6. развітанне з морам ( з “Крымскіх нататкаў”)




Дата канвертавання28.05.2016
Памер24.7 Kb.
6. РАЗВІТАННЕ З МОРАМ

( з “Крымскіх нататкаў”)
Яны развітваліся з морам…Яно, велікодна раскінуўшыся ва ўсю шыр, напаўняла прастору сваім велічэзным спакоем, не выглядала сумным і, здаецца, зусім не спачувала нашым спадарожнікам, не падзяляла іх настрою: з шумам гнала свае хвалі, як і заўсёды, не турбуючыся аб іх далейшым лёсе…Паветра было насычана—зноўку, як і заўсёды,--нейкім своеасаблівым настоем—ёду, смалы хвой, кіпарысаў.

Пляж быў запоўнены народам. Людзі, незнаёмыя адзін аднаму, прыязджалі сюды, ад’язджалі адсюль,--словам, нагадвалі нейкі “канвеер”. І, вядома, ніхто з іх не здагадваўся, што ў нашых спадарожнікаў сённяшні вечар—апошні ў Кастропалі, увогуле ў Крыме…І ніхто з іх, вядома, не спачуваў ім. Але ўсе добра ведаюць, што праз пэўны час кожнаму з вандроўнікаў прыйдзецца,--мабыць, і ненадоўга—таксама развітвацца з цудоўным краем, да якога прыкіпеў сэрцам, які сапраўды можна лічыць чароўным сном наяве. І сёння нашы спадарожнікі былі амаль абураны, пакрыўджаны “абыякавасцю”ўсяго, што іх акружала.

Толькі неба, заўсёды яснае дагэтуль, раптам “захмарылася”, загусцела, пацямнела, стала хмурным, як чалавек у хвіліны шкадавання,--набрыняла дажджом. Толькі неба, само неба, здавалася, спачувала нашым героям! Сіня-шэрая навісь паступова напаўняла сабою прастору—аж да самага гарызонту!

І раптам з дынамікаў на пляжы ( звычайна тут можна было пачуць выключна лёгкую музыку ) падаў голас сапраўдны ўладар музыкі ўсіх часоў, сумленне нашых вялікіх майстроў мінуўшчыны—арган. Гэта было так нечакана, што, здавалася, на нейкі час звычайны пляжны гоман сціх, растаў у велічных чароўных гуках…Яны мацнелі і мацнелі, лунаючы ў насычаным дзівоснымі пахамі марскім паветры…

Гэта сугучча класічнай музыкі, экзатычнага водару і цудоўнага відовішча было сапраўдным падарункам у гэты апошні развітальны вечар…

Хмара, зачапіўшы чорным крылом гарызонт, пасунулася далей, вызваліўшы нарэшце доўгачаканае сонца. Музыка нібы сышла ў якуюсьці бездань, у адшо імгненне згасла, стаяла—і раптам вярнуўся той, звыклы, гоман—і хваль, і людскіх галасоў, і сцішаны рокат невялічкага кацера, што птушкай пранёсся па марской паверхні, пакідаючы пенны след…

І толькі рыбакі на пірсе, здавалася, не заўважалі нічога—узіраліся ўдалеч, туды, дзе далёка-далёка на гарызонце была бачна маленечкая хісткая рыска—то нейкі цеплаходзік ішоў толькі яму вядомым курсам, пакрыты ружовай пялёсткай сонечных промняў, якія слабелі, бляклі з кожнай хвілінай…

Па старой традыцыі кожны, хто марыць вярнуцца да мора, перад развітаннем з ім кідае манетку ў хвалі, якія, прымаючы гэтую “ахвяру”, ціха шапочуць, супакойваючы чалавека, размаўляюць з ім аб нечым сваім, вечным, незразумелым на першы погляд. Колькі цікавага маглі б паведаць нам яны, калі б толькі мы маглі зразумець іх мову!

А потым на зямлю апускаецца ноч, і тады Месяц дорыць яшчэ адзін цуд: срэбрам выліваецца з самай поўні дарожка, па якой—па паверхні сцішанага ўжо мора—ты робіш некалькі крокаў…мора расступаецца--і ты стаіш на мяжы зямлі і неба, адчуваеш сябе часткай космасу—усяго Сусвету…А зоры, зрываючыся з вышыні і пакідаючы яркі след, падаюць і падаюць уніз, у расплаўленае срэбра Месяца…Вось тады і спатрэбіцца манетка. Як зорка-бліскаўка, яна заззяе на імгненне…і знікне ў чорна-металічных хвалях. Галоўнае, не забыцца загадаць жаданне, якое абавязкава павінна здзейсніцца…

Чалавечае жыццё—гэта таксама імгненне, бліскаўка ў вечнасці, якая пакідае свой след—нязгасны, пакуль жыве чалавек ў памяці нашчадкаў…

Яны развітваліся з морам і марылі сюды яшчэ вярнуцца. Хаця б аднойчы… 18.07.2007г.








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка