1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага




старонка1/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.28 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8
Мацей Стрыйкоўскі

(Maciej Stryjkowski)



1547 – пасля 1590
Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага

(O początkach… sprawach rycerskiego sławnego narodu litewskiego)


(1575 – 1578)
(урыўкі)
КНІГА ПЕРШАЯ etc.
Cлаўлю бітвы і вояў аўзанійскіх гожых,

Што ў ладдзях ветрагонных па провідзе Божым

Прыплылі, дацкі Зундзе, праз твае цясніны

У затоку на бераг жамойцкай краіны.



5 Марса, пана крывавых і жахлівых войнаў,

Слаўлю і пераможных рыцараў дастойных,

Грукат зброі, трывогі, меч крывавы страшны,

Супраціў за Айчыну, за вольнасці нашы.

Божа моцны, спрадвечны, Ты ўвесь свет трымаеш,

10 Ты ўсё мудрасці духам шчодра напаўняеш,

Пад пяром уваскрэсіць мне heroes слаўных

Памажы, як і дзеяў веліч старадаўных.

Прасвятлі мне мой розум, цемру чорнай ночы

Разбуры, каб на сховаў паглядзелі вочы

15 Апрахнеласць – у промнях пакажы вясняных

Ветраногага часу зайздрасцю схаваных.

Гэтай светлай задуме, да якой натхняеш

Верш слабы мой, дай рады, як сам тое знаеш,

Без Цябе тут, мой Пане, непадымны цяжар –

20 Найславуцейшы майстар, абамлеўшы, зляжа.

Сэрцаў нашых празорца і глыбокіх тайнаў,

Бачыш: я кіраваўся шчырасцю звычайнай.

Тут не дар мой прычына, не жаданне славы –

Праз мяне Ты адновіш мужных продкаў справы.

25 А пахіблю, паправіш мой распеў паволі,

Каб мужоў годных слава не згасла ніколі.

Сам вядзі простым шляхам; веру, не зграшу я,

Як слабым маім пёркам сам Бог пакіруе.

Музы, што на Парнасе звыклі весяліцца,

30 Што з крыніц геліконскіх даяце напіцца,

Дзеі вояў літоўскіх мужныя між бою

Славіць мне памагайце, скрытыя імглою!

Збройны Марс і Белона, апякайце ўнукаў,

Каб дастойную плату мелі пасля мукаў,

35 За якія па бітвах сталі як святыя –

Ахілесы, Алкіды, Гектары былыя.

Там, дзе Феб выязджае, дзе коні пускае,

Слава іхняй адвагі ўсюды залунае.

З мноствам дужых народаў часта мелі войны

40 (Русь, масква і крыжакі, і татарын збройны

Помніць іх) і ў айчыне ўсе жылі бяспечна.

Але хоць бы іх слава і трывала вечна,

Прах ад велічы мужных перамог застаўся,

Кожны век тонкім ценем, Гісторыя, стаўся:

45 Ты мінуўшчыны сведка, жыццяў ахмістрыня,

Кожнай цноты, прыгодаў ты прыклад і скрыня,

Без чаго й найважнейшы, як звер, памірае,

Век ягоны смерць мігам у зямлю хавае.

Дзе Гаштольт і Кезгайла, Вершула багаты,

50 Літавор, Забжэзінскі, дзе іх маяраты?

Як імгла, прамінулі, справаў іх не знаем,

Што былі тут калісьці, ледзьве прыгадаем.

Радзівілы, дзе святасць вашых спраў марнее,

Манівіды, дзе вашы й Хадкевічаў дзеі?

55 Кішкаў гетманаў слава дзе цяпер прыснула,

І Астрожскіх хіба ўжо мужнасць прамінула?

Дзе з Збаража, Заслаўя, Вішняўца княжаты?

Дзе Сангушкі, што войны ладзілі заўзята,

Баранілі Айчыну мужна й пераможна,

60 А цяпер цемрай скрыты за тое абложнай?

І з князьмі тое сама вялікімі маем,

Толькі Вітаўта, можа, часам прыгадаем.

А тых Вітаўтаў сотні ў Літве панавала!

Без пісьма ўсё, аднак жа, з імі ўслед прапала.

65 Мур маскоўскі Альгерда дзіды скаштавалі,

Кейстут, Любарт крывёю Прусы залівалі,

Тое ўсё прыўлашчона Вітаўту – ласкавы

З іх ніхто быў нашчадкам паапісваць справы.

А пакуль залатога пёрка не знайшлося,

70 Каб heroes літоўскім у вяках жылося,

Алавяным нанова ўваскрэсім іх цноты,

Ім узнёсшы падзяку слаўнае работы.

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ


Хай Гамерава муза славіць тых траянаў,

Нептуна, Марса, вояў грэчаскіх, паганаў;

Рымлян славіць хай Люцый, а Марон – Энея,

Купідонавы раны – сам Назон з Венерай.



5 Хай Алкідавы бітвы з гідраю пачварнай

Іншы славіць, Ахіла моцы незвычайнай.

Як з-за яблык Цэрэры зяць Плутон назваўся,

У вала, дождж і лебедзь Юпітэр змяняўся;

Як з людзьмі Кірка дзіваў мноства вытварала

10 І сама для сястрыцы ластаўкаю стала,

Філамела – па гвалце ўчыненым – салоўкай,

Што і сёння нас цешыць песняю салодкай,

Цар фракійскі, гвалтоўнік ейны, стаў удодам –

Толькі чуб, як карона, сведчыць, хто быў родам;

15 Як Атлас свет трымае з небам здаравенным,

Як заводзяць сірэны ў моры белапенным,

Як Тантал не спатоліў смагі паміж водаў,

Андрамеда ад цмока зведала прыгодаў;

Як Тытаны хацелі скінуць бостваў з неба –

20 У паэтаў паганскіх знойдзе, каму трэба.

Мог бы тут я распецца, разам з Апалонам,

З цэкрапійскім паспольствам і з тым, з Гелікона,

Толькі прагну ўсе рэчы выпісаць праўдзіва,

Бо гісторыя збэсціць тое, што фальшыва:

25 Цыцэрон яе лічыць настаўніцай мілай,

Што заўсёды жыццёвым прыкладам служыла.

Так, яна – палкаводзец мужны для любога,

Так, дар вечнасці, толькі ж і перасцярога.

Не змагарныя дзеі – прах сягоння маем

30 Без яе, бо й імёнаў прадзедаў не знаем.

Без яе веліч рускай і літоўскай славы,

Як і польскай, замглёна ў цемрадзі крывавай.

А таму іх я вершам простым тут услаўлю,

У шуканні, о Музы, з вамі час прабаўлю.

35 Ёсць і ў нас Ахілесы, мужныя Гекторы

У Русі, Літве, Польшчы – цнот святых узоры.

З Богам тут пачынайма. Усяму пачатак,

Ён стварыў усе рэчы, вызначыў парадак:

Неба Ён прыаздобіў зоркамі высока,

40 Землі нізка паклаўшы, а мора глыбока;

Сам планетам пазначыў бег і абароты

І агнём напатоліў стрэльныя грымоты.

Птушак лётных, таксама рыб, луской пакрытых,

І звяроў, і жывёлаў відаў размаітых,

45 А затым чалавека, з гліны сфармаваўшы,

Ён стварыў, чалавеку тое ўсё падаўшы.

У Раі пасяліўшы між дрэваў квітнучых,

Што бальзам выпускаюць па ствале пахучы,

Сон спаслаў чалавеку. Пажадаў тым часам

50 Даць яму таварышку, каб не быў сам-насам,

І з рабра чалавека вырабіў жанчыну,

Блаславіўшы абоіх насяляць краіну.

Плод ад кожнага дрэва даў ім на жыўленне;

З аднаго, паміж саду, заказаў кармленне,

55 Кару смерці прызваўшы на непаслухмяных,

Каштаваць каб не смелі яблыкаў румяных.

Хітры змей да жанчыны падступіў лісліва:

“О, маглі б вы на свеце жыць і больш шчасліва,

Каб таго дрэва плоду слодыч скаштавалі!

60 Што багі ў вас ліхія, мігам бы спазналі.

О, якой весялосцю ззялі б вашы вочы,

Што вам Бог засланіў ваш цёмнай хмурай ночы,

Баючыся, што боствам можаце зраўняцца,

Усяведныя, божай пекнасцю назвацца!”

65 Тыя здрадныя словы пранялі жанчыну,

Скаштаваць райскі яблык даючы прычыну.

Мужа дрэнчыць і росіць вочы раз за разам,

Каб тых яблык, сарваўшы, скаштавалі разам.

Вось, сарваўшы, кусае; муж другі каштуе,

70 Бо ад жончыных слёзаў узрушэнне чуе.

Так пайшла смерць па свеце з галатой убогай,

Цяжкай працай, вярэдай, немаччу й трывогай.

Не для двух быў той яблык повадам зграшэння –

Перайшоў на нашчадкаў прышлых пакаленняў,

75 Бо як з райскага саду зведалі выгнанне,

З працы цяжкай займелі ўсё для існавання.

Пекнату іх натуры потым зло змяніла –

Каб забіў Каін брата, хутка навучыла,

За няшчырасць ахвяры Богам пагарджаны;

80 Род ягоны давеку пранясе заганы.

Потым тысячу дзвесце сорак і два леты,

Як жывёлы, у лесе пражылі. За гэтым

Век быў першы, з Адама каторы пачаўся

Аж да Ноя, калі свет пад ваду схаваўся.

85 І калі свет дастаўся ненажэрным водам,

Ной па волі Гасподняй са сваім прыплодам –

Сімам, Хамам, Яфетам – новы век адкрылі

Па Адаме ізноўку землі засялілі.

Па сынах на тры часткі свет быў падзялёны –

90 На Еўропу, Азію, Афрыкі староны,

Дзе з іх кожны дзяржавы паўтвараў з народаў,

Што прыйшлі з Вавілона ў пошуку выгодаў.

І Гамер, сын Яфета, правадыр паходаў

Асірыйскіх, на ўзмор’і Меатыйскіх водаў

95 Паразмножыў аланаў і сыноў кімбрыйскіх,

Готаў, што па ўзбярэжжы аселі пантыйскім.

Потым рушыў у землі, дзе плывуць ракою

Нёман, Буг, Днестр і Волга, і Дняпро з Дзвіною.

Частка з іх Кімерыю ці Басфор абралі,

100 Хтось асеў у Таўрыдзе, скуль грэкаў прагналі.

Полаўцы, як яцвягі, аланы з іх роду

Там, дзе Дзікае Поле, аселі з усходу.

З часам земляў Скандыйскіх, Інфлянтаў дапялі,

Ці палі – Русь з Літвою там цяпер – абралі.

105 Земляў тых раксаланы частку зваявалі,

Іншых холад і бура на моры прагналі,

Бо нутро акіяна лютае ўзыграла –

Гарады, люд, жывёлу, вёскі паглынала.

Дзе цяпер бераг шведскі, інфлянцкі ці прускі,

110 Ці жамойцкі – усюды засталіся пусткі,

Бо на многія мілі разводдзе паўстала,

Што было – патапіла, зжэрла, папсавала.
Хаця тут мушу перарваць гаворку, падмацую, аднак, апісанне таго патопу здарэннем з нашага часу. Году Божага 1570, назаўтра пасля дня Ўсіх Святых, уначы паўстала такая моцная і нечуваная паводка, што, раптоўна пачаўшыся, заліла ўзбярэжжа ў ніжняй нямецкай зямлі, таксама як і брабанцкую, азёрную, званую Зеландыяй, галандскую і фландрскую зямлю, таксама абедзве Фрызіі. А сталася тое праз моцныя і несупынныя вятры, якія (хаця бераг мора і адгароджаны здаўна высокімі насыпамі, каб звычайны ўзровень мора пасля працяглага дажджу праз іх раптоўна не пераходзіў), паколькі ўсю восень веяў без супыну страшны паўднёва-ўсходні вецер, пагналі воды мора, уздымаючы іх гарой, ад тых краін да Англіі і Гіберніі. Калі ж суцішыліся, узняўся супраціўны вецер і ваду, якая моцным патокам збягала з валоў назад і хутка абрыналася ўніз, з яшчэ большай сілай пагнаў, кідаючы на яе воды з англійскага берагу. Вада з’явілася так раптоўна, што, пераліўшыся пра усе насыпы, моцна іх паразмывала і, праклаўшы сабе дарогу, заліла раўніны той нізіннай краіны ў нямецкай зямлі так нечакана, што ніхто не паспеў і зразумець, скуль абрынулася на людзей і быдла нечаканая смерць, бо ў Андорфе і ў Хергапасуме, у Мерымедзе, у Мідэлбургу, у Гронінгене, у Амстэрдаме і ў іншых вялікіх і малых гарадах вада прыбыла так высока, што па ўсіх вуліцах людзі былі вымушаны ездзіць у чаўнах. Ад некаторых дамоў толькі дахі віднеліся, а ў такіх гарадах, як Дэльфт, Дордрэхт, Ротэрдам, толькі шпілі гарадскіх вежаў з вады віднеліся. Прылеглыя да тых гарадоў вёскі, адкуль пастаўлялася большая частка харчу (да прыкладу, найлепшае масла і нідэрландскія сыры), патанулі ў вадзе з людзьмі і быдлам, бо, стоячы ў нізіне, не маглі ўратавацца, паколькі ўсю мясцовасць затапіла мора.

У галандскай зямлі загінула разам з людзьмі і быдлам палова гарадоў і сёлаў, напрыклад, горад Рымскі Вал, у Бэвеландзе, затануў разам з шасцю вёскамі; увесь Тольскі павет з горадам Сапронес, у Св. Марцін Стоў, і шасцю вёскамі. У тым самым павеце цалкам пайшлі пад ваду горад Бенфлет, у Хілерне, з сямнаццаццю вёскамі; Сромслаг, у Эсэне, з васьмю вёскамі; Гент з чатырма вёскамі, Пулер і Амер з чатырма вёскамі. У Гронінгу, горадзе ў Фрысландыі, іспанскі намеснік Дуа дэ Альба заклаў умацаванні, хочучы мець там з часам абарончы замак. І вось як тыя, што там стаялі на стражы, так і тыя, што будавалі, усе разам з будоўляй згінулі ў адначассе, і няма ведама, што куды падзелася. Сам горад, аднак, панёс невялікую шкоду, а вось усё наваколле – як людзі, так і быдла – затапіла. Дзеля таго прывёў я, як прыклад, гэтае здарэнне, што так прыпала і нашым літоўскім, жамойцкім, прускім і гоцкім продкам, якія перад наступам мора, на беразе якога жылі, былі вымушаны вандраваць далей, бо ў той час было многа вольнай зямлі. Напэўна, сённяшнія тубыльцы з радасцю змянілі б айчыну, але цяпер усё наўкола абжыта іншымі, а ў тыя часы хто куды хацеў, туды і перасяляўся.


Вось жа готы, яцвягі, немцы, літаланы,

Кімбры, шведы, гэпіды, з імі раксаланы,



115 З розных месцаў прыйшоўшы шумнай грамадою,

Дзе сяліцца ім, раду мелі між сабою.

І пайшлі, у звярыных скурах, саранчою

Ашчацініўшы дзідаў лес перад сабою.

Тых мужчын трыста тысяч (тут не ў лік жанчыны)

120 Бок заходні абралі ў пошуку айчыны.

Потым край па-над Рэйнам для жыцця абралі,

Дзе з баварцам і немцам доўга ваявалі.

Потым Францыю з імі разам захапілі

І Гішпанію доўга секлі ды палілі

125 (Толькі кельтыберыйцы ім не паддаліся),

Скуль у край італійскі зноўку падаліся.

Час такі быў, народы ўсе жылі вайною:

Хто мацнейшы, той землі мае за сабою.

А затым, не ўпрасіўшы земляў у рымлянаў,

130 Па краі тым прайшліся з мячом нечакана.

Войны частыя мелі з рымскімі панамі;

Што не просьбай займелі – узялі мячамі.

Так, Папірыя з войскам немалым паклалі,

Скаўра, як і Сільвана добра абабралі,

135 Манлій, Цэпій таксама быў не раз пабіты,

Лёг пад ногі кімбрыйцам Рым той знакаміты:

Восем раз дзесяць тысяч італьян палегла,

Толькі дзесяць асобаў з ваяводам збегла.

Першы раз прычакалі гэткую паразу.

140 Цэпій, іх ваявода, лёг пад меч адразу.

ШЫРЭЙШАЕ СВЕДЧАННЕ ФЛОРА ПРА КІМБРАЎ,

ПРОДКАЎ ЛІТОЎСКІХ, ШВЕДСКІХ, ДАЦКІХ ETC.
Lucius Julius Florus, рымлянін, апісваючы рымскія дзеі і справы, так мовіць пра пайну з немцамі, кімбрамі, або готамі (ад якіх Літва сапраўды бярэ пачатак) у трэцяй кнізе, у трэцім раздзеле: “Кімбры, немцы і турынгі пасля таго, як акіян затапіў іхнія землі, паўцякалі са згаданых французскіх абшараў і шукалі па ўсім свеце новых месцаў для пасялення. Гнаныя з Францыі і Гішпаніі, прыйшоўшы ў Італію, выправілі яны паслоў у лагер Сільвана, які быў рымскім палкаводцам, просячы мужны рымскі народ надзяліць іх кавалкам зямлі – як наёмніка платай за службу, і за гэта распараджаўся іхняй сілай па ўласнай волі. Але ж якую, піша, рымскі народ мог даць ім зямлю, калі яны не ўмелі ўрабляць раллі? Таму, прагнаныя, задумалі яны здабыць зброяй тое, чаго не маглі атрымаць просьбамі. І не змаглі стрымаць нашэсця варвараў: ні першага – Сільван, ні другога – Манлій, ні трэцяга – Цэпій. Усе тры палкаводцы з войскамі разагнаны, абозы іх абрабаваны, цяжка б давялося, мовіць, калі б не мелі ў той час Марыя. Але і гэты, хаця і ўдачлівы, палкаводзец не адважыўся на неадкладную сутычку з імі, чакаючы з рымскім войскам у лагеры, калі па працяглым часе ўтаймуецца тая гарачлівасць і нястрымнасць жорсткага кімбрыйскага народу”.

СВЕДЧАННІ СТАДЫЯ, ПЛУТАРХА, ДЭЦЫЯ;

З МАІМ ДАДАТКАМ, У НЕАБХОДНЫХ МЕСЦАХ, ПРА КІМБРАЎ
А Joannes Stadius ( fol.125, in Comentario ad supplendam historiam Flori concinnato), так сцісла піша пра кімбрыйцаў: Кімбрыйцы і немцы з кімбрыйскай паўвыспы, з трох бакоў аточанай морам, якая па-лацінску называецца Cimbrica Chersonesus, там дзе цяпер дацкае каралеўства і дытмарскае княства ў Гальштыніі etc., у год ад заснавання Рыму 640 (secundum Tacitum, De moribus Germanorum scribuntur), а да збавеннага нараджэння Госпада Хрыста за 100 гадоў, сабраўшыся са сваімі суседзямі (як сведчаць той жа Тацыт і Страбон, а таксама дацкія і шведскія хронікі) – шведамі, готамі, гепідамі (цяпер там Літва і Латвія), ульмігамі (цяпер там Прусія), полаўцамі (цяпер там Падолле і Валынь), табанамі, анаксабітамі, амбронамі, яцвягамі (якія, паводле Пталемея, жылі на той час у мясцінах, дзе сёння Берасце Літоўскае, Люблін і Падляшша), гнаныя бедамі, холадам, неўраджаем і наступам мора, рушылі ад Паўночнага Акіяна ў Ілірыю, славянскія землі. Там, у Ілірыі, пад горадам Нартбея нанеслі паразу і паграмілі войска Гнея Карбона, рымскага сенатара, які трымаў тады тую дзяржаву. Пасля гэтай перамогі паднялі сваю зброю на Францыю (альбо Галію), якая ў той час яшчэ не была пад рымскім панаваннем, і на Гішпанію. Калі ж іх французы, гішпанцы і кельтыберыйцы прагналі са сваіх земляў прэч, рушылі ў Італію. І там, не могучы дапрасіцца ў рымлянаў месца для пасялення, нанеслі паразу войску Юнія Сільвана, рымскага сенатара; калі ж рымляне трэцім разам паслалі супраць іх у Францыю Марка Скаўра, адно войскі сышліся – пабілі кімбрыйцы італійцаў і французаў. Абрынуўся на іх чацверты рымскі палкаводзец, Касій Лангін, якому таксама тыгурыны (суседзі адважных кімбрыйцаў на мяжы з алаброгамі, тую зямлю сёння называюць Савойскім княствам) нанеслі паразу на мяжы Італіі і Францыі, а самога палкаводца Касія Лангіна і ягонага таварыша Люцыя Пізона забілі, нагалаву разграміўшы рымскія войскі.

Выправілі рымляне і пятым разам у Францыю супраць кімбрыйцаў трох рымскіх палкаводцаў: Квінта Цэпія, Гая Манілія і Марка Аўрэлія. А паколькі ўсе трое хацелі камандаваць войскам, пасварыліся ў Францыі, калі Цэпій прыўлашчыў сабе першынство, нібыта нададзенае яму Сенатам. А таму і краіну, і войска падзялілі на тры асобныя часткі. Даведаўшыся пра тое, кімбрыйцы аб’ядналіся з немцамі, тыгурынамі, амбранамі, або амбронамі, якіх Людовік Дэцый, fol. 35, O familijej Jagiełowej, выводзіць з тых краёў, дзе сёння Люблін і Берасце statum post Ombrones, id est Lublinensem Palatinatum, etc. Не адкладаючы, ударылі кімбрыйцы на нязгодлівых рымскіх палкаводцаў, якіх так жорстка разграмілі і перамаглі, што паклалі ў полі восемдзесят тысяч рымскіх рыцараў. Калонаў і ліксараў, рымскіх хаўруснікаў, забілі сорак тысяч. І захапілі кімбрыйцы, прусы, даны, шведы, амброны, падляшане і гэпіды, продкі літоўцаў, два рымскія лагеры. Таксама ўзялі ў палон сенатара Марка Аўрэлія і забілі двух сенатарскіх сыноў. Таму рымскія грамадзяне, даўно не маючы да Цэпія даверу, пасля чарговай няўдачы асудзілі яго і прызналі вінаватым у той жорсткай і нечуванай для Рыму паразе, бо паводзіўся нядобра і неналежна, а не як прыстала палкаводцу. Потым быў пасаджаны ў вязніцу, дзе і памёр у зняволенні. Ягоны аголены труп выцягнуў кат на Гемонскую лесвіцу, дзе вешалі і забівалі злачынцаў, а маёмасць ягоную аддалі на патрэбы Рэспублікі.

Кімберыйцы ж і гепіды, продкі літоўцаў, пасля той слаўнай перамогі рушылі праз Францыю зноў у Гішпанію, адкуль, прагнаныя кельтыберыйцамі, вярнуліся ў Францыю і там аб’ядналіся з немцамі і амбронамі, якія паходзілі – калі даць веры Дэцыю – з Падляшша. Параіўшыся, пастанавілі, перайшоўшы высокія горы Альпы, здабываць Рым і ў выпадку памыснай удачы апанаваць усю італійскую зямлю. І вось, праз два гады пасля той славутай перамогі над рымлянамі, вырушылі трыма асобнымі войскамі у Італію праз горы, якія з’яўляюцца яе [прыроднай] абаронай. Даведаўшыся пра тое, палкаводзец Марый надзвычай паспешліва заступіў ім дарогу з войскам, і спачатку з немцамі ля самага падножжа гор у полі, называным Aquas Sextias, як піша Флор, сышоўся ў бітве такім чынам, што калі нямецкае войска не давала даступіцца да ракі і іншых крыніц, рымскія палкі пачалі наракаць Марыю за недахоп вады, якім Марый так адказаў: “Аднак жа, мужы, маеце ваду ў свайго непрыяцеля. Ідзіце й вазьміце яе для сябе”. Тады, добра падахвочаныя,з крыкам і запальчывасцю кінуліся італійцы на немцаў, а немцы – на італійцаў. І так біліся, што, адолеўшы немцаў, мусілі італійцы пасля перамогі піць з ракі напалову змяшаную з крывёю ваду, і больш крыві, чым вады, напіліся. 150 тысяч немцаў палегла ў полі ў першыя два дні, паводле Велія, Арозій жа сцвярджае, што забіта было 200 тысяч, а 8000 узята ў палон, толькі 3000 ўратавалася. Тэўтабух, нямецкі кароль, які быў настолькі спрытны, што на чацвярых, часам шасцярых коней мог паслядоўна пераскочыць, у той час, уцякаючы, і на аднаго не паспеў ускочыць, як быў узяты ў палон. А паколькі быў ён надзвычай прыгожы і велізарнага росту, прымалі яго за асаблівае дзіва, бо калі вялі яго паміж іншых сведчанняў перамогі, узвышаўся ўсярэдзіне над усім.

І наш Магнус, дацкі каралевіч, якога я бачыў на ўласныя вочы, ён жа ліфлядскі кароль маскоўскага каранавання, калі б дапусціў тое Бог, сваім высокім ростам аказаўся б вышэйшы за таго Тэўтабуха.

Кімбрыйцы з гепідамі і нашыя амброны, якія ішлі ў Італію асобным войскам, дачуўшыся аб паразе сваіх хаўруснікаў немцаў, якіх італійцы таго часу звалі тэўтонамі, а цяпер тудэскамі, ніколькі не сумняваючыся ў сваёй моцы і перамозе, выправіліся прама ў Норык, а затым – насуперак чаканням італійцаў – пераправіліся праз горы і высокія скалы. А паколькі тады была зіма, здзіўляецца таму Флор, рымскі гісторык, мовячы: “Тыя ўжо (то бок кімбрыйцы), хто б – піша – даў таму веры, зімой праз альпійскія горы, якія ад снегу робяцца вышэйшымі, з вяршыняў Трыдэнцкіх гор з’явіліся ў Італіі, з вялікай лютасцю разбураючы і палячы”. Здзіўляліся распешчаныя і абабелыя італійцы, што кімбрыйцы адважыліся ў зімовую непагадзь дайсці да іх праз высозныя скалы, бо тыя горы, у якіх мне самаму давялося пабываць, заўсёды засыпаны неверагодна вялікай колькасцю снегу. Яго ў 1575 годзе ў Балгарыі, едучы з Турэччыны, перайшлі мы з такой вялікай цяжкасцю і небяспекай, што праз кожную мілю здыхаў у нас конь, а ўсе мы самі, колькі нас было, не зважаючы на стан, ішлі пехам, часам правальваючыся па пояс у снег. Іншы часам увальваўся па шыю, і мы былі вымушаны яго выцягваць. А калі з вяршыні аснежанай скалы ссунулася брыла снегу, перш як яна даляцела да нізу, была ўжо як найвялікшы дом, бо, ссоўваючыся, абрастала снегам – акурат так, як у нас дзеці снежны ком качаюць. Несучыся з гары, ломяць [тыя снежныя брылы] кусты і дрэвы; здараецца, і людзей забіваюць. Таксама, як і гельветы (альбо швейцарцы), будучы на баку цэзара Карла Пятага, аднойчы знішчылі падобным чынам у італійскіх гарах вялікае войска французскага караля: калі войска зайшло ў горы, пачалі валіць на яго з вяршыняў скалаў снег, і так снежнай зброяй учынілі яму поўны разгром.

Нас жа сам Госпад Бог, не лічачы коней, жывымі ў цэласці перавёў. А здарылася тое з намі за тыдзень перад Вялікаднем, калі ўжо і там лета бывае, і ў нас цяплей. Але ў саміх гарах была зіма і вялікі снег. Што ж зіме?

А тое наша падарожжа доўжылася дзесяць дзён з Фракіі праз балгарскія Балканы да мультанскага Дунайца, які плыве там шырынёй у мілю паміж гарадамі Русціка і Джурджу. А гэтае [апісанне] дзеля таго прылучыў, што досвед многаму чалавека вучыць. Non tamen poenitebit aliquando meminisse malorum. З жалем згадаўшы злую прыгоду, з якой Бог дазволіць выкараскацца, сэрца змушае іншым яе падаваць як прыклад. Аднак жа вярну пяро да пачатае справы.

Трэба ведаць, што кімбрыйцы, гэпіды і амброны, якія зімой цярпліва прабіраліся, нечаканыя госці, праз Альпы ў Італію, паходзілі з нашых халодных краёў. Даведаўшыся пра тое, паслалі рымляне Квінта Катула, таварыша Марыя, з войскам, каб перакрыў кімбрыйцам праход праз горы. Але той, разумеючы, што цяжка процістаяць такому варожаму нашэсцю ў Альпах, павёў войска на раўніну. І выставіў войска па абодва берагі Атэсіна, ракі пад Веронай, зрабіўшы ў дадатак мост, каб у выпадку непрыяцельскага націску жаўнеры з процілеглага берагу маглі бяспечна перайсці да яго. Аднак імклівасць і моц кімбрыйцаў адбіла Катула з рымскім войскам ад ракі Атэсін, і мусіў ён кінуцца са сваімі рымлянамі на ўцёкі. Тады неадкладна вырушыў на іх з Рыму сам Марый, і, перайшоўшы раку Пад, злучыў сваё войска з Катулавым. Кімбрыйцы ж у сваёй варварскай адвазе перабіраліся праз раку Атэсін без лодак і мастоў, а паколькі ў імклівай вадзе не маглі абаперціся ні шчытамі, ні рукамі, пасекшы вялікі лес, зрабілі гаць і такім чынам, з крыкам і вялікім грукатам, з жахлівым трэскатам і віскатам, пераправіліся праз раку.

І, як піша Флор, калі б так адразу ў вялікай паспешлівасці рушылі на Рым, у вялікай небяспецы аказалася б іхняя справа. Але кімбрыйцы спыніліся вялікім абозам у Венецыянскім краі, які Стадый называе Partem Galiae Togatae, атачонай з захаду ракой Атэсін, з усходу – Адрыятычным морам, з поўдня – ракой Пад, з поўначы – ракой Натысона. А тая зямля між усіх [земляў] Італійскай краіны славіцца ўраджаем, выгодамі адпачынку, глебай і пагодным небам. Тут нашы абленаваліся. А Марый наўмысна адклаў з імі бітву, чакаючы, пакуль нацешацца спажываннем хлеба і гатаванага мяса, а таксама салодкага віна, цудоўнай зямлі, і распесцяцца, паколькі зазвычай раскошы жаўнерам шкодзяць, бо ў іх абабляюцца і найлепшыя рыцары. А затым нашы мілыя кімбрыйцы, мяркуючы, што Марый іх збаяўся, і ўявіўшы, што ўжо апанавалі усю італійскую зямлю, пасылалі да яго неаднаразова, каб прызначыў дзень бітвы. І прызначыў ім Марый час і месца бітвы праз дзень на другі, як піша Флор, на шырокай раўніне, званай Клаўдыюм. А Плутарх піша in Mario de vitis illustrium virorum пра бітву на трэці дзень: tertio nonas sextiles in campo Vercelensi. І калі абодва бакі з вялікім грукатам і крыкам сышліся, Марый, ужыўшы розныя падманкі, нанёс кімбрыйцам такую паразу, што 104 тысячы з іх палегла на полі бітвы, а 40 тысяч трапіла ў палон. Таксама і італійцаў загінула трэцяя частка ад той лічбы, а тая лютая бітва працягвалася ўвесь дзень. А тую слаўную і для ўсёй рымскай імперыі наймілейшую і найсвяцейшую (паколькі ўсе дрыжэлі перад кімбрыйцамі) перамогу, якую Флор прыпісвае багам, здабыў Марый не сілай, але падманным спосабам пастраення войска, што, як сапраўдны палкаводзец, прыпісаў сваёй адвазе, ідучы ў тым услед за Ганібалам, калі той нанёс рымлянам жорсткую паразу ad Cannas.

І спачатку зрабіў так: вырашыў пачакаць, пакуль кімбрыйцы абжывуцца і разлянуюцца ў раскошах, пра што я пісаў вышэй. Затым абраў для бітвы дзень імглісты, каб зручней было нечакана напасці на непрыяцеля, і ветраны, каб узняты ветрам і коньмі пясок біў ім у твар і вочы. Стаўшы па ветры, пашыхтаваў свае палкі на ўсход сонца, і калі апоўдні імгла развеялася і засвяціла сонца, ад бляску брані і рымскіх прылбіц падалося кімбрыйцам, што запалала неба, і не маглі глядзець на італійцаў, ад бліскучай брані якіх адбіваліся промні. Па гэтым кожны рыцарскі начальнік і ротмістр можа вывучаць гісторыю пастраення войска, пра што, чытаючы далей, даведаецца больш. І калі Марый апісаным чынам перамог і разагнаў кімбрыйцаў, з іхнімі жонкамі не лягчэйшую бітву меў, як з імі самімі. Бо жанчыны, акружыўшы сябе вазамі, павозкамі і стоячы наверсе гэтага абозу, мужна бараніліся, як з вежаў або з замку якога, пікамі, каламі і разнастайнымі снарадамі адбіваючы наступы італійцаў. А затым прынялі смерць яшчэ слаўнейшую, як сама бітва. Паколькі італійцы не маглі іх змагчы, кімберыйкі, ад якіх паходзяць літоўкі, самі пачалі перамовы з Марыем, праз паслоў пераказаўшы яму ўмовы – захаваць ім іхнія вольнасці (глянь, як дзікія жанчыны вольнасці перад усім шанавалі) і, паколькі мужы іх забітыя, дазволіць зрабіцца жрыцамі паводле паганскіх абрадаў рымлянаў. Калі ж не дамагліся, чаго хацелі, перадушылі і пазабівалі ў тым абозе ўсіх дзяцей сваіх, каб жывыя не апынуліся ў рымскай няволі, а самі адважна біліся між сабой да смерці. Іншыя, паабцінаўшы косы або валасы і паскручваўшы з іх вяроўкі, перавешаліся на дзідах і аглоблях ад вазоў. Астатнія ж, адважна б’ючы італійцаў і не хочучы дацца жывымі, біліся ў полі да апошняга ўздыху.

Падобную адвагу знойдзеш у асобе літаваў, нашчадкаў кімберыек. Калі за часоў Альгерда прыйшлі на іх немцы пад замак Пулена ў Жамойці, яны, беручы прыклад са сваіх мацярок кімберыек, папалілі сваіх дзяцей і жонак, а сябе самі пазабівалі, каб толькі не патрапіць у рукі пыхлівых крыжакоў, пра што ў Кромера, fol. 203, lib. 12, Мехавіты, fol. 233, lib. 4, cap. 22, больш даведаешся. Але яшчэ далёка да гэтага – вяртаюся да пачатай гаворкі. На полі той бітвы, адважна прабіваючыся праз італійскія палкі, палёг Бялей, кароль кімберыйцаў. На тым пабаішчы, як сцвярджаюць італійскія і шведскія хронікі, парабілі потым італійскія мазіленсы вакол вінаграднікаў платы з трупных костак, а зямля, крывёй і тлушчам насычаная, зрабілася вельмі плоднай. Добрае гэта было ўгнаенне! Тыгурыны, якія складалі другое хаўруснае кімберыйцам войска і чакалі, гатовыя прыйсці на падмогу, у Альпах, даведаўшыся пра разгром сваіх, разбегліся ў розныя бакі. Кімбрыйцы ж, амброны і гепіды, якіх фартуна ў гэтай вайне жывых захавала, таксама паўцякалі ў розных напрамках, бо было іх 300 тысяч.
Вось жа, прусы, ліцвіны, шведы і датчане,

Пра гісторыю продкаў маеце сказанне:

Як жылі без раскошаў, так для духу шкодных,

То заўсёды змагалі рымскіх вояў годных,



5 І не меў спадзявання Рым на перамогу,

Покуль з Афрыкі Марый не прывёў падмогу –

Той кімбрыйцаў панішчыў грознай рымскай сілай,

Тройчы біўшы, прагнаў іх прэч з Айчыны мілай.

З ацалелых траціна ў Немцах засталася,

10 Частка дзесь між народаў іншых разбрылася,

Хто між прусаў, ліфлянтаў і шведаў прыжыўся,

Хто ў краіне жамойцкай, дацкай супыніўся;

Дзе Літва, там гэпіды абжылі прасторы,

А таксама і выспу, што ў Балтыйскім моры:

15 У краіны, скуль выйшлі, мусілі вяртацца

І па тых падарожжах неяк абжывацца.

ВАЙДЭВУТ, ПЕРШЫ КАРОЛЬ ПРУСКІ І АДЗІНАЎЛАДЦА ТЫХ ЗЕМЛЯЎ, ДЗЕ ЦЯПЕР ЛІТВА, ЖАМОЙЦЬ І ЛАТВІЯ. ПАВОДЛЕ СТАРЫХ КІМБРЫЙСКІХ ХРОНІК ГОДА АД НАРАДЖЭННЯ ХРЫСТОВАГА 373 [ГОДА]

  1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка