А мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі




Дата канвертавання07.05.2016
Памер69.42 Kb.
Бармоціна А. В.

(Мінск)
ГІСТАРЫЧНЫЯ ДРАМЫ У.КАРАТКЕВІЧА - НОВАЯ З’ЯВА Ў БЕЛАРУСКАЙ САВЕЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ


А мне б вельмі хацелася,

каб людзі раптам адкрылі

мора паэзіі ў беларускай гісторыі…”

У.Караткевіч

“Беларусь даўно чакала такога пісьменніка”, - напіша Я.Брыль пра У.Караткевіча. І сапраўды, значны мацярык духоўнага жыцця беларускага народа адкрыў сваёй творчасцю У. Караткевіч. Ён увасобіў гісторыю Беларусі ў літаратурных вобразах, нават “прыўзняў, падвысіў”, рамантызаваў яе. Гістарычныя падзеі і вобразы ён вызваляў ад налёту будзённасці. Пісьменнік быў найбольш паслядоўным, грунтоўным і таленавітым у пераасэнсаванні і белетрызацыі беларускай гісторыі. Яго творчасць атаясамліваецца з “новым рамантызмам”. Уладзімір Караткевіч, па сутнасці, перастварыў, вывеў на новы ўзровень жанр беларускай гістарычнай драмы. Пяць яго п’ес – “Млын на Сініх Вірах”, “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, “Калыска чатырох чараўніц”, “Маці ўрагану” – можна лічыць драматычнай пенталогіяй. У кожным стагоддзі драматург вылучае крызісную, сімптаматычную падзею, шукае моцнага героя, надзеленага значнай палітычнай воляй, яркую, багатую на душэўныя і духоўныя якасці асобу, носьбіта самабытных рыс нацыянальнага характару. Пры гэтым разбураецца міф пра адвечную, характэрную ўсёй беларускай нацыі пакорлівасць, бясконцую цярплівасць. Караткевіч даследуе тыя абставіны, калі келіх цярплівасці перапаўняецца і беларус адважваецца на актыўнае супраціўленне існуючаму.

Пісьменнік у сваёй творчасці наследуе такія традыцыі сусветнай гістарычнай драмы, патрыятычны пафас, сацыяльную праблематыку, фактычную дакладнасць, рамантычную паэтыку, асэнсаванне ўніверсальных пытанняў быцця, узаемаадносін паміж людзьмі і народамі. “Чалавека няма без продкаў, народа няма без гісторыі”, – так мысліў У. Караткевіч [10, с. 21].

Гістарычнае даследаванне ў драматургічных творах з’яўляецца адначасова пошукам трывалых духоўных і маральных каштоўнасцей сусветнага маштаба, іх ачышчэннем ад векавога “пылу”, жыццёвага бруду. Гэтыя каштоўнасці – любоў да роднай зямлі, да Бацькаўшчыны, каханне, мацярынства, маральная чысціня, самаахвярнасць, рыцарства – вызначыліся ў гістарычных п’есах У.Караткевіча. У творах, прысвечаных сучаснасці, недахоп такіх уласцівасцей на фоне агульнай раз’яднанасці, прагматызму, расчаравання ў колішніх ідэалах выглядае вельмі востра.

Тэме Вяликай Айчыннай вайны прысвечана гераічная драма “Млын на Сініх Вірах“, якая была напісана ў першым варыянце У.Караткевічам-школьнікам, а у 1957 годзе дапрацавана.

Саўсёды самым галоўным для чалавека з’яўляўся “хлеб надзённы”, таму дзеянне п’есы разгортваецца на млыне ў ваколіцах маленькага раённага гарадка, згубленага ў глухіх лясах, у 1941-1942 гг.

Эпіграф да гэтага твора ўзяты з “Боскай камедыі” Дантэ: “Стваралі Вас не для жывёльнай долі, - для доблесці і ведаў: людзі вы!”. Такім чынам, скрозь класічную прызму пісьменнік адлюстраваў свой погляд на ваенна-гераічную праблематыку.

У п’есе няма галоўнага героя, бо галоўны герой – народ. І твор – своеасаблівы гімн народу, яго гісторыі.

У гэтым творы з’яўляецца характэрная для Караткевіча біблейска-хрысціянская тэматыка: “Мы – соль зямлі”, “Я – Каін”, якая будзе працягнута ў яго далейшых творах.

Віцебшчыне прысвечана і гістарычная драма “Званы Віцебска”.

Галоўныя героі твора – Віцебскія званы, таму і назва адпаведная. У п’есе пастаўлена пытанне аб тым, што мовы набажэнстваў: і каталіцкая, і праваслаўная (лацінская і стараславянская) - незнаёмыя народу, і таму цяжкія для духоўнага звароту да Бога.

У творы прозвішчы гавораць самі за сябе: Ропат пра Вольху, калі той адмаўляўся ад паўстання: “Ты не вольха, ты - асіна, толькі ты памятай пра таго, хто на асіне павесіўся” - маецца на ўвазе здраднік-Іуда (зноў біблейскі матыў); Ропат (ад “раптаць”), Багуся (“з Богам у душы”), Абдзярыха (ад дзеяслова “абдзяраць”), Ізахват-душахват.

Характэрным для творчага почырку Караткевіча з’яўляецца наяўнасць у п’есе юродзівай (Еўгі Бабук - былой павітухі), дзякуючы веданню якой прадухіляецца самы страшэнны грэх – бацьказабойства. Аўтар хоча давесці думку аб тым, што гвалт прыводзіць да яшчэ больш страшнага кравапраліцця і вынішчэння. Адвечнай тэмай пісьменніка паўстае тэма міру: “Няўжо вам войны не абрыдлі?” (Вольха). Пазіцыя Караткевіча гучыць актуальна і ў нашы дні для ўсіх народаў: “Противно только бряцанье оружием, я не понимаю, как можно рукоплесканием встречать слова о том, что очень легко стереть с лица земли любую страну” [3, с. 251].

Каханне зноў займае адно з цэнтральных месцаў ў творы, яно такое моцнае, што ў герояў узнікае нават жаданне памерці разам (Вольха і Багуся). Героі застаюцца праўдзівымі нават перад небяспекай смерці.

Гістарычная драма “Кастусь Каліноўскі” была напісана У.Караткевічам не выпадкова: прадзед пісьменніка быў удзельнікам паўстання 1863 года. Цікава, што і тэмай кандыдатскай дысертацыі У.Караткевіч, калі вучыўся ў аспірантуры Кіеўскага універсітэта, абраў менавіта “Адлюстраванне паўстання 1863 года ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах”. Драма была напісана ў 1963 годзе. Яна мае падназву “Смерць і неўміручасць”, трагедыя ў 3 актах, 13 карцінах. Адзнакай гэтай п’есы з’яўляецца цеснае перапляценне з паэзіяй, ужыванне разнастайнай каляровай палітры. Галоўны герой Кастусь Каліноўскі параўноўваецца з біблейскім вобразам Ісуса Хрыста, побач з якім суіснуюць вобразы Іуды і вобразы з Ветхага Завету – Давід і Вірсавія.

Разам з тым, паўстанне – “яблык з панскага дрэва”. Аўтар заклікае нас да разумення Беларусі, да пачуцця гонару за свой народ. Гэты твор шмат у чым пераклікаецца з раманам “Каласы пад сярпом тваім”.

“Калыска чатырох чараўніц” - драма з казачным пралогам і эпілогам у двюх дзеях была напісана У. Караткевічам у 1981 годзе. Аўтар звяртае ўвагу чытача на радавод Купалы і адзначае: “не лучына, а каганец”. У творы гучаць зноў матыў паўстання і далёкасці паўстанцаў ад народа, матыў чыстай крыніцы, матыў гнязда, матыў ветру і сякеры пры дрэве. Галоўны герой адмаўляецца ад Герба Навіна: “Вечны мужык, але застаецца чалавек, у далоні якога песня і хлеб”. І фінальным акордам гучыць верш Я.Купалы “Мужык”.

У драме “Маці ўрагану” падкрэсліваецца роднасць гістарычнай долі беларусаў, украінцаў і расіян. Тут назіраецца сінтэз язычніцтва і біблейскіх матываў. Выразна гучыць адвечная тэма “вайны і міру”, актуальная для ўсяго чалавецтва.

Прысутнічаюць таксама філасофска-біблейскія разважанні, бо, па словах У.Караткевіча, “На Беларусі Бог жыве” (“Лепш быць пакрыўджаным, чым самім крыўдзіць”,  “Хто ведае, хто жыхар на зямлі? Магутныя магнаты або сініца, што села на мачту Ноевага каўчэга. Хто ведае?”, “Добра, калі ворагі – людзі з вялікім розумам”, “Тэатр можа выйсці бокам”, “Свята без мучаніка не бывае”). Аўтар выкарыстоўвае песні-рэчытатывы, сірочыя-вясельныя песні, прыказкі і прымаўкі.

У гэтым творы зноў узнікае вобраз падучай знічкі:

Вецер: Упала нечае шчасце. Маё. Што да гэтага зорам (аналаг з вобразам знічак у рамане “Нельга забыць”).

Як зоры падаюць і патухаюць, так і ўсіх паўстанцаў чакалі жудасныя пакаранні: некаторых пасадзілі ў коміны, а печы знізу падпалілілі дзеля павольнага ўдушэння, іншым адрэзалі па аднаму вуху, астатніх чакалі шыбеніцы, абезглаўленне, многіх пасадзілі жывымі на вострыя палі, зашылі ў мядзвежыя шкуры і іх разарвалі на плошчы сабакі. У.Караткевіч з гістарычнай дакладнасцю распавядае пра паўстанне, што засведчылі гісторыкі: Лойка П.А. [11, с. 173-176] і Мельнікаў М.Ф. [14, с. 82-96].

У.Караткевіч быў з’явай не толькі і не столькі беларускай, колькі еўрапейскай. Ён глядзеў на свет з еўрапейскай званіцы. Інтэлігент не ў першым пакаленні, ён ганарыўся сваім беларускім паходжаннем, ганарыўся гісторыяй свайго народа. І многія ідэі У.Караткевіча атрымалі сваё рэальнае ўвасабленне.

Як адзначае Я.Гарадніцкі, “Творчасць Караткевіча, па сутнасці, уяўляе сабой у многім спробу рэканструкцыі кшталту эпічнасці, у якой выяўляецца народны менталітэт і народная эстэтыка, паўстае ў гераізаваным абліччы народны ідэал” [1, с. 136]. Ажыццяўленне такой маштабнай задачы вымагала ўжывання спецыфічных падыходаў, выкарыстання адпаведнай паэтыкі. Таму заканамерным і натуральным быў зварот пісьменніка да сродкаў экспрэсіўнасці, уласцівых рамантызму. Хоць сам пісьменнік не прызнаваў сябе рамантыкам, літаратуразнаўцы звязваюць яго творчасць з такім напрамкам беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, як неарамантызм. Т.Шамякіна адзначае: “У.Караткевіч упарта не лічыў сябе рамантыкам па метаду. Можа быць (ужо пра стыль гэтага не скажаш). Але ж галоўнае светабачанне, своеасаблівасць душэўнага жыцця, высакародства і ўзвышанасць ідэалу. Пастаяннае імкненне да новага. Да таямніцай бясконцасці, разнастайнасці, адмаўленне статычнасці паўсядзённага быцця” [16, с. 340]. Яго творчасць, як і многіх беларускіх пісьменнікаў, выходзіць далёка за межы аднаго напрамку. Пры гэтым гістарычныя творы пісьменніка ўнікальныя па сваіх жанравых характарыстыках. Гістарычны матэрыял у іх арганічна паяднаны з выяўленчымі прыкметамі іншых жанраў: прыгодніцкім і дэтэктыўным, утвараючы такім чынам спецыфічныя аўтарскія жанравыя формы.



Заключэнне хочацца сфармуляваць словаміУ.Караткевіча: “Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць, яна, непераходзячая, сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным, і ў вялікім” [10, с. 21].
Спіс выкарыстанай літаратуры.

  1. Гарадніцкі Я. Ut picture poesis // Полымя. – № 11. – Мн., 2010.

  2. Верабей А. Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча. – Мн., 1997.

  3. Верабей А. Асветленыя любоўю//Уладзімір Караткевіч: Вядомы і невядомы. – Мн., 2010.

  4. Верабей А. Уладзімір Караткевіч. Жыццё і творчасць. – Мн., 2005.

  5. Караткевіч У.Быў. Ёсць. Буду!: Успаміны, інтэрв’ю, эсэ. – Мн., 2005.

  6. Караткевіч У. Збор твораў у 8 т. – Мн., 1990.

  7. Караткевіч У. Любую справу рабіць хвацка //Полымя. – № 11. – Мн., 2010.

  8. Купала Я. Збор твораў у 7 т. – Мн., 1972.

  9. Лаўшук С.С. Гарызонты беларускай драматургіі. – Мн., 2010.

  10. Лойка А. Уладзімір Караткевіч, або паэма Гарсія Лойкі (эсэ) // Уладзімір Караткевіч: Вядомы і невядомы. – Мн., 2010.

  11. Лойка П.А. Гісторыя Беларусі ХІV –VІІІ стст. // Крычаўскае паўстанне 1740-1744 гг. – Мн., 1998.

  12. Мальдзіс А.І. Беларуская цывілізацыя мае даўнія традыцыі // Полымя. – № 6. – Мн., 2011.

  13. Мальдзіс А.І. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. – Мн., 2010.

  14. Мельнікаў М.Ф. Крычыўскае паўстанне на чале з Вашчылам // Памяць. Крычаўскі раён. – Маладзечна, 2004.

  15. Пушкин А.С. Драматические произведения. – Мн., 1999.

  16. Шамякіна Т. Згадкі пра У. Караткевіча //Уладзімір Караткевіч: Вядомы і невядомы. – Мн., 2010.

  17. Юркевіч Г. Уладзімір Караткевіч і Орша // Полымя. – № 11. – Мн., 2010.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка