А на душы і светла, і шчымліва




Дата канвертавання23.03.2016
Памер34.25 Kb.
“А на душы і светла, і шчымліва”...

Паэтычная сцяжына Р. Баравіковай.

У сучаснай літаратуры Раіса Андрэеўна – адна з самых яркіх, самабытных майстроў слова. Яе вершы – гэта канкрэтная жыццёвая споведзь, адлюстраванне тых падзей і момантаў, якія прайшлі праз сэрца. На працягу ўсёй сваёй творчасці Р. Баравікова сцвярджае, што самае цудоўнае пачуццё, якім чалавек выпрабоўваецца на вернасць, сумленнасць, высакароднасць,-каханне.

Вытокі свайго паэтычнага таленту Раіса Андрэеўна бачыць найперш у радзінных каранях. ”Уся паэтычная спадчына маіх сваякоў, - згадвае паэтэса, - сышлася на мне”.

Нарадзілася Раіса Андрэеўна ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачага. У 1965 годзе скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу, працавала ў быхаўскай раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя.” Пасля вучобы ў літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве (1971 г.) была накіравана на пасаду рэдактара кінастудыі “Беларусьфільм”. З 1972 да 1977 г. працавала карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”, потым -у “Чырвонай змене”. У 1996 г. яна прызначана намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Алеся”, а з 2000 г. - яго галоўным рэдактарам. З 2002 г. па 2012 г. Р. Баравікова была галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”.

Друкавацца паэтэса пачала яшчэ ў юнацкія гады. Першы верш быў апублікаваны ў бярозаўскай раённай газеце “Маяк камунізму”. З таго часу Р. Баравікова не спыняецца ў творчым самаразвіцці, працягвае рэалізоўваць прыроджаны лірычны талент у самых розных мастацкіх формах. З невялікім часавым прамежкам выходзілі яе паэтычныя зборнікі: ”Рамонкавы бераг”(1974), ”Слухаю сэрца”(1978), ”Такое кароткае лета”(1981), ”Адгукнуся голасам жалейкі”(1984), ”Каханне”(1987, Літаратурная прэмія імя А.Куляшова, 1988), ”Пад першага спаткання”(1990), ”Люстэрка для самотнай”(1992,Дзяржаўная прэмія Беларусі 1994). У паэзіі Р.Баравіковай вядучае месца займаюць тэма кахання, складаны свет думак і пачуццяў лірычнага героя, яго прага да высокага духоўнага ідэалу,пошук сапраўдных маральна-этычных асноў. Скразнымі вобразамі з’яўляюцца вобраз птушкі як сімвала імгненнасці чалавечага жыцця: ”Усё жыццё-крыла узмах”; вобраз сонца, якое атаясамліваецца з гарманічным, шчаслівым суіснаваннем асобы і свету: ”Пад сонцам грэшным можна жыць з ілжы, Пад сонцам ясным-толькі з думак чыстых...”; вобраз саду як ідэальнага свету ўзаемаадносін чалавека і прыроды: гэта і кожны сад Беларусі (“Мазурка”), і дзіўны сад-рай Афрадзіты (“Рамантычная дзяўчына шукае шчасце”), і сад, намаляваны на капялюшыку каханай (“Я памаўчу,Ты гавары”), які сімвалізуе сабой няспраўджаную мару ,пачуццё, якое ніколі не вернецца. Гучыць у вершах і мацярынская трывога за духоўнае жыццё грамадства: ”Так доўга з мары мы рабілі яву, што дзе-нідзе згубіўся чалавек...”, закранаецца праблема адзінокіх, састарэлых маці (“Маці”), упэўнена праяўляюцца філасофскія матывы,немагчымасць спасціжэння сэнсу быцця (“Як часта ў свеце, бы ў бязлюднай хаце...”, “Старэюць людзі, дрэвы і кусты...”). Вядомы крытык В. Бечык моцным “бокам” яе паэзіі назваў тое, што “ў характары лірычнай гераіні Р. Баравіковай выразна адчуваецца даверлівая адкрытасць жыццю, душэўная чуйнасць да прыгожага, прага шчырасці і дабраты ў чалавечых адносінах”.

У 1991 годзе Р. Баравіковай была напісана драматычная паэма “Барбара Радзівіл”, у якой адлюстраваны эпізоды беларускай гісторыі. У 1994 г. паэма была пастаўлена ў тэатры-студыі беларускай драматургіі “Вольная сцэна”. Акрыленая першым поспехам у драматургіі, у 1996 годзе Р.Баравікова напісала п’есы “Цётка Малання з Асаўца”(1984); “Пятля часу”(1996); поўны сцэнічны варыянт лірычнай драмы “Барбара Радзівіл”(2001).

У 90-я гады Р. Баравікова спрабавала рэалізаваць сябе і ў жанры апавядання. Творы, што выйшлі на старонках “ЛіМа”, “Полымя”, “Беларусі”, раскрылі талент аўтаркі ў выяўленні псіхалагічнай фантастыкі. Гэтыя творы пазней аб’ядналіся ў кніжку “Вячэра манекенаў”. Гэтую грань свайго даравання пісьменніца спрабавала раскрыць і ў творах для дзяцей. У 1990 годзе выйшла у свет кніжка казак і апавяданняў “Галенчына “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў”, а ў 1996 годзе - “Дзве аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і казка пра жабяня “Квыш-Квыш”. Значнае месца літаратуразнаўцы адводзяць і аповесці “Кватарантка”, якая расказвае пра маладое пакаленне, пошукі свайго месца ў жыцці. Пісьменніца з’яўляецца аўтарам аповесці “Лён-Лянок, альбо Кампакт-дыск ад зялёнага Дрэйка” і цыкла фантастычных гісторый “З казак старога астранаўта”. Р. Баравікова займаецца таксама перакладамі з рускай, украінскай і польскай моў. ”Не ведаю, як будзе далей, - гаворыць пра творчыя перспектывы сама пісьменніца, - але пакуль я не адчуваю свайго ўзросту, думаю, што для паэта гэта важна. І па-ранейшаму адчуваю сябе рамантыкам, узнёслай “дзяўчынкай на шары”.

Спіс літаратуры:

1. Смаль, В. “А на душы і светла, і шчымліва”: паэтычная сцяжына Р. Баравіковай / Вячаслаў Смаль // Полымя. - 2005. - №11. - С. 188-194.

2. Баравікова Раіса Андрэеўна // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1996. - Т. 2. - С. 287.

3. Шынкарэнка, В. Слухаць сэрцам / Вольга Шынкарэнка // Полымя. - 2002. - №3/4. - С. 239-258.

4. Падліпская, З.”Яно і нараканне, і сонца, і пякучай цемры сплаў” : духоўны свет лірыч. гераіні Р. Баравіковай / Зоя Падліпская // Роднае слова. - 2006. - №3. - С. 11-13.

5.Куртаніч, В.”Што поспехі, што адчуванне ўлады супраць гарачай волі пачуцця?!” / Вольга Куртаніч // Крыніца. Славянскі свет. - 2003. - №2. - С. 202-214.

Агляд падрыхтавала

галоўны бібліятэкар



ЦГБ імя А.С.Пушкіна Рышчук Ю. В. 12.04.2012 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка