Ад роду — да народу (3 кнігі «Я» скарочана )




Дата канвертавання11.05.2016
Памер36.02 Kb.
АД РОДУ — ДА НАРОДУ
(3 кнігі «Я» скарочана )
Я, Ты, Ён, Яна — людзі на планеце Зямля.

Што мы робім?

Жывём!

У прызначаны для нас гістарычны міг дыхаем, працуем і харчуемся, пазнаём свет і сябе, весялімся і плачам, спрачаемся і радуемся, кахаем і ненавідзім, ваюем і сябруем...



Вучоныя з Японіі збіралі звесткі пра гены1 ў людзей розных рас на Зямлі. Вывад адназначны: усе галіны чалавецтва маюць адну прародзічку, агульную Маму. Яна жыла каля двухсот тысяч гадоў назад недзе ў Афрыцы. А мы, яе дзеці, жывём у розных краінах і ніяк не можам дамовіцца аб міры і згодзе...

Корань сілкуе дрэва, дае яму моц. Расце дрэва, множыцца і... гіне. Ці па ўзросту падае, ці ад сякеры дрывасека, ці ад хвароб, ці ад нядбайнасці гаспадароў. А на яго месцы вырастае новы ствол. Жыццё прадаўжаецца!

У кожнага сямейнага радаводу — сваё дрэва. У яго свае карані, ствол, галіны, лісце, насенне, плады.

У прыродным лесе растуць дуб, ліпа, граб, клён бяроза, асіна...

У лесе чалавечым жывуць Дубовікі, Ліпскія, Ліпніцкія, Грабаўскія, Клёнскія, Асінаўскія...

Лес прыродны не можа расці без кустоў, парасткаў, зараснікаў. Ёсць дрэвы-волаты і карлікі, засохлыя і крывыя, кучаравыя і абкарнаныя2. Гэтак жа і ў лесе чалавечым.

А я веру: у кожнага чалавека сваё Я. Непаўторнае!

Кожны чалавек — Асоба!

Кожнае чалавечае жыццё — Кніга!

I глыбока ўсвядоміў новую ісціну: чалавек — гэта цэлая планета.

Не верыце?

А давайце разам намалюем гэту чалавечую планету. У цэнтры паставім — Я. Гэта толькі ў алфавіце Я — апошняя літара. А ў жыцці кожнае Я — галоўная фігура на Зямлі, стрыжань, вакол якога адбываюцца ўсе падзеі.

Вакол Я правядзем дужку, вясёлку, карону, касмічны скафандр, адным словам, як хто ўяўляе той арэол над сабой. Але прызнаем галоўнае: як бы чалавек ні выстаўляў сваё Я, у якія б высі ні ўзнімаўся, як бы нізка ні падаў, павінен помніць, улічваць бацькоўскае біяполе3. Хочам таго ці не, а нам з малаком маці, па спадчынных генах, перадаецца ўсё тое важнае і важкае, што рухае нас па Зямлі і ўтрымлівае ў вобразе чалавека.

I гэта абавязвае нас над Я правесці яшчэ адну дужку. Атрымліваем арбіту з дзвюх раўнацэнных палавін: бацька і маці. Яны далі жыццё нам. Мы ў вечным і неаплатным даўгу перад імі. На іх молімся. Яны сняцца нам, не пакідаюць нас, калі нават адыходзяць у вечнасць.

Над бацькамі — свая арбіта: нашы бабкі і дзяды. Іх у кожнага Я — чатыры. I гэта не залежыць ні ад якіх жыццёвых бедаў: сіратой чалавек гадаваўся ці ў сям'і, з адной маці ці з адным бацькам. Усё роўна на гэтай вышыні яго «нараджалі» чацвёра людзей і перадалі яму свой генны набытак.

А калі далей будаваць арбіты эакол Я, то блізкія, роднасныя сувязі з кожным новым вітком падвойваюцца. У трэцім калене ў кожнага з нас ужо восем прабабак і прадзедаў. У чацвёртым — шаснаццаць, у пятым — трыццаць два. А ў дзясятым — 1024!

Калі ўлічыць, што за сто гадоў мяняецца прыкладна тры пакаленні людзей, то ў дадзеным выпадку наша Я атрымала спадчыну ад дзесяці пакаленняў — 1024 прародзічы! Яны на працягу трохсот гадоў «ляпілі» сённяшняга цябе, мяне, яго, яе...

Ці апраўдваем іх давер?

Ці ўдзячны ўсім тым людзям, якія па генах перадавалі нам жыццё?

Ці зрабілі крок да таго, каб нешта даведацца пра іх колішняе існаванне?

Заплюшчы вочы, сённяшняе Я, задумайся, не палянуйся разважыць — і цябе апануе неўтаймоўная цікаўнасць. Давай разам уявім, у якую эпоху жылі нашы 1024 блізкія прародзічы.

А яшчэ ўлічым, што ў кожнага з іх былі браты і сёстры, а нашы — прапрадзядзькі, прапрацёткі.

А ў тых — свае дзеці. Дык вунь які пласт радні меў кожны з нас трыста гадоў назад!

Праз пэўны час Я сустракае Яе. Кахаюцца, жадаюць прадоўжыць род. Яны ідуць у Палац рэгістрацыі шлюбаў альбо ў царкву ці касцёл, сінагогу, мячэць. Узнікае Сям'я! Я і Яна аб'ядноўваюць, злучаюць два свае радаводныя паўкругі, і атрымліваецца планета роднасных людзей. Ядро ў ёй — маладажоны, стваральнікі новых жыццяў.

Гэта планета-ракета здольная вынесці на арбіту новых і новых прадаўжальнікаў роду. Вось і жывуць вакол яе найдаражэйшыя спадарожнікі — Дочкі, Сыны, Унукі, Праўнукі...

Дзеці — спадарожнікі планеты Сям'я. На ёй яны напаўняюцца мудрасцю, сілай, жыццёвым зарадам. I, адчуўшы моц у крылах, з дапамогай бацькоў узлятаюць на сваю арбіту. Ствараюць сваю жыццёвую планету Я.

Так было.

Ёсць!


I будзе!..

Жывуць на Зямлі людзі.

Людзі згуртаваны ў народы.

У кожным чалавеку — сваё Я.

Я ўтрымлівае ядро са спадчыннымі генамі. А ў іх — наша мінулае, сённяшняе, будучае.

Я плюс Я — сям'я.

Сям'я плюс сям'я — род.

Род плюс род — народ.

Народ плюс народ — людзі Зямлі...
Хай гэтая жывая карусель будзе вечнай, каб народ не згубіў повязь часоў, каб мацнелі сем'і, на якіх трымаюцца род і народ, іх слава і моц.

Хай кожнае чалавечае Я стане вобразам Дабрыні, Розуму і Любові. Тады і Зямля наша ператворыцца ў планету Шчасця. Тады і мы станем Людзьмі. I захочацца нам адзін аднаго называць родзічам.



Хай так будзе!

1 Ген — часцінка спадчыннага рэчыва, з дапамогай яко-га прыкметы і ўласцівасці бацькоў перадаюцца нашчадкам.

2 Абкарнаны — няроўна, коратка падрэзаны.

1 Біяпбле — прастора дзеяння жыццёвых сіл.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка