Абрад “вялікдзень” Падрыхтавала: настаўнік пачатковых класаў Пікта І. М. Сцэна 1




Дата канвертавання29.03.2016
Памер35.58 Kb.


Упраўленне адукацыі Навагрудскага РВК

ДУА “Ладзеніцкі ВПК дзіцячы сад-базавая школа”




“Шчаслівы той,хто продкаў з чыстым сэрцам паважае”

Абрад “ВЯЛІКДЗЕНЬ”

Падрыхтавала: настаўнік пачатковых класаў Пікта І.М.



Сцэна 1.

(Вясковая хата. Бабуля з унукамі)

Бабуля Лета краснага дачакаліся

Зямлю-матухну абудзілі

Сонца зайграла, на лета павярнулася.

Не дапусці, святы Ягорый стыхіі ды непагоды.

Чыстым чацвяргом умываліся,

Чырвонай суботай прыбіраліся.

А на свята, на Вялікдзень, збіраліся малайцы – валачобнікі.

(гучыць меладыя)

Сцэна 2.

(Хлопчыкі гуляюць на лужку)

Валачобнік 1. Пойдзем, братцы, гуляючы, спяваючы,

Пана Бога пытаючы.



Усе. Пойдзем

Валачобнік 2. Госпадзі, Божа, укажы дарогу.

Валачобнік 3. К дабраму сялу.

Валачобнік 4. К слаўнаму пану Алесю.

Пяюць песню _”Валачобнікі валачыліся…”____

Валачобнік 1. Ой, хлопцы, гляньце: двор шырокі,

а пасярод двара стаіць дубок,

а з-пад таго дубка ўзышла зорка,

а з-пад той зоркі ўзышлі зорачкі.



Валачобнік 2. Гэй, гаспадар! Просім выйсці на ганачак,

просім вынесці нам падарачак.



Валачобнік 3. Во, не адзываецца, прыбіраецца.

Валачобнік 4. Надзяе боты - Слуцкай работы.

Футру сабалёвую, шапку бабровую.



Валачобнік 2. Просім вас паслухаці,

што будзем вымаўляці.



Валачобнік 3. Просім стаць на ганачак,

просім вынесці нам падарачак.



Пяюць песню _”Вялік Святой нам дзень настаў…”

Выходзяць гаспадар і гаспадыня.

Валачобнік 1. Добры вечар, песню спелі, не салгалі.

Яе салаўі шчабяталі.



Валачобнік 2. Гаспадынечка, журавіначка,

падстаўляй драбінку, лезь па саланінку.



Валачобнік 3. Вісіць абод – калясо будзе, пазаві ў хату – харашо будзе.

Валачобнік 4. Дазвольце ваш дом павесяліць.

Гаспадар. Весяліце, весяліце, толькі хату не разваліце.

Валачобнік 1. Нічога, як гэту развалім - другую паставім.

Пяюць песню гаспадару_”Дзень добры дзень, пане гаспадару”__

Валачобнік 1. Гаспадынька, вазьмі свечачку.

Ідзі памаленечку пад шасток па квасок.

Квасок-мядок на стол, госцікаў за стол.

Валачобнік 2. Мы госцейкі хаджалыя,

толькі ў гадок адзін разок.



Пяюць песню гаспадані_”Наша гаспадынька, дабрадзейка наша…”_

Гаспадыня. Вось вам мядок, ні горкі, ні салодкі. (Дае збанок)

Валачобнік 1. (прымае збанок). Ой, гаспадынька, будзь здарова, жыві багата.

Валачобнік 2. Ведаем, кілбаскі ў свірне вісяць на пруточку.

А яечкі ў куточку стаяць у гаршочку.



Валачобнік 3. Давай капу яец, бо быў песні канец.

(Выходзяць з дарамі сын і дачка)

Дзяўчына. Вось кашаношу – сіта жыта,

хай нясець – падрываецца,

у зямлю носам паківаецца.

Валачобнік 1. Вечар добры паненачка, чаму не адмыкала акеначка?

Валачобнік 2. Ой, кавалер едзе пекны, сімпатычны, не тутэйшы, загранічны.

Валачобнік 3. Ой, дзяўчына, дай мёд-квас скаштаваці – дай цябе пацалаваці.

Валачобнік 1. Знаеш, гаспадынька – маеш дачку – май і грошай у кашальку.

Дзяўчына. Татава хата – усім багата.

Валачобнік 2. Не будзь гарда, будзь пакорна.

Як не хочаш адарыць – пойдзем з намі валачыць.



Дзяўчына. Мяне мамка не пушчала – у каморцы замыкала.

Вось вам мерка пшаніцы, а наверх – суніцы.



Гаспадар. Во, цяжка нясці – не будуць клясці.

Валачобнік 2. Паненачка, дары грошы.

Два-тры злоты, нам на боты.

Бо мы ўсе боты патапталі,

пакуль табе жаніха шукалі.



Валачобнік 3. Яе хлопцы так любяць,

што за кулакамі свету не бачаць



Валачобнік 4. Красна дзеванька, не тамі гасцей,

падары хутчэй.

Карэц яец незлічоных, тыя яйкі мы палічым,

цябе павялічым.



Пяюць песню паненцы

Валачобнік 3. Табе, дзеванька, мы песню спелі проціў Юр’я – на здароўе.

Проціў Пятра – на добрага свёкра.

Проціў Пакроў – на добрую свякроў.

Пара ў велікодны карагод.



Гаспадыня.

Ганулька, выйдзі ў круг да валачобнікаў.

Пасля велікоднага круга і я некалі замуж выйшла.

Валачобнік 2. А ваш сынок як сакалок. І чарнявы, і высокі.

Добры некаму чалавек дастанецца.



Гаспадыня.

Дзякуй вам, добры людзі, на добрым слове.



Валачобнік 3. Сяргейка, а можа ты сабе нявесту падбярэш у гэты годзе?

Пабудзь і ты ў карагодзе.



Валачобнік 1. Песню пяём,

за белы ручкі бяром,

ды замуж вядзем.

Пяюць песню панічу “За варота кругла балота”_________

Водзяць карагод

Валачобнік 1. Песня спета проціў лета.

Валачобнік 2. Проціў лета цёплага, Велікоднага.

Усім нам лагоднага.



Гаспадар Дзякуй, валачобнікі, што нашай хаты не мінулі.

Валачобнік 1. Дзякуй і вам, дай, божа,

вам курэй падпечак, яец засечак

і ўнукаў заплечак.

Валачобнік 2. А мы пойдзем далей.

Усе. Пойдзем.

Пяюць песню _”Валачобнікі валачыліся…”____

Сцэна 3.

(Вясковая хата. Бабуля з унукамі)

Бабуля Ну, учучкі, трымайце пісанкі.

Дзеці Дзякуй, дзякуй!

(гучыць меладыя. Канец дзеі)
Пастаноўка: Пікта Ірына Міхайлаўна, настаўніца пачатковых класаў

Музычны кіраўнік: Валенцюкевіч Ларыса Анатольеўна






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка