1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка3/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Ці таму, што з Пампеем Цэзар ваявалі,

Што нязгоды дзяржаве сілы выядалі,

Што з фамілій славутых шмат сыноў забіта,

Што ў разладзе й нявінны горлам плаціць мыта:



5 І зямля ўжо, і мора сыта іх крывёю,

Ды амбіцыя з пыхай не спыняюць бою.

Італійцаў і грэкаў зброя ўсё грымела,

На палях кроў забітых пенная кіпела,

І Пампей, хоць падмогу Азія сцягнула,

10 Меў паразу – фартуна твар свой адвярнула,

Лёг з усімі. За трыста тысяч іх скасіла

Смерць ліхая, а іншых мора патапіла.

А Катон, пра паразу маючы навіны,

З-за разладу адчуўшы заняпад Айчыны,

15 Развітаўся з сябрамі і з сынам найлюбым,

Закалоў сябе мячом; ах, хвіліна згубы!

Дыдый з Варам сышоўся ў бітве ашалела,

На зямлі і на моры ад крыві кіпела:

Акіян караблі іх струшчыў, застагнаўшы,

20 За разлады каранне страшнае спаслаўшы.

Уяві жах вялікі – ім усё пранята! –

Судна білася ў судна, танчыла заўзята.

Гвалт і зброя, а мячы страшна ляскаталі,

Тое бераг іспанскі з Афрыкай спазналі –

25 Гарады іх, паразу помсцячы, знішчалі,

На нявінных за шкоду гнеў свой выяўлялі.

Цэзар нішчыў пампейцаў, на Мундзе закрытых,

Высцілаў сабе грэблі трупамі забітых.

А як цэзарам стаўся з моцы перамогі,

30 Меў трыюмф, і зрабіўся самаўладны, строгі.

Потым Касій, Брут з рымскіх нобіляў сынамі

Прысягнулі: не будзем Цэзару рабамі;

Быў забіты ў сенаце ля трона самога,

Закалолі нажамі, як вепра якога:

35 Дваццаць тры меў на целе колатыя раны:

Ён заліў свет крывёю, ёю й пакараны.

Тут Антоній рашучы выявіў жаданне

Меч узняць, каб памсціцца на Актавіяне.

Кожны – Лепід, Брут, Касій – бойкай апантаны;

40 Цыцэрон быў забіты, красамоўствам знаны.

Вось з-за гэтых разладаў, бед і неспакою

Шмат з Італіі збегла, спуджаных вайною

Аж сюды, аж на поўнач, сцежкаю лясною

Дзе Жамойць сёння, Прусы, Латвія з Літвою.
Длугаш піша ў сваёй Хроніцы, што пацвярджае і Кромер (lib. 3, fol. 61 prima, secunda vero editionis 42 folio De rebus Polonorum): У час грамадзянскай вайны, – кажа – якая вялася паміж цэзарам і Пампеем, сабраўшыся з пэўнай рымскай дружынай і пакінуўшы італійскую зямлю, па доўгім плаванні аселі ў тых краях (то бок на ўзбярэжжы Прускага мора) і там збудавалі горад, які назвалі Ромнава (цяпер Ромава), як бы “Roma nova”, новы Рым, ад Рыма назвалі. І быў гэты горад у прусаў-язычнікаў аж да прыходу крыжакоў важнейшай сталіцай іхняй зямлі, якую быў захапіў у іх Балеслаў Харобры польскі, помсцячы за забойства святога Войцеха ў 1025 годзе. А тое зборышча італійцаў прыплыло сюды морам са сваім правадыром Любонам, і высадзіліся на бераг у затоцы Венедскага мора – там, дзе сёння Жамойць і Лівонія (альбо Латвія), і ад Лібона землі тыя былі названыя “Лівонія” альбо “Літванія”. Доказам гэтага паслужыць мне рака Ліба і мястэчка пад той жа назвай ля яе вусця, дзе яна ўпадае ў Балтыйскае (альбо Прускае) мора, якое [мястэчка], як лічыцца, магло быць названае ў гонар таго Лібона. А дзеля большай дакладнасці і грунтоўнасці доказу пакажу гэта ex Lucii Florii De gestis Romanorum testimonio, qui per sequens tumultum belli civilis inter Pompeium et JuliumII Цэзарам апісвае названага Лібона ў ліку палкаводцаў Пампея (lib. 4, cap. 2, fol. 123) такімі словамі: “Quippe quum fauces Adriatici maris iussi ocupare Dollabella et Antonius ille Illirico hic Corcyra eo littore castra posuissent, iam maria late tenente Pompeio repente castra eius (scilicet Julii Caesaris) legatus Pompei Octavianus et Libo ingentibus copiis classicorum utrinque circumvenit dedicionem fames extorsit Antonio”.III

Зыходзячы з гэтага, мяркую: паколькі Цэзар разграміў Пампея з яго войскам і забіў (да таго ж доўга яшчэ цягнуліся лютыя войны ў Азіі, у Афрыцы, у Еўропе – напрыклад, у Грэцыі, у Італіі, у Гішпаніі, у Егіпце – і на ўсіх морах), пераследуючы хаўруснікаў, сяброў і палкаводцаў Пампея, а згаданы тут Флорам Публій Ліба, будучы падкаводцам Пампея і маючы ў сваім распараджэнні гатовае судна, уцякаў са сваімі падалей ад гневу ворага – Цэзара. А паколькі не мог быць у бяспецы ля берагоў Італіі, пачуўшы пра незаселеныя землі ў паўночных краях і намерыўшыся пашукаць сабе вольнага прытулку, прыплыў у тыя староны, дзе сёння жамойты, прусы, літва, лівоны (ад Лібона) жывуць. А ў Прусіі заснаваў ля мора ў свой гонар горад Лібу і новы Рым – Ромнава (сёння завецца Ромнава), таксама як Канстанцін Вялікі перахрысціў Бізантый у Romam novam, пакінуўшы за папам Рым стары.



OPINIO, АЛЬБО МЕРКАВАННЕ, МЯХОЎСКАГА ПРА ПАХОДЖАННЕ ЛІТВЫ, АЛЕ, ВІДАЦЬ, СТАРАСВЕЦКАЕ; З МАІМІ ЎДАКЛАДНЕННЯМІ
Мatyjas Miechovius, доктар астралогіі і лекарства, кракаўскі канонік, польская Хроніка якога на лацінскай мове (праўда, засмечанай, як і ў нашыя дні) выйшла друкам, сярод іншых дзеяў панавання Ягелонаў так проста і сцісла паведамляе пра паходжанне літоўскага народа (lib. 4, cap. 39, fol. 271): Pro amplori autem cognitione animadvertendum est, quod vetustioribus referentibus quidam Itali deserentes Italiam. Гэта азначае: і дзеля шырэйшага сведчання пра літоўскае паходжанне, што паводле аповедаў старых людзей некаторыя італійцы, пакінуўшы італійскую зямлю, прыйшлі ў літоўскую, а затым далі Літве па назве сваёй айчыны імя Італія, а літоўскаму народу – італы; гэтыя назвы нашчадкі іхнія ў свой час змянілі, зямлю Літаліяй, а сябе літалінамі назваўшы. Затым, – паведамляе, – русы і палякі, іх непасрэдныя суседзі, яшчэ больш змянілі назвы і зямлю іх “Літванія”, а людзей “літваны” назвалі, як і сёння іх называюць.

І тут піша Мехавіта, дакараючы палякаў, што далі ліцвінам пачцівае, італійскае імя і потым, за часоў Вітаўта, не дазволілі ім атрымаць каралеўскую карону. Бедныя ліцвіны! Але ж адплацілі палякам, што іх hrozie osneacziscami [незразумела. – А.Б.] K[аронай] П[ольшчу], а саміх ляхамі празвалі. Вось жа вам за тое, паны ляхі!

Піша далей Мехавіта, але не да рэчы – дрэнна расчытаў, што тыя італійцы спачатку горад Вільню збудавалі: Elevationis poli 57 graduum.IV Пакідаю тое астраномам і геаметрам, але ад імя князя Віліюса, з якім першы раз прыйшлі ў гэты край, назвалі Вільню. Таксама і рэкам, якія плывуць пад той горад, Віліі і Вільні, ад таго ж князя назву далі. Тут, аднак, старэнькі памыляецца, але і за тое, што напісаў з ахвоты, павінен падзякаваць яму ліцвін.

Жамойцкую зямлю таксама назвалі на сваёй мове, што азначае ніжнюю альбо ніжэйшую зямлю, terra inferior, але і тут, хаця і бываў у Італіі, не патрапіў, бо калі б італійцы назвалі Жамойць ніжняй зямлёю, далі б ёй імя terra bassa.

Далей ужо старэнькі тне да рэчы, мовячы: “Aliqui autem historiae ignari, a lituo quod est cornu et venatorum tuba Litvaniam appelare voluerunt” [etc.]. А некаторыя – кажа – не абазнаныя ў гісторыі да lituo, то бок ад паляўнічага рога альбо трубы (паколькі ў тым краі надзвычай любяць ловы), узводзяць назву літоўскай зямлі, што можна разглядаць як наступства, але ніяк не пачатак дадзенай гісторыі.

У іншым месцы, вышэй, той самы Мехавіта, апісваючы заваяванне Прусіі Балеславам Харобрым, першым польскім каралём (lib. 2, cap. 8, fol. 33), сцвярджае наступнае: “Як сцвярджаюць, пруская зямля названая ад Пруса, віфінскага караля ў Азіі, дзе да захопу Адрыянопаля і Канстанцінопаля знаходзіўся галоўны горад турэцкіх каралёў, які і цяпер ад Aten Prussa называецца Брусай. Падгавораны палкаводцам Ганібалам, карфагенскім каралём, усчаў быў вайну з рымлянамі, але няўдалую, бо атрымаў ад іх паразу і быў выгнаны з уласнай зямлі. Пасля гэтага ён, каб пазбегнуць гвалту ад угневаных рымлянаў, па доўгім вандраванні прыйшоў са сваім народам, азіяцкімі грэкамі, у тыя краі на Паўночным моры, і назваў прускую зямлю ад свайго імя, што і сведчыць аб прыйсці ў тыя краі азіяцкіх грэкаў з каралеўства Віфініі. Атрымліваецца, што даўнія прусы разумелі грэцкую мову, асабліва яе віфінскі [дыялект], распаўсюджаны ў суседстве з татарскай і турэцкай, а таксама сарацынскай [мовамі]. А адбылося выгнанне таго Пруса, караля Віфініі, за дзвесце гадоў да Хрыста, калі іншыя добра палічылі. Аднак чытаў я ў даўняй прускай хроніцы, што даўнія прусы, язычнікі, свайго жраца-ідалапаклонніка называлі па-грэцку – Kirie kirieitos. А таму тыя самыя грэкі і ў Літву павінны былі прывесці свой народ”.

Далей у тым самым месцы Мехавіта піша: “Advenerunt deinde ut fama est gentes Romanae ob bella civilia Italiam deferentes” etc. Прыйшлі потым таксама, як яно слыне, рымскія народы ў той край каля Прускага мора, пакінуўшы італійскую зямлю з прычыны ўнутраных войнаў і войнаў паміж гарадамі, і пачалі тыя прышлыя італійцы жыць уперамешку з тымі паўночнымі народамі ў прускай, літоўскай і жамойцкай зямлі. Жывучы разам, змяшалі і свае розныя гаворкі ў адну мову. Таму і чуем, што ўжываюць яны ў мове сваёй мноства лацінскіх словаў. Але таксама і іншае сведчанне прыхільнікі гэтага доваду прыдаюць, што галоўны горад Прусіі называецца Ромава (што я вышэй падаў ужо з Длугаша і Кромера), прыняўшы імя ад Рыма. У тым самым горадзе тыя італійцы паставілі свайго язычніцкага жраца, імем ушанавання якога было Крыве.

Бернард Вапоўскі, кракаўскі пралат, і Бельскі in secunda Historiae totius mundi editione, fol. 238, cuius testimonio fultusV, так піша пра даўніх прусаў, якія былі язычнікамі: “Пра іх нашыя храністы пісалі няпэўна, сцвярджаючы, што паходзяць яны з Грэцыі, ад караля Пруса з Віфініі”. І Сільвій піша таксама, што гэта былі ульмерыгі; ён таксама піша няпэўна, што гэта былі бруктэры, а ад бруктэраў – згаданыя прусы. Але дакладна тое, што даўнія прусы былі з літвой адным народам – нашчадкамі готаў з-за мора, людзей ваяўнічых, і мелі адну гаворку і звычаі, і толькі дзякуючы чужому народу зблыталі мову; але і сёння яшчэ паміж сабой трохі разумеюцца, бо за Караляўцам, бліжэй да Літвы, маецца колькі дзясяткаў даўнейшых прускіх вёсак, мовы якіх ніхто не разумее, акрамя іх саміх. Я чуў іх гаворку, бываючы ў Гданьску, дужа падобную на літоўскую ў той частцы Літвы, дзе жывуць куршы. Жывуць ля вялікага возера, якое мы называем Lacus Curonensis. Вось гэтыя куршы з’яўляюцца адным народам з даўнімі прусамі. А паходзяць яны з паўночных краёў, дзе сёння Нарвегія. Таму калі новыя прусы, крыжакі, ваявалі з Літвой, даўнія прусы заўсёды мелі большую прыхільнасць да літвы, чым немцаў, з якімі моцна ваявалі. А калі літва прыняла хрост, яны ёй пачалі пагарджаць.

CВЕДЧАННЕ ЯДОКА ДЭЦЫЯ ЛЮДВІКА ПРА ЛІТВУ У КНІЗЕ

O FAMILIJEJ JAGIEŁŁOWEJ (FOL. 34), З МАІМІ ВЫПРАЎЛЕННЯМІ ПАМЫЛАК І ДАДАВАННЕМ ПАТРЭБНЫХ ЗВЕСТАК
Litvania vero nomen novum ex latinis scriptoribus incognitum est. “Літоўскае імя – кажа – новае, а пісьменнікам лацінскіх гісторый яно незнаёмае”. А ў якім стагоддзі гэтая краіна тое імя атрымала, за даўнасцю часу выявіць немагчыма. Эней Сільвій, італьянец, чалавек вучоны, sed Polonis et Sarmatis iniquusVI, які пазней быў папам, будучы са шматлікімі пасольствамі ў розных краінах, шмат працаваў над апісаннем паходжання літоўскага народа. Аднак уся карысць ад гэтай працы толькі ў тым і палягае, што больш можна зразумець пра знаходжанне месца рассялення народа, чым пра яго паходжанне альбо даўнейшую, першапачатковую, назву. Паколькі, надзвычай далікатна падаючы запазычаныя ў якогасьці Гераніма апісанні ўладкавання, абрадаў, язычніцкіх вераванняў і звычаяў літоўскага народа да прыняцця ім хрысціянскай веры, нідзе не ўказвае і не тлумачыць, якой была даўнейшая назва гэтага народа. І ў гэтым творы, які і ў іншых выдадзеных ім кнігах, наследавала яму мноства новых гісторыкаў; гэта Сільвія згадвае Дэцый (але і сам не ведае, што гэта быў за Геранім, у якой крыніцы або аповесці Сільвій знайшоў звесткі для пісання пра літоўскія справы), калі кажа: “Dum enim ritus et mores ab Hieronimo quodam”VII; словам, сам не ведае, што гэта быў за Геранім. Але я вычытаў, што гэта быў вучоны муж, чэх (але не той Геранім, вучань Гуса), каплан з Прагі, а ў Кракаве на замку быў канонікам. Потым, калі Ягайла стаў каралём і навяртаў родную Літву ў хрысціянскую веру, таго Гераніма, чэха з Прагі, паставіў канонікам у Вільні, і той прапаведаваў Літве слова Божае. І аднойчы, секучы драўлянага літоўскага стода, параніў сабе нагу, але тут жа Божым цудам вылечыў рану на здзіўленне язычнікам, як будзе пададзена пра тое ніжэй, пры [апісанні дзеяў] караля Ягайлы. Быў у мяне стары каментарык перапісаны пра Літву з таго Гераніма, які ў свой час давялося здабыць у Вільні ў нябожчыка доктара Серпца, але потым ён дзесьці прапаў падчас жаўнерскае службы; дорага выкупіў бы яго я цяпер. Але скончу пра Дэцыя.

Ёсць і іншыя гісторыкі, што літву і прусаў фінамі называюць, але я, калі варта верыць Пталамею, не пярэчу, што прусы – фіны, але што гэтым імем называлася калісьці літва – не веру. Паколькі Пталамей, які ўвесь свет як на дошцы намаляваў, іншыя народы ў тых краях змяшчае, якія ўсе, на маю думку, сёння і ёсць літва. Многім з іх маё сцвярджэнне падасца сумнеўным, што бачу ў літве мноства народаў; але яны, калі прыгадаюць, што Літва, як і Польшча, была карміцелькай вялікага мноства людзей, лёгка зразумеюць, што раней – з-за зменлівасці часу – Літва была домам не для аднаго народа.

Такім чынам, уся літоўская маці-зямля здаўна была аселішчам для тых людзей, якіх называе Пталамей: галінды, бадзіны, геніны, судзіны (дзе сёння Райград, немцы называлі [тую зямлю] Судавіяй), карыёны (відаць, курляндцы), амаксобы, стабаны, саргаты, стурны, вібоны, наскі et асубы (відаць, кашубы) etc. Усе гэтыя народы з даўняга часу пазначаныя Пталамеем у месцах іх [рассялення]. Той самы Пталамей (lib. 3, cap. 5), як і згаданы Людовік Дэцый (Vetustates Polonorum persequendo)VIII, паведамляе (fol. 3) пра іншыя вялікія народы Сарматыі. У еўрапейскай [Сарматыі] найперш размяшчае па ўсім узбярэжжы Венедскага, або Нямецкага, Дацкага, Шведскага і Ліфляндскага мора венедаў, ад якіх паходзяць сённяшнія памаране, кашубы, прусы, курлянды, жамойты, ліфлянты і фінлянды. Затым вышэй італійскай зямлі, якую ён імянуе старой рымскай назваю, змяшчае наступныя народы: пеўкаў, растэрнаў (па ўсім Меатыйскім моры, якое мы называем Paludem Meotis і ў якое ўпадае каля Азова Вялікі Дон (альбо Танаіс), што цячэ з Масковіі, – ад іх сённяшнія языгі, яльбо яцвінгі і ятвезь, раксаланы, русы, намаксабіты і аланы; падалянаў, чаркашанаў, канеўцаў, валынянаў (названыя ад ракі Волгі, адкуль прывялі з Масковіі свой народ сюды, дзе сёння жывуць). Люцэоры, кусы (альбо лучане), кіявяне і літва паходзяць ад готаў і венедаў (то бок ад памаранаў, не ад венетаў), а таксама даўніх аланаў (ад якіх – готы-аланы), паколькі готы, якіх да таго сарматы называлі полаўцамі, з даўніх часоў жылі ў тых мясцінах побач з Руссю – паміж ракой Танаіс і Меатыйскім морам, дзе сёння аселі крымскія, кіпчакскія і перакопскія татары. Лаціннікамі готы былі празваныя гетамі, як робіць тое Авідзій Назон, прагнаны цэзарам з-за сваёй непрыстойнай кнігі De arte amandi = Навука кахання і паселены ў Таўрыцы (дзе сёння Перакоп), успамінаючы тых готаў у сваіх вершах De Ponto elegia 19 ad SeverumIX:
Nulla Getis toto gens est truculentior orbe

Tinctaque mortifera tella sagita madet.
Няма жахлівейшага роду на свеце, чым геты,

Стрэлы ў атруту мачаюць, як лук нагатове.


Каля гэтых готаў (альбо гетаў), гэпідаў і полаўцаў, літоўскіх продкаў, жылі іншыя готы – аланы, якія дапякалі русаў і палякаў частымі наездамі. Яшчэ і сёння рэшткі таго народа – падаляне і нізавыя – жорсткія людзі, якія любяць вайну і адбіваюць татарскія наезды. А пра тое, якімі люднымі былі тыя паўночныя краі, дзе сёння Швецыя, Готланд, Данія, Нарвегія, Літва, Латвія і Прусія, пішуць шматлікія гісторыкі і касмографы – Олай Магнус, гот Іярдан, гот Павел Дыякан, Альберт Крантый, Мяфодзій Марцірый (Мучанік) et id genus aliiX, якія выводзяць з тых краёў разнастайныя народы, за выключэннем пералічаных Пталамеем: з паўночных татарскіх краін – готы, остготы, вестготы, гепіды, самагеты, масагеты, гуны; а ад усходу сонца – з маскоўскай дзяржавы – тыя, што насялілі венгерскую зямлю, званую перад тым Паноніяй: кімбры (альбо кімерыйцы), пеўты, амазоны, шведы, лангабарды (якія аселі ў Італіі паміж Венецыяй, Веронай, Падуяй, Міланам etc.), турэлінгі, авары, герулы, венулы, свены, булгары, швіцэры, тахіпалы, даны, дакі (цяпер там валашская зямля, у якую пазней прыйшлі валахі-выгнанцы); з паморскіх краін – склавы, або славакі, ругі (пра даўнасць якіх яшчэ і сёння сведчыць назва вялікага горада – Ругія, і тое, што князі брандэнбургскія titulo principatus Rugiae сёння utunturXI; і, відаць, Райх нямецкіх князёў названы ад Ругіі), аланы, гаталаны, бургунды, самбы, лівоны, скіры, нарманы, піліты, карпы, кібы, саксы, варагі і печанегі, якія здавён жылі побач з Руссю, як цяпер Літва і Латвія, і часта з тым магутным царом Манамахам (альбо манархам) усёй Русі Уладзімірам, які меў сталец у Кіеве, ваявалі і спусташалі рускія землі, а часам і выступалі разам з русамі супраць палякаў. Як сведчыць пра тое і Мехавіта (lib. 2, cap. 10, fol. 34 etc.) пад Годам Божым 999, калі імператар Отан каранаваў у Гнезне Балеслава Харобрага, першага польскага караля. А літва ў тых краях, дзе і сёння жыве, ужо тады была значнай сілай. А на Вісле Пталамей размяшчае менш народаў. Згадвае ў якасці суседзяў венедаў гіртонаў, ад якіх, відаць, назваліся геты; сёння іх астаткі жывуць у Прусіі, у Самбійскім павеце (альбо парафіі), дзе знаходзіцца кафедральны касцёл самбійскага біскупа. Пасля іх называе Пталамей фінаў, суланаў, фругіндаў, ад якіх паходзяць сёння суседнія прусам народы – кульмяне (альбо хэлмяне), куявяне, плачане і мазуры; затым называе асубронаў, аварынаў, анартафрактаў, бругіёнаў і іншыя народы разнастайных назваў, пра якіх сёння ані згадкі. У нашых мясцінах размясціў Пталамей літоўскія межы. Як піша вышэйназваны Дэцый, сёння Літва атачона наступнымі межамі: беручы ад амбронаў, якія змагаліся ў Італіі з кімбрамі, то бок ад Люблінскага ваяводства на поўначы, бліжэй да Мазовіі, аж да Венедыйскіх і Фінейскіх гор, то бок Прускіх, цягнецца літоўскі рубеж. Тамсама, крыху захапіўшыся паходжаннем прусаў, потым паведамляе, што ў наш час Літва мяжуе з Прусіяй ад поўначы аж да Жамойці і што жамойцкая зямля, якая прылягае да Паўночнага акіяна, цягнецца аж да Ліфлянтаў, а потым – аж да дзяржавы вялікага князя маскоўскага, якая прылягае да Літвы ад усходу сонца; на поўдні ж яна мяжуе з раксаланамі; затым мяжа вяртаецца ў бок захаду сонца, да палякаў, і зноў да амбронаў, то бок да Люблінскай зямлі; але цяпер палякі ссунулі гэтую мяжу, забраўшы Падляшша і Валынь. Вялікае Княства Літоўскае складае чацвертую частку Еўрапейскай Сарматыі, у межах якой не без прычыны – кажа Дэцый – і жывуць, на маю думку, вышэйпералічаныя народы.

Аднак не ведаю, чаму ў сваім творы Эней Сільвій размясціў масагетаў на тых нязвычных для іх межах – за прускай зямлёй, бо і Пталемей не ўказвае іх у тым месцы, паколькі масагеты, якіх некаторыя ўважаюць таксама за амазонаў, як вядома, жывуць у Азіяцкай Скіфіі, у далёкіх татарскіх ордах. Але я, у адрозненне ад Дэцыя, справу так разумею: хацеў Сільвій усё апісаць належным чынам, але памыліўся, як чалавек адстаронены і неабазнаны ў [гісторыі] тых краёў, бо, хочучы размясціць па суседстве з прусамі самагетаў (то бок жмудзінаў) ці масамтаў (мазуроў), напісаў “масагеты”; альбо мог і друкар ці пісар ягоны, як яно часта бывае, памыліцца.

Такім чынам Вялікае Княства Літоўскае, згодна з Дэцыем і Сігізмундам Герберштэйнам (як і маім досведам), на ўсходзе мяжуе з Масковіяй, на захадзе, беручы ў паўночны бок, – з Польшчай, Падляшшам, Мазовіяй і Прусіяй; на поўначы мае рубеж з Жамойцю і Ліфлянтамі, на поўдні да яго прылягаюць Валынь, Падолле і рускія землі. За часоў панавання Вітаўта Вялікага літоўская дзяржава сягала ад Курляндскага мора, або возера, да Ліфлянтаў і Прусіі, а на ўсходзе – да Масковіі па раку Угру, аж за Вялікі Ноўгарад і Пскоў па поўначы, а ў стэпе мяжа праходзіла за Пуціўлем, або Пуцьвілем, які ляжыць за 60 міль на паўднёвы ўсход ад Кіева. А ад Балтыйскага, або Нямецкага, мора на ўсход і поўдзень прасціралася аж да Татарскага мора, называнага Pontus Euxinus, за Ачакаў, да самога Азова, дзе Танаіс упадае in Paludem MaeotimXII.

Тое мора, праз якое я тысячы разоў ездзіў у Шкодэр і Галат і якое ўпадае каля Канстанцінопаля per Propontidem in Hellespontum rapidissimo et strictissimo instar fluminis GurgitiXIII, туркі называюць Чорным морам. Затым Дэцый, прыдумляючы, тымі словамі піша пра першапачатковую назву і новае найменне Літвы: некаторыя з пэўных прычын вераць, што Літва a Lituo, то бок ад рога, паляўнічай трубы назвалася.

Але гэтае іх меркаванне нікчэмнае, як казка, і вартае таго, каб быць асмяяным, а не служыць доказам пра назву Літвы. Ёсць і такія, якія сцвярджаюць, што, прыйшоўшы ў гэтую зямлю, італійцы назвалі гэтую краіну найменнем сваёй айчыны – “Італія”, а людзей, якіх тут засталі, “італіяны”. А затым іх нашчадкі, пра што і Мехавіта піша, дадаўшы літару Л, назвалі [краіну] “Літалія”, а сябе – “літалы”. А з цягам часу былі названыя суседзямі скажоным імем – літваны. Я ж сцвярджаю (бо Дэцый прызнаецца, што не разумеў па-італьянску, як і Мехавіта, відаць), што італьянцы ўжываюць у сваёй мове наступныя articulas: la citta – горад, li paiesi – краіны, il cavallo – конь, la mulie – дзяўчына (жанчына), il bosco – лес, etc. Зноў жа, калі б захацелі назваць Літву найменнем сваёй краіны, то назвалі б яе самі, а не нашчадкі, па правілах сваёй мовы: la Italia – італійская зямля, і толькі потым – Літалія і Літванія.

Бо і прусы першапачаткова зваліся Bructeri, затым Pruteni, а ад Pruteni Borussi праз Porussi аж да прусаў дайшло.

Таксама і нямецкія, польскія краі паводле краін, гарадоў, народаў, князёў, падзеі, ураджаю etc. разнастайнымі назвамі былі названыя; так, італійская зямля [называлася] Enotriam Лацыё, Аўзонія, Італія etc.; грэкі – аргалійцы, данайцы, дарыйцы, пеласгі, мірміданійцы, ахейцы, агрыйцы; тараянцы ж – дарданы, прыяміды, арыгійцы, энейцы, траянцы, іліёнцы, тэнерыйцы etc.

Пасля гэтага Дэцый піша: Урэшце – кажа – па меркаванні іншых гісторыкаў выходзіць, што літва перад гэтым выйшла з князем Літаланам з барускіх (альбо прускіх) межаў і заняла тыя паселішчы, якія даўней было пакінула. Бо да гэтага даўно калісьці яе продкі, пакінуўшы тыя мясціны, дзе цяпер Літва, перасяліліся было ў Прусію. І паколькі князь Літалан, які ад свайго імя назваў той край Літаланіяй, вярнуўся з сваім народам у прабацькоўскія землі, атрымліваецца, што тыя землі здавён былі заселеныя аланамі, племем мужных готаў, якое звалася таксама готаланамі, пра што распавёў я вершам вышэй – пра прускага караля Вайдэвута і ягоных сыноў – паводле даўніх прускіх хронік. Як завуць, так завуць, лёгка й галаву звярнуць.

ПРА ВАЙДЭВУТА, ПЕРШАГА ПРУСКАГА КАРАЛЯ, З АЛАНАЎ, АБО ЛІТАЛАНАЎ, АБРАНАГА, ERAZMUS STELLA LIBONOTHANUS У ДРУГОЙ КНІЗЕ ПРУСКІХ СТАРАЖЫТНАСЦЯЎ ПРА АЛАНАЎ, САПРАЎДНЫХ ПРОДКАЎ ЛІТОЎЦАЎ,

ЯКІЯ ПАХОДЗЯЦЬ АД ГОТАЎ, І ПРА ПЕРШАГА КНЯЗЯ ЛІТАЛАНА ТАК ПІША ПРУСКАМУ МАГІСТРУ ФРЫДРЫХУ, САКСОНСКАМУ КНЯЗЮ;

ДА ЧАГО ДАЛУЧЫЛІ МЫ СВЕДЧАННЕ ПРУСКАЙ ХРОНІКІ, ВЫДАДЗЕНАЙ ПА-НЯМЕЦКУ
За часу панавання Валентыніяна-рымляніна, то бок у год ад [Нараджэння] Госпада Хрыста 366, аланы, людзі з поўначы, якія жылі па суседстве з прусамі (скуль вядома, што яны літоўскага роду), распачаўшы вайну супраць Рымскай імперыі, па доўгіх і частых наездах у рымскіх правінцыях былі спыненыя моцай сікамбраў і пацярпелі ад іх паразу; гэтай бітвай сікамбры прынеслі свабоду сабе і сваім нашчадкам. Частка аланаў, што ацалелі ў той бітве, дайшла праз рымскія правінцыі аж да Гішпаніі, дзе яны далучыліся да ваюючых там готаў; абраўшы Гішпанію месцам свайго пасялення, назваліся яны, змяшаўшы найменні абодвух народаў, готамі-аланамі – як бы сказаў хто: готаў і аланаў аселішчы. Іншая ж частка аланаў, што заставалася дома і бала слабейшая і не так прывычная да ваявання, вярнулася пасля тае паразы ад сікамбраў да ранейшых айчынных старон (то бок у Літву). А паколькі страцілі былі мноства віцязяў-малойцаў у бітве з сікамбрамі, мелі яны малую надзею бяспечна пасяліцца ва ўласнай бацькоўскай зямлі, таму перайшлі разам з жонкамі, дзецьмі і вялікай колькасцю паднявольных слугаў да памежных ім барусаў (альбо прусаў). Прыцягнуўшы тады з сабой на карах, у вазках увесь хатні спрат і майно, а таксама за сабой прыгнаўшы мноства ўсялякай скаціны з прыплодам, з якой жыве гэты народ, самі аддаліся на міласць і пад абарону даўніх прусаў (якія былі з літвой аднаго роду). Прусы прынялі іх з радасцю, бо верылі, што, узмоцненыя іх колькасцю, змогуць лацвей даць адпор любому народу; а найбольш у тыя часы апасаліся яны немцаў, якія жылі на Вісле (там, дзе цяпер Кульмская зямля) і часта выганялі прусаў з трыманых імі мясцін. І дазволілі яны аланам жыць сумесна, а тыя таксама дазволілі барусам брацца са сваімі дзяўчатамі, бо не мелі звычаю жаніцца; але калі каторы трапляў на дзяўчыну, павінен быў з ёй споўніць сваю патрэбу. Таму па непрацяглым часе яны так хутка размножыліся, што пераўзыходзілі лічбай усе суседнія народы. З-за гэтага мноства і недахопу зямлі пачалі потым адзін аднаго прыцясняць, бо як каму падабалася і як кожны для сябе лічыў карысным, столькі зямлі для сябе і коней браў і валодаў ёю, з-за чаго пачаліся паміж імі разнастайныя сваркі і непаразуменні, якія часта сканчаліся ўзаемазабойствамі. Гэта і вымусіла той дзікі і незгадлівы народ дасягнуць таго паразумення, што пачалі ладзіць сходы наконт абрання караля, на якіх з-за простасці грамады так і гэтак наконт тае справы па-рознаму гаварылі і разважалі.

Там алан Віднут (альбо Вайдэвут), які перавышаў астатніх як розумам, так і годнасцю (бо меў світу прыслугі, а таму і ў чужых землях не меншай цешыўся пашанай) так мовіў: “Калі б вы, барусы, не былі неразумнейшымі за вашых пчол, у тым, што вы між сабой абмяркоўваеце, не было б між вамі нязгоды. Бо гляньце – пчолы маюць караля, загадаў якога слухаюцца, які рассуджае іх справы, кожную з іх да патрэбнае працы прыстаўляе, ён жа і непаслухмяных карае, і гультаёў і нікчэмаў, выганяючы з вулля прэч, карае; ён жа пільнуе, каб усе шчыравалі ў працы і належна рабілі сваё. Вы, якія бачыце тое штодня, вазьміце іх прыклад за ўзор і абярыце сабе караля ды будзьце паслухмяныя ягонай волі. Хай ён спыніць між вамі тыя сваркі, спыніць забойствы, карае зладзействы, бароніць нявіннасць, а таксама хай мае вярхоўныя правы, суд і сілу над усімі, без аніякага выключэння”. Выслухаўшы тое, прусы, усчаўшы адразу вялікі галас, пагадзіліся, кажучы: “А ці не жадаеш ты сам быць над намі bojoteros?” (што на іх мове азначае “кароль пчол”). І Вайдэвут-алан з літоўскага народу, не пагардзіўшы іх галасамі, а агульнай згодзе стаў першым барускім і аланскім, або літоўскім, каралём, які хаця і паходзіў таксама з простай і дзікай народнай грамады, але ж каралеўскай велікадумнасці яму было не займаць. Бо як толькі быў узнесены над пасольствам на каралеўскі маястат, не чым іншым кіраваўся, як тым, каб пераймаць князя, або правадыра, пчол. Таму найперш упарадкаваў паспольства, якое там і сям тулялася, па прыкладзе пчол, якія робяць сваю працу ў асобных вуллях, і заклікаў іх займацца вясковымі, або сельскімі, работамі, каб выконвалі іх так, як патрабавала таго становішча. Гэтых прызначыў урабляць зямлю, сеяць і прышчапляць пладовыя дрэвы, тых – даглядаць пчол, іншых – да скаціны, прыплоду, некаторых – лавіць рыбу, а таксама ўстанавіў законы, якімі меў намер убяспечыць недахоп зямлі ў будучыні.



Найперш, каб ніводзін гаспадар не трымаў прыплоду або чэлядзі больш, чым вымагала ягоная праца, астатняе каб забіваў або прадаваў; таксама каб ніхто нямоглых, бескарысных і да працы непрыдатных не карміў і не гадаваў. Устанавіў таксама вольнасць і права, што сыну было дазволена душыць прыгнечаных старасцю або няздатных праз бяссілле родзічаў, каб не спажывалі хлеба надарма.

А дзеля таго каб не нараджаліся дзеці немаведама ад якіх бацькоў, забараніў усім вольнае злучэнне, а для жанатых вызначыў, што колькі б разоў ні браў гаспадар якую дзяўчыну для працягу роду, нават калі яна з нявольніц або чужаземка і вольная, мае тая жыць у ягоным доме і карміцца ад ягонага стала. Затым, хочучы прывесці гэты дзікі народ ад звярынай лютасці да сціплейшага жыцця, устанавіў частыя і ўсеагульныя бяседы, верачы, што гэтым зможа змякчыць іх жорсткія розумы, у чым не памыліўся, бо неўзабаве такой пяшчотнай мяккасці дасягнулі, што дасягнуў таго, чаго хацеў. Пасля гэтага пастанавіў, каб выяўлялі да гасцей вялікую ласкавасць і чалавечнасць, паколькі гэтым наймацней усталёўваецца прыязнасць паміж людзьмі. Таксама навучыў Вайдэвут барусаў і аланаў рабіць напой з мёду і вады, які дазволіў спажываць на супольных і асобных бяседах і дзякуючы якому той дзікі народ, упадабаўшы салодкасць таго напою, лацвей пазбавіўся ад сваіх лютых нораваў. Затым Вайдэнут, звярнуўшыся да вераванняў, запрасіў жрацоў ад судамінаў і жамадзінаў, хаўруснікаў барусаў і аланаў, якія з шалёнасцю і плюгавасцю пустапарожняга ідалапаклонства навучылі іх набожна шанаваць усялякага нячыстага звера і гада, лясных вужоў не іначай, як божых слуг і пасланцоў, якіх тыя трымалі ў хатах і прыносілі ім ахвяры як хатнім боствам. Казалі таксама, што багі жывуць у лясным гушчары і што там неабходна прыносіць ім ахвяры і прасіць у іх сонца і дажджу. Сцвярджалі таксама, што з’яўленнем чужаземца іхнія святыні, або месцы прынясення ахвяр, апаганьваюцца і могуць быць ачышчаныя ні чым іншым, як прынашэннем у ахвяру чалавека. Цвёрда верылі, што неабходна ўсялякага звера (і асабліва лася), які жыве ў тым лесе, дзе прыносяцца ахвяры, шанаваць як божага пасланца і ўтрымлівацца ад яго спажывання. За галоўных багоў лічылі Сонца і Месяц, перуны і маланкі згодна ўслаўляліся ўсімі людзьмі. Прылюдна прыносілі ў ахвяру багам казла – з-за прыроднай пладавітасці гэтага звера, пра што я з пэўнай прычыны скажу падрабязней ніжэй, пры апісанні літоўскага набажэнства. Лічылі, што жывуць багі і ў высокіх дрэвах (дубах і іншых), з якіх той, хто пытаўся, часта чуў адказ; таму такіх дрэваў не ссякалі, але набожна шанавалі як жытлы багоў; так сама ставіліся і да бэзаў, і да іншых дрэваў. Устанавіў таксама Вайдэнут, згаданы кароль прускі і аланскі (альбо літоўскі), аднолькавым чынам адзначаць дні нараджэння і смерці, то бок у супольных бяседах і піцці, у гранні і спяванні, без смутку, з вялікай радасцю і весялосцю, каб выказваць тым надзею на другое жыццё, і выяўлялі гэта такім чынам, што памерлых хавалі са зброяй і ў адзенні, расклаўшы вакол іх вялікую частку маёмасці. Зацвердзіўшы тыя і іншыя законы і вераванні (хутчэй – агіднае ідалапаклонства), Вайдэвут, кароль прускай і аланскай краіны, кіраваў мудра і ціхамірна, не дазваляючы сваім учыняць ніякіх сутычак і наездаў на суседнія народы, ад якіх ён таксама не цярпеў якой-небудзь крыўды. Па смерці сваёй пакінуў чатырох сыноў, але іншая пруская хроніка, друкаваная па-нямецку, сцвярджае, што меў ён дванаццаць сыноў, імёны якім былі, як тое паказаў я вышэй у вершы, наступныя: Сайма, Найдра, Суда, Слава, Натанга, Барта, Галінда, Варма, Хога, Памеза, Кульмас і Літвас (альбо Літаланас), якіх бацька Вайдэвут, як апявае тая згаданая нямецкая хроніка, дасягнуўшы веку 116 гадоў, рассудзіў наступным чынам: Сайма, старшага, узвысіў на стальцы над іншымі братамі, ён даў ад свайго імя найменне Жамойці, паколькі сярод іншых братоў гэтая зямля дасталася яму ва ўдзел; ён жа назваў ад свайго імя і іншую зямлю – Самбію, па-нямецку Самланд. Два гэтыя княствы ў часы язычніцтва выстаўлялі 40 тысяч вершных і 40 000 пешых вояў. ад Суда, Вайдэвутавага сына, названая таксама Судонія, якая мяжуе з Падляшшам, Жамойцю і Літвой; з яе выстаўлялася 6000 вершных і 800 пешых. Натангія, трэцяя зямля, названая ад Натанга; Надронія, чацвертая зямля, – ад Найдра. Славонія, пятая зямля, якая ў часы даўніх прусаў была вылучана ва ўдзельнае княства, часта была руйнваная ліцвінамі і крыжакамі.

Ад Літоўскага Княства аддзяляе яе рака Мемель, або рака Нёман. Бартэнлянд, названая ад Барта, мяжуе з Літвой 70-цю азёрамі і пушчай, таму літва гэтую зямлю, як суседнюю, часта руйнавала, ваюючы з крыжакамі. Галіндзія, названая ад Галінда, была такой вялікай і люднай зямлёй, што жыхары-язычнікі не маглі ў ёй усе змясціцца. Выстаўляла пры неабходнасці 60 000 чалавек. Прылягаючая да Мазовіі з поўдня Вармія (альбо Вармеляндыя), у якой маецца Варменскае (альбо Гельферскае) біскупства, прыняла найменне ад Варма.

Зямля Хогкірляндыя названая ад Хога, Кульмія (цяпер завуць Хелмам) – ад Кульма, Памезанія (адзінаццатая пруская зямля) – ад Памоза, сына Вайдэвутавага, праз яе працякаюць рэкі Вісла, Эльба, Друзна, Дробніц і Везэра. І калі так падзялілі паміж сабой землі сыны Вайдэвута, першага прускага караля, некаторыя з іх, не будучы задаволеныя ўласнымі землямі, ваявалі паміж сабой за вярхоўную ўладу. З-за гэтага пачалі яны падбіваць той прускі і аланскі народ, які ўжо быў прывык да працяглага міру, да ўсеагульнай вайны і часта сыходзіліся адзін з адным у бітвах. Таму старшага сына, які, па словах згаданага Стэлы Эразма, быў народжаны ад бацькі-алана (бо прускі кароль Вайдэвут быў аланам) і маці-аланкі, падтрымалі ягоныя аланы. Але паколькі барусы і браты, і шмат хто ненавідзелі яго, як народжанага ад іншае маці, і, маючы большае войска, былі мацнейшымі за яго, Літалан быў вымушаны саступіць ім праз пагрозу ўнутранага разладу. Затым, пасля вялікіх бітваў з абодвух бакоў, вырашылі пакласці канец сваёй нязгодзе такім чынам, каб Літва (або Літаў), старшы Вайдэвутаў сын, народжаны ад маці-аланкі, вярнуўся са сваімі аланамі ў Аланію і паўторна заняў краіну сваіх продкаў і там панаваў над імі па сваёй волі, а барускую зямлю пакінуў іншым братам, народжаным ад маці-барускі. Літалан, як старшы, пагадзіўся з гэтай умовай і з вялікай лічбай сваіх аланаў (як калісьці Лех і Чэх – паводле Вапоўскага – з Харватыі) пакінуў Прускую зямлю. І калі яны надзвычайна размножыліся, пачатковыя і даўнія сваіх продкаў месцы і паселішчы, якія аказаліся пустыя, лёгка занялі і напоўнілі. І па імені свайго князя Літалана тыя людзі, якія да таго называліся аланамі, пачалі далей звацца літаланамі, а цяпер іх паўсюдна завуць літванамі.

Так Эразм Стэла выводзіць найменне ліцвіноў ад Літалана, згаданага сына Вайдэвута, прускага караля; а іншыя прускія хронікі пішуць, што адбылося гэта ў 373 [годзе ад Нараджэння] Госпада Хрыста, што, калі адлічваць ад цяперашняга 1577 [года], складзе 1204 гады таму.а гэта паказвае, што ў тых месцах, дзе знаходзіцца цяпер, літва жыве даўней, чым мы, палякі, у Польшчы. Калі даць веры Вапоўскаму, які адносіць прыход Леха ў Польшчу да 550 [года ад Нараджэння] Госпада Хрыста, гэтай падзеі – як палякі пасяліліся з Лехам у Польшчы – цяпер было б 1025 [гагоў], бо Кромер і іншыя не ўказваюць пэўнага часу іх прыходу. Вось так у 373 [годзе ад Нараджэння] Хрыста Літалан панаваў у Літве і Латвіі, а Сайма, ягоны другі брат, назваўшы Жамойцкую зямлю (якую Страбон называе Саміяй, Samagitiam exprimere nolens, а некаторыя гісторыкі называюць Суданіяй) ад свайго імя, панаваў у ёй мужна і адзінаўладна. Пра што і Стэра піша насутпным чынам: “Borussi vero, quo a Germanis finitimis tutiores forent secun Sudinis, qui ultra Chroni fluenta sedes habebant eiusque regionis ab origines creduntur, societatem inieri, qui tum virtute et potentia plurimum pollebant”.

А барусы, дзеля большай бяспекі ад памежных ім немцаў, заключылі хаўрус з судынамі, якія, паводле Пталамея, жывуць за Кранонам (то бок Нёмнам-ракой) і, як лічыцца, жылі там ад пачатку свету; яны вызначаліся незвычайнай рыцарскай адвагай і магутнасцю. Там жа, крыху ніжэй (піша той самы Стэла), жывуць судыны (альбо жмудзіны), якіх у той час, калі былі ў хаўрусе з куршамі, што жывуць на ўзмор’і, рымляне больш дражнілі, як перамагалі: Romanis armis tentati magis quam victi. Бо Друз, рымскі палкаводзец (як сведчыць Пліній), які першы сярод рымскіх палкаводцаў прывёў караблі ў Паўночны акіян, ваяваў з немцамі на судне. Піша таксама, што прускі край Судымію, якая здаўна была ў хаўрусе з Жамойцкай зямлёй і мела з ёй адну мову, рымскае рыцарства per Sudyma Suberiam [празвалі] Лычанай ад лыка, бо бачылі, што ў тых краях людзі скарыстоўваюць лыка для [вырабу] абутку і на іншыя патрэбы, як і сёння. Піша далей, што тых судымаў (пабрацімаў жмудзінаў) – з-за мноства бурштыну, які знаходзіцца ў прылеглым да іх земляў моры – часта дапякалі войнамі чужынскія народы. Бо давялося ім зведаць не толькі рымскую зброю, але і частыя наезды магутных саксаў, якія перасяліліся ў Англію, a quibus se terra et mari impigre defensarunt – ад якіх яны пастаянна стойка бараніліся на моры і на сушы. Піша таксама пра іх звычаі і ўбранне. Мелі – павядае – тыя людзі царкоў (або старостаў) сваіх, загадаў якіх слухаліся, прыносілі ім прысягу і на гандлі зналіся; строй у іх быў такі, што мужчыны ваўняныя, жанчыны палатняныя сукенкі насілі, а на шыі чаплялі абручы з медзі або латуні. Таксама вешалі ў вушы завушніцы, што і па сёння захоўваецца сярод паспольства, як бачым тое ў Жмудзі, прылягае да мора, у Курляндыі, Прусіі, Ліфлянтах. Адсюль вынікае, што яны здаўна былі адным народам з літвой; усе яны насамрэч ад готаў, гетаў (альбо гепідаў), полаўцаў, кімбраў, аланаў паходзяць.

АПОШНЯЕ OPINIO БЕЛЬСКАГА ПРА ЛІТВУ

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка