Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку фарміравання культуры вуснага і пісьмовага маўлення ў агульнаадукацыйных установах




старонка2/5
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.63 Mb.
1   2   3   4   5
ГЛАВА 5
ПАРАДАК ПРАВЕРКІ НАВУЧАЛЬНЫХ, КАНТРОЛЬНЫХ, ЭКЗАМЕНАЦЫЙНЫХ РАБОТ І РАБОТ НАД ПАМЫЛКАМІ

25. У І–ІV класах сшыткi вучняў, у якiх выконваюцца навучальныя класныя i дамашнiя работы па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Матэматыка“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, правяраюцца пасля кожнага ўрока ва ўсiх вучняў.

26. Вучні ІІ–ІV класаў рэгулярна выконваюць работу над памылкамі ў тых жа сшытках, у якіх выконвалася адпаведная навучальная або кантрольная работа. Узор выканання работы над памылкамі дае настаўнік.

27. Навучальныя дыктанты, пераказы i сачыненнi ў вучняў ІІ–ІV класаў правяраюцца i раздаюцца вучням на наступным уроку па гэтым вучэбным прадмеце для абавязковага правядзення работы над памылкамi.

28. У ІІІ–VІІ класах сшыткi вучняў, у якiх выконваюцца навучальныя работы па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“, правяраюцца пасля кожнага ўрока ва ўсiх вучняў, у VІІІ–ІХ класах – адзін раз у тыдзень, у Х–ХІ(XII) класах правяраюцца найбольш значныя навучальныя работы, але з такiм разлiкам, каб адзiн раз у два тыднi правяралiся сшыткi ўсiх вучняў.

Сшыткі-слоўнікі ў ІV–VІІ класах правяраюцца адзін раз у два тыдні, у VІІІ–ІХ класах – адзін раз у месяц, у Х–ХІ(XII) класах – адзін раз у чвэрць.

29. У V–VІІ класах сшыткi вучняў, у якiх выконваюцца навучальныя работы па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Матэматыка“, правяраюцца выбарачна, адзiн раз у тыдзень ва ўсiх вучняў, у VІІІ–ІХ класах – адзiн раз у два тыднi, у Х–ХІ(XII) класах – адзін раз у месяц.

30. Сшыткі вучняў, у якiх выконваюцца навучальныя работы па вучэбных прадметах ”Беларуская літаратура“, ”Руская літаратура“, ”Літаратура нацыянальнай меншасці“, ”Чалавек і свет“, ”Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі“, ”Грамадазнаўства“, ”Фізіка. Астраномія“, ”Хімія“, ”Біялогія“, ”Геаграфія“, нотны сшытак па вучэбным прадмеце ”Музыка“ правяраюцца ва ўсiх класах выбарачна, аднак сшытак кожнага вучня павiнен правярацца не менш за адзін раз у месяц.

Пры праверцы сшыткаў па ўсіх вучэбных прадметах выпраўляюцца дапушчаныя вучнямі памылкі (арфаграфічныя, граматычныя, пунктуацыйныя, моўныя, памылкі ў змесце).

Выкананне вучнямі ўсіх відаў навучальных работ у сшытку па вучэбным прадмеце ”Інфарматыка“ правяраецца настаўнікам ва ўсіх класах выбарачна, аднак сшытак кожнага вучня павінен правярацца не менш за адзін раз у чвэрць.

31. Справаздачы па выніках практычных і лабараторных работ па вучэбным прадмеце ”Біялогія“, лабараторных работ, эксперыментальных даследаванняў, якія па меркаванні настаўніка праводзяцца на ўроках, па вучэбным прадмеце ”Фізіка. Астраномія“ (фізіка), практычных работ па вучэбным прадмеце ”Хімія“, выніковых (пазначаных зорачкай) практычных работ па вучэбным прадмеце ”Геаграфія“ правяраюцца да наступнага ўрока (пры вялікай колькасці справаздач – праз адзін-два ўрокі) у кожнага вучня і адзнакі ўносяцца ў класны журнал.

32. Кантрольныя работы правяраюцца ў кожнага вучня. У I–II класах кантрольныя работы правяраюцца, памылкі выпраўляюцца, адзнакі ў балах не выстаўляюцца.

Па выніках кантрольных работ вучням III–ХІ(XII) класаў выстаўляюцца адзнакі ў балах у сшытках. Гэтыя адзнакі заносяцца ў класны журнал адпаведных класаў.

За навучальныя і кантрольныя пераказы, сачыненні, водгукі па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ вучням выстаўляюцца дзве адзнакі: адна – за змест, другая – за пісьменнасць.

Праверка кантрольных работ настаўнікам ажыццяўляецца ў наступныя тэрміны:

у ІІ –ХІ (ХІІ) класах, акрамя кантрольных сачыненняў і іншых творчых работ па мовах і літаратурах у V – ХІ (ХІІ) класах, правяраюцца і вяртаюцца вучням да наступнага ўрока;

у V – VІІІ класах кантрольныя сачыненні і іншыя творчыя работы па мовах і літаратурах правяраюцца і вяртаюцца вучням не пазней чым праз тыдзень, у ІХ класах – не пазней чым праз 10 дзён;

у Х – ХІ (ХІІ) класах пры вялікай колькасці работ правяраюцца і вяртаюцца вучням праз адзін-два ўрокі. Кантрольныя сачыненні і іншыя творчыя работы па мовах і літаратурах – не пазней чым праз 10 дзён.

33. Работа над памылкамі абавязкова выконваецца вучнямі V–ХІ(XII) класаў пасля кантрольных работ па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Беларуская літаратура“, ”Руская мова“, ”Руская літаратура“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Літаратура нацыянальнай меншасці“, ”Фізіка. Астраномія“, ”Хімія“, ”Матэматыка“ і пры неабходнасці пасля навучальных работ па гэтых вучэбных прадметах.

Работа над памылкамі выконваецца вучнямі ў тых жа сшытках, у якіх яны выконвалі адпаведныя навучальныя або кантрольныя работы.

Работа над памылкамі, якая выконваецца вучнямі пасля кантрольных работ, праводзіцца толькі ў класе.

Па вучэбных прадметах ”Інфарматыка“, ”Замежная мова“ тыповыя памылкі, якія дапушчаны вучнямі пры выкананні кантрольнай работы, абмяркоўваюцца настаўнікам франтальна.

34. У V–ХІ(XII) класах па ўсіх вучэбных прадметах настаўнік падкрэслiвае, закрэслівае памылку, надпiсвае правiльны варыянт толькi ручкай з чырвоным чарнілам або пастай чырвонага колеру.

35. У экзаменацыйных работах вучняў у пісьмовай форме за перыяд навучання на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі настаўнікам закрэсліваюцца і падкрэслiваюцца ўсе памылкi, а над арфаграфiчнымi,пунктуацыйнымi i граматычнымi надпiсваецца правiльны варыянт.

36. Па выніках праверкі рабочых сшыткаў (V–ХІ(XII) класы), работы над памылкамі, лабараторных і практычных работ (вопытаў), іншых відаў пісьмовых работ па меркаванні настаўніка можа быць выстаўлена адзнака ў сшытак і класны журнал.

37. Па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“, ”Замежная мова“ ў навучальных работах, якiя правяраюцца, і ў кантрольных работах настаўнік выпраўляе дапушчаныя вучнямi памылкі наступным чынам:

37.1. у I–IV класах:

няправiльна напiсаную лiтару або пунктуацыйны знак закрэслiвае наўскос, падкрэслівае;

частку слова, сказ – закрэслівае тонкай гарызантальнай лiнiяй;

лiчбы – закрэслівае тонкай гарызантальнай лiнiяй або наўскос;

замест закрэсленага запісвае ўверсе патрэбныя літары, словы, сказы, лічбы.

Выпраўленыя памылкі адзначае на палях (акрамя I класа) наступнымі ўмоўнымі знакамі: I – арфаграфiчная, V – пунктуацыйная.

Памылкі на правілы, якiя яшчэ не вывучалiся, настаўнік падкрэслівае, выпраўляе, але на палях не адзначае.

У творчых работах (пераказы, пераклады, сачыненні) настаўнік выпраўляе не толькі арфаграфічныя, пунктуацыйныя памылкі, але і маўленчыя, а таксама памылкі ў змесце. Маўленчыя памылкі і памылкі ў змесце падкрэсліваюцца хвалiстай лiнiяй і адзначаюцца ўмоўнымi знакамi на палях: З – памылка ў змесце; М – маўленчая памылка.

За творчую работу (пераказ, пераклад, сачыненне) выстаўляюцца дзве адзнакі: адна – за змест, другая – за пісьменнасць;

37.2. у V–ХІ(XII) класах:

няправiльна напiсаную лiтару або пунктуацыйны знак настаўнік закрэслiвае, падкрэслівае, надпiсвае правiльны варыянт і адзначае на палях наступнымі ўмоўнымі знакамі: I – арфаграфiчная; V – пунктуацыйная; Г – граматычная; З – памылка ў змесце; М – маўленчая; а – аднатыпныя; н – нягрубыя: I (н), V (а);

частку слова, сказ – закрэслівае тонкай гарызантальнай лiнiяй;

лiчбу, літару – закрэслівае наўскос.

У навучальных і кантрольных пераказах, сачыненнях памылкi ў змесце i маўленчыя памылкі падкрэслiвае ў тэксце хвалiстай лiнiяй і адзначае ўмоўнымi знакамi на палях.

Памылкі на правiлы, якiя яшчэ не вывучалiся, настаўнік падкрэслівае, выпраўляе, але на палях не адзначае;

37.3. пры праверцы дыктанта ў V– ХІ(XII) класах на наступным радку пасля тэксту дробам указвае колькасць арфаграфiчных памылак (лiчнiк) i пунктуацыйных (назоўнiк).

Напрыклад:

8/9


Пры праверцы перакладаў, водгукаў, пераказаў, сачыненняў, творчых работ, якiя разлiчаны на цэлы ўрок або два ўрокі, на наступным радку пасля тэксту дробам запiсвае колькасць памылак у змесце i колькасць маўленчых недахопаў (лiчнiк), а ў назоўнiку дробу ўказвае колькасць арфаграфiчных, пунктуацыйных i граматычных памылак.

Напрыклад:



З – М

 

2-2

 

I – V – Г

 

2-2-1

 

На палях сшыткаў кантрольных работ па вучэбных прадметах ”Матэматыка“ і ”Фізіка. Астраномія“, на лістах экзаменацыйных работ па вучэбным прадмеце ”Матэматыка“ супраць кожнага выкананага задання адзначаецца колькасць балаў, якім ацэнена гэтае заданне. На палях пасля рашэння апошняга задання запісваецца сумарная колькасць балаў за выкананне ўсіх заданняў, якія пераводзяцца ў адпаведную адзнаку.

38. Адзнакі за вядзенне сшыткаў, сшыткаў-слоўнікаў выстаўляюцца ў класны журнал па меркаванні настаўніка.

ГЛАВА 6
ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ РЭФЕРАТА

39. Рэферат – гэта кароткая перадача зместу артыкула або даследавання. Рэфераты могуць выконвацца па ўсіх вучэбных прадметах, якія вывучаюцца ў X–XI (XII) класах, акрамя вучэбных прадметаў ”Інфарматыка“, ”Працоўнае навучанне. Чарчэнне“, ”Фізічная культура і здароўе“.

Рэферат павінен мець наступную структуру: тытульны ліст, змест, уводзіны, асноўная частка, якая падзяляецца на главы, раздзелы, падраздзелы, заключэнне, спіс літаратуры ў алфавітным парадку, дадатак (пры неабходнасці). Аб’ём навучальнага і экзаменацыйнага рэфератаў, узор іх афармлення ўстаноўлены згодна з дадаткам 8 да дадзенай Інструкцыі.

40. На тытульным лісце ўказваецца назва агульнаадукацыйнай установы, прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, назва работы, месца знаходжання агульнаадукацыйнай установы, год.

41. Змест рэферата ўключае назву структурных частак, глаў, раздзелаў і падраздзелаў з указаннем нумарацыі старонак арабскімі лічбамі.

42. Ва ўводзінах даецца кароткая характарыстыка тэмы рэферата, абгрунтоўваецца яе актуальнасць, раскрываюцца мэты і задачы работы, даецца пералік літаратуры і асноўных крыніц, на аснове якіх падрыхтаваны рэферат.

43. У асноўнай частцы рэферата коратка, але поўна падаецца матэрыял па раздзелах, кожны з якіх раскрывае сваю праблему або розныя бакі адной праблемы. Кожны змястоўны блок (глава, раздзел, падраздзел) павінен мець загаловак.

44. Пры напісанні рэферата неабходна ўказваць спасылкі на крыніцы, адкуль узяты матэрыялы, у дужках указваць нумар па спісе літаратуры і старонку. Спасылкі ў тэксце могуць быць таксама прыведзены ў выглядзе падрадковых заўваг, нумарацыя якіх праводзіцца на кожнай старонцы (пачынаючы з адзінкі) у адпаведнасці з правіламі бібліяграфічнага апісання.

45. Заключэнне павінна быць кароткім, канкрэтным, у ім павінны ўтрымлівацца вывады па выніках работы, а таксама інфармацыя пра згоду ці нязгоду з аўтарамі цытуемых крыніц. Заключэнне не павінна перавышаць па аб’ёме ўводзіны.

46. Пры камп’ютарным наборы трэба выкарыстоўваць шрыфт 15 пт, інтэрвал – 1,5.

ГЛАВА 7
ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ КЛАСНАГА ЖУРНАЛА

47. Класны журнал з’яўляецца дзяржаўным дакументам і ў абавязковым парадку запаўняецца кожным класным кіраўніком, настаўнікам у адпаведнасці з указаннямі аб яго вядзенні.

48. Класныя журналы запаўняюцца на той мове, на якой ажыццяўляецца навучанне і выхаванне ў агульнаадукацыйнай установе (у агульнаадукацыйнай установе з беларускай мовай навучання і выхавання – на беларускай, у агульнаадукацыйнай установе з рускай мовай навучання і выхавання – на рускай, у агульнаадукацыйнай установе з дзвюма мовамі навучання і выхавання – у залежнасці ад мовы выкладання вучэбных прадметаў у класах – на беларускай і (або) рускай мовах).

Выключэнне складаюць такія вучэбныя прадметы, як ”Беларуская мова“, ”Беларуская літаратура“, ”Руская мова“, ”Руская літаратура“, адведзеныя для якіх старонкі класнага журнала запаўняюцца на той мове, на якой вядзецца іх выкладанне.

У агульнаадукацыйных установах, якія ажыццяўляюць навучанне і выхаванне на мовах нацыянальных меншасцей, класныя журналы, акрамя старонак, адведзеных на вучэбныя прадметы ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ і ”Літаратура нацыянальнай меншасці“, запаўняюцца на дзяржаўнай мове Рэспублікі Беларусь – беларускай або рускай. Старонкі класнага журнала па вучэбных прадметах ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ і ”Літаратура нацыянальнай меншасці“ запаўняюцца на той мове, на якой ажыццяўляецца навучанне і выхаванне ў агульнаадукацыйнай установе.

Старонкі класных журналаў, адведзеныя на вучэбны прадмет ”Замежная мова“, запаўняюцца на той мове, на якой ажыццяўляецца навучанне і выхаванне ў агульнаадукацыйнай установе. На замежнай мове можна запісваць моўны матэрыял, які прапісаны ў вучэбных праграмах: суфіксы, звароты, граматычныя структуры і г.д. (напрыклад, злучальныя словы who, which, that).

У класных журналах выдзяляюцца дадатковыя старонкі для правядзення з групамі вучняў практычных заняткаў: практыкумаў па рашэнні задач па вучэбным прадмеце ”Матэматыка“, франтальных лабараторных работ, практыкумаў па рашэнні задач па вучэбным прадмеце ”Фізіка. Астраномія“, астранамічных назіранняў, лабараторных, практычных работ, практыкумаў па рашэнні задач па вучэбным прадмеце ”Біялогія“, практычных работ і практыкумаў па рашэнні задач па вучэбным прадмеце ”Хімія“, на якіх фіксуецца правядзенне ўрокаў, што выдзяляюцца на практычныя заняткі з адпаведнай групай вучняў класа, а таксама атрыманыя імі адзнакі. Пры выстаўленні вучням прамежкавай адзнакі за чвэрць улічваюцца адзнакі, атрыманыя вучнямі пры правядзенні практычных заняткаў.

49. На ўсіх старонках класнага журнала, у тым ліку пры запаўненні раскладу ўрокаў, назвы ўсіх вучэбных прадметаў пішуцца з малой літары – беларуская мова, сусветная гісторыя, гісторыя Беларусі, матэматыка і г.д.

50. Прозвішча, імя, імя па бацьку настаўніка, які выкладае адпаведны вучэбны прадмет, класнага кіраўніка пішуцца поўнасцю.

51. Спісы вучняў класа запаўняюцца класным кіраўніком у алфавітным парадку.

52. На левай старонцы класнага журнала настаўнік запісвае дату ўрока, адзначае літарай ”н“ вучняў, якія адсутнічаюць на ўроку, а таксама выстаўляе ў балах адзнакі, якія атрымалі вучні.

53. На правай старонцы класнага журнала запісваюцца тэма, якая вывучалася на ўроку, і дамашняе заданне.

Кожная тэма ўрока і дамашняе заданне запісваюцца з вялікай літары.

У класным журнале на прадмет ”Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі“ адводзяцца асобныя старонкі на ”Сусветную гісторыю“ і ”Гісторыю Беларусі“.

54. Пры запаўненні графы ”Што пройдзена на ўроку“ неабходна рабіць запіс віду работы і яе тэмы, акрамя вучэбнага прадмета ”Замежная мова“. Запіс у журнале афармляецца наступным чынам:

Практычная работа № 1 ”…“ ці Пр. р. № 1 ”…“

Лабараторная работа № 1 ”…“ ці Л. р. № 1 ”…“

Кантрольная работа ”…“

Дыктант ”…“

або


Дыктант

Па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“ пры запаўненні графы ”Што пройдзена на ўроку“ назва вуснай тэмы запісваецца адзін раз у адпаведнасці з праграмай па вучэбным прадмеце. У рамках вуснай тэмы паслядоўна азначаецца канкрэтная сітуацыя маўлення і дзейнасць вучняў па авалодванні 4 відамі маўленчай дзейнасці (гаварэнне, чытанне, успрыманне і разуменне мовы на слых, пісьмо/пісьмовае маўленне). Дазваляецца азначаць моўны матэрыял, які прапісаны ў вучэбных праграмах. Пры правядзенні кантрольнай работы, якая можа праводзіцца як у пісьмовай, так і ў вуснай форме, у класным журнале робiцца адпаведны запic: Кантрольная работа па тэме ”...“.

55. Пераказ, пераклад і сачыненне запісваюцца наступным чынам: Пераказ ”...“, Пераклад ”... “, Сачыненне ”...“.

Пры напісанні навучальнага пераказу на першым уроку праводзіцца работа па падрыхтоўцы. Калі на выкананне навучальнай работы (пераказ, пераклад, сачыненне і інш.) адведзена два ўрокі, то запіс неабходна афармляць так: Падрыхтоўка да напісання пераказу ”...“ і Пераказ ”...“.

Пры напісанні кантрольнага пераказу работа па падрыхтоўцы да яго не прадугледжваецца. Калі на выкананне кантрольнай работы (кантрольны пераказ, кантрольнае сачыненне і інш.) адведзена два ўрокі, то запіс неабходна афармляць так: Кантрольны пераказ ”...“ і Кантрольны пераказ ”...“.

Тэма ўрока можа запісвацца ў два радкі ў адведзенай для гэтага адной гарызантальнай графе. Пры неабходнасці пры запісе тэмы дапускаецца скарачэнне слоў у адпаведнасці з правіламі арфаграфіі і пунктуацыі.

Пасля напісання назвы тэмы ўрока кропка не ставіцца.

56. Адзнакі за пісьмовыя навучальныя работы выстаўляюцца ў вертыкальнай графе таго дня, калі яны праводзіліся. Калі праводзяцца здвоеныя ўрокі па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“ і ”Беларуская літаратура“, ”Руская мова“ і ”Руская літаратура“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ і ”Літаратура нацыянальнай меншасці“ па адной тэме, гэта фіксуецца на абедзвюх старонках класнага журнала з указаннем даты двойчы.

57. Адзнакі за кантрольныя работы выстаўляюцца ў адну графу ўсім вучням класа ў адпаведнасці з датай яе правядзення.

58. Адзнакі за кожную вучэбную чвэрць выстаўляюцца настаўнікам пасля запісу даты апошняга ўрока без пропуску клетак, першы ўрок наступнай чвэрці таксама запісваецца без пропуску клетак.

59. На старонках уліку паспяховасці па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“ ў V–ХІ класах дапускаецца ў кожнай чвэрці перад адзнакай за чвэрць замест даты ўрока рабіць запісы: ”УФП“, ”Веды“, ”Д/з“ (дамашнія заданні), ”Уменні і навыкі“.

Вучням, вызваленым на працягу чвэрці па стане здароўя ад урокаў па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“, ”Працоўнае навучанне. Чарчэнне“ (працоўнае навучанне), у пачатку чвэрці насупраць прозвішча робіцца запіс ”вызвалена“ або ”вызвалены“.

Вучням, якія ўваходзяць па стане здароўя ў спецыяльную медыцынскую групу або групу лячэбнай фізічнай культуры, у пачатку чвэрці насупраць прозвішча робіцца запіс ”СМГ“ або ”ЛФК“.

60. На старонках ”Ацэнка ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці“ па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“ ў І–ІV класах у графу ”Вынік“ заносяцца лічбавыя паказчыкі, а ў графу ”Адзнака“ – слоўны ўзровень развіцця дадзенай фізічнай якасці (высокі, вышэйшы за сярэдні, сярэдні, ніжэйшы за сярэдні, нізкі); у V–XI класах у графу ”Адзнака“ заносіцца адзнака па 10-бальнай шкале ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.

Узровень фізічнай падрыхтаванасці вучняў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі не вызначаецца.

61. У графе ”Дамашняе заданне“ змест задання запісваецца з вялікай літары. Запіс у журнале афармляецца наступным чынам:



Практыкаванне 125

Пр. 125

Упражнение 45

Упр. 45

Задачы № 1–3, стар. 18

§ 14, стар. 24–25

§ 15, 16, стар. 34–39

Верш ”Дзіўныя чаравічкі“ на памяць.



Задачи № 1 – 3, стр. 18

§ 14, стр. 24–25

§ 15, 16, стр. 34–39


У класны журнал запісваецца толькі абавязковае (мінімальнае) дамашняе заданне, якое павінна быць выканана кожным вучнем. Дыферэнцаванае дамашняе заданне не запісваецца ў класны журнал.

Пры запаўненні графы ”Дамашняе заданне“ па прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“ запісы робяцца з указаннем практыкаванняў (комплексаў практыкаванняў), тэарэтычных заданняў, нумароў картак (пры наяўнасці картатэкі ў педагога) і абавязковай даты кантролю самога задання.

Калі вучням даецца заданне на паўтарэнне, то характар задання канкрэтна ўказваецца ў класным журнале.

Напрыклад:

Паўтарэнне. Правапіс о, а, э. Пр. 116

Па тых вучэбных прадметах, па якіх не прадугледжана абавязковае дамашняе заданне, запіс у графе ”Дамашняе заданне“ не робіцца.

62. Адзнакі за сачыненні па вучэбных прадметах ”Беларуская літаратура“, ”Руская літаратура“, ”Літаратура нацыянальнай меншасці“ ў Х–ХІ(XII) класах выстаўляюцца па літаратуры і мове: першая – па літаратуры, другая – па мове.

Калі на напісанне сачынення па літаратуры адводзіцца дзве вучэбныя гадзіны, абодва ўрокі запісваюцца на старонцы, адведзенай на гэты вучэбны прадмет.

Адзнака па мове выстаўляецца без указання даты, запіс ”Сачыненне па літаратуры“ на правай старонцы класнага журнала таксама робіцца без указання даты. Калі на напісанне сачынення выкарыстоўваецца адзін урок мовы і адзін урок літаратуры, то запіс і выстаўленне адзнак робіцца адпаведна на абедзвюх старонках журнала з указаннем даты на кожнай.

Па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ пры напісанні пераказу з граматычным заданнем, на які адводзіцца 2 гадзіны, першыя дзве адзнакі праз дроб выстаўляюцца ў графу на 1-ы ўрок, адзнака за граматычнае заданне выстаўляецца на 2-і ўрок.

Калі кантрольная або навучальная работа (лабараторная, практычная і іншыя) праводзяцца на здвоеных уроках, абодва ўрокі запісваюцца на старонцы, адведзенай на гэты вучэбны прадмет. Адзнакі выстаўляюцца ў графу на 2-і ўрок.

Адзнакі за навучальнае сачыненне, пераказ, пераклад па вучэбных прадметах ”Беларуская мова“, ”Руская мова“, ”Родная мова нацыянальнай меншасці“ ў ІІ–ІV класах выстаўляюцца ў выглядзе дробу ў адну графу па меркаванні настаўніка і павінны насіць стымулюючы характар.

63. Пры напісанні дамашняга сачынення і іншых творчых работ адзнака за работу выстаўляецца на той дзень, калі давалася заданне, ці на той, калі адбылася абарона творчай работы.

64. Адзнака за праверку навыку чытання ў ІІІ–ІV класах выстаўляецца з указаннем даты ў адну графу.

65. Адзнака за выкананне кантрольнай работы выстаўляецца абавязкова ўсім вучням.

66. У выпадку няправільнага выстаўлення адзнакі выпраўленне праводзіцца наступным чынам: няправільна пастаўленая адзнака ў клетцы закрэсліваецца, побач выстаўляецца правільная адзнака, унізе старонкі робіцца запіс: ”Адзнака вучню (указваецца прозвішча) выпраўлена з (указанне адзнакі) на (указанне адзнакі)“. Далей ставіцца подпіс настаўніка і дата.

ГЛАВА 8
ПАТРАБАВАННІ ДА ВЯДЗЕННЯ І АФАРМЛЕННЯ ДЗЁННІКА

67. У агульнаадукацыйных установах выкарыстоўваюцца дзённікі адзінага ўзору, рэкамендаваныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дзённік вучань пачынае весці з трэцяга класа.

68. Усе запісы ў дзённіках павінны весціся з захаваннем наступных патрабаванняў:

запаўняць дзённік неабходна на той мове, на якой ажыццяўляецца адукацыйны працэс у агульнаадукацынай установе або ў класе агульнаадукацыйнай установы;

пісаць акуратна, граматна, разборлівым почыркам, карыстацца шарыкавай ручкай з пастай фіялетавага або сіняга колеру. Нельга выкарыстоўваць каляровыя алоўкі, фламастары, уклейкі і аплікацыі;

у пачатку навучальнага года запаўняць тытульны ліст, указваючы прозвішча і імя ў родным склоне, запісваць расклад урокаў;

назвы вучэбных прадметаў запісваць з малой літары – беларуская мова, сусветная гісторыя, гісторыя Беларусі, матэматыка і г.д. на ўсіх старонках дзённіка, у тым ліку пры запаўненні раскладу ўрокаў;

дамашнія заданні і назвы месяцаў запісваць у дзённіку з малой літары.

Правілы скарачэння слоў рэгламентуюцца настаўнікам згодна з існуючымі нормамі.

69. Настаўнік павінен, выстаўляючы адзнаку ў класны журнал, адначасова выстаўляць яе ў дзённік і завяраць подпісам.

70. Класны кіраўнік павінен сачыць за правільнасцю запісаў у дзённіку, у канцы кожнага тыдня адзначаць колькасць прапушчаных урокаў, пры неабходнасці запісваць заўвагі на адпаведнай старонцы дзённіка.

Па вучэбных прадметах ”Музыка“, ”Выяўленчае мастацта“, ”Фізічная культура і здароўе“, ”Працоўнае навучанне. Чарчэнне“ (працоўнае навучанне) у графе ”Заданні“ запісваецца тэма ўрока.

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка