3 Чатыры стыхі Паветра




Дата канвертавання08.06.2016
Памер38.63 Kb.

3

Чатыры стыхі
Паветра

Глянь, паветра... такое празрыстае,

Прамяністае,

лёгкаіскрыстае,

Ледзь ружовае, ледзь залатое,

То спакойнае,

то трапяткое:

Тонкім водарам, пахамі мклівымі!

За вятрамі бруіцца гуллівымі.

I чаму ад смяротных затоена,

На якіх яно зёлках настоена?

Глянь, паветра...

Яно такое!..

Не знайсці параўнання — якое...

Як і ты, з той жа пражы сатканае,

Дарагая мая, каханая.

Мая весняя песня ўрачыстая,

Светлым-светлая, чыстая, чыстая!

Ці не з мары?..

Пазнаў. Тая самая —

Шчырым-шчырая, нібы сляза мая.

Без цябе — усё навокал цьмянае,

Нецікавае і нежаданае.

Дакрануцца б ледзь-ледзь

асцярожна...

Мне пра гэта і марыць няможна.

Паглядзець на цябе

хоць бы мельгам...

Ды паветра ж празрыстае — нельга.

Як смуга у блакіце, жаданне

Ледзь народзіцца — тут і растане.

Як смуга у блакіце,

жаданне...
Вада

Разважаю. Стаю над ракою.

Вунь той бераг — падаць рукою!

Але трапіць туды не проста —

Ані чоўна няма, ні моста.

Хіба ўраз з галавой акунуцца

Ды на беразе тым апынуцца!

Рызыкнуць? А як раптам патонею?

Гэта ж справа мая, не старонняя.

Залюляе на хвалях і, мабыць,

У бяздонне віроў завабіць.

— Месца плыткае тут ці глыбокае?

Ты не скажаш мне, зеленавокая?

Што глядзіш на мяне абыякава,

Як на кожнага, як на ўсялякага?

Прымруж свае вочы русалчыны...

Мой спакой, мая воля згвалчаны.

Ды чаго ад цябе дачакаешся,

Калі думаеш толькі, а каешся!

Слова кінь, і надзея ўваскрэсне...

Ты маўчыш... I маўчанне, — як песня,

Але ў ёй ні маны, ні шчырасці —

3 гэтай песні пачуццю не вырасці.
Гладзь вады ўтаймаваная, ціхая,

Халаджавай спакусаю дыхае.

Гладзь вады ўтаймаваная, ціхая...
Агонь

Ці мінула хвіліна, друтая?..

А ці час супыніўся навечна?..

Я глядзеў, як агонь шугае,

I стаяў, хоць бы небяспечна:

Я сябе падбадзёрваў — выстаю

Гэту немарасць, замець іскрыстую;

Мне тады безразважна здалося:

Ўсё у полымі гэтым злілося.

Але раптам над вогненнай багнаю

Саламандру я ўгледзеў прагную.

У яе па агністаму джалу

Беглі кроплі жадання і шалу.

I тады здрыгануўся я ўпотай

Ўсёй сваёй чалавечай істотай.

Як агонь... Ты якраз такая ж:

Зблізку — паліш, здалёк — апякаеш.

Нестрыманая і апантаная,

I жаданая і нежаданая,

Да цябе — у агні і ў полымі —

Не падыдзеш з пачуццямі кволымі:

Апячэш... і мясціну балючую

Не загоіш вадою гаючаю.
Ледзьве ж згасне агонь ненажэры —

Папялок застанецца... шэры.

Ледзьве згасне агонь ненажэры...
Зямля

Таямніца зямлі — вялікая.

А сама... да чаго ж яна простая!

Да жыцця нас уладна клікае —

Падзе зерне ў яе і праростае.

I тады, як наш розум стрывожаны,

А пачуцці, як коні, стрыножаны,

Калі ласкі, спакою жадаем —

Да грудзей мы яе прыпадаем.

Светлым-светлая ранняя раніца...

Цемра, ноч навальнічная, хмарная...

О зямля, ты жыцця абранніца,

Буйным плодам яго цяжарная.

Як сустрэцца, дзяўчо, нам пашчасціла?

Чым і як ты наўкола ўсё засціла?

Хіба тым, што, як я, ты зямная ж?

Што ўзрасла не пад райскаю пальмай,

Што нічога, як ёсць, не пытаеш —

Разумееш і радасць і жаль мой.

Сэрца прагне і розум дзярзае,

Бо са мною ты ўся дарэшты,

Узнімуся — і твар твой ззяе,

Упаду я — і не адштурхнеш ты.
Ці не ты заспакоіш, родная,

Пачуццё маё вечна галоднае!



Ці не ты заспакоіш, родная...

1959


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка