16 кастрычніка Балесныя таямніцы




Дата канвертавання17.03.2016
Памер229.55 Kb.

«Сямейны Ружанец»

16 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Бог ёсць любоў і радасць. Таму цярпенні і пакуты зусім Яму чужыя. На гэты раз, аднак, Ён зробіць выключэнне і дазволіць сябе балюча скрыўдзіць, каб людзі ўсіх часоў ведалі, што Бог заўсёды любіць нас і любой цаной. Езус не хоча пакутаваць, але яшчэ больш хоча, каб любоў Бога да чалавека стала відавочнай для ўсіх.
Езус з Гетсіманіі вельмі блізкі ўсім людзей, якія церпяць і пакутуюць. Ён блізкі да людзей, якія пакутуюць ад розных залежнасцяў, і да іх сваякоў, якія сталі сузалежнымі і якія ад гэтага таксама церпяць. Мы ўсе створаныя па вобразу і падабенству Бога, а менавіта для таго, каб любіць і цешыцца жыццём. Жыццё ў пакутах і несправядлівасці становіцца нязносным цяжарам для нас. Некаторыя шукаюць суцяшэння ў алкаголю ці наркотыках. Шчаслівы той, хто ў абліччы цярпення наследуе Езуса, а менавіта размаўляе з Богам Айцом і вучыцца спаўняць Яго волю, навяртаецца і разумней любіць.
Мoлімся за мудрае стаўленне да пакут і да крыўдзіцеляў.

2. Бічаванне Езуса
Бічаванне Езуса з'яўляецца пацвярджэннем таго, якімі жорсткімі могуць быць людзі. Найбольшае цярпенне яны прычыняюць Таму, хто любіць найбольш. Езус, які хадзіў па зямлі, чынячы дабро ўсім, быў адрынуты ўласным народам. Але Ён не пакідае тых, да каго паслаў Яго Айцец. Здраджаны і аддадзены на смерць на крыжы, Ён вырашае заключыць новы і вечны запавет з тымі, хто паверыць у Яго любоўі хто будзе прымаць Яго Евангелле.
Чалавек можа быць жорсткі не толькі да Бога. Усваёй слабасці, напрыклад па прычыне сваёй залежнасці, чалавек можа быць жорсткім для блізкіх, родных, нават для тых, хто хоча любіць і не хоча пакрыўдзіць. Чалавек нешчаслівы і залежны ад розных дрэнных звычак можа яшчэ штосьці - можа крыўдзіць сябе. Часам крыўдзіць сябе сотні, тысячы разоў - напіваючыся, прымаючы наркотыкі, губляючы апошнюю капейку ўазартных гульнях або паддаючыся распусце. Чалавек можа бічаваць сябе і блізкіх, родных. Езус ведае аб гэтым, сам адчуў гэта на сабе, на сваёй скуры. І Ён ведае, як дапамагчы нам, калі наша жыццё - па нашай ці не па нашай віне - становіцца адной чарадой пакутаў.
Пойдзем да Убічаванага з нашай бездапаможнасцю і нашымі ранамі.

3. Укаранаванне Езуса цернем
Салдаты насміхаюцца з Езуса і зневажаюць Яго. Яны накладаюць Яму на галаву цярновы вянок, плюнуць на Яго... Ужо ў Гетсіманскім садзе Езус ведаў, што людзі на гэтай зямлі падрыхтавалі Яму такі лёс. І ўжо там згадзіўся прыняць гэтую страшную цану пакут і прыніжэння, якія цяжка нават уявіць сабе. Ці можа Бог зрабіць яшчэ штосьці большае з любові да чалавека? У сцэне каранавання цернем і прыніжэння зноў мы бачым, што мера Божай любові - гэта любоў без меры.
Кожны з нас можа прыйсці да прыніжанага Езуса, таму што Ён з любоўю глядзіць на тых, хто прыніжаны іншымі. Ён умее любіць таксама тых, хто па сваёй слабасці зневажае сябе. Ён мае міласэрнае сэрца для ўсіх. Яго міласэрнасць не дасягне, аднак, тых, хто неміласэрны да сябе і блізкіх.

4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
Чалавек меў уладу, каб асудзіць Сына Божага на крыж. Але ён не меў ніякай улады, каб прымусіць Езуса ўзяць крыж на свае плечы. Збаўца прыняў крыж добраахвотна і пайшоў з ім на Галготу, каб чалавек ніколі не крыжаваў ні сябе, ні іншых людзей. Хрысціянства - гэта не рэлігія пакуты або пакутніцтва. Наадварот, Хрыстус прыйшоў да нас, каб наша радасць была поўнай, а не для таго, каб наш крыж стаў яшчэ цяжэйшым (пар. Ян 15, 11)

Крыжы, якія мы нясём, - гэта крыжы, якія ў нашай слабасці і грахоўнасці мы накладаем самі сабе або якія накладаюць на нас іншыя людзі. Хрыстус узяў на сябе тое, што Бог не стварыў: грэх, пакуты і смерць. Ён учыніў гэта дзеля таго, каб вызваліць нас ад гэтых крыжоў, якія могуць быць пераадолены, і каб дапамагаць нам мудра несці тыя крыжы, ад якіх на дадзены момант мы не можам быць вызваленыя. Не крыж і не пакуты з'яўляюцца драмай.


Пакутамі і драмай з'яўляецца грэх, залежнасць ад дрэнных звычак, шкода сабе і іншым. Пакута, аднак, магчымасць. Часам у літаральным сэнсе жыццёва. Калі, нягледзячы на пакуты, мы стаім з Хрыстом і навучымся любіць, як Ён, то нават пакуты становяцца магчымасцю росту і ачысткі. Святы Ян Павел ІІ шмат разоў тлумачыў, што нават калі частка нашага жыцця аказваецца шляхам крыжа, то гэты шлях можа быць благаслаўлёным, калі мы не спынім любоў.
Менавіта пад уплывам пакут многія наркаманы пачынаюць гаварыць праўду і прымаюць дапамогу прафесіяналаў або груп падтрымкі. Але дзякуючы цвёрдай любові сваіх блізкіх і родных залежныя задумваюцца і перастаюць блукаць.
Дзякуй Табе, Езу, за тое, што мяне ў гэтым пераконваеш!

5. Укрыжаванне і смерць Езуса
Сын Божы не перастаў любіць нас нават тады, калі злыя людзі прыбілі Яго да крыжа і забілі. Ён палюбіў нас літаральна больш за жыццё. Вар’яцка! Настолькі, што наш лёс стаў для яго важнейшым, чым Яго ўласны. Калі памірае хтосьці з нашых блізкіх, тады пераконваемся,наколькі балючай з'яўляецца смерць, колькі нясе пытанняў і турботы, болю і абурэння, як выпрабоўвае нашу веру, надзею і любоў. Як блізка да нас Сын Божы, які на крыжы ўсклікае: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?" (Мц 27, 46). І ў той жа час як моцна захапляе сваім даверам да Бога: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23, 46).
Ёсць розныя віды смерці. Ёсць смерць не толькі фізічная, але і духоўная. Мы пачынаем паміраць, калі перастаем любіць альбо не адчуваем любові ад нашых родных і блізкіх. Жыццё без любові - гэта агонія чалавека. Але ёсць таксама паміраннедобрае, благаслаўлёнае. Яно адбываецца тады, калі памірае ў нас грэх, слабасць, наіўнасць, эгаізм, залежнасць ці нешта яшчэ, што аддаляе нас ад любові, радасці і жыцця.
Езу, які паміраеш на крыжы за мяне, дапамажы мне, каб і ў мяне памерла ўсё тое, што аддаляе мяне ад Цябе і ад Тваёй любові, бо калі гэта памрэ ўва мне, то зноў пачну хацець жыць!
Падрыхтаваў кс. Алег Грыгаровіч SAC

17 кастрычніка
Ружанец са Святой Сям’ёй



Уступ:
Сёння хочацца прапанаваць малітву на ружанцы, засяроджваючы ўвагу на Святой Сям’і. Можна было шмат разоў чуць, што святы Юзаф – гэта цень Нябеснага Айца. Таксама ён муж Дзевы Марыі і “зямны” бацька Езуса. Разам з Марыяй і Юзафам памолімся ў інтэнцыі каталіцкіх сем’яў Беларусі, каб па прыкладу Святой Сям’і яны заўсёды ўмелі давяраць Богу, нягледзячы на выпрабаванні і спакусы, якія сустракаюць у штодзённым жыцці.
«Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае. … А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў» (1 Кар 13, 4-8. 13).
“Не пакідайце на заўтра дабро, якое можаце зрабіць сёння, таму што заўтра, можа, ужо не будзе часу” (святы Ян Боска). Перад тым, як пачаць ружанцовую малітву, падумайце аб сваіх знаёмых, якія перажываюць крызыс сямейнага жыцця, і ахвяруйце сваю малітву за іх.

1. Юзаф і Марыя – сужэнцы
Малітва аб адзінстве ў сем’ях
Святая Марыя, Маці Беззаганная, Ты, такая далікатная, чулая і пяшчотная жонка, верная і богабаязненная жанчына, будзь прыкладам і падтрымкай для ўсіх хрысціянскіх жонак. Суправаджай іх на сужэнскім шляху, дапамагаючы ім заўсёды быць вернымі свайму пакліканню як жонка і маці. Дапамажы ім заўсёды ставіць Бога на першае месца і перажываць жыццё з любоўю і поўнай самаахвярнасцю.
Святы Юзаф, муж сумленны, чалавек працавіты і мужны, будзь святлом і сілай для ўсіх мужоў. Дапамажы ім быць вернымі спадарожнікамі, выдатнымі бацькамі і пабожнымі хрысціянамі. З Марыяй дапамажы ўсім сем'ям заставацца з'яднанымі ў вернасці і пашане, здольнымі весці дыялог і прабачаць бескарысліва, жыць у супакоі і любові.


2. Нараджэнне Езуса
Малітва за бацькоў, каб былі прыкладам сваім дзецям
Святая Марыя, Ты, што мела радасць трымаць у сваіх руках любага Езуса, прытуляючы да сэрца і бачачы, як Ён узрастае ў святасці і мудрасці, заступіся за ўсе шлюбныя пары, каб усе яны маглі перажываць радасць нараджэння здаровых і добрых дзяцей. Абараняй усіх дзяцей, вядзі іх па шляху жыцця. Выпрасі ў Бога нястомную абарону для іх і запалі ў іх сэрцах цвёрдую веру.
Святы Юзаф, зямны бацька Езуса, які заўсёды быў прадбачлівым апекуном Сына Божага, абараняй усіх нашых дзяцей у кожны момант жыцця, асабліва ў час іх дзяцінства і юнацтва.

3. Уцечка Святой Сям'і ў Егіпет
Малітва за складаныя і балючыя моманты, маральныя і матэрыяльныя цяжкасці, якія перажываюць сем’і
Святая Марыя, Ты, якая перажыла боль і цяжкасці ў час уцечкі з Юзэфам і Немаўляткам Езусам, пакідаючы Назарэт, родных і блізкіх, усе каштоўнасці, каб пайсці і жыць у чужой краіне, спадзеючыся толькі на Божы Провід, дапамажы, просім, сем'ям, якія жывуць у страху беспрацоўя, не маюць свайго дому, перажываюць невылечныя хваробы сваіх дзяцей альбо шмат іншых “невырашальных” сітуацый, дапамажы ім жыць той надзеяй, якой Ты жыла ў Егіпце.
Святы Юзаф, які заўсёды клапаціўся аб Святой Сям’і і абараняў ад небяспекі ў кожны момант жыцця, будзь магутным заступнікам усіх нашых сем'яў, дапамагаючы годна перажываць матэрыяльныя выпрабаванні. Дапамажы атрымаць сумленную працу і знайсці годнае рашэнне сваіх эканамічных праблем.

4. Страта і адшуканне Езуса ў святыні
Малітва за ўсіх маладых людзей, якія перажываюць згубленасць і няўпэўненасць
Святая Марыя, Ты, якая спазнала боль страты свайго любага Сына, суцеш сэрцы шматлікіх маці, якія бачаць сваіх дзяцей, згубленых граху або залежных ад наркотыкаў, алкаголю, дрэнных кампаній. Пакіруй збалелымі маці, каб яны змаглі знайсці дарогу, што прывядзе іх дзяцей да выратавання і сапраўднай свабоды. Маці Божая, учыні, каб усе гэтыя маці перажылі радасць навяртання сваіх дзяцей.
Святы Юзаф, будзь апекуном гэтых маладых людзей і пакажы ім сваё магутнае заступніцтва, дапамагаючы ім разарваць путы падману і памылак, у якія яны трапілі, каб зноў змаглі быць сапраўднымі дзецьмі Божымі, свабоднымі ад усялякага зла.

5. Цуд на вяселлі ў Кане Галілейскай
Малітва за ўсе разбітыя сем'і
Святая Марыя, Жанчына, уважлівая да патрэбаў кожнага чалавека, Ты, якая першая заўважаеш патрэбы сужэнцаў у Кане і з лагоднасцю і пакорай просіш Сына ператварыць ваду ў віно, заступайся і сёння, просячы ў Езуса, каб ператварыў у “жывое віно любові” воды грэшнага жыцця многіх сужэнскіх пар, якія перажываюць раскол альбо развод. Запалі нанова ў іх сэрцах моцную ўзаемную любоў адно да аднаго.
Святы Юзаф, верны муж і апякунчы айцец, дапамажы мужчынам і жанчынам аднавіць сужэнскую вернасць, якой было здраджана праз грэх падману і распусты. Дапамажы ім вярнуцца да сваіх сем'яў, каб аднавіць адзінства шлюбнай сувязі.
Святая Сям’я, маліся за нас!
Падрыхтавала с. Ірына Барцэвіч FMA


18 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы



1. Уваскрасенне Хрыста
Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго. (...)”. Яны [жанчыны] выйшлі і пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх і здзіўленне” (Мк 16, 6. 8).
У сямейным жыцці мы так часта больш канцэнтруемся на болю і цярпенні і сумняваемся ў Божай любові і апецы, калі ў дачыненні да нашых бліжніх чыніцца крыўда. Калі хтосьці нам кажа, што ўсё, што адбываецца ў нашым жыцці, мае сэнс – мы не верым.
Звернем увагу на непарушную веру Марыі ва Уваскрасенне Сына. Паразважаем над Яе верай – нават досвед цярпення і смерці Езуса не падарваў Яе ўпэўненасці ў спаўненні Божых прадказанняў.
Папросім Яе аб ласцы веры ў абяцанні Бога. Няхай кожная наша раніца будзе пачынацца малітвай, поўнай даверу, а кожны вечар будзе напоўнены супольнай сямейнай падзякай.

2. Унебаўшэсце Хрыста
Езус узнёсся, і воблака забрала Яго з іхніх вачэй. Калі апосталы пільна ўзіраліся ў неба, як Ён узыходзіў, вось два мужы сталі перад імі ў белым адзенні і сказалі: „(...) Гэты Езус, забраны ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба” (Дз 1, 9-11).
Езус пакінуў на зямлі ўсіх, каго любіў, і пайшоў да Айца. Жыццё кожнага чалавека мае свой пачатак і канец. Хрысціянства – гэта вера надзеі, якая паказвае, што смерць – не роспач, але пачатак новага, вечнага жыцця з Айцом.
Засяродзімся на паставе сэрца Марыі, Сын якой адышоў на неба. Яе пачуцця самоты пасля “страты” найбліжэйшай асобы. Папросім Марыю аб дапамозе ў атрыманні ўпэўненасці, што адыход кагосьці з зямлі – пачатак жыцця вечнага, да якога мы ўсе пакліканы, і пачатак сапраўднага з’яднання любячых сэрцаў.


3. Спасланне Духа Святога
Апосталы сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Езуса, і з братамі Ягонымі. (...) І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. (...) І напоўніліся ўсе Духам Святым” (Дз 1, 14; 2, 2. 4)
Дух Святы – дар Айца, удзелены праз Сына, і гэта працяг Яго Евангелля – апошняя яго старонка запісана з гісторыі Касцёла і кожнага з нас. Пасля Унебаўшэсця Езус не бачны фізічна, але дзякуючы Духу пастаянна бачны ў Касцёле, першай ячэйкай якога з’яўляецца сям’я. Бацька і маці для сваіх дзяцей у сям’і – як Марыя і апосталы для Касцёла, які нараджаўся ў Вячэрніку, - павінны быць прыкладам вернага трывання з Богам у Духу Святым.
Папросім Марыю, каб навучыла нас маліцца так, каб наша малітва заклікала неба, і жыць так, каб нашы сем’і былі знакам любові Бога на зямлі.

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі яе, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак” (Aп 12, 1).
Дух Святы дапоўніў у Марыі тое, што пачаў пры Яе зачацці. Беззаганная – вольная ад першароднага граху – узята з целам і душой на неба. Пасля спаслання Духа Святога Марыя, безумоўна, адыграла важную ролю ў першым Касцёле, і Ён зрабіў Яе Каралевай апосталаў і ўзнёс Яе да хвалы ўваскрослага цела.
Марыя – першая адкупленая, Марыя – першая сведка жыцця Езуса, Марыя – першая верная Езусу пад крыжам, Марыя – першая веруючая – становіцца першай удзельніцай у хвале нябеснага жыцця. Гэта дапамагае нам усвядоміць, што кожнае Божае абяцанне ў свой час споўніцца.
Папросім Марыю аб дапамозе ў нашым імкненні да святасці. Папросім, каб нашы сем’і, напоўненыя Духам Святым, былі крыніцай новых вялікіх святых Касцёла.

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі як Каралевы неба і зямлі – сімвалічны вобраз, за якім крыецца рэальная праўда веры. Жыццё Марыі паказвае нам, да якой мэты мы скіроўваемся, дзе наш дом. Свет і час без цярпення, з перамененым дзякуючы ўваскрасенню, хвалебным целам, у поўнай камуніі з Богам. Камуніі з паўнатой бяспекі, спаўненнем прагі любові. Гэта будзе час будавання адносін з бліжнімі і поўнага паяднання. Аднак гэта не будзе той рэчаіснасцю, якая нам вядома па цукровых абразках, з воблачкамі і анёльчыкамі. Гэта будзе час абсалютнага заспакаення прагненняў душы.
Каб адказаць на пытанне, як выглядае неба, трэба звярнуцца да таго, па чым сумуе наша сэрца веры. Ці хочам мы ўбачыць твар Езуса? Ці маем жаданне размовы з Марыяй і святымі, нашымі роднымі і продкамі? Усё гэта будзе заспакоена моцай любові Бога Айца, моцай перамогі крыжа Езуса Хрыста і моцай жыцця, удзеленага Духам Святым.
Папросім Марыю, каб дапамагла нам зразумець, па чым сумуе наша сэрца і што з’яўляецца нашым прагненнем веры.
Падрыхтавала с. Алена Пляхімовіч ZCMN

19 кастрычніка
Радасныя таямніцы



1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”.
Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.І сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца”. І сказала Марыя анёлу: “Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?” Анёл сказаў Ёй у адказ: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага”. Тады Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. І адышоў ад Яе анёл” (Лк 1, 26-38).
Марыя цалкам даверылася Богу. Ён стаўся Яе адзінай мэтай жыцця – Яна ж сталася новай Евай. Не паўтарыла драмы першароднага граху, не схавалася, не зачынілася ад Божай волі праз сваю няўпэўненасць ці сумненні, але аддалася цалкам сама і прысвяціла сваё жыццё Божаму кіраўніцтву і плану.

2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: “Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам” (Лк 1, 39-45).
Марыя нагадвае нам, што вера без учынкаў мёртвая. Хрысціянская вера – гэта не толькі прыняцце факту, што Бог існуе і што Ён ёсць Любоў. Гэта таксама мудры і ахвярны клопат пра тых, якія маюць патрэбу ў нашай прысутнасці і дапамозе, словах і ўчынках дарослай любові.

3. Нараджэнне Езуса Хрыста
У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А каліяныбылі там, надышоўЁй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайгопершароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было іммесца ў заездзе.
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях” (Лк 2, 1-12).
У Езусе Хрысце нябачная любоў Бога становіцца бачнаю, каб мы маглі паверыць у яе без ваганняў і сумненняў. Верыць для хрысціяніна – гэта значыць паверыць у Любоў, аддаць сябе гэтай Любові, кіравацца ёю ў сваім жыцці асабістым, сямейным і грамадскім.

4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, — як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; —і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
І вось, быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў: “Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народу Твайго Ізраэля”.
А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: “Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў”.
Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы. Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема” (Лк 2, 22-38).
Плённая вера патрабуе ад нас штодзённа ахвяроўваць штосьці ад сябе Богу: наш час, нашу прысутнасць, нашу любоў і клопаты, цярпенні і радасці, тое, кім з’яўляемся самі. Верыць – гэта азначае захоўваць вернасць Богу і ў тыя моманты, калі пройдзе праз нашу душу меч цярпенняў і выпрабаванняў, заставацца адданымі Богу да рэшты.

5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. I кaлі Яму былoдвaнaццaць гaдoў, яны ўзышлі ў Ерузaлем пaвoдле звычaю святa. Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, зaстaўся Хлопец Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. Думaючы, штo Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo. I пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. А ўсе, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягo. I, убaчыўшы Яго, яны здзiвiліся, i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: «Дзіця, чаму Ты зрaбiў нaм тaк? Вoсь бацька Твoй i Я балюча перажывалі, шукaючы Цябе». Ён скaзaў iм: “Чaгo ж вы шукaлі Мяне? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?” Aле яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм.
І ён пaйшoў з iмi, і прыйшoў у Нaзaрэт, i быў паслухмяны iм. А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей” (Лк 2, 41-52).
Верыць – гэта таксама разумець, што, калі Бог мне здаецца далёкім, незразумелым, згубленым, то гэта азначае, што я апынуўся далёка ад Яго. Трэба Яго шукаць у святыні, навяртацца да Айца і да паяднання з Ім, да Яго праўды і любові.
Падрыхтаваў кс. Сяргей Сурыновіч


20 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Уяві сабе, што бачыш Пана нашага Езуса, які моліцца ў садзе Аліўным, і ў цяжкім болю з Яго сцякае крывавы пот... Пасля ўстанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, пасля паслання апосталаў і пасля апошняй малітвы Езус пайшоў на даўжэйшую малітву. Гэта прыклад для нас усіх, таксама і для мяне, каб у моманты важныя і цяжкія ўмацоўвацца малітвай.
Упаў на калені ў смутку. Што было прычынай смутку Езуса? Грахі чалавецтва, якія Ён узяў на сябе.

2. Бічаванне Езуса
Уяві сабе, што бачыш Пана нашага Езуса, прывязанага да слупа па загадзе Пілата і бічаванага. Сярод страшных зняваг прывялі Езуса на суд, які Найсвяцейшага і Бязвіннага асудзіў на смерць. Цэлую ноч з Езуса здзекваліся, прыносячы смяротны боль, але яшчэ большы боль прынесла здрада Пятра, які раней казаў, што пойдзе за Ім нават на смерць.
Сорамна, але і я часамі ў боязі перад людзьмі паступаю падобна. Але ад гэтага моманту будзе інакш...

3. Укаранаванне Езуса цернем
Уяві сабе, што бачыш Пана нашага Езуса, які сядзіць на камені ў Пілата з цярнёвай каронай на галаве. Людзі здекваюцца, крычаць абразлівыя словы.
Няхай гэты момант навучыць мяне спачуванню і гарачай адданасці Езусу, бо гэтыя мукі Ён цярпеў за мяне, каб я быў вольны ад граху...

4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
Уяві сабе, што бачыш Пана нашага Езуса, які нясе крыж на Кальварыю. Збаўца свету ўзяў на свае плечы крыж і прыціснуў яго да сэрца, складаючы падзяку Айцу Нябеснаму за адкупленне чалавецтва, якое зараз здзейсніцца.
Я таксама дзякую Табе, Езу, за ўсе мае крыжы, бо яны паходзяць ад Твайго Сэрца, поўнага любові,каб асвяціць маю душу...

5. Укрыжаванне і смерць Езуса
Уяві сабе, што бачыш Пана нашага Езуса, які памірае на крыжы, чуеш апошнія Яго словы і бачыш адкрытую рану Яго сэрца.
Добры Езу, праз Твае святыя раны прашу Цябе: калі мае грэшныя рукі ўзнясуцца да неба, няхай будуць выслуханы мае просьбы; колькі крокаў зраблю я ў бок справаў нябесных, няхай будзе для мяне столькі заслугаў, колькі патрэбна, каб дайсці да неба...
Падрыхтаваў кс. Яўгеній Эйсмант SAC


21 кастрычніка
Хвалебныя таямніцы

Хвалебныя таямніцы - гэта напамін, што Бог усемагутны, што Яму належыць усялякая ўлада на зямлі і на небе.



1. Уваскрасенне Хрыста
Грабніца пустая… Хрыстус уваскрос! Любоў аказваецца найвялікшай сілай усусвеце. Яе немагчыма зачыніць ні ў магіле, ні ў мінулым. Кожны чалавек быў запрошаны да ўдзелу ва Уваскрасенні Хрыста. Як? Наследуючы Езуса ў нясенні крыжа і паміраючы разам з Ім. Бо, калі паміраем з Ім, з Ім і жыць будзем. Таямніца Уваскрасення з'яўляецца выразам неспазнанай любові Бога да чалавека.
Марыя, прасі свайго Сына, каб умацаваў нашы крокі на Яго сцежках. Памолімся аб веры ў перамогу дабра і любові ў нашых сем'ях.

2. Унебаўшэсце Хрыста
Езус узыходзіць на неба, пакідаючы Касцёл у руках Апосталаў, у нашых руках. Хоча, каб мы поўнасцю ўзялі на сябе адказнасць за жыццё. Проста нам давярае. Ён не апісвае неба, але вучыць нас дарозе да неба праз зямны шлях. Ён раіць нам жыць так, каб Яго валадарства было відаць ужо цяпер. І дае абяцанне: “Я буду з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету”.
Знаходзячыся ў Яго любові, будзем абвяшчаць Евангелле Жыцця і памолімся, каб маладыя людзі адкідвалі спакусу жыць у свабодных саюзах і будавалі сваю сям'ю на вернай любові ў сакрамэнце шлюбу.

3. Спасланне Духа Святога
У дзень Пяцідзясятніцы “знаходзіліся ЎСЕ РАЗАМ на тымжа месцы”. Святы Дух сыходзіць на Марыю і Апосталаў. Дае і нам усю сваю мудрасць, і мы ўзрастаем з усім Касцёлам, дзякуючы дапамозе Святога Духа. Да нас былі звернуты словы: “Ідзіце па ўсім свеце, каб абвяшчаць Евангелле”. Як жа моцна патрэбны нам сёння Дух Езусавай мудрасці, мужнасці, святасці і разважлівасці.
Ці жыву я ў чаканні Святога Духа, дзелячы жыццё з маімі братамі, сям'ёй, супольнасцю?
Памолімся, просячы аб дарах Святога Духа.

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Марыя была дадзена Езусу Богам як Маці. Яна была з Ім праз усё Яго зямное жыццё і да канца засталася верная свайму пакліканню і атрыманай ласцы. Езус хацеў, каб Яна прабывала назаўсёды там, дзе Ён ёсць. Яна заснула і адначасова перайшла да хвалы Унебаўзяцця з душой і целам. Марыя з'яўляецца для нас верным знакам надзеі і ўпэўненасці ў тым, што Богу мы можам даверыць усё: наша мінулае, сучаснасць і будучыню.
Марыя, вядзі нас па слядах Твайго Сына, каб мы выконвалі нашы заданні ва ўмацаванні сям'і, каб яна была аазісам жыцця і любові.

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Валадарства Марыі дае любоў і апеку тым, для каго Яна стала Маці, а гэта значыць, для кожнага чалавека. Як Каралева, Марыя пастаянна клапоціцца аб тым, каб ніхто з адкупленых Яе Сынам не загінуў, а дайшоў да паўнаты вечнага жыцця.
Марыя атрымала перамогу. Перамагла грэх і смерць, а таксама чалавечую слабасць. Яна паказвае дарогу і просіць для нас ласку пастаяннага навяртання да дабра, ісціны, прыгажосці, любові і жыцця.
Марыя, наша Маці і Каралева, Каралева святога Ружанца, Каралева свету, вядзі нас бяспечна да свайго Сына.
Падрыхтаваў а. Анджэй Ядкоўскі CSsR


22 кастрычніка
Таямніцы святла



1. Хрост Езуса ў Ярдане
Хрост – гэта не толькі важная падзея ў жыцці дзіцяці. Гэта сакрамэнт, які збліжае ўсіх членаў сям’і. На хрысціны збіраюцца ўсе,але не ўсе разумеюць глыбокі сэнс хросту. Хрост – гэта не толькі абрад ачышчэння дзіцяці ад першароднага граху. Гэта яго ўдзел у смерці Хрыста, каб яно магло стаць удзельнікам Яго жыцця (пар.Рым 6, 3-4).
Хрысціянін падчас хросту перажывае новыя народзіны, народзіны да жыцця вечнага. Дзіця становіцца “новым чалавекам” у Хрысце, радыкальна змяняецца стан яго душы. І менавіта гэты момант з’яўляецца інтэгруючым для супольнасці сям’і. Калі кожны член сям’і прыгадае, да чаго ён пакліканы праз гэты сакрамэнт, а таксама тыя абяцанні, якія складалі яго бацькі падчас хросту, тады ён мае магчымасць змяніцца, стаць “новым чалавекам”, які адкідвае грэх і супрацоўнічае з Божай ласкай. Такі чалавек яднаецца з іншымі не толькі праз сваю прысутнасць падчас хросту, але праз Хрыста – Галаву Містычнага Цела, Касцёла, –які, будучы бязгрэшным, прыняў хрост у Ярдане дзеля паяднання ўсіх нас з Богам і людзьмі.

2. Езус аб'яўляе сябе на вяселлі ў Кане
Езус не адгароджвае сябе ад іншых людзей. Разам з імі падзяляе радасць новага сужэнскага саюзу. Запрошаны на вяселле, Ён бачыць, як гэтая радасць раптоўна ператвараецца ў адчай. Адкуль дастаць віна, прычым шмат віна? На дапамогу прыходзіць Езус. Ён перамяняе звычайную ваду, налітую ў каменныя пасудзіны для габрэйскіх ачышчэнняў, у якаснае віно, якое весяліць сэрца. Вяселле ўратавана. Для ўсіх прысутных гэта цуд, а для Езуса?..
Здаецца, для Яго гэта штосьці большае, чым цуд. Праз гэтую падзею Хрыстус хоча паказаць нам, што сям’я засноўваецца на сужэнстве. Калі муж ці жонка падае на развод, распадаецца ўся сям’я, церпяць дзеці і самі сужэнцы.
Сужэнства – непарыўны саюз. Аднак развод часта здаецца мужу і жонцы адзіным выйсцем з сужэнскага крызісу. І гэта вялікая памылка. Бо калі цяжар сумеснага жыцця, непаразуменні, нялёгкія выпрабаванні, хвароба ці іншыя цяжкасці здаюцца сужэнцам нязноснымі, яны павінны прынесці іх Езусу, бо толькі Ён здольны перамяніць усё гэта ў віно радасці, любові і супакою сэрца.

3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
Задачай Езуса на зямлі было абвяшчэнне Евангелля, Добрай Навіны аб збаўленні. Для гэтага Ён быў пасланы Айцом. Настаўнік з Назарэта разам са сваімі вучнямі пераадольвалі велізарныя дыстанцыі, каб кожны мог пачуць праўду і быць збаўленым.
Задачай сучаснай сям’і і сужэнства з’яўляецца працяг місіі Езуса на зямлі – абвяшчэнне Божай праўды перад абліччам той хлусні, якую штодзённа прапануе нам свет. Сям’я – гэта асноўная ячэйка грамадства,якая павінна адстойваць у сучасным свеце праўду аб тым, што толькі непарыўны саюз мужчыны і жанчыны можна назваць сужэнствам, што жыццё ў “свабодным саюзе” або іншыя формы чужаложства робяць людзей нешчаслівымі, што аборт – гэта забойства нявінных людзей, за якое трэба адказаць перад Богам. Але каб праўда Божая была пачута, сужэнцам трэба самім,будучы прыкладам для іншых, жыць паводле Божай праўды і праз гэта быць Хрыстовымі абвяшчальнікамі Евангелля.

4. Перамяненне Езуса на гары Табор
Сцэна перамянення Пана прыводзіць нас разам з Езусам і трыма Апосталамі на гару Табор. Падчас гэтай незвычайнай падзеі мы чуем пасланне Нябеснага Айца: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце”. Яно адносіцца не толькі да Апосталаў, але і да кожнага з нас. На жаль, часта мы забываемся слухаць Езуса… Ён чакае нас кожную нядзелю і свята ў касцёле. А вельмі часта дзіця адсутнічае ў касцёле, таму што бацькі замест святой Імшы выбіраюць уікенд на прыродзе, працу ў вёсцы, адпачынак перад экранам тэлевізара або камп’ютара... Няма каму заахвоціць, даць добры прыклад. Гэтак жа і з урокамі рэлігіі. Многія бацькі лічаць, што катэхізацыя патрэбна толькі да моманту прыняцця Першай святой Камуніі. І таму дзіця не ведае праўдаў веры, становіцца бязграматным у рэлігійным плане, не мае магчымасці сустрэцца з Езусам на катэхезе. Але і ўзровень рэлігійных ведаў бацькоў вельмі часта пакідае жадаць лепшага. Гэта здараецца таму, што нашы сем’і недастаткова клапоцяцца пра ўзрастанне веры. Многім патрэбна грунтоўнае перамяненне мыслення, каб выбіраць Бога, слухаць Яго, і так, выконваючы волю Божую ў жыцці, ісці шляхам збаўлення.


5. Устанаўленне Эўхарыстыі
Хрыстус, сабраўшы вакол сябе Апосталаў, перад сваёй мукай і смерцю ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі. Ён пакінуў нам самога сябе ў сваім Целе і Крыві. Гэты сакрамэнт наш Пан даверыў цэлебраваць аж да сканчэння вякоў біскупам і святарам. Святар, узяты ад людзей, устаноўлены таксама для людзей у справах, якія адносяцца да Бога (пар. Гбр 5,1). Гэта значыць, што святары не падаюць з неба. Для таго, каб нежанаты мужчына стаў святаром, патрэбна фармаванне яго ў школе Хрыста, якой з’яўляецца вышэйшая духоўная семінарыя.
Аднак першай семінарыяй для яго з’яўляецца сям’я, супольнасць любові, у якой малады чалавек вучыцца служыць бліжнім, гэта значыць штодзённа ахвяраваць свой час, сілы, здольнасці для дабра іншых людзей. І вельмі дрэнна, калі бацькі супраціўляюцца выбару свайго сына, не падтрымліваюць яго малітоўна і фінансава, а нават чыняць усё, каб ён стаў тым, кім яны яго хочуць бачыць. Тады яны супраціўляюцца самому Езусу, Пану жніва. Таму няхай кожная сям’я стане супольнасцю малітвы аб новых святарскіх пакліканнях.
Падрыхтаваў кс. Павел Эйсмант


23 кастрычніка
Балесныя таямніцы



1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным
Святы Тамаш з Аквіна сцвярджае, што малітва – гэта ўзнясенне розуму і сэрца да Бога. Прасцей кажучы, малітва – гэта размова з Богам.
Сутнасць малітвы найбольш поўна была аб’яўлена нам у Езусе Хрысце. Сын Божы, які стаў Сынам Панны Марыі, вучыўся маліцца ад Яе і ад свайго апекуна, святога Юзафа.
Сям’я з’яўляецца першай школай малітвы і хрысціянскіх цнотаў, месцам першага абвяшчэння веры дзецям.
Памолімся ў гэтай таямніцы, каб у нашых сем’ях бацькі былі прыкладам веры і малітвы для сваіх дзяцей.

2. Бічаванне Езуса
Гармонія сужэнскага саюзу залежыць ад таго, як мужчына і жанчына ўспрымаюць сваю ўзаемадапаўняльнасць, узаемныя патрэбы і падтрымку.
Сям’я – маленькі “хатні Касцёл”, і Езус жадае быць у кожнай сям’і і благаслаўляць яе. Плёнам сакрамэнту сужэнства з’яўляецца адмысловая ласка, якую Бог удзяляе сужэнскай пары. Дзякуючы ёй сужэнцы могуць падтрымліваць адно аднаго, захаваць вернасць, прыняць патомства і выхаваць яго.
Памолімся, каб любоў, умацаваная ўзаемным даверам і перадусім асвечаная сакрамэнтам Хрыста, непарушна захоўвала нашыя сем’і ў фізічнай і духоўнай вернасці ў шчасці і няшчасці.

3. Укаранаванне Езуса цернем.
Па самой сваёй прыродзе сужэнская любоў накіравана на нараджэнне і выхаванне дзяцей, што з’яўляецца яе вянцом. Таму павага да гэтай любові загадвае мужу і жонцы не пазбягаць патомства, але быць гатовымі да супрацоўніцтва з Творцам, які заклікае да жыцця новыя чалавечыя істоты. Сужэнская плоднасць з’яўляецца істотнай прыкметай сужэнства. Пры выключэнні яе скажаюцца сэнс і мэта сужэнскага саюзу.
Памолімся ў гэтай таямніцы, каб нашыя сем’і былі адкрытыя на прыняцце патомства.

4. Езус нясе Крыж на гару Кальварыйскую
Хрысціянскія сужэнцы не толькі дапамагаюць адно аднаму на шляху да святасці, але і становяцца знакам і прыладаю любові Хрыста ў свеце. Бог ёсць любоў! Верце, калі вам добра і калі дрэнна! Абудзіце ў сабе надзею! Няхай гэтая надзея дасць плён захавання вернасці Богу ў любых выпрабаваннях.
Памолімся, каб сужэнцы, якія сваім жыццём пакліканы да таго, каб быць сведкамі і веснікамі рэлігійнай сутнасці сужэнства, верна спаўнялі сваё пакліканне.

5. Укрыжаванне і смерць Езуса
З сужэнскай любові Хрыста да Касцёла, якая выяўляе сваю паўнату ў ахвяры, што адбылася на Крыжы, вынікае сакрамэнтальны характар сужэнства і ласка, якая робіць любоў сужэнцаў падобнай да любові Хрыста да Касцёла.
Сужэнцы, створаныя паводле вобразу жывога Бога, няхай будуць паяднаныя аднолькавым пачуццём, падобнай думкай і супольнай святасцю, каб, ідучы за Хрыстом, праз радасці і ахвяры свайго паклікання, праз сваю верную любоў станавіліся сведкамі той таямніцы любові, якую Пан адкрыў свету сваёй смерцю і ўваскрасеннем.
Падрыхтаваў семінарыст Раман Вайцяховiч

/


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка