24 кастрычніка Радасныя таямніцы




Дата канвертавання27.03.2016
Памер209.91 Kb.

«Сямейны Ружанец»

24 кастрычніка
Радасныя таямніцы



1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Часам сям’я бывае не гатовая прыняць навіну пра зачацце новага жыцця. Прычын можа быць шмат: чарговае дзіця ў сям’і, абмежаванасць у матэрыяльных сродках, недахоп жыллёвай прасторы, боязь, што дзіця будзе хворае, і г. д. Усе гэтыя і іншыя прычыны нясуць у сабе частачку звычайнага людскога страху і вычайнага людскога эгаізму. Страх перамагаецца з дапамогай Божага дару мужнасці. Эгаізм — з дапамогай Божага дару любові. І ў адным,і ў другім выпадку нам патрэбна дапамога звышнатуральная — Божая. Просім сёння Марыю, каб зразумела нашы страхі і навучыла мужна прымаць нашае асабістае звеставанне. Просім, каб Марыя была сёння прыкладам безумоўнай любові да свайго дзіцяці.
2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
Знакам нашых часоў з’яўляецца пералом страху перад нараджэннем дзіцяці пасля 30-35 гадоў. Веру, што дзеці, народжаныя трошкі пазней за сваіх брацікаў і сястрычак, будуць вялікай радасцю для бацькоў. Такой радасцю была напоўнена сям’я Абрагама і Сары, а таксама сям’я Захарыі і Альжбеты.
Альжбета не задумваецца пра свой узрост, калі даведваецца, што зацяжарыла. Нават калі яна тоіцца пяць месяцаў перад людзьмі, то хутчэй па прычыне свайго ўласнага недаверу, што цуд адбыўся. Яна не саромеецца, што зацяжарыла ў пажылым узросце, - наадварот, прымае цяжарнасць як вялікую міласць Бога. Стары Запавет бачыў у плоднасці і зачацці дзіцяці благаслаўленне, а не пракляцце, як разумее сучасны свет. Просім Святую Альжбету, каб дапамагала нам распазнаць час Божых наведзінаў.
3. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста
Нараджэнне дзіцяці ператварае сужэнскую пару ў сям’ю. Яно дазваляе рэалізаваць патэнцыял, які маюць людзі, што любяць адно аднаго. Дзіця — гэта плён любові, нават калі, у чалавечым разуменні, было зачата неспадзявана. Час чакання нараджэння, 9 месяцаў — гэта час, які Бог дае для развіцця: не толькі малечы ва ўлонні мамы, але таксама і бацькоў, для іх духоўнага і фізічнага даспявання да моманту прыняцця новага жыцця.
Прыклад Юзафа і Марыі ламае свецкія стэрэатыпы, сацыяльныя і псіхалагічныя аргументы не нараджаць. Чытаючы Евангелле дзяцінства, не заўважаем, што Езус меў псіхалагічную траўму і прэтензіі да бацькоў за тое, што нарадзіўся ў хляве. Просім, каб Юзаф і Марыя пераканалі нас, што любоў, якой адорваем народжанае дзіця, важнейшаяза любыя нашы меркаванні пра быт і рэчаіснасць.
4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
Старажытная габрэйская традыцыя ахвяравання дзіцяці добра адлюстроўвае агульначалавечае правіла адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі — дзіця не з’яўляецца ўласнасцю бацькоў. Прыносячы Езуса ў храм, Юзаф і Марыя прызнаюць права Бог мець планы для таго, каму дае жыццё. Вызнаюць веру ў тое, што план Бога мае першынство перад планам чалавека. Гэты абрад не проста рэлігійная фармальнасць - гэта рэальная духоўная падзея ў шэрагу шматлікіх сустрэчаў чалавека з Богам.
Бацькі пакліканыя дапамагчы дзецям рэалізаваць план Божы ў іх жыцці. Аднак часта замест дапамогі распазнаць волю Божую яны прапануюць свае нерэалізаваныя мары і амбіцыі. Спрабуюць сілай навязвацьгурткі, заняткі, вызначаць любімыя ўрокі, хобі і г. д. Выбіраюць сяброў і знаёмых, пазней месца вучобы і ўрэшце жыццёвы шлях — сужэнскі, манаскі ці святарскі. Просім, каб Юзаф і Марыя навучылі нас не толькі апекавацца нашымі дзецьмі, ахоўваць іх ад жыццёвых небяспекаў, але адначасова дазваляць ім распазнаць і выканаць волю Божую.
5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Нашы дзеці губляюцца. Гэта здараецца. Найчасцей такія сітуацыі напаўняюць бацькоўскае сэрца трывогай і перажываннем. Асабліва балюча, калі прычынай згубленасці з’яўляецца грэх, слабасць, залежнасць. Прыклад Юзафа і Марыі вучыць не пакідаць нашых дзяцей, шукаць магчымасці дапамагчы ім.
На жаль, бацькі таксама губляюцца — у жыцці, абавязках, працы, бязбожнасці, у фармальнасці веры. Добра было б, каб уласная грахоўнасць і досвед жыццёвых паразаў рабіў нас, дарослых, больш чулымі да перажыванняў маладога пакалення. Просім Юзафа і Марыю, каб навучылі нас слухаць і чуць нашых дзяцей.
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС


25 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы



1. Змёртвыхпаўстанне Хрыста
Езус прайшоў праз смерць, паўстаў з мёртвых і жыве на вякі. Святло Змёртвыхпаўстання, якое паходзіць ад Святога Духа, асвятляе і дапаўняе праўду Евангелля. Усе мы маем удзел у гэтай таямніцы. Хрыстус нас кліча паўстаць ад смерці да жыцця. Ён хоча, каб мы Яго моцай нарадзіліся да жыцця з Ім у еднасці.
Езу, перамяні наш позірк і агарні святлом Змёртвыхпаўстання, каб нашае жыццё было Добрай Навіной для іншых.
2. Унебаўшэсце Хрыста
Поўны ўваход Езуса ў хвалу неба адбываецца ва Унебаўшэсці. Неба - гэта боская рэчаіснасць, якая ўсё пранікае і ў якую нельга пранікнуць. Езус, вятаючыся да Айца, які ў небе, не пакінуў нас, але яшчэ больш да нас наблізіўся. Як гаварыў святы Аўгустын – Ён у глыбіні нас, глыбей, чым мы самі.
Божа, дай нам знаходзіць Езуса на малітве ў цішыні сэрца.
3. Спасланне Духа Святога
Місія Езуса ўваходзіць у новы этап – пачынае дапаўняцца ў Святым Духу, які дзейнічае ў вучнях і праз іх. Спасланне Духа Святога павінна таксама дапоўніцца ў нашым штодзённым жыцці. Дзякуючы Духу, які кіруе нашай малітвай, можам пераканацца ў жывым прабыванні Уваскрослага сярод нас.
Пане, адчыні нашыя сэрцы на дзеянне Духа Святога, які заўсёды з намі.
4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Маці Божага Сына была блізка злучана з Яго справай збаўлення. Марыя з душой і целам удзельнічае ў хвале неба. Бог дазволіў Ёй глядзець на Яго аблічча. Цялесная еднасць Марыі і Езуса пачалася ў таямніцы Нарарджэння, дапоўнілася ў супольнасці з Уваскрослым у небе. Мы таксама маем удзел у гэтай таямніцы. Падчас Эўхарыстыі мы прымаем Цела Хрыста ў свае сэрцы. Тады не толькі наш дух, але і цела становіцца святыняй Духа Святога. І калі так, то сапраўды пачалося ў нас Уваскрасенне.
Марыя, вядзі нас да свайго Сына.
5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Марыя, Каралева ў хвале побач са сваім Сынам, застаецца пакорнай Слугой Пана. Яна так назвала сябе падчас Звеставання і такой застаецца на ўсю вечнасць. Праз службу і пакору Марыя паказвае нам дарогу да святасці. Становячыся падобнымі да Яе, нашай Каралевы і Маці, мы набліжаемся да хвалы неба.
Марыя, выбраная Богам, вядзі нас простай дарогай да Пана.
Падрыхтавала с. Людміла Леўдаровіч MChR


26 кастрычніка
Радасныя таямніцы



1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Марыя была яшчэ ў сваім доме, чакаючы таго, калі будзе з Юзафам, калі Габрыэль, анёл Божых звеставанняў, папрасіў Дзеву стаць Маці. Дзева ж паверыла, што гэта можа стацца з волі Бога, і адказала: “Вось я, слуга Панская. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. І Дух Святы сышоў на сваю Жонку, даўшы Ёй сваё святло, якое ўвянчала ўдасканаленне цнотаў маўчання, пакоры, умеласці і любові, якімі Яна была поўная. З гэтага часу Марыя сталася адным з Мудрасцю, неадлучнай ад Любові, паслухмянай і чыстай.
Разважаючы над гэтай таямніцай, молімся за тых, хто рыхтуецца да сакрамэнту сужэнства, каб у перыяд заручынаў добра падрыхтаваліся да будучых бацькоўскіх задач.
2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
Альжбета сказала Марыі: „Благаслаўлёная Ты, бо паверыла, што для Бога магчымае тое, што чалавечаму розуму здаецца немагчымым! Благаслаўлёная Ты, бо дзякуючы Тваёй веры споўнілася прадказанае Табе Панам і аб’яўленае Прарокам на гэты час! Благаслаўлёная Ты з-за Збаўлення, якое народзіш для патомства Якуба! Благаслаўлёная Ты, бо прынесла Святасць майму сыну (Яну), які адчувае, што пазбаўлены цяжкага граху і пакліканы да таго, каб быць Папярэднікам, асвечаным перад Адкупленнем”.
Разважаючы над гэтай таямніцай, молімся за маці, якія носяць пад сэрцам новае жыццё, каб дазволілі свайму дзіцяці прыйсці ў свет і выхавалі яго па-каталіцку.
3. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста
Пасля нараджэння свайго Сына ў бэтлеемскай стайні Марыя ў прысутнасці Юзафа ўздымае сваё Дзіця ў руках, кажучы: “Вось Я… Ад Яго Імя, о Божа, кажу Табе гэтыя словы. Вось Я, каб спаўняць Тваю волю. А разам з Ім – Я, Марыя, і Юзаф, Мой муж. Мы Твае слугі, Пане. Учыні, каб у кожную гадзіну і ў кожным здарэнні спаўнялі Тваю волю – для Тваёй хвалы і з любові да Цябе”.
Разважаючы над гэтай таямніцай, молімся аб святасці ў сем’ях, каб сужэнцы пабуджалі адно аднаго да спаўнення Божай волі ў шэрай штодзённасці.
4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
Сімяон – звычайны вернік… Ён бярэ Дзіця на рукі, цалуе… Паслухаем слов святога старца: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля”.
Бачым здзіўленне Юзафа, узрушэнне Марыі і тое, што адбываецца ў невялікім натоўпе… Усмешка Марыі гасне і Яе твар становіцца бледным, калі Сімяон прадказвае Ёй цярпенне: “А праз Тваю душу пройдзе меч…” Хоць Марыя гэта ведае, аднак гэтыя словы раняць Яе душу. Яна становіцца бліжэй да Юзафа, каб прыдаць сабе абароны. З любоўю туліць Дзіцятка да грудзей…
Разважаючы над гэтай таямніцай, молімся за сем’і, закранутыя якімсьці цярпеннем, каб сужэнцы былі падтрымкай адно для аднаго і з Бога чэрпалі сілы для нясення нялёгкіх крыжоў.
5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Марыя – Дзева разумная, але гэтым разам непакой бярэ верх над Яе стрыманасцю. Ён перавышае ўсё іншае. Яна бяжыць да Сына, абдымае Яго. Бярэ Яго з крэсла і, ставячы на зямлю, выкрыквае: “Чаму Ты зрабіў нам так? Мы шукалі Цябе тры дні. Твая Маці памірае ад болю, Сыне. Твой бацька змучаны ўшчэнт. Чаму, Езу?”
Пытання “чаму?” не ставяць Таму, хто ведае. Яго не пытаюцца, “для чаго” Ён дзейнічае такім чынам. [Таксама] пакліканых [Богам] не пытаюцца, “для чаго” яны пакідаюць усё, каб пайсці за Яго голасам… Над бацькам і маці ёсць Бог, Айцец Боскі. Яго справы вышэйшыя за нашы, пачуцці да Яго вышэйшыя за кожныя іншыя. Езус кажа гэта сваёй Маці. І Яна ніколі гэтага не забывала… Яна ўжо не будзе больш пытацца: “Для чаго, Сын Мой, нам гэта ўчыніў?”
Разважаючы над гэтай таямніцай, молімся за бацькоў, якія забываюць або не ведаюць, што дзіця не з’яўляецца іх уласнасцю, каб дазволілі Богу кіраваць лёсамі іх дзяцей.
Тэкст разважанняў да таямніц узяты з кнігі “Паэма Бога-Чалавека” Марыі Валторты, том 1.
Падрыхтавала с. Наталля Грыгарук SSND

27 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса Хрыста ў Садзе Аліўным
Езус падае на калені ў малітве, просячы свайго Нябеснага Айца, каб аддаліў ад Яго цярпенне і смерць. Добра ведаем гэтае пачуццё! Ніхто не хоча цярпець. Калі яно нас закранае, стараемся адкінуць яго з усёй моцаю. Езус перажывае ўсё гэта як звычайнычалавек. Аднак паказвае нам, што цярпенне належыць успрымаць не як бунт супрацьБога, але як пакорнае адданне сябе Богу Айцу. “Не мая воля, але Твая няхайстанецца…”

2. Бічаванне Езуса

Езус стаіць і нічога не кажа, не супраціўляецца, не праклінае. Чакаесправядлівага суду Айца. А як я рэагую на прыніжэнні з боку іншых? Ненавіджу? Жадаю зла? “Але Ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што Ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам”. Атрымаю маю справядлівасць ад Айца, але, быць можа,зараз часпацярпець у маўчанні!

3. Укаранаванне Езуса цернем

Езус выстаўлены на смех, абдзёрты з годнасці, самотны, знішчаны… Жыццё прыносіць і нам шмат такіх момантаў. З’яўляецца пытанне: “Дзе Бог, калі мне робіцца такая крыўда?” Бог са мною. Са мною пераносіць гэтае прыніжэнне. Сам выходзіць насустрачцярпенню, не ўцякае.

4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую

Езус ідзе на Галготу з уласнай волі. А дзе мой крыж? Ці не адмаўляюся проста ад яго, ці не пакідаю, ці не стаўлю ўбок?Ці не хачу ад яго ўцячы? Той, Хто з’яўляецца маей дарогаю, бярэ ягона сябе і безупынна нясе наперад. Калі і я вазьму крыж па ўласнай волі, ён станеццалёгкім – “ярмо Маё салодкае, а цяжар Мой лёгкі”. Езус сам нясе мой цяжар на сабе.

5. Укрыжаванне і смерць Езуса на крыжы
Навошта была смерць? Ці Езус не мог збавіць інакш? Бог жа можа ўсё. Аднак жа памірае, адкінуты і прыніжаны! Чаму? Навошта? Памірае, каб мая смерць і смерць маіх блізкіхмела сэнс, каб давяла мяне да неба, да паўнаты жыцця. Жыццё на зямлі толькі пачатак,уступ усапраўднае жыццё. Трэба памерці, каб нарадзіцца нанава. Памерці длястарога чалавека. І гэта сапраўды магчыма, магчыма, бо Езус зрабіў гэта перадамною ідля мяне.
Падрыхтаваў кс. Аляксандр Барыла


28 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы



1. Уваскрасенне Хрыста
Езус ведае, што ўтоена ў нашых сэрцах. Ён таксама ведае і пра нашу заклапочанасць шматлікімі штодзённымі праблемамі. І ў Яго ёсць адказ на нашыя самыя асабістыя патрэбы. Калі мы дазволім Яму паразмаўляць з нашым сэрцам, мы пачуем словы вечнага жыцця, якія нагадваюць нам пра радасць, якая ніколі не скончыцца, якая не мае межаў і якая здольная перамагчы нават смерць.
Пане, дапамажы нам не хавацца за нашымі абмежаваннямі і нашай упэўненасцю. Адары нас пакорай, каб усё больш і больш спадзявацца на Цябе. Дапамажы нам зразумець, што Ты не просіш у нас аб тым, чаго мы не можам зрабіць. Дай нам адчуць, што на працягу ўсяго нашага зямнога шляху Ты адорваеш нас неабходнай сілай і Сваёй рэальнай прысутнасцю, каб мы маглі заўсёды ісці наперад — да дому Айца.
2. Унебаўшэсце Хрыста
Езус, узышоўшы на неба, рыхтуе побач з сабой месца для нас. Нам так патрэбная Яго дапамога, каб распазнаць шлях, які вядзе ў гэтае месца!
Дапамажы нам, Пане, не заблукаць на гэтым шляху і не думаць, што святасць — мэта недасягальная. Чэрпаючы сілы з сакрамэнтаў, з уважлівага слухання Божага слова, мы таксама можам быць святымі, а не нагадваць сабою закамянелых статуй. Займаючы адпаведную пазіцыю ў маральных пытаннях, выбіраючы канкрэтны — евангельскі — стыль жыцця, мы можам ужо цяпер пасмакаваць тое, што “ў сто разоў большае” за зямныя даброты.
3. Спасланне Духа Святога
Калі сустрэча з Езусам з’яўляецца сапраўднай сустрэчай, яна не можа застацца толькі ў нас. Сустрэча з Богам адкрывае нас на ўвесь Сусвет, на іншых людзей, нават на тых, якія адрозніваюцца ад нас. Калі мы гаворым пра Бога ўсім сваім жыццём, без гучных словаў, гэта з’яўляецца найбольш пераканаўчым сведчаннем.
Духу Святы, асвяці кожны наш выбар і кожнае дзеянне, таму што яны з’яўляюцца адлюстраваннем той Любові, якая натхняе нашыя ўчынкі. Толькі з Табой, Духу Святы, у нас ёсць рэальная магчымасць дасягнуць сэрцаў людзей дзеля таго, каб наш уласны вопыт хрысціянскага жыцця стаў для іх таксама сапраўдным і адчувальным у штодзённых рэчах.
4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Матчыны погляд унебаўзятай Найсвяцейшай Панны Марыі суправаджае нас кожны дзень. Праз Яе прыходзіць да нас любоў Яе Міласэрнага Сына ва ўсёй паўнаце. Менавіта ў Марыі мы заўважаем лагоднасць, разуменне, велікадушнасць, — пачуцці маці, якая глядзіць на ўсіх сваіх дзяцей і хоча быць побач з кожным з іх.
Пане, дапамажы нам любіць іншых так, як Марыя. Навучы нас, як Марыя, аднаўляць нашае “так” у кожным жэсце, без шматлікіх слоў. Напоўні нашыя сэрцы даверам да Цябе, каб так, як і Марыя, мы спадзяваліся, што станецца нам паводле Твайго міласэрнага слова, а не паводле нашай убогасці.
5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Марыя, Каралева неба і зямлі, з’яўляецца для нас сапраўдным прыкладам, як пераадолець зло дабром. Яна вучыць усім сваім жыццём, як быць людзьмі, якія кожны дзень прыносяць супакой у свет.
Пане, дапамажы нам, як Марыя, актыўна працаваць дзеля агульнага дабра вялікай чалавечай сям’і. Навучы нас захоўваць кожнае Тваё слова і чыніць тое, чаго Ты жадаеш. Умацуй нас у прагненні не абмяжоўвацца “хрысціянствам па нядзелях”, а быць хрысціянамі Хрыста ва ўсіх жыццёвых падзеях.
Падрыхтаваў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB


29 кастрычніка
Таямніцы святла



1. Хрост Пана Езуса ў Ярдане
«Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І вось голас з нябёсаў прамовіў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў”».
Словы Бога Айца аб’яўляюць людзям годнасць Езуса Хрыста – Сына Божага - Збаўцы Свету. Падчас сакрамэнту хросту такія ж словы Бог Айцец прамовіў над кожным з нас, усынаўляючы нас у Езусе Хрысце. Кожны ахрышчаны (-ая) можа з вялікім гонарам і радасцю сказаць: “Я сын Бога… Я дачка Бога…” Кожны хрысціянін належыць да вялікай Божай сям’і. А хрысціянская “сям’я выяўляе і здзяйсняе супольнасны і сямейны характар Касцёла, як Божай сям’і, у якой кожны паводле ўласнай ролі рэалізуе святарства хросту” (Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла 350).
Бог з’яўляецца Творцам чалавечай сям’і, сям’ я – гэта Божая справа, і толькі Ён ведае, як зрабіць яе шчаслівай. Таму сям’я, якая сваё жыццё будуе на моцным падмурку Божага слова, запаведзяў, сумеснай малітвы, стварае непахісны дом уласнага шчасця.

2. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане

«А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай… І калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: “Не маюць віна”… Сказаў ім Езус: “Напоўніце збаны вадою”… І кажа ім: “Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля”… Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай».
Па запрашэнні маладой пары Хрыстус разам са сваёй Маці бярэ ўдзел у іх вяселлі, сваёй прысутнасцю асвячаючы новапаўсталае сужэнства. Шлюб – гэта запрашэнне Хрыста ў сумеснае жыццё дзвюх кахаючых адно аднаго асобаў, каб Ён асвяціў і ўмацаваў іх любоў сваёй святасцю і любоўю. Марыя ж як Маці клапоціцца праз сваё заступніцтва аб кожнай патрэбе сям’і, якая аддае сваё жыццё і справы Яе абароне.





3. Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання
«Пасля таго як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле”».
Першай і фундаментальнай мэтай кожнай сям’і з’яўляецца імкненне да святасці і збаўлення. Муж і жонка павінны глядзець у адным кірунку, для хрысціянскіх сужэнстваў такім кірункам з’яўляецца Валадарства Божае. Сужэнцы рука аб руку разам ідуць у вечнае жыццё. На гэтым шляху ва ўсёй паўнаце рэалізуецца іх пакліканне да любові.
Гэтая дарога патрабуе ад сям’і бесперапыннага навяртання, каб штодня паўставаць са сваіх грахоў і слабасцяў, пастаянна ўзрастаць у Божай ласцы і хрысціянскай дасканаласці. У гэтай справе муж і жонка з’яўляюцца адно для аднаго першымі памочнікамі і духоўнымі кіраўнікамі.
Сям’я - гэта хатні Касцёл… Касцёл не як будынак, не як установа, але як жывая супольнасць… Бо менавіта ва ўлонні сям'і чалавек нараджаецца і ўзрастае ў веры, вучыцца адкрываць і любіць Бога (пар. Артуро Каттанео, Брак: Дар и Служение…).
4. Перамяненне Пана на гары Табор
«Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае стала бліскучым івельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І з’явіўся імІлля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: “Раббі, добра нам тут быць…” (…) “і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны» (Мк 9, 2-5. 12).
У кожнай сям’і ёсць свае радасныя і хвалебныя моманты. Калі яе члены адчуваюць асаблівую прысутнасць Хрыста ў іх жыцці, калі цешацца адно адным. І гэта вельмі добра, радасці і поспехі, якія перажываюцца супольна, аб’ядноўваюць блізкіх людей. Сям’я становіцца мацнейшай.
Аднак не трэба забываць аб рэальнасці крыжа. Сям’я – гэта таксама крыж цярпення і неразумення, крыж грахоўнасці і недасканаласці сваёй і блізкага чалавека. Хрысціянін рэальна глядзіць на сябе і на любімую асобу. І шчаслівыя тыя сужэнцы, якія, засноўваючы сям’ю, добра ўсведамляюць, што сумеснае жыццё - гэта не толькі хвала, але і крыж. І калі сямейныя крызісы, якіх не так лёгка пазбегнуць, яны будуць вырашаць у святле веры, Божай ласкі і любові, то іх сям’я яшчэ больш з’яднаецца і ўмацуецца.
5. Устанаўленне Эўхарыстыі
«Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: “Бярыце і ешце, гэта Цела Маё”. І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: “Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў”» (Мц 26, 26-28).
Хрыстус – гэта сама Любоў. Любоў, якая дае сябе да канца ў дар кожнаму чалавеку. Найбольшы выраз сваёй Любові Езус праяўляе ў ахвяры Эўхарыстыі, у кожнай святой Камуніі Ён прыходзіць, каб цалкам аддаць сябе чалавеку і адначасова прыняць яго да сябе.
Любоў у сям’і – гэта таксама перадусім ахвяра і дар свайго жыцця любімай асобе і прыняцце, як Езуса ў святой Камуніі, дару з яе жыцця. Жаданне яе дабра, кіраванне ўсіх сваіх сіл на тое, каб блізкі чалавек быў шчаслівым. Такія адносіны паміж сужэнцамі робяць іх самых больш шчаслівымі, бо Пан Езус сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць” (Дз 20, 35).
Сужэнская і сямейная любоў мае сваю крыніцу ў Эўхарыстыі і без яе не можа па-сапраўднаму ўзрастаць. Штонядзельная святая Імша, прынятая ўсімі членамі сям’і святая Камунія развівае і ўмацоўвае іх любоў і ахвярнасць. Сям’я, каб быць трывалай і шчаслівай, павінна жыць у “променях святла” Эўхарыстычнага Езуса.
Падрыхтаваў кс. Аляксандр Сямінскі


30 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса Хрыста ў Садзе Аліўным
Хрыстэ, Ты ведаеш, што на самой справе адбылося з Юдам, таму прашу, адкрый яго грэшны шлях тым, хто сёння яшчэ ўпэўнены ў сваёй праваце і перакананы ў правільнасці свайго жыццёвага выбару, якія спадзяюцца толькі на ўласныя сілы, не разумеючы, што будуюць дамы на пяску (пар. Мц 7, 26). “Без Мябе нічога не можаце зрабіць”(Ян 15, 5).
Паглядзі ласкава на сем’і, якія ўжо даўно не выконваюць сваёй асноўнай ролі ў адносінах да сваіх членаў, да сваіх дзяцей, а значыць і да грамадства. Бо “калі сям’я маральна здаровая, яна нясе маральнасць у іншыя групы грамадства, а таксама ва ўстановы; калі ж сям’я сапсавана, яна заразіць сваёй сапсаванасцю звязанае з ёй асяроддзе” (GuidoVignelli). Паглядзіце на тых, хто на працягу многіх гадоў усімі магчымымі спосабамі падае дрэнны прыклад дзецям сваёй бязбожнасцю; якія такім чынам выхоўваюць патэнцыйных злачынцаў, жулікаў, бандытаў і злодзеяў, бо ў гэтых сем'ях малады чалавек “не з'яўляецца прадуктам абставінаў, але абставіны з'яўляюцца прадуктам [гэтага] чалавека” (Бенджамін Дызраэлі).
Учыні, Пане, каб зразумелі, якая гэта будзе “слізкая” дарога ў будучыню для іх дзяцей, каб дзеці, якія жывуць у дэмаралізаваных сем'ях, не прызвычаіліся да такога ўкладу, не жылі дзеля ўласнай выгоды. Дапамажы бацькам зразумець, што “іх дзеці атрымалі толькі адно дзяцінства”, таму нікому не дазволена яго знішчыць...
2. Бічаванне Езуса
Страшна, што і ў нашыя дні ёсць каты, нядобрасумленныя паслугачы. Тыя, хто здольны на насілле над бліжнімі, над безабароннымі і слабымі, што ў сваю чаргу часта прыводзіць да краху сям'і. Часам здараецца, што яны змагаюцца адзін з адным, і нават забіваюць “з-за рэўнасці або жарсці, з-за розніцы ў меркаваннях, для помсты, матэрыяльнай карысці, з мэтай пазбавіцца ад суперніка, каб перашкодзіць шчасцю іншага або заняць месца ворага... і нават бывае, каб атрымаць задавальненне ад смерці”.
Прашу Цябе, ласкавы Божа, агарні іх сваім позіркам; можа, хоць трохі памякчэюць, можа, ачалавечацца… Можа, задумаюцца над тым, што “першы грэх быў зроблены сярод людзей не выпадковых, чужых ці варожых, але ў сям'і, сярод найбліжэйшых: паміж мужам і жонкай, а таксама паміж братамі”. Няхай паспрабуюць разарваць пераемнасць плямёнаў Каіна, якая прыводзіць у нікуды... Няхай задумаюцца над тым, што “грахі ў сям'і [і іх наступствы] можна адсачыць у папярэдніх пакаленнях (пар. Зых 20, 5-6; Дрг 30, 19). Цыкл перарываецца толькі тады, калі ўлада злога духа будзе зламана, калі будзе ўведзены новы парадак мыслення і дзеянні... [Няхай падумаюць аб тым, што] дзеці, якія выраслі ў атмасферы гневу і насілля, таксама, як правіла, будуць мець схільнасць да расчаравання ў жыцці, якое нясе з сабою гнеў і насілле” (Ніл Лазано)...
Таму прашу Цябе, дапамажы гэтым людзям саступіць як мага хутчэй са злой дарогі і вызвалі іх ад бандыцкай схільнасці. Затым працягні да іх сваю міласэрную руку, каб маглі пазнаць Цябе.
3. Укаранаванне Езуса цернем
Ты ведаеш, Хрыстэ, якія бедныя тыя сем'і, у якіх блізкія гінуць маральна, у якіх адны здзекуюцца з іншых, балюча раняць і зневажаюць адзін аднаго, у якіх “забіваюць” адзін аднаго праз насмешкі, прыдзіркі, халодную атмасферу, часам на працягу многіх гадоў, бо не разумеюць, што такім чынам вядуць дом да краху, сям’ю да распаду і дэмаралізацыі, а самі сябе да дэпрэсіі або псіхічнага захворвання...
Адвядзі ад іх злосць і прагу прыніжэння... Адвядзі схільнасць да знішчэння душы і дазволь ім зразумець, што “чалавек, які быў створаны на вобраз і падабенства Бога, мае годнасць асобы. І не проста з’яўляецца чымсьці, але кімсьці..., здольным пазнаваць сябе, здольным кантраляваць сябе і дабравольна аддаваць сябе, як таксама і ствараць адпаведную супольнасць з іншымі” (ККК 357).
Адары іх таксама ласкаю дабрыні і ўзаемаразумення. Няхай сваім скептыцызмам яны не знішчаць маральных ідэалаў, як запаленую свечку. Няхай не знішчаць іх сваімі насмешкамі, як з чагосьці наіўнага, дурнога, таго, чаго немагчыма рэалізаваць. Няхай не знішчаць іх сваёй крытыкай, расчараваннем. Не дазволь, каб знішчылі ў сабе самыя найлепшыя пачуцці. Няхай не ствараюць вакол сябе халодную атмасферу, якая будзе знішчаць іх. Няхай не разбураюць у сабе самыя прыгожыя мары.
4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
Езу, які перажыў ганьбу на вачах у натоўпу, калі ў канцы дарогі Цябе распранулі і выставілі Тваё аголенае цела на агляд сабраных, - змілуйся, прашу, над сем'ямі, якія гінуць маральна... Праз той боль, які Ты вымушаны быў вынесці: боль ад ганьбы, боль, які пранізваў Цябе аж да костак, калі адрывалі прысохлае да ран адзенне, - прашу Цябе, паглядзі на бессаромных і дэмаралізаваных... Паглядзіце на тых, хто прыносіць у дом аголенасць і скандалы, не клапоцячыся пра дзяцей; на тых, хто выкарыстоўвае ненарматыўную лексіку, даючы дрэнны прыклад маладому пакаленню, і на тых, хто амаль усю сваю дзейнасць зводзіць да сексуальнасці.
Прашу, паглядзі, о Пане, на гэтыя ўжо загінуўшыя сем'і, бо і ў іх ёсць дзеці. “Але яны часта становяцца ахвярамі маральнага прыніжэння ад сваіх блізкіх, якія абавязаны даваць ім прыклад нявіннасці, пабожнасці і пакоры, а якія толькі горшаць іх праз сваё ганебнае жыццё” (PJdoMalgorzatyBalhan). Адкрый ім вочы на тое, што грахі нячыстасці вядуць амаль што да ўсіх астатніх грахоў, таму што паміж грахамі існуе сувязь: адны прыцягваюць да сябе другія…
5. Укрыжаванне і смерць Езуса на крыжы
Хрыстэ, якога на крыжы паілі жоўцю і воцатам, паглядзі на сем’і, дэградаваныя і пагружаныя ў дрэнныя звычкі, на дамы наркаманаў і алкаголікаў, словам, на тых, у каго змененая свядомасць, якія бесклапотна нараджаюць дзяцей, асуджаных на паталагічную “пераемнасць пакаленняў”. Прытулі іх, Божа, да сябе. Паглядзі і на тых, якія кожны дзень даюць дрэнны прыклад сваім дзецям, бо “калі дома вам хлусяць, то ніхто не растлумачыць дзіцяці, што хлусня з'яўляецца грахом”.
Хрыстэ, паглядзі і на тыя сем’і, якія характарызуюцца як “прыстойныя”, але не разумеюць, што і яны сістэматычна, хоть і павольна, ідуць да разбурэння, каб пасля не дзівіліся, як гэта магло здарыцца. Няхай ужо зараз зразумеюць, што “чалавек падае дрэнны прыклад не толькі тады, калі, напрыклад, выкарыстоўвае дрэнныя словы, займаецца рукапрыкладствам, бурна рэагуе, гаворыць дрэнныя рэчы пра сваіх блізкіх... Не толькі тады, але і калі, напрыклад, маці не ідзе ў нядзелю на святую Імшу, а дзеці да гэтага часу былі ўпэўнены, што трэба ў нядзелю хадзіць на святую Імшу. Ці калі родная маці раіць сваёй дачцэ пазбавіцца ад лішніх клопатаў шляхам перарывання цяжарнасці. Ці калі бацька сваім маўчаннем апраўдвае крадзяжы і махлярства сына”.
Паглядзі… Бо Ты ж сам указаў з крыжа сваю вялікую міласэрнасць, кажучы:”Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34). Змілуйся над усімі такімі сем’ямі! Прашу Цябе, адкрый ім вочы!
Падрыхтаваў кс. Юрый Бяганскі


31 кастрычніка
Радасныя таямніцы



Уступ
У Апостальскай адгартацыі “Pastoresdabovobis” святога Папы Яна Паўла ІІ чытаем: “Сям’я павінна далучыцца да справы абуджэння пакліканняў праз перадаванне асноваў веры, навучанне малітве, сакрамэнтальнае жыццё, чуллівасць на прыгажосць, праўду, дабро і зло; праз разуменне бедаў, няшчасцяў і бескарыслівую дапамогу іншым; навучанне культуры паводзінаў і адносінаў з іншымі людзьмі, навучанне клопату аб супольным дабрабыце, а таксама праз адказную і сталую любоў” (PDV 41). Дзякуючы гэтаму сям’я становіцца “першай семінарыяй” (Ян Павел ІІ).
Сёння, разважаючы пра сям’ю спрабуем адкрыць і паразважаць над яе асаблівым заданнем, якое вынікае як плод узаемнай любові сужэнцаў, да выхавання святарскіх і законных пакліканняў сярод сваіх сыноў і дачок.
1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
Для Марыі сустрэча з арханёлам Габрыэлем і сказанае «fiat» стала пачаткам новага этапу ў Яе жыцці. З гэтага моманту Яна насіла пад сваім сэрцам Божага Сына, гарантуючы Яму бяспечнае развіццё ў сваім улонні.
Для многіх бацькоў яшчэ адно дзіця не аднойчы з’яўляецца вялікім выпрабаваннем адказнасці за жыццё і за сказанае Богу “так” у сакрамэнце сужэнства. Толькі ўзаемная любоў сужэнцаў, любоў без абмежаванняў, любоў, якая апярэджвае іх саміх і дапамагае, адкрывае іх на прыняцце Божага плану адносна іх дзіцяці. Бацькі, якія свядома перажываюць сваё сужэнскае “так”, даюць месца дзейнічаць Духу Святому ў пладах сваёй любові – дзецях.
2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
“Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?” (Лк 1, 43).
У кожны час крыніцай Божага паклікання з’яўляецца ініцыятыва неабмежаванай Божай любові, якая ў паўнаце адкрываецца ў Езусе Хрысце. Сужэнцы, адчыняючы дзверы сваёй сям’і ўваходзячай Марыі з Езусам, не перастаюць здзіўляцца, якія “вялікія рэчы чыніць Усемагутны”! У гэтай прасторы здзіўлення Божай любоўю як дар любові нараджаецца і развіваецца кожнае пакліканне. Пакліканне, якое хоча дзяліцца асабістым досведам любові сваёй сям’і з іншымі. Пакліканне, якое пакідае свой дом і ідзе ў далёкую краіну падзяліцца неабсяжнай любоўю з іншымі.
3. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста
Нараджэнне Езуса суправаджае шмат акалічнасцяў, якія маюць небяспечны характар. Умовы, у якіх Марыі прыходзіцца нараджаць Збаўцу свету, былі ўбогімі і небяспечнымі для здароўя немаўляці. Шукаючы ў Святой Сям’і прыклад для сучасных бацькоў, немагчыма прамаўчаць пра адказнасць сям’і за распазнаванне, адкрыццё і ўзрастанне ў дзецях асаблівага паклікання да святарскага і законнага жыцця. Апроч таго, што з’яўляецца духоўным, вельмі ўнутраным і асабістым голасам, гэта, несумненна, звязана са сведчаннем сямейнага жыцця. Выразнае, чыстае ва ўзаемнай любові жыццё бацькоў заўсёды інтрыгуе, правакуе, заахвочвае, штурхае дзіця да таго, каб задаваць пытанні аб яго месцы і пакліканні ў гэтым свеце.
4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
„А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, — як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану” (Лк 2, 22-23).
Складаная гэтая таямніца для сучаснага чалавека, які часта засяроджаны на сабе, да сябе ўсё і адносіць – ставічы сябе ў цэнтры сусвету. Сям’я павінна зразумець, што ўсё, што яна мае, паходзіць ад Бога. І навучыцца Богу ўсё гэта ахвяраваць. Дзіця, прынесенае ў святыню, у добрыя рукі будзе аддадзена. Гатоўнасць бацькі да разважання над Божым планам Збаўлення і адкрытасць сэрца маці на святло Божай ласкі даюць ім разуменне прыгажосці асаблівага паклікання іх сына і дачкі.
5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Палюбіць, зразумець, адшукаць, знайсці, уваскрасіць Езуса ў сваім жыцці магчыма толькі вярнуўшыся ў Святыню. Сям’я, калі хоча адшукаць сваё каханне, павінна вярнуцца ў Святыню. Двух бакоў не дастаткова. У адносінах мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей патрэбны хтосьці іншы. Той, хто ведае і аднаго, і другога, хто разумее і бацьку, і сына, хто аднолькава любіць і маці, і дачку. Нашым адносінам патрэбны Пан Бог. Дзеля гэтага нам трэба ўсцяж вяртацца ў Святыню. Вяртацца тады, калі дзяцей згубілі; але і тады, калі іх не можам адпусціць. Вяртацца, каб знайсці дзяцей дзеля іх саміх і дзеля іх шчасця, іх паклікання.

Заканчэнне
Марыя, Маці і Выхавацельніца пакліканняў да Божай службы! Дапамагай нашым сем’м з радасцю прымаць натхненні Святога Духа і аддана клапаціцца пра развіццё паклікання ў жыцці сваіх сыноў і дачок. Дапамагай і атуляй сэрцы і розум юнакоў і дзяўчат адважна і верна прыняць і выканаць дар і заданне, якія атрымаюць. Навучы іх глядзець на свет Тваімі вачыма і адчуваць яго Тваім сэрцам.
Марыя, Маці і Выхавацельніцца пакліканняў – маліся за нас!
Падрыхтаваў кс. Юзаф Сярпейка

/


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка