1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка4/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Літоўскі народ у даўнія часы выйшаў з заморскіх краін Паўночнага мора; гісторыкі завуць іх гепідамі (па-грэцку “лянотныя”), паколькі, будучы з ваяўнічымі готамі аднаго роду, яны няхутка дабраліся са сваімі караблямі ў Прусію, бо іхнія продкі, готы, адправіліся ўжо з Прусіі ў Венгрыю. А яны, вандруючы каля мора, не смелі адправіцца за сваімі, не маючы слушнай падставы. І такім чынам некаторыя з іх засталіся ў Прусіі, з якой доўга ваявалі крыжакі; некаторыя пасяліліся ў вольных месцах на ўзмор’і – там, дзе цяпер Жамойць і Ліфлянты; некаторыя пайшлі на поўдзень, як полаўцы; некаторыя – на захад, як яцвінгі, і, жывучы каля мора там, дзе раней жылі кімбры, шмат намяшалі ў сваю мову нямецкіх словаў. Немцы называюць караля або князя kinig, а яны крыху зменена – kunigos. Па-грэцку бог – Teos, а яны кажуць dzievos, бо таксама жылі блізу Грэцыі на Пантыйскім моры. Нямала ў іхняй мове і лацінскіх словаў, бо таксама з даўніх часоў жылі каля мора побач з Брытаніяй, якая сёння называецца Англіяй. І калі яны пасяліліся ў тых краях, дзе знаходзяцца цяпер, так змяшаліся з русамі людзьмі і мовай, што іншых ужо мала і разумеюць, бо жмудзіны гавораць адрозна, таксама як і куршы (або курляндцы) гавораць іначай, чым літва альбо яцвягі і ліфлянты. На іх месца ў Прусію і Інфлянты прыйшлі з крыжакамі з нямецкіх краёў немцы. Пталамей, даўнейшы хранограф, называе на тым месцы, дзе цяпер літва, іншыя народы. Найперш галіндаў, суданаў, бадынаў, якіх я згадаў вышэй; яны перасяліліся ў італійскія краі – з готамі, з геруламі або з аланамі, а на іх месца прыйшла літва з князем Літавам, ад якога тая зямля і народ назваліся Літвой. І калі раздзяліліся, адны адправіліся ў Прусію, другія ў стэп, які мы завем Палавецкім; пасля гэтага русам было лёгка іх падначаліць. А літванаў пасля доўгіх высілкаў заняволілі і змусілі плаціць даніну: лыка, венікі для лазні, жалуды і іншае, адно каб яны адчувалі над сабой вышэйшую ўладу; бо жывучы там, у пустой мясцовасці, не мелі чаго іншага даць. У рэшце рэшт пачалі ім служыць, з чаго і дасюль маюць такі звычай, што ідуць у няволю. Але потым, адужаўшы і агледзеўшыся, вырваліся з рускай няволі, пачалі казацтвам шукаць спажывы, робячы наезды на Русь, Польшчу, Масковію і да мора, маючы ў тым паразуменне з першымі прусамі etc.

Крыху далей піша, што лічыць прыбыццё італійцаў у гэтыя краі неверагодным, але не дачытаў таго да канца, бо з бегам часу і пры руплівым даследаванні цяжкіх пытанняў меркаванні мудрых людзей – чым далей, тым болей – множацца. Таму Апалон загадвае ўжо мне рушыць далей, апісваючы прыбыццё італійцаў у літоўскія староны.

ПЯТАЯ ПРЫЧЫНА ПРЫБЫЦЦЯ ІТАЛІЙЦАЎ У ЛІТОЎСКІЯ СТАРОНЫ
Часта ў Рыме карáлі з горада выгнаннем,

За злачыны ў чужыя землі пасыланнем,

Дзе – залежна ад вінаў – так доўга тужылі,

Аж пакуль прабачэння ўлады заслужылі б.



5 Шмат каралі таксама і без яўных вінаў:

Сцыпіён так з Камілам без якіх прычынаў,

Брут адважны ўцярпелі, Цыцэрон вучоны,

І Назон – той прагнаны ў понцкія староны.

А былі, што й вяртацца болей не жадалі,

10 Бо ў чужыне – не дома – шчасце напаткалі

(Як і сёння не кожны ў нас з Літвы ўцякае:

Тут Цэрэра шчадрэйшым дарам надзяляе.);

З іх таўрыйскіх (ля Кафы) маем размнажэнне

Італійцаў, дакійскіх з іх жа пакалення;

15 І ў Сіё (там бываў я) ў Грэцыі аселі,

То й не дзіва, што з часам і ў Літве паспелі.

Генуэзцы ў Таўрыдзе Кафу заснавалі,

Крым, Азоў і Кілію, Понт апанавалі;

Сёння ў стэпе татарын з туркам там гуляе,

20 Так дзяржавы й народы з часам лёс мяшае.

Шчэ і сёння ліпеюць там муры старыя,

Ў Дзікім стэпе. Жылі тут у часы былыя

Грэкі. Дзікіх кабылаў татарын страляе,

Там, дзе след даўніх замкаў, гарадоў знікае.

25 І Эней, той таксама: доўга з Троі плыўшы,

Потым Сірт сіцылійскі з жахам перабыўшы,

Бераг Афрыкі кінуў, каб народ траянскі

Свой памножыць, абраўшы бераг італьянскі.

ШОСТАЯ ПРЫЧЫНА
У той час свет рымляне пад сабой трымалі

І сваім палкаводцам землі раздавалі,

Легіёны прыдаўшы, каб адводзіць шкоду;

Палямон мог Літву мець як узнагароду



5 (Выдае італійца ў ім імя самое,

Персій разам з Маронам сведчылі пра тое).

А калі італіец ён з імя самога –

Меў для шляху на поўнач і падтрымку ў Бога.

Вусцем Нёмна ад мора ў край Літвы ступае,

10 Бераг лесам цудоўным госця сустракае.

Палюбіў ён Гілію, ёю ўверх паплыўшы,

На Дубісе спыніўся, край той засяліўшы:

Там звяроў усялякіх і любога роду –

У Італіі гэткіх не было й заводу –

15 Зубраў, тураў, аленяў, сарнаў хутканогіх,

Рысяў, зайцаў з дзікамі, лосяў пекнарогіх,

Рыб вялікае мноства, што ў рацэ вядуцца,

Касякамі па Нёмне з мора ўверх нясуцца.

Край Юры і Дубісы, Нёмна ўпадабалі,

20 А Жамойць за пякноты перайменавалі.

Дзікуны, што жылі тут, бачачы іх чыны,

Паддаліся, пазбыўшы лютасці звярынай.

Так аланаў, гэпідаў да сябе схілілі

І прыстойных манераў госці навучылі,

25 Бо дзяцей сваіх, жонак мелі за сабою –

Кожны гот, небарака, стаў для іх слугою;

І, як мечамі немцы Латвію прыгнулі,

Італійцы праз хітрасць готаў падманулі.

Паміж іх пяць фамілій першынство займелі,

30 Што здаўна між рымлянаў гербамі яснелі:

Быў “Кентаўр” у Даўспрунка – воблік конемужа,

Што цаляе стралою ў вогненнага вужа;

Пяць “Калюмн” меў у гербе Проспер Цэзарына;

“Ружы” – у Юліяна, Компана, Урсына.

35 І былі паміж імі “Гаштольды”, “Гекторы” –

У Італіі й сёння ёсць такіх узоры.

І таму нашай шляхце, радавод павёўшай

Ад рымлянаў, вядзецца з славаю не горшай.

Людзі ж простыя ў Прусах, Латвіі – ад слаўных

40 Готаў, як і ліцвіны; ад часоў прадаўных

Звыклі ў пушчах-гушчарах, як звяры, туляцца,

Як сатыры, без справы абы-дзе бадзяцца

(Так за Швецыяй сёння шчэ вандруюць лопы),

Іх нашчадкі сягоння не шляхта – халопы.

45 З італьянскай у мове ліцвіноў, з лаціны

Слоў нямала; а ў готаў не было айчыны

Аднае, то ўсялякіх словаў намяшалі

З дацкай, рускай, нямецкай – дзе былі, там бралі.



Devos – deus, pecus – быдла, dentes – зуб, iocos – смех,

50 Viros – муж, kielis – шлях, kunos – і сказаць тут грэх.

Donos – donum, laucos, lucus – лес так называюць,

Vespotes – omnipotens, аднак, не супадаюць;

Ovis – авечка, bludos, podos, kunigos – князь, saltos,

Szunis, zergos і jodos, paxtos, wista, paltosXIV

55 Тыя словы ў краінах розных пазбіралі,

Калі з кімбрамі ў свеце тут і там блукалі.

Там, дзе сёння валахі – у краі дакійскім –

Словы тыя сустрэнеш, і ў краі фракійскім;

Чуў я сам іх, у землях Турцыі бываўшы

60 І між інсулаў [31] грэцкіх морам вандраваўшы.

Іншых словаў лацінскіх не ўжыву дарэчна,

Бо літоўскай вучыць вас – бачу, проста смешна:

Забываеце мову, вашых продкаў справы,

Як і тое, што меч іх здабываў крывавы.

65 А было ж, што і мовы спеў уласнай чуўся,

Як татарын з маскоўцам перад вамі гнуўся:

За Мажайск, Пскоў, Ачакаў воласці даўгія

Беглі, а за Пуцівель, Ноўгарад – другія.

А Літвой італійцы край, відаць, назвалі,

70 Як на ўзмор’і жамойцкім жытлы збудавалі.

Litus бераг назвалі – стуль “Літуанія”,

Што змянілася з часам проста ў “Літванія”;

А магчыма, у гонар кінутай айчыны –

La Italia” – землі новае краіны



75 Ахрысцілі, спачатку “Літаліяй” зваўшы,

А па часе й найменне “Літанія” даўшы;

Казкі, што a litore et tubaXV назвалі,

Бо тады італійцы на трубе не йгралі.

Край “Летыцыя” звацца мусіў, безумоўна

80 (A letandoXVI), – усё ў ім радасна, чароўна.

ПРА НАШЧАДКАЎ СЛАЎНЫХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ, ЖАМОЙЦКІХ І НЕКАТОРЫХ

РУСКІХ З НАРОДУ ПАЛЯМОНА, РЫМСКАЯ ПАТРЫЦЫЯ І КНЯЗЯ
Шмат пасля Палямона ў княстве панавала,

Па імёнах і справах ведамых так мала,

Толькі слава іх, мужнасць у вяках лунае,

Марс крывавы сваімі вучнямі прызнáе.



5 Так яны, гаспадаркі звеку не трымаўшы,

Лукам, шабляй у полі жыўнасць здабываўшы,

Нат жыцця свайго дзеяў нам не захавалі,

Бо часцей на суседзях шаблямі пісалі:

Ім важней было гонар бараніць аддана,

10 Чым пісаць, то й нашчадкі помняць тое цьмяна.

Сёння іхні нашчадак прыкладам натхняўся б

І дзядоўскай адвагай мужнай кіраваўся б;

Ды, усё ж, тыя цноты продкавы былыя

Падымаюцца з праху – цноты, хоць старыя,

15 Век квітнеюць, сівая старасць ім не шкодзіць,

Бо вялікая слава мужнасць амалодзіць.

Гэтак тыя heroes, хоць пісьма не зналі,

Для нашчадкаў пазнакі цнотаў захавалі:

Апяялі адвагу іхнюю чужыя,

20 Хто раўнёй быць не мог ім у вякі былыя.

Так, сапраўдная слава з-пад зямлі праб’ецца!

Трушч яе, як захочаш, а яна ўзнясецца:

Не ў трубе яна гучнай, што на пір збірае

Улюбёнцаў, да цноты іншых заклікае.

25 Гэтак, маюць Гамера з грэкамі траяне,

Маюць Лівія сведкам годныя рымляне

І Эней стаў героем пад пяром Марона –

Слава ўмее для цноты адшукаць патрона.

Верш слабы мой таксама Апалон натхняе –

30 Хай да славы літоўскай іншых далучае,

Каб адвагу мудрэйшым пёркам апісалі,

На мяне (дзе зграшыў мо?) крыўды не трымалі:

Тараваў сам сабе я цяжкую дарогу

(Не хадзіў там ніводны да мяне, я-й Богу),

35 Як пчала, паміж кветак розных пашныраўшы

І дакладнае ў вулей – гэты том – сабраўшы.

Знойдзеш па-італьянску тое, на лаціне,

Толькі перламі марна… у сваёй айчыне.

Не скажу: “Ах, tempora perfida, o mores!

40 Hoc ego versus feci, іншы ўзяў honores!”XVII

Ды каваль па-другому, чымся злотнік, робіць,

Пёркам павы варона хвост свой не аздобіць.

Перад Богам клянуся, гонар свой трымаю,

Што па кнігах усякіх праўды сам шукаю,

45 Бо мне Ір неаднойчы ўбогі шчыра дзячыў,

І сам Крэз – на пашану – ласкаю адзначыў;

І нішто мне Заіла злога дакаранне,

Бо ў разумных і мудрых атрымаў прызнанне;

Сам свой вершык з ахвоты ўласнае шнурую,

50 Мост для мудрых (без найму) з прошласці будую.

Лепш пішы, як умееш, не судзі без меры!

Ёсць атрамант, багата таннае паперы.

БОРКУС, КОНАС (АЛЬБО КУНАС), СПЕРА,

ДАЎСПРУНГУС – НАШЧАДКІ ПАЛЯМОНА
Палямона нашчадкі (продкам нам ён слыне),

Каб сталец свой паставіць у Літве-айчыне,

Кожны ўласных падданых ва ўдзеле памножыў

І магнацкую веліч замкам упрыгожыў.



5 Боркус там, дзе ў Жамойці ў Нёман упадае

Рэчка Юра, свой замак Юрбарг закладае;

Хто падданыя, пана годна шанавалі

Ды належна павіннасць кожную спраўлялі.

Кунас з людам, паўночней крыху адышоўшы

10 І прыдатны пагорак для таго знайшоўшы

Каля Нёмна, пачатак даў Кунасу-граду,

Скуль з народам літоўскім пашыраў уладу.

Той пагорак ад Коўна сёння ў нейкай мілі

(Ад пагорка і “Коўна”), немцы ногі збілі

15 Аб яго, неаднойчы ведучы з літвою

Бітвы, бо вынішчала Прусію вайною.

Спера, той, палюбіўшы шыр палёў усходніх,

У шуканні разлогаў для сялібаў годных

За Шырвінту, Святую рушыў, за Нявяжу,

20 Дзе асеў і насыпаў капішча адразу.

Быў на возеры Спера, ім самім названым,

Замак Спера на гонар князя збудаваны;

А памёр – у абліччы стода шанаваўся

І, як возера, богам між людзей застаўся.

25 І Даўспрунк ля Святое рэчкі пасяліўся –

Пекнатой навакольнай шыры захапіўся,

Вількамір на пагорку блізкім збудаваўшы

І Дзяволтваўскім княствам гэты край назваўшы.

Так па лесе-гушчары шлях свой пракладалі

30 І, не маючы межаў, згоду шанавалі;

Марс крывавы з Бэлонай не былі ім знаны,

Быў ад Дэліі кожны смачна частаваны.

Як за Боркусам, Сперам Паркі прыляцелі,

Дасталіся іх брату Кунасу удзелы;

35 Той, спладзіўшы Гімбута з Кернусам, дзяржаву

Падзяліў між сынамі ўласнымі па праву.

ЛІТОЎСКІ КНЯЗЬ КЕРНУС І ЖАМОЙЦКІ КНЯЗЬ ГІМБУТ, СЫНЫ КУНАСА
Па-над Віліяй Кернус з часам запануе,

Замак Кернаў ва ўласны гонар пабудуе.

Там і звычай, над рэчкай гэтаю, трымалі

Што на трубах багатых гэйналы ігралі,



5 Ад чаго litus tuba сталі італьянцы

Зваць Літву, а li tuba – жамойты-паганцы.

А ў Жамойці дзядзічыў Гімбут, пашыраўшы

Моц сваю, Кунас-горад з Юрбаркам трымаўшы.

Потым сілы злучылі ў кулаку адзіным –

10 Мноства княжычаў рускіх прагнула даніны,

Бо літва, што ля Нёмна ў пушчах раскідана,

Да наваградскіх земляў здаўна прыпісана;

Тая ж, што над Дзвіною, Віліяй асела,

У гушчарах, жыла так, як сабе хацела,

15 Час ад часу павіннасць Кернаву спраўляла,

Бо Кернуса вярхоўным князем прызнавала.

Князь на Полацку, войска з Псковам аб’яднаўшы,

На літву, як няверных-ворагаў, напаўшы,

Браў яе і няволіў; люд як быдла гналі,

20 Покуль з Кернусам Гімбут моц не паядналі.

Той з Літвы, той з Жамойці войска набірае

І ардой на паветы Полацка кідае:

Помсцяць так за наезды; прагнучы зямлёю

Забяспечыць плямёны, званыя літвою,

25 Пруць ажно да Браслава, возерам шырокім

Атачонага, мурам з вежамі высокім.

Воласць тую крыж-накрыж мячом зруйнавалі,

А пасля і на Полацк вока скіравалі.

Замак над хуткабежнай высіцца Дзвіною,

30 Ёй прыкрыты, таксама як і Палатою;

На Дзвіне – востраў, цудных шмат палёў наўкола,

Шыр прасторы, усё тут радасна, вясёла.

Стуль жамойты з літвою па-на ўсе староны

Разаслалі, каб нішчыць воласці, загоны.

35 Князь на Полацку моцы на адпор не мае:

Пад замок брамы ўзяты,з вежаў выглядае.

А літва без адпору (нібы рой танцуе)

Тут і там – дзе захоча – пры мячы гарцуе,

Кожнай хаце з паходняй несучы спаленне,

40 Шчодрай пані Цэрэры ўзносячы курэнне.

Хрысціян, русаў (дзетак і старых), рубаюць,

Вяжуць, а непакорных у ярмо лыгаюць,

Цягнуць; маці галосяць і – хаця й баяцца –

З дзецьмі часта ўдаецца ім уратавацца.

45 Так літва з тым палонам рушыць, адступае,

Без пагоні; здабыча вые і рыкае –

Гоняць статкі ў лясную глуш, у загароды,

На Русі нарабіўшы невымоўнай шкоды.

А пакуль Кернус, Гімбут ваявалі ў зморы,

50 Дзікуны латыгалы, што жылі на моры,

Чуўшы пра безуладдзе за ракой Дзвіною,

У жамойцкія землі рушылі вайною,

Люта ўсё там спалілі, што магло спаліцца.

Гімбут, Кернус, за тое прагнучы памсціцца,

55 У латгальскія следам рушылі староны,

Распусціўшы да мора ад Дзвіны загоны:

Статкі там і чароды ссечаны, пабраны,

Край Латгалія ў попел сцёрты, зруйнаваны,

А саміх тых латгалаў у ярмо загналі

60 (Іх запрэгшы, жамойты дзірваны аралі).

Паказалі адвагі ўласнае праявы,

Не пакінуўшы продкаў рыцарскай забавы.

Скурай грубаю лося шчыт свой пакрывалі,

Конскай жылай трываласць луку надавалі.

65 Не цягнулі з адплатай за ўчыненне шкоды

Іх айчыне – двайное праглі ўзнагароды.

Разам помсту прынеслі Латвіі – жалезам

Шлях сабе церабілі між чужынскіх межаў.

Потым немцы, што ўсюды выгады шукалі

70 І на суднах купецкіх морам вандравалі,

Прыбылі ў порт, дзе стрэлі латышоў нямала

(То было, як літва іх моцна зруйнавала).

Бачаць немцы – народ той цёмны, змарнаваны,

З ліса, воўка, барана разам пасшываны

75 Скуры ў футра (так маюць лопы й чарамісы,

Што й сягоння мяшаюць з сабалямі мышы),

П’юць мяды, а карысці воску ані знаюць

І вашчыну са смеццем іншым выкідаюць.

Тое ўсё немцы хутка увялі ва ўжытак,

80 Скуль займелі за морам казачны прыбытак,

І вярталіся часта ў гэты край абраны,

Прышчапляючы звычай цывілізаваны:

Ім сякеры, іголкі і нажы прадаўшы,

Караблі свае воскам, тлушчамі напхаўшы.

85 Скуры рознага звера ў латышоў скуплялі,

Мясам бітай скаціны судны ладавалі.

І да Латвіі з часам немцаў прыбывала,

Мноства іх у тым месцы жыць упадабала,

Як Майнхард з места Любэк: тымі караблямі

90 Прынясёны, ён дзеіў, як святы, між намі,

Збудаваўшы капліцу, дзе Дзвіна ўтварае

Выспу (там горад Кірхгольм даўні палягае).

Сёння ўзнёсся высока вежай мураванай

Там касцёл, дзе падмуркі капліцы згаданай.

95 Там жа немцамі горад Рыга заснаваны

(Мур яго быў дарэшты верай зруйнаваны);

А Майнхард да хрышчэння шмат каго прыводзіў,

Вінаграднік Хрыстовы ў Латвіі разводзіў.

Потым, як арцыбіскуп рыжскі, на прашэнне

100 Ордэн мець мечаносцаў атрымаў рашэнне

Папы: хай едзе ў Рыгу, хто жаданне мае,

Дзе з паганскаю верай біцца прысягае.

Для таго, каб паганства людзі пакідалі,

Густа замкі ў латышскіх землях будавалі,

105 Чым скарылі. Пра тое дастаткова знойдзеш,

Як да справы Рынгольта апісання дойдзеш.

ПРА ПАНЯВОЛЕННЕ ЛІТВЫ РУСКІМІ КНЯЗЯМІ
Род літоўскі, з жамойцю як народ адзіны,

Жыўшы ў лесе, з няплоднай собскае краіны

Землі русаў трывожыў часта, каб набрацца

Дармавое спажывы і ў гушчар схавацца.



5 Неаднойчы Мазоўша землі рабавалі,

Ды і ў Польшчу казакаў часам насылалі.

Рамяство тое Марса па душы прыйшлося

Многім: дарма, не з працы ў іх дабро вялося.

То Валынскае княства, Полацк дапякалі,

10 То ў Наваградку следам ежу рабавалі,

Луцк, Бярэсце з паветам збавілі ад хлеба;

Каб маглі, абабралі б і святое неба.

Княствы рускія, разам рушыўшы атрады,

На літву і жамойтаў пачалі напады.

15 Тут і Гімбут, і Кернус, зведаўшы паразу,

Прысягнулі даніну ім плаціць адразу:

Князю ў Кіеў паслаўшы венікі і лыка,

Тым прызналі, што зверхны князь ён і ўладыка.

А свавольных няволяй вечнаю каралі.

20 Так літоўцаў у ёрмах русічы трымалі,

Што жылі, як галота, пахіліўшы чолы,

Ловам звера, а ў пушчы мёд давалі пчолы.

Як хто мог, то няволі цяжкай пазбываўся,

Па закутках у княствах рускіх ён туляўся.

25 Тут, ліцвіне, мой браце, трохі перарвуся

І да іншага боку – да Русі – звярнуся,

Да Русі і манархаў кіеўскага роду,

І князёў тых вялікіх рускага народу.

Пра іх войны, разлады, гора й шанцаванне,

30 Пра ўзвышэнне іх княстваў, як і руйнаванне,

Як расла моц і потым з-за чаго прапала,

Як Літва (да няволі) славу шанавала –

Апусці тое, вечна цёмнымі ліцвіны

Застануцца, не знаўшы прошласці айчыны;

35 А таму ў рускіх дзеях маеш разабрацца,

Каб пра ўласныя штосьці пэўнае дазнацца.

Не тужы: успрыняўшы ўдзячна тыя рэчы

(Час прыспеў на святло іх выцягнуць з-за печы,

Зноў надаўшы зіхцення цяжкаю работай),

40 Прачытай, бо пісана шчыра і з ахвотай.

ПРА ЧАСТЫЯ БІТВЫ ПОЛАЎЦАЎ І ПЕЧАНЕГАЎ, ЛІТОЎСКІХ ПАБРАЦІМАЎ, З РУСКІМІ КНЯЗЯМІ, А ТАКСАМА ПРА ПАХОДЖАННЕ ІХ НАРОДА, ШТО – З-ЗА РУСКІХ І ПЕЧАНЕЖСКІХ ІМЁНАЎ ETC. – ЦЯЖКА АПІСАЦЬ ВЕРШАМ


Паколькі тут будзе згадана вайна паміж русамі і полаўцамі, падалося мне слушным ясна і сцісла паведаміць чытачу пра паходжанне іх народа.

Полаўцы і печанегі былі ваяўнічым і рыцарскім народам, які паходзіў ад готаў і кімбраў, a Cymero Bosphoro названых; ад іх я доказна выводжу таксама гепідаў, літву і даўніх прусаў; пацвярджаючы гэта, Вапоўскі (як і Бельскі, fol. 239) у дзеях Казіміра Першага, польскага караля, узятага з кляштара, так мовіць: Народ печанегаў, полаўцаў і яцвягаў, уласна, і складае літву; адно што яны мелі невялікія адрозненні ў мове, як палякі з русамі, а жылі на Падляшшы, дзе сёння Драгічын. Жылі тыя полаўцы і печанегі і ў паўночных краях, ва ўсходні бок: на возеры Меотыс і на Понце (альбо Чорным Моры), таксама мелі свае качэўі ў стэпе ля рэк Танаіс і Волга і ў Таўрыдзе, якая цяпер называецца Перакопскай ардой; зрадніўшыся са сваімі суседзямі – італійцамі і генуэзцамі, які ў той час валодалі Таўрыдай і былі найманутнейшымі на моры, а таксама валахамі і бесарабамі, збудавалі яны Майкоп, Кірклію, Крым, Азоў, Кафу (якую грэкі і лаціннікі называюць Феадосіяй), Кілію (альбо Ахілію), Манкаструм (альбо Белгарад-Тыргавіштэ).

Той, хто бываў у Дзікім стэпе, ведае пра тамтэйшыя ўрочышчы, бо самі полаўцы ўсё больш у стэпе ў шатрах жылі, возячы сваё майно за сабой на вазах, як цяпер татары (Мехавіта, fol. 120, lib. 3, cap. 31). Таксама іншыя гісторыкі называюць тых полаўцаў готамі, што справядліва. Жывучы па суседстве з рускімі княствамі, побач з грэцкай, італійскай і польскай краінамі, частымі наездамі прыносілі ім вялікую шкоду, паколькі ўвесь час жылі з чужога мазаля – рабункамі; аднак вялікія войны вялі з рускімі князямі, з-за блізкасці супольных межаў. Калі ж аб’ядналіся, тады пачалі рабіць разам з русамі наезды на Польшчу; і празвалі іх русы палёўцамі, таму што тыя сяліліся ў палях ці жылі з палявання, то бок мысліўства і звярыных ловаў, альбо палаўцáмі, як бы грабежнікамі, што жылі з палону і рабункаў. А мова іх была мяшаная з рускай, літоўскай ды італійскай. Затым, у год ад збавеннага Нараджэння Госпада Хрыста, ад уцелаўлення спрадвечнага Бога і чалавека 1058, на пачатку панавання польскага караля Балеслава Смелага і Шчодрага полаўцы, народ дзікі, язычніцкі, ведзеныя князем сваім Сэкалем (як сведчыць Мехавіта, lib. 2, cap. 21, fol. 51), выступілі на Усевалада рускага, князя пераяслаўскага, і сышліся ў бітве, а месяца лютага 2-га дня нанеслі Усеваладу паразу і моцна зруйнавалі яго Пераяслаўскае княства. А гэта была першая лютая параза з тых, якія потым яшчэ доўга цярпелі рускія княствы ад полаўцаў.

Уварваліся тыя лютыя полаўцы ў рускія землі і другі раз, сустрэлі іх на рацэ Вольсе тры князі – Ізяслаў кіеўскі, Святаслаў чарнігаўскі і Усевалад пераяслаўскі; і як зышліся адважна, атрымалі перамогу полаўцы. Скарыстаўшы з тае перамогі, распусцілі яны загоны па ўсёй рускай зямлі, агнём і мячом спусташаючы мястэчкі і сёлы.

Калі ж абрынулі сваю моц на Чарнігаўскае княства, князь Святаслаў, не застарашаны першым і другім паражэннем, маючы ў сваім войску толькі 3000 мужоў, у год Гасподні 1059 месяца лістапада першага дня ўдарыў па іх пад Сноўскім урочышчам (дзе сёння горад Сноўск); і палегла войска паганых ад жмені русаў, бо забілі яны 12 000 полаўцаў і князя іхняга Сэкаля; таксама схапілі асноўных палкаводцаў і рыцарства іхняе. І яшчэ адбілі русы разам з князем сваім Святаславам увесь рабунак, узяты полаўцамі ў рускіх землях пасля двух перамог.

ПРА МІЖУСОБІЦЫ РУСКІХ КНЯЗЁЎ І ЗАБОЙСТВА БАРЫСА І ІЗЯСЛАВА КІЕЎСКАГА

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка