1547 — пасля 1590 Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі




Дата канвертавання17.03.2016
Памер388.4 Kb.
Мацей Стрыйкоўскі

(Maciej Stryjkowski)



1547 — пасля 1590
Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі

(Kronika Polska, Litewska, Żmodzka i wszystkiej Rusi)

1582
(урыўкі)
Кн. XV, раздз. I

ПРА ШЧАСЛІВУЮ БІТВУ ЯГАЙЛЫ І ВІТАЎТА


З ПРУСКІМІ КРЫЖАКАМІ І КНЯЗЯМІ НЯМЕЦКАГА РАЙХУ

ГОДУ 1410 [МЕСЯЦА ЛІПЕНЯ 15 ДНЯ]
Слаўлю мужнасць, адвагу ваяроў сармацкіх [1],

Што паскромілі пыху рыцараў крыжацкіх.

Пыху Бог вынішчае, бо пакору любіць,

Сціплых сам карануе, а пыхлівых – губіць.


5 Вітаў-князь і Ягайла [2], пан святы, руплівы,

Злы намер зразумеўшы, што магістр пыхлівы

Прускі [3] меў (той і Княства, і саму Карону

Прылучыць прагнуў гвалтам да свайго Закону),

Разаслалі па землях віты [4] на збіранне

10 Ваяроў, каб рашуча распачаць змаганне;

Бо, казалі, крыжакі ледзь не за парогам,

Усялякае моцы прэцца з Райху многа,

А таму трэба спешна на вайну збірацца –

На чужыне, не дома, з ворагам спаткацца,

15 Гвалт спыніць і з крыжацкай пашчы моцнай сілай

Волю вырваць і славу для Айчыны мілай.

Так усе ваяводствы пачалі збірацца,

За іржавыя латы і зброю хапацца.

Стук збраярскіх, слясарскіх малаткоў нясецца,

20 Тарчаў, дзідаў і грошай бразгат раздаецца.

З шляхты польскае тыя, што былі аселі

І дастатку нямала ў Венгрыі займелі,

Зразумеўшы, што Сігмунт [5] добры да крыжакаў,

Прэч пайшлі, зноў адчуўшы у сабе палякаў.

25 Шмат з Завішаў, Гарбоўскіх, Браглоўскіх і Кальскіх,

Горскіх Скарбкаў, Пухалаў і Налэнчык-Мальскіх [6]

Да Ягайлы, у Польшчу, едзе-прыбывае,

На чужыне здабытых земляў пакідае.

Арцыбіскупа ў Гнезне [7] новага абраўшы,

30 Гнезну права сталіцы польскае надаўшы,

Даручыў бецкай, штырскай [8] шляхце абарону

З боку венграў Ягайла, любячы Карону.

Сам у Слупяй [9], мястэчку, на два дні спыніўся,

Дзе з вялікаю скрухай Богу ўсё маліўся,

35 У касцёле ў малітвах цэлы дзень адбыўшы,

Аж пад вечар што з ежы сціплае спажыўшы.

Каля Чэрвіньска [10] войска Віслай пераправіў,

А ладунак – па мосце, што з чаўноў саставіў.

Дня таго сам князь Вітаўт падышоў з літвою

40 І татары з заволжскай грознаю ардою –

Той ардою, якую год меў на ўтрыманні;

Паказаў іх Ягайлу ў танцы-прывітанні;

А ліцвінаў паставіў збройных пекным строем,

Казакоў і гусараў выставіў па трое.

45 Земавіт Мазавецкі і Януш, княжаты, [11]

Гуфы біскупаў з імі і з Польшчы паняты

На Пятроў дзень [12] да войска польскага прымкнулі,

Каралю і Айчыне сэрцам прысягнулі.

З-пад Чэрвіньска да Прусаў войска падалося.

50 А татары з літвою ўсё, што ні прыйшлося

Па дарозе, крышылі ды з агнём пускалі,

Санктуар у Людбергу [13] нават абабралі.

Не маглі ні Ягайла, ні Вітаўт правінаў

Дараваць: адабралі двух паміж ліцвінаў –

55 Тым самім давялося на суку ўдавіцца;


Так застрашаны, іншы гізаваць збаіцца.

Адышоўшы ад Вукры [14], сталі на раўніне,

Тур’ім полі [15], якое ў прусаў смерцю слыне.

Там кароль войска ставіць на шырокім пляцы,



60 Сцяг трымае каронны, уздыхае ў плачы.

Развінуў сцяг і кажа: “Мой магутны Божа!

Ад Цябе анічога скрытым быць не можа,

Ты ўсе думкі людскія, што пад тайнай, бачыш,

Добрым – ласкай, а злому пакараннем плаціш.

65 Бачыш сэрца маё Ты ў добрай, Божа, волі:

Не хацеў той вайны я пачынаць ніколі,

А тым больш хрысціянаў астуджаць вайною,

Што да бітвы змушаюць крыўдай немалою.

Сам Ты бачыш – прыхільнік міру я, спакою,

70 Не хацеў і не прагнуў ні крыві, ні бою;

Не хацеў, ды народ Твой бараніць мне трэба,

Покуль моц чую, покуль нада мною неба,

Тую ўладу, што даў мне, я не адвяргаю,

За збаванне падданых я адказ трымаю;

75 Рады б кінуць для міру той вайны праявы


(Хоць і маю для помсты важкія падставы),

Каб той Ордэн пагарду і пыху адкінуў,

Як васал, што Кароне шле здаўна даніну;

Толькі ж ён неспатольнай прагнасцю сваёю



80 Змусіў нас, каб на зброю паднялі мы зброю.

Я не змог іх пакорай упрасіць цярплівай,

На мяне пруць вайною люта й ганарліва;

Люд, што мне пад апеку Ты даверыў, Пане,

Хай пад крылы сягоння моцы Тваёй стане.

85 Барані іх са мною, у Тваё імя я


Развінаю харугву, што з арлом лунае.

Ты рассудзіш па праўдзе: хто прыйшоў з вайною,

Тым няхай кроў людская станецца віною”.

Як закончыў, то кожны адказаў слязамі,



90 З імі Вітаўт таксама з Мазоўша князямі,

Богу сведчылі; потым слёзы паўціралі

Ды харугвы паветаў розных паўздымалі.

Стаў над войскам каронным пан Зіндрам Маскоўскі [16],

Над найманым гетманіў чэх, пан Ян Жарноўскі [17],

95 Ян Гаштольт з Задзевітам [18] – над літвой, з ардою

Побач войска татараў са сваім мурзою.

Потым з Дрвячы ў Дзялдаў [19] войскі наступалі,

Там на свята Спасланцаў [20] дух умацавалі

У прычасці. За колькі дзён па Божай волі

100 Да Грунвальда дайшоўшы [21], сталі ў чыстым полі,

Дзе шырэй падалося; там дубоў навокал

Шмат расло на пагорках – як акінуць вокам,

А па ўзгорках ярыны крыва разышліся

(Лагер польскі на ўзвышшах гэтых прытуліўся).

105 А наводдаль – разлогі, што былі лясамі,

А цяпер загусцелі, параслі хмызамі.

Дзе нізіна ў пяць міляў [22] вольна разляглася

(Там калісьці жывёла сытная паслася),

Ліцвіны свае станы ўставілі шырока,

110 Іх навокал равамі абвялі глыбока

(Што да польскіх рагамі станаў прымыкалі –

Каб, трывогі не знаўшы, воі спачывалі).

Зблізу нашых крутая буй-гара паўстала –

Па краях пышнарослым дубняком буяла,

115 А з вяршыні, калі б хто на яе ўзабраўся,

Стан літоўскі і польскі добра праглядаўся.

І гару тую немцы ўставілі шатрамі

(Іх трымалі надзейна рожны з ланцугамі). [23]

Месца зручнае тое, як на ваяванне,

120 Дыспазіцыю войска і крыві пусканне.

У намёце Ягайла слухаў мшу, маленні

Слаў да Бога, ад сэрца слёзныя прашэнні;

А на полі ўжо войска роўным строем стала,

І, залітая сонцам, зброя заблішчала.

125 Коні ржуць, вельмі пекна дэкамі [24] ўвабраны,

З слугаў кожны ў прагожых шатах гафтаваных:

Стармакамі [25] галовы лысыя пакрылі,

Па-на грудзі прышчэпкі з значкамі ўчапілі;

Кожны з чорных райтараў [26] едзе ганарліва,

130 На фарыжы [27], гукнуўшы “гоп!”, ляціць імкліва.

Процьмы кнэхтаў [28] пры коп’ях пад сцягамі крочаць

За магістрам, гарматаў дзвесце штук валочаць.

Вітаўт войска шыхтуе, аб’язджае; бачыць –

У палках незлічоных прэцца вал крыжачы;

135 Незлічоных, бо зброя поле асвятляе,

Сонца промнямі ззянне тое распыляе.

Развінулі харугвы: поле з белым крыжам;

Залатое з арліцай; чырвань з белым брыжам;

Леў раз’юшаны ў полі белым; двухгаловы,

140 Растапырыўшы лапы, сам арол суровы.

Пяцьдзясят і адзін іх, гербаў тых, агулам –

Аж грунвальдскае поле светласць агарнула.

Тара-тан-тара!” – сурмы гучна заігралі,

Бубны ўдарам грымотным вушы разарвалі;

145 Коні ржуць, голас воя з радасці бурлівы,

Стук паўсюдны і рэха па лясах шумлівых –

Гук заносячы ў неба, па лясах дваіцца;

Немцы ў крыку зайшліся: іх кароль баіцца!

Вітаўт, тую трывогу бачачы, памчаўся

150 Да Ягайлы (той крыжам у шатры паклаўся).

“Што рабіць, гэй?! Пакінь жа ты свае малітвы!

Ці малітвамі будуць крыжакі пабіты?” –

Прысароміў; Ягайла ж не паўстаў з малітвы,

Пану Богу аддаўшы ў рукі лёс той бітвы.

155 Тут палякаў Маскоўскі ўзняў, затым ліцвінаў

Вітаўт – гуфы на правы край ён перакінуў

(Роўна сорак харугваў ліцвіны набралі,

Полацк разам з Смаленскам [29] цэлых тры паслалі);

Левы край ад ліцвінаў занялі палякі –

160 Пяць дзясяткаў харугваў іх было. Усякіх

Што мацнейшых і збройных начале паслаўшы,

“Багародзіцу” [30] разам дружна заспяваўшы,

Так літва і палякі, меўшы моц і рукі,

Сталі, покуль да бітвы не паклічуць гукі

165 Сурмаў. Сэрцы адважных скачуць з прадчування

Сечы лютай і славы несмяротнай ззяння.

А кароль шчэ ў малітвах; воі ж, не чакаюць,

Мчаць наперад, на бітву немцаў выклікаюць.

Асядлаў тут Ягайла турчака гнядога:

170 Думаў кожны, што бачыць Гектара самога.

Адаслаў ксёндза ў лагер [31], а пасля ўзяў слова.

Вось да рыцараў мужных караля прамова:

“Зараз, зараз патрэбна, о слаўнае войска,

Ратаваць нам Айчыну з любасцю сыноўскай!

175 Зараз, зараз пацвердзіць маеце свабоды,

Даць бязбожным крыжакам годна ўзнагароды

За абрыды, за тое, што яны ўчынілі –

Частку вашай Айчыны гвалтам захапілі!”

Толькі мовіў і воі шчэ не разышліся –

180 Два паслы ад магістра хмурна прыпляліся

На канях касманогіх, норавам гайсучых

І сталёвыя латы з цяжкасцю нясучых.

Ты б іх бачыў: цыклопам кожны з іх здаваўся,

Ці гігантам – Юпітар гэтакіх баяўся.

185 Той з арлом, што на тарчы мае цэзар рымскі,

Іншы з грыфам, якога носіць князь штэцінскі, [32]

Па мячу ўзяўшы, кажуць: “Справа патрабуе,

Што, кароль, цябе з братам наш магістр ратуе:

Два мячы шле [33] і просіць, каб не турбаваўся

190 І смялей на спатканне ўзброены збіраўся.

А як цеснае поле, ён бы падзяліўся;

Тое ў бітве дакажаш, для чаго з’явіўся”.

І кароль, дар прыняўшы, мовіць: “Досыць броні

Маю; вось жа мы з братам шлем свае паклоны

195 За дарунак магістру. Што ж датычыць пляцу,

Хай сам Бог вырашае”. Вочы выцер з плачу,

Загадаў біць у бубны і трубіць да бою,

Стаў затым пад харугвай польскаю сваёю.

Геліконскія музы, верш суправаджайце

200 Мой цяпер: як вялося ў бітве, нагадайце,

Як адважныя воі дзельнасць выяўлялі.

Тое даў Бог вам ведаць: вы нам прыгадалі –

Не маўчыце, о Музы! – з немцам лютасць бою,

Што ўсчыналі татары бок у бок з літвою.

205 Нашы “Багародзіцу”, немцы “Dasticht” [34] запяялі,

З дзелаў, бубнаў гром, грукат, коні заіржалі.

Немцы з блізкіх пагоркаў з дзвюх гармат пальнулі,

Ды з палякаў нікога з іх не закранулі.

Тым смялей і літва ўжо з крыкамі нясецца,

210 Аж з канём конь суседскі бокам, крупам б’ецца.

Між літвы смела Вітаўт рэй вядзе-трымае,

Падбадзёрвае, крыкам шэрагі раўняе.

Грукат страшны (Садома, здэцца, запалала,

Дзе сцяна мур ці вежу з маху разбівала [35],

215 Ці ад грэкаў траянскі моцны мур палае [36],

Сцыпіён ганарлівы Карфаген збурае [37]).

Безаглядна, шалёна з гуфам гуф сячэцца,

Як мядзведзь спудлаваны, што на злом нясецца.

Твар да твару сякуцца, немцы нас змагаюць,

220 Іх літва і татары з лукаў накрываюць

Ды нявечаць ім коней; хто ў што пацаляе,

Надарма з іх ніводны стрэлаў не пускае.

Страшны хруст, звон і грукат паўстае ад зброі,

Горлы ў крыку няспынным пазрывалі воі;

225 Той, паранены, стогне пад канём, якоча,

Гэты, ракачам стаўшы, з болю жыць не хоча.

Бітва мо’ з паўгадзіны роўныя трывала,

Ды нікога фартуны міласць не абрала.

Пыл курыцца пад неба, коньмі парушоны,

230 Марс раз’ятрыў ахвоту ў воях раз’юшоных;

Аж літва, як на пострал, пляц свой саступае,

Вітаўт просіць іх, кліча, іншых праклінае. [38]

З немцам збройным сутычнай бітвы не стрывалі,

Толькі з лукаў іх гуфы з флангаў прараджалі;

235 Частка ў поле ўдалася – у Літву ўцякалі,

Дзе прайграную намі бітву абвяшчалі.

Потым сталася дзіва: напярод сышліся

Сілы мужныя, смела бітвай праняліся

І адважна спынілі націск той шалёны;

240 Мелі потым пярэдых – так былі стамлёны.

І смаляне русіны добра ваявалі,

З Вільняй, Трокамі разам славу адстаялі:

Тры харугвы крыжакаў з флангаў пацяснілі

І нямецкі гуф вальны гэтым запынілі.

245 Несмяротнае славы гонар атрымалі,

Што, па слову, палякам вернасць выяўлялі.

Ды Жарноўскі нам здрадзіў, з ім і чужаземцы

(Бо дамову з ім мелі, каб паддаўся, немцы) [39].

Вось харугву Ягайлы немцы захапілі,

250 Ды палякі, налёгшы, зноў яе адбілі,

І найперш серадзане [40] – згэтуль гонар маюць,

Што пячаткі чырвоным воскам прыкладаюць.

Шляхта з Трокаў, Смаленска, Горадні і Вільні

Шыхт літоўскі, змяшаны ў бітве і бяссільны,

255 Папаўняе, бярэцца як барзджэй да справы

І наноў з крыжакамі бой вядзе крывавы.

Гэтак разам з харугвай, што ў баі адбілі,

З крыкам радасным немца шэрагі скрышылі.

Тромба, канцлер, гуф новы кінуў на падмогу:

260 Стрэў у лесе з Жарноўскім чэхаў, засцярогу

Ім абвесціў, што слова тыя не стрымалі;

На Жарноўскага чэхі ўсю віну паклалі,

А затым падаліся зноўку да палякаў,

Чым настрашылі моцна рыцараў-крыжакаў:

265 Тым здалося, што войска новае прыслалі

Да палякаў, ад страху лыткі ў іх дрыжалі.

Меркаваў бы, што бітва йначай павядзецца,

Як ударыў на флангу польскі гуф на немца.

Хоць полк цэлы смалянаў [41] мусіў там палегчы,

270 Два яшчэ да палякаў перайшлі і секчы,

Біць крыжакаў грымотна пачалі: бывае

Так, як вецер шалёны вежу абрынае.

Шум і крык, звон ад зброі зноў усчаўся страшны

(Феб [42] паўнеба аб’ехаў залаціста-ясны),

275 Прускіх колькі дзясяткаў комтураў [43] палегла,

Струмянём кроў ліецца. Немчура пабегла,

Нашы – колюць іх, рэжуць, волю зброі даўшы,

А важнейшых няволяць, рукі ім звязаўшы.

Узышла тут вясёлка цьмянаю дугою,

280 Дождж спусціла, якога цёплаю вадою

Пыл прыбіўся; што нашым воям памагала

Немцаў гнаць – прахалодай твары абдавала.

Дымнасць пораху мігам ад дажджу апала,

Што раней нешчаслівых немцаў засланяла.

285 Нашы дзідамі немцаў у хрыбты калолі

Ды вантробы ім люта з жыватоў паролі.

Тут другі гуф крыжацкі наступае р’яны:

Куляў свіст раздаецца літых, алавяных;

Стрэлы густа нясуцца, шпага меч цапляе,

290 Струмянём пот крывавы з ваяроў сцякае.

Шляхта з Вільні і Трокаў, Жмудзі цвёрда стала

Каля Вітаўта, мужна нашым памагала.

Толькі рэшта літоўскай моцы ўжо стамлёна:

Разышліся, хто здолеў, па-на ўсе староны,

295 І харугвы Святога Юрыя [44] не стала,

На якую ліцвінаў войска паглядала.

Вось літве ўжо задушна, ды наваградчане

Разам з Вітаўтам б’юцца, побач валыняне.

Лэнчычане і побач куявяне [45] з імі

300 Ціснуць гуфы крыжакаў сіламі сваімі.

Мазаўшане на флангі кінулі плачанаў,

За Варшаўскім паветам падвялі равянаў [46].

Там наш Скарбэк зняволіў штэцінскага князя:

З грыфам той шчэ нядаўна моцай пахваляўся.

305 Гуф нямецкі насіўся, нашыя іх білі;

Як ваўкі, пад кустамі кнехты галасілі.

Трэці гуф, дзе магістар разам з камтурамі,

У шаснаццаць харугваў з рознымі сцягамі,

Рушыў – бітву чацверты раз распачынае

310 І з траскучых ручніцаў ўсё агонь пускае. [47]

А кароль нецярпліва рвецца сам да бою

На кані, аздаблёны ў светляную зброю.

Толькі Міклаш Кілбаса, спраўнік, не спяшае,

З Алясніцкім [48] ахову каралю стаўляе;

315 Так харугву Ягайлы па баках прыкрылі.

Потым нашы камтураў пецярых забілі,

Пад чыім кіраваннем войска ваявала;

Кнехтаў трупы палеглі ўсюды, як завала.

Тут граф Дыпальд Кікірыц [49], рыцар паясаны,

320 З галавы аж да пятаў латамі ўвабраны,

З каптуром белым, з пасам залатым праз плечы,

Караля ў польскім гуфе бачачы, налегчы

Захацеў – падступіўся, дзіду падымае,

А кароль дзіду дзідай супыніць спяшае.

325 Ды не спаў Алясніцкі – дагары нагамі

Рухнуў Дыпальд, аж кішкі выйшлі з трыбухамі.

Гелм знялі, і кароль сам з мечам паказаўся:

“Ад таго смерць прымаеш, у каго цаляўся.

Муж адважны, адвагай мужнага загінеш:

330 Я кароль, то і ў смерці мужнасцю праслынеш”.

Быў дабіты драбантам. Немца ўсюды трупы:

Уцякаючы полем, пакідалі купы. [50]

Нашы б’юць і рубаюць, хто ні падвярнецца,

Як рака, што з паводкай прэч з гары нясецца:

335 Рве шалёна, не ўстоіць ні дом, ні калода,

Ані млын ці якая-кольвек загарода.

Немцы ж – быццам у пушчы трапяткія лані –

Гучны голас труб чуюць, лоўчых ускліканні;

Чуўшы, шыюцца-пруцца ў шчыліны і дзюры,

340 Кожны ў лесе ці ў лозах сам ратуе скуры.

Ульрык – той, што мячамі з караля цвяліўся,–

Дзідай драба працяты, на зямлю зваліўся.

З ланцужком крыж ягоны залаты й кляйноты

Ўзяўшы ў драба, Скрынінскі каралю даў потым [51].

345 А магістр, абабраны, трупам застывае:

Кроў стуменем гарачым за душой спяшае,

За душой, што паслала ў лепшы свет душ многа;

І – праз пыху – таксама ёй туды дарога.

Вернер Тэтынгер, комтур, прэцца ў лес зялёны,

350 Іншы робіць з абозаў вал для абароны,

Што навокал ражнамі спрэс паабтыканы,

А вазы ланцугамі між сабой звязаны.

Вал прарваўшы, рубалі мы з сваёй ахвоты.

Так ва ўласныя ўпала нямчура цянёты. [52]

355 Пацякла кроў з абозаў іхніх па загонах,

Аж Грунвальдская воласць кроўю затаплёна [53].

Па загадзе Ягайлы бурдзюкі ўспаролі,

Бо пра хітрыкі Кіра ведаў ён даволі:

Як самога Тамірыс хітрая забіла, [54]

360 Галаву яго, зняўшы, у крыві ўмачыла

І казала: “Пі, кроўю ты хацеў напіцца!”

І не мог больш крыжацкі лагер бараніцца.

Комтур з Мевы [55] забіты ліцвіна стралою,

Бо вайну ўсё распальваў радаю сваёю.

365 Гэтак першых тры сотні комтураў палегла,

Пяцьдзесят тысяч трупаў – ручаём кроў бегла.

З Алясніцы, з Керсдорфа, з Штэціна [56] князямі

З Райху панства ў палоне многа з крыжакамі.

Рэйнскіх, прускіх, ліфляндскіх, лужыцкіх і сакскіх,

370 Фрызскіх, швабскіх, мараўскіх, чэшскіх і эльзаскіх,

Дацкіх, шлёнскіх, таксама шведскіх [57] немцаў білі

І ў абозах іх скарбу многа захапілі.

Чатырнаццаць, як быдла, тысяч вязняў гналі,

Пяць дзясяткаў харугваў і адну забралі –

375 У касцёле на замку кракаўскім лунаюць,

Сам разваж, што за войска разам азначаюць,

Бо было іх сто сорак тысячаў, праклятых,

Тым жаданнем вар’яцкім як адзін пранятых:

Высеч, знішчыць паляка, руса і ліцьвіна

380 Нават назву, каб немцу тут была айчына.

У вазах і смалы шмат, і радна-гатовак,

І на нас згатаваных ланцугоў, вяровак.

Бог пыхлівых карае: быў у Польшчы скуты

Кожны з іх ланцугамі, увязаны ў путы.

385 Вітаўт, вязняў паслаўшы ў Польшчу ўсіх дазвання,

Двух камтураў пакінуў толькі для скарання –

Саліцбаха Маркварда з Сумбергам [58] – за тое,

Што пад Коўнам на маці мовілі ліхое.

Колькі міль нашы воі ўслед за імі мчалі,

390 Немцы – ў ногі, аж плюдры [59], бегучы, гублялі

(А які й абмачыўся); той, заліты потам,

Зброю кінуў, ваўчынай зыркае з балота.

Страх праняў іх, і кожны з нас за сотняй гнаўся,

Покуль Феб у вазочку ў акіян схаваўся;

395 Ды ля возера колькі засталося ротаў,

А пяхота рванула па лясах употай.

Бляск ад зброі іх выдаў. Нашы не драмалі –

Наляцелі, як дурняў, кнехтаў там паклалі,

А жывы хто застаўся – рукі падымалі,

400 Каб вязалі, ды зброю ад сябе шпурлялі.

І былі, як ягняты: у хляве галодны

Воўк іх душыць, хапае, але з іх ніводны

На ваўка і не гляне – як адзін трасуцца

З жаху, збіўшыся разам, у гурце таўкуцца.

405 І затым “Dasticht und Polsch” [60] болей не крычалі,

У кірасах бліскучых больш не гарцавалі:

Кожны з іх быў ахвотай нішчыць нас праняты,

А даў Бог, што ў той бітве паказалі пяты.

Да Ягайлы іх гналі. Вітаўт жа татараў

410 Выслаў воласці нішчыць у агнях-пажарах.

І яны, бы паводка, знеслі перашкоды –

Як агнём, так мячамі начынілі шкоды.

Тут кароль збор склікаці загадаў трубою,

Ваярам абвясціўшы завяршэнне бою;

415 Бо зямля ўжо крывёю досыць набрыняла,

І з віном напалову кроў ракою мчала.

Тут харугвы прывезлі каралю й гараматы,

І здабычы абознай ураджай багаты.

І кароль надзяляе рыцараў належна,

420 Тут і золата й срэбра, зброя ды адзежа.

Вязняў многіх на слове цвёрдым адпускалі,

А слаўнейшых па замках у няволю бралі. [61]

І да Польшчы з ганцамі вестка паляцела,

Што варожую сілу наша адалела.

425 Потым добрая вестка ўсюды залунала:

І зямля, і паветра ад імшы [62] дрыжала,

Па касцёлах удзячна “Te Deum” [63] спявалі,

У Літве, як і ў Польшчы, Бога праслаўлялі.

Едуць з Мальбарка [64] немцы, просяць спачування:

430 Хай кароль міласцівы ім для пахавання

Целы выдасць магістра, комтураў забітых

Ды з князёў іх нямецкіх самых знакамітых.

І кароль наш разважна мовіў тыя словы:

«Як раней быў, панове, мір трымаць гатовы,

435 Так даць жыцці тым воям быў бы я ласкавы,

Ды за іхнія ўчынкі зжэр іх Марс крывавы».

Потым плакаў, над лёсам немцаў уздыхаўшы

Ды на смерць і фартуну моцна наракаўшы.

Немцы цела магістра ў Мальбарак забралі,

440 Там яго і камтураў годна пахавалі. [65]

Той шэсцьсот, гэты – трыста комтураў згадае,

А чатырыста – іншы (рацыю ён мае).

Немцаў сто сорак тысяч мелася да бою [66],

Ды яшчэ дзевак, слугаў везлі за сабою.

445 Слаўнай той перамогай захацеў палякаў

І літву Бог аздобіць, бо змаглі крыжакаў,

Бо князёў іх пабілі ды майно пабралі,

У вазах ваяводаў гордых павязалі.

З польскай шляхты забрала толькі двох загуба

450 (Якубоўскі з Чуліцкім), тут згадаць іх люба,

Бо жыццё за Айчыну паахвяравалі,

Тым нашчадкам да славы прыклад паказалі.

Шмат з баяраў літоўскіх, рускіх ацалела,

Што раней, як палякі, пачалі бой смела.

455 Хай ім будзе падзяка, покуль Феб вясёла

Разганяе па небе сонечнае кола.

Кн. XXII, раздз. VII

СЛАЎНАЯ БІТВА З ТАТАРАМІ ПАД КЛЕЦКАМ

[ГОДУ 1506 МЕСЯЦА ЖНІВЕНЯ 6 ДНЯ]




Так, як з Марсам паганства воласці бурыла


І з кульгавым Вулканам [67] навакол паліла,

Не стрываў бы й Юпітар – ён у век асілкаў

У Егіпет з сенатам бег з усіх высілкаў.
5 Толькі Глінскі [68], у дзеях рыцарскіх муж спраўны,

Для Літвы бачыў прышлы заняпад сапраўдны;

Дзесяць тысяч ліцвінаў з русамі збірае

І пад Клецк разам з імі як барзджэй спяшае.

Там царкоў двух татарскіх лагер размясціўся,

10 Іншы люд у загоны дальнія пусціўся.

Тых царкоў патрывожыць вырашыў спачатку,

Перш чым з’едуцца іншых сілы ў беспарадку:

Дваццаць тысяч гайсала іх па тых загонах,

Што па лідскіх, па слуцкіх і менскіх старонах.

15 Тыя воласць Ашмяну, Крэва зруйнавалі,

Тыя пад Ваўкавыйскам, Горадняй пасталі.


Вось пад Клецак Міхайла Глінскі рушыў жвава,

Дзе ляжаў кош татарскі ля балотца-става.

Перабіў іх атрадаў колькі па дарозе;

20 Хтось царкоў папярэдзіў аб такой пагрозе,

І султан Бічы-Кірэй, дужа нецярплівы,

А за ім цар-брат Бурнас [69], так да бою хцівы,

Спешна дужае войска ў гуфы пастаўлялі

І на госці ліцвінаў, стоячы, чакалі.
25 Стаў балотны іх лагер збоку атачае,

А таму цар нападу згэтуль не чакае,

Ды рачкоўцы раптоўна там на іх напалі,

З вартавымі над ставам бітву развязалі.

Тут пяць соцень ліцвінаў прыбыло ў падмогу,

30 Перакрыўшы атрадам пры стаўку дарогу,

Перад тым адабраўшы ў тых татараў коней,

І паганскія сілы сталі ў абароне.

Вось татары пяхотай, коней пагубляўшы,

Ліцвінам каля става супраціў усчаўшы,

35 Між сабою за месца лепшае змагацца

Пачалі, аж прыйшлося да царкоў звяртацца.



Вось за рэчкаю блізкай [70], не дужа глыбокай


Ды багністай і добра ў берагах шырокай,

Войска лютых татараў пачало спыняцца,



40 Каб літве перашкодзіць да ракі прабрацца.

Так літве не хацелі броду даць, што стрэлаў

Цьму жалезных пускалі, неба аж звінела.

Свішчуць стрэлы, нясуцца, нібы пчолы, роем,

Толькі Глінскі шырокім развярнуўся строем

45 І ў літву стрэл татарскіх трапіла не многа;

Ды й татары адказу ад літвы якога

Шчэ не мелі, бо ў бераг мы рачны таўкліся.

А татары тым часам сілай праняліся.

Мы з ручніцаў (іх колькі ў войску нашым мелі)

50 Як пульнулі ў паганцаў – і млелі й дрыжэлі;

Рачка [71] меў аркебузу [72], Радзівіл [73] другую

Меў ручніцу (на той час, як на здзіў) даўгую.

З тых ручніцаў паганцаў да ракі загналі,

Самі следам за імі мужна паспяшалі

55 Ды, рубаючы голле, рэчку голлем слалі,

Брод гацілі ды вецце з дошкамі кідалі. [74]

Наш паніч, Рачка слаўны, тым смялей гарцуе,

Што ў ручніцы падмогу немалую чуе,

Набівае раз-пораз і, як толькі гакне, –

60 Млее нехрысць-паганец, упадзе й не вякне.
Глінскі Міхал, як бачыў – мост ужо гатовы,

Да літвы сваёй мовіў гэтакія словы:

Каб за маці-айчыну мужна ваявалі,

Ад пагібелі лютай смела ратавалі;



65 Прыгадаў ім пачцівасць, вольнасці ды славу,

Жонак, дзетак, багацці, іхнія па праву.

Так казаў, каб адважна ворага змагалі

Ды братам, што ў няволі, жыцці ратавалі.

Так натхняў іх, вакола ездзячы жаўнераў,

70 А пасля сам адважна кінуўся наперад:

“Ну ж, браты! ну ж за мною!” І ліцьвіны з крыкам

Строем скрыўленым беглі ў спешнасці вялікай.
Звон і гром, калатнеча, неба льецца жарам,

Тут ударылі нашы моцна на татараў;



75 Пыл віецца, што ўзбілі коні капытамі,

Рэха звон рассцілае ўсцяж па-над палямі.

Там з атрадам пан Глінскі ўласным размясціўся,

Ад пастрэлу другі ўжо конь пад ім зваліўся;

Ён на іншага ўскочыў, не зважаў ні мала,–

80 Так, як гетману тое, рыцару прыстала.

Тут наваградскай шляхты ўміг атрад узняўся:

На цароў [75] гуф, каторы вальным называўся [76],

Наляцелі і шчыльна гуф той акружылі

Ды паганцаў, як пруцце, радам пакасілі.

85 А царкі, з невыкруткі, цэлым войскам самі

Ірванулі наперад следам за мурзамі,

Танцам звыклым да гуфа нашага імчалі,

Крык і грукат усчаўшы, горлы свае дралі.

Адусюль “Гала-гала!” крык узносяць страшны,

90 Хмара стрэлаў зацьміла сонца воблік ясны.

Шляхта з Менска, Гародні моцай паяднанай

На паганцаў напала збоку нечакана

Так, што танец змянілі, шэраг разарваўся.


І тады гуф палякаў конных паказаўся

95 З пекнай зброяй (і трыста конікаў пад імі):

Па-гусарску блішчэлі латамі сваімі,

Кожны з тарчай з скуф’ёю, з дзідай са сцяжкамі,

На пагорку пасталі доўгімі радамі,

Аж здалёку іх войска дужае віднела.

100 Так ударылі ў бубны – неба загрымела!

Вёў іх гетман Чарнкоўскі [77]. Ворагі ў абозе,

Тое бачачы, зразу ў немалой трывозе

(Войска, думалі, рушыць) уцякаць рванулі

Ды ў балотных нізінах, бегучы, танулі.

105 І палякі, хоць самі ў бітву не ўступілі,

Тым літву на адвагу большую натхнілі.

Гэтак білі, праз бубны страшачы паганаў.

Што за млявасць такая з боку вас, дваранаў?

Каб мяне й прывязалі, я ў такім выпадку

110 Рваў бы путы (ды хопіць пра сябе). Парадку

Дадалі, як татараў моцна вы спужалі,

Што ліцвіны разважна ў бітве скарысталі.
Прэч нясуцца татары, хто як уцякае,

А літва ўслед імчыцца, смела даганяе



115 Ды сячэ, ды ў хрыбты ім дзіды запускае –

Кроў ліецца, хлюпоча, па траве сплывае.

Гук і крык па-над полем, па лясных разлогах,

Поўна трупаў па твані, па шляхах-дарогах.

Паразвязвалі вязняў, што найбольш зазналі:

120 Аж да смерці паганаў, злосныя, збівалі.

Глінскі-князь, як прыстала гетману-ваяку,

Меў, адважны, ад лёсу большую падзяку:

Тры кані ў завірусе смерць пад ім забрала,

Як уласнай рукою сек-рубаў татараў.
125 Так літва тых татараў біла-мардавала,

Аж да рэчкі дрыгвістай, да Цапры [78], загнала,

Дзе шчэ больш, як пад Клецкам, тых татараў легла,

Бо з крыві іх крыніца па лугах пабегла.

У Цапры патанула частка знакамітай,

130 Частка ў твані балотнай, як вяпры, пабіта,

Аж і рэчку ад мноства трупаў загаціла –

Колькі тысячаў трупаў у сабе ўтапіла.
І цяпер, як аратай з плугам там праходзіць,

Знакаў яўных нямала ў баразне знаходзіць



135 (Сам жа бачыў): і латы, і лукі, і стрэлы,

Дзіды, шаблі – адзнакі даўніны зымшэлай.


Бурнас з Біці-Кірэем, царскія сыночкі,

Не знайшоўшы фартуны, падаліся ўпрочкі.

Пагубілі ў балотах, уцякаўшы, коні

140 Ды ўдаліся лясамі ад ліхой пагоні.
Дваццаць тысяч татараў у баі палегла,

На палі гною з трупаў гэтак шмат набегла,

Што ўраджаі гадамі добрыя там спелі,

А раней жа, без гною, пусткамі марнелі.


145 Коней тысяч агулам дваццаць тры сагналі,

Скарб увесь, што ў іх стане быў, сабе пабралі.

Вязняў павызвалялі некалькі дзясяткаў,

Трыццаць соцень татараў захапілі гладка.


Глінскі, той перамогай слаўнаю натхнёны,

150 Да ‘шчэ большае славы моцна запалёны,

Ведаў: мноства татараў ездзіць па старонах

Шмат здабычы ў той лагер прывязе ў палонах;

На татарскім свой лагер котлішчы расправіў,

Варту, каб не дапялі, тут і там расставіў.

155 На чацверты дзень едуць у свой кош з палову,

Дзе галоўны чакаў іх на старую ўмову.

Пра пагром і не чуўшы, трапілі да пасткі,

Біў іх Глінскі з літвою, як цялят, без ласкі:

Што без пастыра статак, гэтак сярод бою,

160 Ашалелыя, беглі, з рук шпурлялі зброю.
І Настасся, князёўна слуцкая [79], баяраў

Разаслала для ўпыну спрытных тых татараў:

Пад Капылем нямала іх было пабіта

І ля Петравіч [80] жыццем заплацілі мыта.


165 Войскі іншых паганцаў ці то зваявалі,

Ці то ў рэках, азёрах-багнах пахавалі.

Так літва перамогу слаўна атрымала,

Што лацвей, як нябёсы, славе паспрыяла.

(Рачка поспех з ручніцай дужы меў сваёю,

170 Радзівіл, што маршалак, з стрэльбаю двайною:

Толькі двое з дзвюх стрэльбаў прэч татар пагналі,

Нам на сотню гарматаў грошай адабралі.)

Так з трыумфам, здабычай з поля падаліся,

А паганскія трупы птушкам засталіся.

175 Частка з іх з-за смуроду закапана намі,

Частка псамі парвана ці ў лясах ваўкамі.


О рыцэрства, як вершы на такое здатны,

Хай асвеціцца славай ваш учынак ратны,

Бо ніхто не прыўлашчыць вам належнай цноты,

180 Хай падзяка і ў небе будзе за турботы!
Дня таго Аляксандар [81], тастамант спісаўшы

І пабожна святыні Пана ўшанаваўшы,

Узмацніў дух свой хлебам анёльскім праўдзівым,

У якім сам Пан Хрыстус існы справядлівы.



185 Ён канаў, і душа ўжо ў іншасвет ляцела,

Аж цудоўную вестку ‘шчэ пачуць паспела,

Што татараў пасеклі ў бітве, славы годнай,

Адалелі ліцвінскай мужнасцю прыроднай.

Вязні вольныя, самі цэлы засталіся,

190 Каралеўскія землі страху пазбыліся.

А кароль, вусны сцяўшы, вось ужо канае

І маўчыць, але Бога славіць і ўздыхае.

Рукі ўзняў, і слязамі набрынялі вочы:

Моўчкі дзячыў ад сэрца Бога-Створцы моцы.

195 Уздыхаў, і падняцца сіліўся дарэмна;

Смерць, аднак, не татарын – возьме верх нязменна.

Даў руку ўсім, хто побач быў сабраны ў кола;

З плачам горкім, на людства гледзячы вясёла,

Трыумфальна даў смерці ён даніну з цела,

200 Толькі славы касою смерць не адалела.

Ён з дзвюма ў той хвіліне сіламі змагаўся

І, адну адалеўшы, пераможцам стаўся.

Пераможцу скруціла потым смерць ліхая,

Што на скарбы й асобы ўвагі не звяртае.

Кн. XXIV, раздз. II

ПРА СЛАЎНУЮ ПЕРАМОГУ ЛІТВЫ І РУСІ ПАД ОРШАЙ

З ДАПАМОГАЙ ПАЛЯКАЎ НАД 80 000 МАСКОЎСКАГА ВОЙСКА
ГОДУ 1514 МЕСЯЦА ВЕРАСНЯ 8 ДНЯ


Музы, вы захавалі прошласць чалавеку,

Славу рыцараў дзельных узялі ў апеку;

Геліконскай крыніцы дайце бег – герояў,

Бой крывавы згадайце, мужных, смелых вояў.



5 Раскажыце спачатку, як Канстанты [82] слаўны,

Гетман (род свой выводзіў рускі старадаўны

Ён з вялікіх магнатаў) правы край расставіў

Перад бітвай – шаснаццаць тысячаў паставіў

Ліцвіноў, перавёзшы праз Дняпро з сабою.

10 Пасяродку гарматы розныя для бою,

Ззаду, збоку таксама, толькі ўжо другія –

Гакаўніцы (іх неслі пешыя) даўгія.

Польскіх рот колькі з тарчай па баках пастала,

Дый жаўнераў з каронных войскаў там нямала;

15 Ян Свярчкоўскі [83], разважны, іх як след шыхтуе,

Дапаможны і вальны гуфы з іх фармуе.

Тыя гетманы нашы, польскі і літоўскі,

Моц з’яднаўшы, на бітву прыцягнулі войскі

Міль з чатыры за Оршу, дзе цячэ Крапіўна [84],

20 Дзе пагром быў маскоўскі, помны незабыўна.

А калі тры гадзіны па паўдні настала,

Феб [85], свой твар паказаўшы, засвяціў ласкава,

Раць маскоўскую гетман Чалядзін [86] пастроіў –

Цэлых восем дзясяткаў тысячаў – да бою;

25 А паколькі нас меней, як масквы, сышлося, [87]

З тылу ўдарыць найлепей – так яму здалося;

Два палкі пасылае нам у тыл адразу,

У надзеі – раптоўна нанясе паразу.

Вось масква, знак да бою ў сурмы затрубіўшы

30 Ды сцягі і харугвы пышна распусціўшы,

На літву наступае; Канстанцін адважна

Даў адпор ім рашучы, бо чыніў разважна.

Так натхніў ён да бою вояў красамоўна,

Што масква прэч пабегла ў сораме раптоўна.

35 А палякі працуюць дзідамі заўзята,

Стрэлаў посвіст нясецца, бразгатанне латаў.

Гэтак нашым фартуна ў бітве паспрыяла,

Чым літве перамогі радасць прадвяшчала.

За масквой, адпусціўшы коням лейцы, мчалі,

40 Дзе дагналі, там люта, як жывёл, рубалі;

Хто застаўся – да войска вальнага імчацца,

І дарма ім загадваў Чалядзін узняцца

Зноў на бітву, ды мусіў даць падмацаванне –

Конны полк следам прэцца давяршаць змаганне.

45 Вось маскоўскі полк свежы бой пачаў нанова, [88]

А літва б’е рашуча, да ўсяго гатова;

Добра ёй пешых вояў раць дапамагала,

Тых маскоўцаў з ручніцаў вельмі шмат паклала.

Канстанцін – як убачыў, як лёс павярнуўся,

50 Што масква ўся ў трывозе, – так да іх звярнуўся,

І літве і палякам смеласці дадаўшы:

«Гэй, давайце! ну ж, дзеці!» І, каня стрымаўшы,

Мовіў ім у падтрымку гэтакія словы:

«Вось яна, перамога, і трыумф гатовы!

55 Млее наш непрыяцель: кожны, браце мілы,

Будзь адважны, будзь смелы ў той шчаслівай хвілі.

Кожны хай стане воем, мужнасць выяўляе,

Бо, змяшаўшы свой шэраг, вораг уцякае.

На баку нашым Госпад з намі стаў наш мілы,

60 Сам з нябёсных вышыняў дадае нам сілы,

Ну ж, за мною адважна рушайце шыхтамі

І бацькоўскай адвагі чуйцеся сынамі.

Вось жа, сам перад вамі на жыццё пастаўлю –

Кроўю ворага шаблю першы акрываўлю».

65 Так сказаў слаўны гетман. Кожны тою мовай

Быў натхнёны, адвагай разгарэўся новай.

Вось літва, у запале, лавай налятае

І, б’ючы, тых маскоўцаў коньмі ў пыл сцірае.

Канстанцін на бехціры [89] едзе з булавою:

70 «О рыцэрства адважных! – кліча сярод бою –

Давяршайце, сыночкі, паднапружце сілы

Пра дзядоў пакажыце напамінак мілы».

Ян Збароўскі (няйначай, сам Аякс даўнейшы) [90],

Ні пахолка, ні слугай пры сабе не меўшы,

75 Да сваіх скрозь маскоўцаў праімчаўся, свіснуў

Дзідай – двух парашыў там і канём даціснуў.

Грозны, меч ухапіўшы, рваў, хто падвярнецца,

Як рака, што з вяршыні стромкіх гор нясецца,

Што з абложнай залевы моцы набірае

80 І палі ўсе паводкай страшнай залівае.

А Лаўрэн, пан з Мыскова, рад кладзе за радам:

Не іначай, як жыта пабівае градам,

Так маскоўцаў рашуча з сёдлаў выбівае,

Мужна шлях між варожых шабель пракладае.

85 Тут Свярчоўскі з гуфцамі польскімі з’явіўся,

У маскоўскія гуфы вальныя прабіўся:

Коле, рэжа і рубіць што ні патрапляе,

Аж крыніца крывёю ворага сплывае.

Канстанцін у падлеску даў загад пакінуць

90 Дзелы, каб маскавітаў на ражон ускінуць,

І схаваўся з літвою ўмысна ад палякаў,

Для прыманкі паслаўшы ротмістраў-ваякаў

(А масква не даўмела, думала – ўцякаюць).

Вось ратмістраў маскоўцы бегма насцігаюць,

95 Ды адважныя воі тут набок звярнулі,

А гарматы з падлеску па маскве пальнулі:

Цэлы свет скалануўся, неба застагнала

І ў паветры ад пылу ноч запанавала.

Кулі, свішчучы звонка, шмат масквы паклалі,

100 Бо такой страляніны тыя не чакалі.

Полем гэтыя ў спудзе сыпанулі, тыя,

Уцякаючы, з коньмі ў багну – плясь! – па шыю.

Чалядзін надарэмна спуджаных праймае:

Той балотам, той лесам бегчы заклікае.

105 А літва і палякі, адпусціўшы коні,

Мчацца; трупы забітых паўсцілалі гоні,

Чутна ўсюды: падбіты енчыць і галосіць

«Не сячы мяне!», іншы «Дабівай жа!» просіць.


Канстанцін-князь усклікнуў, доўгай барадою

110 Трасучы: «Смела, дзеткі! Смела ўсе да бою –

Пакажыце майстэрства!», сам жа з шабляй голай

На каня спрытна ўскочыў з жвавасцю вясёлай.

Звон і крык, трэск, ад коней пылу хмара ўстала –

Свет зацьміла. Фартуна зноў літву абрала –

115 Рубіць, коле маскоўцаў, дзідамі збівае,

Струмянём кроў забітых з чэраваў сцякае.


Працякае Крапіўна ў рэчышчы пясчаным,

Берагі ў рэдкалессі й хмызняку схаваны,

Між Дуброўнай [91] і Оршай згібамі віхляе;

120 З той маскоўскай паразы рэчка славу мае,

Бо масквы ў ціхіх водах столькі патапіла,

Што з-за трупаў рахманы бег свой прыпыніла:

Грэблю тую з забітых ваяроў крывавых

Паглынула і коней іх турэцкіх жвавых.
125 Чалядзін, гетман, зноўку рвецца ў бітву смела,

Не баіцца ні драбаў [92], ні грымучых дзелаў;

Тут палякі раптоўна з дзідамі даўгімі

Наляцелі (і Юрый Радзівіл быў з імі,

Разам з сотняй казацкай) ды маскву грамілі,

130 Ёй ранейшую пыху неўзабаве збілі.

Маскалі, каб змаглі нас, то б на ўсход пагналі,

Аж праз нашую мужнасць самі ў яму ўпалі.
Уцякаюць! Прэч жарты ў гэткай цяжкай хвілі!

А літва і палякі на чатыры мілі



135 Гоняць, рубяць – ніводны з літасцю не знаўся,

Хіба толькі ў гушчарах збеглы ўратаваўся.


Цэлы дзень тая бітва лютая трывала,

Аж пакуль тых маскоўцаў ноч пашкадавала –

Дзень у змрок патапіла, а затым і сонца

140 Не схацела крыві той залаціць бясконца.
Хоць маскаль тою цёмнай ночкай ратаваны,

Дух раз’ятраны ў нашых ‘шчэ не ўтаймаваны:

Аж да самай паўночы за масквою гналі,

Шмат забітых у полі і ў раллю паклалі.



145 Хто вяртаўся назаўтра з гэтага пагрому,

Шчасны лёс не адпрычыў лупу [93] з іх нікому

Ад маскоўцаў пабітых: шаты, зброя, коні,

Грошы, золата, процьма размаітай броні;

Да таго ж і абозаў, скарбамі багатых

150 Ежы, стрэльбаў і скарбаў, і футраў касматых

Захапілі так многа, што ў вазы не лезлі,

Што праз цяжар палову ледзьве перавезлі.

Рэшту лупу жаўнерам аддалі: ў абозе

Срэбных грошай нагрэблі ці не ў кожным возе,

155 Сабалёў і куніцаў, шат з камчы й парчовых

Бедны драб так нагробся – пан, няйначай, новы.


Так літва і палякі мужна ваявалі,

Славе продкаў адважных гонар аказалі;

Кожны з вояў пасільна ў бітве мог змагацца,

160 З Ахілесам мог кожны ў мужнасці зраўняцца.


пераклад з польскай – Алесь Бразгуноў
© Алесь Бразгуноў, пераклад, 2011
Каментары:

[1] …ваяроў сармацкіх – г.зн. вояў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. У Рэчы Паспалітай у XVI – XVII стст. надзвычай папулярнай была шляхецкая ідэалогія сарматызму, якая грунтавалася на тэорыі пра паходжанне некаторых народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ад старажытных іранскіх плямёнаў саўраматаў (сарматаў). Гэты этнагенетычны міф сфарміраваўся ў польскай гістарыяграфіі дзякуючы творам М. Бельскага, М. Кромера і асабліва А.Гваньіні, які ў сваёй “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі” атаясаміў славянаў з сарматамі, а Рэч Паспалітую – з Сарматыяй.

[2] Вітаўт – Вітаўт (Аляксандр) Вялікі (1350 – 1430), вялікі князь літоўскі (1392 – 1430). Сын вялікага князя літоўскага Кейстута, стрыечны брат Ягайлы; Ягайла (1352? – 1434) – вялікі князь літоўскі (1377 – 1381, 1382 – 1392), кароль польскі (1386 – 1434), старэйшы сын вялікага князя Альгерда. Заснавальнік польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

[3] ... магістр пыхлівы Прускі – Ульрых фон Юнгінген (? – 1410), вялікі магістр Тэўтонскага ордэна (з 1407).

[4] Віты (віці) – копіі каралеўскага ўніверсала на скліканне паспалітага рушання.

[5] Сігмунт – Сігізмунд Люксембургскі (1368 – 1437), кароль венгерскі (з 1387), нямецкі (з 1410) і чэшскі (з 1436), зацяты вораг Ягайлы.

[6] Завішы, Гарбоўскія, Браглоўскія, Кальскія, Горскія Скарбкі, Пухалы, Налэнчык-Мальскія – польскія шляхецкія роды. У Грунвальдскай бітве бралі ўдзел Завіша Чорны з Гарбова, Ян Фарурэй з Гарбова, Ян Браглоўскі, Тамаш Кальскі герба “Ружа”, Скарбэк Гурскі з Гораў герба “Габданк”, Дабеслаў Пухала з Вангрова герба “Венява”, Войцех Мальскі герба “Налэнч”.

[7] Гнезна – першая сталіца Польшчы, цэнтр арцыбіскупства.

[8] Бецкай – магчыма, будзішынскай (ад г. Будзішын, ням. Баўтцэн), г.зн. серба-лужычанскай; штырскай – штырыйскай, г.зн. паходжаннем са Штырыі (цяпер – федэральная зямля ў Аўстрыі).

[9] Слупя – хутчэй за ўсё, паселішча паміж Лоддзю і Скернявіцамі (цяпер у Лодзінскім ваяводстве Польшчы).

[10] Чэрвіньск – даўней горад у Мазавецкім княстве (цяпер Чэрвіньск-над-Віслай у Мазавецкім ваяводстве Польшчы).

[11] Земавіт і Януш Мазавецкія – Земавіт ІV (каля 1352 – 1426) і Януш І (1340 – 1429), князі мазавецкія.

[12] …на Пятроў дзень – г.зн. 29 чэрвеня (12 ліпеня па н.с.).

[13] Людберг – Лідзбарк, даўней крыжацкая крэпасць, цяпер г. Лідзбарк Вельскі ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве Польшчы.

[14] Вукра – Вкра, рака ў Мазавецкім і Вармінска-Мазурскім ваяводствах Польшчы, прыток Віслы.

[15] Тур’е поле – поле грунвальдскай бітвы паміж крыжацкімі паселішчамі Танэнберг і Грунвальд.

[16] Зіндрам Маскоўскі – Зіндрам з Машковіц.

[17] Ян Жарноўскі – Ян Сарноўскі, камандзір чэшскай-мараўскай харугвы.

[18] Ян Гаштольт – староста дарсунішскі (1422), маршалак надворны вялікіх князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426 – 1435), намеснік смеленскі (1436 – 1440), ваявода троцкі (1440 – 1443) і віленскі (з 1433); Задзевіт – Іван Жадавід.

[19] Дрвяча – р. Дрвенца ў яе верхнім цячэнні, у раёне г. Лідзбарк (вышэйназваны Людберг); Дзялдаў – Дзялдова, даўней крыжацкая крэпасць, цяпер – горад у Вармінска-Мазурскім ваяводстве Польшчы.

[20] Свята Спасланцаў – 1 (14) ліпеня.

[21] Насамрэч да спаткання армій на Грунвальдскіх палях адбыўся шэраг папярэдніх сутычак. У прыватнасці, 13 ліпеня польска-літоўскае войска захапіла важны стратэгічны пункт Дуброўна. З магчымых варыянтаў далейшых дзеянняў вялікі магістр У. фон Юнгінген, слушна мяркуючы, што вораг плануе далейшае наступленне з Дуброўна праз Самін да Мальбарка і жадаючы мець час для перагрупіроўкі войска, выбраў адыход у раён Стэнбарка. Аднак Ягайла таксама скарэктаваў свой першапачатковы план і павёў войска аружным шляхам да Мельна. У выніку раніцай 15 ліпеня варожыя бакі аказаліся адзін ад аднаго на адлегласці 5–6 міль: крыжакі пад Стэнбаркам, фронтам на паўднёвы захад; польска-літоўскае войска пад Ульновам, фронтам на поўнач.

[22] Міля раўнялася прыкладна 7,5 км.

[23] Абшар, на якім пазней адбылася бітва, выразна падзяляўся на дзве адрозныя часткі: паўночна-заходнюю (з боку Стэнбарка і Грунвальда), больш-менш роўную і бязлесую, з паніжэннем ландшафту ў паўднёва-ўсходнім кірунку; паўднёва-ўсходнюю, якая цягнецца да воз. Лубень і р. Марозкі, ствараючы “амаль” лабірынт пагоркаў, далінак і катлавін” (Я. Длугаш), пакрыты ў той час ляскамі.

[24] Дэка – тут: конская папона.

[25] Стармак – вастраверхі шалом з адкладнымі скуранымі навушшамі.

[26] Райтар – цяжка ўзброены вершнік, звычайна наёмны.

[27] Фарыж – фрыз, конь фрызскай (фрыгійскай) пароды.

[28] Кнэхт – лёгкаўзброены нямецкі салдат, звычайна нешляхецкага паходжання.

[29] …разам з Смаленскам – наяўнасць трох смаленскіх палкоў у складзе войска ВКЛ служыць расійскім гісторыкам для абгрунтавання тэзіса пра ўдзел у Грунвальдскай бітве тагачаснай Маскоўскай дзяржавы, што не адпавядае гістарычным фактам, паколькі на той час Смаленская зямля ўваходзіла ў склад ВКЛ, а першы раз да Масковіі была далучана ў 1514 г.

[30] “Багародзіца” – рэлігійны гімн “Багародзіца Дзева, Богам праслаўленая Марыя”, беларускі варыянт якога, запісаны ў Статуце ВКЛ 1529 г., адкрывае гэтае выданне. Песня выконвала ролю афіцыйнага гімна ВКЛ і Польшчы.

[31] Падканцлера Міхала Тромбу, свайго духоўніка.

[32] Былі гэта прадстаўнікі двух крыжацкіх хаўруснікаў: караля Сігізмунда Люксембургскага (меў на адзенні выяву чорнага арла на залатым полі – герб “рымскага імператара”) і штэцінскага князя (чырвоны грыф на белым полі).

[33] Гэтыя мячы стагоддзямі захоўваліся ў каралеўскай скарбніцы на Вавелі ў Кракаве. У 1795 г., пасля задушэння паўстання Т. Касцюшкі, прускае войска, якое акупавала Кракаў і разрабавала скарбніцу, не звярнула на іх ніякай увагі. Мячы патрапілі ў калекцыю княгіні Ізабэлы Чартарыйскай (у Пулавах), аднак у 1853 г. былі знойдзены і канфіскаваны расійскай паліцэйскай уладай. Пра далейшы лёс мячоў нічога невядома.

[34] “Dasticht” – “Christ ist enstandin” (“Хрыстос паўстаў” у перадачы М. Стрыйкоўскага.

[35] Біблейскія гарады Садом і Гамора былі разбураны Богам з-за непрыстойнага ладу жыцця іх жыхароў (Быц. 19: 24, 25, 28).

[36] Траянскую вайну старажытнагрэчаскія крыніцы адносяць да мяжы XIII – XII стст. да н. э.

[37] Старажытны горад-дзяржава Карфаген быў разбураны рымскім палкаводцам Карнеліем Сцыпіёнам падчас трэцяй Пунічнай вайны 149 – 146 гг. да н.э.

[38] Існуе думка, што насамрэч гэта быў тактычны манеўр з мэтай разбурэння франтальнай абароны праціўніка і навязвання яму свайго сцэнарыя бітвы. Далейшыя падзеі сведчаць на карысць падобнага меркавання.

[39] Звесткі не адпавядаюць рэаліям. Аб’яднаная чэшска-мараўская харугва пад кіраўніцтвам Жарноўскага падалася было ў адступленне ўслед за літоўскімі, аднак у паўднёвай частцы воз. Лубень (дзе размяшчаўся абоз польска-літоўскага войска) павярнула назад.

[40] Серадзане – воі з г. Серадз у Польшчы (цяпер у Лодзінскім ваяводстве).

[41] Адзін з трох смаленскіх палкоў, якія прывёў пад Грунвальд родны брат Ягайлы смаленскі князь Сямён-Лугвен Альгердавіч, сапраўдны загінуў у поўным складзе.

[42] Тут: Сонца.

[43] Комтур – у дзяржаве крыжакоў кіраўнік акругі, камендант горада, а падчас вайны – камандзір асобнага атрада.

[44] Харугвы Святога Юрыя – сцяга з выявай Георгія Пераможцы (Святога Юрыя). Харугвы з такой назвай былі і ў крыжацкім, і ў польска-літоўскім войску (чэшска-мараўская харугва Жарноўскага).

[45] Лэнчычане – воі з г. Лэнчыца ў Польшчы (цяпер у Лодзінскім ваяводстве); Куявяне – воі з Куяўскай зямлі (цяпер Куяўска-Паморскае ваяводства Польшчы).

[46] Плачане – воі з г. Плоцк у Польшчы (цяпер у Мазавецкім ваяводстве); Равяне – воі з г. Рава ў Польшчы (цяпер Рава Мазавецкая ў Лодзінскім ваяводстве).

[47] Вялікі магістр, сабраўшы свой полк дзесьці ў тыле ад асноўнай масы сваіх войскаў, рушыў спачатку на ўсход, а затым павярнуў направа, каб стварыць пагрозу праваму флангу польска-літоўскага войска. Нечакана для сябе крыжакі аказаліся побач са стаўкай Ягайлы, які, у адрозненне ад вялікага князя Вітаўта, асабіста не прымаў удзелу ў бітве.

[48] Алясніцкі – Збігнеў з Алясніцы (1389 – 1455), сакратар караля Ягайлы, пазнейшы біскуп кракаўскі і кардынал.

[49] Дыпальд Кікірыц – Дыпальд Кёкрыц, крыжак, які спрабаваў забіць караля Ягайлу пад Грунвальдам.

[50] Манеўр У. фон Юнгінгена дорага каштаваў войску крыжакоў: загінуў як сам вялікі магістр, так і ўсе комтуры Ордэна мечаносцаў (за выключэннем Вернера Тэтынгера, вялікага шпітальніка і комтура Эльблонга, якому ўдалося дабрацца да Мальбарка).

[51] Збіраючы ўначы трафеі на полі бою, Юрга, слуга старосты Мшчуя Лебедзя са Скрыніна (Скрынінскі), знайшоў на адным з трупаў залаты рэліквярый-пектарал, пра што адразу ж паведаміў свайму гаспадару. У сваю чаргу, Мшчуй перадаў знаходку Ягайлу. Пасля таго, як да апазнання быў прыцягнуты палонны Станіслаў з Балюміна, які служыў пры двары вялікага магістра, было канчаткова ўстаноўлена, што забіты – У. фон Юнгінген.

[52] Найбольш крывавыя падзеі разгарнуліся ў самім крыжацкім лагеры, дзе, паводле “Хронікі канфлікту Уладзіслава, польскага караля, з крыжакамі” (Познань, 1911), палеглых было больш, чым на ўсім астатнім шырокім полі бою. Гэтыя звесткі пацвярджаюцца археалагічнымі даследаваннямі, праведзенымі ў 19580–1960 і 1980–1982 гг. на месцы, дзе пасля бітвы па ініцыятыве кіраўніцтва Ордэна была збудавана капліца на памяць палеглых (падмуркі захаваліся да нашых дзён).

[53] Аж Грунвальдская воласць кроўю затаплёна – мастацкае перабольшанне. Пасля захопу лагера Ягайла загадаў неадкладна паразбіваць бочкі з віном, каб запабегчы масавай папойцы сярод вояў, стамлёных бітвай і ліпеньскай спякотай. Разлітае віно пацякло ўніз (лагер крыжакоў знаходзіўся на пахілым баку поля), што прычынілася да ўзнікнення народнай легенды пра рэкі крыві, што плылі па полі бою. Глядзі верш 416.

[54] …пра хітрыкі Кіра ведаў ён даволі: // Як самога Тамірыс хітрая забіла – маецца на ўвазе персідскі цар Кір Вялікі (або Старэйшы), заваёўнік Мідыі, Лідыі і Асірыі. У 538 г. да н.э. Кір заваяваў Вавілон, аднак у бітве з масагетамі (якіх вяла на бой царыца Тамірыс) пацярпеў паразу і загінуў у 529 г. да н.э.

[55] Комтур з Мевы – Сігмунд фон Рамінген, комтур крэпасці Меў (пол. Гнеў); загінуў пад Грунвальдам.

[56] З Алясніцы, з Керсдорфа, з Штэціна князямі – з князем Конрадам VII Белым з Алясніцы, які ваяваў на баку крыжакоў; з саноўнікам з атачэння Сігізмунда Люксэмбургскага, камандзірам харугвы св. Георгія Крыстафорам Герсдорфам; з камандзірам харугвы цяжкай кавалерыі Касперам Герсдорфам; з Казімірам, князем штэцінскім.

[57] Рэйнскіх – з зямлі Рэйнланд у Германіі; ліфляндскіх – з Лівонскага ордэна (Ліфляндыі) ў Прыбалтыцы; лужыцкіх – з зямлі Брандэнбург, дзе жылі лужыцкія сербы; сакскіх – з зямлі Саксонія ў Германіі; фрызскіх – з зямлі Фрысланд на нямецка-дацкім памежжы; швабскіх – з зямлі Швабія ў Германіі; мараўскіх – з зямлі Маравія ў чэшска-нямецкім памежжы; эльзаскіх – з зямлі Эльзас па нямецка-французскім памежжы; шлёнскіх – сілезскіх (ад польск. назвы Сілезіі – Шлёнск); шведскіх – тут: са скандынаўскіх краін (Швецыі і Даніі).

[58] Марквард Саліцбах – Марквард фон Зальцбах, брандэнбургскі комтур, забіты 22.07. 1410 г.; Сумберг – Сунберг (Шонбург, Шаўмбург), самбійскі староста.

[59] Плюдры – шырокія, крыху ніжэй калена нагавіцы накшталт шаравараў.

[60] Dasticht und Polsch – выраз незразумелы.

[61] Большасць палонных, перапісаўшы і абавязаўшы іх прысягай з’явіцца ў Кракаве 29 верасня 1410 г. для сплаты выкупу, сапраўды адпусцілі. У якасці закладнікаў, аднак, былі пакінуты кіраўнікі саюзных крыжакам войскаў, наёмнікі і рыцары-браты.

[62] Імша – звычайна ўрачыстая каталіцкая служба.

[63] Te Deum – пачатак каталіцкага царкоўнага гімна “Te Deum laudamus” (“Цябе, Бога, славім”).

[64] Мальбарк – спаланізаваная назва г. Марыенбурга (Прусія), які ў 1309–1457 гг. быў рэзідэнцыяй вялікага магістра Тэўтонскага ордэна і сталіцай дзяржавы крыжакоў (цяпер – горад у Вармінска-Мазурскім ваяводстве Польшчы).

[65] Па загадзе Ягайлы цела У. фон Юнгінгена было адпраўлена ў Мальбарк на возе, пакрытым пурпурай. Туды ж адправілі і трупы вялікага комтура Кунана фон Ліхтэнштайна, маршалка Фрыдэрыка фон Валенрода і шэрагу іншых крыжацкіх военачальнікаў. Рэшту высакародных палеглых (як з крыжацкага, так і з польска-літоўскага боку) пахавалі ў Стэнбарку ў драўляным касцёле, месцазнаходжанне якога на сёння не выяўлена.

[66] Па меркаванні сучаcных гісторыкаў, крыжацкае войска, якое прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве, складалася менш як з 40 тысячаў чалавек.

[67] Вулкан – старажытнаіталійскае боства агню, пазней атаясамленае з Гефестам.

[68] Глінскі – Міхаіл Львовіч Глінскі (каля 1470 – 1534), маршалак дворны літоўскі.

[69] Бічы-Кірэй, Бурнас – Беці-Гірэй і Бурнаш, сыны крымскага хана Менглі-Гірэя, якія ўзначалілі татарскае войска ў Клецкай бітве.

[70] Маецца на ўвазе р. Лань, левы прыток Прыпяці.

[71] Рачка – відаць, адзін з камандзіраў тых наёмных жаўнераў, якія прымалі ўдзел у Клецкай бітве.

[72] Аркебуза – адзін з першапачатковых узораў заходнееўрапейскай ручной вогнестрэльнай зброі; зараджалася з рулі каменнымі і свінцовымі кулямі. У XVI ст. была заменена на мушкет.

[73] Радзівіл – Юры Радзівіл (каля 1480 – 1541), празваны Літоўскім Геркулесам, падчашы ВКЛ (1509 – 1517), кіеўскі ваявода (1511 – 1514). Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах.

[74] На працягу некалькіх гадзін, пакуль адбывалася перастрэлка, войска ВКЛ падрыхтавала дзве гаці, па якіх коннікі пачалі пераправу праз р. Лань. Па правай гаці пераправа ішла хутчэй, таму татары атакавалі правае крыло войска ВКЛ і нанеслі яму вялікія страты. Тады Міхаіл Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам кавалерыі разрэзаў татарскае войска на дзве часткі. Пасля гэтага правае крыло таксама перайшло ў наступленне. У выніку частка татараў трапіла “ў абцугі”, іншыя кінуліся на ўцёкі.

[75] Маюцца на ўвазе Беці-Гірэй і Бурнаш.

[76] Вальны гуф – з’яднаны баявы аддзел, які складаўся з некалькіх харугваў.

[77] Чарнкоўскі – Судзівой Чарнкоўскі герба “Налэнч”, кашталян сантоцкі, гнезненскі, ваявода калішскі, ваявода пазнанскі.

[78] Цапра – рака, левы прыток Лані, на якой стаіць Клецк.

[79] Настасся, князёўна слуцкая – Анастасія Слуцкая, удава слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча, якая неаднаразова аказвала мужны адпор татарам (дзякуючы Анастасіі апошнія так і не змаглі ні разу захапіць Слуцк).

[80] Петравічы – гаворка пра Петрыкаў, цяпер горад у Гомельскай вобласці; даўнейшая беларуская назва – Петрыкавічы.

[81] Аляксандар – Аляксандр (у ВКЛ Аляксандр ІІ; 5.08.1461 – 6 (19).08.1506), вялікі князь літоўскі (1492 –1506), кароль польскі (1501 – 1506). Аляксандр сапраўды памёр у той самы дзень, калі пад Клецкам была атрымана перамога над татарамі.

[82] Канстанты – Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460? – 1530), гетман найвышэйшы Вялікага Княства Літоўскага (з 1497), віленскі кашталян (з 1511).

[83] Ян Свярчоўскі – Ян Свярчоўскі (Свяршчэўскі, Свіршчоўскі), гетман каронны.

[84] Крапіўна – рака, прыток р. Аршанкі, на беразе якой адбылася бітва.

[85] Тут: Сонца.

[86] Чалядзін – Іван Андрэевіч Чаляднін, адзін з палкаводцаў маскоўскага войска.

[87] Апалчэнне ВКЛ складала 16 тысяч коннікаў, з польскага боку – 14 тысяч. Да таго ж у бітве ўдзельнічала 3 тысячы наёмнай пяхоты і 2500 коннікаў з ліку шляхціцаў-дабраахвотнікаў.

[88] Гаворка пра полк князя М. І. Булгакава-Голіцы, які, калі К. Астрожскі абрынуўся на полк Чалядніна, ухіліўся ад бою. Падобным чынам Чаляднін пазней абышоўся з Булгакавым-Голіцам, што значна паспрыяла К. Астрожскаму ў разгроме маскоўскага войска.

[89] Бехцір – парода каня.

[90] Аякс – пад гэтым імем у грэчаскай міфалогіі прадстаўлены два героі траянскай вайны: 1. Аякс Вялікі, сын Таламона з Саламіна, які вярнуў цела Ахілеса з рук траянцаў; 2. Аякс Малы, сын Аілея, караля лакрыйцаў, які прывёў пад Трою 40 баявых караблёў.

[91] Дуброўна – даўней мястэчка з замкам (цяпер – райцэнтр у Віцебскай вобл.).



[92] драбаў – пешых вояў.

[93] Луп – ваенная здабыча, трафеі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка