Аб назвах шахматных фігур




Дата канвертавання01.05.2016
Памер22.67 Kb.

АБ НАЗВАХ ШАХМАТНЫХ ФІГУР

Апошнім часам на старонках беларускіх газэт (“Наша Ніва”, “Наша слова” ды інш.) пачалі зьмяшчацца шахматныя разьдзелы, на якіх чытачам прапануюцца цікавыя партыі шахматных карыфэяў або задачы ці эцюды майстроў шахматнай кампазыцыі. У сувязі з гэтым карысна паразважаць аб якасным пашырэньні беларускамоўнай прасторы ў названую сфэру.


На погляд аўтара гэтых нататак, разумна разглядаць толькі два варыянты – захаваньне індускіх назваў у беларускамоўнай транскрыпцыі (з павагі да першастваральнікаў) або стварэньне адмыслова беларускай сыстэмы назваў шахматных фігур.
У шахматнай гульні ваююць дзьве арміі з рознымі родамі войск, што існавалі ў Індыі на той час (XII-XIV ст.), калі мудры Сета распрацоўваў правілы гульні, якой наканавана было такое доўгае і слаўнае жыцьцё, – пешае войска, коньніца, сланы і флёт. Кіруюць жа войскамі кароль (у Індыі правіцеля называлі, магчыма, раджа ці як-небудзь інакш, але эўрапейцы, запазычыўшы гульню, зьмянілі і кіраўніка на свой лад) і прызначаны ім палкаводзец – фэрзь. Адпаведна і фігуры названыя: пешка, конь, слон, ладзьдзя, фэрзь і кароль.
Для ўсходніх славян (дый увогуле для Эўропы) назвы “пешка”, “конь” і “кароль” зразумелыя, таму яны перайшлі ў нашы мовы бязь зменаў, а менш зразумелыя (“слон”, “ладзьдзя”, “фэрзь”) атрымалі варыятыўныя адпаведнікі: афіцэр, тура, каралева. Можна падзівіцца фантазіі прыдумшчыкаў гэтых назваў, бо дзе ж яны бачылі каралеву, што імкліва носіцца па батальным полі пад час бойкі, ці туру (з латыні “вежа”), якая можа перасоўвацца, імчаць у атаку. Больш-менш прыдатны толькі варыянт “афіцэр”, для якога можна знайсьці ў нашай мове заменьнік, напрыклад “ваявода”. І ў гэтым ёсьць нейкі сэнс, бо бойкі на сланах – для Эўропы сапраўды экзотыка.
Калі ж думаць пра адмыслова беларускія назвы шахматных фігур, то караля трэба замяніць на князя, бо ў нашай гісторыі каралёў не было (калі не лічыць Вітаўта, да якога кароны не давезьлі, ці яшчэ раней Гедыміна, які, панасіўшы карону непрацяглы час, сам адмовіўся ад яе, бо палічыў плату за карону занадта высокай. Фэрзь можа стаць гетманам, слон, як ужо сказана раней, ваяводам. Каня, лічу, трэба й пакінуць канём, а ня коньнікам ці вершнікам, з павагі да гэтай жывёліны, якая так аддана служыць чалавеку, у тым ліку і ў вайсковай справе. І ладзьдзю таксама, на мой погляд, трэба пакінуць ладзьдзёй: хоць на водныя баталіі беларуская гісторыя зусім небагатая, але ёсьць беларусы, якія пакінулі свой важкі сьлед у гісторыі сусьветнага вайсковага флёту. Дастаткова прыгадаць тут хаця б прозьвішча выдатнага флятаводца капітана Казарскага, помнік якому ўжо 170 год упрыгожвае Севастопаль. А пешку можна ці пераназваць жаўнерам, ці пакінуць пешкай (ад “пяхота”), бо з гэтым словам зьвязана ўжо шмат крылатых выразаў.
Нейкі досьвед выкарыстаньня новых назваў у нас ужо ёсьць. Напрыканцы мінулага стагодзьдзя мне давялося весьці “Шах-мат-кут” у газэце “Тыднёвік Магілёўскі”. Абвешчаны “Тыднёвікам” конкурс разьвязваньня шахматных эцюдаў-мініятур прывабіў шэсьць удзельнікаў, якіх не зьбянтэжылі ні беларуская мова, раней у шахматах імі не сустраканая, ні новыя назвы фігур (князь, гетман, ладзьдзя, афіцэр, вершнік, пешка – так гэтыя назвы выглядалі ў “Тыднёвіку”).

Такім чынам – або мы пакідаем традыцыйныя індускія назвы: кароль, фэрзь, ладзьдзя, слон, конь, пешка? Або абіраем свае – князь, гетман, ладзьдзя, ваявода, конь, жаўнер (пешка)?


Міхась Булавацкі, Магілёў.

bulavacki@mail.ru


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка