1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка6/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Яраслаў, сын князя Святаполка кіеўскага, уступіў пасля бацькавай смерці на ўладзімірскае княжанне, а з яго роднай сястрой, Збыславай, пабраўся польскі князь Балеслаў Крывароты. А паколькі яцвягі з прусамі і літвой рабілі частыя набегі на ягонае Уладзіміра-Валынскае княства, сабраўся князь Яраслаў [ісці] на іх з іншымі рускімі князямі. Яцвягі таксама стаялі, сабраўшыся, прагнучы бітвы з русамі. Яраслаў ударыў на іх і, забіўшы іх мноства тысячаў, вынішчыў частку яцвяжскай зямлі, пасля чаго пайшоў з перамогай.

Хаця пра яцвягаў (альбо яцвінгаў) апавядалася вышэй, паміж паходжаннем даўніх прусаў, літвы, латышоў, жамойтаў і полаўцаў, аднак не будзе лішнім сказаць пра іх асобна. Тыя яцвягі, як пішуць Вапоўскі і Бельскі (fol. 246, Cronicorum in libro secundae editionis), мелі адно паходжанне і мову з літвой і даўнімі прусамі, ад полаўцаў, аднак, адрозніваліся маўленнем і словамі – з-за розных межаў і размяшчэння краін. А паходзілі ад рэшты готаў і ваяўнічых кімбраў, як і літва. Мяхоўскі (fol. 84, lib. 3, cap. 15) заве іх таксама, як і Вапоўскі – Conformes Litvanis et Prutenis, падобнымі да літвы і прусаў, сталічным горадам і замкам якіх быў Драгічын, які захаваўся да нашага часу.

І пасяліліся былі па ўсім Падляшшы, ад Валыні да Прусіі, трымалі таксама наваградскі замак і навакольныя воласці ў Літве. Гэта іх калісьці, у год ад [Нараджэння Госпада] Хрыста 970, прымусіў прынесці прысягу Уладзімір Святаславіч, адзінаўладца (альбо манарх) усёй рускай зямлі, пра што [глядзі] Кромер (lib. 3). Затым таксама Казімір Першы, узяты з кляштара польскі кароль, у 1041 годзе разам з Маслаўсам і прусамі нанёс паразу язычнікам, паклаўшы іх 15 000 (Кромер, Длугаш, Вінцэнты Кадлубак, Мяхоўскі, fol. 40, lib. 2, cap. 14; Вапоўскі etc.). А Длугаш у сваёй хроніцы робіць іх памежнымі з прусамі і літвой; маглі быць таксама тыя яцвягі метанастамі, якія аднаго роду з языгамі, частка якіх яшчэ жыве ў Венрыі на рацэ Ціса (або Цібіскус) – чыстыя сяляне, гайдукі, якія і сёння называюць сябе языгамі (альбо яцвягамі).

Затым Кромер (fol. 145, lib. 8) піша пра іх: “Jasygos vero sive Jazvingi eiusdem cum Litwanis linguae, ut volunt nonnullu eorundem que morum et religonum fuere” etc.

А языгі (альбо язвінгі) мелі з літвой адну мову, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, і тыя ж звычаі і язычніцкія вераванні, і жылі ў літоўскіх лясах, што межавалі з палякамі; той край з-за блізкасці лясоў сёння завецца Палессе альбо Падлессе, ці, як празвалі прылеглы да Польшчы край русы, – Падляшша (як бы “пад ляхамі”). Народ яцвягаў быў настолькі ваяўнічы, што яны не баяліся смерці і забойства, а таму – з-за жадання ваяваць і празмернай гатовасці да бітваў – усе згінулі.

Князь Конрад мазавецкі, маючы бітву з тымі яцвягамі, літвой і даўнімі прусамі, нанёс ім паразу; а нейкі Готард, граф лукашовіцкі, захапіў у палон пяцярых яцвяжскіх князёў і прывёў іх, звязаных, да князя Конрада мазавецкага. Той адпусціў іх за выкуп пазней, калі кожны заплаціў за сябе 700 грыўняў чыстага і сапраўднага срэбра. За той учынак граф Готард, продак Уханскіх, атрымаў Служаў з усімі вольнасцямі навакольных валасцей; з таго часу пішуцца яны графамі на Служаве.

Потым, у 1264 годзе, сабраў супраць тых яцвягаў вялікае войска Балеслаў Сарамлівы (Pudicus), польскі манарх. І калі месяца чэрвеня 21 дня ўвайшоў у іхнюю зямлю, яцвягі разам з князем сваім Каматам з радасным ускліканнем біліся з палякамі з такой ахвотай, варварскай адвагай і стойкасцю, што іх некалькі разоў няроўнымі сіламі прыціскалі; і калі быў забіты князь Камат, яны чынілі мужны адпор да таго часу, пакуль усе не палеглі на тым полі, адкрыўшы шлях крывавай перамозе. І тады, відаць, як пішуць Длугаш і Кромер (lib. 9), Мяхоўскі (lib. 3, fol. 145, cap. 45), Вапоўскі, Бельскі (fol. 252) in secunda editione, яны згінулі.

Ita fortiter dimicantes ad internetionem usquae caesi sunt, ad eo ut ex eo tempore nomen quoquae Jazygum pene deletum sit, quoniam illa natio pedem referre, nec unquam pugnam etiam iniquam detrectare voluit. Так той мужны народ яцвягаў, літоўскіх пабрацімаў і адзінародцаў, мужна ваюючы з палякамі, панёс такую паразу і так быў вынішчаны, што з тых часоў і само імя яцвягаў (або языгаў) амаль знікла. Бо яны не толькі не ўцяклі з бітвы, а і нагой не зрушылі, і не пазбягалі бітвы, хаця ведалі, што прайграюць, але ўсляпую з радасцю кідаліся на непрыяцельскія мячы і праліццё крыві. Відаць, не вырадзіўся яшчэ [быў у іх дух] тых готаў і кімбраў, якія змагаліся ў Італіі з рымлянамі і ад якіх сапраўды і несумненна паходзяць і літва з полаўцамі. Яшчэ і сёння частка іх жыве каля літоўскага Наваградка, таксама каля Райграда і Стэрбарка ў Прусіі і Курляндыі, як і ў Ліфлянтах і каля маскавіцкага Вялікага Ноўгарада; маецца яшчэ зямелька такіх, каго завуць ігавяны (пра што ведаю з уласнага досведу), і як тых звалі яцвягамі і языгамі, так іх цяпер там – з-за зменлівасці варварскіх словаў і даўнасці часу – ад языгаў ігавянамі завуць. Каля Дзівіна, а таксама тут у нас, каля Кросаў, кажуць, маецца рэшта. Але вяртаюся да справы.

Нанёсшы тым надзвычай адважным языгам вялікую паразу, Балеслаў польскі, Pudicus, рэшту іх народа пад страхам пазбаўлення жыцця прымушаў мячом да прыняцця хрысціянскай веры; а каб тая іх зямля, дзе цяпер Падляшша, не ляжала пустая, пасяліў там палякаў і мазураў. Той самы Балеслаў Pudicus атрымаў ад Урбана, чацвертага з тым імем (а Мяхоўскі піша, што ад Аляксандра, папы рымскага), залатую булу да гнезненскага арцыбіскупа, каб той паставіў у Драгічыне новага яцвяжскага біскупа (копія той папскай булы маецца ў Длугаша), чаго, аднак, тады не адбылося. Кромер таксама дапускае, што гэта мелася быць луцкае (альбо люцэорыскае) біскупства, заснаванае потым Людвікам, венгерскім і польскім каралём. Рэшту тых яцвягаў Лешка Чорны, польскі манарх, так вынішчыў, што ўжо не змаглі даць адпору, калі ў год ад [Нараджэння] Хрыстовага 1282 нанёс ім з літвою паразу паміж Наравам і Нёмнам, пра што [глядзі]: Длугаш і Мяхоўскі, fol. 178, libro 3, Кромер, libro 10, дзе гаворыць: “In eo praelio reliqua Jazygum, qui pertinacius nostris resisterant, et asuscepta religione defecerant, penitus deletae sunt”. У той бітве рэшта языгаў, якія ўпарта давалі нашым адпор і адмовіліся ад прынятай хрысціянскай веры, дашчэнту вынішчаны былі etc.

Мяхоўскі, Вапоўскі, Бельскі secundae editionis Historia totius mundi, fol. 255. Усё гэта апішам ніжэй па часе дзеяння, згодна з парадкам літоўскіх князёў. Цяпер жа дастаткова пра гэта, звернем пяро да дзеяў рускіх князёў і кіеўскіх манархаў.

ПРА МІЖУСОБІЦУ РУСКІХ КНЯЗЁЎ (MIECHOVIUS, FOLIO 84, LIB. 3, CAP. 15)


Уладзімір, кіеўскі манарх, маючы падазрэнне, што пляменнік князь Яраслаў уладзімірскі збіраецца выгнаць яго з кіеўскага княжання, акружыў таго ва Уладзіміры з кіеўскім войскам, пры падтрымцы іншых князёў – Васількі, Расціслава Валадаравіча і іншых сыноў Алегавых. Князь жа Яраслаў уладзімірскі, не адчуваючы за сабой ніякай віны перад стрыем, выйшаў з замка без аховы, і стрыя свайго Уладзіміра ўгаварыў і ўпрасіў пакорлівымі і спакойнымі словамі, просячы не верыць падвучванню лісліўцаў, якіх звычайна бывае дастаткова пры княжых і панскіх дварах. Так упрошаны, зняў Уладзімір аблогу з пляменніка свайго Яраслава і, распусціўшы войска, вярнуўся ў Кіеў. А потым неўзабаве да таго самага Яраслава адправіў Уладзімір лісты, каб той прыехаў да яго ў Кіеў, дачуўшыся, што [Яраслаў] задумаў прагнаць яго з кіеўскага стальца альбо забіць насмерць. Аднак Уладзіміравы рыцары папярэдзілі князя Яраслава пра небяспеку, і таму ён не схацеў ехаць у Кіеў, а, даручыўшы ўладзімірскі замак свайму рыцарству, сам з жонкай і сынамі ды ўсім спратам і княжым скарбам паехаў у Польшчу, дзе быў ласкава прыняты і шчодра забяспечаны шваграм, Балеславам Крываротым. А князь Уладзімір кіеўскі захапіў Яраслававу сталіцу – Уладзімір – і Уладзімірскае княства.

ПРА РУЙНАВАННЕ ПОЛЬШЧЫ ВАЛАДАРАМ І ЯГО ЗНЯВОЛЕННЕ



(MIECHOVIUS, FOL. 76, CAP. 13, LIB. 3. CROMERUS, LIB. 5)
У год ад [Нараджэння] Госпада Хрыста 1118 Валадар, князь рускі, сабраўшы войска з русаў і полаўцаў, рабіў частыя набегі на Польшчу. Супраць яго Балеслаў Крывароты, манарх Польшчы, адправіў сваіх гетманаў з войскамі, якія нанеслі паразу Валадару і, уцякаючага, схапілі яго ў палон ва урочышчы, называным Высокае і, звязанага, прывезлі ў Кракаў да князя Балеслава. Але Васілька, аслеплены брат, выкупіў яго за дваццаць тысяч грыўняў срэбра. Даўшы адразу 12 000 грыўняў срэбра, за рэшту пакінуў у закладзе сына Яраслава, князя рускага. А затым даў пяцьдзясят срэбных рэчаў з начыння княжага стала, грэцкай работы, і так вызваліў брата Валадара.

ПРА ЎЗВЯДЗЕННЕ БАЛЕСЛАВАМ ПОЛЬСКІМ НА РУСКУЮ ДЗЯРЖАВУ ЯРАСЛАВА І ЯГО ЗАБОЙСТВА, А ТАКСАМА ПРА ДРУГОЕ ПАРАЖЭННЕ СЫНА ВАЛАДАРА ПЕРАМЫШЛЬСКАГА


Яраслаў, князь уладзіміра-валынскі, прагнаны іншымі рускімі князямі, чатыры гады пражыў у Польшчы. Таму польскі князь Балеслаў Крывароты, сабраўшы войска, надумаў узвесці яго, як сваяка, на кіеўскае княжанне. А пад Перамышлем з’явіліся на дапамогу таму ж Яраславу Каламан, брат венгерскага караля Стафана, перамышльскія князі Валадар і Васілька, а таксама князь Уладзімір Уладаравіч. І Яраслаў з сямю тысячамі венграў і палякаў вырушыў спераду войска сваіх памочнікаў, і хутка вярнуў свае замкі, з якіх было яго выгнаў князь Уладзімір кіеўскі, – Уладзімір, Бэлз і Чарнігаў. Уладзімір, не спадзеючыся на сваіх жаўнераў і моц кіеўскіх валоў, уцёк у Белую Русь. А Яраслаў, заняўшы тыя замкі сваімі жаўнерамі, вярнуўся ў лагеры Каламана і Балеслава Крываротага.

І калі пад’язджаў да кіеўскай брамы, званай ляшскай, выскачылі яму напярэймы русы, пешыя жаўнеры з Кіева. Яраслаў мужна даў ім вялікі бой і калі раскідаў іх і разграміў, з’явіліся замест іх новыя, свежыя, якія парубалі і пазабівалі большую частку палякаў і венграў, што былі з Яраславам. Таксама і каня пад Яраславам працялі і падстрэлілі так, што ўпаў разам з ім. І асабліва лютая бітва ўсчалася там, калі русы стараліся паланіць Яраслава, а палякі і венгры упарта баранілі яго, пакуль русы не адступілі ў Кіеў. А князь Яраслаў, ранамі некалькімі працяты, праз колькі дзён памёр.

Каламан жа з венграмі, а Балеслаў з палякамі, прыйшоўшы пад Кіеў, здабывалі яго разам з іншымі рускімі князямі. Але Андрэй, замкавы староста, пакінуты князем Уладзімірам кіеўскім (які, збаяўшыся, уцёк было ў Белую Русь), выйшаўшы, пачаў з пакорай прасіць міру. А паколькі Яраслаў, дзеля якога была распачата гэтая справа, памёр, Каламан і Балеслаў па просьбе Валадара і Васількі, князёў перамышльскіх, далі кіянам мір і, распусціўшы свае войскі, паехалі кожны ў сваю дзяржаву. Затым, у 1124 годзе, як толькі польскі манарх Балеслаў Крывароты адправіўся ў Данію, князь Валадар перамышльскі, даведаўшыся пра яго адсутнасць, адправіў у Польшчу войска з сынам сваім Уладзімірам, парушыўшы мір, які быў прыняў з Балеславам пад Кіевам. Так Уладзімір, бачачы з-за адсутнасці супраціву добрую для таго нагоду, зруйнаваў польскія воласці і з вялікім палонам людзей, з мноствам скаціны і скарбаў вярнуўся да бацькі ў Перамышль.

А Балеслаў, вярнуўшыся з дацкага каралеўства, адразу ж спешна рушыў з войскам, яшчэ не распушчаным пасля дацкага паходу, у перамышльскія воласці, разбураючы, палячы і руйнуючы ўсё, што траплялася. Таксама і князь Валадар перамышльскі, сабраўшыся з іншымі рускімі князямі, хацеў перашкодзіць разбурэнню сваёй дзяржавы і даў Балеславу бітву ва ўрочышчы, званым Віліхаў; аднак рускія палкі, спазнаўшы паразу ад вялікага польскага войска разбегліся па палях. Палякі абабралі і разабралі іх абозы. У той бітве палегла мноства слаўных рускіх паноў, у прыватнасці, забітыя вялікія правадыры Наўратнік, Зашчытнік і Дзімітр. Князь Валадар уцёк у Галіч, дзе, збіраючы новае войска, памёр. Пахаваны ў Перамышлі, у царкве Святога Іаана, якую сам было збудаваў. Пакінуў пасля сябе двух сыноў – Уладзіміра, ва ўдзел якому дасталіся Свінаград і Падолле, і Расціслава, які ўзышоў на перамышльскае княжанне.

ПРА МІЖУСОБІЦЫ РУСКІХ КНЯЗЁЎ ПАСЛЯ СМЕРЦІ УЛАДЗІМІРА КІЕЎСКАГА
У год ад Нараджэння Госпада Хрыста 1126 [месяца] травеня 10 дня князь Уладзімір кіеўскі, стрый забітага пад Кіевам Яраслава, замяніў жывот на смерць. Пахаваны ў царкве Святой Сафіі побач з бацькам. На ягонае месца і на кіеўскую сталіцу заступіў старшы сын – Мсціслаў. А Яраполк, другі сын, сеў на пераяслаўскае княжанне. Неўзабаве пасля гэтага полаўцы, дачуўшыся пра смерць князя Уладзіміра кіеўскага, уварваліся на Русь, якім князь Яраполк пераяслаўскі – не чакаючы дапамогі ад іншых князёў – нанёс паразу і перамог, а мноства збеглых патапіў у рэках.

Такія ў той час справы і падзеі дзеяліся на Русі, якая ляжыць на ўсходзе сонца.

А ў заходніх рускіх княствах, якія межавалі з Польшчай, сыны князя Валадара перамышльскага (які кагадзе перад гэтым памёр, атрымаўшы паразу ад Балеслава Крываротага), – Уладзімір і Расціслаў, пасварыліся наконт падзелу спадчыны і сабралі адзін на аднаго войскі з чужых старон. Расціслаў меў падмогу ад Мсціслава Уладзіміравіча, князя кіеўскага, і князёў Георгія і Івана Васільевічаў. Другі ж брат, Уладзімір, сабраў служылых і дапаможныя сілы з Венгрыі, пасля чаго [браты] з’ехаліся пад Шчырыч для замірэння. І калі паны не змаглі іх рассудзіць і спыніць разрастанне нязгоды, князь Уладзімір, не чакаючы замірэння, выехаў з жонкай, сынамі і ўсёй сваёй сям’ёй у Венгрыю, каб прывесці новае войска і дапамогу супраць брата Расціслава. Расціслаў жа, маючы войска, узяў у аблогу ягоны сталічны горад Свінаград і моцна штурмаваў.

Але, паколькі Уладзімір акружыў яго трыма тысячамі жаўнераў, Расціслаў мусіў адступіць са стратамі сярод сваіх рыцараў. І калі ён зноў узяў у аблогу той свінаградскі замак, Уладзіміравы жаўнеры, зрабіўшы некалькі вылазак з замка, нанеслі яму паразу, і быў вымушаны зняць аблогу.

Потым, у год ад збавеннага Нараджэння Госпада Хрыста 1129, калі памёр князь Мсціслаў кіеўскі, на кіеўскі сталец быў абраны і ўзведзены ягоны брат князь Яраполк пераяслаўскі. І калі яго іншыя князі-сваякі ўзялі ў Кіеве ў аблогу і штурмавалі, заключыў з імі мір. Такім чынам князю Андрэю аддаў Пераяслаў, а Ізяславу Святаславічу – Уладзімірскае княства. Затым князі Алегавічы (Ольгавічы), узяўшы ў дапамогу полаўцаў, пачалі бурыць вёскі і мястэчкі ў рускіх княствах на рацэ Суле. І калі яны зайшлі ў пераяслаўскія, супанскія і усценскія воласці, выступіў на іх князь Яраполк кіеўскі з сынамі брата свайго Уладзіміра і, даўшы ім бой, нанёс паразу войскам князёў Алегавічаў (Ольгавічаў) і полаўцаў, і мусілі яны ўцякаць у палавецкія краі.

І пакуль князь Яраполк кіеўскі пераследаваў іх далёка, зноў змовіліся князі Алегавічы (Ольгавічы) на справу з полаўцамі і, павярнуўшы, сустрэліся з пераможцам Яраполкам. Разбіўшы войска, паланілі яго самога і пляменніка ягонага, князя Васільку, з мноствам кіеўскіх баяраў. Але Яраполк, трапіўшы ў палон, змог выбрацца з цямніцы і ўцёк у Кіеў, адкуль – калі горад быў узяты Алегавічамі (Ольгавічамі) ў аблогу, – хаця і меў дастаткова рыцарскага люду, баяраў і кіеўскіх жаўнераў, не пажадаў чыніць супраціву. А пасля на справядлівых умовах заключылі між сабой мір і пагадзіліся, што Яраполк застаўся на кіеўскім стальцы, а яны таксама раз’ехаліся кожны ў сваё ўдзельнае княства.

ПРА СКІДАННЕ РУСКІМІ КНЯЗЯМІ ПОЛЬСКАГА ЯРМА, ПРА ШТО [ПІШУЦЬ] ДЛУГАШ ET MIECHOVIUS (FOL. 81, CAP. 14), CROMERUS І РУСКІЯ ДЗЕІ
У год Гасподні 1134 рускія князі, з’ехаўшыся ў Кіеў, пачалі новае задумляць супраць палякаў, успрымаючы як цяжкае ярмо тое, што польскі манарх Балеслаў Крывароты часта патрабаваў ад іх ратунку і дапамогі супраць сваіх і польскіх непрыяцеляў – чэхаў, мараваў, прусаў і памаранаў; разумелі таксама, што палякі без іх ніводнае вайны выйграць не змогуць.

А падбухторшчыкам стаў Яраполк Уладзіміравіч, князь кіеўскі, які на з’ездзе рускіх князёў звярнуўся да ўсіх з такой прамовай (як апісаў яе Кромер): “Як на нявыгадных умовах, з прыніжаючымі нас абавязкамі мы служым польскаму княству, яснавяльможныя князі слаўнага рускага народа, няма вам патрэбы тлумачыць працяглым словам! Бо нават калі пра вас, якія нарадзіліся для загадвання іншым, а не для падпарадкавання, праміну і замоўчу, то ўжо ж напэўна можам прыгледзецца да мноства падданых нам людзей, якія, хаця і прывыклі да паднявольнае службы і без панавання вышэйшых станаў не могуць належным чынам арганізаваць сваё жыццё, самі, аднак, бачыце, наколькі ім непрыемная гэта служба і яе парадак. Бо хто ж, наогул, настолькі цярплівы, каб мог тое прызнаць справядлівым? – І цяжкі падатак плаціць, і пастаянна ваяваць далёка ад айчыны ў чужой зямлі за чужую справу і пад чужым камандаваннем, без усялякай патрэбы і карысці для сябе, і выстаўляць сябе на яўную небяспеку, і падвяргацца ёй. Іншы – які нават не адчуў небяспекі і не атрымаў ранаў – бярэ за такое плату.

Але хай гэта застанецца няволяй і павіннасцю нашых продкаў, якія шкоднай пажадай панавання і ўнутранай раз’яднанасцю самі на сябе наклікалі і ўсклалі тую ганьбу і ярмо, а найцудоўнейшае квітнеючае царства прамянялі на агідную няволю. Ці ж мы ўжо не шукацьмем ніякага сканчэння, выбаўлення і выйсця з гэтага няшчасця? Сам я, як напраўду, пагадзіўся б памерці з гонарам, чым ганебна служыць, о слаўныя князі, і вы таксама, мяркую! Продкі нашы падставілі шыі свае пад ярмо, больш сваімі ўнутранымі, як польскімі, мячамі пераможаныя, калі міжусобіцамі, што аплывалі братэрскай і айчыннай крывёй, самі сябе ўзаемна перамагалі і вынішчалі; а затым адзін супраць другога – брат супраць брата, князь супраць князя – прасілі польскай дапамогі і прыводзілі яе на немалую шкоду як сабе, так і праціўніку, з якім пачыналі вайну; і замест палякаў-памочнікаў, якіх клікалі на ратунак, атрымалі непрыяцеля. А мы цяпер, маючы аб’яднаныя сілы і згоду, ці ж не здолеем тое ярмо скінуць і збіць са сваіх шый? О князі, нават калі мы ваюем не больш паспяхова за чэхаў і венграў – як і за тых нікчэмных паноў нашых палякаў, якія змагаюцца з чэхамі і венграмі, – усё гэта наша справа. Яны моцныя нашымі сіламі, не сваімі, нашая моладзь – наша (маеце стойкіх малойцаў, першае рыцарства і наймацнейшыя наезды), яна заўсёды стрымлівае наперадзе гвалтоўную моц польскіх непрыяцеляў, і тыя робяць сабе палёгку – пачаўшы бітву, сцерагуцца яе. Ніколі не было такіх часоў, калі б мы без цяжкасці маглі вярнуцца да сваіх першых вольнасцяў і атачыць сябе імі.

Цяпер жа нам сапраўды лёс (альбо, хутчэй, сам Госпад Бог, якога мы з большай пашанай і належнасцю,чым яны, услаўляем) спасылае ўдачу, бо палякі знясілены і раз’яднаны двума найвялікшымі войнамі – венгерскай і чэшскай; і яны не перамогуць ні ў той, ні ў гэтай, калі мы адмовім у звыклым ратунку і дапамозе. Толькі таго й не хапае, каб яны таксама нашай ваеннай моцы давалі адпор. А я напраўду, князі, не так да пэўнай вольнасці, к да перамогі і да самага шырокага і магутнага панавання і загадвання заклікаю. Калі хочаце звацца мужамі, то хай яны нам служаць і за нас ваююць, як здаўна чынілі і выконвалі для іх мы. Калі вы захочаце – маем на сваім баку мноства падданага нам паспольства рускай зямлі, на ўсё гатовага і так распаленага нянавісцю да ганебнай няволі і польскага імя. Глядзіце адно, каб мне жадання, прычыны і падставаў для вайны хапала”.

Так скончыў князь Яраполк кіеўскі тую прамову, якую, словамі Кромера прыгажэй напісаную на лацінскай мове, палічыў я патрэбным перапісаць, і пачынаецца яна так: Quam dura conditione Polonorum principi serviamus, principes? Non est necesse pluribus verbis exponere. Nam ut vos, qui ad imperandum aliis, non ad parendum nati estis, praeteream, multitudini quidem certe nostrorum hominum, quae servituti assueta, sine alieno dominatu recte vitam degre non potest tamen quam acerbus sit istius servitutis sensus, videtis. Quis autem omnino tam paciens est, ut et grave tributum pendere, et in alieno solo procul a patria, nullo suo compedio, alieno iussu ductuquae perpetuo militare et apertis periculis obiici se, aliumque expertem periculi laborum et vulnerum suorum praemia tollere, aequo animo ferat. Sed fuerit hoc maiorum nostrorum, qui pernitiosa ambitione et intestinis desidiis hoc malum sibi acersiverunt, et florentissimum imperium foeda servitute commutarunt: Nullum ne nos quaeremus eius mali exercitum. Ego vero honeste mori quam turpiter servire malim, principes: idemque de vobis iudico. Subdiderunt colla iugo maiores nostri, suis magis quam Polonorum armis victi, cum civili et paricidiali bello mutuo se afflixissent et alli contra alios Polonorum opem suo iuxta ac adversariorum malo implorassent: hostes experti, quos in auxilium advocarent. Nos coniuncti et concordes id iugum non excutiemus? Quasi vero non magis nos, quam Boemi et Ungari, atque ad eo ipsi impotentes domini nostri Poloni, multitudine et iuribus abundemus. Quod si bene ii rem gerunt adversus Ungaros et Bohemos, nostrum id est totum: nostris illi iuribus valent, non suis: nostra iuventus primos et accerimos hostium impetus sustinet, illi sibi cauent post principia.

Quod si illum unquam fuit tempus, quo asserere non nullo negotio in libertatem possemus: Nunc certe id nobis fortuna sine adeo Deus, qui sanctus et rectius a nobis quam ab illis colitur, obtulit, cum Poloni maximis duobus bellis U[n]garico et Boemico destinentur. Quorum neutri sane pares erunt, si nostra ipsis auxilia detrahamus tantum abest, ut nostra praeteres arma sustineant. Ego vero principes, non tam ad certam libertatem, quam ad victoriam et amplissimum imperium vos voco, si viri esse pegitis. Illi nobis servierint, nobisque militaverint, quae nos dudum ipsis praestitimus si vos volueritis et habemus sane cum ad omnia obsequentem, tum odio durae servitutis et Polonici nominis inflammatam multitudinem. Videte modo, ne studuim illi vestrum ductusque defuisse videatur.

Выслухаўшы тую прамову, ухвалілі рускія князі Яраполкаву раду, як другога Дэмасфена і рускага Цыцэрона, і следам усе разам прысягнулі і крыж цалавалі (паводле грэцкіх цырымоній) на сведчанне сваёй вернасці, што пацвердзілі адзін аднаму і подпісамі сваімі. Затым раіліся пра патрэбы, выдаткі і парадак пачатку вайны з палякамі; і вырашылі яны, усё ж, да часу трымаць тую нараду і рашэнне ў тайне, каб спачатку падрыхтаваць рэчы, якія неабходны і патрэбны для такой вялікай вайны.

ПРА ПАЛАНЕННЕ ЯРАПОЛКА, КНЯЗЯ КІЕЎСКАГА І ЎЛАДЗІМІРСКАГА, ХІТРЫМ ПАДМАНАМ І ЯГО ПРЫВЯДЗЕННЕ Ў ПОЛЬШЧУ ETC.
Калі тая вестка пра пачынанні рускіх князёў дайшла да Балеслава Крываротага – ваяўнічага і велічнага для ўсіх суседніх народаў польскага манарха, той вельмі ўстрывожыўся, асабліва таму што тады вёў адначасова вайну з чэхамі і венграмі, а тая трэцяя, з рускімі князямі, прычыняла не меншую, а куды большую трывогу.

Склікаў тады не марудзячы польскіх паноў-сенатараў на сойм, каб параіцца, што рабіць і як бы перашкодзіць таму адкіданню рускіх князёў. І там, калі сенатары бралі слова і выказвалі кожны сваё меркаванне, Пётр Уластовіч, граф на Ксёнжы, сенатар, вядомы мудрымі парадамі, сказаў, што нельга стрымаць плынь вады, пакуль не заб’ецца яе крыніца, і пакуль [вада] не выкапае дрэва з карэннем, датуль яно будзе расці. Таксама і ўсобіцы русаў, і іх распачатае адкіданне нельга стрымаць, пакуль не будзе знятая галава таго падбухторшчыка супраць нас, то бок князя Яраполка. А тое можна зрабіць хутчэй падманам, чым адкрытай вайной, прынамсі, не будзе лішнім, калі мы адпомсцім ім за парушэнне клятвы. І Уластовіч сам вызваўся і абавязаўся перад Балеславам учыніць тое, сказаўшы, што дзякуючы ягоным хітрыкам можа разам з усёй Польшчай не апасацца вайны з русамі.

І, узяўшы з сабою няшмат слугаў і адданых прыдворных, якім паведаміў пра тую сваю параду, паехаў на Русь да Яраполка, прыдумаўшы, што яго выгнаў і пазбавіў бацькаўшчыны Балеслаў Крывароты, люты тыран. І там пачаў паўсюдна шматслоўна апісваць ягоную невыносную лютасць і тыранства, просячы князя Яраполка, пра ласкавасць і набожнасць якога быў начуты і да якога ўцёк, каб дазволіў яму пры сабе застацца і бараніў ад таго лютага тырана, які ўжо не толькі суседскім князям, але і ўсім сваім падданым, палякам, так абрыдзеў з-за бязбожнасці, што замышляюць і хочуць выгнаць яго з дзяржавы. Пачуўшы тое, Яраполк вельмі ласкава прыняў Уластовіча, ляха, радуючыся таму, што спаслаў яму Госпад Бог памочніка для ажыццяўлення задумы і распачацця вайны з палякамі. Пачаў і сам таксама наракаць на Балеслава Крываротага, закідаючы яму, што той таксама дамовіўся з іншымі князямі паўстаць на яго.

А Пётр Уластовіч, лях, ва ўсім яму паслужыць гатовы, кажучы, што таксама жадае разам з імі папомсціцца бязбожнаму Балеславу за сваю крыўду; і той падманлівай ліслівасцю дасягнуў таго, што аказаўся ў ліку тайных дарадчыкаў Яраполка. А Яраполк, адразу паведаміўшы іншым князям і вырашыўшы разам з імі паспяшацца, задумаў вайну з палякамі. І калі аднойчы князь Яраполк паехаў з малой світай на сяло, у нейкі фальварак, паехаў побач з ім са сваімі слугамі і Уластовіч. Там, бачачы прыдатны час для паспяховага завяршэння свайго падступнага намеру, Уластовіч – даўшы сваім знак, калі князь абедаў з малой дружынай – схапіў яго і звязаў і, як барана, кінуўшы на каня, кінуўся ў Польшчу, маючы на той выпадак гатовых коней і перавозы. І так даставіў яго жывога Балеславу, які, пахваліўшы яго пільнасць, вернасць і адданасць справе, ушанаваў і адарыў Уластовіча шчодрымі дарамі. А Яраполка загадаў пакінуць у Кракаве пад вартай, але ў тым жа годзе князь Васілька перамышльскі і ягоны пляменнік, разам з іншымі рускімі князямі выкупіў яго за вялікую вагу золата, срэбра і каштоўных кляйнотаў; і пасля таго, як прысягнуў надалей быць верным і адданым Балеславу, быў адпушчаны на айчыннае кіеўскае і ўладзімірскае княжанне.

Аднак тае клятвы не стрымаў, бо вырашыў, што ён таксама павінен адказаць на падман Балеслава падманам.

ЯК ЯРАПОЛК АДПЛАЦІЎ БАЛЕСЛАВУ ЗА ПАДМАН ПАДМАНАМ


Яраполк, князь кіеўскі і ўладзімірскі, хочучы адплаціць Балеславу тым самым, адправіў да яго падобным чынам нейкага венгра (слаўнага чалавека, як пішуць Кромер і Miechovius, але Вапоўскі сцвярджае, што хітрага руса, адно што ён умеў па-венгерску). Той, прыехаўшы да Балеслава Крываротага, прыкінуўся выгнаннікам, сказаўшы: “Бэла, венгерскі кароль, найяснейшы княжа Балеславе, пазбавіў мяне ўсёй маёмасці і выгнаў, бо я трымаўся на баку твайго ўнука і галасаваў, каб ён быў каралём”. Таму Балеслаў, даўшы веры гэтаму хітраму венгру, ласкава яго прыняў і даў яму вісліцкае староства. А Вісліца на той час была слаўным і людным горадам, акружаным Нідай-ракой і ад прыроды зручным для абароны, ад Кракава за дзевяць міль. Акрамя таго – з-за свайго красамоўства і хітрай кемлівасці – быў уведзены таксама і ў сенатарскую раду.

І калі Балеслаў з большай часткай польскіх паноў адправіўся ў нямецкі горад Балемберг для перамоваў і пагаднення з рымскім імператарам Лотарам, венгр, староста вісліцкі, бачачы прыдатны час для поспеху свайго хітрага падману, распусціў чуткі па навакольных воласцях, што рускія князі ідуць руйнаваць Польшчу. І такім чынам ад каралеўскага імя загадаў, каб усе палякі як мага хутчэй прыбывалі са скарбамі і скацінай у бяспечнае месца – Вісліцу, каб захаваць жыццё жонак, дзяцей, сваё і сваю маёмасць. Усе з вялікай ахвотай і без загаду так і зрабілі, таму ў Вісліцы сабралася вялікае мноства паноў, шляхты і пасольства з усялякім майном. І ў тым годзе Гасподнім 1135 венгр даў знаць Яраполку, князю кіеўскаму і ўладзімірскаму, каб як мага хутчэй, скарыстаўшыся з нагоды, прыйшоў з войскам пад Вісліцу ў пэўны дзень лютага, абяцаючы яму здаць горад з усімі, [хто ў ім]. Што і зрабіў Яраполк, і ў прызначаны час прыйшоў з дваццаццю тысячамі русаў пад Вісліцу, якую венгр здаў яму ўначы, расчыніўшы ўсе брамы. Рускае войска, заехаўшы ў горад, пасекла і памардавала тое вялікае зборышча палякаў – мужчын і жанчын, старых і маладых, і малых дзяцей – без розніцы стану. Запаліўшы горад, важнейшых людзей, як быдла, спешна пагналі на Русь разам з вялікімі скарбамі і здабычай. А таму венгру-здрадніку замест якога дару князь Яраполк загадаў выкалаць вочы, адрэзаць язык і мужчынскі орган прадаўжэння роду – горш за гэта і зрабіць нічога не мог. Такую атрымаў плату за сваю здраду, бо звычайна князі і каралі, хаця і любяць здраду, якая прыносіць ім карысць, але здрайцаў ненавідзяць, як пішуць Vincentius Kadłubkus і Cromerus.

А Балеслаў, манарх Польшчы, вярнуўшыся ад імператара з Германіі і дачуўшыся пра вісліцкае паруйнаванне, сабраў вялікае войска не толькі са шляхты, але і з гарадскога і сельскага паспольства, ды, зайшоўшы ва Уладзімірскае княства, агнём і мячом паваяваў уздоўж і ўпоперак усе воласці і з вялікай здабычай вярнуўся ў Польшчу, не сустрэўшы ніякага адпору з боку русаў, бо Яраполк – усумніўшыся ў сваёй моцы – адступіў было ў лясы між азёр.

ПРА ПАДСТУПНУЮ ПАРАЗУ БАЛЕСЛАВА КРЫВАРОТАГА АД РУСКІХ КНЯЗЁЎ ПАД ГАЛІЧАМ У 1139 ГОДЗЕ

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка