Адам Станкевiч Беларуская мова ў школах Беларусi XVI-XVII стагоддзаў




Дата канвертавання15.03.2016
Памер73.69 Kb.
Адам Станкевiч
Беларуская мова ў школах Беларусi XVI-XVII стагоддзаў.
У згаданы перыяд значная частка беларусаў належала да хрысціянтва ўсходняга ўзору: уніятаў ці праваслаўных. Але беларусы былі таксама і рымска-каталікамі, якіх таксама налічвалася нямала. Пачатак каталіцкай веры сярод літоўцаў і беларусаў прыпадае на 1386 год, калі ліцвін Ягайла, стаўшы каралём польскім і вялікім князем літоўскім, загадаў хрысціць у Вільнi нашых продкаў цэлымі натоўпамi. Якраз тады мноства беларусаў — і нехрысціян, і праваслаўных — прынялі каталіцтва, бо інакш Ягайла не даваў ім прывілеяў.

Каталiцкія школы засноўваліся пры касцёлах і кляштарах. Вядома, у прыватнасці, што да XVI ст. каталіцкія школы ўжо працавалі ў Вільні (пры кафедральным саборы) і ў Троках. Істотнае пашырэнне сеткі гэтых школ на Беларусі прыпадае на XVI стагоддзе.

Вось шэраг беларускіх гарадоў, дзе працавалі згаданыя школы: Гаева Барысаўскага павета (1522 г.), Масты Лідскага павета (1534 г.), Трабы Ашмянскага павета (каля 1539 г.), Старжын Менскага павета (1587 г.), Іказнь (1599 г.), Задарожжа (1601 г.), Друя Дзісненскага павета і Ляхавічы (1652 г.), Магілёў (1605 г.), Лагойск Барысаўскага павета, Вялікая Бераставіца, Юханавічы, Гародня, Заблудава на Гародзеншчыне, Дунілавічы і інш. Вучылі ў гэтых школах мала: чытаць, пісаць i маліцца. Настаўнiкамi працавалі пераважна палякі, студэнты з Кракава.

У школах ужывалася беларуская мова, якая тады была ўрадавай. Да 1569 г. палякаў у беларуска-літоўскай дзяржаве (Вялікім Княстве Літоўскім) лічылі чужынцамі. А ў Літоўскім статуце 1529 г. Польшча ў дачыненні да нас названа краінай чужой.

Да палавіны XVI стагоддзя і пазней каталіцкае духавенства на беларуска-літоўскіх землях ва ўрадавай і прыватнай перапісцы карысталася беларускай мовай. 3 гэтых гістарычных фактаў можна сцвярджаць, што беларуская мова мела ў нашым краі вельмі шырокі ўжытак і, натуральна, яе неабходна было вывучаць ва ўсіх школах. Хоць беларуская мова ў гэтых школах як асобны прадмет не выкладалася, але ж яна была мовай, якой карысталіся і настаўнікі, і вучні.

На Беларусі, апроч школ каталіцкіх, закладзеных пры касцёлах і кляштарах, якія можна назваць школамі парафіяльнымі, былі яшчэ каталіцкія школы езуітаў. Упершыню езуіты прыехалі ў Вільню ў 1564 годзе і заснавалі тут сваю вышэйшую школу — акадэмію. Пазней езуіты з'явіліся ў Бабруйску, Берасці, Дзвінску, Гародні, Менску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Навагрудку, Пінску, Полацку, Слоніме, Слуцку, Смаленску, Віцебску, Жодзішках. У гэтых школах асноўнай мовай з'яўлялася лацінка, але ўжывалася і беларуская мова. Гісторык школ у Польшчы і Літве Лукашэвіч адзначаў, што рэлігійныя гімны і сцэнічныя пастановы вучняў такіх школ рабіліся на роднай мове навучэнцаў. «У гэтых школах,— пісаў Лукашэвіч, — каб вучні лепш засвойвалі матэрыял, можна было выкладаць прадметы па-беларуску».

Са згаданага вынікае, што і ў езуіцкіх школах (калегіях) беларуская мова займала годнае месца. I, сапраўды, гістарычныя крыніцы XVI і пачатку XVII стагоддзя гавораць, што езуіты тады шырока карысталіся нашай мовай у касцёлах і ў сваіх школах.

У пачатку XVI стагоддзя ў Нямеччыне з'явілася новая вера — пратэстанцкая. Пратэстанты падзяляюцца на евангелістаў, кальвіністаў і арыянаў. У 1562 годзе вядомы кальвінісцкі дзеяч Сымон Будны выдаў у Нясвіжы беларускі катэхізіс. А ў 1615 годзе навагрудскія кальвіністы заснавалі свае беларускія школы. Тады ж князь Хрыстафор Радзівіл уводзіць прадмет беларускую мову ў Слуцкай гімназіі. Дзеля пашырэння кальвінізму праз школу найбольшы ўклад зрабіў князь Мікалай Радзівіл (Чорны). Ён заснаваў гімназію ў Слуцку, школы — у Навагрудку, Нясвіжы, Заслаўі, Оршы, Менску, Свіслачы, Шклове, Віцебску, Варнянах, Глыбокім, Смаргоні.

У гэтых школах таксама не абыходзіліся без беларускай мовы, хоць варта ўлічваць, што кальвіністы распаўсюджвалі свой уплыў сярод польскіх і паланізаваных тутэйшых магнатаў. Таму больш увагі яны надавалі польскай мове.

У тагачасных умовах праваслаўныя школы існавалі выключна сярод беларусаў, пераважна — сялян. Яны існавалі пры цэрквах і манастырах. Ужо ў пачатку XVI стагоддзя праваслаўныя школы працавалі ў Смаленску, Полацку, Менску, Слуцку, Вільні, Заблудаве, іншых гарадах і мястэчках. Дзятву вучылі чытаць, пісаць, маліцца па-царкоўнаславянску і па-беларуску. Згаданы ўжо Лукашэвіч, у прыватнасці, пісаў: «Пры манастырах і пры значных цэрквах усходняга абраду мусілі быць школы гэтага абраду, бо працягам амаль усяго знаходжання на троне Ягелонаў на Літве ва ўрадавых чыннасцях панавала мова руская». А што слова «Літва» азначае і Беларусь, а слова «рускі» адносна нашага краю азначае беларускі, мы ўжо ведаем.

Праваслаўныя школы на Беларусі падзяляліся на царкоўныя (манастырскія) і брацкія. Брацкія школы адрозніваліся ад царкоўных найперш тым, што іх заснавальнікамі з'яўляліся людзі свецкія. Галоўная мэта такіх школ — абарона праваслаўнай веры і беларускай народнасці. У нашым краі яны ўзніклі ў XV стагоддзі, але асаблівай распаўсюджанасці і росквіту дасягнулі ў наступным стагоддзі. Найбольшую вя-домасць атрымалі брацкія школы ў Полацку, Пінску, Менску, Вільні, Віцебску, Магілёве.

У царкоўных праваслаўных школах і асабліва у брацкіх шырока ўжывалася беларуская мова. Увогуле, трэба сказаць, што гэты перыяд характарызуецца панаваннем беларускай культуры ў літоўска-беларускай дзяржаве, калі пісьменнасць знаходзілася на высокім узроўні, а беларуская мова, нагадаем, была ўрадавай. Ад тых часоў засталіся тысячы друкаваных і рукапісных беларускамоўных дакументаў. Адсюль вынікае: калі людзі ўмелі пісаць па-беларуску, то павінны былі вывучаць беларускую мову. Гэта, у прыватнасці, бачна і з тагачасных друкаваных кніг. Так, напрыклад, доктар Ф. Скарына свой «Псалтыр» (1517 г.) прызначаў для навучання «грамаце дзецям». В. Цяпінскі, які пераклаў на беларускую мову Евангелле, падкрэсліў, што зрабіў гэта дзеля «навучання простых людзей рускага языка».

Занатаваныя ў дакументах выказванні рэлігійных і свецкіх асоб таксама падкрэсліваюць ролю беларускай мовы ў брацкіх школах. Так, у 1588 годзе патрыярх Ярэмій, зацвярджаючы статут брацкай школы ў Вільнi, назваў яе школай «языка грэцкага, лацінскага і рускага». А ў наступным годзе кароль Жыгімонт III, ухваляючы гэту школу, гаварыў аб мовах «рускай і грэцкай», якімі там карыстаюцца.

Таксама вядома, што ў брацкіх школах выкладалася некалькі моў: царкоўнаславянская, грэцкая, руская (беларуская). На гэтых мовах былі і падручнікі. Праўда, у праваслаўных школах перавага надавалася грэцкай і царкоўнаславянскай мовам, а ў каталіцкіх — мове лацінскай і нават польскай. Але ў брацкіх школах беларуская мова займала пануючае становішча.

3 усяго гэтага бачна, што ў праваслаўных школах тагачаснай Беларусі наніа мова ўжывалася куды шырэй, чым у школах каталіцкіх. Але і ў апошніх без беларускай мовы нелыа было абысціся, бо яна з'яўлялася ў дзяржаве мовай судова-адміністрацыйнай. Нават тады, калі чалавек займаў пэўную пасаду, дзе наша мова яму была не патрэбна (напрыклад, польскі «каронны» суд), ён усё роўна яе вывучаў і ведаў, каб захаваць і падкрэсліць сваю беларускасць, сваю беларускую народнасць. Хоць пад польскім ўплывам карыстанне беларускай мовай у асяроддзі тутэйшых магнатаў паступова звужалася, і гэты працэс узмацніўся пасля Люблінскай уніі, але жывая беларуская мова ўжо паспела як след развіцца і стаць самабытнай.

Трэба спыніцца асобна на ролі і значэнні беларускай мовы ва уніяцкіх школах. Унія — гэта спалучэнне праваслаўнай царквы з каталіцкім касцёлам пад уладай Рыма, але пры захаванні праваслаўнай абраднасці. Ад нараджэння хрысціянства працягам цэлага тысячагоддзя падзелу на праваслаўных і каталікоў не было. Усе хрысціяне спавядалі адну веру. Але ў 1054 годзе Канстан-цінопальскі патрыярх Фоцій парваў з апостальскай сталіцай Рымам. Пазней ажыццяўляліся спробы нанава аб'яднаць царкву і касцёл, ды плёну яны не далі. Нарэшце, толькі ў 1596 годзе ў Бярэсці ідэя уніі ўвасобілася ў рэальнасць, на беларускай зямлі яна пусціла даволі моцныя карані. Уніяцтва тут праіснавала аж да 1839 года.

Варта адзначыць асаблівы характар рэлігійнай уніі на Беларусі: яна ў пэўным сэнсе была беларускай народнай верай, якая найбольш ад-павядала беларускаму народнаму духу.

Няма нічога тут дзіўнага. Бо каталіцтва ў лацінскім абліччы, асабліва польскае каталіцтва, для беларусаў чужое. Таксама не сваё для беларускай душы і грэка-расійскае праваслаўе. У час, калі заключалася унія, каталіцкі касцёл ужо схіляўся да польскасці, а праваслаўная царква арыентавалася на расійскі бок. Унія, на думку творцаў, павінна была выратаваць беларускі народ ад небяспекі падзелу на дзве варожыя часткі.

Уніяцкая царква карысталася беларускай мовай, спрыяла развіццю беларускай культуры і ўвогуле захаванню асобнай беларускай народнасці, таму яна адыграла станоўчую ролю ў нашай гісторыі. Уніяты стварылі на Беларусі цэлую сетку сваіх школ, дзе родная мова ўжывалася куды шырэй, чым у каталіцкіх і праваслаўных школах. Навучанне і выхаванне ва уніяцкіх школах вялі манахі-базыліяне. Такія школы працавалі ў Вільні, Жыровічах, Мсціславе, Барунах, у іншых мясцінах.

I ў сваіх цэрквах уніяты не маглі абыходзіцца без беларускай мовы, а ва уніяцкіх школах яна трывала займала пачэснае першае месца, бо па-беларуску выкладаліся ўсе прадметы. Цікава, што навучальны працэс звычайна ажыццяўляўся там без падручнікаў, шляхам іугарак на ўсіх дысцыплінах і адпаведных запісаў вучняў.

Роля беларускай мовы ва уніяцкіх школах добра бачна і з таго, што згаданыя школы славіліся як «рускія», гэта значыць, беларускія. Гісторыя дае тут нам шмат доказаў. Вядома, напрыклад, што уніяцкі архімандрыт Дубовіч заснаваў у Супраслі школу для «русчызны». А на Кобрынскім рэлігійным саборы вырашылі заснаваць у Менску уніяцкую духоўную семінарыю, дзе па-беларуску павінны былі выкладацца ўсе свецкія і багаслоўныя навукі.

Такім чынам, працягам доўгага часу унія садзейнічала развіццю беларускай мовы і культуры. Але Люблінская унія 1569 года, у выніку чаго Вялікае Княства Літоўскае і Польшча аб'ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую, паскорыла паланізацыю нашага краю. Гэту падзею нават можна разглядаць як канец палітычнай самастойнасці беларусаў. А ў 1696 годзе быў выдадзены закон, паводле якога месца беларускай мовы ў грамадскім жыцці заняла мова польская. Таму гэта дата, відаць, з'яўляецца канцом нашай культурнай самастойнасці. Пазней палітыка польскіх улад у адносінах да уніі мела на мэце перавесці уніятаў-беларусаў у лацінства, гэта значыць, зрабіць іх рымска-каталікамі, адабраўшы ў народа яго родную рэлігійную абраднасць, беларускую мову, каб, урэшце, канчаткова паланізаваць беларусаў.

У складзе Расійскай імперыі унія праіснавала на Беларусі да 1839 года. Яе скасавалі на карысць расійскага праваслаўя Калі Польшча губіла унію, як, магла, Іо Расія яе зусім знішчыла. Разам з ліквідацыяй уніі замерла і развіццё нашай народнасці.

3 той пары прайшло многа часу, змянілася ў нас шмат, а беларускі голас заглушылі мовы чужыя... Але да часу. Прапаў свой голас у беларускай арыстакратыі і гараджан, але голас і жыццё засталіся ў нашага народа.

Насталі новыя часы, часы рамантычныя, часы абуджэння. Народ наш ажыў. Ен створыць новыя формы рэлігійнага і культурнага жыцця, якія будуць не раз'ядноўваць, а гуртаваць людзей.
Будучыня належыць народу!

Пераказаў Мар'ян ВІЖ.



Калі ў чытачоў узнікне жаданне азнаёміцца з арыгіналам гэтай працы Адама Станкевіча, летась невялікім накладам перавыдадзенай беларускай лацінкай Таварыствам «Адраджэнне» разам з Беларускай Каталіцкай Грамадой, нагадаем, што брашура маецца ў продажы ў сталічнай кнігарні «Светач».


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка