5 клас Тэма ўрока: Cяргей Грахоўскі. “Мама”




Дата канвертавання01.05.2016
Памер68.47 Kb.


5 клас

Тэма ўрока: Cяргей Грахоўскі. “Мама”

Мэты:

  1. Зацікавіць вучняў асобай Сяргея Грахоўскага, пазнаёміць з адметнасцямі яго пісьменніцкай манеры і жанравымі асаблівасцямі лірычнай споведзі, спрыяць свядомаму засваенню зместу верша.

  2. Развіваць у школьнікаў уменне выразнага чытання і вусную маналагічную мову пры адказах на пытанні.

  3. Выхоўваць пачуццё любові, павагі, пяшчоты і ласкі да самага блізкага чалавека   маці.

Папярэдняе заданне: на ўрок кожны вучань прыносіць фотаздымак сваёй маці.

Эпіграфы:

1. Мы будзем вечна праслаўляць тую жанчыну, чыё імя Маці.

Муса Джаліль

2. Калі ж крыўдзіў хто, ты ж маму
Клікаў... Мама ўсё магла:
Адагнаць бяду, нягоды,
Холад, немарач, адчай...


Алесь Бачыла.

  1. Любі маці і бацьку свайго, і добра табе будзе на зямлі.

Біблія
Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

2. Праверка дамашняга задання.

Выразнае чытанне верша на памяць.



3. Вывучэнне новага матэрыялу.

Уступнае слова настаўніка: Няма больш дарагога, роднага і светлага слова, чым маці, мама, матуля, матулечка! Мама для кожнага з нас і самы добры, і самы ласкавы, і самы лепшы, і самы-самы чалавек на свеце. Вобраз маці, мабыць, не абмінуў у сваёй творчасці ні адзін пісьменнік, мастак, музыкант, скульптар. Гэты вобраз авеяны самай высокай паэзіяй. Слова мама гучыць ласкава і мілагучна на ўсіх мовах, незалежна ад таго, у якім узросце яго вымаўляюць і жанчыне якіх гадоў адрасуюць. У гэтым слове   жыццё ад нараджэння да смерці! У ім   сэнс жыцця, яго аснова і падмурак.

У мастацтве вобраз маці вечны і надзённы. Не мог яго абысці і Сяргей Грахоўскі.

Што вы ведаеце пра яго? (Хтосьці з вучняў выступае з паведамленнем пра біяграфічныя звесткі паэта.)



С. Грахоўскі (1913-2002 г.г.) - вядомы паэт, празаік, гіубліцыст, перакладчык. Нарадзіўся ў мястэчку Нобель(цяпер Ровенская вобласць на Украіне) у сялянскай сям'і. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў мястэчку Глуск Магілёўскай вобласці. Скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў на Беларускім радыё. У 1936 годзе быў рэпрэсіраваны -17 гадоў знаходзіўся у лагеры і ссылцы. Аўтар зборнікаў літаратурных вершаў, апавяданняў, аўтабіяграфічнай кнігі "Споведзь", за якую у 1992 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа.

Сяргей Грахоўскі - чалавек трагічнага лесу, выключнай мужнасці. Нягледзячы на складанасці жыцця, ён не страціў аптымізму, веры ў дабро і чалавечнасць, не ачарствеў сэрцам, не стаў абыякавым да разнастайных праяў чалавечага жьщця. I ўсё ж многія вершы пазначаны пякучым болем яго душы. Яны з'яўляюцца ўспамінамі пра маладосць, маці, нагадваюць пра жыццёвыя страты.

Сяргей Грахоўскі быў вельмі добрым сябрам. Ён заўсёды мог падтрымаць таварыша ў цяжкую хвіліну, прыйсці яму на дапамогу. Гэта быў вельмі добры, чулы чалавек, такіх людзей вельмі мала. Творчасць Сяргея Грахоўскага не пакідая абыякавымі тых, хто хоць аднойчы чытыў яго творы. Жыццё творцы - гэта жыццё яго літаратурных персанажаў, і наадварот, - іхні лёс - яго лёс.
Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з вершам С. Грахоўскага “Мама”. (Выразна чытае твор.)

Праверка першаснага ўспрымання.

Ці спадабаўся вам верш? Чаму?

Якія думкі, пачуцці абудзіў у вас твор?

Якія словы, што сустрэліся ў вершы, незразумелыя ?



Слоўнікавая работа.

Настаўнік тлумачыць вучням лексічнае значэнне наступных слоў:

  • цыбаты   высокі, хударлявы;

  • блукаць   бязмэтна хадзіць, гуляць;

  • кнот   спецыяльная стужка, якая служыць для гарэння ў лямпе;

  • кужаль   валакно ачэсанага лёну, а таксама ніткі з такога валакна;

  • колісь   калісьці, некалі ў мінулым;

  • змора   стан зморанага чалавека, бяссілле, стома.

Аналіз верша.

  • Які тон (танальнасць) верша?

Тон стрыманы, спакойны, сумны, мінорны.

  • Што ляжыць у аснове верша?

У аснову твора С. Грахоўскі паклаў успаміны пра сваё юнацтва і маці.

  • Якая доля была ў маці? Зачытайце адпаведныя радкі.

Доля была вельмі цяжкая. Пра гэта сведчаць пятая і шостая строфы верша.

  • Як маці ставілася да сына?

Яна аберагала, шкадавала сына, клапацілася пра яго.

  • Якой маці паўстае з верша?

Прачытаўшы твор, мы прыходзім да высновы, што маці ў творы паказана сціплай, шчырай, спагадлівай, працавітай, добрай, клапатлівай, цярплівай.

  • Верш напісаны ў форме аўтарскай споведзі. Штотакое споведзь?

Споведзь у дадзеным кантэксце   гэта запозненае ўсведамленне аўтарам уласнай віны, што не заўсёды пяшчотна і ўважліва ставіўся да маці, быў да яе халодны, абыякавы...

  • Што характэрна для гэтай формы верша?

Аўтарская споведзь характарызуецца наяўнасцю сюжэтных элементаў, даверлівай інтанацыяй, непасрэднасцю ў перадачы пачуцця, глыбокім лірызмам, задушэўнасцю.

  • Аўтар у вершы называе маці адзінокай. Чаму?

Маці-ўдава хоць і мела хлопца-падлетка, але заўжды была адна, бо сын прападаў вечарамі. Яна плакала начамі ў адзіноце, чакаючы яго.

  • Якое жаданне было ў маці? Зачытайце адпаведныя радкі верша.

"Хоць бы сказаў ён ласкавае слова, I Хоць бы, як колісь, мамаю назваў".

  • Якую віну адчувае паэт перад маці?

Віна ў тым, што аўтар пры жыцці маці не змог у вочы ёй ласкава і цёпла сказаць "мама". Усведамленне гэтага прыйшло, калі маці не стала, калі прай-шлі гады і сын стаў сівы.

  • Вызначце тэму і ідэю верша.

Тэма гэтага твора   маці; ідэя   трэба берагчы маці, дарыць ёй сваю лю-боў і цеплыню, пакуль яна яшчэ жывая.

  • Для верша характэрна вялікая наяўнасць дзеясловаў. Знайдзіце тыя рад-кі, дзе дзеясловы перадаюць пачуцці маці і яе дзеянні.

(Зачытваюцца чацвёртая і пятая строфы верша.)

  • У творы ёсць шмат мастацкіх тропаў, з дапамогаю якіх раскрываецца адметнасць мастацкага ўвасаблення аўтарскай задумы. Назавіце іх (вядомыя вам).

Для верша характэрны:

  • эпітэты: вільготныя вочы, ласкавае слова, святое слова...

  • метафары: у сны прыйшло дзявочае імя, падала ад зморы галава, у час жніва не чула ног...

  • Твор можна падзяліць на 5 сэнсавых частак (1-я частка — 1-3 строфы, 2-я частка — 4 страфа, 3-я частка — 5 страфа, 4-я частка — 6 страфа, 5-я частка — 7 страфа). 3 якой інтанацыяй (пачуццём) трэба чытаць кожную частку верша?

1-ю частку - са спачуваннем, самакрытычнасцю; 2-ю - з болем і горыччу за несправядлівы лёс маці; 3-ю — з пяшчотай, замілаваннем; 4-ю — з прабачэн-нем за сваю абыякавасць і няўвагу да маці; 5-ю - са шкадаваннем, жалем, адчаем, горам.

4. Замацаванне.

Чаму вучыць нас верш?

Чаму слова "мама"   святое?

Падбярыце сінонімы да слова мама.

Што паказвае аўтар у творы?

Якім перад намі паўстае аўтар з верша? Чаму?

Верш "Мама"   гэта ода, гімн, дыялог з маці, лірычная споведзь, заклінанне, мальба, плач памаці? Абгрунтуйце.

У кожнага ёсць мама. У жывёл, птушак, насякомых... Ёсць яна і ў кожнага з нас. Мамы розныя, але іх аб'ядноўвае адно: любоў да сваіх дзяцей, клопат пра іх. Давайце прыгадаем выпадкі, якія сведчаць пра тое, што мама ў любой сітуацыі ўсё лепшае аддае дзецям, ахвяруючы дзеля гэтага ўсім.

За што дакарае сябе паэт?

Аўтар верша дакарае сябе за тое, што абыходзіў маці ўвагай, цёплым словам, ласкай, што саромеўся ў юнацтве самага дарагога чалавека назваць мамай.

Разгледзьце ўважліва фотаздымак сваёй мамы. Падбярыце да слова "мама" адзін эпітэт, які, на вашу думку, найбольш стасуецца з ім.

Запішыце на аркушы ватману супраць фотаздымка сваёй мамы па адным эпітэце (словы не павінны паўтарацца/ Мама - прыгажосць, жыццё, цяпло, ласка, сонца, пяшчота, дабро, любоў, вясна, шчасце, клопат, цеплыня). У выніку ў школьнікаў атрымліваецца зборны вобраз мамы. Настаўнік зачытвае словы. Вучні робяць выснову, што ўсе самыя добрыя словы можна сказаць у дачыненні да мамы.



5. Падвядзенне вынікаў.

Уважліва прачытайце эпіграфы да ўрока. Як вы іх разумееце? Як яны звязаны з тэмаю ўрока? Ці перадаюць эпіграфы сэнс, змест нашай размовы пра маці? Які эпіграф да ўрока падабралі б вы? Чаму?



6. Магчымыя варыянты дамашняга задання.

Выразнае чытанне верша.

Напісаць верш пра маму.

Падабраць прыказкі і прымаўкі пра маму.



Мая мама

Мама -самае лепшае, самае цудоўнае слова на свеце.З гэтым словам на вуснах нараджаецца кожны чалавек.У маёй мамы ласкавыя пяшчотныя рукі, шчырыя вочы, добрая усмешка,. Мама... Хто як не яна заўсёды клапоціцца пра нас? Яна заўсёды дасць добрыя парады, у цяжкую хвіліну абдыме - і на сэрцы стане лягчэй. Каля мамы я адчуваю сябе легка і спакойна, час як быццам ідзе павольней, і нікуды ні трэба спяшацца. Любоў маці самая шчырая. Мне хацелася б, каб мая мама жыла заўсёды і супраджавала мяне ўсё жыццё. Зрэдку я задаюся пытаннем, каго мама любіць больш: мяне ці маю сястру? Але ведаю, што яна любіць нас аднолькава. А мы любім яе за тое, што яна любіць нас. (Яўсей Ірына)
Мая мама

Мая мілая мама, як я цябе люблю, ты ў мяне адна такая. Калі ты заходзіш у хату, то мне здаецца, што сонейка ўзышло сярод ночы. Калі я дакранаюся да тваіх рук, мне здаецца, што яны такія мяккія, як шоўк.

Матуля, яна ніколі не сварыцца на мяне, калі я зрабіў што-небудзь не так, як трэба, яна заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі мне цяжка. Яна заўсёды вучыць мяне, як жыць і ніколі не крыўдзіць людзей, не сварыцца ні з кім, знаходзіць выхад з любога становішча. Матуля, ты ў мяне такая мілая і добрая, я цябе паважаю і не хачу засмучаць. Я вельмі ўдзячны за ласку і клапатлівые адносіны да мяне. (Маркевіч Ілья)




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка