1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка5/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Праз колькі гадоў, калі з дапамогай польскага караля Балеслава Смелага князь Святаслаў сеў на кіеўскі сталец, паўстала нязгода паміж ім, з аднаго боку, і князямі Святаславам і Усеваладам, з другога, наконт супольных межаў і падзелу адбітага ў полаўцаў рабунку. Таму Ізяслаў, кіеўскі манарх, не давяраючы свайму рыцарству, паўторна адправіўся з Кіева разам з жонкай і сынамі ў Польшчу, да караля Балеслава Смелага, свайго стрыечнага брата. А князі Святаслаў і Усевалад, прыбыўшы сакавіка 22 дня ў Кіеў, захапілі Ізяславаў сталец і княства. І калі неўзабаве, месяца снежня 21 дня 1072 года Святаслаў памёр і быў пахаваны ў Чарнігаве, у царкве святога Спаса, брат ягоны Усевалад адразу ўступіў па ім на кіеўскае княжанне; даведаўшыся пра тое, польскі кароль Балеслаў Смелы павёў свайго стрыечнага брата Ізяслава, першага кіеўскага манарха, з войскам на Кіеў.

І там, пад самым горадам, даў Усеваладу бой і нанёс яму паразу, пасля чаго зноў пасадзіў Ізяслава на кіеўскую манархію. Тады ж старшы сын Ізяслава, Святаполк, уступіў на наўгародскае княжанне, бо акурат тады быў люта і неміласэрна забітвы падданымі князь Глеб, сын князя Святаслава чарнігаўскага. Таксама Уладзімір, другі сын Ізяслава, сеў на смаленскае княжанне, а Яраполк, трэці сын, на вышгарадскае, дзякуючы чаму ў рускіх землях скончыўся разлад. Але іншыя рускія князі, Барыс і Алег, рухомыя зайздрасцю, заклікаўшы ў дапамогу полаўцаў, пачалі пустошыць рускія землі. Выступіўшы супраць іх, князь Усевалад чарнігаўскі даў ім жнівеня 25 дня бітву ва ўрочышчы, званым Зычка; пераможаны, аднак, уцёк, чым страціў свой чарнігаўскі сталец. Вымушаны патрэбай, адправіўся з сынам Уладзімірам у Кіеў да брата свайго князя Ізяслава кіеўскага; той, спешна сабраўшы кіеўскае войска, рушыў з сынам сваім Яраполкам і Усеваладам чарнігаўскім з сынам яго Уладзімірам на Чарнігаў, у якім тады сядзелі, спадзеючыся на сілу полаўцаў, князі Барыс і Алег. І раіў Алег Барысу, мовячы: “Не пачынайма вайны з чатырма князямі, братамі нашымі, бо яны мацнейшыя за нас. Шукайма лепш у іх міру па ўзаемнай згодзе”. На што адказаў яму князь Барыс, узнесены пыхай сваёй: “Не трывожся, як здабудзем перамогу, але з верай чакай перамогі і сканчэння бітвы”. Калі ж зышлася з абодвух бакоў вялікія сілы, забіты адразу князь Барыс, сын Чаславаў, які пагарджаў мірам. Аднак і князь Ізяслаў кіеўскі, па сканчэнні бітвы прахаджваючыся бяспечна між свайго пешага рыцарства, быў прабіты кап’ём праз лапатку адным з вояў князя Алега, які быў змяшаўся з тымі пешымі (быццам бы з таго ж войска); і ад тае раны Ізяслаў адразу памёр і, адвезены сынам Яраполкам у Кіеў, пры вялікім плачы ўсіх падданых быў пахаваны ў сямейным склепе ў царкве Багародзіцы ў 1076 годзе ад [Нараджэння] Госпада Хрыста. А быў той князь Ізяслаў высокі ростам, вельмі любіў справядлівасць, пра што сведчыць рускі летапіс і Мехавіта (fol. 52, lib. 2, cap. 21).

ПРА МІЖУСОБІЦЫ РУСКІХ КНЯЗЁЎ З-ЗА КІЕЎСКАГА СТАЛЬЦА І ЗАБОЙСТВА ЯРАПОЛКА ІЗЯСЛАВІЧА, КНЯЗЯ ЛУЦКАГА І ЎЛАДЗІМІРСКАГА, ЯГОНЫМ ДВАРАНІНАМ
Вярнуўшы з дапамогай забітага Ізяслава Чарнігаў, Усевалад аддаў яго старшаму сыну Уладзіміру, а другога сына пасадзіў на тураўскае княжанне. Сам Усевалад уступіў на кіеўскае княжанне па забітым родным браце Ізяславе. Таму іншыя рускія князі, рухомыя зайздрасцю, пайшлі на яго вайной. Бо Раман, рускі князь, хочучы заняць кіеўскі сталец, наняў за грошы полаўцаў у падмогу і выступіў з імі на Усевалада, з якім потым каля Пераяслава жнівеня другога дня яны памірыліся па слушным патрабаванні і пры згодзе рускіх паноў. Аднак полаўцы, абурыўшыся, што прыняў мір без іхняе згоды, забілі князя Рамана. Затым паўстаў на Усевалада Яраполк, сын Ізяслава кіеўскага, за тое, што адабраў у яго і захапіў спадчыну па бацьку– Кіеўскае княства. І калі Усевалад раіўся пра тое з усёй сваёй радай, адзін з радных паноў так навучаў Усевалада: “Пашлі сына свайго Уладзіміра з войскам на Яраполка, а апярэдзіўшы, ашукаю яго хітрай парадай і без бітвы перамагу”. І прыехаў той хітры рускі пан да Яраполка, мовячы: “Не давярай ні сваім радным панам, ні рыцарству, бо яны хочуць выдаць цябе Усеваладу, але як мага хутчэй едзь у Польшчу, як рабіў [бацька] твой Ізяслаў, просячы дапамогі ў вяртанні на кіеўскае княжанне”. Яраполк даў веры той здрадлівай намове і, пакінуўшы маці, жонку і сыноў у луцкім замку, уцёк у Польшчу, да караля Балеслава Смелага. Той, не могучы асабіста суправаджаць у Русь з-за нязгоды, якая паўстала паміж ім і рыцарствам, паслаў з ім польскіх жаўнераў, з дапамогай якіх Яраполк вярнуў сабе луцкі замак, які захапіў было па яго ад’ездзе ў Польшчу Уладзімір, сын Усевалада. Акрамя таго Уладзімір вярнуў або паабяцаў вярнуць і іншыя замкі.

Пасля гэтага Яраполк распусціў польскае войска і, калі везлі яго ў санях з Уладзіміра ў Свінігарад, быў забіты ў сне сваім прыдворным і любімцам, імя якому было Нярадзец; і быў адвезены ў Кіеў, пахаваны ў царкве Святога Дзімітрыя; на пахаванні быў князь Усевалад кіеўскі з сынамі Уладзімірам і Расціславам, з мітрапалітам Іванам, з баярамі і ўсімі станамі кіеўскай манархіі. Той Яраполк, як піша Мехавіта, быў ціхі і рахманы, любіў духоўных, асабліва чарняцоў, якім плаціў дзесяціну з любога ўраджаю, з чарады і статка, усялякага прыбытку; і пакуль жыў, пастаянна быў у набожных малітвах, просячы Госпада Бога, каб даў яму памерці такой смерцю, якой прадзеды ягоныя Барыс і Глеб, забітыя і прылічаныя да рускіх святых.

ПРА РУЙНАВАННЕ ПОЛЬШЧЫ РУСКІМІ КНЯЗЯМІ З ЛІТВОЙ І ІХ ПАРАЖЭННЕ,

ПРА ШТО [ПІШУЦЬ] DLUGOSSUS, VAPOVIUS, KADŁUBKUS І MIECHOVIUS



(FOL. 58, LIB. 3, CAP. 4, CRO. LIB. 5)
Бачачы для таго зручны час, князі рускія – Уладзімір наўгародскі, Давід і Алег пераяслаўскія, Валадар перамышльскі і Яраслаў Яраполчыч, князь уладзімірскі і луцкі, – сабраўшыся ў чатыры асобныя войскі, уварваліся ў Польшчу ў часы панавання на польскім троне Уладзіслава Германа, брата Балеслава Смелага, які невядома дзе падзеўся пасля забойства святога Станіслава. І руйнавалі русы Польшчу аж да ракі Віслы, і прычыніўшы агнём і мячом невымоўную шкоду ў людзях і скаціне, з вялікай здабычай вярталіся дамоў. І ўжо ўвайшлі былі ў свае рускія землі, радуючыся і трыумфуючы з прычыны ўдачы ў польскай вайне, калі насцігнуў іх Балеслаў Крававусны, сын Германа, польскага манарха, і ў нядзелю ўначы, прама пад час першага сну (бо іначай той колькасці русаў не змаглі б адолець) з вялікім галасам напаў на іх, нанёсшы паразу перапужаным і разбеглым і адбіўшы ўвесь рабунак, і ў вялікай славе вярнуўся ў Польшчу.

Потым, у год Гасподні 1082 Васілька Расцілавіч перамышльскі, рускі князь, сабраўшы войска з русаў і полаўцаў, увайшоў у Польшчу і, спаліўшы некаторыя замкі, гарады і вёскі, спешна вывеў на Русь вялікую здабычу.



ПРА ПАРАЖЭННЕ РУСКІХ КНЯЗЁЎ АД ПОЛАЎЦАЎ
Тады ж, у годзе Гасподнім 1083, вялікі паморак панаваў ва ўсіх рускіх княствах, ад якога красавіка 13 дня памёр князь Усевалад кіеўскі, сын Яраславаў; пахаваны ў царкве Святой Сафіі. Ён быў вялікім абаронцам сіротаў і ўбогіх. Пакінуў па сабе двух сыноў – Уладзіміра і Расціслава. Старшы, князь Уладзімір чарнігаўскі, баючыся, каб князь Святаполк наўгародскі, сын Ізяславаў, не напаў на Кіеўскае княства (бо тут быў спадчынны сталец ягонага бацькі), паклікаў яго і добраахвотна саступіў яму кіеўскае княства. І Святаполк, прыехаўшы ў вернутую дзяржаву, уехаў у Кіеў у Правадную нядзелю, першую па Вялікадні і быў ласкава і з вялікімі дарамі прыняты ўсімі станамі. А Уладзімір Усеваладавіч уступіў на чарнігаўскае княжанне, а брат ягоны Расціслаў – на пераяслаўскае; полаўцы ж, даведаўшыся, што Святаполк, сын Ізяславаў, уступіў на кіеўскае княжанне, адправілі да яго сваіх паслоў, каб заключыў з імі мір, як тое рабіў бацька ягоны, і цалкам сплаціў ім затрыманую даніну. Святаполк, палічыўшы тое пасольства пыхлівым і абразлівым, не мог таго сцярпець, і загадаў схапіць тых паслоў і затрымаць. Даведаўшыся пра тое, полаўцы запаліліся гневам і рашучасцю і адразу ж уварваліся ў рускія княствы, разбураючы, палячы і руйнуючы. Таму Святаполк, бачачы, што нядобра і няслушна ўчыніў, зняў з тых паслоў путы і адправіў іх да полаўцаў, просячы ў іх міру, не атрымаўшы якога, паслаў да князёў Уладзіміра чарнігаўскага і Расціслава пераяслаўскага, просячы іх прыйсці на дапамогу. Тыя, сабраўшы свае войскі, прыйшлі ў Кіеў, дзе дакаралі Святаполка, што насуперак людскому праву ужыў гвалт па палавецкіх паслоў. А затым разам з ім вывелі свае ваенныя палкі на раку Стутну і там доўга вырашалі, даваць бітву ці не. А паколькі ўсе кіяне выкрыквалі ў падтрымку вайны, усклікаючы, што ніякага міру з полаўцамі не маюць, падрыхтаваліся [выступіць] супраць полаўцаў. Святаполк заняў з кіянамі правы фланг, Расціслаў з пераяслаўцамі – левы, а Уладзімір з чарнігаўцамі трымаў сярэдзіну. А дваццаць шостага дня мая сышлася вялікая моц з абодвух бакоў з крыкам і громам. Неўзабаве Святаполк, пацярпеўшы ад палавецкіх стральцоў пад вечар паразу, уцёк са сваімі ў замак Атропаль і зацемна вярнуўся ў Кіеў. Полаўцы ж ударылі на Уладзіміра і Расціслава, войскі якіх таксама разграмілі і разагналі. Уцякаючы, князь Расціслаў утапіўся ў рацэ Стутні, якая выйшла тады з берагоў; брат Уладзімір, перабраўшыся з малой дружынай праз раку і знайшоўшы цела, аплакваў яго на другім беразе, а затым пахаваў у фамільным склепе ў царкве Святой Сафіі. Полаўцы ж, атрымаўшы перамогу, з адным войскам узялі ў аблогу замак Трошч, а з другім пацягнуліся да Кіева. Святаполк, выехаўшы насустрач, даў ім бой, аднак, пераможаны полаўцамі, толькі з двума слугамі змог уцячы ў Кіеў. Полаўцы ж вярнуліся з новай перамогай да другога свайго войска, пакінутага пад Трошчам, паказваючы ўзятым у аблогу русам палонных і здабычу. І акружаныя [ў замку воі] панеслага паразу Святаполка, якія не маглі ўжо бараніцца даўжэй з-за голаду і страты надзеі на дапамогу свайго князя Святаполка, здалі замак полаўцам; тыя замак спалілі і з вялікім мноствам здабычы і рускіх палоннікаў вярнуліся ў свае краі, дзе большасць русаў з-за адсутнасці адзежы, холаду і разнастайнага недахопу загінула і памерла. А князь Святаполк кіеўскі, знясілены той двайною паразай і несвоечасова – па шкодзе – жалячыся на заняпад, заключыў з полаўцамі мір, і каб яшчэ мацней пацвердзіць прыязнасць, ажаніўся з дачкой Тугархана, палавецкага князя. Але і пасля гэтага не было міру ў рускіх княствах, бо князь Алег, упрасіўшы ў полаўцаў дапамогі, спусташаў воласці Чарнігаўскага княства, так доўга нішчачы ў агні цэрквы, манастыры, мястэчкі і вёскі, што князь Уладзімір быў вымушаны саступіць яму чарнігаўскі замак, сталец і само княства, а сам адправіўся ў Пераяслаў. Аднак чарнігаўскі край і пасля тае дамовы не быў убяспечаны ад варожага нашэсця, бо полаўцы несупынна спусташалі рускія воласці і вельмі шмат хрысціянаў, паланіўшы, павялі ў няволю.

Да таго ж саранча вялікая, прыляцеўшы немаведама скуль у рускія староны, паела, пагрызла і панішчыла ўсё збожжа і плады.

ПРА ПАРАЖЭННЕ ПОЛАЎЦАЎ
Кітан і Ітлар, два палавецкія князі, сабраўшы свае войскі, пайшлі вайной на князя Уладзіміра пераяслаўскага, дзяржава якога яшчэ была імі нечапаная. Таму Уладзімір, паслаўшы да полаўцаў, заключыў з імі мір на нявыгадных і несправядлівых умовах, аддаўшы ім у заклад свайго сына Святаслава. Пасля гэтага па парадзе свайго рыцарства і Славеты, пасла князя Святаполка кіеўскага, спачатку сына свайго Святаслава вырваў з палавецкага закладу (бо яго там неахайна сцераглі), а затым забіў Кітана і Ітлара, князёў палавецкіх, з усімі іх прыдворнымі. А сабраўшы войска, князь Святаполк кіеўскі і [князь] Уладзімір чарнігаўскі ўдарылі нечакана па качэўях і стойбішчах полаўцаў і з перамогай вывелі ў Русь іх жанчын, скаціну, дзяцей, чароды, статкі і вярблюдаў. Пасля гэтага полаўцы, сабраўшы новае войска, узялі ў аблогу Уграў, замак князя Святаполка, здабываючы яго ўсё лета, і не адступілі, пакуль не ўпрасіў іх Святаполк, паслаўшы дары.

Пасля ж полаўцаў прыйшла на Русь у год Гасподні 1089 жнівеня 28 дня вялікая моц язычнікаў – прусы і літва з яцвягамі (як сведчаць рускія гісторыі і Вінцэнты Кадлубак, а таксама Мехавіта) і, зруйнаваўшы ўдоўж і ўпоперак рускія княствы каля Луцка, Уладзіміра і Львова, адступілі з вялікай здабычай. Следам прыйшоў пад Кіеў палавецкі князь Маняк, а Тагархан, іншы палавецкі князь, свёкар альбо цесць Святаполка, прыйшоў з сынамі пад Пераяслаў. Выступіўшы супраць іх, Святаполк і Уладзімір далі ім бітву ліпеня 10 дня на рацэ Трубошы, дзе паграмілі полаўцаў ушчэнт, а князь іхні Тагархан з сынамі засталіся, забітыя, у полі. Аднак полаўцы, не застрашаныя той паразай, сабраўшы новае войска і з’явіўшыся пакрыёма, амаль не захапілі Кіеў з замкам. Бачачы, што спадзяванні аказаліся марнымі, папалілі цэрквы, манастыры і навакольныя вёскі, а таксама княжы двор у Берастове.

ПРА ЛЮТЫЯ І ЧАСТЫЯ НЕАДНАРАЗОВЫЯ МІЖУСОБІЦЫ І ШКОДНЫЯ

РАЗЛАДЫ ПАМІЖ РУСКІХ КНЯЗЁЎ


Князі рускія, хочучы запабегчы частым наездам на свае землі і адвучыць ад таго драпежных полаўцаў, сабраліся ў Кіеў на з’езд, і адправілі паслоў да князя Алега северскага, просячы таго з’явіцца для рады пра агульную справу рускіх княстваў і земляў. Той жа, смеючыся з іхніх паслоў, мовіў: “Не змусіце мяне, каб я слухаўся загадаў уладыкаў, чарняцоў і неразважных людзей і схіліў перад імі галаву”. Абражаныя такім адказам на сваё пасольства, князі Святаполк і Уладзімір перад полаўцамі пайшлі вайной на Алега і акружылі яго ў Старадубе, 32 дні штурмуючы замак. Затым Алег, змушаны голадам, выпрасіў у іх міру, абяцаўшы праз цалаванне крыжа і клятву выканаць іх загад, чаго, аднак, не зрабіў, бо калі была знятая аблога, ён, парушыўшы клятву, напаў на Мурамскае княства. І таму меў бітву з Ізяславам, сынам князя Уладзіміра пераяслаўскага (не кіеўскага, як Мехавіта, fol. 62, піша, бо на той час кіеўскім [князем] быў Святаполк), а забіўшы Ізяслава, захапіў замак Мурам і падпарадкаваў сабе Растоўскае княства.

Затым Мсціслаў, родны брат забітага Ізяслава і наўгародскі князь, баючыся Алегавай тыраніі, паабяцаў, што і ён сам, і бацька ягоны Уладзімір шукаюць з Алегам міру. Аднак Алег, апанаваны сквапнасцю і жаданнем адабраць у Мсціслава Наўгародскае княства, сабраў войска і стаў абозам у Тураве, паслаўшы наперад для аховы і выведкі свайго брата Яраслава. Калі ж таго перахапіў і зняволіў князь Мсціслаў наўгародскі, Алег спужаўся і адступіў з войскам пад растоўскі замак, затым у Мурам; пераследуючы яго, Мсціслаў з ім памірыўся праз паслоў і распусціў войска. Даведаўшыся пра тое, Але парушыў перамір’е і выступіў са сваімі палкамі супраць Мсціслава, які ўцёк ад яго ў Кіеў. І сабраўшыся з кіянамі, з полаўцамі і братам Вячаславам, якога бацька, князь Уладзімір чарнігаўскі, прыслаў яму на дапамогу, меў з Алегам вялікую бітву і перамог яго, аж той уцёк у Мурам. Разумеючы, што – з-за сваіх частых падманных хітрыкаў – не мецьме бяспекі ў рускіх землях, уцёк [Алег] у Разанскае княства. А Мсціслаў, дагнаўшы яго, ласкавымі і мядовымі словамі, поўнымі водару надзеі, казаў яму: “Сорам табе, сорам і нам, братам тваім, ганьба агідная і твайму рыцарству, каб ты туляўся ў патрэбе па чужых землях, таму вярніся ў рускую зямлю, сваю айчыну”.

Тымі словамі адвярнуў і адвёў Мсціслаў Алега з рыцарствам ягоным ад уцёкаў.

Затым рускія князі, сабраўшы з’езд у Любечы, дамовіліся пра мір паміж сабой і адобрылі сумесную абарону ад язычнікаў полаўцаў. Але следам, парушыўшы мір, спрысягліся і змовіліся князь Святаполк кіеўскі з Давідам Рыгоравічам на Васільку Расціславіча, князя перамышльскага і падольскга, маючы яго пад падазрэннем. І калі той прыехаў да іх з мірам, зняволіў яго Святаполк і асляпіў на абодва вокі; з-за гэтай жорсткасці іншыя князі – Уладзімір, Алег і Давід Святаславіч – пайшлі на Святаполка вайной. Той жа, баючыся, рыхтаваўся ўцячы да полаўцаў. Але мітрапаліту і важнейшым кіеўскім панам удалося ўпрасіць тых князёў з пакорай, каб памірыліся са Святаполкам. А Давід Рыгоравіч, князь валынскі, калі збіраўся напасці на аслепленага князя Васільку перамышльскага, быў апярэджаны ў тым князем Валадарам перамышльскім, братам Васількі, і сам трапіў у акружэнне. Пасля гэтага Давід выпрасіў міру, усклаўшы ўсю віну на князя Святаполка кіеўскага, і гэтым абвінавачаннем наставіў супраць сябе таго ж Святаполка і Валадара. На пачатку вясны аслеплены князь Васілька з братам сваім князем Валадарам перамышльскім прыйшлі ў валынскую зямлю супраць Давіда Рыгоравіча і, захапіўшы Усеваладаў замак, спалілі яго, а знойдзеных там людзей люта памардавалі. Затым падышлі пад замак Уладзімір, прабачылі ўсяму мноству ўзятых у аблогу людзей, і толькі двух – Вамільку і Лазара, князёў уладзімірскіх, – павесілі высока і густымі стрэламі з кушаў,з лукаў на смерць застрэлілі за тое, што іх называлі віноўнікамі асляплення князя Васількі.

Князь Святаполк кіеўскі, хочучы адпомсціць таксама і Давіду, якога таксама абвінавачваў у асляпленні князя Васілька, паехаў у Берасце прасіць дапамогі ў польскіх жаўнераў, якія ў той час трымалі берасцейскі замак. А Давід, непрыяцель ягоны так хутка, як мог, паехаў да польскага манарха Уладзіслава Германа, бацькі Балеслава Крываротага, прасіць дапамогі супраць Святаполка. Уладзіслаў жа, князь польскі, прыйшоўшы з войскам на раку Буг, хацеў памірыць іх, а не змогшы таго дабіцца, вярнуўся ў Польшчу, ніводнаму з рускіх князёў не аказаўшы дапамогі.

Карыстаючыся з нагоды, Святаполк узяў Давіда ў аблогу ва ўладзімірскім замку; на сёмым тыдні аблогі той зноў уцёк у Польшчу, да польскага манарха Уладзіслава, а Святаполк захапіў замак Уладзімір. Затым Святаполк кіеўскі павёў войска супраць Валадара і Васількі Сляпога, князёў перамышльскіх і падольскіх; і калі зышліся ў бітве, атрымалі князі Валадар і Васілька перамогу над Святаполкам.

ПРА ЗАПРАШЭННЕ НА ДАПАМОГУ СВЯТАПОЛКУ ВЕНГЕРСКАГА КАРАЛЯ

КАЛАМАНА І ЯГО ПАРАЖЭННЕ, А ТАКСАМА ПРА СУМЕСНЫЯ БІТВЫ

РУСКІХ КНЯЗЁЎ І ПАГАДНЕННЕ МІЖ ІМІ
Святаполк, князь кіеўскі, атрымаўшы паразу ад братоў Васількі Сляпога і Валадара, збіраў і перапісваў у Кіеве новае войска; паслаў таксама сына свайго Яраслава да венгерскага караля Каламана, просячы ў таго дапамогі. І прыбыў Каламан з васьмю тысячамі рыцарства і двума венгерскімі біскупамі, і стаўшы на рацэ, званай Вяр, узяў у аблогу замак Перамышль, у якім было закрыўся Валадар. Князь Давід таксама, бачачы, што не прычакае дапамогі ад палякаў, уцёк да полаўцаў, і сустрэў па шляху Баняка, палавецкага князя, з гатовым войскам, якое, купіўшы вялікімі дарамі, павёў на венгерскае войска. Паставіўшы кошам сваё войска непадалёк ад Перамышля, апоўначы князь Баняк адправіўся адзін у блізкі лес, каб – паводле язычніцкага звычаю – паваражыць над вынікам бітвы. І калі завыў там голасам ваўка, ваўкі таксама, сышоўшыся, завылі, адклікаючыся на голас Баняка. Вярнуўшыся з той варажбою да сваіх полаўцаў, загадаў ім князь Баняк рыхтавацца да бітвы, цвёрда абяцаючы ім з таго ваўчынага выцця перамогу. Назаўтра, падзяліўшы сваё войска на тры часткі, дзве часткі сваіх палкоў тайна пакінуў у засадзе, а сам з трацінай войска ўдарыў на венграў. І прыкінуўшыся пераможаным і застрашаным, кінуўся на ўцёкі; бачачы тое, венгры, мяркуючы, што напэўна перамаглі полаўцаў, кінуліся за імі ў беспарадку, распусціўшы коней. Тым часам князь Баняк, вырваўшыся з засады з тымі дзвюма часткамі войска, ударыў венграм з тылу і, перастрашаных і ўстрывожаных, лёгка іх перамог і разграміў, паклаўшы на полі чатыры тысячы забітых, не лічачы параненых і ўзятых у палон. Там жа былі забітыя два венгерскія біскупы, адзін з якіх зваўся Копан (альбо Купан), а другі – Лаўрэнцій (па-нашаму пан Ваўжак, Ваўжынец альбо Лаўрэн). Рэшта венгерскага войска разбеглася па лясах і гарах; полаўцы і русы пераследавалі іх два дні, забіваючы, рубаючы і беручы ў палон. І сам венгерскі кароль Каламан, прыкрыты тарчамі сваіх рыцараў, ледзьве ўцёк з таго пабаявішча.

Натхнёны той перамогай, князь Давыд узяў у аблогу ўладзімірскі замак, а князь Святаполк кіеўскі, хочучы ўратаваць узятых у аблогу, паслаў ім на дапамогу свайго ваяводу Пуцяту, які, патаемна прыбыўшы ў замак, зрабіў вылазку і нанёс паражэнне Давіду і ягонаму войску, і аблога была знятая. Паставіўшы нейкага Базыля (альбо Васіля) на ўладзімірскае староства, Пуцята вярнуўся ў Кіеў; гэта сведчыць, што род Пуцятаў здаўна быў на Русі магутны, славуты і знаны. Князь Давід пасля тае паразы падаўся да полаўцаў; вярнуўшыся стуль на Русь з палавецкім князем Банякам, адбіў луцкі замак у князя Святошы, сына іншага Давіда, за тое, што згодна з умовай і рашэннем не перашкодзіў праходу Святаполкавых палкоў на чале з Пуцятам на дапамогу ўладзіміранам. Затым рушыў Давід з Банякам пад Уладзімір, з якога адразу ж збег Васіль, Святаполкаў староста. І так, праз здачу, Давід лёгка здабыў замак і захапіў Уладзімір і Луцк. А на пачатку вясны, калі Святаполк кіеўскі выступіў з войскам, каб вярнуць уладзімірскі замак, Давід, не давяраючы свайму рыцарству, уцёк разам з жонкай і ўсім спратам скарбаў сваіх да Уладзіслава, польскага манарха, а Святаполк, як і жадаў, трэці раз атрымаў і заняў уладзімірскі замак.

І калі неўзабаве з’ехаліся чацвёра рускіх князёў – Святаполк, іншы Давід, Алег і Валадар Мудры, мелі яны з’езд у Віецішках; заключыўшы і падпісаўшы там між сабою мір, паклікалі з Польшчы прагнанага Давіда. Калі ж той паскардзіўся, што быў пазбаўлены дзедзічнага княжання ва ўласным Уладзімірскім княстве, адказалі яму праз паслоў тыя князі, што ўладзімірскую сталіцу вярнуць яму не могуць, паколькі ён часта хадзіў з той краіны [Польшчы] на рускія землі вайной. Аднак жа, каб не быў на пасмяянне выгнаннікам і ўцекачом сярод чужых народаў, прадугледзелі для яго пэўную маёмасць і аплаты. Святаполк кіеўскі адшкадаваў яму Астрог, Дубін (якімі цяпер валодае кіеўскі ваявода Васіль Канстанцінавіч, князь з кіеўскага манаршага [роду]), Заслаўе (адкуль князі Заслаўскія, Чартарыйскія; потым на гэтае княства ўступілі сыны Гедыміна). Пазней прыдаў Святаполк да гэтага Дарагабуж (з чаго вынікае даўнасць Астрога і Чартарыйска, як і князёў таго краю); таксама князь Уладзімір чарнігаўскі, северскія князі Давыд і Алег адшкадавалі яму па сто грыўняў гадавой платы. Прыняў Давыд тыя ўмовы і забеспячэнне і, жывучы ў Драгобычы, неўзабаве памёр.

Hec ex Dlugosio, Vincentio Kadłubko, Vapovio, Critio, Matia Mechovio, Cromero et Bielscio nec non Russorum annalibus proba[bi]liter excerpta.XVIII

ПРА СЛАВУТЫЯ І ШЧАСЛІВЫЯ НЕАДНАРАЗОВЫЯ ПЕРАМОГІ РУСКІХ КНЯЗЁЎ НАД ПОЛАЎЦАМІ, А ТАКСАМА ПРА НАШЭСЦЕ НА РУСЬ ЛІТВЫ З ПРУСАМІ Ў ГОД АД [НАРАДЖЭННЯ] ГОСПАДА ХРЫСТА 1103 (ПРА ШТО [ГЛЯДЗІ]: MIECHOVIUS, LIB. 3, FOL. 82, CAP. 15, VINCENTIUS KADŁUBKUS ET BIELSCIUS IN LIBRO CRONICORUM SECUNDAE EDITIONIS EX VAPOVIO, FOL. 245)


Князі рускія Святаполк, Уладзімір, Давід, Алег і Яраслаў, склікаўшы з полаўцамі з’езд у Стахове, учынілі мір і замірэнне паміж сабой, і на знак пацвярджэння гэтага пагаднення далі адзін аднаму ў закладнікі слаўных людзей з абодвух бакоў. Аднак полаўцы не доўга трымаліся міру, бо ўвесь час рабілі ў рускіх землях наезды з сутычкамі, па непрыяцельскім звычаі беручы ў свае шатры здабычу і выводзячы палон. Таму князь Святаполк кіеўскі, Давыд Святаславіч, Давыд Усяславіч, унук князя Георгія Мсціслаў, Вячаслаў Яраполчыч і Яраполк Уладзімравіч, князі рускія, сабраўшы ваенную моц, абаслалі таксама іншых князёў – Давіда чарнігаўскага і Алега пераяслаўскага, каб далучыліся да іх у сумеснай ваеннай выправе на агульных непрыяцеляў – полаўцаў. Князь Давід адразу прыехаў да іх збройна са сваімі людзьмі, Алег жа адмовіўся, спаслаўшыся на ўдаваную немач.

І так у год ад збавеннага Нараджэння Госпада Хрыста 1103 усе тыя князі, не чакаючы лета, прыйшлі з войскамі сваімі да Шутэна, урочышча і замка палавецкага. Дачуўшыся пра тое, сабраліся ганарлівыя, пыхлівыя і высакадумныя полаўцы ў вялікім мностве, хочучы разграміць хрысціянскія палкі. Але наслаў Госпад Бог вялікі жах на полаўцаў, так што і самі яны, і коні іх упуджаныя дрыжэлі і, панура звесіўшы галовы, рухаліся ў шыхце ў бой. Русы ж, просячы ў Госпада Бога дапамогі і падмацавання, у ціхай малітве ўсклікалі і раздавалі ўбогім і цэрквам міласціны, і з вясёлым духам, з радасцю, з поўнай надзеяй – бо і коні іхнія весела ржалі – ішлі на полаўцаў. Толькі ўбачыўшы іх, працятыя халодным і вялікім страхам полаўцы пачалі адступаць. А русы, распусціўшы на іх коней, білі, рубалі, сціналі, тапілі, маравалі, вязалі, а палі, дарогі, рэкі былі поўныя іхніх трупаў; і забілі каля ракі Лубны 20 палавецкіх князёў: Русоба, Коча, Арсланопа, Кільтанопа, Кумана, Азупа (які ў той час трымаў замак Азоў), Куртака, Кермарэпа, Сарбора і мноства іншых. Разам з імі палегла многа тысяч народу, пераможныя хрысціяне абрабавалі іхнія абозы,і набраўшы там золата, жамчугу, скаціны, вярблюдаў і коней ды вялікую колькасць палонных, з трыумфам вярнуліся на Русь. Але ў тым жа годзе літва, прусы і яцвягі, язычнікі, якія былі з полаўцамі адным народам, пайшлі вайной на рускія княствы з другога боку, помсцячы за сваіх пабрацімаў, і з вялікім палонам вярнуліся ў свае лясныя лежбішчы. Таксама і полаўцы, прагнучы адпомсціць за сваю паразу, сабраўшыся, напалі нечакана на той край рускай зямлі, які завецца Зарэччам. Князь Святаполк кіеўскі адразу ж адправіў супраць іх сваё войска, над якім паставіў Іванку Захайрыча і Казарына, і тыя, нагнаўшы полаўцаў на Дунаі, разграмілі іх і адбілі ўсю рускую здабычу. З чаго вынікае, што ў той час полаўцы жылі і на Дунаі, дзе сёння Валахія. Затым полаўцы пачалі помсціць за сваю паразу, з’явіліся ў рускіх землях вялікай колькасцю палкоў з Банякам, з Шаруханам і іншымі князямі, і сталі абозам на рацэ Лубне. Тады князь Святаполк кіеўскі і Уладзімір, Алег, Святаслаў, Мсціслаў, Веслаў і Яраполк, князі рускія, пераправіўшыся з сваімі войскамі праз раку Сулу, ударылі у год Гасподні 1107 [месяца] жнівеня 12 дня без папярэджання на негатовых полаўцаў, якія, моцна перастаршаныя, не маглі пашыхтавацца для адпору, але тыя пехам, тыя спехам кінуўшыся да коней, кінуліся да блізкага лесу.

А русы, б’ючы, рубаючы і беручы ў палон, гналі іх аж Хоркаў і большасць перабілі. Сярод іншых быў там забіты іхні князь Таша, родны брат Баняка. А Вапоўскі піша, што і князі Баняк з Шаруханам таксама палеглі там. Русы, захапіўшы абозы, здабычу, скаціну і ўсе іхнія спраты, у вялікай весялосці і радасці вярнуліся на Русь, трыумфуючы, кожны ў сваю сталіцу. Харэла (альбо Карэла), дзе русы пабілі полаўцаў, гэта зямля каля Фінляндыі, на поўнач ад Вялікага Ноўгарада, дзе жыхары гавораць латышскай і ігоўскай мовамі, падобнымі на літоўскую (пра што ведаю са свайго вопыту), і атрымліваецца, што полаўцы, якія ў той час жылі ў Карэле, былі адным з літвой народам. Яшчэ і сёння маецца іх рэшта, перамешаная з маскавітамі, але яны па-ранейшаму гавораць на сваёй старой, палавецкай, мове; яны з’яўляюцца падданымі маскоўскага князя, а маскавіты завуць іх ігвянамі і воскамі.

Рускія князі, не здаволіўшыся тымі трыма палавецкімі пагромамі, сабралі чацвертым разам войскі з рускіх земляў, жадаючы канчаткова перамагчы полаўцаў (ад якіх перад гэтым з цяжкасцю адбіваліся). Так усе на другім тыдні паста,у год 1108, ахвотна выступілі з пешымі і езнымі войскамі на полаўцаў і, перайшоўшы раку Тулу, стройна пашыхтавалі вазы і палкі да бітвы. Дзеля намечанай справы дайшлі праз рэкі Волгу і Ворсклу да ракі Дон, якую Пталамей называе Танаісам. Ідучы стуль з распушчанымі харугвамі і княжымі прапорцамі, прыйшлі пад замак Руканы, адкуль, падсілкаваўшыся рыбай і віном, дайшлі да іншага палавецкага замка – Зуварова, які спалілі і куды сабралася было для абароны сваёй зямлі мноства гатовых да бою полаўцаў. Сабраўшыся разам і прысягнуўшы хутчэй памерці з адвагай, як адступіць, ударылі на полаўцаў і, разарваўшы іхнія шыхты, разбілі іх, разграмілі і рассеялі. Праз некалькі дзён сабралася новае палавецкае войска, павялічанае мноствам новых палкоў, аднак калі дайшло да сутыкнення, русы з тым жа, што і раней, поспехам разбілі полаўцаў на галаву і цэлых чатыры дні б’ючы, рубаючы, пераследавалі уцекачоў, беручы іх у палон; і забраўшы жонак, дзяцей, абозы, шатры, вярблюдаў, табуны коней, быдла, чароды і ўсе іхнія спраты, з вялікай радасцю і трыумфам, чацвертым разам нанёсшы паразу полаўцам, вярнуліся ў сваю Русь, дзе ў кожным горадзе і на дарогах сустракалі іх з працэсіяй мітрапаліт, уладыкі і ўсё духавенства і паспольства, славячы Госпада Бога, што даў ім перамогу над язычнікамі, нашэсцю якіх зведвалі раней. І доўга потым не ведалі клопату ад полаўцаў рускія княствы. Затым, у год ад Нараджэння Госпада Хрыста 1112, месяца апрыля (або красавіка) 16 дня памёр князь Святаполк кіеўскі, свёкар Балеслава Крываротага, князя польскага; пахаваны ў царкве Святога Міхаіла ў Кіеве, які сам і збудаваў і ўпрыгожыў пазалочаным верхам. Пасля ягонай смерці быў вялікі рэзрух у Кіеве з-за жаўнераў і рыцарства, якія, сабраўшыся, абрабавалі двор Пуцяты, кіеўскага ваяводы, і абабралі жыдоў, што жылі ў Кіеве, забраўшы ў іх усе скарбы, як звыклі цяпер рабіць турэцкія янычары пасля смерці сваіх цароў, пакуль не будзе абраны новы.

З-за гэтага неспакою на сталец Кіеўскага княства быў спешна абраны і ўзвышаны Уладзімір, родны брат Святаполка. Спешна прыехаўшы ў Кіеў, ён здушыў і супакоіў бунты.

ПРА ПАРАЖЭННЕ ЯЦВЯГАЎ, ПАБРАЦІМАЎ ЛІТОЎСКІХ, АД РУСАЎ І

ІХ ЗНІШЧЭННЕ ПАЛЯКАМІ; І ШТО БЫЛІ ЗА ЯНЫ, ТЫЯ ЯЦВЯГІ

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка