1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка8/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Неўзабаве, як піша той самы Miechovius (fol. 107, cap. 27), князь Святаслаў чарнігаўскі, рухомы зайздрасцю, сабраўшы вялікае войска, пайшоў вайной на Яраслава Ізяславіча, манарха кіеўскага, і нечакана ўзяў яго ў аблогу ў Кіеве. Калі ж Яраслаў Ізяславіч, не пакладаючыся на абарону, уцёк з замка, Святаслаў чарнігаўскі захапіў Кіеў; зняволіўшы там Ізяслававу жонку з малым сынам і рыцарствам, пабраўшы ўсе ягоныя скарбы, адправіў у Чарнігаў, пакінуўшы Кіеў спустошаным і абабраным з усіх каштоўных рэчаў.

А Яраслаў Ізяславіч, прагнаны кіеўскі манарх, прыехаўшы ў Кіеў з двума Расціслававымі ўнукамі і рыцарскімі палкамі, пазбавіў заможнейшых мяшчанаў і мітрапаліта, уладык, архімандрытаў, ігуменаў, чарнцоў, чарніц і ўсіх папоў маёмасці і скарбаў, усклаўшы на іх пакрыццё шкоды, прычыненай яму князем Святаславам чарнігаўскім. А для выкупу Святаславам жонкі з сынамі і зняволенага рыцарства абклаў кіянаў вялікімі падаткамі, а некаторых прадаў. Хочучы адпомсціць за свае шкоды, узяў у аблогу і Святаслава ў Чарнігаве, а калі не змог захапіць, учыніў з ім замірэнне. Затым, у 1184 годзе, Яраслаў Ізяславіч памёр, а пасля яго на кіеўскі сталец заступіў князь Святаслаў чарнігаўскі. Таксама і Ўсевалад пачаў панаваць ва Ўладзімірскім княстве пасля свайго брата Міхаіла, які ў тым жа вышэйназваным годзе, месяца чэрвеня 14 дня, памёр. Тады ж растоўскі князь Мсціслаў Расціславіч, хочучы выгнаць Усевалада з Уладзіміра, сабраў немалое войска з растоўцаў і полаўцаў, а Ўсевалад – супраць яго. І калі сышліся, нанёс князь Усевалад паразу Мсціславу і растоўцам, і з той перамогай адразу ж рушыў на князя Глеба разанскага, маючы ў дапамогу Алега і Ўладзіміра, двух сыноў кіеўскага самаўладцы Святаслава, і свайго сына Ўладзіміра Глебавіча, князя пераяслаўскага. Даведаўшыся пра тое, князь Глеб разанскі па мудрай парадзе вырашыў апярэдзіць Усевалада з вайной. Сабраўшы сваіх людзей і полаўцаў у дапамогу, уварваўся ва Ўсеваладава Ўладзімірскае княства, не жадаючы чакаць непрыяцеля ва ўласным доме. Таму князь Усевалад, які ўжо быў пад Разанню, мусіў, ратуючы сваіх, вярнуцца назад. І калі сышоўся ў вялікай бітве з князем Глебам разанскім і полаўцамі ў сваёй зямлі, нанёс паразу непрыяцельскаму войску, а самога Глеба разанскага, захапіўшы, замучыў пасля перамогі ў цямніцы, а двух сыноў ягоных – князёў Мсціслава і Яраполка – асляпіў. Таксама, як язычнікаў, пасцінаў, замучыў і знішчыў усіх захопленых полаўцаў; іншых – разанцаў і памагатых рускіх князёў – адпусціў з мірам.



ПРА ЎСОБІЦЫ Ў ГАЛІЦКІМ КНЯСТВЕ
Будучы пасаджаны польскім князем Казімірам на бацькоўскае княжанне пасля тае выйгранае бітвы пад Галічам, галіцкі князь Мсціслаў пачаў жорстка абыходзіцца са сваімі падданымі – русамі. Таму на трэці год, у 1185, яго атруцілі. Паслалі па ягонага брата Ўладзіміра, які быў уцёк пасля прайгранай бітвы ў Венгрыю, каб як мага хутчэй прыбыў на галіцкае княжанне. Усцешаны той радаснай навіной, Уладзімір пайшоў да венгерскага караля Бэлы, просячы ў таго дапамогі рыцарствам, коньмі і грашыма, дзякуючы чаму змог бы вярнуць бацькоўскую дзяржаву і даць адпор польскаму каралю Казіміру. Даведаўшыся пра тое, венгерскі кароль Бэла не толькі не даў яму дапамогі, але і самога Ўладзіміра кінуў у цямніцу, а на Галіч адправіў з войскам свайго сына Андрэя, каб як мага хутчэй заняў замак. Той схлусіў, што Ўладзімір, баючыся небяспекі, выслаў яго наперад, а сам, быццам бы, цягнецца ззаду, і быў упушчаны ў галіцкі замак на вялікую радасць усіх русаў. Заняўшы такім чынам замак, венгерскі каралевіч Андрэй асадзіў яго венграмі, змушаючы русаў прысягаць яму на вернасць. Калі ж хто адмаўляўся прысягаць, таго кідаў у вязніцу, выганяў, адбіраў урады і аддаваў іх сваім венграм, і такім чынам захапіў усю галіцкую дзяржаву. А няшчасны Ўладзімір, сапраўдны галіцкі дзедзіч, бачачы, што ён яўна і падступным чынам ашуканы, ужо амаль два гады прабыўшы на загад венгерскага караля Бэлы ў вязніцы, падкупіў падарункамі і абяцаннямі сваіх ахоўнікаў-венграў і разам з імі, ваяводамі і таварышамі з’явіўся пад Галічам, аднак замка здабыць не змог, паколькі венгры добра яго ахоўвалі. Затым нечакана збегліся і з’ехаліся да яго, як свайго дзедзічнага пана, русы; і з імі пачаў ён руйнаваць суседнія княствы, робячы наезды і выводзячы палон. Не могучы таго стрываць, польскі манарх Казімір з дапамогай свайго гетмана, кракаўскага ваяводы, нанёс паразу драпежнаму войску Ўладзіміра, і той мусіў ратавацца ў гарах, якія раздзяляюць Русь і венгерскае каралеўства. Бачачы, што ўсе яго пакінулі і з усіх бакоў прыціснуты, падаўся ён з пакорай да польскага манарха Казіміра, папярэдне папрасіўшы праз паслоў прабачэння віны і просячы дапамогі ў адабранні Галіцкага княства, сваёй бацькаўшчыны, ад венграў, прысягаючы яму надалей цвёрда захоўваць вернасць і паслухмянасць. Што Казімір, гэты сапраўды святы манарх, і ўчыніў: выявіў да яго сваю ласку і паслаў з ім на здабыванне Галіча польскае войска, над якім паставіў кракаўскага ваяводу Мікалая. Ахвотна прыбыло таксама да яго, як дзедзіча, немалое войска з усёй рускай дзяржавы. І такім чынам узялі ў аблогу Галіч, які венгры спачатку з натхненнем смела баранілі, штодня спадзеючыся, што венгерскі кароль Бэла прыйдзе з вялікім войскам на дапамогу свайму сыну Андрэю – супраць русі і палякаў. Аднак, спадзеючыся на ўратаванне (акурат як нашы нядаўна ў Лянцкароне), падманутыя і прыціснутыя голадам, здалі замак, абумовіўшы сабе права свабоднага вяртання ў Венгрыю са сваімі рэчамі. Вось так венгры на чале са сваім каралевічам Андрэем былі адправаджаны ў Венгрыю, а князь Уладзімір – да вялікай радасці ўсіх русаў – году ад Нараджэння Госпада Хрыста 1188 уехаў з польскімі палкамі ў бацькоўскую сталіцу, у галіцкі замак. Таго ж часу Саладын, магутны і ваяўнічы сарацынскі кароль, адабраў у хрысціянаў і захапіў Ерусалім пасля таго, як горад 88 гадоў прабыў у руках хрысціянаў. А ў рускіх княствах усё ішло спакойна. Казімір Справядлівы, польскі манарх, у 1194 годзе, склікаўшы для ўсіх станаў – шляхты, духоўных, багатых і бедных – вялікашчодрую і слаўную бяседу ў дзень Святога Готарда, памысна ведучы гаворку з біскупамі ды сваімі прыдворнымі пра несмяротнасць душы і дабраславенства святых пасля смерці (бо на гэтым знаўся), як толькі выпіў – самлеў, упаў і адразу памёр, да вялікага жаху і разгубленага здзіўлення бяседнікаў.

ПРА ПАРАЖЭННЕ ПОЛАЎЦАЎ І РАЗРАБАВАННЕ КІЕВА


Рускія князі, з’ехаўшыся на сойм у Кіеў, вырашылі выступіць на полаўцаў з’яднанымі сіламі. І вось чэрвеня [месяца] дваццатага дня, году Гасподняга 1194, нанеслі паразу велізарным полчышчам полаўцаў, якія пыхліва пакладаліся на сваю моц, і, захапіўшы іхнія шатры і абозы, вярнуліся на Русь з вялікай здабычай, славай і перамогай. Затым Ігар, рускі князь, не здаволіўшыся адной перамогай і прагнучы таксама здабыць славы, выступіў супраць полаўцаў з двума сваімі сынамі і братам Усеваладам Алегавічам, а таксама чарнігаўскім рыцарствам; пераправіўшыся праз раку Дон (альбо Танаіс), задумаў ён вынішчыць усіх полаўцаў. Але полаўцы нечакана напалі на яго вялікімі сіламі і на Доне нанеслі яму такую жорсткую паразу, што ніхто з рускіх войскаў не застаўся ў жывых. Пасля гэтага полаўцы, развіваючы перамогу і ўварваўшыся ў рускія землі пад Пераяслаўлем, спустошылі ўсе замкі на рацэ Суле і вывелі ў свае краі вялікую здабычу. Пра гэта [піша] Miechovius (fol. 114, lib. 3, cap. 29).

Затым, у год Гасподні 1198, калі памёр і быў пахаваны ў царкве Святога Кірыла Чарнігаўскага кіеўскі князь Святаслаў, захапіў кіеўскае княжанне гвалтам князь Рурык Мсціславіч. Але калі з часам быў прагнаны кіянамі, уцёк да полаўцаў і, атрымаўшы ад іх у незлічонай колькасці дапамогу [людзьмі], [месяца] студзеня другога дня разам з Алегавымі сынамі захапіў без адпору кіеўскі замак. Тады ж полаўцы жорстка абрабавалі сабор Святой Сафіі і ўсе астатнія цэрквы і манастыры. Старых і нямоглых каго пасеклі, каго асляпілі, а папоў, чарнцоў і чарніц, баяраў, мяшчан і людзей з жонкамі й дзецьмі павялі ў свае землі ў няволю. Тады ж трапілі ў палон са сваімі рыцарамі князі Мсціслаў Уладзіміравіч і Расціслаў, а Рурык апанаваў разбураны кіеўскі сталец.

ПРА ПАСТАЎЛЕННЕ ПАЛЯКАМІ КНЯЗЯ РАМАНА ЎЛАДЗІМІРСКАГА

НА ГАЛІЦКУЮ ДЗЯРЖАВУ ETC.


У тым самым 1198 годзе ад Нараджэння Госпада Хрыста (паколькі пастаўлены польскім манархам Казімірам на дзяржаву князь Уладзімір галіцкі, не пакінуўшы па сабе нашчадка, памёр), пачаліся новыя ўсобіцы між рускіх князёў, паколькі многія з іх дамагаліся галіцкай дзяржавы, і сярод усіх князёў асабліва Раман, князь уладзімірскі, патрабаваў сабе Галіч паводле дзедзічнага і прыроднага права, паколькі нябожчык Уладзімір даводзіўся яму стрыем. Палякі ж імкнуліся ператварыць Галіцкае княства ў павет польскай манархіі, што кагадзе было зрабілі з Перамышльскага княства. Але паколькі ў той былі занятыя сваёй вайной паміж маладым польскім князем Лешкам Белым і Мечыславам Старым, які імкнуўся выбіць яго з кракаўскай сталіцы, вырашылі аддаць галіцкае княжанне Раману ўладзімірскаму, на той час наймагутнейшаму князю Русі, якому баяліся ў тым не дагадзіць, бо той адразу пачаў бы з русамі вайну супраць палякаў, сілай дабіваючыся Галіча.

І вось польскае войска на чале з гетманам – кракаўскім ваяводам, на далучэнні да якога настояў малады манарх Лешка Белы, сын Казіміра, праводзіла князя Рамана ўладзімірскага ў Галіч. І як толькі заехалі ў галіцкія палі, заступілі ім дарогу ўзброеныя галічане, гатовыя да бітвы, бо разумелі, што палякі хочуць паставіць у Галічы Рамана, тыраніі якога яны баяліся і якога ненавідзелі.

Палякі смела пайшлі на іх і разагналі ўзбунтаваных. Потым прасілі яны ласкі ў польскага манарха Лешка, абяцаючы яму вялікія дары, каб сам панаваў над імі, а князя Рамана не ставіў. Але, не змогшы нічога дабіцца сваімі просьбамі, расчынілі брамы галіцкага замка, дзе на загад Лешка мусілі прынесці князю Раману прысягу на вернасць і паслушэнства, і ён таксама абяцаў ім уладарыць міласціва і справядліва. І быў там узведзены ў княскай шапцы на галіцкі сталец мітрапалітам і ўладыкамі па прынятым цырыманіяле, а Лешка з войскам вярнуўся ў Польшчу.

ПРА ПАРАЖЭННЕ ПОЛАЎЦАЎ І КІЕЎСКІЯ ЎСОБІЦЫ


Рускія князі Рурык кіеўскі, Яраслаў Усеваладавіч пераяслаўскі, Раман Мсціславіч, памятаючы пра частыя крыўды і наезды полаўцаў-язычнікаў, а таксама пра вышэйапісанае жорсткае разрабаванне імі Кіева і манастыроў, сабралі на іх вялікае войска і рушылі ў стэп, дзе тыя мелі свае качэўі. Прыйшоўшы нечакана на полаўцаў, ударылі па іх шатрах (альбо абозах), якія яны называлі вежамі, дзе забілі цьму цьмушчую полаўцаў-язычнікаў з іх дзецьмі і жонкамі, нікога не пашкадаваўшы, і прыцягнулі на Русь вялікую здабычу – вярблюды, коні і розную скаціну, а таксама прывялі вызваленых вязняў-хрысціян. А паколькі Рурык, князь кіеўскі, незадоўга перад тым прывёў быў полаўцаў на спусташэнне рускай зямлі і разрабаванне Кіева, па адабрэнні меншых князёў яго схапіў Раманам Мсціславіч, князь галіцка-ўладзімірскі, і, даставіўшы ў Кіеў, пастрыг разам з жонкай у манахі. А яго схопленых сыноў – Расціслава і Уладзіміра – адправіў у Галіч у вязніцу, адных дачок адпусціў свабодна. Бачачы, што кіеўскі сталец стаіць пусты без князя, князь Святаслаў Мсціславіч захапіў Кіеў, хочучы там панаваць. Але галіцкі князь Раман Мсціславіч, які хацеў менавацца манархам усёй Русі (так пісаўся), прыйшоўшы ў Кіеў, Святаслава Мсціславіча падступным чынам з замка выкінуў, а на кіеўскі сталец пасадзіў Расціслава Рурыкавіча, які быў у яго ў няволі, а яго роднага брата Ўладзіміра выпусціў з вязніцы, хочучы такім чынам павялічыць славу пра сваю магутнасць, ласку, дзеі ды міласэрнасць, а таксама забяспечыць поспех рыхтаванай ваеннай выправы супраць Польшчы. Пра гэта – як перамог Польшчу разам з іншымі рускімі князямі і з літоўскай дапамогай – будзе ніжэй.
пераклад з польскай – Алесь Бразгуноў
© Алесь Бразгуноў, пераклад, 2011

Каментар
[1] Марон – Публій Вергілій Марон (70 – 19 да н.э.), рымскі паэт. Аўтар паэм “Буколікі”, “Георгікі” і гераічнага эпасу “Энеіда”, у якім апісваюцца вандраванні траянца Энея, які лічыўся прабацькам патрыцыянскага роду Юліяў.

[2] Нептун – у рымскай міфалогіі бог мораў і акіянаў.

[3] Арыён – у грэчаскай міфалогіі паляўнічы, які меў чароўнага выжла; Пасейдон надзяліў яго здольнасцю хадзіць па хвалях. Пасля смерці Арыёна багі ператварылі яго ў сузор’е.

[4] Сірыюс – самая вялікая з бачных няўзброеным вокам зорак.

[5] Прыяп – рымскае боства плоднасці; Цэрэра – у рымскай міфалогіі багіня земляробства і ўраджайнасці (грэч. Дэметра); Вакх (рым. Бахус) – у антычнай міфалогіі адно з імёнаў бога вінаградарства Дыёніса.

[6] Трыёны – назва незразумелая.

[7] Гэпіды – германскія плямёны, роднасныя готам, з якім яны прыбылі ў Скандынавію; Готы – усходнегерманскае племя, якое на пачатку І тыс. перасялілася са Скандынавіі на паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У ІІІ ст. падзяліліся на вестготаў, остготаў, малых готаў (Мезія, сучасная Балгарыя) і готаў-тэтраксітаў (Крым). У 357 г. саюз остгоцкіх плямёнаў на чале з конунгам Эрманарыхам быў разбіты гунамі, што дазваляе М. Олаху называць Атылу каралём готаў, пераважная частка якіх пасля паражэння ад гунаў рушыла на Захад (вестготы заснавалі дзяржаву ў Іспаніі, а остготы – у Італіі); Аланы – сармацкае племя, якое паходзіла з перадгор’яў Каўказу. 1 418 г. былі разбітыя вестготамі ў Іспаніі.

[8] Лузітанскі – партугальскі (Лузітанія – рымская назва Партугаліі).

[9] Гадыйскае мора – Гадэская затока (ад назвы г. Гадэс, цяпер – Кадыкс у Іспаніі).

[10] Ахерон – у грэчаскай міфалогіі рака ў падземным царстве, у якую ўпадаюць Пірыфлегетон і Кацыт.

[11] Эол – грэчаскі бог вятроў; Эўр – грэчаская назва першапачаткова ўсходняга, а пазней паўднёва-ўсходняга ветру; Нот – грэчаская назва паўднёвага ветру, які прыносіць туманы і дажджы; Субсалан – рымская назва ўсходняга ветру; Вультурн – рымская назва Эўра; Цырцэй – рымская назва паўночна-заходняга ветру; Цэцый – адна з рымскіх назваў Аквілона, паўночна-ўсходняга ветру.

[12] Афрыкій – рымская назва паўднёва-заходняга або заходне-паўднёва-заходняга ветру; Фландрыя – краіна ў заходняй Еўропе (цяпер Фламандыя, паўночная частка Бельгіі).

[13] Аквілон – паэтычная назва паўночнага ветру ў рымскай паэзіі.

[14] Шкоцкі – шатландскі (ад саманазвы шатландцаў – шкоты/скоты).

[15] Як Эней змог Турнуса ў бітве за дзяржаву // І, Лівінію ўзяўшы, стаў царом па праву – Паводле “Энеіды”, Турнус, кароль рутулаў, прэтэндаваў на руку Лавініі, дачкі лацыйскага караля Лаціна. Пасля таго як Лацін паабяцаў Лавінію Энею, Турнус распачаў вайну і загінуў ад рукі апошняга.

[16] Ромул… з вайны сабінянскайРомул (разам з братам Рэмам) лічыліся легендарнымі заснавальнікамі Рыма. Паводле рымскіх міфаў, паколькі навакольныя плямёны не жадалі аддаваць сваіх жанчын за рымлянаў, Ромул пайшоў на падман: запрасіў плямёны ў Рым на свята Нептуна Конніка. Найбольш прыйшло людзей з племені сабінянаў, жанчын якіх і выкралі Ромул з Рэмам. Неўзабаве сабінянскі цар Ціт Тацый распачаў вайну з Рымам, якая скончылася аб’яднаннем рымлянаў і сабінянаў у адну дзяржаву.

[17] Тытан – адно з імёнаў рымскага бога сонца Феба.

[18] Дытмаршэн – адна з трох правінцый, якія складалі княства Гальштынія на поўначы Германіі.

[19] Прусы, мазуры, ляхі, русы – тут: ваяры з тэрыторыі Ордэна, з Мазавецкага княства, з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

[20] Праз fata – праз лёсы, прадвызначэнні (з лац.).

[21] Зундскія цясніны – Зундскі праліў паміж Балтыйскім і Паўночным марамі.

[22] Курляндскі – тут: размешчаны на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Балтыкі (у Курляндыі).

[23] Restate! – Застаньцеся! Пачакайце! (італ.).

[24] Ką, kur, keip – што, дзе, як (літ.). У М. Стрыйкоўскага далей маецца яшчэ адно слова – kuo (чым).

[25] Энея... // Прыняла ў Карфагене пекная Дыдона – паводле “Энеіды”, царыца Карфагена, якая ў роспачы скончыла жыццё самазабойствам пасля ад’езду Энея, у якога была закаханая.

[26] Проспер, Урсын, Калюмна – імёны рымлянаў, што прыбылі з Палямонам у Літву.

[27] „O, pages sic belli!” – Відаць, “O, paesi belli!”, “О, якія цудоўныя краі!” (італ.).

[28] “Арол”, “Калюмны”, “Ружа”, “Кітаўрас” – распаўсюджаны назвы шляхецкіх гербаў у Польшчы і ВКЛ.

[29] Жэмайційскі – усходне-літоўскі (ад Жэмайція – Усходняя Літва).

[30] si credere opinioni fas est (лац.) – калі можна верыць гэтаму сцвярджэнню.



[31] Інсула (лац.) – выспа, востраў.

I inter parentes (лац.) – паміж іншых.

II ex Lucii… – на падставе Л. Флора, які ў Рымскіх дзеях апісвае грамадзянскую вайну паміж Пампеем і Юліем.

III Quippe – Паколькі Далабэла і Антоній на загад Цэзара занялі затокі Адрыятычнага мора; першы паставіў лагер на ілірыйскім узбярэжжы, другі – на коркірскім. Пампей жа панаваў ужо на вялікіх абшарах мора. Ягоны легат Актавій Лібон акружыў нечакана тых дваіх магутнай арміяй маракоў. Голад вымусіў Антонія здацца.

IV Elevationis – пад 57 градусам геаграфічнай даўжыні.

V in secunda – у другім выданні Хронікі ўсяго свету, с. 238, на чым я грунтуюся

VI sed Polonis – але да палякаў і сарматаў непрыязны

VII Dum enim – паколькі абрады і звычаі якімсьці Геранімам

VIII Vetustates – апісваючы польскія старажытнасці

IX De Ponto – Пантыйскія элегіі. 19. Да Севера.

XI titulo principatus Rugiae… utuntur – тытулам уладальніка Ругіі… карыстаюцца

XII in Paludem Maeotim – у Пантыйскае возера (Азоўскае мора).

XIII per Propontidem – равучым (rwącym) і вузкім ложам ракі Гургіт праз Прапантыду ў Гелеспонт

XIV donum (лац.) – дар, omnipotens (лац.) – усемагутны, bludos (літ.; правільна bliudas) – міска, podos (літ.; правільна puodas) – гаршчок, saltos (літ.; правільна saltas) – пасалоджаны, szunis (літ.; правільна šunis) – сабачка, zergos (літ.; правільна žirgas) – скакун, jodos (літ.; правільна juodas) – чорны, paxtos (літ.; правільна paukštis) – птушка, wista (літ.; правільна višto) – кура, paltos (літ.; правільна paltis) – кавалак.

XV a litore… – ад берага і ад трубы.

XVI A letando – ад суцяшэнне, любата.

XVII temporahonores – о зменлівы час, о звычаі! Я напісаў вершы… гонар (лаўры).

XVIII Hec ex… excerpta – гэта вытрымкі з Длугаша, Вінцэнта Кадлубка, Вапоўскага, Крыцкага, Мацея Мехавіты, Кромера і Бельскага, а таксама, верагодна, з рускіх летапісаў.
1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка