108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка1/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21
108 дзён і начэй у засьценках КДБ
Дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі

УДК 873.122 (29) БКК42


Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА
Час, які апісваецца аўтарам, да такой ступені пакрыты пупырышкамі страху, нашпігаваны адчуваньнем безвыходнасьці, прасякнуты прававой сваволяй, што многія сядзельцы «Амэрыканкі», нават выйшаўшы на волю, лічаць за лепшае маўчаць. Успамінаць непрыемна. Успамінаць страшна. Успамінаць небясьпечна. Бо ўсё засталося бязь зьменаў. У будынку «Амэрыканкі» па-ранейшаму СІЗА КДБ, а не музэй. І людзі ў масках, гэты «эскадрон страху», як і ў сьнежні 2010-га, — на службе рэжыму.
Добра, што кніга зьявілася менавіта сёньня. Добра, што аўтар не пасадзіў праўду на лаву чаканьня, пакуль у Беларусь ня прыйдуць дэмакратыя і перамены. Праўда патрэбная нам цяпер. Такая, якая яна ёсьць. Згвалтаваная. Зьбітая. Аголеная.
© Анатоль Лябедзька, 2013

Асаблівая падзяка за прадстаўленыя фота: © Леанід Варлямаў, mmet.livejournal.com, 2010

© Белапан, 2010

© Reuters, 2010

© mvd.gov.by
Прадмова
«Толькі той жыцьця й свабоды варт, хто кожны дзень за іх ідзе на бой»

(Ёган Вольфганг фон Гётэ)


Неяк вяртаўся я дадому з ізалятара часовага ўтрыманьня, а прасьцей кажучы, з турмы на Акрэсьціна. Трапіў я туды за арганізацыю маршу «Так жыць нельга!» усяго на дзесяць сутак, што, як на цяперашнія людаедзкія часы, здаецца забаўнай прыгодай.
Дык вось, вяртаючыся з турмы дадому, у дзьвярах пад'езда сутыкнуўся з маім даўнім добрым прыяцелем. Мішка — чалавек прадпрымальны, у яго свой бізнэс, у гэтай справе ён па-сапраўднаму таленавіты: мультымільянэрам ня стаў, але пару-тройку мільёнаў, думаю, недзе заначыў.
Сустрэліся, абняліся, паляпалі адзін аднаго па плячах.
— Ну, ты як? — пытаюся ў яго.
— Ой, і не пытайся, — адказвае. — Наверсе адны бандыты і ідыёты, працаваць проста немагчыма, усё задушылі! — Ён цяжка ўздыхнуў і працягнуў, з дакорам гледзячы мне ў вочы: — І калі ж вы там што-небудзь зробіце?
Што я мог адказаць Мішку? У нашым маршы «Так жыць нельга!» ён ня ўдзельнічаў, каб «не сьвяціцца». І грошай ні на ўлёткі, ні на недзяржаўную прэсу таксама не даваў. Не, ён ня сквапны, проста гэта ж небясьпечна: раптам пазнаюць? Тады ўвесь яго бізнэс адразу кату пад хвост! Але тэза «так жыць нельга» цалкам адпавядае яго сьветаадчуваньню. І таму ён зь нецярпеньнем чакае. Чакае Мішка, што ад бандыцкай улады вызваляць яго на халяву. І вельмі злуецца на апазыцыю за тое, што халявы тае ўсё няма і няма.
Трэба сказаць, што ў сваім высакародным абурэньні Мішка не самотны. Гэтаксама, як і ён, слабасьцю апазыцыі абуранае амаль усё наша талерантнае грамадзтва, за рэдкімі выключэньнямі.
Час ад часу, калі мне становіцца сумна і хочацца хоць чымсьці сябе разьвесяліць, я ўступаю з кім-небудзь з гэтых абураных у дыскусію.
У чым жа слабасьць апазыцыі?
Аргумэнтаў на карысьць слабасьці некалькі. Асноўныя — тры. Першы (яго любяць прыводзіць нашы палітолягі): маўляў, у апазыцыі няма праграмы, якая б магла прыцягнуць на яе бок большасьць. Вымаўляецца гэта важка, аўтарытэтна — так настаўнік у школе тлумачыць невуку, за што яму пастаўлена двойка.
— Ну як жа няма? Я вось, да прыкладу, чытаў праграму Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Вялікая, дасканалая, салідная праца. Напісаная і апублікаваная. А нядаўна бачыў праграму, яшчэ некалькі гадоў таму падрыхтаваную групай Мечыслава Грыба. Ты хоць чытаў гэтыя праграмы?
— Ну-у-у... Усё гэта несур'ёзна!
— Што несур'ёзна? Несур'ёзна рабіць так, як робіш ты: на кожным рагу вяшчаць з разумным выглядам пра адсутнасьць у апазыцыі праграмы, якая на самой справе ёсьць. Несур'ёзна ўводзіць грамадзтва ў зман! Прычым «несур'ёзна» — гэта мякка сказана, правільней было б сказаць — «злачынна»! Дарэчы, а ты праграму нашай улады чытаў? Бачыў? Чуў? Хто-небудзь наагул яе ведае? Не, я не пра штогадовыя доўгія прамовы таго, хто называе сябе прэзыдэнтам і тры гадзіны нясе паток бессаромнай хлусьні і папулізму. Я пра праграму! У чым яна: скрасьці, падмануць усіх і ўсіх пасадзіць? Гэта праграма?
Калі высьвятляецца, што з праграмай у апазыцыі, у адрозьненьне ад дзейнай улады, усё ў парадку, узьнікае наступная прэтэнзія: няма лідэра! Шчыра кажучы, гэта весяліць мяне больш за ўсё.
— Як гэта няма? Саньнікаў, Статкевіч, Лябедзька, Някляеў, Казулін, Мілінкевіч, Пазьняк, Севярынец, Дашкевіч, Чыгір... Гэтага мала? Пастаў любога зь іх побач зь Цяперашнім і параўнай! Па ўсіх пазыцыях яны лепшыя: і больш сумленныя, і пісьменныя, і прафэсійныя!
— Ды кінь ты, усе яны слабакі!
— Ня згодны. Слабакі яны толькі ў адным: яны не гатовыя да бязьмежнага гвалту, на які гатовы Гэты. Але хіба нам патрэбны гвалтаўнік?
Ну і, нарэшце, галоўны аргумэнт, вельмі папулярны ў нашым грамадзтве: яны ня здольныя аб'яднацца!
— Што значыць аб'яднацца? Ты бачыў хоць аднаго сапраўднага Лідэра, які без барацьбы аддаў бы першынство іншаму? Хто каму павінен саступіць? На якой падставе?
— Але ж без адзінага лідэра не перамагчы!
— А ён і зьявіцца, гэты лідэр, абавязкова зьявіцца. Рэальны лідэр, а не прызначаны. У ходзе барацьбы. Зразумей: сваім няспынным ныцьцём пра аб'яднаньне мы прымушаем іх змагацца адзін з адным, сутыкаем іх ілбамі, і ў выніку рэальнае аб'яднаньне іх робім немагчымым.
Я працаваў у штабах кандыдатаў ва ўсіх выбарных прэзыдэнцкіх кампаніях, пачынаючы з 2001 году, і магу з упэўненасьцю заявіць: барацьба за адзінага кандыдата кожны раз нагадвала стары анэкдот часоў СССР — будзе такая барацьба за мір, што каменя на камені не застанецца.
Вось і ў нас пры вызначэньні «адзінага кандыдата» замест барацьбы з узурпатарам да апошняга дня ішла барацьба аднаго з адным, узаемная пікіроўка, падзел пратэстнага электарату на «сваіх» і «чужых».
А ў выніку? У выніку і ў 2001-м, і ў 2006-м разам з жаданым званьнем «адзіны» шчасьліўчык атрымліваў масу ворагаў з супрацьлеглага лягера, цэбры бруду ў незалежных (!) СМІ і расчараваную частку электарату зь ліку тых, хто быў прыхільнікам іншага кандыдата.
Адзіным выключэньнем была кампанія 2010-га: яркая перадвыбарная агітацыя, падчас якой стала відавочнай абсалютная непапулярнасьць цяперашняга ўладара, усё большы энтузіязм прыхільнікаў і адсутнасьць барацьбы між сабою на ўзаемнае зьнішчэньне. Узгадайце хаця б тэледэбаты, на якіх усе кандыдаты, не нападаючы адзін на аднаго, крытыкавалі дзейны рэжым.
— Гэта была найлепшая прэзыдэнцкая кампанія! — кажу я свайму апанэнту. — І калі б не беспрэцэдэнтная па сваім нахабстве фальсыфікацыя вынікаў, то лідэр у нас ужо быў бы.
— Але вынік жа сумны! — запярэчыць ён мне ў адказ.
Вынік сапраўды сумны. Таму што, магчыма, замест ныцьця наконт «адзінага» трэба было ствараць аб'яднаны штаб. Уявіце, дзейнічаюць штабы кожнага кандыдата, і ёсьць яшчэ аб'яднаны штаб, у задачу якога ўваходзіць арганізацыя сумеснага назіраньня, супрацьдзеяньне правакацыям і абарона лідэраў. І паважаны мной спэц у гэтых пытаньнях Уладзімір Барадач не махае кулакамі пасьля бойкі, ператварыўшыся ў публіцыста, а ДА падзеяў на плошчы распрацоўвае стратэгію і тактыку супрацьдзеяньня сваволі, якая мела месца быць.
— Ён гэтага не зрабіў, таму што ня быў упэўнены, што яго паслухаюць!
Адказваю:
— Ён гэтага не зрабіў, таму што займаўся не сваёй справай, а паводзіў сябе як палітык: з усіх сіл заклікаў да таго, каб выбралі «адзінага»! Замест таго каб, як ваенны, зрабіць тое, што ўмее лепш за ўсіх, — выпрацаваць плян па супрацьдзеяньні правакацыям! І тады б яго абавязкова паслухалі!
А ў выніку мы не абаранілі нашых лідэраў. І, як вынік, не абаранілі свой выбар.
Вось і атрымліваецца, што слабасьць — гэта ня слабасьць лідэраў, а слабасьць кожнага з нас, слабасьць грамадзтва.
Чытаю форумы ў сеціве. Там, як заўсёды, усе за «сваіх» і ўсе супраць «чужых». Там дакладна ведаюць, што трэба зрабіць, каб перамагчы. Вось калі б устаў такі Ілюша Мурамец ад свайго кампутара, то ўжо абавязкова злавіў бы нашага «ўсенароднаназаўждыабранага» салаўя-разбойніка і нацягнуў бы яму вушы на яго паганы сыстэмны блёк.
А ня робіць ён гэтага, бо няма калі, у яго ёсьць важнейшыя справы: трэба на форумах напісаць пра тое, хто ў апазыцыі здраднік, хто жыруе на заходнія гранты, хто агент Расеі, хто сэксот... А потым яшчэ і высновы з гэтага зрабіць: «апазыцыя павінна дзейнічаць так...», «апазыцыя павінна дзейнічаць гэтак...», увогуле «апазыцыя павінна!»
Так і хочацца спытаць: а колькі табе вінная апазыцыя? Вось Анатоль Лябедзька праседзеў 108 дзён у турме КДБ — ён табе ўсё аддаў ці яшчэ застаўся вінен?
Амаль паўтара года, праведзеныя Андрэем Саньнікавым у зьняволеньні, зьдзекі зь ягоных жонкі і сына — гэтага хопіць, каб з табой разьлічыцца?
Хто там яшчэ табе вінен? Някляеў, Фядута, Халіп, Радзіна, Дашкевіч, Севярынец, Статкевіч, Бяляцкі?
Думаю, што зь цягам часу мы даведаемся пра тую цану, якую заплацілі і працягваюць плаціць гэтыя людзі, якія змагаюцца за НАШУ свабоду.
Яны розныя, але ўсіх я лічу сваімі сябрамі. І не яны нам вінныя, а мы ім.
Спадзяюся, што калі-небудзь усе яны напішуць свае гісторыі і мы іх прачытаем.
Кніга Анатоля Лябедзькі — першая. Я ўпэўнены, будуць і іншыя.
Чытайце, гэта трэба прачытаць.
Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр.

Ад аўтара


Калі б мне давялося паўтарыць усё нанова, я не вагаўся б ні імгненьня. Гэта ня поза, гэта пазыцыя.
Прадстаўленыя запісы — апісаньне і тлумачэньне таго, што адбывалася за сьценамі сумна вядомага сьледчага ізалятара КДБ, або папросту «Амэрыканкі». З 19 сьнежня 2010-га па 6 красавіка 2011 году.
Жудасны час. Зь сінякамі. З грымасай страху. З налётам палітычнай шызафрэніі.
Чацьвёртая частка тэксту напісаная непасрэдна ў камэрах СІЗА. Мне ўдалося вынесьці запісы, расьпіхаўшы аркушы дзёньніка ў канвэрты зь лістамі. Астатняе давялося аднаўляць па памяці, па ўласных лістах, якія былі адпраўленыя з «амэрыканкі» і дайшлі да адрасата. Таму загадзя выбачаюся за магчымыя недакладнасьці ў дэталях (да прыкладу, серада або чацьвер, раніцай ці ў абед). Пры гэтым я ня стаўлю мэты зьняць вяршкі чужой спагады. У мяне няма жаданьня нешта пузырыць, перабольшваць, прымнажаць. Як няма і намеру нешта рэтушаваць, лякіраваць, прымяншаць.
Некалькі сшыткаў з нататкамі, зь вершамі і апавяданьнямі былі канфіскаваныя пры маім вызваленьні з «амэрыканкі». Бяз права на вяртаньне. Запісы ператварыліся ў небясьпечнага сьведку, і, хутчэй за ўсё, іх зьнішчылі. Але ж я жывы! І мой доўг, мой абавязак — аднавіць усё ў дэталях, у падрабязнасьцях. Усё як было. Каму гэта трэба? Гэта трэба мне, гэта трэба вязьням «Амэрыканкі», гэта трэба ўсім нам. Дзеля чаго? Дзеля асэнсаваньня, дзеля разуменьня, дзеля ачышчэньня, дзеля таго, каб такое больш не паўтарылася.
Дзёньнік — гэта ня толькі апісаньне падзеяў, якія адбываліся са мной і вакол мяне ў гэты час. Гэта яшчэ і думкі пра сябе, і рэанімаваныя памяцьцю фрагмэнты розных пэрыядаў пражытага жыцьця.
108 дзён. 108 начэй. Час, зь якога выціснуты ўспаміны. Час, які выбраў нас. Час, які прымусіў і нас выбіраць. Паміж словамі і ўчынкамі. Паміж свабодай зь беспрынцыповасьцю і несвабодай з прынцыпамі. Між вымушаным «так» і самапаважлівым «не».
Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА
Сьнежань 2010
20 сьнежня, панядзелак
Начную цішу ў кватэры шматпавярховага дома № 4 па вуліцы Лесі Ўкраінкі разарваў званок. Працяглы і трывожны. Гадзіньнік паказваў палову на другую. Званілі адразу ў кватэру, прамінуўшы дзьверы, што вядуць у агульны калідор на чатыры сям'і. Я, жонка Сьвятлана і сын Арцём, пераглянуўшыся, моўчкі падышлі да дзьвярэй. Прадчуваньні нікога не падманвалі.
— Хто там? — спыталася жонка.
— Адчыняйце! — прагучала тонам, які не цярпіць пярэчаньняў.
— А ў чым, уласна, справа? — Голас Сьвятланы трохі вібрыраваў ад напружаньня.
За дзьвярыма нэрваваліся.
— Нам патэлефанавалі суседзі, скардзяцца на шум, — у размову ўступіў другі голас.
— Ну, калі вы зь міліцыі, то ўвайдзіце і прад'явіце пасьведчаньні, — Сьвятлана спрабуе накіраваць размову ў прававое рэчышча. Дае сябе знаць пэўны досьвед кантактаў з таварышамі зь сілавых структур.
У адказ у дзьверы забарабанілі кулакамі.
— Б… Я сказаў, неадкладна адчыняйце, а то пашкадуеце, — бярэ на сябе ініцыятыву першы голас. Здаецца, калідор кішыць няпрошанымі гасьцямі.
Сьвятлана тэлефануе ў міліцыю і паведамляе, што невядомыя людзі пачалі грукаць у дзьверы. Спрабую праз мабільны зьвязацца з калегамі па партыі, з журналістамі. Але трубка адгукаецца кароткімі гудкамі, аўтаадказчык паведамляе, што дадзены тып злучэньня немагчымы. Сотавы апэратар Velcom сёньня ня наш саюзьнік.
У калідоры грыміць жалеза. Праз імгненьне дзьверы ўздрыгваюць пад ударамі молата. Па пад'езьдзе вухае рэха з адгалоскам 37-га году. Праз вочка відаць, што над дзьвярыма калдуюць чатыры ці пяць чалавек. Ня менш. Гучаць імёны Вася, Саша і адборны мат. Відавочная прыкмета таго, што аблога не ўваходзіла ў пляны налётчыкаў. Мабыць, разьлічвалі ўсё зрабіць за хвіліны, а тут такая асечка.
Страх паралізуе цікаўнасьць. Ніводныя суседзкія дзьверы не прачыніліся. Я пачынаю без хапатлівасьці зьбірацца. Перш за ўсё надзяю гарналыжную тэрмабялізну. Джынсы, тоўсты швэдар, зручны абутак без шнуркоў, куртку з капюшонам. У беларускага апазыцыянэра такі камплект заўсёды павінен быць пад рукой. Невядома, дзе давядзецца правесьці рэшту ночы.
Чуваць галасы з-за дзьвярэй тамбура. Здаецца, прыбыла наша доблесная міліцыя, і, трэба прызнаць, даволі апэратыўна. Гляджу ў вочка. Невядомыя нават не зрабілі ласкі пагутарыць з ахоўнікамі парадку вочы ў вочы. Адзін з узломшчыкаў нешта буркнуў незадаволеным камандным голасам, і міліцыя засунула саму сябе ў тое месца, адкуль не відаць і не чуваць.
Дзьверы не здавалася. Хвіліны цікалі. Напруга з таго боку ўзрастала. Пэрыядычна хто-небудзь з узломшчыкаў вывяргаў пагрозы на наш адрас. Нарэшце тым, хто арудаваў сьлясарным інвэнтаром, удалося адагнуць верхні левы рог мэталічных дзьвярэй, і нечае вока, злосна бліскаючы, абмацвала прастору кватэры. Некалькі чалавек, адціскаючы ламамі дзьверы, спрабавалі выціснуць замок. З эннай спробы гэта ім удалося, і ў кватэру ўкаціўся клубок чалавечых целаў.
— Усім на падлогу! Буду страляць!
І раптам у гэтай вакханаліі шуму, сапеньня чую роўны, надзіва спакойны голас Сьвятланы:
— Страляйце!
За некалькі мэтраў — задыханыя фігуры. Без аніякіх тлумачэньняў невядомыя заломваюць мне рукі і выцягваюць у калідор. Тут на падлозе заўважаю кувалду, некалькі ламоў і яшчэ нейкія жалязякі. Трое літаральна заносяць мяне ў ліфт. На першым паверсе яшчэ некалькі цывільных, а таксама Валянціна Палевікова і Саша Дабравольскі. Сілавая хваля адкідае і прыціскае іх да сьцяны, а мяне сьпешна цягнуць на вуліцу. Унізе, непадалёк ад пад'езда, стаіць белы мікрааўтобус. Мяне запіхваюць у яго і тут жа нацягваюць на галаву капюшон курткі. Голас папярэджвае, каб я не глядзеў па баках, а толькі ў падлогу. Тыя, хто творыць зло, ня любяць сустракацца вочы ў вочы са сваімі ахвярамі.
Той самы голас зьвяртаецца да кагосьці па рацыі. Дакладней, пытаецца: «Можа, прыхопім заадно і Дабравольскага?» Адказ, мабыць, адмоўны. Але голас не сунімаецца і яшчэ раз просіць санкцыі на затрыманьне Аляксандра, нібы гаворка ідзе пра нешта неадушаўлёнае накшталт табурэткі. Потым злосна кідае кіроўцу: «Паехалі!»
За акном дрымотны Менск. Краем вока заўважаю, што заяжджаем на Камсамольскую. Збочваем з вуліцы ў адтуліну паднятай ралеты. Прасторны двор у абрамленьні будынкаў. Ня надта цырымонячыся, мяне вывалакаюць з машыны, учапіўшыся пальцамі ў цела. Уваходзім у будынак і ў паўзмроку доўга ідзём па калідорах. Доўгіх і пустынных. На сьценах заўважаю фатаграфіі. Мільгае думка: мусіць, перадавікі чэкісцкага спаборніцтва. Паварочваем яшчэ раз, і цяпер ужо перад намі добра асьветлены лябірынт. Тут у кабінэтах пульсуе жыцьцё. Дзьверы наросьцеж. У пакоях сьвятло, там мільгаюць чалавечыя цені. Мяне заводзяць у адзін з такіх кабінэтных апэндыксаў. Пасьпяваю агледзецца. У куце валяецца манітор тэлевізара «Гарызонт», на які са стала з пачуцьцём перавагі пазірае LG. Тут жа гумовыя тэпці, пазбаўленыя сьвежасьці шкарпэткі. Відавочнае сьведчаньне таго, што людзі тут ня толькі працуюць, але і жывуць. І, здаецца, не адзін дзень. За сталом малады чалавек. Можа, гэта і ёсьць гаспадар тэпцяў і нясьвежых шкарпэтак? Прапануе крэсла і тут жа пачынае тупа стукаць па клявіятуры. З аўтографа, пакінутага ў пратаколе затрыманьня, вынікае, што мой начны суразмоўца — таварыш з Магілёва. Опэрупаўнаважаны КДБ па Магілёўскай вобласьці лейтэнант Шыцікаў А. А. Нетутэйшыя — відавочнае сьведчаньне таго, што падрыхтоўка да гэтай сустрэчы была грунтоўная і працяглая. Пэрыядычна кадэбэшнік некуды выбягае. Напэўна, па інструкцыі. Нарэшце ўсе паперы запоўненыя. У пратаколе затрыманьня «паводле непасрэдна ўзьніклага падазрэньня ў зьдзяйсьненьні злачынства» адзначана, што мяне захапілі ў 2 гадзіны 20 хвілін. Усе фармальнасьці выкананыя. Я пакінуты сам-насам са сваімі думкамі. Пракручваю ў галаве падзеі апошняга дня, і лягічная мазаіка ніяк не складаецца. Нейкая палітычная шызафрэнія. Трачу арыентацыю ў часе. Фізычным прымусам заплюшчыў вочы. Але вось, здаецца, па мяне прыйшлі. Двое ў зялёным камуфляжы. Акальцавалі ў кайданкі і павялі. Жалезныя бранзалеты на руках не пакідаюць сумневаў, дзе я сустрэну сьвітанак.
Вядуць празь невялікі падворак у іншы будынак. Ноч рассычаецца раніцай. Заводзяць у памяшканьне. Спускаемся ўніз па прыступках. Невялікі пакой бяз вокнаў і з вузкай лаўкаю ўздоўж сьцяны. Зьяўляецца чалавек у плямістай форме. Потым яшчэ адзін. Разьдзяюць дагала. Прамацваюць кожны сантымэтар адзеньня. Адбіраюць нацельны крыжык, з ботаў зразаюць мэталічныя зашпількі. Вільготна. Пах мытай бялізны. Мабыць, недзе побач душавыя або лазьня.
Вядуць па жалезнай лесьвіцы наверх. Уручаюць камплект пасьцельнай бялізны, матрац, драўляную дошку, прызначэньне якой мне не зусім зразумелае, дзьве плястыкавыя міскі, лыжку, конаўку. Пасьпяваю заўважыць, што над галавой купал, як у царкве. Я і двое ў зялёным камуфляжы — у коле, у якое выходзіць дзясяткі два дзьвярэй. Дык вось яна якая, славутая «амэрыканка».
Адчыняюць адну зь дзьвярэй. З абярэмкам казённых рэчаў праціскаюся ў невялікую камэру. Другою ходкаю забіраю шчыт. Такое адчуваньне, што трапіў у пячору. Бледнае, нездаровае сьвятло аднекуль зьверху. Прастора застаўленая трыма нарамі. Двое зьлева і адны справа. Паміж імі вузкі праход. Удваіх не разьмінуцца. Шэсьць пар вачэй, адарваўшыся д падушак, зь цікаўнасьцю разглядаюць мяне.
— Палітычны?
Сьцьвярджальны ківок. Поціскі рук. Нараў трое, нас чацьвёра. Робіцца зразумелым прызначэньне дошкі: гэта мой ложак. Засоўваю насьціл пад нары, тыя, што справа, вышэйшыя, валюся на матрац і тут жа засынаю.
Паўдня праспаў на дошцы, якая ляжыць на падлозе. Разбудзілі сукамэрнікі. Ня ўцягвайся! Бэтон — рэч падступная. Запаленьне падхопіш і вокам не міргнеш. Пада мной вышчарбленая падлога. Працягнуў руку — ад яе сапраўды цягне холадам.
За дзьвярыма пачуўся грукат. Ён набліжаецца, быццам нехта коціць ваганэтку. Потым цішыня. Скрыгат мэталу. Абед. Ад дзьвярэй адвалілася вечка, і ў дзірку адна за адной зьніклі тры мэталічныя міскі. Мая плястыкавая засталася ў тумбачцы. Ад ежы адмаўляюся. З таго боку дзьвярэй — вочы ў абалонцы лёгкага зьдзіўленьня. Здаецца, тут гэта не прынята.
Дзеля справядлівасьці скажу, што і я не прыхільнік галадоўкі. Здароўе — рэч далікатная і, як правіла, аднаўленьню паддаецца цяжка. Але часам узьнікаюць безвыходныя сытуацыі. Як, напрыклад, цяпер. Я ня ведаю, як супрацьстаяць гэтаму хамству, гэтай грубай сіле, гэтаму дэманстратыўнаму беззаконьню. Я бяззбройны. Мяне пазбавілі магчымасьці абараняцца ў рамках прававога поля. Што рабіць? Пратэставаць, супраціўляцца! Інакш перастану сябе паважаць. Мой выпадак, мая сытуацыя — бяз выбару. У мяне яго адабралі. Не хачу прыпадабняцца гародніне ў рондлі. Нас прывучаюць да стану істоты, якая набівае страўнік прадуктамі, кватэру — шырспажывам, а душу — страхам. Я не істота, я чалавек! І за права ім звацца буду змагацца, буду біцца! Мой унутраны голас патрабаваў ад мяне гераічных учынкаў! Тое, што адбываецца, мне не даспадобы, але я ня схільны гэта драматызаваць. Пераначуем — лепей пачуем.
Азіраюся. Камэра ў форме мяшка грушападобнай формы. Звужаецца да дзьвярэй і пашыраецца да акна. Вузкаплечыя дзьверы зацягнутыя ў каванае жалеза. Квадратнае вочка, як кракадзілава павека, пэрыядычна прыўздымаецца і пазірае нечым вокам усярэдзіну. На дзьвярах простакутная адтуліна. Гэта кармушка, або месца для бартэру. Туды — сюды. Туды міскі — адтуль каша, суп, таблеткі і іншыя складнікі мінімальнага пакету тавараў і паслугаў для падтрыманьня жыцьцядзейнасьці чалавечага арганізму. Батарэя, утопленая ў сьцяну, ня дыхае ні цяплом, ні холадам. Унітаз як прыкмета цывілізацыі. Намёртва прыкручаныя да бэтону стол і два табурэты.
На ніжніх нарах ужо немалады чалавек у спартыўным строі. Крыху пазьней даведаюся, што сукамэрнік — у нядаўнім мінулым... начальнік СІЗА МУС, або «Валадаркі», а сягоньня проста падсьледны Дуброўскi. Тут ужо больш за год. Адправіў чалабітную на імя Лукашэнкі і цяпер чакае найвышэйшага адказу. Праўда што, неспазнаныя шляхі Гасподні. Сёньня ты валадар некалькіх тысяч падсьледных і арыштаваных, а заўтра — адзін зь іх. І гэта не дэтэктыў, не прыдуманы сюжэт, гэта жывы чалавек у цёмна-сінім трыко на адлегласьці выцягнутай рукі.
Другі, Уладзімір, сухарлявы, даўгарукі. У вачах позьняя восень, па твары час ад часу прабягае нэрвовая сутарга. Паўшэптам і скорагаворкай распавёў, што ў нядаўнім мінулым таксама меў дачыненьне да пэнітэнцыярнай сыстэмы. У званьні капітана. Мае баявыя ўзнагароды. Месца працы — калёнія ў Навасадах, што пад Барысавам. Абвінавачваецца ў пастаўках наркотыкаў у зону. Віны сваёй не прызнае. Па словах Уладзіміра, паказаньні выбівалі сілай. Пры затрыманьні яго зьбілі так, што тыдзень ён быў прыкаваны да ложка. Увесь счарнелы, у сіняках і драпінах.
Трэці — аўганец Саід. Якім ветрам яго занесла ў засьнежаную Беларусь са сьпякотнага Аўганістану? Як выявілася, за плячыма ў яго некалькі гадоў жыцьця ў Маскве. Беларускае правасудзьдзе абвінавачвае аўганца ў спробе нелегальна пераправіць групу сваіх суайчыньнікаў у Эўрапейскі Зьвяз. На вуснах Саіда нязгасная паўусьмешка Моны Лізы. Першае, што зрабіў добразычлівы аўганец, — прэзэнтаваў мне новую зубную шчотку. Шыкоўны падарунак! А то вадзіць пальцам па дзяснах — занятак не з прыемных.
Кармушка адчынілася, і мяне выклікалі на выхад. Робіцца гэта своеасабліва. Гледзячы на ​​цябе, кантралёр пытаецца: «Прозьвішча?» Вывелі. Тварам да сьцяны. Вывернулі кішэні. Спусьцілі ўніз па лесьвіцы. Паверхам ніжэй — акурат такое самае кола, куды выходзяць дзьверы і адкуль выбягаюць тры выхады. Адзін, трэба разумець, на вуліцу, у падворкі для шпацыраў. Другі — кудысьці ўбок. Трэці — кудысьці ўніз. Праз адны зь дзьвярэй трапляем у невялікі прылазьнік, а празь яго — у пакой, які пасьля камэры здаецца прасторным і сьветлым. Два белыя халаты. За сталом пажылы мужчына, за суседнім — маладая жанчына. Стандартныя пытаньні пра самаадчуваньне. Кажу пра боль у вобласьці сьпіны і ў розных месцах ніжніх канечнасьцяў. Лекар жадае сфатаграфаваць гэтыя месцы вачыма. Разьдзяюся і дэманструю.
— Адкуль гэта ў вас? — Палец торкае ў чырвоныя месцы і гематомы на целе.
Прыйшлося распавесьці пра іх паходжаньне: гэта ўчарашнія «аўтографы», пакінутыя на маім целе спэцназаўцамі. Каля Дома ўраду некалькі дужых хлопцаў павалілі ў сьнег мужчыну, які ім за бацьку сышоў бы, і з садысцкай асалодай штурхалі старога нагамі. Мая спроба дапамагчы небараку скончылася пераключэньнем увагі на маю пэрсону. Дзякуй богу, на мне была трохслойная «бронекамізэлька» з двух швэдраў і курткі. Гэта крыху зьмякчыла ўдары.
Лекар нешта піша ў журнале, пры гэтым старанна прыкрывае напісанае чыстым аркушам. Ніводзін мускул не варухнуўся на яго твары. Проста мумія з эгіпэцкага саркафага.
Заўважыўшы на маёй далоні сьвежы шнар, лекар торкае ў яго асадкай:
— А гэта што?
Ідзе аповед пра нядаўнюю хірургічную апэрацыю. Акцэнтую ўвагу на тым, што павінен штодня наведваць паліклініку і праграваць руку, зь якой крыху больш як тыдзень таму зьнялі швы. «Мумія» зморшчылася, потым адпусьціла і зафіксавалася канчаткова. А на што ты разьлічваў — што зараз адправяць у паліклініку на праграваньне?
Мэдсястра запрасіла на вагу. Потым мяне праслухалі, прастукалі і адправілі дадому. То бок у камэру.
Увесь вечар правёў над пераводам думак у фармат ліста. І віной таму Саід.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка