1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка7/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Рускія князі, прагнучы адпомсціць польскаму манарху Балеславу Крываротаму за разбурэнне ўладзімірскіх і іншых рускіх земляў, з’ехаліся ва Уладзімір, раячыся над пачаткам вайны і вальнага рушэння на палякаў. Але Яраполк, князь кіеўскі і ўладзімірскі, угаварыў усіх, што варта ім падумаць, як падманам, а не ў адкрытай вайне, схапіць альбо забіць Балеслава Крываротага, удачлівага і непераможнага ў кожным рыцарскім учынку. Спачатку прагналі князя Яраслава галіцкага за тое, што падтрымліваў зносіны з палякамі і выступаў на баку Балеслава, выдаючы рашэнні і ўчынкі рускіх князёў. Будучы прагнаным, ён прыехаў да Балеслава Крываротага, просячы дапамогі супраць рускіх князёў у вяртанні стальца свайго Галіцкага княства. Неўзабаве пасля гэтага направіў князь Яраполк кіеўскі галічанаў да Балеслава, каб прасілі вярнуць князя іхняга Яраслава ў Галіч, і каб [Балеслаў] аказаў ласку і асабіста яго суправаджаў. Наняў і падрыхтаваў таксама Яраполк да тае здрады венгерскую шляхту, якая жыла на памежжы з Галіцкім княствам; яны, як і галічане, падступна прасілі Балеслава, каб ён суправаджаў Яраслава ў бацькоўскае княства, абяцаючы яму ва ўсім дапамагаць і кажучы, што “усе рускія князі шкадуюць твайго гневу і ўжо хочуць замірыцца з табой у Галічы і прыняць прысягу паслушэнства”. Балеслаў Крывароты – ад прыроды шчыры і легкаверны – адразу паддаўся на тую іх просьбу і – не спадзеючыся здрады – праводзіў Яраслава ў Галіцкае княства. І калі ўжо быў пад Галічам (той замак і горад размешчаны на Днястры, ля сармацкіх гор – Татраў, якія аддзяляюць рускія дзяржавы ад Венгрыі), спачатку віталі яго гатовыя да бою венгерскія палкі, якія, прапусціўшы палякаў, сталі ім з тылу; пасля венграў выехалі і галічане, яны таксама, прапусціўшы палякаў, сталі ў гатовасці ззаду іхняга войска. Бачачы тое, Балеслаў здагадаўся, што трапіў у зманлівыя цянёты; падклікаўшы кракаўскага ваяводу Усябора, гетмана польскіх войскаў, пачаў гаварыць ім пра гэты падман і як яго спраўдзіць. І вось гавораць яны пра тое, аж бачаць: князь Яраполк спешна шыхтуе для бітвы вялікія пярэднія рускія палкі. Толькі тады ў Балеслава не засталося сумнення, што ён падмануты і з усіх бакоў акружаны непрыяцельскім войскам. Аднак вырашыў ён, што лепш памрэ з адвагай, чым сваімі ганебным ўцёкамі аддасць перамогу ў рукі непрыяцеля; пашыхтаваўшы свае палкі супраць венграў, галічанаў і Яраполка, звярнуўшыся – для большай адвагі – да жаўнераў з кароткім словам, ударыў спачатку на рускае войска пад камандаваннем Яраполка. Страшна сышліся і счапіліся абодва бакі. Крык і галас мужоў сягае неба, лунаюць галасы хрыплівых сурмаў і гром гучных бубнаў, зброя трашчыць, коні ржуць, параненыя стогнуць, ціснуць з боку і з тылу: палякі – за жыццё, русы – за перамогу. І ўжо Балеслаў са сваімі вучанымі старымі рыцарамі быў добра ўвагрэў русаў, аж збег ягоны гетман, кракаўскі ваявода Усябор, і, беручы з яго прыклад, разбеглася большая частка польскага войска.

Аднак Балеслаў працягваў мужна бараніцца і даваць адпор русам і венграм са сваёй малой дружынай, сярод якой многія ўжо былі параненыя і стомленыя. А паколькі ўцёкі лічыў ганьбай, не жадаў паміраць, не адпомсціўшы непрыяцелю.

І сталася, што ўпаў пад ім конь, мноствам колатых і стрэляных ран паранены; і нейкі просты, бедны і непрыкметны жаўнер, падняўшы Балеслава, пасадзіў яго на свайго каня, нагадваючы і просячы больш за славу і хвалу сваёй перамогі любіць айчыну і польскае каралеўства ды ратаваць жыццё ўцёкамі да часу лепшай фартуны. Вось так Балеслаў Крывароты, які да таго са шчаслівай перамогай завершыў сорак сем значных польных бітваў, трапіў было ў падманлівыя цянёты і пераможаны русамі, а ад палону альбо забойства быў уратаваны дзельнасцю простага жаўнера, якога потым адарыў вялікімі дарамі і маёмасцю, і сенатарскую годнасць надаў яму і прывілеі, і герб “Навіна” (вушка катла з крыжам) надаў на шляхецтва і нашчадкам пацвердзіў.

А ваяводу, які кінуў яго ў бітве, паслаў у падарунак заечы кажух і кудзелю з верацяном, пазначыўшы тым ягоную нікчэмнасць і непрыдатнасць ды вартасць займацца жаночай, а не мужчынскай працай. Той ваявода потым сам з роспачы павесіўся на званіцы касцёла ў сваім маёнтку. Балеслаў Крывароты таксама – з-за перажытага вялікага клопату – памёр пасля тае паразы; пахаваны ў Плоцку. Такім хітрым падманам памсціўся яму князь Яраполк кіеўскі за тое сваё зняволенне Уластовічам. Et sic ars deluditur arte: так клін клінам – здраду здрадай – выбіваюць. (Vincentius Cadlubcus, Dlugossius, Miechovius, fol. 81, cap. 14, lib. 3, Cromerus, lib. 6, Bielscius ex Vapovio, fol. 245, Herbortus, etc.)

ПРА СМЕРЦЬ ЯРАПОЛКА І ЛЮТЫЯ, ЧАСТЫЯ І ПАСТАЯННЫЯ ЎСОБІЦЫ І

БІТВЫ РУСКІХ КНЯЗЁЎ ЗА КІЕЎСКІ СТАЛЕЦ


У год ад [Нараджэння] Госпада Хрыста 1140 Яраполк Уладзіміравіч, красамоўны, у звадзе і парадзе дзельны кіеўскі князь, які перамог і адолеў непераможнага Балеслава падманам і хітрай засадай пад Галічам, сплаціў прыродны доўг смерці, якая сама падманула яго хітрай самалоўкай; пахаваны ў Кіеве, у царкве Святога Андрэя. А на яго месца ўступіў і заняў кіеўскі сталец родны брат, Вячаслаў. Але як толькі прыйшоў з войскам да Кіева Усевалад Алегавіч, спужаўся Вячаслаў і не схацеў сысціся з ім у баі з узаемным разліваннем хрысціянскай крыві; мітрапаліт памірыў іх такім чынам, што Вячаслаў пакінуў Кіеў і атрымаў ва ўдзел Тураўскае княства, а Усевалад мірам атрымаў кіеўскую манархію. Пасля гэтага са звычайнымі цырымоніямі ён быў узведзены на сталец. Усевалад, князь і самаўладца кіеўскі, панаваўшы шэсць з паловай гадоў, памёр у год Гасподні 1147 месяца ліпеня 12 дня, а сталец кіеўскай манархіі заняў пасля яго сын – Ігар. Кіяне ж прызвалі на ўладара свайго Ігара Усеваладавіча князя Ізяслава пераяслаўскага, і калі той ішоў на Кіеў, выступіў на яго і Ігар з братам сваім Святаславам. Але, убачыўшы ягоную вялікую моц, не пачынаючы бітвы, абодва ўцяклі з поля бою. А князь Ізяслаў пераяслаўскі ўехаў у Кіеў і заняў княскі сталец. Праз чатыры дні схоплены Ігар Усеваладавіч быў прыведзены да Ізяслава, які адаслаў яго ў Пераяслаў і загадаў трымаць там у вязніцы. А потым пастрыг яго ў чарнцы (як той сам прасіў) і пасяліў у манастыры. Даведаўшыся пра тое, іншыя рускія князі – Георгій, брат Яраполка, Алег, Расціслаў і Святаслаў, рухомыя нянавісцю і зайздрасцю, паўсталі на Ізяслава, кіеўскага і пераяслаўскага князя, хочучы скінуць яго з кіеўскага стальца. І калі рушылі на яго супольнымі сіламі, Ізяслаў таксама з тым войскам, што паспеў сабраць, не чакаючы аблогі сустрэўся з імі, і з абодвух бакоў палегла забітымі мноства рускіх палкоў. Урэшце Ізяслаў, пацярпеўшы паразу з-за перавагі [непрыяцеля] ў сіле, кінуўся ў Кіеў, а стуль – прыхапіўшы жонку – уцёк у Луцк. А князь Георгій пераможна ўехаў у Кіеў і сеў на сталец дзеда свайго, а Пераяслаў, спадчыннае княства прагнанага Ізяслава, аддаў свайму сыну Расціславу.

Потым, у тым самым 1147 годзе, пачаў Ізяслаў збіраць новае войска на Георгія, які выгнаў яго з Кіева. Прасіў таксама на дапамогу, абяцаючы вялікія дары, князёў Балеслава Кучаравага, польскага, кракаўскага і мазавецкага манарха, і брата ягонага, Генрыка сандамірскага; таксама набраў за грошы нямала венграў. І калі браты Балеслаў Кучаравы і Генрык з польскім войскам, як і венгры, прыйшлі яму на дапамогу, яны сталі лагерам пад Чамярынам, дзе прабылі ўсю зіму; так нічога і не пачаўшы з-за ляноты і баязлівасці Ізяслава, увесну і польскія князі, і венгры, распусцілі войскі і раз’ехаліся кожны ў сваю дзяржаву. Даведаўшыся пра гэта, князь Георгій кіеўскі сабраў войска з двума сваімі сынамі – Расціславам і Андрэем – і братам Вячаславам ды іншымі памочнікамі рускіх князёў, і ўзялі Ізяслава ў Луцку ў аблогу, моцна штурмуючы з усіх бакоў. І калі [Ізяслаў] запрасіў міру, учыніў князь Георгій кіеўскі замірэнне з ім праз князя Уладзімірку галіцкага на справядлівых умовах, бо Мсціслаў прысягнуў больш ім не працівіцца. Але неўзабаве парушыў тую прысягу, бо калі памёр Расціслаў, сын Георгія і князь пераяслаўскі, князь Ізяслаў, сабраўшыся з лучанамі і валынянамі, вырашыў уцячы і захапіць Пераяслаў; падрыхтаваўшы для гэтага шмат чоўнаў ды вялікіх і малых лодак, пусціўся па Дняпры; і калі князь Георгій кіеўскі з дапамогай полаўцаў і іншых князёў хацеў яму перашкодзіць, учынілі на Дняпры лютую бітву ў лодках.

Затым князь Ізяслаў са стрыем сваім Вячаславам – дзякуючы мужнасці валынянаў і лучанаў і дапамозе іншых князёў – разграмілі князя Георгія кіеўскага з полаўцамі і нанеслі яму паразу ў бітве на вадзе, і ледзь удалося князю Георгію з сынамі і полаўцамі ўцячы і закрыцца ў Пераяславе. А Ізяслаў са стрыем сваім Вячаславам пасля тае перамогі атрымаў і заняў Кіеў, і адразу, з большым войскам пачаўшы пераслед, узяў Георгія з сынамі ягонымі ў аблогу ў Пераяславе, штурмаваўшы горад да таго часу, пакуль Георгій, не маючы выйсця і змушаны на новыя condiciae, прысягнуў і саступіў Пераяслаў Ізяславу. І калі ён тое ўчыніў, пакінуў яго ў спакоі князь Ізяслаў і адпусціў яго вольна з сынамі і, пакінуўшы ў Пераяславе сваіх рыцараў, паехаў у Кіеў, вернуты свежай перамогай.
Так, бывае, фартуна колам павароціць,

Што пабіты ў няволю пераможцу схопіць.

Той быў гнаны, а сёння гоніць сам, займае

Пераяслаў і Кіеў – два стальцы трымае:



5 Не маглі там парадзіць венгры і палякі,

Дзе валынскія зразу памаглі казакі.

Хоць прайграў бой на сушы, перамог на водах:

Бог умее суцешыць вернага па шкодах.


А калі сын Мсціслаў прывёў на падмогу бацьку свайму, кіеўскаму князю Ізяславу, найманых за грошы венграў, галіцкі князь Уладзімірка, прычакаўшы зручнага часу, у Сапагойнай усіх іх уначы пад раніцу, калі ляжалі, як быдла, п’яных пазабіваў, пазарэзваў і памардаваў, бо Мсціслаў не мог дабудзіцца іх, упоеных. Miechovius піша: Omnes tamquam pecora trucidavit. Узрушаны тым, князь Ізяслаў зноў паслаў сына свайго Мсціслава да венграў з вялікімі дарамі, каб прывёў венграў на Уладзімірку галіцкага. Разгарэты прагаю помсты за забойства сваіх людзей, сам венгерскі кароль Стафан прыйшоў з войскам і Мсціславам пад Галіч, дзе Уладзімрка даў ім бой. Аднак, пераможаны вялікай колькасцю венграў, страціўшы свае палкі, [Уладзімірка] ўцёк у Перамышль; Стафан рушыў услед за ім і так прыціснуў у Перамышлі, што мусіў прасіць міру. Але князь Ізяслаў кіеўскі, прыйшоўшы ў Стафанаў лагер з новым войскам, не пагаджаўся на мір з князем Уладзіміркам галіцкім, сваім непрыяцелем. Аднак Стафан памірыў іх абодвух і адступіў з войскам у Венгрыю. Ізяслаў таксама вярнуўся з сынам Мсціславам у Кіеў. У тым жа годзе князь Георгій (альбо Юрый, які было выгнаў Ізяслава з Кіева, а потым Ізяслаў яго) сабраў са сваімі сынамі ды з растоўцамі, суздальцамі, з полаўцамі і з разанскімі князямі войска і, прывёўшы тую моц пад Чарнігаў, здабываў замак, штурмуючы вежы і бланкі. Але як толькі з’явіўся з падмогай на ратунак чарнігаўцам Ізяслаў, полаўцы, перапужаўшыся, адразу разбегліся. За імі ўслед і князь Георгій, не спадзеючыся на ўласныя сілы, адступіў пад Ноўгарад; не адчуваючы сябе і там у бяспецы, пакінуў для абароны Ноўгарада свайго сына Васільку, а сам з’ехаў у Суздаль. А князь Ізяслаў кіеўскі, не застаўшы Георгія пад Чарнігавам, рушыў за ім у Ноўгарад, адкуль Васілька таксама ўцёк у Суздаль, да бацькі. І калі наўгародцы выйшлі насустрач Ізяславу з пакорай і дарамі, просячы зміласцівіцца, ён пакінуў іх у спакоі і вярнуўся ў Кіеў. Потым князь Ізяслаў адправіў сына Мсціслава на полаўцаў; ён спустошыў з рускім войскам іх край ды, захапіўшы шатры з абозамі і выбавіўшы мноства вязняў-хрысціянаў, з трыумфальнай перамогай вярнуўся да бацькі ў Кіеў, везучы разнастайную здабычу і мноства людзей і быдла.

Тады ж памёр князь Уладзімірка галіцкі, а Ізяслаў, жадаючы папомсціцца за старую варажнечу, пайшоў вайной на сына Уладзіміркі. Даведаўшыся, галічане таксама сабралі немалое войска на чале са сваім маладым князем. А паколькі ён быў адзіным сынам, прасілі яго, каб дзеля сваёй бяспекі заставаўся ў Галічы, прысягаючы яму адважна і годна процістаяць непрыяцелю за ягоны бацькоўскі сталец. А калі князь Ізяслаў кіеўскі прыйшоў на галічанаў, сышліся з ім галічане – з непераўзыдзенай і цвёрдай адвагай – у вялікай бітве на рацэ Серэт. І калі з абодвух бакоў палегла большая частка палкоў, так перамяшаліся ўрэшце два войскі, што адзін другога не пазнаваў і свой свайго забіваў. І абодва бакі пакінулі тое пабаявішча, лічачы сябе пераможанымі. І як толькі вярнуўся Ізяслаў у Кіеў, мусіў сплаціць доўг смерці, будучы пакліканым у высакосны год ад Нараджэння Госпада Хрыста 1158, месяца лістапада 13 дня; пахаваны ў манастыры Святога Феадосія (альбо Феадора) ў Кіеве.

Па смерці князя Ізяслава кіеўскага сталец ягоны, прыехаўшы ў Кіеў, абсеў і апанаваў князь Расціслаў смаленскі. І, сабраўшыся з князямі Святаславам Усеваладавічам і Мсціславам Ізяслававічам, рушыў на Чарнігаў, хочучы выгнаць адтуль другога князя Ізяслава, Давыдавіча, стрыечнага брата нядаўна памерлага князя Ізяслава кіеўскага. Але Бог, які забараніў браць чужое, пакараў гэты агідны намер, бо Ізяслаў Давыдавіч прызваў на падмогу Глеба Юр’евіча і полаўцаў. І калі тыя прыйшлі не марудзячы і злучыліся з Ізяславам Давыдавічам, Расціслаў, князь кіеўскі і смаленскі, бачачы іхнюю вялікую моц, спужаўся і, не хочучы выпрабоўваць у бітве фартуны, панадзіўся на перамовы, саступаючы Ізяславу Давыдавічу Кіеў, а ягонаму сыну Мсціславу – Пераяслаў. Даведаўшыся пра тое, Мсціслаў Ізяславіч пакінуў, угневаны, поле са сваімі рыцарамі, а за ім і ўсе іншыя князі ў розныя бакі разбегліся і паўцякалі. А полаўцы, кінуўшыся за імі, мноства баяраў з іх рускіх палкоў пасеклі або паланілі. Палячы і руйнуючы вёскі, цэрквы і манастыры, з вялікай здабычай вярнуліся ў свае краі. А Ізяслаў Давыдавіч, без бою стаўшы пераможцам, уехаў у Кіеў, які быў вымушаны яму саступіць Расціслаў смаленскі – той, хто, рухомы прагаю панавання, пачаў гэту вайну сабе на шкоду.
Гэтак прагнуў чужога, што й свайго пазбыўся,

Прагны ўлады, у яму няславы зваліўся.


Затым прыйшоў з войскам да Кіева князь Юрый (альбо Георгій, што быў Ізяслава, а Ізяслаў – яго выгнаў), і калі пачаў штурм горада і замка, Ізяслаў Давыдавіч вёў з ім перамовы і саступіў яму Кіеў, які сам нядаўна атрымаў ад князя Расціслава смаленскага. Вось так другі раз Георгій заняў кіеўскі сталец свайго дзеда, а паміж сынамі сваімі падзяліў гэтыя рускія землі: Андрэю даў Вышгарад, Барысу – Тураў, Глебу – Пераяслаў, а Васільку – Порсы.

Потым князь Георгій кіеўскі, не здаволіўшыся тым, што выгнаў з Мсціслава Ізяславіча з айчыннага княжання ў Пераяславе, паслаў супраць яго магутнае войска ў Перасопніцу, дзе ў той час жыў князь Мсціслаў. Ён, устрашаны непрыяцельскай магутнасцю і бачачы, што сілы для сутыкнення няроўныя, уцёк у Луцк, а стуль паехаў у Польшчу – прасіць дапамогі ў польскіх князёў Балеслава Кучаравага, Мечыслава і Генрыка. Тыя, сабраўшы сілы са сваіх княстваў, рушылі непрыяцельскім звычаем на Русь, хочучы пасадзіць Мсціслава не толькі на пераяслаўскі, а і на кіеўскі сталец. Даведаўшыся пра тое і баючыся магутнасці польскіх князёў, князь Юрый кіеўскі ўпрасіў Мсціслава і ягоных родных братоў Уладзіміра і Яраслава, сыноў Ізяслававых, дзедзічаў і бацькавічаў кіеўскага стальца. А такім чынам вярнуў сабе Уладзімірскае, Пераяслаўскае і Перасопніцкае княствы, як і іншыя залежныя ад іх дзяржавы, акрамя Кіева, і прынёс на тое прысягу, што ніколі болей не будзе чыніць замаху на землі [Ізяславічаў]. Але неўзабаве парушыў прысягу і ўзяў князя Мсціслава ў аблогу ва ўладзімірскім замку, дзе з абодвух бакоў палегла шмат рыцараў, калі палякі, які служылі Мсціславу за грошы, рабілі з замка частыя вылазкі на войска князя Георгія кіеўскага і многіх з іх забівалі, аж урэшце Георгій, страціўшы некалькі палкоў, мусіў з ганьбай адступаць да Кіева. Там, апанаваны немаччу, развітаўшыся з салодкаю прагаю свецкага панавання, і памёр неўзабаве. Пахаваны ў царкве Святога Спаса Берастоўскага, у год ад збавеннага Нараджэння Госпада Хрыста 1164, [месяца] травеня 15 дня.

Пасля смерці князя Юрыя (альбо Георгія) кіеўскага кіеўскі сталец апанаваў чарнігаўскі князь Ізяслаў Давыдавіч. Але ў тую ж зіму яго выгнаў з Кіева Мсціслаў Ізяславіч, калі ж бацькоўскі сталец яму хутка надакучыў, і тае ж восені ён саступіў Кіеў свайму стрыю князю Расціславу смаленскаму. Але і яму надакучыла кіеўскае панаванне, і адступіў яго Уладзіміру Мсціславічу. Даведаўшыся пра тое, уладзімірскі князь Мсціслаў Ізяславіч, угневаны, рушыў на Уладзіміра Мсціславіча і другі раз заняў і апанаваў бацькоўскі кіеўскі сталец. Потым суздальскі князь Андрэй Георгіевіч, не могучы сцярпець, што ў Кіеве валадарыць Мсціслаў, які быў ягоным блізкім сваяком па бацьку Юрыю, сабраў войска з суздальцаў, растоўцаў і ўладзімірцаў, на чале якога паставіў свайго сына Мсціслава. Таксама прыйшлі яму на падмогу дзевяцера іншых рускіх князёў – Глеб пераяслаўскі, Раман смаленскі, Давыд вышгародскі, Уладзімір Андрэевіч, Дзімітрый Юр’евіч, родныя браты Георгій і Славец, Алег і Юрый Святаславічы. Усе гэтыя князі пайшлі на Мсціслава Ізяславіча і ўзялі яго ў Кіеве ў аблогу, і ён, з-за доўгай аблогу не могучы болей трываць голаду, уцёк ва Уладзімір – іншы замак у сваім княстве. А названыя князі, захапіўшы кіеўскі замак і горад, паланілі жонку і сына Мсціслава, а горад Кіеў увесь аддалі на здабычу і рабаванне сваім жаўнерам і рыцарам. Яны, не спыняючыся на досыць шчодрай і багатай здабычы ў горадзе, абрабавалі і абабралі святыя касцёлы, цэрквы і манастыры. Калі ж скончыліся рабункі, Мсціслаў Андрэевіч, будучы ваяводам усяго таго войска, пасадзіў на кіеўскі сталец князя Глеба пераяслаўскага, свайго стрыя, які, праваладарыўшы няпоўныя два гады, памёр. Ягонае месца заняў князь Раман смаленскі і стаў валадаром кіеўскай манархіі, за якую зачапляліся продкі, адзін аднаго забіваючы і выганяючы.

І калі літва з яцвягамі, лясны народ, сабраўшыся супольнымі сіламі, уварваліся ў рускія княствы і захапілі вялікую здабычу, з якой звыклі жыць, выступіў на іх Раман, кіеўскі самаўладца. І дагнаўшы тых, што ўцякалі ў лясныя сховішчы, нанёс ім паразу, раскідаў і, адабраўшы большую частку нарабаванага, паланіў мноства яцвягаў і літоўцаў-язычнікаў; загнаўшы іх у Кіеў ды іншыя рускія замкі, трымаў у лютай няволі, робячы на іх цяжкую і быдлячую працу. Іншых, закаваўшы, загадаў упрагаць у плугі і, як валамі, поле араць, старыны, карчы на навінах (альбо лядах, кажучы па-руску) разрабляць. З чаго была пайшла тая прыказка, калі адзін з ліцвіноў, навучыўшыся рускай мовы і цягнучы плуг, сказаў: “Рамане, Рамане! Ліхам кормішся – на ліцвінах арэш!” Аднак той князь Раман не доўга праседзеў на кіеўскім стальцы, бо Яраслаў Ізяславіч, сабраўшы войска з полаўцаў і русі, выгнаў князя Рамана, а сам пачаў валадарыць у Кіеве і разбудаваў сваю сталіцу, як манарх, пра што сведчаць рускія летапісы і Miechovius (lib. 3, cap. 22, fol. 98).

Затым у 1179 годзе польскі князь Казімір Другі, званы Справядлівым, сын Балеслава Крываротага, бачачы зручную нагоду, – рускія князі цягаліся адзін з адным за чубы – напаў на прылеглыя да Польшчы землі, якім дзе добраахвотнай здачай, дзе гвалтам захапіў, а менавіта: Берасце (якое цяпер завецца Літоўскім), Уладзімір, Драгічын і Перамышль, як пішуць Длугаш і Miechovius (fol. 100, cap. 23). Аднак Vincentius Kadłubkus, польскі храніст, за жыцця якога адбываліся гэтыя падзеі, не згадвае, што ў той час Казімір адабраў ад рускай дзяржавы аж так шмат зямлі; адно што Берасце Літоўскае, якое было перакінулася ад Польшчы да Русі, той Казімір, сабраўшы войска, вярнуў і больш нічога, што і Cromerus (libro 6) пацвярджае. Памірыўшыся, рускія князі – паводле руска-літоўскіх летапісаў – не дазволілі палякам доўга панаваць у сваіх дзяржавах, бо і свае ў згодзе (з якой пашыраюцца дзяржавы) вярнулі, і некалькі польскіх замкаў адхапілі.

Затым у 1182 годзе ад Нараджэння Госпада Хрыста Берасце Літоўскае выйшла з-пад польскага паслушэнства і ўвесь той край зноў перайшоў пад рускае вяршэнства. Даведаўшыся пра тое, польскі князь Казімір узяў Берасце ў аблогу, а здабыўшы яго несупынным штурмам за дванаццаць дзён, найбольш вінаватых пакараў смерцю і збудаваў пры горадзе замак, які супраць русаў асадзіў польскімі жаўнерамі, як сведчаць Длугаш, Miechovius (fol. 103), Вапоўскі, Бельскі (fol. 248). Ад Берасця ж польскі князь Казімір рушыў з войскам у падгорную Русь, як піша ў сваёй хроніцы Vincentius Kadlubkus, хочучы пасадзіць на Галіцкае княства свайго пляменніка Мсціслава, якога астатнія браты-князі выгналі было з княжання, абвінаваціўшы яго ў тым, што быў байструком. Тая выправа была прыкорай і страшнай для палякаў, як піша Cromerus, “Moleste ferebant eam expeditionem, plerique proceres fortassis recordatione cladis apud illum oppidum Crzywousto Boleslao regnante acceptae” = бо памяталі пра тую сваю першую з Балеславам Крываротым нешчаслівую пад тым самым горадам паразу. Аднак палякі мусілі, нябогі, ісці за сваім князем.

ПРА БІТВУ ПАД ГАЛІЧАМ З РУСКІМІ КНЯЗЯМІ І ІХНЮЮ ПАРАЗУ
Казімір, князь палякаў, сястрынца Мсціслава

Пажадаў бачыць князем дзедзічнага права;

Рушыў з войскам пад Галіч, лагер разбівае,

Як здабыць гэты замак, доўга вырашае.



5 Ўладзімір сваё войска з галічан рыхтуе,

І бэлзанаў таксама Ўсевалад шыхтуе;

З іншых княстваў таксама сілы прыбываюць –

Так спыніць гвалт, навалу польскую жадаюць.

Спешна скачуць на Галіч, як на злом нясуцца,

10 А палкі між пагоркаў змейкамі віюцца;

Страшна бачыць палякам сілішчу такую –

Помняць, значыць, паразу, тут ужо былую.

Казімір іх надзеяй цешыць адмыслова,

Што, лічы, перамога іхняя: “Сурова

15 Рушце ўперад, прыроднай поўныя адвагі,

А на мноства тых русаў не звяртайце ўвагі –

Душы браццяў вас просяць, каб за іх памсцілі,

Здрадай іх, не адвагай, русы загубілі;

Слава з мужным, а ганьба з баязлівым ходзіць,

20 Смелым лёс памагае, страх пудлівым шкодзіць”.

Так натхніўшы, палякаў Казімір шыхтуе.

Ўладзімір сваіх кліча, Ўсевалад кіруе

Іх на бітву: пусціўшы стрэлаў рой з сайдакаў,

З крыкам страшным наперад пруцца, на палякаў.

25 Гром ад сурмаў і бубнаў, бразгатанне броні,

Крыкі вояў; гарцуюць, ашалеўшы, коні;

Марс крывавы ятрыцца, полымя ўздзімае –

Жах зямлю, лес і неба ў капцюрах трымае.

Рускі полк налягае злева на палякаў,

30 Стрэлаў рой прымушае адступіцца ляхаў

(Кромер піша: палякі шыхту не ўтрымалі,

То й бязладным натоўпам потым адступалі),

Тым смялей град жалезны русы запускаюць,

А з крывых лукаў стрэлы, свішчучы, лятаюць:

35 Дзе русін лук скіруе, там і пацаляе –

Ці каня, ці жаўнера на зямлю скідае.

А казакі-валынцы збоку падступаюць,

Тут і там між палкамі польскімі шныраюць;

А рагацінай воя іншы вой чапляе –

40 Прэч, душа! Цела следам лейцы выпускае.

Злева сам ваявода кракаўскі – паразу

Меў бы ў бітве і русам здаўся б ён адразу

(Полк ягоны валынцы патаўклі б, яй-Богу),

Каб не даў небараку Казімір падмогу:

45 Наляцеў смела збоку, русаў прэч адкінуў,

Думку пра небяспеку ўласную адрынуў,

Праз палкі галічанаў сам пранёсся, жвавы,

След за ім між валынцаў значыўся крывавы.

Так сваіх заклікае: “Гэй, дзеці, да справы!

50 Вось сам Бог спасылае шчасце нам, ласкавы.

Прэч трывогі! Згадайце вашых продкаў славу,

Што касілі тых русаў, як касой атаву!”

Казімір – праз адвагу і праз тыя словы –

Левы фланг супакоіў, уцякаць гатовы

55 (Бач, што значыць і важыць ваявода спраўны

На вайне – маеш прыклад, як і доказ яўны).

Вось палякі, пазбыўшы на душы трывогі,

Зноў кіруюць на русаў люты меч і строгі:

Адкідаюць на стаі, рубяць, валяць з гукам,

60 Не даюць з іх нікому разгарнуцца з лукам;

Не да стрэлаў – плячыма свой свайго штурхае,

Зычны гук перамогі смеласцю натхняе.

Да палякаў Фартуна твар свой павярнула,

Русам толькі здалёку здрадліва кіўнула:

65 Русы, будучы ў кроку мо’ ад перамогі,

Збілі шыхт, не стрывалі і даліся ў ногі,

А палякі – не даўшы ім дыхнуць – памчалі,

“Забівай! Бі!”, услед ім летучы, крычалі.

Прэч бягуць русы – пяты страх усім кусае,

70 І дарма іх да бітвы Ўсевалад натхняе;

Тое бачачы, войска галічан на правым

Флангу польскім, упрэўшы на жніве крывавым,

Адступіла. Пабеглі, дзе каму прыйшлося,

І ад жаху валоссе дыбам узнялося:

75 Колюць, б’юць і рубаюць, і таўкуць, і гоняць

Тых палякі, а гэтых вяжуць і няволяць;

Не ў баі, а на ўцёках больш за ўсё паклалі,

З трупаў шчодрай здабычы рознае набралі.

Ўсевалад і Ўладзімір, змогшы ўратавацца,

80 Між лясоў і пагоркаў мусілі бадзяцца:

Першы, збегшы, у Бэлзе потым аказаўся,

А другі аж да Бэлы ў Венгрыю падаўся;

Папасліся палякі ў скарбах іх абозных,

Зброі шмат захапіўшы і прыладаў розных.

85 Галіч – замак і горад – доўга не ўстаялі

І Мсціслава за пана ўласнага прызналі.


Так, хаця і адрозна адзін ад другога, апісваюць тую бітву Длугаш і Miechovius (fol. 103, lib. 3, cap. 25), Cromerus (lib. 6, fol. 113), Bielscius ex Vapovio (lib. 2 editionis fol. 248) і Vincentius Cadlubcus, найпершы польскі храніст, пры жыцці якога гэта дзеялася.

ПРА РАЗРАБАВАННЕ КІЕВА І ПАРАЖЭННЕ РАЗАНСКАГА КНЯЗЯ

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка