1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка2/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Вайдэвут, уладальнік прускае кароны,

Меў дванаццаць нашчадкаў, іх былі імёны:

Літва, Барт, Славас, Надра, Сайма, Галінт, Калмас,

Суда, Хогас, Памеза, Натанга і Вармас.



5 З тых сыноў кожны ў бацькі атрымаў дзяржаву

І назваў яе ўласным іменем па праву:

Памезанія з Кульмам, Хогрланд і Самбія,

Бартэнлянд і Надрава, Натанга, Вармія.

Сайм, які даў Жамойці ад сябе празванне,

10 Меў ад куршскіх азёраў да Дзвіны ўладанне.

Літва даў тым, што з Руссю побач, і балтыйскім

Землям назву, дзе сёння край ляжыць латвійскі.

Полаўцы і гэпіды на Падоллі сталі;

У Падляшшы яцвінгі новы кут абралі:

15 Потым згінулі ў войнах, гэткі звычай мелі –

Мужна ўмерці, да ўцёкаў прыбягаць не смелі.

З Істэрбурга ваколіц аж да Райгароду

І сягоння яцвінгаў частка ёсць народу;

Люд адважны, пыхлівы, на мяне напалі,

20 Нізашто лютай смерцю ледзь не пакаралі.

Дзівін, вёска, мястэчка Крос імі названы,

І ў наваградскіх сёлах іх нашчадак знаны.

Як даўней, так і сёння ля русі й аланаў –

Лівы, прусы, літоўцы, племя гаталанаў.

25 Не пакінулі ўласных дзеяў апісання:

Больш ім любыя шаблі, чымся вершаванне.

Прусы, лівы, яцвінгі, полаўцы, ліцвіны

Ды жамойты й курляндцы – быў народ адзіны.

Блізкасць межаў і мовы, строяў і звычаяў

30 Тую роднасць і сёння добра пазначае.

У Курляндыі, Прусах – тыя сама словы,

За Каралеўцам нават гук літоўскай мовы.

Люд той самы і Струста, і Самбія мае,

Што іх даўнюю еднасць добра пацвярджае.

35 Пталамей тут змяшчае розныя народы,

Пра нашэсце гаворыць іх і пераходы:

Карыёны, галінды, генімы, садымы,

Марсагаты, стабаны, аланы, бадыны.

Сёння іх ані знаку: з іншымі змяшэнне

40 І адзенню, і мове дадало змянення;

Сёння розняцца ў ліваў з куршамі іх мовы,

І Літва ўжо з Жамойцю памяшалі словы.

Піша, што ўсе народы ад готаў паходзяць

(Ім гісторыкі назвы дзіўныя знаходзяць).

45 З роду іх на ўзбярэжжы жыўшыя аланы

З лі-тла-лан называцца сталі літаланы.

Праўдзівей, што Жамойці ад Сайма найменне,

А Літва хай падзячыць Літву за з’яўленне.

Ляхаў назва ад Леха, як прусаў – ад Пруса,

50 Чэхі маюць ад Чэха, як русы – ад Руса.

Так Эразмус у дзеях прускіх заяўляе,

Дэцый тое ў Dawnościach polskich пацвярджае.

Хто як хоча, хай піша, толькі б не збаяўся.

Тут паслухай, як рымскі люд сюды дабраўся.

АБ ПРЫБЫЦЦІ ІТАЛІЙСКАГА НАРОДА Ў ЛІТВУ З ПАЛЯМОНАМ,

ЦІ, ДАКЛАДНЕЙ, ПУБЛІЕМ ЛІБОНАМ, І РЫМСКАЙ ШЛЯХТАЙ.

РОЗНЫЯ МЕРКАВАННІ, ЗДАГАДКІ, ДОКАЗЫ І ПРЫЧЫНЫ


Не адна тут прычына, як і меркаванне,

З-за чаго ў край літоўскі прыбылі рымляне,

Праз чужынскія землі, па бурлівым моры

Брыдучы, у шуканні вольнае прасторы.



5 Муза, прошласць успомні! Мецэнат мой слаўны

Хай пабачыць, скуль продкаў мае род іх даўны;

Без яго Геліконскі звяне сад, крыніца

З гор Парнаскіх засохне, больш не забруіцца.

Бачу: слаўны Гамераў спосаб вершавання

10 Патрабуе Марона [1] рытмікі ўжывання,

Без вясла й не парушу Нептуна [2] ўладанне –

Толькі там, дзе ўхвалёна Арыёна [3] гранне.

А паколькі мой вершык рыцарству адданы

І ад шчырага сэрца мной той шлях абраны,

15 Мужнасць іх узвялічу я крылатай славай,

Небыццё асвятліўшы годнасцю яскравай.

ПЕРШАЯ ПРЫЧЫНА ПРЫБЫЦЦЯ ІТАЛІЙЦАЎ У ТЫЯ КРАІ
У гішпанскіх крыніцах першую прычыну

Маем: суш і бязводдзе іхнюю краіну

Шмат гадоў з волі Божай без дажджу трымала,

Італійскай краіне тое ж перапала.



5 Поле Сірыюс [4] гнеўны пашчапаў на скібы,

Дохлі ў рэках бязводных і загнілых рыбы.

Людзі, звер і жывёла ад спякоты млелі,

Ад скупога пакорму сілы іх марнелі.

Высах лес, агароды, поле парыжэла,

10 Хлеб прапаў – ад спякоты збожжа пагарэла.

Не пабачыш Прыяпа сторажам у садзе,

Ні Цэрэры на полі, Вакха ў вінаградзе. [5]

Ссохла ўсё, што служыла хоць якой ядою,

Нават і вінаграднік з мёртваю лазою.

15 Шмат людзей падалося ў поўначы Трыёны [6],

Пакідала ў няшчасці родныя староны.

Як паводкай гэпіды, готы і аланы [7]

З тых краёў у заходні бок былі прагнаны,

Так заходнія, сушшу гнаныя, наўзаем –

20 Падаліся на стрэчу з іх паўночным краем.

Рымскі князь, Палямонам Публіем названы,

У заходніх старонах сушшу змардаваны,

Каб народ ацаліць свой і багоў дамовых,

Мусіў плысці ад бедаў да краінаў новых.

25 Вось пяцьсот італійцаў, кожны ў стане панскім

Ці сенатар, што мае стан патрыцыянскі,

Паплылі ўжо з Айчыны па моры Міжземным

Да заходняга крэсу з ветрыкам прыемным.

Лузітанскі [8], гішпанскі бераг за Гадыйскім

30 Морам [9] пааглядаўшы, у краі англійскім

Стаць хацелі, ды бура грозная паўстала,

Эўрам моцным раптоўна ветразі напяла.

Мора ўспеніла грудзі, вал на вал кідае,

І паўночны з заходнім вецер завывае;

35 З дна катвіцы крывыя падняло, сарвала,

У паўночныя землі карабель пагнала.

Палямону ж на захад трэба, ды ўзвывае

Вецер люта, аж кожны вушы затуляе.

Часам іх белапенны вал пад неба кіне,

40 Следам, як у бяздонне Ахерон [10], абрыне.

Крык мужчын, плёскат вёсел, хвалі ўсцяж бушуюць,

Там кіты, там дэльфіны карабель штурмуюць:

“О Нептун, што ж прарочыш лёс нам нечаканы,

Рвеш на часткі, няшчасным, ветразь пашарпаны?!”

45 Ты б пабачыў трывогу! Што яны ўцярпелі!

Аж, ад працы, без сілаў падалі і млелі!

З карабля ў мора спешна зноў ваду зліваюць,

Латай ветразь ці дошкай дзірку закладаюць.

З громам бура бліскае, мора ў руху страшным,

50 Феб схаваўся ў аблоках з возам жоўта-ясным,

Вецер, гнаны Эолам, з скалаў вылятае,

Эўр салёныя хвалі Нотам разбівае,

Субсалан, Вультурн, Цырцэй веюць на падмогу,

Цэцый [11], хмарамі ўкрыты, сцеле ім дарогу.

55 Так вятры разышліся, дзеці непагоды,

Што шалеюць, гняўліва рушаць мора воды.

Аж загнаў іх Афрыкій да фландрыйскіх скалаў [12] –

Неба цёмна-пагрозна зверху навісала,

Аквілон [13] іх адкінуў у віроў спляценне,

60 Кожны смерці жахлівай бачыў набліжэнне.

Хмара чорная раптам з бурай наляцела –

Дождж, маланка, а потым градам прагрымела.

Пачарнеў у глыбінях Акіян бурлівы,

Рымскі люд у адчаі чуе лёс жахлівы.

65 Аж нарэшце пад бераг шкоцкі [14] іх прыносіць,

Дзе між скалаў вятрыска сіратой галосіць.

Пры стырне стаўшы смела, часу не марнуе

Палямон – сам у мора карабель кіруе.

А затым, вочы ў неба ўнёсшы з нараканнем,

70 Рукі ломячы ў стоме цяжкім веславаннем,

Мовіў: “О як ён шчасны, сем разоў абраны,

Хто ва ўласнай Айчыне ўмёр і пахаваны!

Шчасны ён прад вачыма продкаў і народу,

Што палеглі ў змаганні за сваю свабоду.

75 Лепш было ім у моры між буры загінуць,

Несмяротную славу тым для нас пакінуць!”

А затым да астатніх мовіў тыя словы:

“Не трывожцеся, сцішыць гнеў Нептун суровы.

Патрывайце, шчаслівых дзён мы прычакаем,

80 Гэты дзень шчэ, магчыма, з любасцю згадаем”.

Толькі мовіў, адразу мора закіпела

І кіты на рымлянаў рынуліся смела

Ды хрыбтамі, як жабры, што ўгару тырчалі,

Плывучы пад нахілам, мора разгайдалі.

85 Потым цмок нейкі выплыў з мора агнявокі,

Страшнай пашчы раскрыўшы жараток глыбокі.

Потым велень, з шырокім плаўнем у размаху,

Караблі іх трывожыў, нарабіўшы страху.

Надарэмна рымляне стрэлы ў іх пускалі,

90 Ад бартоў іх каламі ў мора адпіхалі.

А не змогшы адбіцца зброяй ад нападаў,

Пашпурлялі карціны для забавы гадаў,

І кіты, што чакалі над людзьмі расправы,

Маляваных пажэрлі – бы жывых – паставы.

95 Шмат было там з майстэрствам маляваных слаўных

Сцэн ваенных і розных дзеяў старадаўных:

Як Эней змог Турнуса ў бітве за дзяржаву

І, Лавінію ўзяўшы, стаў царом па праву; [15]

Як твае, Рыме, сцены Ромул-цар узводзіў

100 І з вайны сабінянскай [16] са шчытом прыходзіў.

Іншых розных карцінаў кінулі нямала,

Зграя гадаў з якімі весела гуляла.

Так рымляне пазбеглі лапаў смерці страшных,

І Тытан [17] з хмараў глянуў у праменнях ясных.

105 Зноў на поўнач рымлянаў ветразь скіраваны.

Так прыйшлі ў порт Дытмаршэн [18], здаўна заснаваны.

Сонца згасла. На бераг італійцы сходзяць,

Па ліхім падарожжы там душу адводзяць.

Ноч прыйшла. Палямону сон найсаладзейшы

110 Разагнаў сумны цяжар клопатаў ранейшых,

А багі, што з сабою ўзяў з зямелькі роднай,

З ім праз сон гаварылі моваю лагоднай:

“Князю слаўны, з табою мы былі заўсёды,

Гналі прэч цёмны прывід і трывог, і шкоды.

115 Мы твой шлях пракладаем праз марскія воды,

Праз цябе мы памножым многія народы,

Тут, у землях нямецкіх, нельга заставацца,

Дзе вядзе Провід Божы, маеш выпраўляцца:

Лёсам гнаны з дзяржавы (шчасця там не маеш),

120 Двойчы лепшую ў рукі хутка атрымаеш.

Ёсць зямля, у разлогах, квеценню пакрытых,

У лясах, поўных звера відаў размаітых,

Там магла б і Цэрэра нарадзіцца. Прусы,

Мазуры з ёй мяжуюць і ляхі, і русы. [19]

125 Край змагарны, славуты, даўнімі лясамі

Знаны ў свеце, ляснымі плоднымі звярамі.

Тут гэпіды, нашчадкі готаў, кут свой маюць,

Без рукі Гаспадарскай у пушчах блукаюць.

Бог табе іх з зямлёю аддае, ласкавы,

130 Ён няіснае існым робіць, поўны славы.

Стань, дай ветразям волю! Бог іх накіруе,

У зямлі абяцанай вецер утаймуе”.

Палямон пахапіўся, сон распавядае,

Астраном падарожным сон той выкладае,

135 Кажа: “Ці італійцам час зыначыць долю?

Бог, аднак, нам праз fata [20] выяўляе волю.

Бога трэба паслухаць, досыць нам туляцца,

Дар багоў пашануйма – маем пагаджацца”.

Раду тую ўхваліўшы, ветразі ўздымаюць

140 Бераг княства Дытмаршэн спешна пакідаюць.

Выйшлі ў мора далёка, бераг прападае,

Вал за валам нясецца, караблі ўскідае.

Астраном рэй кампасам караблям рыхтуе,

Стырнавы ў бераг данаў ветразі кіруе.

145 Так да Зундскіх цяснінаў [21] іх вятры загналі,

Тут валы ад паўночы й захаду паўсталі

І закінулі, цэлых, іх па волі Панскай

Блізка нейкай затокі ў старане курляндскай [22].

Тут Нептун сцішыў мора бурнае трызубам,

150 А Эол сілу збавіў тым вятрам-загубам.

Кожны рады, нібыта нованараджоны,

Што ад страшнай трывогі за жыццё збавёны.

Вось напяў зноў вятрыска ветразі дыханнем,

Феб аблашчыў паветра прамяністым ззяннем,

155 Супраціўныя хвалі бег спынілі жвавы,

А дэльфіны ўзяліся за свае забавы.

Лес убачыў здалёку Палямон, зялёны

Бераг, крыва гарамі з морам раздзялёны.

Крыкнуў радасна ўголас: “Вось жа перад намі

160 Край зямлі абяцанай, дадзенай багамі!”

Караблі ўсё нясуцца! Ветразі зрываюць,

Запабегчы крушэнню ледзьве паспяваюць.

Там Гілію, што Нёмну вусцем служыць здаўна,

Аглядзеўшы, на вёслы налягаюць спраўна

165 І ў быстрыну ўдаюцца, плыні ток вірлівы,

Над якім тлум прыгожых птушак шчабятлівых.

Лес з бакоў абступае цёмны, таямнічы,

З нетраў шумна нясуцца чыстыя крыніцы.

Так плывуць, невядомым дзівячыся водам,

170 Караблі з незнаёмым тым краям народам.

Дзіва й Нёмну: успеніў хвалі ён гняўліва,

На хрыбце пераносіць прыбышоў цярпліва.

Дзіва й лесу пабачыць госцяў нечуваных,

Караблёў рымскіх мноства, фарбай распісаных.

175 Дзіва й рыбам: здумелі і на дно нырнулі,

Змоўклі й птушкі лясныя – ціха, як паснулі.

Дзіўна ўсё італійцам: што лясы пустыя,

Буданы ў полі сталі нізкія, крывыя

(Іх гэпіды, нашчадкі готаў, пакідалі –

180 Па лясах і пагорках жытлы будавалі).

Так плывуць той ракою цуднаю, аж бачаць –

Людзі нейкія жвава па ўзбярэжжы скачуць:

Той дзярэ з дрэваў лыка – лапці выплятае,

Той звярыну на пушчы лукам здабывае;

185 У лапцях кожны з лыка, у звярынай скуры.

У навінку ім нашых караблёў фігуры:

Выйшлі з лесу, а следам, поўныя трывогі,

У гушчар цёмнай пушчы рынулі, што змогі.

Страх ім, жах незвычайны – караблі ў навіну,

190 Як і ветразь, што грозна выпінае спіну.

Як дзікі, да пячораў кінуліся розна,

Італійцы крычаць ім „restate!” [23], ды позна:

Так, як лоўчы па лесе звера заганяе,

Як хартоў на аленя вучаных спускае,

195 Што ратуецца толькі хуткімі нагамі,

Напралом прэ-нясецца, спуджаны лаўцамі,

І як сарны з пагоркаў сочаць за хартамі,

Што парваць могуць скуру моцнымі зубамі,

Так і той люд разбегся па-на ўсе староны,

200 Тым, чаго век не бачыў, моцна застрашоны.

Караблі перашкода раптам запыняе,

Бо далей плыткі Нёман шлях ім закрывае.

Італійцы на бераг, ім чужы, ступаюць

І багам сваім дзячаць, славу ім спяваюць.

205 Задзівіў італійцаў гэты край нязнаны,

Як і звычай ягоны новы, нечуваны:

Люд лясны тут і дзікі, швэндае, дзе хоча,

Цяжка з ім слова мовіць, Ką, kur, keip [24] якоча.

Італійцы ў здзіўленні па палях блукаюць

210 І ў гэпідаў прыязні для сябе шукаюць.

Тыя, бачачы ў госцях да сябе ласкавасць,

Выяўлялі праз знакі і да іх цікавасць.

Як Энея, што выплыў з берагоў траянскіх

І заглыбіў катвіцы ў бераг афрыканскі,

215 Прыняла ў Карфагене пекная Дыдона [25],

Так прывеціў літоўскі люд і Палямона.

А на бераг ступіўшы, там знайшлі чароды

Зубраў, як і аленяў. Рады з той нагоды,

Палямон, лук схапіўшы спрытнымі рукамі,

220 Трох забіў, што былі ў тых статках важакамі.

Проспер, Урсын, Калюмна [26] васьмярых падбілі,

Пры абедзе іх мяса роўна падзялілі.

Той лупіў скуры, гэты мяса сек на штукі,

Гэты пёк, той катламі меў заняты рукі.

225 Там, на беразе, лагер першы заснаваўшы,

Нечаканым паловам сіл сабе прыдаўшы,

Рушаць далей, і бачаць статкі немалыя –

Там валы, тут авечкі, там звяры другія

На лугах расквітнелых вольна ўсцяж пасуцца,

230 Ветраногія сарны па гарах нясуцца.

Дзіўна ўсё італійцам, бо ў сваіх старонах

Гэткіх скарбаў не мелі, толькі лозы ў гронах.

Потым пчол меданосных бачачы раенне,

Статкі коней, прыдатных на вайны вядзенне,

235 Розных рыб поўна ў рэках, дастаткова хлеба,

Меркавалі, нябогі: трапілі на неба.

І як грымнулі хорам: „O, pages sic belli!” [27]

Пэўна, што ў падарожжы тых даброт не мелі.

Гэты „La Italija!” голасна заводзіць,

240 Той ваду мёдам сыціць, гэты мёд разводзіць.

Ты б пабачыў аздобу розных іх намётаў,

Што паставілі ў полі па сваіх турботах!

Гербаў рымскіх даўнейшых бачыў бы акрасы:

Тут “Арлы”, там “Калюмны”, “Ружы”, “Кітаўрасы”. [28]

245 Гэты край палюбілі і лясоў шумленне,

Меўшы з іх у патрэбе кожнай пажыўленне.

Як дарунак, ад Вакха пчолаў меданосных

Прынялі, ад Цэрэры плён з палеткаў росных.

Доўгі час вандраваўшы землямі й марамі

250 Разам з жонкамі, дзецьмі, хатнімі багамі

І ўцярпеўшы нямала небяспек, на славу

Цяжкай працай стварылі нам Літвы дзяржаву.

Помні: шлях той нялёгка італійцам даўся;

Трэба, каб для Айчыны кожны пастараўся,

255 Бо яе, гнаны лёсам з родных італійскіх,

Палямон апаноўваў з земляў жэмайційскіх [29].

ДРУГАЯ ПРЫЧЫНА
Так Лібонам, звычайна Палямонам званым,

Порты ў прусаў, жамойтаў былі адабраны;

У Літве ён, Інфлянтах з готамі злучыўся,

На раскошы айчыны рымскае забыўся:



5 Ці то збег ад Нерона, лютага тырана,

Ці таму, што Атылам там усё забрана,

Ці ўцякаў ад разладу ў поўначы староны,

Ці то голадам, сушшу бегчы быў змушоны.

А што збег ад Нерона – пэўна выглядае,

10 Бо ягоная лютасць прыкладаў не мае:

Маці, лона ўспароўшы, жывата пазбавіў,

І настаўніка ў ванне, Сенеку, скрывавіў;

Рым спаліў, каб пажарам страшным любавацца,

А сяброў, родных нішчыў, не жадаў спыняцца;

15 І Пятра з Паўлам страціў, вернікаў без ліку,

Рым бурыў, каб узвесці свой палац вялікі;

Іншым розным злачынствам ён увесь аддаўся,

Не адзін дом шляхетны з Рымам развітаўся.

Палямон, крэўны, мусіў неяк ратавацца –

20 Праз тырана з Айчыны любае падацца.

ТРЭЦЯЯ ПРЫЧЫНА


Хоць магло з-за Атылы стацца гэтак з імі.

Разбурыў той Еўропу з гунамі сваімі,

Ад Угры (край татарскі там, дзе масквіціны)

Ідучы ўслед за славай да другой Айчыны:



5 Маркіяну аж тройчы ён нанёс паразу,

І Матэрну таксама; разбурыў адразу

Македонскі, ахайскі край, як і фракійскі,

І славенскі, і сербскі, балгарскі, баснійскі.

Ён з Аэцыем рымскім і з Тэарадыкам

10 Візігоцкім у бітве сходзіўся вялікай,

Сто і восем дзясяткаў тысяч там палегла

Вояў разам, з крыві іх возера набегла.

Гарады, што ў французскіх землях, зруйнаваўшы,

Да Балтыйскага мора ўдаўся, зваяваўшы

15 Калетанаў і кімбраў, аляндраў, артманаў,

Прусаў, фрызаў, марынаў, саксаў, памаранаў.

Гюлу-гетмана проста да Кёльна адправіў,

Той свой лагер навокал горада расставіў –

Штурмаваў днём і ноччу, воласці панішчыў,

20 Як і вёскі, – далёка высеяў агнішчы.
У той час Этэрый, сын ангельскага караля, пачаў рабіць захады, каб пабрацца з Урсулай, адзінай дачкой брытанскага караля, з вялікай ахвотай выправіўшы паслоў да ейнага бацькі. І калі той, засмучаны і ўсхваляваны, не ведаў, які даць адказ, пачала яго Урсула прасіць, каб, пакінуўшы французаў у спакоі, заручыў яе з Этэрыем, кажучы, што мае абвяшчэнне ад Бога – не працівіцца гэтаму шлюбу, бо мае яшчэ тры вольныя гады, каб выправіцца ў той шлях, які абяцала прайсці – адправіцца ў Рым, маючы пры сабе дзесяць тысяч дзяўчат. А таму прасіла, каб і бацька, і Этэрый, ейны паніч, разам шукалі дзесяць дзяўчат асаблівай чысціні й непарушнасці, і каб кожная з іх мела пры сабе тысячу дзяўчат; і каб сама яна таксама мела пры сабе тысячу; і каб усе з іх былі беззаганна цнатлівыя й чыстыя. Паслы, атрымаўшы ад бацькі Урсулы такі адказ, паехалі радасныя. Затым Этэрый і брытанскі кароль, бацька Урсулы, сабраўшы паводле дамовы такую вялікую колькасць дзяўчат, прыдалі іх Урсуле ў кампанію. Яна ж, прыняўшы тую шляхетную кампанію і падрыхтаваўшы адзінаццаць вялікіх караблёў ды іншыя рэчы, патрэбныя ў такі няблізкі шлях, пусцілася морам з Брытаніі аж да таго месца, дзе Рэйн упадае ў мора, дзе цяпер знаходзіцца частка Галандыі. Адтуль супраць цячэння ракі прыбыла яна, да вялікай радасці месцічаў, у Кёльн-Агрыпіну, а з Кёльна – у Базылею. Пакінуўшы там караблі й іншае начынне, пайшла пешшу ў Рым. Абышоўшы ды агледзеўшы, як і абяцала, усе [святыя] мясціны Рыма, вярнулася ў Базылею, і сам папа Кірыяк суправаджаў яе датуль з вялікай пашанай. Сеўшы ў Базылеі на караблі, выправіліся ўніз па Рэйне да Кёльна. Там, зыходзячы на бераг, не спадзявалася яна сустрэцца з ворагам, бо меркавала, што ўсё будзе бяспечна, як і раней. Аднак на падыходзе да горада акружылі яе з усіх бакоў угры і бязлітасна забілі разам з усімі тымі дзяўчатамі. Вось так шляхетная дзяўчына з панічом сваім Этэрыем (які, даведаўшыся, што Урсула вяртаецца, выехаў ёй насустрач, разам з маці й сястрой Фларэнтынай ды з некаторымі біскупамі, аж у Кёльн), разам са згаданым папам Кірыякам ды ўсімі тымі дзяўчатамі сышлі з гэтага свету, а беззаганнасць сваю Хрысту, праўдзіваму дзявоцтва Абранніку, ахвяравала. Целы тых дзяўчат ляжаць у Кёльне, пазней іхнія косці былі складзеныя ў вялікім склепе. Дзеля таго перапыніў я гэтай гісторыяй свой аповед, што таксама і ў старых літоўскіх летапісцах (хочацца сказаць байках-летапісцах) аб заваёвах Атылы і забіцці тых адзінаццаці тысяч дзяўчат, а таксама аб прычыне прыходу італійцаў з Палямонам у Літву, як праз сон, ледзь толькі згадваецца. Таму я падаў ім гэтую гісторыю inter parentesI.
Як вярнуўся, брат Буда быў ім пакараны,

Бо Сікамбрый на гонар брата быў названы –

Будай (сёння Будзынем хто-ніхто ймянуе,

У якім – ах, вугорцы! – сам турчын пануе).



25 У Італію потым войска ўсё адправіў,

Землі штыраў, карынтаў, істраў пакрывавіў,

У Далмацыі знішчыў гарады й гароды.

Хто палічыць забітых? Хто апіша шкоды?

Пад Аквілію потым з воямі падаўся.

30 Рымскі гетман дарогу заступіць сабраўся,

Аж было яго войска мігам парубана –

Тройчы бегла фартуна ад Валентыніяна.

А венеты (траянцы родам, як лічылі)

Выспу ў Адрыятычным моры засялілі,

35 Дзе Венецыю, горад слаўны, збудавалі;

Ды і ўсе, дзе магчыма, жыцці ратавалі.

Аквілію аблогай акружыў магутна,

Руйнаваў і нявечыў ўсё наўкол, паўсюдна.

Доўга там быў Атыла, горад здабываўшы

40 І для ўдалага штурму спосаб задумляўшы.

Так цвярдыня стаяла, што ўжо быў і здаўся,

Аж з паводзінаў бусла знак яму ўказаўся:

Той у дзюбе цягае за малым малога

Прэч, а значыць – чакае уграў перамога.

45 Тут Атыла, жаўнераў духам узмацніўшы,

Сцены, склаўшы вакола сёдлы, падпаліўшы,

Біў у мур, захапіўшы горад штурмаваннем –

Трыццаць сем тысяч разам там знайшлі кананне.

Канкардыю, Ферару, Бергама, Верону,

50 Мантую і Трэвіза, Брэшыю, Крэмону,

Апулію, Равэну, Падую, Вічэнца,

Парму, Мілан, Мадэну, Тычына, П’ячэнца –

Ці не ўсе італійцаў землі спрэс ваюе.

Італіец “O Dio!” кожны лямантуе,

55 Тыя “La dona nostra!” крыкнуць і ўцякаюць,

Толькі угры – “Beste frenk” – б’юць і даганяюць.

Каля Рыма быў папам – святасцю так знаным

Львом – Атыла ад думкі злое паўстрыманы.

Адступіўшы, крывёю, дымам слаў дарогу,

60 Не адзін прыхаваўся, чуючы трывогу.

Палямон, як і кожны, страхам быў праняты

(Хто сябе не ратуе – сам і вінаваты):

Мог да земляў паўночных, прагнучы спакою,

Італійскую шляхту весці за сабою.
Піша таксама ў старой гісторыі пра дзеі Атылы, што Гардэрык, кароль гэпідаў, надзвычай магутны і ваяўнічы, як і славуты годнымі справамі, па сяброўскім абавязку ў кожнай бітве быў пры Атылу, і заўсёды мужна і шчасліва вялося яму з ягонымі гэпідамі так у Францыі, як і ў Італіі і Фракіі, або і ў той бітве, якую меў Атыла з рымскім Аэцыем. Так піша, што Валамір (альбо Уладамір) з правага флангу з усходнімі остготамі (якія былі з тых краін, дзе сёння Валынь, а Астрог сённяшніх астрожскіх князёў – si credere opinioni fas est [30] – быў іх галоўным горадам і замкам) рашуча нападаў на Аэцыя і галоўныя рымскія палкі. Таксама і Гардэрык, кароль гэпідаў, мужна атакаваў Тэадорыка і вестготаў etc., дзе – як распавядае гісторыя – сто восемдзесят тысяч мужоў палегла. Без усялякага сумнення гэпіды, будучы з ваяўнічымі готамі аднаго роду, з’яўляюцца сапраўднымі продкамі літоўскага народу: плывучы з паўночнай Скандыі ў еўрапейскую Сарматыю, частка з іх засталася каля мора ў Прусіі – з імі крыжакі вялі працяглую вайну, аж пакуль зусім вынішчылі. Іншыя пасяліліся на вольных землях – там, дзе сёння Жамойць, Літва і Латвія. Другія, як яцвягі, адступіўшы ў заходні бок, абралі сабе айчыну на Падляшшы. А некаторыя, зайшоўшы ў паўднёвы стэп – дзе сёння Падолле, Канеў, Чаркасы, Ачакаў, Крым, Перакоп, там размножыліся, іх – за тое, што жывуць у палях – назвалі полаўцамі. Вось гэтак тыя гэпіды, продкі літоўцаў, – людзі ваяўнічыя, драпежныя і звыклыя жыць рабункам – добраахвотна са сваім каралём Гардэрыкам далучыліся да Атылы, пераможнага караля. Таксама і Валамір (альбо Уладамір – гэта рускі імяслоў, азначае “які валодае мірам”), кароль остготаў, якія жывуць на ўсходзе сонца – там, дзе сёння валынскія княствы, пры Атылу са сваім рыцарствам стаў. Таксама, жадаючы грунтоўна вывучыць літоўскія дзеі, знайшоў я ў той Атылавай гісторыі наступнае: Атыла, каб ведаць, што дзеецца па ўсіх краінах свету, устанавіў у чатырох месцах пошты, або пасты – адзін у Кёльне, які называюць Агрыпіна, другі ў Задары, далмацкім горадзе, трэці ў Літве, чацверты – на рацэ Танаіс. З тых месцаў усе, амаль не ўсяго свету навіны праз названыя пошты дастаўляліся яму ў Сікамбрыю, пасля чаго ён паведамляў праз іх свету сваё рашэнне. Тут ужо згадвае, што і ў Літве меў свае пошты; відаць, ужо на той час, за Атылы, у годзе Гасподнім 418, літоўская зямля была населена жыхарамі.

Тытул Атылы быў наступны: Атыла, сын Бендэгераў, унук вялікага Немрата, выхаваны ў Энгазе, з ласкі божай кароль угорскі, медскі, гоцкі і дацкі, жах свету, біч божы, etc.

ЧАЦВЕРТАЯ ПРЫЧЫНА, ЯК ПІША FLORUS (LIB. 4, CAP. 2)

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка