А. М. Палуян Беларуская мова (Прафесійная лексіка)




старонка4/6
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.83 Mb.
1   2   3   4   5   6

ПРАВIЛЫ ПЕРАНОСУ СЛОЎ


  1. Нельга пакiдаць цi пераносiць адну лiтару (хоць яна i абазначае склад): ар-мiя, iдэя; нельга: а-рмi-я, i-дэ-я.

  2. Падвойныя зычныя пры пераносе раздзяляюцца: жыц-цё, суд-дзя.

  3. Лiтары дз, дж, калі яны абазначаюць адзін гук, не раздзяляюцца: ва-дзе, даж-джу. Спалучэннi прыставачнай д з каранёвымi ж, з пры пераносе раздзяляюцца: пад-загаловак, пад-жылкi.

  4. Лiтары й, ў, ь i апостраф не аддзяляюцца ад папярэдняй лiтары: май-скi, пiсь-мо, поў-дзень, аб’-ява. Калi ў складаным слове другая частка пачынаецца з ў , то гэтае ў пiшацца з другой часткай: торфа-ўборачны.

  5. Пры пераносе пажадана спалучаць складападзел з падзелам слова на марфемы: на-зваць, мар-скi; нельга: наз-ваць, марс-кi. Але лiтара ы, што iдзе за прыстаўкай, не адрываецца ад прыстаўкi: безы-менны, пады-ход.

  6. Пры збегу зычных у адной марфеме падзел на склады для пераносу свабодны, але суфiксы разбiваць не рэкамендуецца: сяс-тра, ся-стра, дзяжур-ства, гарад-скi.

  7. Нельга адрываць iнiцыялы iмён i iмён па бацьку ад прозвiшча i скарочаныя назвы ад тых лiчбаў, да якiх яны адносяцца: I.П. Мележ, 12 см; нельга разбiваць умоўныя скарачэннi: г. зн., да т. п.


НАПIСАННЕ СЛОЎ АСОБНА, РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК

Правапiс складаных назоўнiкаў

Складаныя назоўнiкi пiшуцца разам, калi ёсць злучальная галосная (краявiд, параход), калi ўтвораны са спалучэння лiчэбнiка i назоўнiка ( шасцiдзёнка), калi першая частка – словы сама-, многа-, мала-, шмат-, узаема-, аўта-, вела-, мота-, фота-, кiна-, аэра-, мiкра-, макра-, метэа- контр-, агра- (самавызначэнне, мнагабор’е,маланаселенасць, шматзначнасць, узаемапавага, аўтазавод, веласпорт, мотакрос, фотарэпартаж, кiнахронiка, аэраклуб, мiкрараён, макрарэльеф, метэазводка, контрудар, агракультура), агульныя назоўнiкi з часткамi паў-, поў- (паўяблыка, поўдзень), складанаскарочаныя словы (медсанбат). Разам пiшуцца назоўнiкi з першай часткай – дзеясловам у форме 2-ой асобы загаднага ладу (вярнiдуб, сарвiгалава, але: перакацi-поле, узвей- вецер).



Праз злучок пiшуцца складаныя назоўнiкi без злучальнай галоснай (школа-iнтэрнат), уласныя назвы з часткай паў- (паў-Еўропы), складаныя адзiнкi вымярэння i iншамоўныя назвы прамежкавых напрамкаў свету (тона-кiламетр, але: працадзень; норд-ост), складаныя назоўнiкi з першай часткай обер-, арт-, вэб-, унтэр-, штаб-, лейб-, вiцэ-, экс- , прэс- (обер-лейтэнант, арт-сесія, вэб-дызайн, унтэр-афiцэр, штаб-кватэра, лейб-медык, вiцэ-прэзiдэнт, экс-чэмпiён, прэс-служба) i словы контр-адмiрал, прыма-балерына, састаўныя прозвiшчы, французскія імёны, геаграфiчныя назвы (Дунiн-Марцiнкевiч, Жан-Жак Русо, Буда-Кашалёва).

Міні-спадніца – спадніца міні; мідзі-паліто – паліто мідзі; максі-спадніца – спадніца максі.
Правапiс складаных прыметнiкаў

Складаныя прыметнiкi пiшуцца разам, калi ўтвораны ад складаных назоўнiкаў, што пiшуцца разам (параходны), утвораны ад словазлучэнняў назоўнiк + прыметнiк, назоўнiк + лiчэбнiк, назоўнiк + займеннiк (сельскагаспадарчы, саракатрохгадовы, усебаковы), з першай часткай многа-, мала-, шмат- (мнагазначны, малавядомы, шматбаковы).



Заўвага. Спалучэннi прыслоўе + прыметнiк (дзеепрыметнiк) пiшуцца асобна: дробна паколатыя арэхi, гладка паголены твар.

Складаныя прыметнiкi пiшуцца праз злучок, калi ўтвораны 1) ад складаных назоўнiкаў, якiя пiшуцца праз злучок (буда-кашалёўскi); 2) ад двух i трох раўнапраўных прыметнiкаў (беларуска-рускi, кiсла-салодкi), а таксама прыметнікі паўночна-заходнi, паўднёва-ўсходнi, паўднёва-заходнi, паўночна-ўсходнi. Акрамя таго, праз злучок пiшуцца прыметнiкi, утвораныя шляхам паўтарэння аднаго слова (цёплы-цёплы) i з першай часткай усходне-, паўднёва-, паўночна-, заходне-, калi яны ўваходзяць у склад уласных геаграфiчных назваў (Усходне-Еўрапейская раўнiна). Параўнайце: усходнееўрапейскiя краiны. Праз злучок пішуцца прыметнікі, утвораныя ад спалучэння імя і прозвішча: леў-талстоўскі.


Правапiс прыслоўяў i спалучэнняў слоў, блiзкiх да прыслоўяў

Праз злучок пiшуцца прыслоўi:

1) з прыстаўкай абы- i суфiксам –небудзь-: абы-як, як-небудзь;

2) з прыстаўкай па- i суфiксамi –ому, -яму, -аму, -йму, -ску, -цку, -ы: па-старому, па-летняму, па-нашаму, па-мойму, па-руску, па-брацку, па-чалавечы;

3) з прыстаўкай па- i парадкавым лiчэбнiкам: па-першае, па-дзесятае;

4) утвораныя шляхам паўтарэння таго самага слова: ледзь-ледзь, крыж-накрыж.

Усе астатнiя прыслоўi пiшуцца разам: ушчэнт, спрадвеку, спадылба, знiзу, штогод, таксама, напавер, паасобку, уголас.

Ад прыслоўяў неабходна адрознiваць назоўнiкi з прыназоўнiкамi, якiя пiшуцца асобна: вярнуўся дахаты –падышлi да хаты Алеся; павярнулi ўбок –у бок вакзала. Назоўнiкi абазначаюць прадмет, маюць пры сабе паясняльныя словы.
Пiшуцца асобна спалучэннi

Пад вечар, з ранку да вечара, з вечара да ранку, з нiзу да верху, з верху да нiзу, усё роўна, як след, усё адно, наўрад цi, без дай прычыны, без дай рады, дзень у дзень, дзень пры днi, адзiн на адзiн, след у след, час ад часу, на памяць, па памяцi, у пару, да пары, не ў пару, за мяжой, пад пахай, пад паху, па пахi, не ў меру, не пад сiлу, не да смеху.

Асобна пiшуцца спалучэннi назоўнiкаў, якiя пачынаюцца з галоснай, з прыназоўнiкам у: у абдымку, у абрэз, у абмен, у адзiночку, у адкрытую, у адно, у абхват, а таксама спалучэннi назоўнiкаў з прыназоўнiкамi без, з, да, на: без аглядкi, без разбору, без упынку, без толку, з ходу, з размаху, з разбегу, з налёту, да зарэзу, да ўпаду, да адвалу, на ляту, на вiду, на хаду, на бягу, на скаку, на жаль, на вока, на дзiва.

Правапiс прыназоўнiкаў, злучнiкаў, часцiц

Прыназоўнiкi з-за, з-пад, па-за, па-над пiшуцца праз злучок.

Складаныя прыназоўнiкi замест, наконт, накшталт, абапал, услед, зверху, навокал, насустрач, ззаду, наперадзе пiшуцца ў адно слова.

Перад словамi з пачатковым у ўжываецца варыянт прыназоўнiка у – ва: у школе – ва унiверсiтэце.

Перад словамi, якiя пачынаюцца збегам зычных, дзе першыя з, с, ш, ж, м, замест прыназоўнiка з ужываецца прыназоўнiк са: з табою, са мною, з лесу, са шчаўя.

Увага: неабходна адрознiваць прыназоўнiк нягледзячы на ад дзеепрыслоўя, якое з часцiцай не пiшацца асобна: нягледзячы на дождж, на вулiцы шмат людзей; хлопчык iшоў, не гледзячы па баках.

Простыя вытворныя злучнiкi затое, адтаго, прычым, прытым, паколькi, пастолькi трэба адрознiваць ад спалучэнняў прыназоўнiкаў з займеннiкамi: за тое, ад таго, пры чым, пры тым, па колькi, па столькi. Злучнiк не з’яўляецца членам сказа, яго можна замянiць сiнанiмiчным злучнiкам: Ты яшчэ малы, адтаго (можна таму) i не разумееш. – Ад таго дуба адлiчы два крокi.

Часцiца –сьцi (-сь) з займеннiкамi i прыслоўямi пiшацца разам: хтосьцi, хтось, дзесьцi, дзесь.

Часцiца што пiшацца асобна ў спалучэннях толькi што, пакуль што, амаль што, хiба што, сама што.

Часцiцы абы-, -небудзь, -колечы з займеннiкамi i прыслоўямi пiшуцца праз злучок: абы-хто, хто-небудзь, што-колечы.

Часцiца –то з назоўнiкамi, займеннiкамi i дзеясловамi пiшацца праз злучок: сястра-то прыехала, яна-то сказала, сказаць-то сказаў.

Часцiца –такi пiшацца праз злучок, калi стаiць пасля слоў, да якiх адносiцца: усё-такi, зрабiў-такi ( параўнайце: такi ўсё, такi зрабiў ).

Часцiцы бы (б), жа (ж) пiшуцца заўсёды асобна: сказаў бы, сказала б, узяў жа, узяла ж.

Часцiца нi пiшацца разам: 1) са словамi, якiя без нi не ўжываюцца: нiводзiн, нiкчэмны; 2) з адмоўнымi займеннiкамi i прыслоўямi:нiхто, нiдзе.

Але: нi з кiм, нi аб чым.

Ва ўсiх iншых выпадках часцiца нi пiшацца асобна.

Часцiца не пiшацца разам:


  1. са словамi, якiя без не не ўжываюцца:незабудка, непакоiць;

  2. са словамi, да якiх можна падабраць сiнонiм без не: непрыяцель – вораг, невялiкi – малы;

  3. з поўнымi дзеепрыметнiкамi, пры якiх няма залежных слоў: няскошаная трава, непрачытаная кнiга;

  4. з прыметнiкамi, поўнымi дзеепрыметнiкамi i прыслоўямi, калi пры iх ёсць паясняльныя словы вельмi, зусiм, амаль, выключна, надзвычай, у вышэйшай ступенi, у вышэйшай меры i iншыя, што выражаюць ступень якасцi: вельмi няўважлiвы, зусiм непрадуманае рашэнне;

  5. у дзеясловах з прыстаўкай неда- са значэннем непаўнаты дзеяння, неадпаведнасцi норме: недалячыць, недачуваць;

  6. з няпэўнымi займеннiкамi i прыслоўямi: нехта, недзе.

Часцiца не пiшацца асобна:

  1. з дзеясловамi, дзеепрыслоўямi, кароткiмi дзеепрыметнiкамi: не быў, не чытаючы, трава не скошана;

  2. з поўнымi дзеепрыметнiкамi, пры якiх ёсць паясняльныя словы цi ёсць або падразумяваецца супрацьпастаўленне: не прачытаная намi кнiга, не прачытаная, а прагледжаная кнiга;

  3. з назоўнiкамi, прыметнiкамi i прыслоўямi, калi ёсць або падразумяваецца супрацьпастаўленне: не сябар, а родны брат; не шырокi, а вузкi; дзень сёння не сонечны;

  4. з формамi вышэйшай ступенi параўнання прыметнiкаў i прыслоўяў: не старэйшы за…, не лепшы за…, не пазней чым …;

  5. са словамi не трэба, не варта, не супраць, не шкада, не толькi;

  6. у складзе ўзмацняльных адмоўяў далёка не, нiчуць не, зусiм не, нiколькi не i пад.: далёка не смелы чалавек, зусiм не горшы адказ, нiколькi не цiкавы матэрыял.


РОД І ЛІК НАЗОЎНІКАЎ

Назоўнікі маюць катэгорыю роду: маці, краіна, рака – жаночага роду; бацька, закон, горад – мужчынскага роду; дзіця, поле, акно – ніякага роду; плакса, сірата, задзіра – агульнага роду. Множналікавыя назоўнікі катэгорыі роду не маюць: канікулы, Калінкавічы.


Род нескланяльных агульных назоўнікаў

Да мужчынскага роду адносяцца назвы асоб мужчынскага полу і назвы жывых істот: аташэ, кенгуру, а таксама назоўнікі гран-пры (узнагарода), карт-бланш (свабода ў дзеяннях), сірока (вецер), тарнада (смерч), экю (грашовая адзінка), эскуда (грашовая адзінка), сулугуні, бры (сыр), пенальці, інкогніта, кофе..

Да жаночага роду адносяцца назвы асоб жаночага полу: мадам, фрау, а таксама назоўнікі: авеню, салямі, івасі, кальрабі, цэцэ, хіндзі (мова), беры-беры (хвароба), нотабена.

Да ніякага роду адносяцца неадушаўлёныя назоўнікі: метро, паліто, мерло, бардо.


Род уласных назоўнікаў

Калі ўласны назоўнік скланяецца, то род вызначаем па тыпе скланення: Сож – мужчынскі род, Нарач – жаночы род.

Калі ўласны назоўнік не скланяецца, то род вызначаем па лексічным значэнні: Місісіпі (рака) – жаночы род, Антарыа (возера) – ніякі род, Сочы (горад) – мужчынскі род.

Назоўнікі множнага ліку катэгорыі роду не маюць: Калінкавічы, Баранавічы, Кардыльеры



Гродна (н.р.), Гародня (ж.р.).
Род складанаскарочаных назоўнікаў

Калі назоўнік не скланяецца, то род вызначаем па апорным слове: ГДУ (універсітэт) – мужчынскі род; БТ (тэлебачанне) – ніякі род; ЭВМ (машына) – жаночы род. Выключэнне: ТАСС (агенцтва) – мужчынскі род.

Калі назоўнік скланяецца, то род вызначаем па тыпе скланення: калгас (гаспадарка), ЖЭС (служба) , ЛіМ -- мужчынскага роду, таму што скланяюцца як назоўнікі ІІ скланення.

Назвы пасад, прафесій, званняў (за рэдкім выключэннем: напрыклад, медсястра) мужчынскага роду: вядомы прафесар Рудакоўская, строгі следчы Равуцкая.

Памятайце, што род і лік назоўнікаў не заўсёды супадаюць у рускай і беларускай мовах: сабака, медаль – у беларускай мове мужчынскага роду, у рускай – жаночага; гусь, жырафа – у беларускай мове жаночага роду, у рускай – мужчынскага; адносіны, карункі, могілкі, лекі – у беларускай мове толькі множнага ліку, а у рускай мове змяняюцца па ліках.

ПРАВАПIС КАНЧАТКАЎ НАЗОЎНIКАЎ

Каб не памылiцца ў напiсаннi канчаткаў назоўнiкаў, трэба ўмець вызначаць тып скланення i тып асновы.

Iснуе тры тыпы скланення назоўнiкаў:

1-е скланенне – назоўнiкi жаночага роду з канчаткамi –а, -я: зямля, навука; назоўнікі мужчынскага роду з канчаткамі –а, –я, калі націск падае на канчатак: Кузьма, суддзя; назоўнікі агульнага роду, якія абазначаюць асобу жаночага полу: плакса; назоўнікі агульнага роду, якія абазначаюць асобу мужчынскага полу і маюць націск на канчатку: сірата, ляўша;

2-е скланенне – назоўнiкi мужчынскага роду з нулявым канчаткам i назоўнiкi нiякага роду з канчаткамi –о, -е, -я, -а, -ё: сын, дом, поле, неба, акно, куп’ё, полымя;

3-е скланенне – назоўнiкi жаночага роду з нулявым канчаткам: ноч, Беларусь.

1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка