого князя Константина Павловича о немедленной высылке из Вильно с полицейским чиновником магистра философии Виленского университета, профессора Онацевича на родину и водворение его под строгий надзор полиции с воспрещением ему всякой отлучки из места жительства, имею честь препроводить Онацевича в сопровождении полицейских чинов к Вашему Превосходительству с последующей высылкой его на место жительство в Гродненский уезд, Малая Берестовица, униатская плебания, где живет его брат священник униатской церкви Михаил Онацевич.
Виленский гражданский Губернатор
16.05.1828г.
Господину Виленскому гражданскому Губернатору
Ваше отношение я получил… и при оном доставлен в Гродно под конвоем полицейских чинов для водворения на родину магистр философии, профессор Виленского университета, коллежский асессор Онацевич.

Гродненский гражданский Губернатор

Бобятинский

16.05.1828г.
Господину Гродненскому уездному исправнику
… Приказываю водворить Онацевича в Мало-Берестовицкую униатскую плебанию и при том иметь его под строгим надзором полиции, с воспрещением ему всякой отлучки из места жительства.

Гродненский гражданский Губернатор



17.05.1828 г.
Его Императорскому Высочеству, Цесаревичу Константину Павловичу
… Онацевич доставлен и выслан тот час под надзором полиции из Гродно для водворения в Мало-Берестовицкой плебании и предписано Гродненскому уездному исправнику о несении за ним строгого надзора с воспрещением всякой отлучки из места жительства …

(Аналагічныя рапарты ў той жа дзень высланы ў Санкт-Пецярбург сенатару Навасільцаву і Літоўскаму ваеннаму Губернатару).


Прачытаўшы гэтыя архіўныя дакументы, якія, дарэчы, публікуюцца ўпершыню, напэўна, у многіх узнікла пытанне: чым жа так правініўся магістр філасофіі (навуковая ступень), прафесар (пасада), калежскі асэсар (грамадзянскі чын) з Малой Бераставіцы Ігнат Анацэвіч? Так пільна апекавалі толькі “дзяржаўных злачынцаў” і то далёка не ўсіх ... Нават тых самых “дзекабрыстаў” царскія ўлады высылалі ў Сібір з меншымі перасцярогамі ... Напомнім, паўстанне дзекабрыстаў адбылося ў снежні 1825 года, следства вялося ўвесь 1826 і 1827 гады. Падзеі з Анацэвічам адбываюцца, можна сказаць, у гэты ж самы час ... Чым жа праштрафіўся, чым не дагадзіў царскім уладам малады, здольны вучоны, таленавіты педагог, якога высока цанілі і прускі кароль і калегі-навукоўцы ў Кёнігбергскім універсітэце, які да ўсяго гэтага меў добрую падтрымку ў Санкт-Пецярбургу? Ды і наогул, што за чалавек – гэты Ігнат Анацэвіч родам з Малой Бераставіцы? Выкарыстоўваючы розныя крыніцы, некаторыя з іх публікуюцца ўпершыню, мы паспрабуем даць сваю інтэрпрэтацыю жыццёвага шляху Ігната Анацэвіча.
Вучоба ў Ваўкавыску

(аўтарскае адступленне)
1796 год, май... Над Ваўкавыскам плыве царкоўны звон. Гараджане спяшаюцца на ранішнюю службу ў царкву...

За акном царкоўна-прыходскае вучылішча ярка свеціць ласкавае майскае сонца. Яго промні зіхацяць на срэбных купалах царквы, якая ўзвышаецца вялізным гмахам цераз дарогу насупраць вучылішча, а потым, праламляючыся, падаюць праз школьныя вокны на чорную грыфельную класную дошку, жоўтай паласой кладуцца на падлогу. Вучні, шмыгаючы насамі, схіліліся над сталамі і гудуць паціху, як тыя веснавыя пчолкі ў вуллі. Ля дошкі топчацца хлопчык у саматканай куртачцы, з якой ён ужо вырас, і рашае задачу. Узнятая рука, у якой трымае крэйду, вылезла з кароткага рукаўчыка, агалілася па самы локаць.

Настаўнік матэматыкі, ён жа дырэктар вучылішча, пахаджвае туды-сюды, па звычцы заклаўшы рукі за спіну. Вучні шостага класа ўпершыню рашаюць задачу на ўраўненне, і таму ён выклікаў да дошкі самога здольнага – Ігната Анацэвіча.

Ігнат, захапіўшыся рашэннем задачы, выводзіць лічбы на дошцы, па ходу тлумачыць іх. А потым, заўважыўшы, што яго рука агалілася амаль да локця, бянтэжыцца, апускае руку, неяк выварочвае яе назад і трэ аб бок, каб збіць уніз рукаў. Але як толькі ён уздымае руку, яна зноў агаляецца па локаць.

Настаўнік Валянцін Хмара добра ведае гэтага хлапчука. Ён і сёння памятае, як шэсць гадоў назад – было гэта ў 1789 годзе - на небагатым сялянскім вазку, набітым пахучым лугавым сенам, перасланым даматканым дываном, сюды прывёз яго бацька з Малой Бераставіцы.

Дырэктар вучылішча тады доўга размаўляў з бацькам, спрабуючы пераканаць яго, што ў Гродне было б зручней вучыць яму свайго сына. Але той і слухаць не хацеў.

- А дзе ж ён там будзе жыць у той Гародні? – прычытаў Сымон Анацэвіч – бацька хлапчука. – А тут у мяне жыве стрыечны брат, у яго дзяцей няма...

Як высвятлілася, Ігнась быў самым меншым у сям’і Малабераставіцкага свяшчэннаслужыцеля Сымона Анацэвіча. Два старэйшых таксама вучыліся – адзін у Гародні, другі – у Бераставіцы.

- Сярэдні пойдзе, напэўна, па бацькоўскай сцежцы, будзе, як і я, служыць богу і людзям, маліцца за іх зямныя грахі. А вось меньшанькаму, можа бог дапаможа, якую-небудзь добрую гарадскую прафесію набыць, а можа дзе ў настаўнікі пойдзе... Бо і чытаць ужо ўмее і лічыць да ста можа, і многа малітваў ведае, і памяць мае добрую. А пасля смерці маці і гузікі навучыўся прышываць, і дзірку на штанах зацыраваць можа, - гаворачы аб гэтым, старэйшы Анацэвіч змахнуў няпрошаную слязу, набегшую на вочы, і разгублена стаў перамінацца з нагі на ногу.

І толькі цяпер дырэктар звярнуў увагу на яго абутак. На яго ботах, добра змазаных, напэўна, гусіным тлушчам і нацёртых, аўчынкай да бляску, віднеліся невялікія, акуратна прышытыя латачкі, і ні адна, ні дзве, а па некалькі на кожным. “Небагата жывём, - падумалася дырэктару і самому стала крыўдна за гэтага прасіцеля . - А гэта ж свяшчэннік, адзін на ўсю акругу... А як жа там жывуць тыя ж самыя яго прыхаджане – вясковыя мужыкі...

Мусіць, Анацэвіч-бацька ці то перахапіў позірк дырэктара, ці штосьці прачытаў у яго вачах, але, неяк схамянуўшыся, павярнуўся тварам да царквы, якая была цераз дарогу якраз насупраць вучылішча, перахрысціўся і, быццам бы апраўдваючыся, хуценька загаварыў, праглынаючы асобныя словы:

- Дык вы, пан дырэктар, не падумайце што-небудзь... Я буду ўносіць плату за вучобу спраўна, як-небудзь і траіх асілю. Вельмі ўжо нябожчыца-матушка хацела, каб сыны нашы вучаныя былі... Калі з грашыма будзе цяжка, то я вам збожжам ці яйкамі адзычу... Ды й кароўку маем, то і масла бывае, і сырок іншы раз у кошычку на сонейку падсушыцца... І рыба ў нашай рачулцы добра водзіцца... Так што на летніх вакацыях, калі хлопцы будуць дома, то можна іншы раз падвезці і вам, і вашым настаўнікам... Так казаць, у залік якога-небудзь доўгу ці проста так аддзячыць... Ды і пчолкі ў мяне ёсць – тры калоды на царкоўных ліпах месцяцца. Так што ў даўгу не астанемся...

Ні дырэктар, ні настаўнікі ніколі не нарокавалі, што ўзялі на вучобу гэтага хлапчука. Ён ахвотна, без асаблівых цяжкасцей асільваў навуку. Асабліва лёгка яму даваліся гуманітарныя прадметы: гісторыя, геаграфія, латынь. Ды і ў канкрэтных навуках ён быў у ліку лепшых.

Але характар у хлопца быў упарты: калі ва што-небудзь упрэцца – пераламаць цяжка. Асабліва ён стаў праяўляцца ў апошнія 2 гады. Запомніўся і дырэктару той крывавы 1794 год. Па Рэчы Паспалітай пракацілася паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Яго ў рэках крыві задушылі расійскія войскі Кацярыны ІІ.

Заняткі ў той год у вучылішчы пачаліся пазней, чым звычайна – у кастрычніку. А ў верасні, дзесьці 18 ці 19 дня, у Ваўкавыску быў бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. А ў Вялікай Бераставіцы ў тыя дні, кажуць, было сапраўднае пабоішча. Вынікі былі жудасныя. Сотні касіянераў палегла пад шашкамі рускіх казакоў. Назаўтра, як расказваў потым Ігнась Анацэвіч і таварышам, і настаўнікам, яму з бацькам давялось быць у мястэчку і бачыць тое, што не кожны дарослы можа перанесці. Дзесяткі і сотні загінуўшых бяззбройных паўстанцаў, часцей за ўсё абутых у лапці з аборамі і апранутых у даматканыя світкі... Што і было ў іх ад ваяўнічасці – так гэта ў многіх трохвугольныя канфедэраткі на галаве ды ў некаторых - косы ў руках.

Расказваючы пра гэта, Ігнась бялеў і ўвесь неяк сцінаўся, дрыжаў і плакаў. Гэты моцны і дужы падлетак не саромеўся слёз, але ніхто і не папракаў яго за гэта. Бо потым, як высветлілася, у гэтых бітвах загінулі многія суседзі, сваякі навучэнцаў. Школьнікі пасля гэтага неяк ураз пасталелі, спахмурнелі, замкнуліся. Асабліва гэта было прыкметна на Ігнасю Анацэвічу. Ды што там гаварыць, калі для настаўнікаў, якія бачылі, што тварылася ў той вераснёўскі дзень у Ваўкавыску, гэта была таксама драма. Яны некалькі гадоў гаварылі сваім выхаванцам аб слаўнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, растлумачвалі Люблінскую унію 1558 года з Польшчай як вымушаную меру, гаварылі, што нашчадкі ліцвінаў будуць яшчэ мець сваю дзяржаву, а тут усё пайшло прахам... Міншчына, Гарадзеншчына, Віленшчына і Брэстчына далучаны да Расіі, Беласточчына – да Усходняй Прусіі...

Дырэктар адагнаў ад сябе цяжкія думкі, глянуў на дошку – і на душы зрабілася неяк святлей і цяплей: Ігнась канчаў самастойна рашаць ураўненне. Падумалася, што праз месяц будуць выпускныя іспыты і раз’едуцца гэтыя хлопцы па белым свеце ... Што іх чакае наперадзе? Радавала яго, дырэктара, тое, што большасць з іх атрымалі добрую падрыхтоўку па гісторыі Айчыны ... Значыць, будуць адданымі патрыётамі ...

Дакументы сведчаць
З школьнага журнала. 1796 г.

Игнатий Онацевич за время учёбы проявил большую любознательность, прилежность и старание, по характеру общительный, настойчивый и упрямый...

Факты з біяграфіі і каментарыі
1793 г.
Па выніках 1792/1793 навучальнага года за добрасумленныя адносіны да вучобы і поспехі ў навучанні большасці прадметаў Ігнат Анацэвіч атрымаў узнагароду.
1796 г.
І.Анацэвіч закончыў Ваўкавыскае вучылішча і паступае ў Гродзенскую Вышэйшую акруговую школу.
1797 г.
Гродзенская акруговая школа Указам Паўла І зачынена і на яе базе адкрыта павятовае вучылішча. Ігнат Анацэвіч ідзе ў самастойнае жыццё.

На гэтым завяршаецца юнацкі малабераставіцка-гродзенскі перыяд яго жыцця.


***
Як адзначаюць аўтары кнігі пра І.Анацэвіча С.А. Габрусевіч і С.В.Марозава , жыў Ігнат Анацэвіч у той час, калі “Беларусь не мела ні ўласных вышэйшых навучальных устаноў, ні даследчыцкіх цэнтраў, дзе б маглі быць рэалізаваны яго здольнасці, веды, талент. Таму ўсё астатняе жыццё ён правёў па-за межамі Беларусі: займаўся асветніцкай, педагагічнай і навуковай дзейнасцю ў Польшчы, Прусіі, Літве, Расіі (толькі цяжкі судовы працэс у 1828 г. праходзіў на тэрыторыі сённяшняй Беларусі – Рэд.) працуючы ў той жа час на карысць і славу беларускай гістарычнай навукі.” А мы дабавім, што і беларусы, як нацыя, яшчэ толькі пачынала нараджацца і фарміравацца.
1797-1801 гг.
Ігнат Анацэвіч працаваў хатнім настаўнікам у Аўгустоўскім ваяводстве (цяпер – Польшча, у той час - Прусія).
1801-1802 гг.

Па прапанове прускіх уладаў І.Анацэвіч два гады вучыцца ў настаўніцкай семінарыі ў г.Элк (цяпер – Польшча).

***
Як сцвярджаюць крыніцы, методыка навучання ў Элку ў той час была даволі эфектыўнай. Семінарысты пры жаданні і “усердии” ужо праз год гаварылі і пісалі па-нямецку, слухалі лекцыі на нямецкай мове. Менавіта тут далучыўся наш зямляк да таямніц гісторыі, якая поўнасцю захапіла і цалкам паланіла яго.
1802 г.
Ігнату Анацэвічу за выдатную вучобу ў семінарыі, па даручэнню міністра адукацыі – намесніка прускага караля на Беласточчыне, прускі генерал Гюнтар уручае персанальную прэмію.
1802 г., чэрвень
Пасля заканчэння вучобы ў настаўніцкай семінарыі І.Анацэвіч, пад уплывам усё таго ж генерала Гюнтэра, вырашыў прысвяціць сваё жыццё службе ў прускай арміі і паступае на ваенную службу.
1802 г., ліпень
Па загаду прускага караля (з падачы таго ж самага міністра адукацыі, які клапаціўся аб развіцці навукі ў Прусіі), І.Анацэвіч, - якому многія прарочылі кар’еру вучонага, а не ваеннага, - пакідае ваенную службу і накіроўваецца на вучобу ў Кёнігсбергскі універсітэт. Грошы на вучобу выдзелены з каралеўскай казны.
***
Меркавалася, што І.Анацэвіч будзе вучыцца ў Кёнігбергскім універсітэце два гады. Але сваёй руплівасцю і выдатнымі здольнасцямі ён звярнуў на сябе ўвагу універсітэцкай прафесуры, якая высока ацаніла іх і дамаглася ў каралеўскага двара прадаўжэння фінансавання яго вучобы. На працягу 4-х гадоў наш зямляк вывучаў філасофію, палітэканомію, дыпламатыю, педагогіку, права, фінансы, фізіку, хімію. Асабліва зацікавіўся гісторыяй Прусіі і Вялікага княства Літоўскага.
***

1806 г.

І.Анацэвіч закончыў Кёнігсбергскі універсітэт.


***
Гэта быў той перыяд у жыцці нашага земляка, калі “фартуна” спрыяла яму на жыццёвых пуцявінах. Пасля заканчэння вучобы, яго астаўляюць працаваць выкладчыкам ва універсітэце. Менавіта сваёй стараннасцю, узорнымі паводзінамі, багатым навуковым інтэлектам заслужыў ён такую павагу сярод нямецкіх вучоных... А да ўсяго яшчэ і прывабная знешнасць, і ваенная асанка спрыялі яго арыстакратычнаму выгляду. Таму не дзіўна (а можа нават і вельмі дзіўна, разам з тым - ганарова для нашага земляка-славяніна), што ў час правядзення ўрачыстага прыёму ва універсітэце ў гонар караля і знакамітых людзей Пруссіі кіраваць гэтым балем было даручана Ігнату Анацэвічу.

Несумненна, знешнія і інтэлектуальныя рысы нашага земляка, яго працавітасць, эрудыцыя спрыялі росту яго папулярнасці. Быў Іаахім Лялевель ён “высокага росту, плячысты, надзвычайнай сілы, з высокім ілбом, адораны надзвычайнай памяццю і кемлівасцю, арыстакратычнай знешнасці” – так успамінаў пра яго аднакурснік і сябар па настаўніцкай семінарыі, а пазней і па Віленскаму універсітэту, і вядомы польскі гісторык Лялевель.

У характары Анацэвіча, як адзначаюць многія яго сучаснікі і сённяшнія даследчыкі, яшчэ была адна рыса, якая рабіла яму гонар і разам з тым стала пазней прычынай яго жыццёвых няўзгодаў: прынцыповасць у адстойванні сваёй пазіцыі, сваіх поглядаў, імкненне дабівацца справядлівасці, непрыняцце няпраўды, ілжывасці. Гэта будзе дорага каштаваць яму і яго сям’і.
***

1807г.

Напалеонаўскія войскі занялі Кёнігсберг. Ігнат Анацэвіч дапамагае расійскім купцам зберагчы свае тавары ад французскіх салдат.


1808г.
Міністр замежных спраў Расійскай імперыі М.П. Румянцаў астанаўліваўся ў Кёнігсбергу па дарозе ў Парыж, а потым вяртаючыся з Парыжа, пазнаёміўся з Ігнатам Анацэвічам і ўзнагародзіў залатым гадзіннікам за дапамогу расійскім купцам.
***
Малага таго, царскі Міністр, напэўна, зразумеўшы, што гэты малады вучоны можа прынесці вялікую карысць Расіі, заклікаў яго вярнуцца ў Расію, абяцаў яму дапамогу і сваё заступніцтва і запрасіў да сябе ў маёнтак у Гомель, дзе была багатая бібліятэка.

І сёння невядома, што схіліла нашага земляка аставіць адзін з прэстыжных еўрапейскіх універсітэтаў, але ён зрабіў свой выбар і назаўсёды развітаўся з Кёнігсбергам.


***
1809-1810гг.
Ігнат Анацэвіч жыў у маёнтку М.П. Румянцава ў Гомелі, працаваў у бібліятэцы графа, збіраючы матэрыялы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага.
1.09.1810г.

Ігнат паступае на юрыдычны факультэт Віленскага універсітэта. Тады яму было 30 гадоў.


24.09.1811г.
Пасля здачы спецыяльных экзаменаў І. Анацэвічу ў выніку тайнага галасавання (за – 17, супраць – 1) прысвоена навуковая ступень “магістр філасофіі”. Было таксама аднадушна прызнана, што “ён мае вялікія веды па ўсеагульнай гісторыі і гісторыі народаў свету і можа выкладаць гэтыя прадметы.”
1811-1812 гг.
Па рэкамендацыі Савета Віленскага універсітэта І.Анацэвіч працуе выкладчыкам усеагульнай гісторыі, права і палітэканоміі ў гэтым жа універсітэце.
1813 г.

Малады вучоны пераязджае на працу ў Беласток, у гімназію, дзе выкладае старажытныя мовы, літаратуру і ўсеагульную гісторыю.


1817 г.
І.Анацэвіч прызначаны намеснікам дырэктара гімназіі. У яго абавязкі ўваходзіць арганізацыя работы усіх школ Беластоцкай вобласці (якая пасля Тыльзіцкага міру 1807 г. адышла ад Прусіі да Расіі і была самастойнай адміністрацыйнай адзінкай, з 18__г. ўключана ў склад Гродзенскай губерні), кантроль за іх работай, падбор кадраў, а таксама арганізацыя новых школ і г.д.
***
Словам, праца І.Анацэвіча на пасадзе намесніка дырэктара давала яму магчымасць уплываць не толькі на работу гімназіі, але і на развіццё адукацыі ва ўсім Беластоцкім рэгіёне (Падляшшы). У моладзі ён бачыў будучыню Айчыны і лічыў патрэбным так яе вучыць і выхоўваць, каб наступныя пакаленні забяспечылі роднаму краю больш шчаслівыя часы.

Варта адзначыць, што Беласток у пачатку ХІХ стагоддзя быў усё ж такі глухой правінцыяй. Таму наш вучоны адчуваў тут сябе адзінока: не было навуковай літаратуры, не было побач людзей, захопленых навукай. А гэта для апантаных людзей псіхалагічна вельмі цяжка: няма з кім абмяняцца думкамі, турботамі, сваімі планамі, набыткамі. А тут яшчэ памерла жонка Анацэвіча – Юля, якую ён вельмі кахаў і з якой ажаніўся ў Беластоку і пражыў хораша, прыгожа, але вельмі мала – усяго некалькі гадоў. Усё гэта адмоўна, прыгнятальна дзейнічала на Анацэвіча. Таму зразумела, з якой радасцю ён успрыняў запрашэнне з Віленскага універсітэта – вярнуцца на працу ва універсітэт.


***
1.09.1817 г.
Па запрашэнню Савета Віленскага універсітэта і з адабрэння Міністэрства адукацыі, Ігнат Анацэвіч прыступіў да выкладання курса усеагульнай гісторыі ў гэтым універсітэце.
20.10.1817 г.
Вучоны абраны на пасаду ардынарнага прафесара кафедры ўсеагульнай гісторыі.
1823-1826 гг.
Ігнат упершыню выдаў некалькі тамоў польскага гісторыка Альбертрандзі аб праўленні Каралёў польскіх, Вялікіх князёў Літоўскіх Стэфана Баторыя, Казіміра Ягелончыка і яго сыноў Альбрэхта і Аляксандра з уласнымі дадаткамі і каментарыямі.
23.06.1827 г.
На вучоным Савеце універсітэта тайным галасаванем Ігнат абраны прафесарам.
11.07.1827 г.
За выслугу гадоў і добрасумленную працу Анацэвічу прысвоены чын калежскага асэсара (такі чын прысвойваўся на грамадзянскай службе).
Студзень 1828 г.
У Віленскім універсітэце паліцыя выкрыла тайнае студэнцкае таварыства “Патрыёты Айчыны”, якое выступала супраць самадзяржаўя. Пачаліся вобыскі, арышты. Спецыяльна створаная камісія вяла следства. Пад падазрэнне, і, мусіць – нездарма, папаў і Анацэвіч.
17.02.1828 г.
Праведзены вобыск на кватэры прафесара Анацэвіча. Канфіскаваны яго рукапісы гістарычных прац, перапіска з калегамі з розных гарадоў, з вядомымі людзьмі, а таксама, як адзначалася ў пратаколе, “стихи возмутительного содержания”.
***
Следчая камісія пакарала ўсіх, хто меў дачыненне да тайнага таварыства. Студэнтаў выключылі з універсітэта, адных пакаралі бізунамі ды “розгамі”, іншых саслалі на ваенную службу на Каўказ, дзе ішлі ваенныя дзеянні.Следства не здолела даказаць сувязі Ігната Анацэвіча з рэвалюцыйна настроенымі студэнтамі. Але ... Вось гэтае “але” доўга псавала жыццё прафесара. Таму што, па ўсім відаць, як ва універсітэцкага начальства, так у паліцыі і жандараў сумненні наконт “добранадзейнасці” прафесара, “адданага духу польскага нацыяналізму”, засталіся. Тым больш, што хтосьці са студэнтаў на допытах назваў і яго прозвішча. І менавіта, на наш погляд, гэтыя прычыны перш-наперш паслужылі падставай да высылкі вучонага на радзіму ў Малую Бераставіцу. Дый у паветры ўжо пахла набліжаючайся навальніцай, гром якой магутна загрымеў пад час паўстання ў 1830-1832 гадах. А ўсё астатняе, па нашаму меркаванню, было зачэпкай. Прыкладна такой жа думкі прытрымліваецца і малады гродзенскі даследчык Сяргей Марозаў. Крыху іншая пазіцыя ў гродзенскіх навукоўцаў-аўтараў кнігі пра Анацэвіча. Яны бачаць асноўную прычыну ў тым, што Ігнат Анацэвіч смела і рашуча ў гэты час выступіў супраць казнакрадства ў сценах універсітэта...

На думку аўтара гэтых радкоў, не асталіся па-за ўвагі жандармерыі і адносіны прафесара Анацэвіча з нелегальнай студэнцкай рэвалюцыйнай арганізацыяй “філарэтаў і філаматаў”, якая была разгромлена ў 1824 г. і ў якой удзельнічалі польскі паэт Адам Міцкевіч і наш зямляк Восіп Кавалеўскі

Восіп Кавалеўскі. Добра вядома, што Міцкевіч і яго сябар Восіп Кавалеўскі любілі наведваць лекцыі Анацэвіча. Сустракаліся яны не толькі на лекцыях...

Але Анацэвічу ў той 1824 год пашанцавала: следства і ўсе наступствы, звязаныя з ім, прайшлі міма.

А ў 1828 годзе, пад час следства над “Плямёнамі сарматаў” і “Патрыётамі Айчыны”, “фартуна” ужо адвярнулася ад прафесара. Так склалася, што і універсітэцкае начальства, і куратар Віленскай навучальнай акругі сенатар М.М.Навасільцаў і асабіста (па рапарту Навасільцава) Яго Імператарская Вялікасць, Цэсарэвіч Вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, які ў

Адам Міцкевіч той час быў Правіцелем Заходніх губерняў Расійскай

імперыі, - усе яны ў той ці іншай ступені былі зацікаўлены “не выносить ссор из избы” і ўсё зрабіць для таго, каб аб палітычнай ненадзейнасці сярод прафесараў і іх палітычных сувязях са студэнтамі-бунтаўшчыкамі не ведалі ў Пецярбургу. Бо тады не знасіць галавы ні рэктару, ні дэканам, ні таму ж сенатару Навасільцаву. (Забягаючы наперад, зазначым, што рэвалюцыйны настрой прафесарска-выкладчыцкага персаналу і студэнтаў асабліва праявіўся пад час масавага паўстання на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі ў 1830-1832 гадах, пасля чаго Віленскі універсітэт у 1832 годзе быў закрыты).

А тут яшчэ прафесар Анацэвіч рэзка стаў выступаць супраць казнакрадства ў сценах універсітэта. Усе яго ворагі і нядобразычліўцы схапіліся за гэта, як за тую “палачку-выручалачку”.
2.04.1828 г.
Адбылося пасяджэнне Савета універсітэта, на якім рэктар абвінаваціў прафесара Анацэвіча “в дерзости против начальства и поклёпе на него … и в подавании студенчеству вредного примера неповиновения”.

***
Карыстаючыся, як цяпер кажуць, адміністрацыйным рэсурсам, рэктар настаяў на адхіленні Анацэвіча ад пасады прафесара і высылцы з Вільні.

У абвінавачванні Анацэвіча і вызначэнні яму меры пакарання Савет універсітэта – і гэта добра разумеў прафесар, добры знаўца права і юрыспрудэнцыі – перавысіў свае паўнамоцтвы. І гэта будзе канчаткова даказана праз 8 гадоў. Але прафесар, па свайму характару праўдалюб, не мог зразумець другое: што на яго пасыпаліся рэпрэсіі па палітычных матывах. Толькі яны былі глыбока завуаліраваны. А ўсё астатняе было зачэпкай.
11.04.1828г.
Папячыцель (куратар) Віленскай навучальнай акругі М.М. Навасільцаў зацвердзіў пастанову Савета універсітэта.
7.05.1828г.
Вялікі князь, Цэсарэвіч Канстанцін Паўлавіч праз Навасільцава даў распараджэнне Віленскаму ваеннаму Губернатару, каб магістр філасофіі, прафесар, калежскі асэсар Анацэвіч быў тэрмінова высланы з Вільні на радзіму пад строгі нагляд паліцыі.

Дакументы сведчаць
18.05.1828 г.
Господину Гродненскому гражданскому Губернатору
... Честь имею донести Вашему Высокопревосходительству, что Магистр Философии, профессор Виленского университета Игнатий Онацевич доставлен в Мало-Берестовицкую униатскую плебанию к родному брату священнику Онацевичу и сдан под строгий полицейский надзор Крынковского ключвойта с приказанием, дабы нигде из места нынешнего своего местожительства не отлучался …

Гродненский уездный исправник




У Малой Бераставіцы

(аўтарскае адступленне)
1828 год, май... Вясна толькі распачынала сваю хаду. Ішла нясмела і няспешна, як бы азіраючыся, нібыта маладзенькае дзяўчо, якое спяшаецца на сваё першае спатканне і баіцца, каб ніхто не даведаўся пра гэта. Так і вясна, прагнучы ўлады над наваколлем, яшчэ не паспела ўпэўніцца ва ўласнай моцы, таму так асцярожна бралася за сваю адвечную справу. Праўда, у лесе лістота на дрэвах ужо стала сакавіта зялёнай і ў ёй па-гаспадарску шчыруюць птушкі, напэўна, ужо майструюць сабе гняздзечкі для прадаўжэння свайго роду. І ўсюды-усюды: і ўверсе, і ўнізе, і з розных бакоў - раздаюцца такія спевы, такое шчабятанне – што ажно галава ідзе кругам.

Ігнат Анацэвіч ужо тыдзень жыве ў Малой Бераставіцы і кожны дзень ходзіць сюды, удыхаючы пасля шумнага віленскага гарадскога тлуму гаючы пах роднага лесу. Анацэвіч у замілаванні спыніўся каля дрэва. Нават прыхіліўся да яго спіной, забыўшыся на імгненне, з якой нагоды з’явіўся тут. Хацелася доўга стаяць моўчкі, узіраючыся ў блакітную просінь неба і ўдыхаючы ап’яняючы водар майскага паветра. Раптам недзе глыбока ў лесе пачуўся брэх сабак - дружны, азартны, - які сведчыў, што яны напаткалі звера. А неўзабаве на паляну выскачыў лось – малады, стройны, з невялікімі яшчэ рагамі, мабыць, гадоў 2-ух – 3-ох. На імгненне астанавіўся, спалохана глянуў на чалавека ля дрэва, і ў яго вялікіх вачах Анацэвіч убачыў столькі жаху і адначасова мальбы аб дапамозе, што ў Ігната ад жалю да звера нават дух заняло, і сэрца забілася, затрапяталася, як тое падстрэленае птушанё... А звер, быццам бы зразумеўшы, што ад гэтай чалавечай істоты ніякага паратунку не будзе, захрыпеў, уцягваючы ў сябе паветра, ганарыста павярнуў галавой, так хораша ўпрыгожанай каронай невялікіх рожкаў, і кінуўся, што было моцы, у бок маладых бярозак. А праз нейкае імгненне на паляну ўварвалася зграя сабак, ашчэрыўшыхся, з высунутымі языкамі, з поўсцю, пакрытай крывай пенай... Іх відовішча было жудаснае... Не дай бог, каб хоць адзін з іх кінуўся ў бок Анацэвіча – суняць іх было б немагчыма... Здавалася, што ў гэты момант ім было ўсёроўна, на каго кідацца: ці на звера, ці на чалавека... Але яны, захлёбваючыся брэхам, памчаліся, панесліся далей...

Ігнат адарваўся ад дрэва і толькі цяпер адчуў страх, млявасць у нагах. А калі б кінуліся да яго...

І раптам гэтак стала на душы млосна, што хоць воўкам вый... Ён сябе адчуў, як той лось, таксама загнаным, абложаным з усіх бакоў, толькі не сабакамі, а людзьмі. І універсітэцкае начальства, і паліцэйскія чыноўнікі, і пецярбургскія адміністратары на чале з высокапастаўленым сенатарам Навасільцавым – усе апалчыліся супраць яго, Анацэвіча, усе шукаюць хоць якую-небудзь зачэпку, каб пазбавіць прафесарскай пасады і ўпячы яго ў турму ці ў ссылку.

...Ігнату прыпомніўся 1817 год, калі пераехаў у Вільню і прыступіў да працы ў Віленскім універсітэце. З якой апантанасцю ён рыхтаваўся да лекцый і з не меншай апантанасцю чытаў іх студэнтам. З задавальненнем адзначаў, як усё болей і болей наведвала іх студэнтаў, як у яго слухачоў загараліся вочы, як засыпалі яго пытаннямі.

Большасць з іх непакоіў лёс Айчыны – Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Прыходзілася адказваць праўдзіва, не думаючы аб наступствах... Менавіта тады, у 1818 годзе, ён пазнаёміўся бліжэй з двума цікаўнымі студэнтамі. Яны былі апрануты з густам, але беднавата, без той шляхецкай напышчанасці, якая ў той час была ўласціва выхадцам з багатых шляхецкіх сем’яў. Адзін з іх – высокі, лабасты – падышоў да яго пасля лекцыі і, неяк не па ўзросту губляючыся, сказаў:

- А мы, прафесар, з вамі землякі, толькі я з Вялікай Бераставіцы, і клічуць мяне Восіп Кавалеўскі. А гэта мой сябар Адам

Тамаш Зан Міцкевіч з-пад Наваградка, паэт і забіяка, - і абодва годна і хораша пакланіліся.

Як потым высветлілася, абодва былі арганізатарамі і кіраўнікамі тайных студэнцкіх арганізацый “філаматаў” і “філарэтаў”, запрашалі яны на свае патаемныя палітычныя вечарынкі і Анацэвіча, поўнасцю давяраючы яму, пасля яго прызнання аб удзеле ў такіх жа студэнцкіх сходках у Кёнігсбергу. Ігнат запрашэння не прыняў, добра разумеючы, што сваёй прафесарскай прысутнасцю на студэнцкіх вечарынах можа наклікаць непажаданы інтарэс у шпікоў і жандараў. Але ад працягу знаёмства не ўхіляўся, часта сустракаўся з гэтымі хлопцамі і з іх таварышамі Янам Чачотам, Тамашам Занам (актыўныя ўдзельнікі таварыстваў, у будучым - вядомыя беларускія і



Ян Чачот польскія асветнікі і літаратары – Рэд.)

Дзе яны цяпер гэтыя няўрымслівыя праўдашукальнікі, якія хацелі “пяром і шпагай” адстойваць годнасць сваёй прыніжанай Айчыны? У 1824 годзе іх

арыштавалі, доўга дапытвалі, а потым выслалі ў розныя канцы Расійскай імперыі. Прафесар тады таксама адчуў трывожны подых небяспекі: судзілі і высылалі не толькі тых, хто быў членам гэтых патаемных арганізацый, але і тых, хто таварышаваў ці страчаўся з імі... Але пранесла... Ніхто з гэтых хлопцаў не данёс на яго, не здаў царскім жандарам. Казалі, нават, што яны быццам былі звязаны і з дзекабрыстамі, якія выступілі супраць самадзяржаўя праз год, у 1825 годзе. Што ж, магчыма...

Праз некаторы час атрымаў Ігнат некалькі лістоў з Казані, а потым з Сібіры ад Восіпа Кавалеўскага. Даслаў яму вестку і Адам Міцкевіч. Але з-за штодзённых клопатаў і сваёй паўсядзённай занятасці так і не адказаў ён на іх. Ах, як цяпер патрэбна была б іх падтрымка...

Ігнат цяжка ўздыхнуў і пакрочыў паўз кустоў па вузкай сцяжынцы глыбей у лес. І раптам зноў астанавіўся. Яго ўвагу прыцягнуў заяц, які папаўся ў пастку, пастаўленую, напэўна, яшчэ зімой. Ён жаласна скуголіў, як тое немаўля, спрабуючы вырвацца з няволі. Убачыўшы Ігната, ён сцяўся, замаўчаў, а потым ірвануўся з апошніх сіл і вырваўся на волю.

... Прафесар зноў думкамі перакінуўся ў Вільню. У памяці ўсплыла першая сустрэча з віленскай прыгажуняй Веранікай Маркоўскай. Пасля смерці першай жонкі ў Беластоку Ігнат не звяртаў ніякай увагі на жанчын. Яго ўжо некалькі разоў спрабавалі сасватаць з дочкамі віленскіх прафесараў і заможных шляхцічаў, але навука і выкладчыцкая праца забіралі ўвесь яго час. Нават яго сябар прафесар Лялевель неяк пажартаваў:

- Мусіць, для цябе гістарычная навука замяняе і жонку, і сястру, і маці...

Але пасля знаёмства з Веранікай галава ў Анацэвіча закружылася, як пад час першага юнацкага пацалунка ў Малой Бераставіцы. Ды што там закружылася – зусім згубіў галаву прафесар. Над ім кпілі, жартавалі, нават раілі адумацца – ды дзе там... Яны і дня не маглі пражыць адзін без аднаго. Але пажаніўшыся, нядоўга радаваўся ён свайму сямейнаму шчасцю. Памерла яго каханая Вераніка, аставіўшы зноў яго аднаго. Ах, як яна яму была б патрэбна цяпер...

Прафесар паглядзеў на сонца: яно ўжо стаяла ў поўдзень, трэба было вяртацца дамоў...
Дакументы. Факты. Каментарыі
23.06.1828г.
Па дамаганню М.М. Навасільцава, Вялікі Князь Канстанцін Паўлавіч пайшоў на прыняцце супраць І. Анацэвіча яшчэ больш суровых мер: аддаць былога прафесара пад суд, разгледзець гэтую справу тэрмінова (без чаргі), а рашэнне суда прадставіць яму на зацвярджэнне.
Книга учета лиц Гродненской губернии, находящихся под надзором полиции

6.07.1828г. – 27.06.1830г.
23.09.1828г.
Фамилия, должность

Магистр Виленского университета, коллежский асессор Игнат Семенович Онацевич.



Откуда прибыл, по чьему распоряжению

Присланный из Вильно 16 (6) мая вследствие повеления Его Императорского Высочества, Цесаревича за дерзость противу университетского правления оказанную.



Где находится сейчас

С 19 сентября 1828г. по требованию Гродненского городского суда, в коем производилось рассмотрение дела, находящееся в настоящее время в Гродненском главном суде, состоит под надзором полиции в Гродно.



Примечание

Ничего предосудительного за ним незамечено



27.10.1829г. (да вышэй пералічаных з’явілася новая графа)
... Имеет ли семейство, где находится

Вдов. Имеет родного брата, священника греко-униатского исповедания, живущего в плебании в Малой Берестовице.


***
Дарэчы, як відаць з гэтага журнала, на ўліку пад надзорам паліцыі ў той час знаходзіўся і будучы вядомы мастак і кампазітар Напалеон Орда.
28.10.1828г.
Сенатору Новосильцеву. Секретно.

Гродненский уголовный суд 22 сего октября доносит мне … что представил Онацевичу ещё 7 дней на предоставление требуемых от него объяснений.

…Честь имею доложить, что я строго подтвердил суду, дабы по истечении назначенного срока тот час приступил к рассмотрению помянутого дела и в дальнейшем поступал согласно сделанному ему поручению...

Гродненский гражданский Губернатор


Канечне, маецца на ўвазе “поручение” Цэсарэвіча і Сенатара “сфабрыкаваць віну і вызначыць пакаранне”. Але не ўсё атрымлівалася так, як задумвалася ў вярхах.

На чарговым пасяджэнні суда, пра якое ідзе гутарка ў вышэйназваным дакуменце, І. Анацэвіч прывёў шэраг новых фактаў у сваё апраўданне. Складваецца ўражанне, што з прафесарам, хай сабе і адхіленым ад пасады, у судзе на радзіме лічыліся. І мабыць, не толькі лічыліся, але і пранікліся даверам і павагай да свайго “ганаровага” падсуднага, што, нягледзячы на патрабаванне Губернатара аб хутчэйшым заканчэнні суда, прафесару далі дадатковы час для свайго апраўдання. І далі яшчэ 7 дзён для збору доказаў.


3.12.1828г.
Гродзенскае губернскае праўленне разгледзела матэрыялы чарговага судовага пасяджэння.
13.12.1828г.
Совершенно секретно.

Его Императорскому Высочеству. Копия Сенатору Новосильцеву

… Губернское правление, сделав суду замечание на неосновательность решения о произведении вторичного по этому поводу следствия, предписало суду в решении сего дела поступать по содержащемуся повелению Его Императорского Величества...

Гродненский гражданский Губернатор
3.04.1829г.
Гродзенскі крымінальны суд прызнаў Ігната Анацэвіча “не падляжачым абвінавачванню”.
***
У маі прынятая пастанова адпраўлена на рэвізію (праверку) у Галоўны суд.
10.05.1829 г.
Совершенно секретно.

Литовскому военному Губернатору генералу А.М. Римскому-Корсакову.

…Рассмотренное Гродненским городским судом дело о коллежском асессоре профессоре Анацевиче отправлено в Гродненский Главный суд на ревизию.

Имея в виду предписание Вашего Высочества…, основанные на повелении Его Императорского Величества касательно рассмотрения этого дела без очереди и в скорейшем времени, я предложил Гродненскому Главному Суду озаботиться о непременном исполнении данного предписания и принятое по оному делу решение представить Вашему Высочеству…

Гродненский гражданский Губернатор
19.12.1829 г.
Яго Імператарская Вялікасць, Правіцель Заходніх губерній Канстанцін Паўлавіч запатрабаваў у Гродзенскага Губернатара даставіць да яго ў Варшаву ў суправаджэнні паліцэйскага чыноўніка магістра філасофіі Анацэвіча.
26.12.1829 г.
Его Императорскому Высочеству

Вследствие Вашего ко мне повеления отправляю с полицейским надзирателем бывшего профессора Виленского университета И. Онацевича…

Гродненский гражданский Губернатор
***
Як прайшла гэта сустрэча, аб яе выніках аўтару знайсці ў архівах якія-небудзь матэрыялы не ўдалося. Вядома, што 31 снежня 1829 года І. Анацэвіч дастаўлены на ранейшае месца пад нагляд паліцыі.

У маі 1830 года Анацэвіч накіраваў Цэсарэвічу прашэнне дазволіць яму пераехаць у Гродна, паколькі жыць у брата ў Малой Бераставіцы вельмі цяжка... Праверыць пісьмо было даручана губернскаму праўленню.


28.05.1830 г.
Его Императорскому Высочеству

…Имею честь сообщить, что родной брат Онацевича действительно обременен многочисленным семейством из 12 детей… и жительствует сам со своим семейством в необширном доме из 2 комнат…

Гродненский гражданский Губернатор
***
Губернатар выказаў сваю думку наконт прашэння Анацэвіча: «Можно позволить жить в Гродно или уезде и ставить в известность полицию о местоприбывании…»
***

4.06.1830 г.
Повеление Его Императорского Величества Гродненскому гражданскому Губернатору

Предлагаю Вам позволить Онацевичу, до окончания над ним суда, переехать в Гродно или Гродненский повет на местожительстве со взятием с него обязательства, чтобы он всякий раз доносил о пребывании своём полиции, … дабы в случае надобности можно было сыскать его без затруднений …


9.06.1830 г.
Расписка

...Я, нижеподписавшийся, даю обязательную расписку земскому исправнику в том, что предписание Губернатора мне объявлено …, и что по приисканию местожительства всякий раз буду доносить о своём пребывании Гродненской или земской полиции, в чём собственноручно подписываюсь.

Игнат Онацевич
***

Здавалася б што пасля 2 гадоў судовай валакіты, у выніку якой суд ніяк не можа даказаць віну Анацэвіча, тытулаванай асобе – Цэсарэвічу і таму ж Сенатару Навасільцаву варта было б падумаць, прыпыніцца ў сваіх амбіцыях засудзіць Анацэвіча ... Ды дзе там...


12.07.1830 г.
Повеление Его Императорского Величества Гродненскому гражданскому Губернатору

...Предписываю Вашему Превосходительству препроводить мои замечания в 1-й Департамент Гродненского Главного суда, которому вместе с тем изволите предложить, дабы оный неукоснительно приступил к окончательному рассмотрению и решению на законном основании дела Онацевича

Цесаревич Павел Константинович
***

Ды ўся справа ў тым, што доказаў супраць Анацэвіча суду так і не ўдалося сабраць, а ў выніку – не ўдалося яго прызнаць і вінаватым...

Гэтая “адысея” Анацэвіча, яго шматгадовае блуканне па пакутах працягвалася да лютага 1836 года. Справу прафесара разглядаў Міністр адукацыі і Міністр юстыцыі, Сенат і Дзяржаўны Савет і нават Імператар. Ужо не было ў жывых ні Цэсарэвіча, ні Навасільцава, закрыты быў і Віленскі універсітэт, а справа Анацэвіча так і аставалася не завершанай.

І толькі 21 лютага 1836 года Сенат канчаткова вызваліў Ігната Анацэвіча ад суда і следства – пасля 8 гадоў пакутніцкай адысеі!!! – аднак залічыць тэрмін знаходжання пад судом за час службы і выдаць яму за гэты час жалаванне адмовіўся.

Наканец, Ігнат Анацэвіч зноў мог поўнасцю аддацца навуцы... Ён канчаткова пераязджае ў Пецярбург, працуе ў Археаграфічнай камісіі, у Румянцаўскім музеі, даследуе ў Публічнай і Царскай бібліятэках, у бібліятэцы Генеральнага штаба дакументы і матэрыялы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, Польшчы. Як адзначае польскі даследчык Я.Івашкевіч, “нягледзячы на ўсе жыццёвыя перыпетыі і сваё адзіноцтва, трымаўся ён годна, энергію меў маладого челавека, жыў надзеямі, працаваў, не аглядаючыся на здароўе”.

Ігнат Анацэвіч шмат працуе, многа друкуецца, вядзе актыўную перапіску з Адамам Міцкевічам, Тэадорам Нарбутам, іншымі вядомымі людзьмі таго часу.

21 лістапада 1844 года ў напісаным завяшчанні разам з іншым просіць пахаваць сябе ў Малой Бераставіцы, ля свайго любімага брата Міхаіла. Пляменніка Вацлава прасіў паставіць на магіле брата Міхаіла помнік, заказаны ў Пецярбургу. Можа гэта ён і стаіць каля Малабераставіцкай царквы на магіле Анацэвічаў...

18 лютага 1845 года Ігната Анацэвіча не стала. Сціплае пахаванне яго адбылося 20 лютага на Смаленскіх могілках у Пецярбургу. (Некалькі разоў пад час знаходжання ў Пецярбургу аўтар гэтых радкоў спрабаваў знайсці магілу І.Анацэвіча, але безвынікова).

Літаратурна-гістарычны часопіс “Оrzedownik naukowy”, які выдаваўся ў Познані, тады пісаў у некралогу “... праца Анацэвіча, хоць і незавершана, мае важнае значэнне для гістарычнай навукі...”

Данінай светлай памяці выдатнаму навукоўцу ад землякоў з’явілася вуліца ў новым мікрараёне райцэнтра, дзе расце маладое пакаленне бераставічан, для якіх прозвішча нашага славутага земляка будзе знаёма з дзяцінства. І хто ведае – можа хто-небудзь з іх прадоўжыць слаўную справу вывучэння гісторыі нашай Бацькаўшчыны – Белай Русі, якую распачаў у пачатку 19-га стагоддзя магістр філасофіі, прафесар Ігнат Жэгота Анацэвіч з Малой Бераставіцы.


Аўтар нарыса Мікалай Пацэнка, метадыст па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці,

Лаурэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Літаратура:


  1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1, Мн., 1993г.

  2. Беларуская энцыклапедыя. Т.1, Мн., 1996г.

  3. Габрусевіч С.А., Марозава С.В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына. Гродна, 2005г.

  4. Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973г.

  5. Iwaszkiewicz I. Ignacy Zegota Onacewicz – historyk Litwy. Warszawa, 1961.

  6. Iwaszkiewicz I. Plemie sarmatow Ateneum Wilenski. 1923 № 3-4. S.481-505.

  7. Лихачев Е. Онацевич Игнатий (Русский биографический словарь. – СПб., 1905. – Т.12.)

  8. Нечухрин А.Н. Историки Гродненщины. Гродно, 1989г.

  9. Марозаў С. Ігнат Анацэвіч: старонкі біяграфіі (Bialoruskie Zeszyty Historyczne. Беласток. 2004. №22).

  10. Марозаў С. Тайнае студэнцкае таварыства “Племя сарматаў” у Віленскім універсітэце і справа прафесара Ігната Анацэвіча. Матэрыялы ІХ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. ч. ІІ. Мн., 2005.

  11. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г.Гродна. Ф.1., воп.3, спр. 186.

  12. Пяткевіч А.Н. Людзі культуры Гродзеншчыны. Гродна, 2000г. С.16.

  13. Онацевич И. Отрывки из путевых записок Журнал «Северный архив». 1822. №4.

  14. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбургу. Ф. 1151, воп. 2. 1835г. спр.51.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка