А. І. Бельскі (Мінск) ідэя праўдашукальніцтва ў творчасці а. Адамовіча: традыцыйнае І наватарскае




Дата канвертавання01.05.2016
Памер119.83 Kb.


А. І. Бельскі (Мінск)
ІДЭЯ ПРАЎДАШУКАЛЬНІЦТВА Ў ТВОРЧАСЦІ
А. АДАМОВІЧА: ТРАДЫЦЫЙНАЕ І НАВАТАРСКАЕ

Свет чалавечы здаўна быў недасканалы, таму людзі заўсёды шукалі праўду, ісціну, справядлівасць. Зразумела, што ў грахоўным жыцці, дзе шмат нядолі, ліха, бяды, змрочнага і агіднага, праўда не можа быць адкрытай, даступнай, поўнай, успрымацца як штосьці абсалютнае і адназначнае. Але ва ўсё часы людзі пакутавалі праз крыўды, прыніжэнне, несправядлівасць, яны марылі і жадалі шчасця, міру, згоды, суладдзя. Гэта знайшло адлюстраванне ў Бібліі, адной з самых старажытных кніг, а таксама ў фальклоры розных народаў, у тым ліку беларускім.

Біблейскія апосталы і прарокі прапаведавалі праўду як вышэйшую духоўную і маральную каштоўнасць, пазначалі перад чалавецтвам шлях добрапрыстойнага жыцця, заклікалі да ўнутранага самаўдасканалення, спавядання дабрыні, любові, міласэрнасці і іншых сапраўдных, а не падманных каштоўнасцяў. У «Кнізе прытчаў Саламонавых» праўда зацвярджаецца як высокі ідэал, яна выступае як вечная, непераходная катэгорыя: «Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму...»; «Праўда пабожных ратуе іх…»; «На дарозе праўды — жыццё, і на сцежцы яе няма смерці» (Прытчы 11:5, 6, 28). Саламон раіць і вучыць распазнаваць падман, фальш, махлярства, адрозніваць праўду і хлусню. У «Кнізе прытчаў…» ухваляецца праўда як сумленны выбар, як праведны шлях сапраўднага хрысціяніна: «Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сведкі ілжывага — ашуканства»; «Міласэрнасцю і праўдаю ачышчаецца грэх…»; «Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю» (Прытчы 12:17; 16:6, 8). Рух, набліжэнне да праўды пазначаецца ў Бібліі як адзіна магчымы і выратавальны кірунак быцця: «Не даюць карысці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад смерці» (Прытчы 10:2). Узвышаецца і чалавек, які трымаецца праўды, не здраджвае ёй, пры гэтым асуджаюцца тыя, хто адступае ад яе, выдае хлусню за ісціну, лжэсведчыць, слугуе злу і сілам цемры: «Агіда Госпаду — шлях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць»; «Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыццё, праўду і славу» (Прытчы 15:9; 21:21). Згода Бібліі, праўда — гэта сам Бог: «Я ёсць шлях, і праўда, і жыццё…» (Іаана 14:6). Значыць, ёсць праўда Боская, і ёсць праўда жыццёвая, але апошняя немагчыма без арыентацыі на вышэйшы хрысціянскі ідэал — «Сонца Праўды». Гэта выдатна ўсведамляла ўся гуманістычная літаратура, якая заклікала чалавека і грамадства жыць па-боску, сумленна, па праўдзе і справядлівасці.

У нашым народзе спрадвеку жыла прага праўды і справядлівасці, асуджаліся хлусня, хітрасць, ашуканства. У казцы «Праўда і Крыўда» ўвасобіліся глыбокае разуменне рэчаіснасці, міжчалавечых стасункаў, сэнсу жыцця. У казачным творы падымаецца маральная праблема суадносін і размежавання двух сацыяльна-філасофскіх катэгорый, антаганістычных супрацьлегласцей. Праўда і Крыўда вядуць спрэчку, трымаюцца сваіх перакананняў, пярэчаць адна адной: «А Праўда кажа: — Не праўдай лепш жыць!» [10, с. 326]. Народная думка заўсёды была дакладнай у вызначэнні праўды і хлусні, праўды і ашуканства, выкрывала несправядлівы ўклад жыцця, крывадушнасць, сутнасць сацыяльна-грамадскіх адносін, пры якіх пануе свавольства адных і неабароненасць іншых, бярэ верх грубая сіла, уціск, парушаюцца законы чалавечнасці, пануюць беззаконне і бяспраўе: «На базары долі не купіш, а ў судзе праўды не знойдзеш»; «Чыя сіла, таго і праўда [11, с. 76, 77]. У народнай філасофіі праўда стаіць вышэй за ўсё, яна праслаўляецца, узвышаецца як найвялікшая каштоўнасць, ёй надаецца выключная моц і сіла: «Праўда спраўдзіць»; «Праўда як алей, выйдзе наверх»; «Праўду не закапаеш»; «Праўда даражэйша за грошы» [16, с. 176]. У зборніку І. Шкрабы і Р. Шкрабы «Крынічнае слова» народнае выслоўе «праўда грубая, ды людзям любая» праілюстравана і пракаментавана выказваннем пісьменніка Б. Сачанкі: «Заўсёды былі і, трэба спадзявацца, будуць тыя, хто праўду, толькі праўду гаварыў і гаворыць, хто праўду, толькі праўду цаніў і цэніць вышэй за ўсё. “Праўда грубая, ды людзям любая”, — кажа народная мудрасць. У літаратуры, у памяці народа астаюцца толькі тыя творы, у якіх ёсць вялікая, можна сказаць, святая праўда» [17, с. 192].

Сапраўды, у беларускай літаратуры заўсёды знаходзіліся тыя, хто меў мужнасць гаварыць і адстойваць праўду, імкнуўся знайсці выйсце з цяжкага становішча ці быў упэўнены ў сваёй праваце, не пагаджаўся з хлуснёй, кідаў выклік часу, заклікаў пазбавіцца пачуцця рабскай пакоры і страху. Адзін з такіх па-грамадзянску мужных людзей і праўдалюбаў быў пісьменнік Алесь Адамовіч (1926[27] —1994). Ён шукаў праўду пра вайну, чалавека, сваю эпоху, літаратуру і праблемы часу, жыцця, грамадства. Ён увесь час імкнуўся да ісціны, праўды, намагаўся глыбока зразумець і асэнсаваць сэнс рэчаў. Пачуццё праўды было ў ім, можна сказаць, прыроднае, існавала на генетычным узроўні. Адданасць А. Адамовіча «чорнаму хлебу праўды» (В. Быкаў) тлумачыцца яго лёсам удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, што гартавала характар, рабіла па-сапраўднаму смелым і мужным, тлумачыцца і тым, што ён складваўся як асоба у час так званай «хрушчоўскай адлігі» з яе асуджэннем сталінізму, пераасэнсаваннем савецкай гісторыі, узвышэннем ідэалаў праўды і гуманізму.

За А. Адамовічам у беларускай літаратуры стаіць вялікая традыцыя праўдашукальніцтва ад часоў К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага і інш. Згадайма К. Каліноўскага, які паўстаў на абарону «мужыцкай праўды», з палымянасцю слова пісаў і выказваў «праўду справядліву» [12, с. 27], заклікаў да змагання за народную праўду і свабоду, пакінуў запавет нашчадкам: «А калі слова пяройдзе у дзела, // Тады за праўду станавіся смела, // Бо адно з праўдай у грамадзе згодна // Дажджэш, Народзе, старасці свабодна» [12, с. 45]. Як адвакат Ф. Багушэвіч бараніў праўду простых людзей у судзе, ён бачыў несправядлівасць судовай сістэмы, царскай улады. Пра гэта ён гаварыў і ў сваіх паэтычных творах, са скрухай канстатаваў драму быцця чалавечага і нацыянальнага ў цэлым: «простая
п р а ў д а згінула ў свеце» [9, с. 27]. Праз сацыяльную нядолю беларус пакутаваў, не мог ні дамагчыся, ні прычакаць праўды і справядлівасці. Ф. Багушэвіч у сваіх думках і разважаннях скіроўваўся да пошуку вышэйшай праўды — Божай — для народа і ўсёй зямлі Беларусі. Ён просіць Усявышняга аб спрыянні, спагадзе, паратунку: «Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі, // Мучылі за праўду, сілай паканалі; // Пашлі ж цяпер Духа, да пашлі без цела, // Каб уся зямелька адну п р а ў д у мела» [9, с. 45]. Я. Купала выказаў цэламу свету праўду пра беларускі народ, яго лёс, духоўную сілу і годнасць. Ён як паэт-рамантык узвышаў ідэалы новага, можна сказаць, «залатога» часу, светлай будучыні, марыў пра іншае жыццё і іншую рэальнасць, «Дзе б і праўда жыла, дзе б і доля цвіла, // Не стагналі б дзе людзі над горам-бядой…» [14, с. 187]. Я. Колас у паэме «Новая зямля» сцвярджаў: «А праўда мне ўсяго дарожай…» і прызнаваўся, што «бацька праўдзе вучыў змаля», задумваўся пра прычыны, вытокі «праўды горкай» [13, с. 41]. У творчасці Коласа прыкметна дамінуюць матывы пошуку праўды, напрыклад, у ягоных апавяданнях-прытчах «Чыя праўда?», «Што яны страцілі» і іншых творах, аб’яднаных назвай «Казкі жыцця». Такім чынам, у класічнай літаратуры праўда выступае галоўнай і нязменнай сацыяльна-маральнай і філасофскай катэгорыяй.

Усе гэтыя традыцыйныя рысы светаразумення прысутнічаюць і ў творчасці А. Адамовіча. У 1950—1960-я гг. крытыка стала для яго па-грамадску значнай справай, ён пачаў актыўна адстойваць прынцыпы праўдзівага рэалістычнага мастацтва, змагацца з вульгарнымі падыходамі і поглядамі, скіроўваў літаратуру да праўды і мастацкай глыбіні. А. Адамовіч пераканальна паказаў, што значныя мастацкія адкрыцці і здзяйсненні адбываліся ў літаратуры на шляху збліжэння з народным жыццём, глыбокага асэнсавання вялікіх ідэй і праблем. Пасляваенная літаратура, якая апынулася ў палоне «тэорыі бесканфліктнасці», падфарбоўвала рэчаіснасць, стварала хлуслівую ілюзію тагачаснага жыцця, пры гэтым лакіроўка і фальш часта выдаваліся пісьменнікамі за праўду і рэальнасць. А. Адамовічу як празаіку таксама трэба было пераадолець стэрэатыпы, няўпэўненасць, выйсці за рамкі творчай несвабоды і несамастойнасці. Працуючы над раманамі «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», ён выкіроўваўся на шлях рэалістычнага, гэта значыць, праўдзівага, амаль дакументальнага, адлюстравання вайны. Вопыт даследчыка літаратурнай класікі яму падказваў: трэба ісці ад народнага жыцця, паказваць праўду рэчаіснасці, пісаць так, «як яно было». Дылогія грунтуецца на аўтабіяграфічным матэрыяле, лёсе сям’і Адамовічаў у ваенны час, героі маюць сваіх рэальных прататыпаў: Ганна Міхайлаўна Корзун — маці пісьменніка, яе сын юны Толя Корзун — правобраз самога аўтара. У аснове раманаў — убачанае, зведанае, перажытае самім пісьменнікам у гады акупацыі і так званай партызанскай вайны.

А. Адамовіча не мог задаволіць узровень літаратуры як люстэрка жыцця. Гэтага, лічыў ён, мала, недастаткова. Яшчэ казачнік, каб завабіць аповедам, усклікаў: «Слухайце бо! Скажу вам не казку, а шчырую праўду» [10, с. 401]. Расказаць праўдзівую гісторыю — гэта яшчэ не ўсё. А. Адамовіч як глыбокі аналітык цудоўна разумеў і ўсведамляў стан рэчаў у літаратуры. Ён заклікаў пісьменнікаў да творчага спасціжэння ўрокаў вялікай літаратурнай класікі: «Аднак, прагнучы жывой рэальнасці ў літаратуры, мы занадта схільныя былі (ды і цяпер яшчэ схільныя) не ўлічваць адну рэч: само жыццё — гэта яшчэ не ўсё мастацтва; толькі абграненае вялікай думкай, дакладным словам, вялікім пачуццём мастака, яно становіцца вялікім мастацтвам» [4, с. 31]. Ці не ідучы следам за К. Станіслаўскім з яго тэорыяй звышзадачы ў тэатральнай практыцы, А. Адамовіч актуалізаваў ідэю звышлітаратуры. Відаць, у эпоху глабальных канфліктаў, глабальных пагроз чалавецтву і асобнаму народу ці нацыі нельга мысліць у мікраскапічных маштабах, жыць дробным і мізэрным. Вузкае, лакальнае, абмежаванае мысленне не можа прывесці да чагосьці вялікага, значнага, грандыёзнага. Маштабная задума, вялікая мэта, метасэнс — з гэтага пачынаецца вялікі пісьменнік, што А. Адамовіч пераканальна паказаў на прыкладзе творчасці Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, К. Чорнага, К. Чорнага, М. Гарэцкага. В. Быкава і інш. «Звышлітаратура — гэта ўсяго толькі звышнапружанне таленту (калі ён ёсць), звышнапружанне сумлення (калі ёсць), звышадказнасць твая асабістая за лёс роду чалавечага, чалавецтва» [5, с. 37].

Ён і сам як празаік, публіцыст, філосаф пастаянна імкнуўся да адкрыцця і спасціжэння «просветляющей правды» (Л. Талстой). Аналізуючы талстоўскія ўрокі, ён пісаў: «Нядаўна яшчэ класіка “прачытвалася” і засвойвалася нашай літаратурай пераважна ў зыходнай сваёй якасці: праўда, толькі праўда і нічога, акрамя праўды!... <…> Праўдзівасць, поўная шчырасць, пра якую Л. Талстой гаворыць як пра галоўную ўмову мастацтва, — гэта надзвычай важна. Без гэтага проста няма рэалістычнага мастацтва. Але калі гэта ёсць, адразу паўстае пытанне пра большае: пра тое, чым і вылучаецца класіка, якая ўмее жыць адначасова і сучаснасцю, і вечнасцю, і сваім і ўсёчалавечым. Сёння ясней паўстае пытанне іменна пра гэта: пра большую філасофскую змястоўнасць літаратуры, а значыць, пра большую ўвагу і да яе формы. Бытавой і нават дакументальнай праўды ўжо яўна недастаткова» [4, с. 31, 32]. А. Адамовіч задумваецца пра сутнасць і прызначэнне літаратуры ў новым часе, сучасным глабальным свеце, з улікам папярэдняга вопыту акрэслівае місію пісьменніка-творцы. Літаратура-тварэнне і сэнс мастацкай творчасці яму бачыцца ў наступным: «з аднаго боку — бязлітасная шчырасць, бязлітасная праўда жыцця і псіхалогіі, а з другога (правільней, побач з гэтым) — збіранне, накапленне “чалавечага ў чалавеку”, барацьба з дэгуманізацыяй жыцця і мастацтва, — вось што стала “талстоўскай нормай”, вышэйшай нормай сусветнага мастацтва. Крытэрыем эстэтычным» [4, с. 56].



Кажучы словамі самога А. Адамовіча, ён жыў «велізарным напружаннем думкі» [4, с. 32]. І як даследчык літаратуры, і як пісьменнік ставіў перад сабой вялікія, грандыёзныя задачы, яго натхняла творчая звышзадача, вяла ў літаратурнай працы маштабная думка-ідэя, яго займаў пошук праўды як звышсэнсу. «Хатынская аповесць» і «Карнікі» — дакументальна-мастацкае даследаванне звярынай прыроды фашызму, суровая, жорсткая і балючая праўда пра вайну, маральнае падзенне чалавека ў абставінах цемрашальства, зла і нянавісці. Да гэтых твораў прымыкаюць і кнігі «Я з вогненнай вёскі…» (разам з Я. Брылём, У. Калеснікам), «Блакадная кніга» (разам з Д. Граніным). Карыстаючыся трактоўкай самога пісьменніка, жанр гэтых дакументальна-мастацкіх кніг можна вызначыць як «рэпартаж з месца гістарычнай падзеі» [7, с. 50]. Гэтыя праўдзівыя кнігі-дакументы ствараліся з думкай пра тое, каб распавесці чалавецтву пра вялікую, нечуваную трагедыю беларусаў і савецкіх людзей у гады сусветнай вайны. Для А. Адамовіча існавала патрэба стварыць трагічны эпас нацыі, хронікі ваенных злачынстваў супраць чалавечнасці, данесці праўду пра жудасныя факты і крывавыя падзеі да свядомасці, душы і сэрца мільёнаў людзей. Гэтую маштабную задачу спраўджваў і мастацкі фільм з біблейскай назвай «Ідзі і глядзі» (рэжысёр Э. Клімаў, 1985) паводле «Хатынскай аповесці» А. Адамовіча. Новае асэнсаванне вайны А. Адамовічам выявілася ў творах пачатку 1990-х гг. «Vіхі», «Нямко». Ён пакутліва шукаў выйсце з перажытай ваеннай трагедыі, стану варожасці, у якіх апынуліся краіны і народы. Яшчэ ў дылогіі «Партызаны» юны Толя Корзун прызнаваўся: «А мне хочацца, каб хутчэй скончылася і вайна гэта, і помста» [6, с. 600]. На змену чалавеку вайны, чалавеку канфлікту, лічыў ён, павінен прыйсці чалавек міласэрны, чалавек гуманны. А для гэтага трэба раз і назаўсёды ўсвядоміць: «Адваяваліся!» (такую сэнсава значную думку ўтрымлівае назва яго зборніка артыкулаў і выступленняў, 1990). У сваёй апошняй ваеннай аповесці «Нямко» пісьменнік апавядае пра каханне маладзенькага нямецкага салдата Франца і беларускай дзяўчыны Франі (гэты сюжэт знайшоў увасабленне ў беларуска-нямецка-расійскай кінастужцы «Франц + Паліна» і спектаклі на сцэне нашага славутага тэатра імя Я. Купалы «Не мой»). Яны — Адам і Ева ў жорсткім перакуленым свеце, які антыпод раю, Рамэа і Джульета часу вайны, варажнечы, нянавісці. Яны здолелі ў нечалавечых умовах захаваць пачуццё кахання і гэтым пачуццём, можна сказаць, перамаглі вайну. Героі твора змаглі «выканаць на зямлі сваю Чалавечую місію — быць братам, сястрой, быць каханнем, быць чалавекам для іншага чалавека» [8, с. 192]. А. Адамовіч даводзіць, што ў канчатковым выніку на зямлі перамагае каханне і любоў. Адказваючы нямецкім чытачам аповесці «Карнікі», ён пісаў: «Так, нянавісць была вялікая. І зразумела чаму і ад чаго. Але што было мацней, якое пачуццё, і чым мы былі моцныя перш за ўсё?.. Значыць, любоў. Сіла куды больш моцная» [3, с. 241, 242]. Пазбавіцца псіхалогіі людзей вайны, пошуку ворага можна праз дараванне, прымірэнне. Праўда заключана ў любові да чалавека, а не ў нянавісці да яго, таму любоў, як і сама праўда, павінна быць міласэрнай, даравальнай.

З вуснаў біблейскіх прарокаў мы даведваемся пра цярністыя пошукі праўды. Нялёгка, з вялікімі душэўнымі высілкамі А. Адамовіч змагаўся за праўду пра Чарнобыль — жахлівую ядзерную катастрофу, якая напаткала беларусаў 26 красавіка 1986 г. Ён даўно ўсведамляў рэальную пагрозу тэрмаядзернага веку, прадчуваў, што на планеце Зямля можа «выбухнуць» — так, як здарылася ў Хірасіме і Нагасакі. Выбухнуў Чарнобыль, і беларусы апынуліся на мяжы паміж жыццём і смерцю. З вялікай усхваляванасцю і трывогай А. Адамовіч адрэагаваў на чарнобыльскую бяду, з абвостранасцю і пачуццём грамадзянскай адказнасці ён пачаў шукаць праўду пра тое, што адбылося. Вопыт Хірасімы яму падказваў: «мірны» атам прынёс на беларускую зямлю сапраўдны апакаліпсіс. А. Адамовіч узброіўся фактамі і меркаваннямі кампетэнтных вучоных і літаральна рынуўся ў бой, каб прыцягнуць увагу грамадскасці, сусветнай супольнасці да катастрофы, а «перш за ўсё праламаць сцяну маўчання вакол самай вялікай трагедыі — трагедыі Чарнобыля» [1, с. 4]. Пісьменнік накіраваў ліст кіраўніку СССР М. С. Гарбачову, у якім паведамляў пра рэальную небяспеку радыяцыі для людзей, прасіў, каб улада пачала неадкладна, хутка дзейнічаць, дапамагаць ратаваць беларусаў. «Даруйце, але Беларусь сапраўды на краі прорвы!» [1, с. 9], — устурбавана пісаў А. Адамовіч. Публіцыстыка пісьменніка на чарнобыльскую тэму была вострай і своечасовай. Ва ўмовах замоўчвання праўды, хлусні на розных узроўнях пацярпелі людзі, іх здароўе, пачалі цяжка хварэць дзеці. Як сцвярджаецца ў Бібліі, «праўда ратуе ад смерці» (Прытчы 10:2). Праўда А. Адамовіча пра Чарнобыль была «выбуховай», яна мяняла погляды на рэчаіснасць, на адносіны да самой трагедыі. Гэтая праўда была нязручнай, непажаданай, тагачасныя чыноўнікі, калі даведаліся пра намер пісьменніка ехаць у Маскву да М. С. Гарбачова па чарнобыльскай праблеме, абураліся: «Куды ён лезе — гэта ж высокая палітыка!..» [1, с. 3]. Але ён усведамляў, што павінен данесці да ўладаў і чалавецтва горкую, трагічную праўду пра Чарнобыль і яго магчымыя наступствы. Стаць на бок хлусні, падману, бяздзейнасці для пісьменніка азначала здрадзіць свайму народу, высокай ідэі гуманізму. А. Адамовіч пісаў свае публіцыстычныя артыкулы з вялікай душэўнай самааддачай, з улікам навуковых фактаў і канкрэтыкі, доказна, аргументавана, пераканальна. Пісьменніку давялося, кажучы словамі П. Панчанкі з вядомага верша, «біцца за праўду», «з буйнай хлуснёй ваяваць» [15, с. 489]. Яго артыкулы пра Чарнобыль — стрэлы «правды, прямо в душу бьющей» (А. Твардоўскі), мужны голас сумлення ў абарону жыцця. Публіцыстыка ўспрымаецца як грамадзянскі ўчынак пісьменніка дзеля выратавання свайго народа, роднай Беларусі ад радыяцыйнай навалы і пошасці.

Такім чынам, А. Адамовіч лічыў, што праўда жыцця ў літаратуры павінна выводзіць думку пісьменніка на ідэйна-філасофскія, маральныя, эстэтычныя вяршыні. Ён уключаў пісьменніцкае слова ў кантэкст вялікага свету, чалавецтва. Уяўляючы дыялог з агромністай аўдыторыяй чытачоў або слухачоў, ён усклікаў: «Якія ж павінны быць словы, якая літаратура! Якая сумленнасць і праўда!» [2, с. 414]. А. Адамовіч спавядаў маральную праўду як самую вялікую каштоўнасць. А гэта давала яму перавагу ў спрэчцы з часам, ідэалагічнымі догмамі, афіцыйнай хлуснёй, з тымі, хто пагарджаў прынцыпамі маралі і чалавечнасці. Яго творы нясуць у сабе надзвычай важны агульназначны сэнс, глыбокую маральна-філасофскую змястоўнасць.

Літаратура

1. Адамовіч, А. Апакаліпсіс па графіку / А. Адамовіч; пер. М. Тычыны. — Мінск: Маст. літ., 1992. — 159 с.

2. Адамович, А. Выбери — жизнь: лит. критика, публицистика / А. Адамович. — Минск: Маст. літ., 1986. — 415 с.

3. Адамович, А. Додумывать до конца: литература и тревоги века / А. Адамович. — М.: Сов. писатель, 1988. — 496 с.

4. Адамовіч, А. Здалёк і зблізку: (беларуская проза на літаратурнай планеце) / А. Адамовіч. — Мінск: Маст. літ., 1976. — 624 с.

5. Адамовіч, А. З «зялёнага сшытка» / А. Адамовіч // Крыніца. — 2000. —№ 1. — С. 28—81.

6. Адамович, А. Избранные произведения: в 4 т. / А. Адамович. — Минск: Маст. літ., 1997. — — Т. 1: Война под крышами; Сыновья уходят в бой. — 607 с.

7. Адамовіч, А. Пошукі, працяг жанру / А. Адамовіч // Алексіевіч, С. У вайны не жаночае аблічча: дакум. аповесць; пер. з рус. М. Гіля. — Мінск: Маст. літ., 1991. — С. 3—8.

8. Адамовіч, А. Vіхі: тры апошнія аповесці / А. Адамовіч. — Мінск: ТАА «Ковчег», 1992. — 504 с.

9. Багушэвіч, Ф. Творы / Ф. Багушэвіч. — Мінск: Маст. літ., 1998. — 206 с.

10. Беларускія народныя казкі / склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў. — 2-е выд., дап. — Мінск: Навука і тэхніка, 1986. — 512 с.

11. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / склад. Ф. Янкоўскі. — Мінск: Беларус. навука, 2004. — 494 с.

12. Каліноўскі, К. За нашую вольнасць: творы, дакументы / К. Каліноўскі. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 1999. — 464 с.

13. Колас, Я. Новая зямля. Сымон-музыка: паэмы / Я. Колас. — Мінск: Маст. літ., 1986. — 448 с.

14. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 1995—2003. — Т. 1. — 462 с.

15. Панчанка, П. Прылучэнне: вершы і паэма / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1987. — 622 с.

16. Санько, З. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак, фразем / З. Санько. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. — 218 с.

17. Шкраба, І. Крынічнае слова: беларускія прыказкі і прымаўкі / І. Шкраба, Р. Шкраба. — Мінск: Маст. літ., 1987. — 286 с.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка