Ад Плошчы (Агары) да адкрытай Прасторы




Дата канвертавання01.05.2016
Памер70.09 Kb.
Маніфест адкрытай беларускай філасофскай «Прасторы»
Тое, што ёсць паміж намі, нельга памацаць рукамі...

Л. Вольскі
На прастор, на шырокі прастор...

Якуб Колас

Ад Плошчы (Агары) да адкрытай Прасторы

Прага да стварэння Прасторы звязаная са шматлікімі чыннікамі, але найперш з жаданнем выхаду па-за межы Плошчы ці, больш дакладна, рознага тыпу «плошчаў». Не адмаўляючы важнасці і значнасці Плошчы (у розных яе аспектах), Прастора паўстае як «прастора выйсця» і ўсталяванне новых формаў сувязяў і камунікацыяў паміж не-абмежаваным мноствам удзельнікаў.


Што сталася з Плошчай, і чаму нам (больш) не хапае Плошчы? Адказ, як падаецца, тут даволі просты: Плошча як пэўнае месца для інтэлектуальнай творчасці і нават сацыяльнай дзейнасці занадта «плоская», «сціслая» і абмежаваная. На «плошчы» зручна збіраць думкі, вобразы ці нават людзей, але яны заўсёды застаюцца ў нейкім адным вымярэнні – на плошчы аркуша паперы, плошчы нашых манітораў ці экранаў тэлевізараў, мабільных тэлефонаў, плошчы кухняў, акадэмічных ці інстытуцыянальных плошчах, нават на гарадской плошчы. Героям «плошчаў» заўсёды накаваная пэўная аднамернасць і «плашчыня», за межы якой яны не змогуць выйсці, пакідаючы ўражанне штучнасці і абмежаванасці. Да таго ж, «плошча» заўсёды ўтрымлівае ў сабе прыхаваную эканоміку: тут лічацца знакі, квадратныя метры і сантыметры, заяўляюцца ці абараняюцца правы ўладальніка, атрымліваюцца іншыя сімвалічныя бонусы ў залежнасці ад ступені прыналежнасці да «плошчы».
«Плошча» як такая прапануе вельмі абмежаваныя магчымасці для дзеяння і ёсць хутчэй топасам спадзявання, чым дзеяння і падзеі. Падзея плошчы адбываецца толькі тады, калі яна спалучаецца з пэўнаю прастораю, калі яна сама ўтрымлівае ў сабе магчымасці выхаду да чагосьці іншага і новага, або – як гэта здарылася з Плошчай-2006 – выбухае ў прастору. Такім чынам, своеасабліваю падзеяй ці «запаветам» Плошчы, на нашую думку, мае стацца Прастора як прастора выхаду і выбуху – ад Плошчы да адкрытай Прасторы.
Як можна апісаць гэтую Прастору, на якіх прынцыпах яна грунтуецца, якія мэты яна ставіць і, галоўнае, хто ў ёй удзельнічае?
Адкрытая «Прастора» як прастора адкрытай філасофіі

Філасофія, то бок, мудралюбства – гэта метад і аксіялогія адначасова. У якасці метаду яна ёсць правадніком у абшарах невядомага, а ў якасці аксіялогіі вызначае каштоўнасныя арыенціры для інтэлектуальнай камунікацыі, дзе «любоў», «мудрасць», «любячая мудрасць» і «мудрая любоў» – гэта базавыя каардынаты.

Удзельнікі філасофскай прасторы паяднаныя збольшага чыстай любоўю да мудрасці, то бок жаданнем практыкаваць розныя формы філасафічнай рэфлексіі за межамі выключна акадэмічнай актыўнасці, аўдыторыяў ды інстытутаў. Мы хочам праігнараваць падзелы «прафесіянал – аматар», «прафесар – студэнт», «ветэран – навічок», адкінуць дыпломы і тытулы і зрабіць філасофію як мага больш «супольнай» і «саборнай».

Дзейнасць менавіта філасофскай прасторы засяроджаная на размыканні фармату прысутнасці філасофіі адно ў межах навучальных аўдыторыяў ды інстытутаў з мэтай яе вольнага развіцця паводле нашых уласных філасафічных амбіцыяў ды інтарэсаў.



Прастора як прастора агульнай і сучаснай беларускай філасофіі

Прастора – гэта некантраляваны абшар духоўных пошукаў ды інтэлектуальнай камунікацыі. Гэта тое, што адкрываецца для нас у той момант, калі мы адкрываемся на яе. Беларусь, беларускае – гэта сфера невядомага (неадкрытага) патэнцыялу, якая яшчэ чакае сваіх (перша)адкрывальнікаў.

Адзін з істотных момантаў, які паўплываў на ўзнікненне гэтай супольнасці, – гэта жаданне дасягнуць большай публічнасці і кааперацыі ў ажыццяўленні асобных філасофскіх праектаў у Беларусі. На жаль, сёння сітуацыя у філасафічным асяродку нагадвае трапную метафару "інтэлектуальнага архіпелагу", калі розныя плыні філасафічнай актыўнасці амаль між сабою не паяднаныя і збольшага нават не ведаюць, што робяць іншыя. Складанне гэтай адкрытай супольнасці беларускай філасофскай прасторы можа стацца першым важкім крокам на шляху паўставання трывалай і прафесійна абазнанай філасафічнай супольнасці ў Беларусі.

Мы верым, што беларуская філасофія можа быць нечым большым, чым сукупнасцю спантанных каментарыяў на палях сусветнай філасофіі.
Прастора роўнасці ды ўзаемнага прызнання

Перадусім Прастора – гэта прастора прызнання ўдзельнікамі роўнасці адзін аднаго, узаемапрызнання сябе ў якасці вартых удзельнікаў, роўна як прызнанне вартасці самога ўдзелу, мыслення, а таксама стварэння прасторы для абмену думкамі.


Ці хтосьці мае ці можа мець вырашальнае слова ў Прасторы? Не, гэтая прастора ёсць прастораю не-панавання, бо тут «пануе» толькі Прастора, мэта якой – стварэнне і пашырэнне (адкрытай) прасторы. Пры ўсялякіх спробах дамінавання над ёй і яе манапалізацыі, Прастора пачынае паступова знікаць, пераўтвараючыся ў пустэчу – прастору-прывід, не здольную да стварэння новых прастораў.
Варта падкрэсліць, што перавага існавання прасторы ўзаемнага прызнання на «лакальным» узроўні павышае статус і магчымасці прызнання кожнага з яе ўдзельнікаў на «глабальным» узроўні, бо голас і вага кожнага з нас узмацняюцца, калі за кожным з нас – Прастора.
Прастора адкрытасці ды камунікацыі

Прастора ёсць прынцыпова адкрытай: адкрытай новым удзельнікам і новым прасторам. Прастора не абмяжоўваецца складам пастаянных удзельнікаў і не імкнецца стаць колам для «абраных і пасвечаных». Кожны мае права ўвайсці ў Прастору. Гранічна ж, беларуская філасофская Прастора адкрытая бясконцасці ўдзельнікаў пры ўмове, што яны хочуць і гатовыя слухаць адзін аднаго.


Адкрытасць прасторы вызначае, што яна ёсць адкрытаю для тых, хто ў сваю чаргу адкрыты да яе. Прастора вітае ўсіх, каму цікава падзяліцца сваімі думкамі з іншымі, хто гатовы адкрыць прастору для сябе, а таксама прастору ў сабе для іншых. Адкрытасць прасторы вядзе да мноства формаў камунікацыі, якія ўключаюць у сябе мысленне, выказванні і выступы, напісанне тэкстаў, абмен думкамі, крытыку, супольныя дыскусіі і г. д., але заўсёды адбываюцца ва ўмовах адкрытай прасторы і прасторы адкрытасці.
Запрашаем кожнага стаць стваральнікам і камунікатарам адкрытай Прасторы – для сябе, у сабе і для іншых.
Прастора як гіперпрастора і кіберпрастора

Адкрытая беларуская філасофская «Прастора» імкнецца адпавядаць сучасным формам камунікацыі, у тым ліку тым, што адбываюцца ў кіберпрасторы. Наяўнасць вэб-старонкі, прысутнасць у віртуальнай прасторы – толькі першы крок у гэтым кірунку. Пры гэтым значная частка камунікацыі паміж удзельнікамі ўжо адбываецца ў кіберпрасторы, аднак віртуалізацыя як такая не ёсць самамэтаю Прасторы, дадаючы толькі яшчэ адно, хоць і важнае, вымярэнне да Прасторы.


Больш важным мы лічым тое, што Прастора грунтуецца на прынцыпах гіперпрасторы як прасторы спасылак і дэ-цэнтраванасці. Прастора, такім чынам, не мае ані цэнтраў, ані перыферыяў, ствараючы ўласную сістэму каардынатаў. Для яе важнае толькі мноства (гіпер)спасылак, глабальных ці лакальных, якія вызначаюць яе канфігурацыю ў гэты момант у гэтым «месцы».
Розныя праекты Прасторы прызваныя спрыяць таму, каб кожны, хто ўдзельнічае ў Прасторы, сам ствараў сваю і агульную беларускую кібер- і гіпер-прастору ў глабальным кантэксце.
Прастора як метапрастора і «прастора-паміж»

Нашая прастора ёсць метапрасторай у тым сэнсе, што яна ўключае ў сябе тое, што ляжыць «па той бок» прасторы як такой. Што ці хто месцяцца «па той бок» прасторы? Найперш, «па той бок» мы знаходзім тых, каго больш няма з намі ў фізічнай прасторы, але яны працягваюць існаваць разам з намі адно ў якасці «прывідаў» – памяць і повязь з якімі для нас істотная, каб самім не згубіць уласнага месца ў метапрасторы.


Метапрастора, такім чынам, – гэта і «прастора паміж», прастора, якая злучае. Паміж чым і/ці паміж кім? Паміж мінулым і будучыняй, паміж традыцыяй і сучаснасцю, паміж актуальным і магчымым, паміж быццём і небыццём, паміж «сваім» і «чужым», паміж «сабой» ды «іншым» – у тым ліку ў саміх сабе і «сярод іншых». Прастора, такім чынам, і есць адным з тых нябачных складнікаў, пра які спявае вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі.
Менавіта Прастору «нельга памацаць рукамі», але гэты факт зусім не замінае ёй быць «паміж намі» і нават паміж намі ў саміх сабе.
Чыя гэта Прастора? Жыхары прасторы

Калі казаць дакладна, Прастора ёсць «прасторай ніхто» і, адпаведна, нічыйнаю прастораю, бо Прастора нікому прыватна не належыць, але адначасова яна і не адмаўляе прыватнасці; яна не прадаецца і не набываецца (апроч як, хіба што, у якасці гульні, якую можна заўсёды спыніць на ўласнае жаданне); не здаецца ўнаймы, і – што добра, асабліва ў беларускіх умовах, – яе ніхто не можа адабраць, бо (да) яе можна толькі дадаваць. Адзіны спосаб дачынення з ёй – уваходзіць і (працягваць) ствараць яе прыватна ці супольна, каму як падабаецца.


Такім чынам, удзельнікі ці жыхары прасторы ёсць прасторастваральнікамі ці прасторатворцамі – стваральнікамі і пашыральнікамі гэтае прасторы як прасторы роўнасці, прызнання і адкрытасці. Прастора ж прызнае іх са свайго боку як сваіх жыхароў і стваральнікаў. Адпаведна, для сваіх жыхароў Прастора паўстае як заўсёды свая і нашая прастора. Такім чынам:
Гэта нашая Прастора! – кажа кожны, хто далучаецца да стварэння Прасторы.
Што робіць беларускую «Прастору» ўнікальнай і адрознай ад іншых прастораў?

Дык вось жа, бадай ніякая іншая прастора не ёсць настолькі адметнай, адрознай у самой сабе: суіснаванне розных моваў, адрозных правапісаў і рознага вымаўлення, розных поглядаў і традыцыяў стварае досыць спецыфічную прастору маніфестацыяў іншасці, а таксама прынцыповую немагчымасць фіксацыі гэтай прасторы ў нейкай адзінай перспектыве, у якасці адзінага Сэнсу, які б мог апанаваць Прастору. Прастора – гэта прастора, якая губляецца і гуляецца ў саму сябе. Адрознасць і адметнасць гэтай прасторы, такім чынам, палягае ў тым, што яна 'always already' адрозная ў самой сабе, прастора адрознення, адметнасці і не-панавання, якое заўсёды пазбягае фіксацыі ў нейкім часе (“not-quite-already-now”), адмаўляючы ў магчымасці якога-кольвек канчатковага самавытлумачэння.


Важна зазначыць, што беларуская прастора не абмежаваная выключна «беларускасцю», але сягае значна далей – да вытокаў самой думкі і тых, хто цягам гісторыі задаваўся пытаннямі магчымасцямі існавання нашай прасторы і часу. Такім чынам «нашая» Прастора выступае як адкрытая прастора прастораў – як прастора магчымых прастораў.
На гэтым абвяшчаем адкрытую беларускую філасофскую прастору – то бок «нашую прастору» – канчаткова адкрытай, і заклікаем кожнага выйсці да Прасторы – да шырокай Прасторы Прастораў!

Заходзьце ў любы час – радыя ўсім. Уваход вольны, але выхад – самастойны.
Заходите в любое время — мы рады всем. Вход свободный, но выход – самостоятельный.
Welcome any time. Open to everyone. Admission is free but coming out is to be done independently.


Укладальнікі: Павал Баркоўскі, Дзмітрый Карэнка, Пётра Рудкоўскі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка