3 мячом і крыжам




Дата канвертавання13.05.2016
Памер18.95 Kb.
3 мячом і крыжам

(3 падручніка па гісторыі)

Крывічам-палачанам, першым з усходніх славян, давялося сутыкнуцца з грознай і небяспечнай навалай з Захаду — нямецкімі рыцарамі, якіх у народзе называлі крыжакамі. Крыжакі былі бязлітаснымі і жорсткімі заваёўнікамі. Яны дзейнічалі пад выглядам распаўсюджання каталіцкай веры сярод мясцовага насельніцтва. Каб замацавацца ў новых месцах, крыжакі хутка будавалі невялікія мураваныя замкі-крэпасці.

Тэрыторыяй барацьбы стала Усходняя Прыбалтыка. 3 даўніх часоў жылі тут балцкія і фіна-ўгорскія плямёны.

Балты падзяліліся на аўкштайтаў, жэмайтаў, яцвягаў, прусаў. Да фіна-ўгорскіх плямён адносіліся лівы, эсты.

У канцы XII ст. нямецкія купцы, рыцары і святары высадзіліся ў вусці Заходняй Дзвіны. Мэта ў іх была захопніцкая — прасоўванне на Усход, а значыць, захоп чужой тэрыторыі. У крыжакоў было выслоўе «націск на Усход».

Нямецкім рыцарам у ажыццяўленні іх планаў дапамагала каталіцкая царква. Іх сумеснымі намаганнямі ў 1202 г. быў створаны ваенна-манаскі Ордэн1 мечаносцаў. (Ён інакш яшчэ называўся Лівонскім ордэнам.)

Такім чынам, у самым пачатку XIII ст. крыжакі, пабудаваўшы магутную крэпасць Рыгу2, стварылі ваенна-рэлігійную арганізацыю — Ордэн мечаносцаў.

Заваёўніцкія планы крыжакоў ушчыльную сутыкнуліся з інтарэсамі Полацка. Задоўга да з'яўлення тут нямецкіх рыцараў плямёны ліваў і латгалаў плацілі даніну полацкім князям і на выпадак ваенных дзеянняў пастаўлялі дапаможнае войска. Тут жа, у ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны, знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс3 і Герцыке (самы аддалены — Кукенойс — размяшчаўся за 340 км ад Полацка). Гэтымі гарадамі кіравалі людзі, якіх назначаў полацкі князь.

Такім чынам, з'яўленне тут нямецкіх рыцараў адкрыта пагражала Полацку стратай падуладных яму зямель. Ваеннае сутыкненне стала непазбежным...

Рыцары наблізіліся да горада-крэпасці Кукенойса. Княжыў тут у гэты час Вячка (Вячаслаў), што паходзіў з дынастыі полацкіх князёў. Пад яго кіраўніцтвам невялікія сілы абаронцаў крэпасці мужна супрацьстаялі вялікаму рыцарскаму войску. Воіны гінулі адзін за адным, але дапамога ад полацкага князя ўсё не прыходзіла. Абараняць крэпасць ужо не было сіл. Мужны князь мусіў спаліць у 1208 г. крэпасць і з атрадам у 200 чалавек вярнуўся ва ўсходнеславянскія землі.



Пазней таленавіты ваенны кіраўнік — князь Вячка — узначаліў абарону крэпасці Юр'еў (цяпер Тарту), што знаходзілася ў землях эстаў. Тут ён гераічна загінуў у жорсткім баі з крыжакамі.

1 Ордэн — тут: арганізацыя, абшчына з пэўным стату-там (манаская ці духоўна-рыцарская, часам тайная).

2 Рыга — зараз сталіца Латвіі.

3 Назва ўжываецца ў дзвюх формах: Кукенбйс, Кукейнос.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка