Ацэнка судовай рэформы 1864 года ў расійскай імперыі ў працах у. Спасовіча І і. Файніцкага І. У. Вішнеўская




Дата канвертавання23.03.2016
Памер92.88 Kb.
АЦЭНКА СУДОВАЙ РЭФОРМЫ 1864 ГОДА Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ Ў ПРАЦАХ У. СПАСОВІЧА І І. ФАЙНІЦКАГА
І.У. Вішнеўская
Скасаванне прыгоннага права ў Расійскай імперыі ў склад якой з канца XVIII ст. уваходзілі землі Беларусі і наступныя рэформы 60 – 70-х гг. XIX ст. у галіне суда, мясцовага кіравання, адукацыі, друку садзейнічалі паступовай буржуазнай мадэрнізацыі краіны. Кардынальныя змены, якія адбыліся ў выніку рэформаў паклалі пачатак сацыяльна-эканамічным, палітычным, культурным пераўтварэнням, эвалюцыйнай трансфармацыі традыцыйнай “паліцэйскай” дзяржавы ў дзяржаву ліберальнага накірунку [1, с. 398].

Найбольш паслядоўнай з усіх буржуазных рэформаў з’яўлялася судовая рэформа (1864 г.). Пытанне аб яе правядзенні было пастаўлена яшчэ ў пачатку 1840-х гг., а ў 1860 г. судовае следства з паліцыі было перададзена спецыяльнаму інстытуту следчых. У 1862 г. імператар Александр II зацвердзіў асноўныя пачаткі новых судовых статутаў: аддзяленне суда ад адміністрацыі, роўнасць ўсіх перад законам і судом, публічнасць і спаборнасць судовага працэсу, нязменнасць суддзяў, судовых следчых, увядзенне суда прысяжных засядацеляў і інстытута прысяжных павераных (абаранцоў).

Радыкальныя пераўтварэнні ў судовым ладзе і судовым працэсе садзейнічалі прагрэсу ў захаванні законнасці і набліжэнні расійскага правасуддзя да заходнееўрапейскага ўзроўню. У сваю чаргу павышэнне якасці прававога жыцця краіны садзейнічала яе эканамічнаму росквіту, развіццю крэдыта і гандлю, павелічэнню колькасці акцыянерных кампаній, прыватных банкаў, страхавых устаноў, чыгуначнага транспарту, што ў сваю чаргу з’явілася перадумоваю прагрэсу ў галіне індустрыялізацыі Расійскай імперыі [2, с. 363].

Значэнне буржуазных рэформаў другой паловы XIX ст. у Расіі з гістарычных пазіцый сучаснымі спецыялістамі ў галіне гісторыі дзяржавы і права ацэньваецца як эпахальнае.

Безумоўна, усё вялікае лепш бачыцца ў вымярэнні часу і прасторы, але і сучаснікі сістэмных перабудоў другой паловы XIX ст. давалі ім высокую адзнаку, прадбачылі прававы, сацыяльны і палітычны эфект буржуазных рэформаў, у прыватнасці судовай.

Звернемся да меркаванняў бліскучых правазнаўцаў другой паловы XIX ст. – навукоўцаў і практыкаў у галіне працэсуальнага права, ураджэнцаў беларуская зямлі Уладзіміра Спасовіча і Івана Файніцкага.

Прафесар крымінальнага права Уладзімір Данілавіч Спасовіч з’яўляўся расійскім адвакатам першага паслярэформеннага прызыву. Ужо ў 1866 г. ён увайшоў у склад прысяжных павераных Пецярбургскай судовай палаты. Калегі прафесара адзначалі яго несумненны ўнёсак у станаўленне судовай палаты і распачатай адвакатскай практыкі.

Высока ставячы гуманістычныя традыцыі грамадства, Спасовіч бачыў у судзе і адвакатуры абаронцу як чалавека, так і дзяржавы. Разумеючы іх высокую выхаваўчую місію, ён падкрэсліваў, што для дзяржавы больш важна мець правільна арганізаваны, эфектыўна функцыяніруючы суд пры не вельмі дасканалым крымінальным кодэксе, чым валодаць добрым крымінальным кодэксам і недасканалым, састарэлым парадкам крымінальнага судаводства [3, с. 30].

У.Д. Спасовіч імкнуўся аналізаваць дзейнасць утворанага ў ходзе рэформы 1864 г. незалежнага ад адміністрацыі суда у якім пануюць прынцыпы спаборнасці і галоснасці працэсу з пазіцый маральнасці і справядлівасці. Ён удзяляе значную ўвагу дзейнасці ўсіх удзельнікаў працэсу: пракурора, суддзі, прысяжнага паверанага (адваката), суда прысяжных. Спасовіч лічыў, што ў дзейнасць абвінаваўцы ў судзе павінна быць унесена строгая маральная дысцыпліна, пры якой інтарэсы грамадства і годнасць падсуднага будуць абараняцца з аднолькавай прыхільнасцю. А ў выпадку, калі ход судовага следства не пацвердзіць віны падсуднага, пракурор павінны адмовіцца ад абвінавачання.

Шмат увагі правазнаўца ўдзяляў асобе прысяжнага паверанага, які быў неабходны ў працэсе не толькі для абароны прыватных інтарэсаў, але і ў мэтах ажыцяўлення справядлівасці. Разам з тым, на думку Спасовіча, абарона не павінна пераўтварыцца ў апраўданне злачынства, таму галоўны абавязак адваката выкарыстаць усе законныя сродкі дзеля абароны права [4, с. 163].

Погляды правазнаўцы сталі асновай яго асабістай адвакацкай дзейнасці. Спасовіч па праву лічыцца адным з найбуйнейшых судовых аратараў паслярэформеннай Расіі.

Цікавыя развагі навукоўцы адносна прынцыпаў арганізацыі і дзейнасці суда прысяжных. Уладзімір Данілавіч быў шчырым прыхільнікам гэтага інстытута, настойліва і паслядоўна змагаўся з тымі, хто лічыў прысяжных засядацеляў “судом вуліцы” на падставе значнай колькасці вынесеных імі апраўдальных прысудаў. Эфектыўнасць гэтага працэсуальнага інстытута Спасовіч бачыў у павышэнні адукацыйнага цэнзу для прысяжных. Ён заклікаў пракуратуру, адвакатуру, суддзяў, нарэшце Сенат, які выконваў функцыі касацыйнага і кантралюючага органа, заняць пазіцыю настаўніка ў адносінах да непрафісійных удзельнікаў судовага працэсу – прысяжных засядацеляў [5, с. 11]. Уладзімір Данілавіч Спасовіч даў дакладнае тлумачэнне сутнасці суда прысяжных, назваўшы іх не толькі суддзямі факта, суддзямі канкрэтных абставін, але і суддзямі “пытання аб вінаватасці ў поўным аб’ёме”, вердыкты якіх у поўнай ступені адпавядаюць грамадскаму сумленню, праўдзе жыцця [5, с. 11].

Пазітыўна ацэньваючы судовую сістэму, якая склалася ў Расійскай імперыі ў выніку рэформы 1864 г., правазнаўца вызначае месца і функцыі кожнай судовай інстанцыі, дае дакладную характарыстыку акруговых судоў з прысяжнымі засядацелямі і апеляцыйных судоў, ролю якіх выконвалі судовыя палаты. Апеляцыйны суд Спасовіч называў “якарам выратавання для тых няшчасных пакутнікаў, якія будучы асуджаны ў 1-й інстанцыі, даверылі яму свой лес” [6, с. 26]. Ён заклікаў суддзяў апеляцыйнага суда адносіцца да прысудаў акруговага суда крытычна, з сумневам у яго вердыкце адносна вінаватасці асуджаных. Ён патрабаваў ад каронных суддзяў судовай палаты ўважліва разглядаць прысуд з пазіцый сумніву “… да той пары пакуль зноў самастойна не будзе даказана даволі грунтоўна іх вінаватасць (асуджаных) у сумленні суддзяў” [6, с. 27].

Калі суд прысяжных выносіць вердыкт больш па ураджанню, падкрэсліваў Спасовіч, то рашэнні апеляцыйнага суда павінны грунтавацца на лагічных высновах. Каронныя суддзі ў адпаведнасці з Уставам крымінальнага судаводства павінны матываваць сваё рашэнне, тлумачыць яго, супастаўляць з прадстаўленнымі да справы доказамі і ўлікамі. Спасовіч разважаў адносна крыніц на падставе якіх выносяцца рашэнні апеляцыйнымі інстанцыямі (судовымі палатамі). Вопытныя і дасведчаныя суддзі, на яго думку, павінны разглядаць справу “… ад першай старонкі да апошняй, вывучаць асабістыя прызнанні бакоў, матэрыялы дазнання, рэчавыя доказы, асабліва пісьмовыя дакументы. Галоўнымі крыніцамі ў крымінальным судаводстве Спасовіч лічыў менавіта рэчавыя доказы, якія дапамагаюць выключыць безсвядомыя памылкі ў паказаннях сведак, і, або зрабіць іх прыдатнымі матэрыяламі для доказу, або праверыць сапраўднасць гэтых паказанняў. Суддзі павінны ведаць крыніцы па справе паўней, чым прысяжныя. Кожная літара ў пратаколе справы мае сваю вагу, лічыў вучоны, і таму абавязак каронных суддзяў “… узважыць словы, літары і нават коскі, скасаваўшы тым самым выдумкі, скажэнні ісціны і прыкрасы ў самым зародку” [6, с . 29].

Калі суд прысяжных нічым не матывуе свайго рашэння, робіць выснову Спасовіч, то апеляцыйны суд абавязаны матываваць, быць вышэй заўзятасці і захаплення, даваць справаздачу ў кожнай сваёй выснове, і нават пры наяўнасці факта злачынства і матываў прызнаць вінаватасць падсуднага толькі тады, калі ёсць дакладная ўпэўненасць у гэтым [6, с. 30].

Такім чынам, У. Спасовіч лічыў галоўным у рэалізацыі судовай рэформы пабудову судовай сістэмы, якая грунтуецца на асновах маральнасці і справядлівасці.

Высока ацэньваў судовыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі другі выдатны прадстаўнік юрыдычнай думкі беларускага паходжання Іван Якаўлевіч Файніцкі. Прыгонны селянін графа Фёдара Паскевіча ён, дзякуючы заступніцтву і клопату жонкі гаспадара Ірыны атрымаў сярэднюю адукацыю ў Магілёўскай гімназіі і паступіў у Пецярбургскі універсітэт на юрыдычны факультэт. Пасля абароны магістэрскай, а потым доктарскай дысертацый Файніцкі доўгі час працаваў прафесарам у Пецярбургскім універсітэце, актыўна займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, быў стваральнікам расійскага юрыдычнага таварыства і старшынёй рускай групы міжнароднага саюза крыміналістаў. Сучаснікамі Іван Файніцкі быў прызнаны адным з найбольш таленавітых і самастойных вучоных-крыміналістаў Еўропы. Па словах прафесара П. І. Люблінскага, талент Файніцкага ўпершыню пераўтварыў крымінальны працэс з прыкладной тэхнічнай навукі ў адну з галін навукі палітычнай, таму што ён ставіў дзяржаўную і прававую ролю суда і працэса на першы план [7, с. 130].

Характарызуючы судовыя ўставы 1864 г. І. Файніцкі падкрэсліваў, што яны прадстаўляюць сабою новую эпоху ў галіне судаводства, якая звязана з самастойнасцю судовай улады і наяўнасцю народнага элемента ў судовай дзейнасці. Правазнаўца звяртаў асаблівую ўвагу на “ідэю асобы”, якую ён лічыў асноўнай адметнасцю судовых уставаў 1864 г. у параўнанні з папярэднімі помнікамі расійскага права. Аўтары ўставаў, на думку Файніцкага, былі ўпэўнены, што “… дзяржаўны пачатак лепш за ўсё дасягаецца на глебе прызнання пачатка асобы, шляхам дапушчэння асабістай ініцыятывы і асабістай энергіі пры ўмове адказнасці за іх [8, с. 2285]. Галоўную памылку дарэформеннага інквізіцыйнага працэсу ён бачыў у нежаданні лічыцца з патрэбамі, інтарэсамі і здольнасцямі жывых людзей, імкненні зрабіць з іх сляпых выканаўцаў правілаў безаблічнага закона [8, с. 2285]. Таму ён вітаў прызнанне ўставамі спаборніцтва бакоў у працэсе, уздзеяння на працэс іх ініцыятывы і асабістых поглядаў

У спаборным працэссе, падкрэсліваў вучоны, падсудны не з’яўляецца толькі прадметам даследвання, а становіцца адной са старон у справе, атрымлівае права на абарону. Удзел бакоў у працэсе, на думку правазнаўцы, садзейнічае поўнаму тлумачэнню справы і дае распрацаваны матэрыял для судовага рашэння. Разам з тым, лічыў Файніцкі, спаборны крымінальны працэсс не робіцца прыватным, бо крымінальнае абвінаванне вызначаецца агульнай дзяржаўнай воляй [9, с. 63].

І.Я. Файніцкі дае характэрыстыку ўсім удзельнікам судовага працэсу ва ўмовах, якія склаліся пасля рэформы 1864 г. Ен падкрэслівае самастойны характар судовай улады, які звязаны з аддзяленнем яе ад заканадаўчай і адміністратыўнай. Ва ўмовах спаборнага працэсу па першае месца выходзяць упэўненасць і сумленне суддзі, яго духоўная асоба. Органы суда пастаўлены на абарону чалавека, яго свабоды, супраць усіх замахаў на яе [8, с. 2285]. Файніцкі адзначаў актыўную ролю суддзі ў працэсе, абавязак яго разглядаць і вырашаць справу справядліва, па падставе ўсяго матэрыяла маючага быць па справе [8, с. 64].

Звяртаючы ўвагу на тое, што прыняцце спаборнага парадку ў крымінальным працэсе не кранае яго публічнага пачатку, Файніцкі характарызуе месца пракурора ў працэсе, як носьбіта дзяржаўнай волі, дзеючага ў межах дзяржаўных інтарэсаў. Яго праца носіць публічны характар, за свае памылкавыя дзеянні ён нясе адказнасць згодна з законам.

Асаблівую ўвагу І. Файніцкі ўдзяляў інстытуту прысяжных засядацеляў у крымінальным працэсе. Ен спрачаецца з праціўнікамі гэтага інстытута, якія спасылаліся на адсутнасць у насельніцтва Расіі палітычнага выхавання. Іван Якаўлевіч падкрэсліваў, што прысяжныя засядацелі ёсць інстытут юрыдычны, а не палітычны, а расійскі народ, які можа быць і не выхаваны палітычна, будзе выхаваны галосным судом, які адчыніць доступ для яго ўдзелу ў дзяржаўнай дзейнасці [9, с. 43].

Судовая рэформа, рабіў выснову І. Файніцкі, мела на мэце ствараць правасуддзе для народа і па магчымасці пры дапамозе народа. Таму судовыя ўставы сведчаць”… аб павароце ад парадка паліцэйскага да парадка прававога, ад урадавой апекі да сістэмы самастойнасці і самадзейнасці народнай” [9, с. 42].

Навуковец нагадваў тыя змены ў краіне, якія сталі вынікам судовай рэформы 1864 г. Гэта і галоснасць суда, якая колькасна наменшыла хабарніцтва, гэта спаборнасць працэсу, у выніку якой развілася энергічная дзейнасць бакоў, гэта і ўзрастанне ў цэлым ролі і ўплыву ў грамадстве судовай улады праз адзяленне яе ад заканадаўчай і ўрадавай. Звяртаў увагу Файніцкі і на інтэнсіўнае развіццё юрыдычнай адукацыі ў Расіі, а таксама з’яўленне шматлікіх юрыдычных таварыстваў у паслярэформенны перыяд.

Такім чынам, вядомыя вучоные-юрысты беларускага паходжання У.Д.Спасовіч і І.Я. Файніцкі вельмі высока ацэньвалі судовую рэформу 1864 г., сучаснікамі і творцамі якой яны былі .

Трэба ўзгадаць, што палітыкамі і правазнаўцамі падчас падрыхтоўкі і правядзення судовых пераўтварэнняў 60-70-х гг. XIX ст. неаднаразова падкрэслівалася, што на тэрыторыі Беларусі рэфармаванне судовага ладу і судаводства пройдзе больш паспяхова і хутчэй, чым у цэнтральных рэгіонах Расійскай імперыі. Гэта звязвалася з тым, што тут яшчэ падчас рэформы XVI ст. былі створаны суды ў фарміраванні і дзейнасці якіх выкарыстоўваліся прынцыпы іх незалежнасці ад адміністрацыі, выбарнасці і нязменнасці суддзяў, галоснасці, публічнасці і спаборнасці працэсу. Аднак, судовыя ўставы 1864 г. былі ўведзены ў Беларусі значна пазней і з істотнымі абмежаваннямі і адступленнямі ад абвешчаных прагрэсіўных прынцыпаў судаводства. Апошняе было абумоўлена нацыянальнай палітыкай царскага ўрада, а таксама страхам перад рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым рухам.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Загорнов, А.А. Мировой суд в Беларуси во второй половине XIX в. : формирование правового положения /А.А. Загорнов // Гісторыя, сучаснасць : беларуская дзяржаўнасць ва ўсходне-еўрапейскім цівілізацнейшым кантэксце: Зборнік навуковых прац, прысвечаных 90-годзю з дня нараджэння прафесара У.А. Юхо /рэдкал.: С.А. Балашэнка (гал.рэд.); [і інш.]. – Мінск : Бизнесофсет, 2012. – С. 397–404.

2. Аннерс, Э. История европейского права / Э. Аннерс. – М. : Наука, 1996. – 395 с.

3. Дулов, А.В. Учение В.Д. Спсовича о справеливости, как нравственная основа уголовного права и процесса / А.В. Дулов, В.В. Шалькевич // Вестник международного научного общества. – 2002. – № 1. – С. 29–34.

4. Вішнеўская, І.У. Палітычная і прававая думка Беларусі на мяжах еўрапейскіх цывілізацый (IX–пач. XXI ст.) : манаграфія / І.У. Вішнеўская. – Мінск : Тэсей, 2008. – 296 с.

5. Шалькевич, В.Ф. Этико-правовые воззрения В.Д. Спасовича в сфере уголовного судопроизводства : автореф. дисс…канд. юрид. наук / В.Д. Шалькевич. – Минск, 2003. – 20 с.

6. Спасович, В.Д. Судебные речи / В.Д. Спасович. – М. : издательство Юрайт, 2010. –403 с. – /Антология юридической мысли).

7. Забродский, Э.А. Наследие профессорской мысли / Э.А. Забродский, Э.А. Корнилович. –Минск : Право и Экономика, 2012. –391 с.



8. Фойницкий, И.Я. Идея личности в судебных уставах и кодификационное их значение / И.Я. Фойницкий // Право. – 1899. – № 48. – С. 2283 – 2289.

9. Фойницкий, И.Я. Курс уголовного судопроизводства : в 2 т. / И.Я. Фойницкий. – Санкт-Петербург : издательство “Альфа”; 1996. – Т. 1. – 552 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка