Аб’яднаныя тэатрам Л. Каліна




Дата канвертавання08.05.2016
Памер12.96 Kb.
Аб’яднаныя тэатрам

Л. Каліна
Андрэй Макаёнак, 80-гадовы юбілей якога нядаўна шырока адзначаўся ў Беларусі, слыў тэатральным пісьменнікам. Ён быў знітаваны не толькі з тымі вобразамі, героямі сваіх п’ес, якія падоўгу выношваў, але і ўвогуле са сцэнай, з акцёрамі, якія выконвалі ролі ў спектаклях. Гэта асаблівы дар. І менавіта таму яго п’есы нешматслоўныя, у іх кожная фраза быццам вытачаная, ёмістая і трапная. Зараз многія акцёры прыгадваюць, што граць ролі ў спектаклях па п’есах Макаёнка было лёгка, і адначасова складана, бо драматург нават кожную рэмарку, як кажуць, адчуваў скурай.

У зоркавы час драматурга, што выпаў на 70-я гады, Макаёнка ставілі ледзь не ва ўсіх тэатрах Савецкага Саюза і нават за яго межамі. Яго перакладалі на ўсе славянскія мовы, ім захапляліся людзі розных узростаў і прафесій.



Купалаўскі тэатр, дзе былі пастаўлены ўсе п’есы драматурга, ён лічыў сваім, родным. Андрэй Ягоравіч сябраваў і з рэжысёрамі, і з акцёрамі. Ён добразычліва адносіўся да творчай моладзі. І сёння вядучы драматург Беларусі, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Аляксей Дудараў лічыць сябе вучнем Андрэя Макаёнка.

У дзень адкрыцця помніка народнаму пісьменніку на яго малой радзіме ў вёсцы Журавічы Рагачоўскага раёна сабраліся сябры Андрэя Ягоравіча, якія і працавалі поплеч з ім. Яны быццам яшчэ раз адчулі тую добрую ауру, якая заўсёды была характэрнай для гэтага надзвычай таленавітага чалавека. На памяць пра гэтыя непаўторныя мінуты застаецца здымак, на якім вы бачыце (злева направа) драматурга Аляксея Дударава, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Валерыя Раеўскага, народных артыстаў Беларусі Лілію Давідовіч і Генадзя Аўсянікава. На другім здымку – сцэна са спектакля “Трыбунал”, паказаная ў Журавічах артыстамі Ліліяй Давідовіч і Генадзем Аўсянікавым.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка