1. Тэарэтычны матэрыял Практычныя заданні




старонка8/22
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.1 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   22

Тэма № 13. Правапіс вялікай і малой літар


1. З вялікай літары пішуцца:

   першае слова ў сказе: Былі пагодныя дні. З сонцам ад рання да вечара, з сінім небам (І. Мележ);

   першае слова пасля клічніка, якім выдзяляецца зваротак, а таксама выклічнік у пачатку сказа: Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты, ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй (П. Броўка). А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць! Гэтакі, здаецца, чалавек!.. (К. Крапіва);

   першае слова ва ўстаўных сказах-рэмарках, якія падаюцца ў дужках у пачатку тэксту і пасля кропкі, клічніка, пытальніка і шматкроп’я ў канцы сказа: Г а р л а х в а ц к і. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет.) (К. Крапіва).

 Я размяк. (Душа ў паэта чулая.) (П. Панчанка).

   Па традыцыі з вялікай літары пачынаецца кожны новы радок (першае слова) у вершаваных тэкстах: Дагарэў за брамай небакрай, Месяц паміж воблачкаў плыве,  Выйду зноў, як у мінулы май, Басанож прайдуся па траве. (У. Караткевіч).

   З вялікай літары пішацца першае слова пасля двукроп’я:

   у пачатку простай мовы: Ён падумаў: “Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая,- і дадаў: - Дурні яны!” (Я. Колас);

   у пачатку цытаты, якая з’яўляецца самастойным сказам: П. Глебка з поўнай падставай пісаў: “Лірычную плынь унёс у нашу празаічную мову М. Лынькоў” (ЛіМ);

   у сцвярджальнай частцы пастановы, рэзалюцыі, пратакола, акта і іншага рашэння.

Напрыклад:

Пастанавілі: 


Зацвердзіць справаздачу рэвізійнай камісіі аб фінансавай дзейнасці прафкама (з пратакола прафсаюзнага сходу).

З арыгіналам згодна: Сакратар выканкама (подпіс) (з копіі дакумента).

   Калі цытата ўключаецца ў просты ці складаны сказ у якасці яго граматычнай часткі, тады яна пачынаецца з малой літары: Якуб Колас справядліва ўказваў, што “родная мова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет” (ЛіМ). Паводле глыбокага пераканання Дубоўкі, моўныя скарбы – у народзе, “настаўнікаў, мудрэйшых, чым народ, не бывае” (Беларуская мова. Энцыклапедыя).

1. Пішуцца з малой літары:

   першае слова пасля шматкроп’я, калі яно стаіць у сярэдзіне сказа і абазначае прыпыненне у маўленні: Зямля... зямля… туды, туды, брат, будуй яе… ты дай ёй выгляд… (Я. Колас). Т у л я г а. Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта… подласцю? (К. Крапіва). А што вы скажаце на крытыка, Іван Ант.., выбачайце, Мацвеевіч? (З. Бядуля);

   першае слова ў сярэдзіне сказа пасля шматкроп’я, якое абазначае, што частка гэтага сказа апушчана: З невялікай чыстай крыніцы лірычнага пачуцця… пачынаецца раман паэта аб жыцці беларускага простага люду (А. Адамовіч);

   першае слова пасля клічніка, калі ён стаіць у сярэдзіне сказа: І кожны, хто мяне спытае, пачуе толькі адзін крык: што хоць мной кожны пагарджае, я буду жыць! – бо я мужык! (Я. Купвла):

   першае слова ў словах аўтара, якія ідуць пасля простай мовы з клічнікам, пытальнікам або шматкроп’ем: “Надзя! Надзейка!..” – кліча жалейка (П. Броўка).

– У школу я больш не пайду!..

– Як гэта – не пайду? А куды ты пойдзеш? – абурыўся Сяргей   (І. Шамякін);

   першае слова ў рэмарках да слоў дзейнай асобы, калі рэмарцы не папярэднічаюць кропка, клічнік, пытальнік ці шматроп’е: 


Г а р л а х в а ц к і. А можа, і праўда бландзінка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пагладзілася, а я і не заўважыў (К. Крапіва).

2. З вялікай літары пішуцца:

імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, а таксама дадатковыя азначэнні пры гэтых назвах: Іван, Янка, Ясь, Яська, Ваня; Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала), Алесь Булавешка, Міхал Казімір, Радзівіл Рыбанька, Казімір Чацвёрты Ягелончык, Іаан Багаслоў, Кірыла Тураўскі, Віктар Гюго, Джэк Лондан, Дон Кіхот;

   кожнае імя ў састаўных імёнах і прозвішчах, калі яны пішуцца асобна або праз злучок: Эрых Марыя Рэмарк, Іаган Себасцьян Бах, Джон Ноэль,  Джавані Джакома Казанова, Жак Іў Кусто, Марыя-Луіза-Жазэфіна, Марыя Складоўская Кюры;

   прозвішчы, а таксама імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: Міцкевічы, браты Гарэцкія, маёнтак Тышкевічаў, род Радзівілаў, абодва Жукі, бязродныя Іваны; Гагарыны, Заслонавы;

часткі састаўных асабовых імёнаў кітайцаў, карэйцаў, в’етнамцаў, бірманцаў, інданезійцаў, тайландцаў, цэйлонцаў, японцаў: Ань Лушань, Ван Янмінь, Сунь Ятсен, Тао Юаньмінь, Цзян Гуанцы (Кітай); Ан Чхан Хо, Чхве Чхі Вон, Пак Ін Но (Карэя); Нгуен Фук Ань, Нгуен Чай (В’еткам);

   пачатковыя часткі Ібн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сен-, Сент-, Тэр- у іншамоўных асабовых імёнах, якія пішуцца асобна, разам або далучаюцца да іх праз злучок, а таксама пачатковыя О’, Д’, якія пішуцца праз апостраф: Ібн Сіна, Бен Алі, Шах-Джакак, Мак-Доуэл, Мак-Кінлі, Сан-Мартын, Сант-Эльё, Сен-Жуст, Сент-Эцьен, Тэр-Петрасян, О’Генры, Д’Аламбер, Д’Артаньян;

   клічкі жывёл, птушак і іншых істот: конь Варанок, карова Красуля, сабака Рэкс, кот Кузя, курыца Рабка, папугай Гоша;

   прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад асабовых імён і клічак жывёл, мянушак пры дапамозе суфіксаў –ов-, оў (-ав-, -аў), -ёв-, -ёў (-ев-, -еў), -ын-, -ін-: Кузьмоў сусед, Скарынавы выданні, Багдановічаў верш, Міхасёвы прыгоды, Васілёў голас, Зосьчыны бацькі, Рагуліна малако;

   адносныя прыметнікі, утвораныя ад імён і прозвішчаў, псеўданімаў, калі такія прыметнікі ўваходзяць у склад састаўных уласных назваў: Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Нобелеўская прэмія, Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Гарэцкія чытанні (чытанні, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму), Варфаламееўская ноч (гістарычная падзея ў Парыжы ў ноч святога Варфаламея), Мартаўскія рады (тэрміналагічная назва ў матэматыцы).

2. З малой літары пішуцца:

   агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчаў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот), эскулап; бефстроганаў, браўнінг, дызель, кацюша, маўзер, маргарытка, наган, такай, форд, фрэнч, шавіёт; морфій, палоній, уран, ампер, вольт, джоўль, ом , рэнтген;

   асабовыя назвы (прозвішчы, імёны і інш.) у форме множнага ліку, калі іх ужыванне выяўляе пагадлівыя, зневажальныя адносіны: гарлахвацкія, заблоцкія, кручковы, пісулькіны, тулягі;

   назвы чалавека, утвораныя ад асабовых імёнаў, якія ўказваюць на яго прыналежнасць або прыхільнасць да каго-чаго-небудзь: гегельянец, магаметанін, махновец, талстовец;

   прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў з назоўнікамі (фразеалагізмаў) або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: эзопаўская (эзопава) мова,  ахілесава пята, танталавы мукі, шамякаў суд, бальзакаўскі ўзрост, бронаўскі рух, гегелеўская дыялектыка, купалаўскі верш, напалеонаўскія планы, дэголеўская Францыя, сідарава каза;

   часткі ван, да, дзі, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ла, ле, фон, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Карбюзье, Ота фон Шанхаўзен; але ў асабовых назвах літаратурных герояў (Дон Кіхот, Дон Хуан), а таксама ў некаторых выпадках у прозвішчах і імёнах пішуцца з вялікай літары: Дзі Віторыё, Дэ Лонг, Ван Гог, Эль Грэка, Ла Баэсі;

   часткі ага, ад, ал, ар, аш, бей, бек, задэ, аглы, уль, зуль, кызы, аль, паша, хан, шах, эд, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах, якія падаюцца звычайна пасля назвы або перад ёй і пішуцца праз злучок: Ібрагім-ага, аш-Шарых, Ібрагім-бей, Амад-зазэ, Турсін-задэ, Мамед-аглы, Сейф уль-Іслам Зульфія-кызы Махамед эль-Куні і інш.

3. З вялікай літары пішуцца:

    найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая троіца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месія;

   прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;

   асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабавых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда, Брахма; Іаан Хрысціцель, Святы Павел;

   імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун – удар грому, іуда (юда) – здраднік, цмок – змей, тытан – волат, фурыя – злосная істота;

   уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў:      Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурачка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз – ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга – агідная старая, буцэфал – стары конь, атлант – у архітэктуры;

   агульныя назвы істот, а таксама з’яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў горояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцік-варкоцік, Сонца, Праўда, Крыўда і інш.

3. З малой літары пішуцца:

слова Бог (гасподзь) ва ўстойлівх выразах, звязаных з высказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа здаў, дай божа, крый бог (божа), не давядзі бог (божа, госпадзі), ратуй божа, дзякаваць (дзякуй) богу (табе, госпадзі), бог з табой (з ім, з вамі) алах з ім;

слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асобай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог – бог неба;

агульныя назвы ўяўных істот: архагел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун, русалка, гном, троль, здань, хохлік і інш.



4. З вялікай літары пішуцца:

   уласныя назвы прыродных геаграфічных аб’ектаў, кантынентаў, гор, рэк, азёр, лясоў, балот, уласныя назвы краін, іх аб’яднанняў і частак, паселішчаў і іх частак, урочышчаў, уласныя назвы астранамічных аб’ектаў і інш.: Еўразія, Антарктыда, Альпы, Нёман, Прыпяць; Вікторыя, Нарач, Свіцязь, Сахалін, Гобі, Палессе, Панямонне, Задняпроўе; Альховец, Беларусь, КітайМінск, Токіа, Мазыр, Орша; Вязынка, Мікалаеўшчына, Слабада; Вал, Падол, Зарэчча, Цэнтр; Усход, Вяснянка, Зялёны Луг, Ляды, Камяніца, Андрамеда, Сонца, Юпітэр;

назвы напрамкаў свету ў пераносным значэнні назваў адпаведнай групы краін або тэрыторыі: Заход (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША), Усход (азіацкія краіны), народы Поўначы;

   пачатковая службовая частка ў іншамоўных уласных геаграфічных назвах, якая пішацца з імі праз злучок: Дан-Лэры (горад), Дэ-Кастры (горад), Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), лос-Анджэлес (горад);

   іншамоўныя родавыя агульныя назвы ў складанных уласных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ (рыа – рака), Лоб-Нор (нор –возера), Ісык-Куль (куль – возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта -порт);

часткі складанных уласных геаграфічных назваў, што пішуцца праз злучок (назоўнікі, прыметнікі): Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва, Міінск-Мазавецкі, Картуз-Бяроза;

   прешае слова ў састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах: Атлантычны акіян, Ціхі акіян, Поўночны полюс, Балтыйскае мора, Мінскае мора, Берынгаў праліў, Белае возера, Асіповіцкае вадасховішча, Лысая гара, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Палярная зорка;

усе часткі складаннага прыметніка ў састаўных уласных назвах, калі такія часткі пішуцца праз злучок: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал, Паўночна-Заходні край;

  усе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Арабская Рэспубліка Егіпет, Кітайская Народная Рэспубліка,

усе знамянальныя словы ў вобразных састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах, калі гэтыя ўласныя назвы ўжываюцца без агульнай родавай назвы: Страы Свет (краіны Еўропы і Азіі), Блізкі Усход, Чорная Афрыка, Крайняя Поўная, Старыя Дарогі (горад), Зямля Каралевы Мод, Дзікі Захад (у ЗША); у назоўным і родным склонах у спалучэнні з агульнай родавай назвай: туманнасць Конская Галава, бухта Залаты Рог, астравы Паўночная Зямля, праліў Атачкін Шар; мыс Добрай Надзеі, астравы Каралевы Шарлоты, заліў Святога Лаўрэнція.



4. З малой літары пішуцца:

   агульныя родавыя назвы геаграфічных, астранамічных і іншых падобных аб’ектаў у складзе ўласных назваў: Афрыканскі кантынент, Атлантычны акіян, Уральскія горы, гара Казбек, возера Свіцязь, Белавежская пушча, вуліца Касманаўтаў, праспект Незалежнасці,, Князь-возера, Сапун-гара;

   службовыя часткі ў складзе састаўных уласных геаграфічных найменняў: Франкфурт-на-Майне, Сьера-дэ-лас-Мінас, Дар-эс-Салам, Салам-і-Гомес.

5. З вялікай літары пішуцца:

   усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная Дума Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў; але: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь;

   першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы;

   простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь;

   слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; але: сельсавет;

   словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Зімовы палац, дом адпачынку.



5. З малой літары пішуцца:

  найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, іх органаў кіравання, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, савет па абароне дысертацый, калегія Міністэрства культуры, кафедра беларускай мовы; але: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.



6. З вялікай літары пішуцца:

   словы обо спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых джяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні, прыём у караля, загад імператара; але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

   словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца наэвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер): Герой Беларусі, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна;

   у розных афіцыйных пасланнях, лістах займеннік Вы як форма ветлівага звароту да адной асобы;

   у высокім стылістычным ужыванні такія агульныя назвы, як Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына, Чалавек, Маці, Настаўнік, Майстар і інш.;

   словы ў назвах бакоў у пагадненнях, кантрактах і іншых дагаворах: Высокія Дагаварныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканайца.



7. З вялікай літары пішуцца:

   усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій: сцяг Перамогі, Крыж Еўфрасінні Полацкай, Курган славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;

   усе словы ў поўных назвах ордэнаў і медалёў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза, медаль “залатая Зорка” Героя Сацыялістычнай Працы, ордэн Айчыны I (II, III) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны, ордэн Францыска Скарыны, ордэн ганаровага Легіёна (Францыі), Георгіеўскі Крыж; але: ордэн Дружбы народаў;

   першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, прызой і інш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі, Каралеўскі кубак.



8. З вялікай літары пішуцца:

   аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых джяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб узнагараджэнні мнагадзетных маці ордэнам Маці”;

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і іншых адзінкавых і ўнікальных прадметаў, твораў, іх зводаў: Дзевятая сімфонія Бетховена, Венера Мелонская, Янтарны пакой, Алмазны фонд, Біблія Стары запавед, Каран, Талмуд.

6. З малой літары пішуцца

   агульныя назвы стыляў у мастацтве і архітэктуры: барока, ракако, готыка, ампір, мадэрн.



9. З вялікай літары пішуцца:

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знаменальных падзей і дат, перыядаў і эпох: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Другая сусветная вайна;

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных і рэлігійных святаў: Дзень канстытуцыі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Новы год, Дзень жанчын, Вялікдзень, Каляды, Купалле.

7. З малой літары пішуцца

назвы родаў і відаў, знамянальных падзей і дат, перыядаў эпохі, асобных гадоў, дзён і інш.: імперыялістычная вайна, лютаўская рэвалюцыя, дзень адчыненых дзвярэй, санітарны дзень..



10. З вялікай літары пішуцца ў двукоссі:

   аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах арганізацый: адкрытае акцыянернае таварыства “Камунарка”, установа “Рэдакцыя газеты Рэспубліка”, кінатэатар “Перамога”, установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”;

   асноўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах перыядычных выданнях, кніг, атласаў, карт і інш.: часопіс “Полымя”, газета “Звязда”, вілейская раённая газета “Шлях Перамогі”, інфармацыйны белютэнь “Беларусіка”, карта “Рэспубліка Беларусь”;

   аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах літаратурных, публіцыстычных, навуковых твораў, твораў розных галін мастацтва і інш.: паэма Янкі Купалы ”Новая зямля”, камедыя Янкі Купалы “Паўлінка”, казка “Сцяпан – вялікі пан”;

   аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў побыту, прамысловых і прадуктовых тавараў: набор мэблі “Вязынка”, зубная паста “Лясная”;

   назвы вытворчых марак тэхнічных вырабаў (машын, механізмаў, прылад, збудаванняў і інш.) бяруцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары: аўтамабіль “Жыгулі”, камбайн “Ніва”, трактар “Беларус”, радыёпрыёмнік “Селена-403”;

   назвы саміх вырабаў (акрамя назваў, што супадаюць з асабовымі геаграфічнымі назвамі) пішуцца ў двукоссі з малой літары: “масквіч”, “вольва”, “боінг” (самалёт), “гарызонт” (тэлевізар); але: “Мінск” (халадзільнік), “Волга” (аўтамабіль).

 

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   22


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка