11клас Тэма: Сказы з пабочнымі і ўстаўнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі. Функцыя пабочных слоў. Мэта




Дата канвертавання30.06.2016
Памер157.27 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

”Азяранскі дзіцячы сад –сярэдняя школа”



Сказы з пабочнымі і ўстаўнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі.

Функцыя пабочных слоў.

Падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ляўковіч З.І.


11клас
Тэма: Сказы з пабочнымі і ўстаўнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі. Функцыя пабочных слоў.
Мэта: Замацаваць веды пра пабочныя словы, спалучэнні і сказы, іх значэнні ; расстаноўка знакаў прыпынку ў сказах з пабочнымі канструкцыямі, інтанаванне такіх сказаў у моўнай плыні; функцыя пабочных канструкцый. Тэкстаўтваральная і сэнсава-стылістычная роля сказаў з пабочнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі.

Выхоўваць патрыятычныя пачуцці, любоў да сваёй краіны.


Задачы: удасканальваць уменне вызначаць сказы з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, правільна інтанаваць іх, ужываць пры стварэнні вусных і пісьмовых тэкстаў розных стыляў, афармляць на пісьме; вучыцца карыстацца пабочнымі словамі як сродкамі сувязі сказаў і частак тэксту; рабіць сінтаксічны разбор сказаў з пабочнымі канструкцыямі.

Абсталяванне: камп’ютар і праэктар для паказу слайдаў, карткі з заданнямі, выказванні беларускіх паэтаў і пісьменнікаў пра гарады Беларусі.


План урока

  1. Арганізацыйны момант.

  2. Паведамленне тэмы і задач урока.

Аналіз сказаў запісаных на дошцы:

    1. Заўсёды ж здаецца, што ў родным краі і грыбы вышэйшыя, і ягады буйнейшыя, а хлеб мякчэйшы.

    2. З таго часу ў мястэчку, здаецца, нічога і не змянілася.

  • Ці адрозніваюцца сказы па будове? Вызначце сінтаксічную ролю слова здаецца.

  • Які вывад можна зрабіць? ( У першым сказе здаецца – выказнік, а ў другім – не член сказа, а пабочнае слова, бо яно не ўступае з іншымі членамі сказа ні ў злучальную, ні ў падпарадкавальную сувязь, выражае адносіны гаворачага да выказваемай думкі).




  1. Актуалізацыя ведаў па тэме ўрока.

- Давайце ўзновім і сістэматызуем атрыманыя раней веды па дадзенай тэме.

  • Успомніце, якія словы называюцца пабочнымі. (Пабочнымі называюцца граматычна не звязаныя з членамі сказа словы, якія выражаюць адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання).

  • Карыстаючыся схемай, раскажыце пра адасабленне пабочных слоў.


[ПС, …] [ …, ПС, …] [ …, ПС]

  • Часта мы сустракаем паняцце пабочныя канструкцыі. Што мы пад ім падразумяваем? (Словы, словазлучэнні і сказы).

  • Сапраўды, пабочнымі могуць быць не толькі словы, але і словазлучэн

ні і сказы.

  • Зараз мы з вамі паспрабуем размежаваць сказы з пабочнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі. Для гэтага выканаем 1 заданне.

Абазначце сказы з пабочнымі словамі (А), словазлучэннямі(Б) і сказамі (В). Адказ запішыце ў выглядзе шыфра "лічба - літара". (Заданне 1)

  1. Я,скажу шчыра,узрадаваўся сустрэчы з роднымі мясцінамі. 2. Дык чаго ж ты плакала? Можа, пакрыўдзіў хто? 3. Узгоркі змяняліся лагчынамі, пасля зноў ішло поле, і, нарэшце, магутная сцяна старога лесу вырасла як з-пад зямлі. 4. Адна гульня пераходзіла ў другую. Словам, дзеці не сумавалі. 5. Верасень быў ціхі, цёплы і, на шчасце, без дажджоў. 6. Шчырай размовы, як я спадзяваўся, не атрымалася. 7. Раней тут, казалі старыя, стаяў княжацкі палац. 8. На мой розум, гэта бясспрэчная праўда.

Слайд




Адказ




Адказ




Адказ




Адказ

1




3




5




7




2




4




6




8



Праводзіцца самаправерка. (Правільныя адказы – на слайдзе).



  • Растлумачце, па якіх прыметах вы адрозніваеце пабочныя словы і словазлучэнні ад пабочных сказаў. ( Пабочныя словы суадносяцца са словамі, выражанымі назоўнікам, займеннікам, прыслоўем, пабочныя словазлучэнні - са словазлучэннямі, у якіх ёсць галоўны і залежны кампаненты, а пабочныя сказы па сваёй структуры нагадваюць сказы, у якіх ёсць граматычная аснова.

Заўвага!

  • Пабочныя словы, якія суадносяцца з дзеясловамі можна лічыць пабочнымі сказамі. Яны па сваёй структуры нагадваюць аднасастаўныя, неразвітыя сказы.

Слайд

  • Словы – на жаль, праўда, напэўна, аднак.

  • Словазлучэнні – на мой погляд, на нашу думку, ва ўсякім выпадку.

  • Сказы – мне здавалася; я думаю; калі гаварыць па парадку.




  • Як мы ўжо сказалі, пабочныя канструкцыі не з’яўляюцца членамі сказа, але выражаюць пэўнае значэнне гаворачага да зместу выказвання. Вызначце, да якіх груп можна аднесці пабочныя канструкцыі ў залежнасці ад выражаемага значэння? Запоўніце табліцу. (Заданне 2)


Слайд



  • мабыць, мусіць, магчыма, відаць,можа, здаецца, бясспрэчна, безумоўна, вядома, сапраўды,хутчэй за ўсё, напэўна ;

  • адным словам, інакш кажучы, карацей кажучы, на добры толк, на добры лад, па сутнасці;

  • на радасць, на шчасце, к майму задавальненню, на жаль, на бяду, на маё здзіўленне, як на дзіва;

  • на маю думку, як кажуць, на мой погляд, па-мойму, па-твойму, па-вашаму;

  • значыць, такім чынам, між іншым, з аднаго боку,з другога боку, перш-наперш, у першую чаргу, напрыклад;

  • ведаеце, бачыце, кажам, думаеш, думаеце, разумееце, ці паверыце калі ласка, прабачце;

  • бывае, здараецца, як заўсёды, па звычцы.






Паводле значэння пабочныя словы выражаюць:

ступень верагоднасці выказанай думкі:

1) няўпэўненасць: мабыць, мусіць, магчыма, відаць,можа, здаецца...

2) упэўненасць: бясспрэчна, безумоўна, вядома, сапраўды,хутчэй за ўсё, напэўна...

спосаб выражэння думкі: адным словам, інакш кажучы, карацей кажучы, на добры толк, на добры лад, па сутнасці...

эмацыянальную ацэнку выказвання: на радасць, на шчасце, к майму задавальненню, на жаль, на бяду, на маё здзіўленне, як на дзіва, чаго добрага...

крыніцу паведамлення: на маю думку, як кажуць, на мой погляд, па-мойму, па-твойму, па-вашаму...

парадак думак: значыць, такім чынам, між іншым, з аднаго боку,з другога боку, перш-наперш, у першую чаргу, нарэшце, па-першае, напрыклад …

зварот да каго-небудзь з мэтай пэўнай ацэнкі, рэакцыі на паведамленне: ведаеце, бачыце, кажам, думаеш, думаеце, разумееце, ці паверыце, калі ласка, прабачце...

ацэнка паведамляемага факта з пункту гледжання яго звычайнасці: бывае, здараецца, як заўсёды, па звычцы … .
- А зараз выканаем карэкцыйнае заданне ў выглядзе лінгвістычнай прапорцыі на замацаванне дадзенага тэарэтычнага матэрыялу.

Лінгвістычныя прапорцыі


  • Якія лінгвістычныя прапорцыі састаўлены правільна (паводле значэння пабочных канструкцый)?

Слайд

    1. Па чутках : на думку = наадварот : апрача таго. (Крыніца паведамлення і сувязь думак).

    2. На жаль : мабыць = шчыра кажучы : відаць.(Эмацыянальная ацэнка і ступень верагоднасці).

    3. Трэба думаць : напэўна = мусіць : адным словам.(Спосаб афармлення думак і ступень верагоднасці).

    4. Па-мойму : як кажуць = на шчасце : сапраўды.(Крыніца паведамлення і эмацыянальная ацэнка, ступень упэўненасці).


Адрозненне некаторых пабочных слоў ад іншых членаў сказа
- У пачатку ўрока мы разглядалі сказы і прыйшлі да высновы, што некаторыя словы могуць ужывацца то як пабочныя, то як члены сказа ці іншыя структурныя адзінкі.

  • Параўнаем дадзеныя сказы і адкажам на пытанне: як можна вызначыць, ці з’яўляецца слова пабочным?(Калі пры пропуску слова структура сказа не парушаецца, то перад намі пабочная канструкцыя; калі ж пропуск слова (слоў) вядзе да разбурэння сказа, то апушчаны член сказа).


Слайд
Параўнайце:

1. Дождж, відаць, зацягнуў надоўга. 1. Дарога з узгорка была добра відаць.

2. Садок быў, праўда, невялікі. 2. Праўда даражэйшая за грошы.


  • А зараз паспрабуйце самастойна з прапанаваных пар сказаў выбраць сказы з пабочнымі словамі, выпісаць іх і патлумачыць свой выбар. (Заданне 3)




  1. Недарод пшаніцы, аднак, не збянтэжыў людзей. - Такі старанны гэты вартаўнік, аднак і ён нічога не заўважыў. 2. Заўтра, напэўна, будзе дождж. - Ты напэўна не паспееш, калі не пойдзеш зараз жа. 3. Можна, нарэшце, выкарыстаць гэтую пляцоўку для спартыўных гульняў. - Нарэшце ўсё гатова. 4.Дажджу, бадай, сёння не будзе. - Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла траву і алеі.



Вывад

Слайд
Запомніце!


Слова

З’яўляецца пабочным

Не з’яўляецца пабочным

Аднак

У сярэдзіне сказа

У пачатку сказа або часткі складанага сказа

Напэўна, канечне

У значэнні “відаць”, “магчыма”

У значэнні “абавязкова”, “безумоўна”

Нарэшце

Паказвае на сувязь думак, парадак выказвання (у разважанні, апісанні)

У значэнні “пасля ўсяго”, “пад канец”, “напаследак”

Бадай

У значэнні “магчыма”

У значэнні “амаль”




  • А ёсць словы, якія ніколі не бываюць пабочнымі. Запомніце іх!


Слайд
Запомні!

Словы нават, таксама і спалучэнне на першы погляд ніколі не бываюць пабочнымі.



Устаўныя канструкцыі


  • Аналізуючы сказы вы, напэўна, заўважылі, што пабочныя словы хоць і не з’яўляюцца членамі сказаў, але маюць цесную сувязь з імі. А ёсць такія канструкцыі, якія не так цесна звязаны з асноўным выказваннем, яны выражаюць дадатковыя заўвагі, удакладненні, тлумачэнні. Такія канструкцыі называюцца ўстаўнымі. На пісьме яны выдзяляюцца працяжнікамі або бяруцца ў дужкі. У маўленні такія канструкцыі выдзяляюцца інтанацыйна – вымаўляюцца больш хуткім тэмпам, больш нізкім тонам, паўзы пры іх больш значныя, чым пры пабочных канструкцыях.

  • Прапаную вам разгарнуць падручнікі на с. 89 – 90, прачытаць самастойна тэарэтычны матэрыял і запоўніць табліцу. (Заданне 4)


Слайд
Адрозненне пабочных канструкцый ад устаўных


Пабочныя канструкцыі

Устаўныя канструкцыі

1. Выражаюць мадальнае значэнне

1. Выражаюць дадатковае паведамленне, тлумачэнне, удакладненне

2. Уводзяцца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў

2. Уводзяцца з дапамогай злучальных злучнікаў а, і і інш. (бывае і з дапамогай падпарадкавальных хоць, што, дзе і інш.)

3. Могуць стаяць у пачатку сказа.

3. Знаходзяцца ў сярэдзіне або ў канцы сказа.

- Назавіце ўстаўныя сказы. Растлумачце, чым яны адрозніваюцца ад пабочных. Пракаменціруйце знакі прыпынку.

1. На карце 1482 года рака Барысфен (гэта грэчаская назва Дняпра) не мае прытокаў, цячэ з поўначы на поўдзень і ўпадае ў заліў Эўкінскага (цяпер Чорнага) мора.

2. Горныя краявіды — у гэтым Іосіф Іванавіч мог упэўніцца неаднойчы — на дзіва прыгожыя, напоўненыя такой вабнасцю, якую не заўсёды перадасі словамі.

- Прачытайце дадзеныя сказы, захоўваючы правільную інтанацыю.


  1. - Нашыя краявіды, напэўна, не менш прыгожыя. Мінск, Гродна, Брэст, Віцебск, Магілёў, Гомель – колькі прыгажосці і паэзіі ў адных толькі назвах. Напэўна, як і мне, вам таксама хацелася б апынуцца хоць на хвілінку ў гэтых куточках нашай Радзімы. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць нам з вамі зрабіць гэта Выканаўшы заданні на картках мы зможам здзейсніць наша падарожжа. Кожны атрымоўвае тэкст, у якім расказваецца пра адзін з абласных цэнтраў нашай краіны. Ваша задача ўскладніць тэксты пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, дзе гэта магчыма. Памятайце, што празмернае ўжыванне сказаў з такімі канструкцыямі засмечвае наша маўленне і сведчыць пра нізкую маўленчую культуру. (Заданне 5)


Гомель

Горадам зеляніны і вады называў Гомель Уладзімір Караткевіч. Адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі стаіць на берагах паўнаводнага Сожа і літаральна патанае ў вільготных цяністых парках...

Адна з адметнасцяў Гомеля - старажытны пейзажны парк з элементамі рамантызму. Ён быў закладзены ў 1780 г. на правым беразе ракі. … тут расце больш за 9000 дрэваў мясцовых і экзатычных пародаў - пірамідальныя дубы, сібірскія кедры, чорныя хвоі, японскія лістоўніцы і інш. Вялікія і малыя гроты, аранжарэі, вісячыя масты над ярамі, ператворанымі ў лебядзіныя сажалкі, альтанкі, памятныя камяні - … усё гэта робіць парк сапраўды рамантычным. Ён - у цэнтры горада, каля плошчы з вялізным гмахам тэатра, … , што трапляеш у іншую краіну, дзівосную і жаданую, і нават маленькая вандроўка па парку напаўняе душу шчымліва-радасным пачуццём удзячнасці продкам, усведамленнем адказнасці за тое, што засталося нам проста так - у спадчыну...
Словы для даведак: а здаецца, кажуць, безумоўна
Брэст
Брэст — брама краіны. Гэтая зямля спрадвеку ўсыпана могілкамі, курганамі, страчанай у баях зброяй. Нямала было ахвотнікаў уварвацца сюды сілай. Нават готы ў II ст. ішлі тут са сваёй туманнай поўначы да Чорнага мора, ды толькі потым, … , пабітыя, зноў брылі на поўнач.

… Брэсту ёсць чым ганарыцца. Калі пачалася Вялікая Айчынная, у "ваенным гарадку" заставалася каля двух палкоў разам з пагранічнікамі, але крэпасць не здалася фашыстам — яна доўга трымалася і проста памерла, як паступова, без ежы і вады, памірае чалавек. Цяпер крэпасць-герой стала вялікім помнікам сваім няскораным абаронцам. У іх гонар побач з крэпасцю стаяць высокі абеліск і скульптурная кампазіцыя "Смага" — фігура распластанага на зямлі салдата, які цягнецца з каскай да вады...

...А яшчэ гэты горад проста вельмі зялёны і прыгожы.
Словы для даведак: сапраўды, як сведчаць гістарычныя факты.

Мінск
Сталіца Беларусі — самы вялікі з яе гарадоў. Найбольш ранні ўспамін пра яго — радкі са "Слова пра паход Ігаравы": "На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць чапамі харалужнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела..."

Тыя крывавыя берагі Нямігі даўно забраныя ў падземную трубу. Самае старое, што засталося ад гісторыі горада, яго змененая назва … . … , у гады вайны наша сталіца была амаль цалкам знішчана … .

Ад даўніны ў горадзе захаваліся некаторыя назвы. Лагойскі тракт, Ракаўская шаша, Старабарысаўскі тракт, Прывакзальная плошча.

3 найбольш старых культавых будынкаў у Мінску захаваліся Петрапаўлаўская царква, Кафедральны сабор … , касцёл езуітаў, які ў 1860-я гг. маляваў Напалеон Орда.

Мінск - пісьменніцкая сталіца. У 1886 г. тут пачала выходзіць грамадска-літаратурная рускамоўная … газета "Минский листок", якая адыграла значную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры. У канцы 1902 г. "Минский листок" пачаў выходзіць пад назвай "Северо-Западный край". У 1905 г. у новай газеце беларускім вершам "Мужык" дэбютаваў Янка Купала.

...Сталіца павінна быць прыгожай. Яна і сапраўды чароўная. I ўсё ж выглядае, як прыгажуня, што страціла свае дыяменты...


Словы для даведак: Менеск, Менск, Мінск, на жаль, па беларускую старажытнасць трэба ехаць у глыбінку, былы касцёл бернардзінак, інакш тады было нельга.

Віцебск
Гэты горад, як ніводны, апеты паэтамі. Нават Ларыса Геніюш, хоць і жыла ў Зэльве, далёка ад яго муроў, не магла не прысвяціць Віцебску ўсхваляваныя радкі: "Нескароны ў крутой барацьбе, акрыяў, ажыў, пакалечаны. Нашы сэрцы імкнуцца к табе, як калісь на забытае веча".

Горад вельмі стары: у 974 г. яго заснавала кіеўская княгіня Вольга. Віцебск з'яўляўся моцным фарпостам абароны ад заваёўнікаў, буйным гандлёвым пунктам на шляху "з варагаў у грэкі", адметным культурным цэнтрам … . I ад самага пачатку гэта было, … , месца майстроў, якія вызначаліся "страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў”.

...Ранейшага Віцебска сёння няма. Горад мінулых стагоддзяў захаваўся толькі на паштоўках і карцінах Марка Шагала … . Вайна і гады савецкай улады амаль цалкам знішчылі непаўторны саборны сілуэт горада … .

Але, зачараваныя міфам, турысты бачаць сучасны Віцебск вачыма Марка Шагала, шукаюць генія і, … , знаходзяць - ён лунае над Віцебскам...


Словы для даведак: тут знойдзена мноства старажытных берасцяных грамат і надпісных прасліцаў; як пісаў У. Караткевіч; якіх, на жаль, у Віцебску таксама няма; у 1909 г. у ім было 13 цэркваў, 3 касцёлы і некалькі сінагог; як ні дзіўна.
Магілёў
… , няма такога беларуса, які не ведаў бы, што назва гэтага горада пайшла ад імя разбойніка Машэкі, а легенду пра яго выдатна пераказаў Янка Купала.

Горад увайшоў у беларускую літаратуру дзякуючы не толькі паэме "Магіла льва" Янкі Купалы, але і вершу "Летапісец" Максіма Багдановіча, нарысу "Магілёў" Максіма Гарэцкага … .

У1909 -1910 гг. у гарадскіх гарбарных майстэрнях працаваў Цішка Гартны … .

Гараджане ганарацца мастацкім музеем свайго таленавітага земляка Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (ён нарадзіўся ў сядзібе Крынкі цяпер Бялыніцкага раёна).



Словы для даведак: Напэўна; пісьменнік нарадзіўся на Мсціслаўшчыне, у вёсцы Малая Багацькаўка; у Магілёве прайшлі і апошнія дні яго жыцця.
Гродна

Гэты горад узнік у канцы X ст. на Замкавай гары пры ўпадзенні ракі Гараднічанкі ў Нёман. Гродзенскае княства не раз цярпела напады крыжакоў Тэўтонскага ордэна, але неўзабаве надышоў час расплаты, пасля якой ордэн не здолеў ачуняць … .

... Кароль Стафан Баторый заснаваў у горадзе вялікі замак, які, перабудаваны, збярогся да сённяшніх дзён … .

У Гродне праходзіла маленства Максіма Багдановіча … . У прыватнай жаночай гімназіі ў 1912 г. вучылася будучая пісьменніца Зоська Верас. З горадам звязана имя Паўліны Мядзёлкі … .

Горад адметны і тым, што ў ім найбольш захавалася старая частка з вузкімі вуліцамі і сівымі мурамі. Тут больш чым ва ўсіх беларускіх гарадах плюшчу і вінаградніку на сценах і чырвонай чарапіцы на дахах, якія робяць Гродна асабліва прывабным і ўтульным.
Словы для даведак: між іншым, Гродзенскі полк быў большы за ўсе іншыя беларускія палкі; з 1945 г. у ім размяшчаецца гісторыка-археалагічны музей, на ганку якога стаяць гарматы, некалі патопленыя Пятром I у Нёмане; яго бацька друкаваўся ў мясцовай прэсе, а маці дэбютавала ў ёй як празаік; у 1919 — 1921 гг. яна кіравала тут драматычным гуртком.
Завочная экскурсія па гарадах Беларусі.

Вучні зачытваюць тэксты. На слайдах – гарады, пра якія вядзецца гаворка.



Пытанні да тэкстаў:

  • Якая тэма і асноўная думка тэкстаў?

  • Якія тып і стыль?

  • Для чаго выкарыстоўваюцца пабочныя і ўстаўныя канструкцыі? (Каб выразіць адносіны да ваказанага, даць дадатковыя заўвагі, тлумачэнні)




  • Асноўная думка тэкстаў, як вы адзначылі, у тым, што нашыя беларускія гарады маюць слаўнае мінулае, ведаць пра якое павінен кожны з нас. Гэтую думку пацвярждаюць і выказванні нашых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. (Зварот да выставы). Сёння мы здзейснілі падарожжа завочна, але ў хуткім часе вы закончыце школу і разляціцеся па розных кутках нашай Радзімы, трапіце ў гэтыя і іншыя гарады, на свае вочы ўбачыце іх прыгажосць. Але, пакінуўшы родныя мясціны, напэўна, душою і сэрцам вы застанецеся тут, у Азяранах. Як кажуць, самы мілы для сэрца куток знаходзіцца там, дзе ты нарадзіўся.

- Давайце зноў звернемся да нашай тэмы. Так атрымалася, што на ўроку мы з вамі прааналізавалі тэксты аднаго стылю – публіцыстычнага. Але пабочныя і ўстаўныя канструкцыі ўжываюцца і ў астатніх стылях мовы. Таму ў якасці дамашняга задання вы падбераце тэксты розных стыляў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі.


  1. Дамашняе заданне: падабраць тэксты розных стыляў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі.

  2. Падвядзенне вынікаў урока.

- Адзнакі за работу на ўроку атрымаюць вучні … .

  1. Рэфлексія.

- А напрыканцы ўрока я хачу, каб вы, звярнуўшыся яшчэ раз да зместу нашага ўрока, да задач, якія мы ставілі ў пачатку, прааналізаваўшы набытыя веды і сваю працу на ўроку, закончылі фразы, якія пачынаюцца пабочнымі словамі.

Слайд

Тэма і задачы

Заданне 6. Закончыце фразы


  • На маю думку, …

  • Сапраўды, …

  • Безумоўна, …

  • На шчасце, …

  • Хутчэй за ўсё, …

  • Напэўна, …

  • Па сутнасці, …

  • Па-мойму, …

  • Шчыра кажучы, …

  • Магчыма, …

  • К майму задавальненню, …

  • На маё здзіўленне, …

  • Адным словам, …

  • Карацей кажучы, …

  • Бясспрэчна, …

  • Відавочна, …

  • Ва ўсякім выпадку, … .


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка